М. І. Крукоўскі Бляск і трагедыя ідэалу




старонка2/30
Дата канвертавання14.03.2016
Памер7.26 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   30

Ідэал як філасофская праблема.

Яшчэ старажытныя рымляне гаварылi: habent suam fatam libelli (кнігі маюць свой лёс). Але маюць свой лёс i словы. У гэтым сэнсе найбольш, можа, гучнавыразiстай i па-свойму трагiчнай у той жа час аказалася доля менавiта слова “iдэал”. Яно адлюстравала ў сабе долю і лёс не толькi кнiгi або чалавека, але i цэлага соцыума, калi ўспомнiць хоць бы трагiкамiчную гiсторыю савецкага грамадства i гiсторыю Беларусі ў прыватнасцi. Некалi слова тое ззяла велічным бляскам і гучала аглушальна-ўрачыстаю меддзю фанфар, выклiкаючы ў адных рамантычны энтузiязм і скрытна-насмешлівую ўхмылку ў другіх. Cёння ж нашы душы адгукаюцца на яго зусім ужо грэблівай пагардай. Ведаем, маўляў, што гэта такое. Балюча расчараваўшыся ў камунiстычных псеўдаiдэалах савецкай эпохi, мы ўжо гатовымі сталі выплеснуць разам з вадой i дзiця, адрокшыся ад iдэалаў увогуле, хоць i крыецца дзесь ў падсвядомасці пакутлiвая туга па чымсьці, што магло б запоўніць сабой узнікшую ў нашых душах панурую пустату. Само тое слова здавалася падазроным, бо было звязана з нядобрай мiнуласцю. Адзiн маскоўскi публiцыст надрукаваў у свой час i не дзе-небудзь, а на старонках некалi вельмi паважанага часопiса “Новый мир” артыкул пад красамоўным загалоўкам “Идеалы или интересы?”17, яўна супрацьстаўляючы гэтыя словы і паказваючы тым, што жыць сёння трэба, маўляў, ужо толькi згодна iнтарэсам, г. зн. кіруючыся толькі эгаістычнай выгадай. Але вельмі хутка пачала выразна адчувацца пустата i бяздушнасць такога прыземленага існавання толькi па iнтарэсах. Успомнiлiся ўсё тыя ж вечна iсцiнныя словы: не хлебам адзiным жывы чалавек. Мы ўбачылi, што з чалавека робiцца, калi ён кiруецца ў сваiм жыццi толькi страўнiкам ды генiталiямi. Убачылi i жахнулiся. I добрае старое слова “iдэал” зноў стала з’яўляцца ў нашым няшчасным, асамочаным цынізмам уяўленнi...


Iдэал – гэта сапраўды вялiкае слова і ў той жа час вельмі шматзначнае. Таму перш чым брацца за азначэнне самога паняцця iдэала, надзвычай таксама аб’ёмiстага i шматграннага, трэба выбраць дакладны кірунак да такога азначэння, такі падыход i метад, з дапамогай якога можна толькi i рашыць тую вельмі няпростую задачу. Мы тут увогуле пойдзем некалькі своеасаблівым шляхам. Замест таго, каб пачынаць з азначэння паняцця ідэалу, якое нас тут цікавіць, міжвольна навязваючы зарання такое азначэнне чытачу, мы будзем разглядаць гэтае паняцце і яго дакладнае азначэнне не як нейкую прэамбулу, а як канечны вынік нашых агульных лагічных разважанняў. А гэта ўжо безумоўна справа фiласофii, бо менавiта яна якраз i займаецца такога тыпу складанай i паняццеёмiстай, скажам так, праблематыкай. Зрэшты, гэтак жа падыходзілі да праблемы ідэалу і расійскія філосафы П. І. Ноўгародцаў і Н. Н. Аляксееў, што пісалі на гэтую тэму. I, канечне ж, перш за ўсё неабходна тут будзе даць ацэнку i вызначыць свае адносiны да тае фiласофii, з дапамогай якой праблема iдэалу рашалася раней, у савецкiя часы. Фiласофii, як чытач ужо напэўна здагадаўся, марксiзму-ленiнiзму. І акрэслiць прычыны таго ганебнага краху i iдэалаў i самой гэтай фiласофii, сведкамi якога мы мелi шчасце або няшчасце стаць, прыйшоўшы, зусiм як у Цютчава, у “сей мир в его минуты роковые”. I тут на нашым шляху паўстае яшчэ адна перадумова, якая магла б нават у пэўным сэнсе з’явiцца перашкодай, калi рухацца безаглядна ў раз i назаўсёды экстрэмальна абраным кiрунку. Гэта канкрэтна-палiтычны аспект праблемы iдэала.

Наша грамадства на сваiм гiстарычным шляху сапраўды апынулася зараз у стане глыбокага крызiсу i крызiсу не толькi эканамiчнага, што было б яшчэ толькі паловай бяды. Куды больш страшным з’явiўся духоўны крызiс, у вынiку якога мы апынулiся ў стане няведання, куды ж нам iсцi i што рабiць, каб выйсцi з напаткаўшага нас няшчасця. Пра гэта якраз i сведчыць факт страты грамадскiх i не толькi грамадскiх iдэалаў, якiя адыгрываюць звычайна ролю пуцяводнай зоркi пры пошуку згубленай дарогi. У такiя крытычныя часы як чалавеку, так i цэламу грамадству першымi кiдаюцца ў вочы дзве элементарныя магчымасцi: рухацца, як i перад гэтым, наперад, або павярнуць назад, туды, дзе ўсе былi раней. Перад так пастаўленым гiсторыяй пытаннем тыпу “або–або” соцыум часта расколваецца амаль што напалам, i гэтакі несамавiты стан абвастраецца звычайна палiтычнымi эмоцыямi i страсцямi, што яшчэ больш паглыбляе азначаны раскол, пагражаючы часам і сацыяльным выбухам з яго заўсёды трагічна-жахлівымі наступствамі. Успомнім, напрыклад, грамадзянскую вайну ў Расіі пасля рэвалюцыі 1917-тага года. I тады ўвогуле можа ўзнiкнуць сумненне у лагiчнай правамоцнасцi любога пошуку навуковага рашэння праблемы iдэалу. Няхай, маўляў, гэтым займаюцца толькi палiтыкi, якія ў сваю чаргу аказваюцца нярэдка змушанымі замест ідэалу ўзяцца за лом ці за “булыжник – оружие пролетариата”, як у нядобра выразістай скульптуры расійскага майстра Шадра. Тады i сама палiтыка, як гэта можна сёння назiраць, пачынае здавацца некаторым занадта адцягненым інтэлектуалам бруднай, як яны кажуць, справай, нявартай навукi i фiласофii.

Гэта таксама, аднак, было б недапушчальнай крайнасцю. Як сапраўдная палiтыка не можа iснаваць i здзяйсняць свае задачы без навукова-фiласофскага iх асэнсавання, так i фiласофiя з навукай, асаблiва навукай грамадазнаўчай, не павiнна дзейнiчаць без улiку патрэб грамадска-прыкладнога характару, г. зн. палiтыкi. Тое асаблiва адносiцца менавiта да праблемы грамадскiх iдэалаў, непарыўна звязанай з абодвума момантамi. У азначанай праблеме ўжо з першага погляду можна ўбачыць не толькi раз’яднаўчы, але i аб’яднаўчы фактар – гэта тое, што i тыя i другiя палiтычныя апаненты жадаюць дабра, хоць i тут пры далёка зайшоўшым крызiсе i расколе грамадства назiраецца рознае разуменне гэтага дабра. Нават такое, калі адны жадаюць яго ўсім, другiя – толькі персанальна сабе. Так цi гэтак, аднак, тыя i другiя апелююць да народа i адно гэта ўжо можа адыграць пэўную аб’ядноўчую ролю арыфметычнага агульнага назоўнiка.

Справа ў тым, што гiсторыя, як было паказана вышэй, рухаецца не толькi па гарызантальнай каардынаце часу – ад мiнулага цераз сучаснасць у будучае. Iснуе яшчэ i вертыкальная каардыната, каардыната якасцi жыцця, па якой уверх адкладваецца тое, што звычайна завецца духоўнасцю як самай важнай iстотнай рысай чалавека, а ўнiз – ступень яго, скажам так, жывёльнасцi (Арыстотэль жа некалi i акрэслiваў чалавека як жывёлу грамадскую!). Грамадства рухаецца таму ў сваiм гiстарычным развiццi па нейкай даволi складанай перыядычнай, падобнай, як ужо было сказана, да сiнусоiды крывой, дзе кiрунак уперад-назад абавязкова сумяшчаецца з кiрункам уверх-унiз, i рэальны сацыяльны прагрэс вызначаецца адначасова двума гэтымi кiрункамi, ці, калі гаварыць матэматычнай мовай, каардынатамі. Адпаведна i пошук iдэалу як пуцяводнай зоркi павiнен здзяйсняцца сумесна ў абодвух азначаных кiрунках, i тут адразу ж становiцца ясным, што без строгага навукова-фiласофскага аналiзу аднымi толькi палiтычнымi эмоцыямi праблему iдэалаў вырашыць нiяк не ўдасца.

Аднак, i пры строга навуковым аналізе нас тут чакаюць немалыя цяжкасцi i ўсё з прычыны той жа палярызаванасцi і расколатасцi нашага грамадства, калi розум пачынае фатальна падмяняцца пачуццем, а сацыяльнасць – жывёльнасцю, што кіруецца толькі патрэбамі, як ужо гаварылася, страўніка ды геніталій. Адны, убачыўшы наперадзе перад сабой жахлiвую прорву бездухоўнасцi, у панiцы гатовы павярнуць назад, у недалёкую мiнуўшчыну, дзе ўсё ж такi была хоць нейкая духоўнасць i нават iдэалы, няхай сабе i ў марксiсцка-ленiнскiм, кумірна-ідальным iх увасабленнi (мы не гаворым тут пра тых, хто звязаны быў з мiнуўшчынай не столькi iдэаламi, колькi наменклатурным, скурна-карыслiвым асабiстым iнтарэсам, тым хопiць i вядомых слоў Вергілія з Дантава “Пекла”: на iх ты глянь i мiма). Іншыя, у няўрымслiвым i высокародным, здавалася б, жаданнi iсцi толькi наперад, зусiм не зважаюць, што другая складаючая крывой прагрэсу адначасова пагрозлiва кiруецца ўнiз, у тую самую нядобрую бездань. Раз так каварна падвялi iдэалы камунiзму – далоў iдэалы наогул. Калi гэтак бяздарна паказала сябе фiласофiя марксiзму-ленiнiзму – не трэба нам нiякай фiласофii ўвогуле, хопiць адной эканомiкi. Не атрымалася з сацыялiзмам з яго ўстаноўкай на iдэальны энтузiязм – давай нам смiта-фрыдманаўскi капiталiзм расiйска-крымiнальнай закваскі і з яго арыентацыяй выключна на эгаiстычную матэрыяльную выгаду без анiякіх маральных падстаў, з апорай толькі на жахлiвую эфектыўнасць бандыцкай разборкi пры дапамозе калашнікаўскага аўтамата. Толькі ўперад, толькі на новае! У вынiку, аднак, яшчэ мацней паскараецца скочванне ў бездань, і зусім натуральна пачынаюць набiраць ачкi сярод сваіх склератычнамазговых прыхiльнiкаў усё тыя ж палiтычныя прахіндзеі з недалёкага чырвона-карычневага мiнулага. Гiсторыя пагражае даць, што называецца, контрпару, як тое прадэманстравалі ў свой час кожная па-своему мілошавічаўская Сербія і Албанiя. Тое ж пагражае хутка, падобна, здзейснiцца i ў Расiйскай Федэрацыi, не кажучы ўжо пра родную нашу Беларусь, якую кіраўніцтва яе з паранаічнай настойлівасцю iмкнецца зацягнуць у гэты вельмi магчымы ў будучым злавесны сацыяльны Мальмстрэм.

Тут увогуле не можа не ўзнiкнуць пытанне аб прычынах такога чорна-белага мыслення, такога дурнога шарахання ў крайнасцi, зусiм як у рускага паэта Аляксея Талстога: “коль любить, так не на шутку, коль рубнуть, так уж сплеча”. Гэта асобная праблема, цесна звязаная з псiхалогiяй народа i яго агульнай гiсторыяй. У Расii, напрыклад, такая “рубка сплеча” бачна ўжо з вельмi раннiх часоў. Cацыяльна-псiхалагiчны маятнiк там размашыста хiстаўся i хiстаецца памiж жахлiвай тыранiяй Iвана Жахлівага i гэтак жа страшным, “бессмысленным и беспощадным” бунтам Ямелькi Пугачова, пагражаючы арганiчна ўвайсцi у самую мэнтальнасць рускага народа. Пра тое пераканаўча пiсалі, напрыклад, рускiя фiлосафы М. Бярдзяеў і Л. Карсавiн. Усё гэта са страшнаю сiлай праявiлася у часы братазабойчай грамадзянскай вайны ў пачатку мінулага стагоддзя. Асноўнай прычынай такой амплітуды сацыяльна-гістарычнага маятнiка з’яўляецца геапалiтычнае становішча Расii памiж Захадам i Усходам, унутранасупярэчлiвы характар якога не магло i не можа нейтралiзаваць нiякае еўразiйства, як бы нi прэтэндавала яно на арыгiнальнасць i цэласнасць і як бы ні хацелася яго адрадзіць некаторым сённяшнім расійскім палітыкам. Менавіта еўразiйства, якое ўжо з часоў аднаго з заснавальнiкаў яго Н. С. Трубяцкога адкрыта бярэ сабе на ўзбраенне палiтычную дактрыну Чынгiс-хана, духоўна падмацаваную скасцянела-вiзантыйскiм маскоўскага тыпу праваслаўем, што служыць пераважна кесару, а не Богу, - такое еўразiйства толькi яшчэ больш крута расхiствае азначаны трагiкамiчны маятнiк.

Такi ж самы геатэктанiчны, па словах Iгната Абдзiраловiча-Канчэўскага, разлом памiж заходнекаталiцкiм i усходнеправаслаўным тыпамi мэнтальнасцi праходзiць, дарэчы, i праз беларускую нацыянальную самасвядомасць, пагражаючы амаль што поўнасцю яе разарваць, як тое аднойчы ўжо некалi здарылася, прывёўшы да гiбелi Вялiкае Княства Лiтоўскае. Зразумела, што азначаныя крайнасцi нас нiяк не могуць задаволiць пры пошуку рашэння праблемы грамадскiх iдэалаў, i шляхi таго пошуку павiнны пралягаць як бы мiж Cцылай i Харыбдай, захоўваючы разумную залатую сярэдзiну, дзе звычайна i хаваецца iсцiна. Больш таго, удалае рашэнне пастаўленай тут праблемы iдэалаў якраз i павiнна супакоіць жахліва нарастаючы ход хiстанняў таго фатальнага гiстарычнага маятнiка.

Вернемся, аднак, да фiласофii, з дапамогай якой тут прыдзецца прыступiць да вырашэння цiкавячага нас пытання. Каб выпрацаваць нейкi новы фiласофскi падыход i метадалогiю, так цi гэтак прыгодную для нашай мэты, трэба поўнасцю разабрацца з тым, што дагэтуль выконвала ролю такой метадалогii, г. зн. з марксiзмам-ленiнiзмам. I, зразумела ж, без вышэйазначаных палiтычна-эмацыянальных крайнасцей, аб’ектыўна i цалкам незаангажавана.

Тое, што называецца тут марксiзмам-ленiнiзмам, узятае ў поўным аб’ёме, уяўляе сабой складаную з’яву. Трыма яго гiстарычнымi крынiцамi i састаўнымi часткамi, па словах Ленiна, з’явiлiся, як вядома, францускi сацыялiзм, англiйская палiтэканомiя i класiчная нямецкая фiласофiя. Пакiнуўшы ў баку пакуль што першыя дзве, спынiмся падрабязней на яго фiласофскай частцы. Фiласофскай крынiцай класiчнага марксiзму сапраўды стала вялiкая нямецкая фiласофiя ў асобе славутага дыялектыка-iдэалiста Гегеля i матэрыялiста Фейербаха. Узнёслы арэол гэтай філасофіі доўгi час кiдаў свой высокародны водблiск i на марксiзм, ствараючы яму пэўны аўтарытэт, дзякуючы чаму той і заняў такое вялiкае месца ў гiсторыi еўрапейскай фiласофii. Фiласофiяй самога марксiзму стаў у сваю чаргу так званы дыялектычны матэрыялiзм, нешта таксама, як здавалася тады, новае, свежае i нечуванае дагэтуль. I ўсё тое ў спалучэннi з першакласнай еўрапейскай адукаванасцю, бясспрэчнай асабiстай таленавiтасцю i блiскучым публiцыстычным пяром абодвух яго заснавальнiкаў Маркса i Энгельса прынесла гэтаму вучэнню сусветную вядомасць i распаўсюджанасць. Прычым не толькi на ўнiверсiтэцкiх кафедрах, але i на рэвалюцыйных барыкадах, што адразу ж дало яму магчымасць вуснамi сваiх правадыроў аб’явiць сябе адкрывальнiкам аж новай грамадскай фармацыi - камунiзму з сацыялiзмам у якасцi першай сваёй ступенi, ці фазы. Фармацыi, у параўнаннi з якой уся папярэдняя гiсторыя станавiлася толькi сцiплай прадгiсторыяй. Фармацыi, якой наканавана было стаць скачком з царства неабходнасцi ў царства свабоды i г. д. i да т. п., пасля чаго гэтай беднай гiсторыi заставалася толькi, па дасціпнаму выразу Салтыкова-Шчадрына, “прекратить течение свое”.

Сёння ўжо добра вядома, у царства якой свабоды мы з той фiласофiяй ўскочылі. Гэтаму царству славуты Cалжанiцын даў трапназлавесную назву: архiпелаг Гулаг. Але тады, у сярэдзiне ХIХ стагоддзя архiпелаг той прадбачылі толькi вельмi нямногiя людзi, сярод якiх асаблiва прароцкiмi словамi апiсаў яго англiйскi фiлосаф Г. Cпенсэр, назваўшы нават артыкул свой, прысвечаны сацыялiзму i камунiзму, “Дарога да рабства”, назва, якую ў цяперашнія часы паўторыць і амэрыканец Ф.Хайек. Прывiд камунiзму, сiмвалiчна шматзначным вобразам якога Маркс i Энгельс распачыналi славуты “Манiфест”, хоць i блукаў ужо па Еўропе, але хаваў яшчэ сваё злавеснае аблічча пад флёрам рэвалюцыйнага рамантызму. Ды й лёгкая мегаламанiя самiх яго аўтараў успрымалася тады хутчэй як маладая i таму даравальная рамантычна-ўзнёслая натхнёнасць і задзірыстасць. Толькi рэдкiя людзі, што блiзка ведалі Маркса, як, напрыклад, рускiя рэвалюцыянеры Герцэн i Бакунiн, не без трывогi адзначалi ўжо ў самога Маркса дыктатарскiя замашкi i прэтэнзii на сусветную значнасць, што Бакунiн не без едкасці звязваў яшчэ і з яго яўрэйскім паходжаннем і што сапраўды мела пэўнае месца і ў плане тэарэтычным, калі ўспомніць спецыфіку марксава разумення інтэрнацыяналізму (“рабочыя не маюць айчыны») або адносіны яго да вёскі («ідыятызм вясковага жыцця»). Усё тое, аднак, было усвядомлена пазней. На досвітку ж узнiкнення марксiсцкай фiласофii прапанаваныя ёю сусветна-гiстарычныя iдэалы камунiзму i ваяўнiчыя метады iх рэалiзацыi з незаконнай апораю на гегелеўскi бясспрэчны духоўны аўтарытэт здавалiся вельмi прыцягальнымi i панавалi ў галовах многiх нават дужа разумных людзей.

Было б, аднак, занадта вялiкiм спрашчэннем думаць, што ўвесь гэты бальзакаўскi бляск i мізэрнасць марксiзму i прапанаваных iм зманлiвых камунiстычных iдэалаў залежалi толькi ад нейкiх нядобрых асабiстых якасцей яго заснавальнiкаў. Гiсторыя многае даруе i сапраўдным нягоднiкам, калi яны рабiлi часам нешта вялiкае i значнае ў агульнагiстарычным масштабе, будучы ўпэўненымi ў сваёй праваце, як тое было, напрыклад, з сумнавядомым Макiявелi, якога, дарэчы, нямала нахвальвалі і самі Маркс з Энгельсам. Гісторыя, як ні дзіўна, дзейнiчае тут амаль што зусiм па Фрэйду, згодна якому нядобрае забываецца, а ўсё добрае застаецца ва ўдзячлiвай памяцi чалавецтва. Заснавальнiкi ж марксiзму зусiм не былi нейкiмi адмыслова злаўмыснымi загаворшчыкамi, як, дарэчы, i куды больш награшыўшыя і куды менш разумныя пазнейшыя iх спадкаемцы i паслядоўнiкi – расійскія бальшавiкi. Тут ужо спрацавала тая самая гiсторыя з яе аб’ектыўнымi законамi, якiм бываюць змушаны падпарадкавацца i вельмi буйныя асабiстасцi. З тымi законамi, якiя прызнавалi i самi заснавальнiкi i згодна якiм асабiстасць не заўсёды адыгрывае ў гiсторыi рашаючую ролю. Спынiмся ж на гэтых законах крыху даўжэй.

Першае, што трэба адзначыць, распачынаючы гаворку пра памянёныя законы гiсторыi, – гэта тое, што яны сапраўды iснуюць рэальна, а не з’яўляюцца выдумкай фiлосафаў цi вучоных-гiсторыкаў. Гiсторыя – гэта не такая ўжо расхрыстаная iмправiзацыя, як некалi з горыччу даводзіў расчараваны тагачаснай Еўропай Герцэн. К. Попэр і Ф. Хайек, як i крыху раней Г. Рыкерт i В. Вiндэльбанд, таксама, думаецца, не мелi вялікай рацыi, калi сцвярджалi, што законаў гiсторыi ўвогуле не iснуе (на гэтым асабліва нядобра спекулюе ў нас сённяшні постмадэрнізм). Iх iснаванне даказана хоць бы i тым, што пра iх iдзе гаворка нават у прымаўках. Адна з такiх прымавак, як мы ўжо бачылi, фармулюе найважнейшы з азначаных законаў так: дарога ў пекла заўсёды брукуецца добрымi намерамi. Вельмi глыбокая па сэнсу прымаўка, якая не толькi сведчыць аб iх аб’ектыўным iснаваннi, але i дае iм, як убачым, даволi трапную, хоць і некалькі песімістычную, якасна-метафарычную характарыстыку. Адпаведныя ёй афарызмы маюцца ў розных мовах. У французаў, напрыклад, бытуе вядомы ўжо нам выраз du sublime au ridicule il n’y a qu’un pas (ад вялікага да смешнага адзін толькі крок), якi часта на схiле сваёй неверагоднай кар”еры паўтараў не без пэўнай самаiронii Напалеон. На нашых вачах, урэшце, тая прымаўка прадэманстравала свой глыбокi гiсторыясафiчны сэнс на асабiстай гiсторыi Чапаева, пачынаючы з яе несумненна ўзнёслай, гераiчнай рамантыкi ў пачатку трыццатых гадоў18 i канчаючы сённяшнiмi анекдотамi пра Васiля Iванавiча i Пецьку, ці ў зусім ужо па-постмадэрнісцку абсурднай ступені тым, што атрымалася на гэту тэму пад з’едліва-таленавітым пяром расійскага пісьменніка В. Пялевіна. Ад вялiкага да смешнага сапраўды аказаўся адзiн толькi крок гісторыі, хоць і цягнуўся ён у нас каля сямідзесяці гадоў.

Законы гiсторыi ўжо ў глыбокiм, сутнасным iх разуменнi з даўнiх часоў цiкавiлi i фiлосафаў. Яшчэ пiфагарэйцы ў далёкай старажытнасцi сцвярджалi, што ўсё рэгулярна паўтараецца на гэтым свеце, а Гесіёд вылучаў у гісторыі чатыры вякі з выразнай тэндэнцыяй да пагаршэння: залаты, сярэбраны, бронзавы і жалезны. Цікава, што зусім на другім канцы свету і незалежна ад грэкаў у старажытнай Індыі ўзнікае амаль такая ж цыклічная перыядызацыя існавання Космасу (поўны цыкл называўся там махаюга) таксама з чатырма адпаведнымі фазамі ў кожным цыкле і з такой жа песімістычна паніжальнай тэндэнцыяй: крытаюга, трэтаюга, двапараюга і каліюга. Апошняя з іх, каліюга, цалкам адпавядае гесіёдаву жалезнаму веку і менавіта ў ёй усе мы, згодна стараіндыйскім Ведам, сёння маем няшчасце жыць. Вось як, дарэчы, нечакана так нам знаёмымі і зразумелымі сёння словамі амаль тры тысячы год таму назад апісваў у рускім перакладзе гэты жалезны век Гесіёд:

Дети с отцами, с детьми их отцы сговориться не смогут,

Чуждыми станут приятель приятелю, гостю – хозяин,

Больше не будет меж братьев любви, как бывало когда-то.

Старых родителей скоро совсем почитать перестанут,

Будут их яро и зло поносить нечестивые дети

Тяжкою бранью, не зная возмездья богов; не захочет

Больше никто доставлять пропитанье родителям старым,

И не возбудит ни в ком уваженья и клятвохранитель,

Ни справедливый, ни добрый. Скорей наглецу и злодею

Станет почет воздаваться. Где сила, там будет и право.

Стыд пропадет. Человеку хорошему люди худые

Лживыми станут вредить показаньями, ложно кляняся…

К вечным богам вознесутся тогда, отлетевши от смертных

Совесть и стыд. Лишь одни жесточайшие, тяжкие беды

Людям останутся в жизни. От зла избавленья не будет.

Словы гэтыя і сёння гучаць з жахліва ўражаючай наш слых нечаканай сучаснасцю і праўдзівасцю. Але не ўсё так проста. Ледзь не на тысячу год яшчэ раней амаль гэткімі ж словамі скардзіўся на свой час і эпоху старажытнаегіпецкі фараон Аменхатэп ІІІ, бацька славутага Эхнатона. Тыя ж самыя цыклы значна пазней адзначаў i Эклезiяст, выраз якога “вецер вяртаецца на кругi свае” сам амаль што ператварыўся ў прымаўку. Але што паўторныя гэтыя кругi абавязкова праходзяць фазы i менавiта фазы ад дабра да зла, на філасофскім узроўні адным з першых у еўрапейскай культуры19 паспрабаваў разгледзець і абгрунтаваць iтальянец Дж. Вiка, прапанаваўшы наступную фармулiроўку азначанай заканамернасцi. Кожная гiстарычная эпоха ў сваiм развiццi абавязкова перажывае тры спецыфічных вякi – век багоў, век героеў i век звычайных, простых людзей. Калi трохi прызямліць рэлігійна-пафасны ўзровень той фармулiроўкi, ссунуўшы яе на адну фазу ўперад, то выразна праглядвае знаёмая нам заканамернасць: век героеў, век нармальных людзей i век людзей, ужо не вельмі дастойных гордага звання “homo sapiens”. Тое ж, як бачым, што i ў прыведзенай вышэй францускай прымаўцы, хоць у Віка гаворыцца не пра крок, а ўжо пра цэлы век20.

Найбольш жа глыбокi лагiчны аналiз гэтай гiстарычнай заканамернасцi даў памянёны вышэй вялiкi Гегель. Прычым не столькі ў яго “Філасофіі гісторыі”, колькі ў “Лекцыях па эстэтыцы”, якраз і прысвечаных праблеме ідэалу. Гегелеў аналiз настолькi глыбокi, што, дарэчы, i зараз выдатна iнтэрпрэтуецца з пазiцый нават самых найноўшых дасягненняў сучаснай навукi: кiбернетыкi i агульнай тэорыi сiстэм, прыходзячы з iмi ў непасрэдны стык, пра што падрабязная гаворка будзе пазней. Зрэшты, не столькі сам аналіз, колькі лагічны аппарат таго аналізу. Нездарма ж польскi логiк Л. Рагоўскi21 імкнуўся перакласцi гегелеву тэорыю развiцця на мову сучаснай матэматычнай логiкi, а аўтар гэтых радкоў яшчэ ў сямідзесятых гадох тое ж самае спрабаваў зрабіць і з эстэтыкай Гегеля22.

Згодна Гегелю, калi некалькi, можа, таксама спрасцiць яго канцэпцыю, каб выявіць яе ўнутраны сэнс і каб яна зараз нам была яшчэ блiжэй, грамадства развiваецца ў гiсторыi як барацьба процiлегласцей iдэальнага i рэальнага (тут недалёка, як бачыцца ўжо па адной толькі тэрміналогіі, i да праблемы iдэалу, якому сам Гегель прысвячае аж увесь першы том сваіх “Лекцый”!). І менавiта ад таго, як суадносяцца iдэальнае з рэальным, i залежыць характар вышэйазначаных вiкавых вякоў, або фаз. Гегель не абмяжоўваецца толькi паўторамi па нейкім крузе. Гiсторыя рухаецца ў яго, не без уплыву, напэўна, француза Кандарсэ, і па ўзыходзячай лiнii прагрэсу ўверх і наперад. Дзякуючы таму дыялектычная барацьба iдэальнага i рэальнага спараджае на гэтай лiнii сваеасаблiвыя хвалi з пад”ёмамi i спадамi, праз якiя i рэалiзуюцца азначаныя фазы развiцця, утвараючы нешта накшталт згадванай тут ужо не раз узыходзячай сiнусоiды. Калi iдэальнае, напрыклад, пераважае над рэальным (Гегель як паслядоўны iдэалiст усё ж такi не вельмі любiць слова “матэрыяльнае”, сістэматычна замяняючы яго словам “рэальнае”, не зусім поўная правамернасць чаго будзе паказана пазней), мае месца фаза пад”ёму на хвалi “сiнусоiды”, фаза станаўлення пэўнай гiстарычнай эпохi, якую Маркс, думаецца, па-свойму ў цэлым абгрунтавана пазней назаве фармацыяй. Гарманiчнае адзiнства, роўнавага iдэальнага i рэальнага адпавядае моманту найвышэйшага росквiту гэтай эпохi. А пры наступе перавагi ўжо рэальнага над iдэальным пачынаецца перыяд яе ўпадку, дэградацыi i разлажэння23.

Гэта настолькi ўсеагульная заканамернасць развіцця, што ёй падпарадкуецца не толькi грамадства, але i ўся прырода i ўвесь Cусвет, пачынаючы ад галактык i канчаючы мiкрачасцiцамi. Нездарма ж і ў матэматыцы існуе адпаведнае гэтай законамернасці паняцце так называнай фазавай прасторы, дзякуючы чаму тэарэтычнае яе вывучэнне ў перспектыве можа праводзіцца і з дапамогай строгіх матэматычных сродкаў.24 Маркс, дарэчы, пазней цалкам запазычыць апісанне яе ў Гегеля, паставiўшы яе, як яму здавалася, з галавы на ногi, а ў сапраўднасцi – з ног на чацвярэнькi, замянiўшы ў ёй iдэальнае матэрыяльнымі быццам бы вытворчымi адносiнамi, а рэальнае – сапраўды ўжо матэрыяльнымі прадукцыйнымi сiламi. Цiкава, аднак, пры гэтым, што нават нягледзячы на такую вульгарна-эканамiчную матэрыялiзацыю той заканамернасцi, азначаная марксава пара катэгорый нядрэнна працавала ў часы застою камунiстычнай камандна-адмiнiстратыўнай сiстэмы. І працавала, самае тут парадаксальнае, не за, а супраць гэтай сiстэмы, што выдатна, між іншым, скарыстоўвалі тады як югаслаўскія “рэвізіяністы”, так і нашы колішнія філасофствуючыя дысідэнты, а з імі і мы, беларускія эстэтыкі. Менавiта з гэтага пункту погляду, напрыклад, станавiлася зразумелай і магла ў пэўнай меры публічна тлумачыцца прычына тагачаснага гаспадарчага застою. Развiццю прадукцыйных сiл перашкаджала менавіта састарэлая сiстэма вытворчых адносiн і разумелася моўчкі, канечне, сістэма адносін камунiстычных. Ніхто тут, бывала, і слова супраць сказаць не мог, бо гэта ж – сам Маркс! Гэтак жа, дарэчы, дзейнічаць прыходзілася і аўтару гэтых радкоў, абмяркоўваючы ўслед за Гегелем і Марксам ў вельмі свабоднай ад афіцыёзу манеры асноўныя эстэтычныя катэгорыі і так нялюбую камуністам праблему стылю эпохі. Нялюбую таму, што яна з неверагоднай дакладнасцю прадракала, як мы ўжо бачылі тады і бачым тым болей сёння, і канец той сістэмы камуністычных вытворчых адносін. Канец, як і належала згодна тым меркаванням быць, у абдымках катэгорый камічнасці і брыдоты.

1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   30


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка