Людзьмі звацца (Янка Купала); Быць або не быць – вось у чым пытанне




Дата канвертавання01.05.2016
Памер46.36 Kb.
Крылатыя словы і афарызмы
Крылатыя словы – гэта вобразныя і трапныя ўстойлівыя выразы і словазлучэнні, якія прыйшлі ў маўленне з літаратурных крыніц і выказванняў вядомых людзей, пазнавальныя носьбітамі мовы і шырока ў ёй ужывальныя: Людзьмі звацца (Янка Купала); Быць або не быць – вось у чым пытанне (Шэкспір). У шырокім сэнсе да крылатых словаў таксама адносяць прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы, перыфразы, а таксама выслоўі з іншых фальклорных твораў (казак, міфаў), з народных абрадаў і звычаяў, а таксама жыццёвай народнай практыкі, дзе вызначыць аўтарства немагчыма. Напрыклад, вольнаму воля (выраз прыйшоў са сферы права і абазначаў свабоду дзеянняў, якой валодаў непрыгонны чалавек); шыта белымі ніткамі (выраз прыйшоў з мовы краўцоў); ваўкоў баяцца – у лес не хадзіць (прыказка). Дарэчы, вызначэнне крылатых словаў даў яшчэ старажытнагрэчаскі паэт Гамер у паэмах “Адысея” і “Іліяда”, маючы на ўвазе словы, што хутка зрываюцца з вуснаў моўцы і лятуць да вуха слухача.
У вузкім сэнсе крылатыя словы фактычна змыкаюцца з афарызмамі – выказваннямі, якія ў лаканічнай і запамінальнай форме перадаюць нейкую лагічна аформленую думку і заўсёды маюць канкрэтнага аўтара ці паходзяць з нейкай шырокавядомай літаратурнай крыніцы: Дум не скуеш ланцугамі (Янка Купала), Хваробы лечаць і атрутамі (Максім Багдановіч), Што пасееш, то і пажнеш (“Кніга Еклезіяста”) і інш.
Па сваім паходжанні афарызмы і крылатыя словы могуць быць уласна беларускімі, значыць, тымі, што прыйшлі з беларускіх літаратурных крыніц, напрыклад, з твораў Уладзіміра Караткевіча: Усё мінае – гонар не мінае, бо народжаны адным сумленнем (“Васілю Быкаву”), Адзінае ёсць на свеце: сумленне, братэрства, каханне (“Безгаловая Венера”), Яешню есці закон нікому не забараняе, як грошы ёсць (“Трызненне мужыцкага Брэйгеля”). Таксама яны могуць паходзіць з іншамоўных крыніц: Ад вялікага да смешнага – адзін крок (з французскай, Напалеон); Лепш позна, чым ніколі (з лацінскай, Ціт Лівій “Гісторыя”); Скажы мне, хто твае сябры, і я скажу, хто ты (з іспанскай, Сервантэс “Дон Кіхот); І сцены маюць вушы (з іспанскай, Лопэ дэ Вега “Валенсійскія вяр’яты”); Трымаць порах сухім ангельскай, Алівер Кромвель).
Заданне

Назавіце аўтараў афарызмаў:
Кожны раз чалавецтва бліжэй да шчасця на вышыню нашых магіл. - Кастусь Каліноўскі

Не шукай ты шчасця, долі на чужым, далёкім полі. – Янка Купала

Гаршчок агорнуты пашанай, хоць ён фаміліі глінянай. - Якуб Колас


Паэт – ён гарыць, як балючы гузак на лобе абражанага народу. - Рыгор Барадулін
Вечна тваім застанецца толькі тое, што ты аддаў. - Уладзімір Караткевіч

Мы павінны быць рабамі законаў для таго, каб мець магчымасць карыстацца свабодай. - Леў Сапега

Кожны народ мае хаця б адзін геніяльны твор, і гэты твор - мова. - Алесь Разанаў

Горай не будзе, бо лепш не было. – Уладзімір Някляеў

Як ад нараджэння звяры, што ходзяць у пустыні, ведаюць ямы свае; птушкі, што лётаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае; рыбы, што плаваюць па моры і ў рэках, чуюць віры свае; пчолы і тым падобныя бароняць вуллі свае, – так і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, да таго месца вялікую ласку маюць.  - Францішак Скарына

Кожны чалавек носіць сваё неба з сабой. - Уладзімір Караткевіч

Як заўжды на вайне, галоўная плата – кроў, і плаціць той, хто найменш вінаваты.  -         Васіль Быкаў

Добра быць у дарозе, якую ты сам сабе выбіраеш. - Якуб Колас

Яшчэ нікому не ўдавалася закратаваць вакно памяці. - Уладзімір Арлоў

Каб сонца засланіць, вушэй асліных мала. - Кандрат Крапіва

Не народ для ўрада, а ўрад для народа. - Кастусь Каліноўскі

Сорам у спадчыну не пераходзіць. - Рыгор Барадулін

Той сумленна рассудзіць, хто сабе не даруе... - Генадзь Бураўкін

Абыякавы да мінулага не мае аніякай інтэлектуальнай перавагі над жывёлай, і таму ёсць першы кандыдат на маральную, а затым і фізічную смерць. Усё адно хто гэта - чалавек ці народ. - Уладзімір Караткевіч

Якім бы велічным ні здаваўся трон, усё роўна на ім сядзіць задніца. - Рыгор Барадулін

Для прыстойнага чалавека няма большай асалоды, як жыць у сваёй айчыне ў поўнай бяспецы, ні з кім не біцца і не сварыцца і каб ніхто яго не зняславіў ці пакалечыў або паквапіўся на яго дабро. - Леў Сапега

Праўда ў гісторыі – функцыя адназначная, з яе робяць урокі. З хлусні ніякіх урокаў не зробіш, апроч новай хлусні. - Васіль Быкаў

Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто - і тады пераможаш. – Уладзімір Караткевіч

Добра быць коласам, але шчаслівы той, каму давялося быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў? - Максім Багдановіч

Усе дарогі бясконцыя, апрача той, якая вядзе на могілкі. - Максім Танк

Без чалавечнасці не будзе і вечнасці. - Пімен Панчанка

Дзеці – усмешка Божая. - Уладзімір Караткевіч

У жыцці няма нічога вечнага, бо жыццё самое да пары. - Ларыса Геніюш

У савана няма кішэняў. - Уладзімір Караткевіч

Чалавек, як i кожная жывая iстота ад Бога, нараджаецца свабодным. - Васіль Быкаў

Назад не прыйдзе хваля тая, што з быстрай рэчкай уплывае. - Якуб Колас

Няма, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек мае розум і навуку ў галаве. - Кастусь Каліноўскі

Разумнаму слава -- што крылы, а дурню – камень ці пятля. - Пятрусь Броўка

І датуль чалавек жывы, покуль з ім душа размаўляе. - Рыгор Барадулін

Няма красы без спажытку, бо сама краса і ёсць той спажытак для душы. - Максім Багдановіч

Порахам чалавека не выхаваеш. - Васіль Быкаў

Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не умёрлі! - Францішак Багушэвіч


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка