Любіць багі радзіму вучаць




Дата канвертавання07.05.2016
Памер294.03 Kb.
Мікола Мішчанчук

“ЛЮБІЦЬ БАГІ РАДЗІМУ ВУЧАЦЬ...”


Назіранні над паэзіяй Уладзіміра Клішэвіча

Уладзімір Клішэвіч пражыў нядоўгае жыццё. Тыя з кім ён пачынаў працаваць у літаратуры, яшчэ жывыя: Масей Сяднёў, Сяргей Грахоўскі, Янка Золак. Нарадзіўся ён 27 лютага 1914 г. у вёсцы Чырвонадворцы Старобінскага павету. У 1930 г. закончыў Старобінскую сямігодку і паступіў вучыцца на педагагічныя курсы ў Слуцку. Пасля заканчэння курсаў працаваў настаўнікам роднай мовы і літаратуры ў вёсцы Божын на Бярэзіншчыне. У яго біяграфіі быў і рабфак пры Беларускім дзяржаўным універсітэце, і вучоба пасля заканчэння рабфаку ў Мінскім педагагічным інстытуце на літаратурным факультэце (з 1933 года). Вучыўся паэт у інстытуце разам з Масеем Сяднёвым, Сяргеем Дарожным, Тодарам Кляшторным, Тодарам Лебядой, Кастусём Суднікам. Маладыя людзі былі ў той час акрыленыя надзеяй на лепшае будучае, не страцілі канчаткова веру ў светлае, хоць ужо іх свядомасць была апалена подыхам злавесных падзеяў – арышты пачаліся, у турмах сядзелі лепшыя сыны народа, смерць вяршыла свае крывавыя справы ў нашым краю. Маладыя людзі пачалі знявервацца ў прыгожых лозунгах, якімі раскідаліся нашы ўладары. А далей усё раскручвалася па зараней распрацаваным сцэнарыю – 1936 год значна прарэдзіў рады студэнтаў і выкладчыкаў педагагічнага інстытута. Асабліва цяжкае становішча склалася на філалагічным факультэце, дзе моладзь вучылася больш тэленавітая, а значыцца – бунтоўна настроеная, звыклая да свабоды выказванняў і дзеяння. Адукацыйны карабель атрымаў у гэтым годзе скразную прабоіну. Затым была Мінская турма “Амерыканка”, далёкая Калыма – суцэльная белая пустыня, напружаная, сцятая цішыня і маўклівасць, лагерны калючы дрот, рэдкія стрэлы і лаянка пры пераходах з баракаў на месца працы канваіраў.

14 жніўня паэта разам з Масеем Сяднёвым вяртаюць у Мінск на перасуджванне і трымаюць у турме да 27 чэрвеня 1941 г. З-за кратаў яго вызвалела Вялікая Айчынная вайна. У гэтыя віхурныя, крывавыя гады ён працуе ў “Газэце Случчыны”, друкуе творы і ў іншых перыядычных выданнях, што існавалі пры немцах, - “Беларускай газэце”, “Голасе вёскі”, “Раніцы”, у часопісе “Новы шлях”, намеснікам рэдактара яго быў выдатны беларускі паэт Алесь Салавей. Захаваліся звесткі, што ў 1943 годзе ён разам з прадстаўнікамі беларускай інтэлегенцыі”, прэсы наведаў фашыстоўскую Германію, Берлін і іншыя гарады (3, 9). У гэтым самым годзе на радзіме паэта ў горадзе Слуцку выходзіць унікальнае выданне – зборнік паэзіі “Песняры Случчыны” пад яго рэдакцыяй, з вялікай падборкай яго вершаў. Гэты зборнік нідзе ў савецкай крытыцы і ў літаратуразнаўстве не згадваўся, не аналізаваўся, таму пра падобнае арыгінальнае выданне не ведае грамадскасць рэспублікі. У гэтай кнізе змешчаны таксама цікавыя, патрыятычныя вершы Лявона Случаніна, не менш цікавыя творы Янкі Золака, прасякнутыя ідэяй вернасці свайму народу і краю.

Далейшы лёс Уладзіміра клішэвіча нічым не адрозніваецца ад лёсу іншых мастакоў-эмігрантаў, што не па сваёй волі аказаліся ля чужых берагоў. Спачатку, з 1944 года, паэт жыве ў Германіі, затым у ЗША. За мяжой выдае кнігу паэзіі “Далячынь” (Саўт-Рывер, 1964) і паэму “Васіль Каліна” (Лондан, 1965). Эміграцыя не прыносіла яму радасці, як і колішняя фашысцкая акупацыя. Ён у пасляваенны час, у тым ліку ў злавесныя застойныя гады, двойчы наведвае Радзіму, пакідае на ўспамін чытачам кнігу “Сняцца сны мне залатыя” (Мінск, 1973) з балючым прызнаннем ва ўступе: “Той, хто адарваўся ад сваёй Радзімы, асуджае сябе на паступовае духоўнае выміранне. У чужлой краіне нашы дзеці яшчэ гавораць на роднай мове, а ўнукі падаюць пад поўную асіміляцыю” (3, 3) – і ў многіх вершах, якія гучаць маналогам-папярэджаннем усім ахвотнікам да чужаземнай волі:

Жыцця шляхі на выснаў прывялі:
– Хай б’е пярун, хай крэсляць бліскавіцы,
Трымайцеся вы роднае зямлі,
Як дзіці матчынай трымаюцца спадніцы (1, 23).

Думаецца, што і ўзаемаадносіны Уладзіміра Клішэвіча з іншымі беларусамі-эмігрантамі таксама складваліся нялёгка і з-за гэтага наведвання, і з-за выдадзенай у метраполіі брашуркі, у якой змешчаны, на сённяшняе разуменне, наіўныя, кан’юктурныя выказванні ў адрас сацыялістычнага выбару беларусаў: “Мая Радзіма дасягнула такіх вялікіх поспехаў на гаспадарчай і культурнай ніве таму, што стала на сацыялістычны шлях развіцця” (1, 5). Падобнага “калабрацыянізму”, вядома, яму не маглі дараваць на чужыне, бо там склалася зусім іншая канцэпцыя і нашага ладу, і нашага сацыялістычнага выбару, зусім іншае разуменне таго, куды мы ідзем і якія нашыя дасягненні. Як кажуць у такім выпадку, паэт не трапіў у цэнтр асноўнага струменю эміграцыйнай думкі і застаўся збоч той крыжовай дарогі, якой ішоў ён сам і ішлі многія, калі не ўсе, яго сябры па няшчасцю. Ды ў дадзенай сітуацыі хай разбіраюцца гісторыкі ды самі пісьменнікі, тым больш, што настаў час адметны, своеасаблівы, душа якога – прага перагляду, пераацэнкі, перастаноўкі, пастаноўкі многіх няправільна інтэрпрэтаваных фактараў з галавы на ногі і наадварот.

Не стала пісьменніка ў 1978 годзе. Пахаваны на чужыне, далёка ад роднага краю, шанаваць і помніць які заклікаў так шчыра і так хораша.

Уладзіміра Клішэвіча няма ў жывых, ды засталіся яго творы – балючыя, крыху сцішаныя, унутрана напружаныя, дынамічныя, страсныя. Яны – ужо гісторыя, сведчаць самі за сябе, адстойваюць сябе без аўтарскага ўмяшацельства. Адасобіўшыся ад імя свайго стваральніка, яны падобна караблям (А. Куляшоў), плывуць у Акіян Вечнасці. Можа, не ўсе і даплывуць, аднак след пасля сябе абавязкова пакінуць. І даволі значны, прыкметны.

Канешне, спадчына Клішэвіча не такая багатая і энцыклапедычная, як спадчына Сяднёва, Арсенневай, Салаўя, Крушыны, Акулы. Ён пісьменнік не першай, а другой велічыні, другога раду, і цень ад класікаў беларускай замежнай літаратуры амаль поўнасцю перакрывае яго постаць. Але і ў ценю, хай не бліскуча-рэзка, хай сабе і цьмяна, ды свецяцца блёскі-драбніцы сапраўднага, светлага і магутнага мастацтва.

ПАЧАТАК. ВЫТОКІ ПЕСНІ

Творчасць Уладзіміра Клішэвіча ўмоўна можна подзяліць на два перыяды – 30-х – 40-х гадоў (да вайны паэт не выдаваў асобнага зборніка сваіх твораў) і эміграцыйны. Да першага перыядуадносяцца вучнёўскія спробы выказаць свае адносіны да жыцця і прыроды, навакольнага свету, адкрыць чытачу суб’ектыўныя перажыванні.

Аднак больш салідна і на значнай мастацкай вышыні выказаў сябе мастак у творах ваеннай пары. Ягоныя вершы гэтага часу змешчаны ў адносна поўным аб’ёме ў згаданым ужо зборніку “Песняры Случчыны”, які ён сам складаў і рэдагаваў. Усяго тут трыццаць адзін ягоны твор. Адразу кідаецца ў вочы іх тэматычная разнастайнасць: ёсць вершы і пра турму ды Калыму (“Васілёк”, “Жураўлі”, “Гусі”), і творы-згадкі ранніх уражанняў (“Званы”, 1931 г.), і, канешне ж, пра вайну і паняволены край і народ (“Беларускаму народу”, “На Усходзе хмары чорныя праходзяць...”), і аб роднай і чужой прыродзе (“Жураўлі”, “Вечар”), пра жыццё і смерць, маладосць і сталасць, узаемаадносіны чалавека з прыродай (“Трыялет”, “Вечар”, “Жыццё”). Рытарычных, “халодных”, ура-патрыятычных, зададзеных радкоў мала – толькі ў пачатковым, што адкрывае зборнік, - “Беларускаму народу” – паэтаў голас гучыць на высокай хвалі, не зусім натуральна і, па-руску кажучы, “надрыўна”:

Сам народ заўсягды сваё шчасце куе.
Край збудуем сваімі рукамі.
Дык бяры ты жыццё сёньня ў рукі свае,
Каб сыны не былі жабракамі (3, 12).

Астатнія ж вершы ўражваюць засяроджанасцю душэўнага перадывання, сцішанасцю інтанацыі і паглыбленнем у сферу асабістых перажыванняў. Аўтар нешматслоўны, засяроджаны на галоўным, як бы шукае агульначалавечыя каштоўнасці ў тых падзеях (найперш трагічных), што адбываліся перад вайной і пазней, калі яна запалымнела ў нашым краю. Вершы трагедыйнай пафаснай танальнасці патрабуюць адпаведнага – элегічнага – жанравага афармлення, характарызуюцца паглыбленнем разумовага, роздумнага пачатку, разважлівасцю, гармоніяй узаемасувязей паміж думкай і пачуццём. У творах Клішэвіча гэтай жанрава-стылявой групы як бы збіраюцца пад адзін дах традыцыйныя вобразы-сімвалы (“разгубленая душа”, “магіла”, “цемра”, “тужлівая восень”, “вечар”), тропы трагедыйнай змястоўнасці. Акрэсленыя асблівасці уласцівыя вершам-роздумам “Учора краскамі разгубленай душы...” і “Напаткаў я даўно тую восень...”. Першы з іх уражвае больш. Найперш – цэласнасцю настрою – паэту хочацца пераадолець духоўны крызіс, узняцца над абставінамі, акрылець, паверыць у перамогу жыцця над смерцю:

Учора краскамі разгубленай душы
Вясна жыцця майго адкрасавала,
Каб боль душы і сэрца заглушыць,
Няхай братоў загінула нямала
За болю Бацькаўшчыны ў змрочны час,
Як у краі няволя панавала –
У целе ёсць хоць змучаная сіла.
Устань, народ! Каб волі сьвет ня згас,
Каб зноў к табе не падыйшла магіла (3, 16).

Па сутнасці, верш гэты – адзін разгорнуты сказ, першая частка якога – пяць радкоў – змрочнае ўчора, час разгубленасці, дэпрэсіі, чатыры ж заключныя радкі вытрыманыя ў больш высокім, патрыятычным настрою, паэт ідзе на пераадоленне трагедыйнага стану душы і песціць у сваім сэрцы і розуме надзею вытрываць у балючых абставінах, перамагчы зло. Звернем увагу і яшчэ на адзін момант: паэт паўстае ў гэтым вершы чалавекам са змучанай, параненай душой, і рана гэтая – незагойная. І тая сіла, што яшчэ цепліцца ў яго сэрцы, - “змучаная”. Адным гэтым эпітэтам аўтар змог сказаць больш, чым сказалі пра удзельнікаў пазей Вялікай Айчыннай вайны некаторыя нашы шырокія мастацкія палотны. У гады вайны, побач і поруч з Піменам Панчапкам, Аркадзем Куляшовым, Максімам Танкам, якія напісалі цудоўныя творы пра загубленыя вайною чалавечыя душы і душы жывых істот, пра маці, якая схіляецца ў слязах над кашуляй сынавай, Уладзімір Клішэвіч дакладна ахарактарызаваў надломлены, змучаны псіхалагічны стан людзей – сведкаў адразу дзвюх трагедый – даваенных рэпрэсій і ваеннага спапялення. У адным радзе з вершамі савецкіх пістменнікаў (некрыклівымі, не мітынговымі па інтанацыі) можна паставіць і сіманаўскае “Чакай мяне”, і крыху пазнейшыя радкі М. Ісакоўскага з верша-песні – “І піў салдат з вайсковай кружкі Віно і слёзы папалам”.

Чытаем верш “Актава” і зноў і зноў пераконваемся, што ў гады вайны дамінантным у паэзіі Клішэвіча (і не толькі Клішэвіча, але і ў таго ж малавядомага паэта Моркаўкі) быў элегічны настрой і адпаведны яму сентыментальны пафас. Менавіта ў разрэзе гэтай пафаснай разнавіднасці выразней адкрывалася чытачу яго збалелая, згаладалая па лясцы душы. Калі-некалі сентыментальны пафас далучаўся да трагедыйнага, і атрымлівалася так, як і ў кнізе Наталлі Арсенневай “Сягоння”, - у выдатных вершах-роздумах, вершах-малітвах, баладах і элегіях, напалову одах і на палову споведзях душы. Уладзімір Клішэвіч не ўзняўся ў сваёй паэзіі ваеннай пары да сінтэзу разнастайных пачуццяў у такой ступені, як і Арсеннева, і Салавей, і Моркаўка, і Куляшоў. Аднак ішоў ён шляхам паступовага набліжэння да ісціны, адкрытай яго больш тэленавітымі сучаснікамі, спрабаваў свае сілы паасобку ў розных стылявых плынях і жанрах.

Названы вышэй верш “Актава” вытрыманы ў мажорнай інтанацыі і падобны да оды. Яго апошні радок атрымае новае, маштабнае напаўненне ў ёмістай формуле Жэні Янішчыц пра “шум жытняга свята” як першааснову чалавечага жыцця:

Бяры сваё, але трымай надзею
І вер, што народжаны, каб жыць.
Ніколі ў полі краскі не радзеюць,
Калі над імі вецер прабяжыць.

Любі жыццё, любі яго завею...


У сэрцы сум яны тваім развеюць
І скажуць так: “Далёка не задзіце,
Бо шчасьце тут, у нашым сьпелым жыце”.

Чаго не хапала паэзіі ваеннай пары, дык гэта філасафічнасці. Яна (савецкі варыянт) найперш імкнулася выгукнуць свой боль на поўны голас. І не толькі боль, але і нянавісць, і веру ў тое, што фашысцкая навалач імкнецца, што ўзыйдзе над нашай краінай сонца. Публіцычстычнасць і – часта – рытарычнасць падменьвалі, перакрывалі ўсё астатняе і тым самым перашкаджалі аўтарам паглыбіцца ў сферу інтымнага, асабістага і на гэтай аснове -–агульначалавечага.

Стваральнікі рытарычных вершаў, асабліва тых, што друкаваліся ў перыёдыцы, у розных партызанскіх газетах, былі нацэленыя на перамогу, на агульную, як бы стоячы збоку, ацэнку падзей, а не на самаспасціжэнне, не на самапазнанне. Бадай, вайну, не дакахаўшы, не дасмаліўшы апошнюю цыгару, - Алесь Жаўрук, Леанід Гаўрылаў, Аляксей Коршак, ды тыя, хто глядзеў на вайну як бы з сярэдзіны, перажываючы сваю асабістую трагедыю – немагчымасць актыўнага далучэння да падзей (Аркадзь Моркаўка), здолелі па-філасофску глыбока і прароча ацаніць касмічную, агульнапланетарную маштабнасць падзей ваеннага часу. Гэтыя мастакі перавялі тэму вайны ў спавядальна-ацэначны план, вырваліся на прастор даследавання антыгуманнейшай з’явы, што зробіць літаратура толькі ў 60 – 90-я гады, ужо не на свежых слядах падзей.

Сказанае лёгка пацвярджаецца аналізам верша У. Клішэвіча “Ноч”, ці не самага глыбокага ў падборцы са згаданага зборніка “Песняры Случчыны”:

Запылала ў гневе Карона
На ўвесь неабсяжны прастор,
Каб спаліць грозны меч Арыёна
Пералівам мігаючых зор.

Пояс зьняў з сябе рыцар суровы –


Войстры меч над Каронай павіс...
Пакаціліся зорак галовы
Залацістымі зьнічкамі ўніз.

Мог ён толькі здалёку разгледзець,


Як засмучаны лёсам бяды
З песняй сумнай паплыў белы Лебедзь
У сінеючых хвалях вады.

Меч халодны гарыць Арыёнаў...


Кволы сьпеў лебядзіны заціх.
У расе срэбных кропель Карона
Мые косы праменяў сваіх (3, 18).

У свядомасці чытача гэтага твора адразу ўспыхваюць асацыяцыі – Космас і вайна, гармонія і дысгармонія, Дабро і Зло. Паэт нібы пераносіць зямныя падзеі ў бязмежную прастору і вымярае іх маштабнасць незямнымі крытэрыямі, што рабіў у ваенны час і Аркадзь Моркаўка, а пазней будуць рабіць Максім Танк і Аркадзь Куляшоў. Да такога ж мастацкага прыёму пашырэння прасторы дзеяння звярнуўся ў рамане “Млечны шлях” Кузьма Чорны. Твор Уладзіміра Клішэвіча, як і чорнаўскі, прытчападобны: вайна на зямлі не ўкладваецца ў вузкія рамкі, з’яўляецца злачынствам касмічнага маштабу. І перамога над гэтым злачынствам, сведчаць пісьменнікі, магчымая толькі пры ўдзеле звышчалавечых сіл.

Для Уладзіміра Клішэвіча не было большай трагедыі за ваенную. Ён востра перажываў яе, пакутаваў ад усведамлення сваёй нібы абчужанасці ад трагедыйна-гераічных падзей таго часу. Адсюль, з падобнага настрою, і вынікалі радкі, поўныя болю і пакуты.

З шэрагу ваенных твораў вылучаецца верш “Напаткаў я даўно тую восень...”. Прывядзем яго цалкам, а затым ужо паспрабуем расшыфраваць (дарэчы, публіцыстычна-рытарычныя творы ваеннай пары не патрабавалі расшыфроўкі, свабодна ўкладваліся ў схемы, стандарты: фашысты – злодзеі, каты, савецкія людзі – патрыёты, героі):

Напаткаў я доўно тую восень,
Якой панцыр на сэрца пашыў,
Каб прайсьці па крывавым пакосе
Цьвёрдым крокам халоднай душы,
Каб людзей разбудзіць звонам сталі,
Паднявольным жыцьцём хто заснуў,
Каб жывыя шчасьліва усталі
Сустракаць і цяпло, і вясну.

Няхай будзе тужлівая восень


Яшчэ радасьць у сэрцы тушыць –
Трэба йсьці па крывавым пакосе
Цьвёрдым крокам халоднай душы (3, 19).

Пры першасным знаёмстве з творам з’яўляецца ўражанне, што думка, выказаная ў ім, алагічная: сапраўды, калі мастак паставіў перад сабой задачу абудзіць свядомасць народа, разбудзіць яго сон, дык пры чым тут пашыты на яго сэрца “панцыр”? Якую восень прыгадвае аўтар (твор датуецца 13 лютым 1943 г.)? Восень 1941-га года? А можа, 1936-га, калі яго арыштавалі? Якую восень ён так неміласэрна не прынімае, прыгадвае з такім зацятым болем? Ды бог з ім, з панцырам, пашытым на сэрца восені ды і з самою восенню – вобразам далёка не эстэтычным. Нас, чытачоў, яшчэ ў большай ступені расчароўвае паварот аўтарскага мыслення, заключаны ў радках “Трэба йсьці па крывавым пакосе Цьвёрдым крокам халоднай душы”. “Крывавы пакос” – гэта зразумела: пакос вайны, што абрынулася на нашу шматпакутную Радзіму. Але чаму па гэтым “крывавым пакосе” (вобраз старажытнай літаратуры, які нібы перайшоў у твор Уладзіміра Клішэвіча са старажытнага, неўміручага “Слова аб паходзе Ігаравым”) пясняр павінен ісці “цвёрдым крокам”? Ды бог з ім, нават з гэтым “цвёрдым крокам”. Можа, так і трэба было напісаць-закрычаць-залемантаваць на ўвесь свет у суровы час, заклікаць сябе і іншых да мужнага супроцьстаяння вайне, фашызму, і адсюль сапраўднасць падобнага эпітэту? Але тады чаму ж усё-такі, скажа дапытлівы і цікаўны чытач, якому неабыякавая пазіцыя мастака пад час “бедаў народных”, агульначалавечых трагедый, душа якога трымціць тады ад перажыванняў і хваляванняў, наш мастак у ТАКІ ЧАС ідзе па “крывавых пакосах” з “халоднай душой”? Як апраўдаць алагізм яго паводзінаў? Ці не наадварот адбываецца ў рэальным жыцці, калі паэтава душа ўвабірае ў сябе згустак чалавечага болю і не вытрымлівае, разрываецца ад болю? Пытанні... пытанні... пытанні... Пытанні з боку адрасата мастацкай творчасці, таго, каму патрэбна ўспрымаць і асэнсоўваць творы. А сам аўтар малаверагодна, што задумваўся над тым, якія радкі канчаткова выйшлі з-пад яго пяра. Ён як бы адкаснуўся, адхіліўся ад створанага іншымі, ад агульнага, тыповага перажывання вайны-трагедыі і прапанаваў сваю версію ўдзельніка жахлівых падзей – чалавека, адзінокага сярод разбурэння, сярод ахвяраў, палеглых у крывавых пакосах, песняра са скамянелым ад болю сэрцам (“скамянелае сэрца”, “скамянелая душа” тут былі б якраз на месцы) – у паэта – “халодная душа”. І ў такім павароце лірычнага ходу – наватарства Уладзіміра Клішэвіча. Наватарства пераадолення стэрэатыпу, запраграмаванага, створанага літаратурай, які можна ўмоўна ахарактарызываць прыкладна так: чым больш боль, тым больш трымціць і палымнее паэтава душа. У нашага паэта сцвярджаецца працяг змагання песні і песняра нават у самых экстрэмальных умовах – ва ўмовах духоўнага здранцвення і астыласці (скамянеласці) душы.

Так мы расчыталі-расшыфравалі адзін з самых складаных у сэнсавых адносінах верш паэта-эмігранта. Ды аднак у першы перыяд сваёй творчасці ён прытрымліваўся ў асноўным іншага – “адкрытага” стылю, паказваў рэчаіснасць у адной плоскасці, празрыста-ясна, даступна-зразумела. Так, як у вершах, напісаных у вязніцы-турме нібыта спецыяльна пад фальклор, - напеўна, меладычна:

Ой, вазьміце, гусі, з сабой на хвіліну,


Бо ў мурох я гэтых без пары загіну.
..............................................................
Не сказалі слова, замаўчалі самі.
Гаманілі сумна сосны з верасамі... (3, 22).

У асобных творах першага перыяду Уладзімір Клішэвіч выкарыстоўваў традыцыі сусветнай літаратуры. Так, у вершы “Прамінуць учора дзён суровых слякаць...” адчуваецца ўплыў лірыкі Ясеніна, чуецца сумна-тужлівы напеў-скарга яго лірычных песняў пра пакінутасць у разбураным свеце, адзінокасць душы. Як і рускаму паэту, нашаму мастаку хочацца паспавядацца перад іншымі жывымі істотамі – людзьмі і дрэвамі, звярамі і птушкамі. Нават рытм, інтанацыя ясенінскіх шэдэўраў паўтараецца, капіруецца беларускім аўтарам:

Выйду рана з дому. Абніму каліну,
Раскажу ёй ціха аб сваёй бядзе,
Што далёка дзесьці маладосьць пакінуў,
Што яе ніколі не знайду нідзе (3, 33).

У першы перыяд сваёй творчасці, такім чынам, Уладзімір Клішэвіч яшчэ быў песняром многіх тэмаў, шукаў сябе ідэйна і тэматычна. Хапаючыся адразу за рознае, ён не мог засяродзіцца глыбока, знайсці, убачыць філасофскую думку, даць вертыкальны зрэз рэчаіснасці. Многія яго радкі яшчэ гучалі рытарычна, асабліва ў вершах-закліках да песняра, да беларускага народа змагацца з ворагам, выстаяць у суровы час (“Край! Красуй маладосьцю сягоньня. Песьняй звонкай хай слава зьвініць! Беларусі ня быць у палоне! Беларусі рабыняй ня быць!” – “Паэту-змагару” (3, 30).

Шукаў сябе мастак і ў сферы агульначалавечага, хоць яшчэ і нясмела, але адмаўляўся ад канкрэтыкі, каб убачыць тое, што робіцца на зямлі, з вышыні камічнай (вершы гэтага варунку мы перачытвалі вышэй), і ў перакладах з Амара Хайяма, Метэрлінка, Катула. Яго вабіла антычнасць – як свет казачны, гарманічны, ідэальны ва ўсіх адносінах, вабіла магчымасць паспрабаваць сябе ў суперажыванні вялікаму, вечнаму. Ён прысвяціў яшчэ ў 1943 годзе цудоўны верш вялікаму нямецкаму паэту Гётэ з ёмістымі, шматзначнымі радкамі – “Жыве ягоная ў народзе Магутнасць розуму і слова”.

Адзін з нямногіх, Уладзімір Клішэвіч ужываўся ў антычнасць, скарыстоўваючы даўнейшыя вершаваныя памеры. Так, у вершы “Пентаметры”, зусім у духу антычнай медататыўнай паэзіі, павольна, нетаропка, доказна раскрыты філасофскія праблемы вечнага і часовага, сапраўднага і ўяўнага, злачынства і адказнасці за яго, маўчання і слова як спосабу філасофскай ацэнкі рэчаіснасці, дабра і зла, узаемаадносінаў адзінкі і калектыву, жыцця бязбеднага, лёгкага і жыцця-змагання. Кожны дыстых філасофскай элегіі (менавіта так можна вызначыць жанравую спецыфіку “Пентаметраў”) будуецца на сутыкненні тэзісаў і антытэзісаў, паводле якога выводзіцца філасофская думка, адсюль і лагічнасць, доказнасць твора ў цэлым. Ні адзін вобраз-дэталь не з’яўляецца ў гэтым мастацкім творы выпадковым, нішто не парушае агульнай логікі аўтарскага мыслення. Падобная гармонія ва ўсім – асноўны прынцып антычнага мастацтва. Уладзімір Клішэвіч здолеў паводле яе захавання напісаў свой цудоўны твор:

Людзям жаданьні прыходзяць надзвычай марудна:
Прага і час хутка прыблізяць да іх.

Прагнасьць вялікая лёгкай і таннай нажывы


Рана ці позна ўсё-ж кару знаходзіць сабе.

Шчасьце ня тое, у жыцьці хто не падаў ніколі,


Шчасьце – хто змог, упаўшы, падняцца ізноў.

Вечна маўчаньне вялікія родзіць ідэі на сьвеце,


Словам магутным ніяк нельга яго замяніць.

Толькі ты зробіш дабро чалавеку ў цяжкую хвіліну,


Гэта адплаціць табе ён платай праклёну і зла.

Людзі паднімуць на славу цябе аж да неба,


Людзі і кінуць у гразь, славу тваю аплююць (3, 40).

У невялікім, ёмістым вершы Уладзіміра Клішэвіча сыходзяцца многія сілавыя лініі мастацкага дакумента агульначалавечай моцы – “Бібліі”, завязваюцца ў тугі вузел запаветы мудрых старажытных філосафаў. Верш “Пентаметры” – твор пра вечнае, падручнік маральна чыстага, годнага чалавечага жыцця, невялікі даведнік пра тое, з чаго яго трэба пачынаць.

Даваенная і ваенная паэзія Уладзіміра Клішэвіча, як і паэзія Алеся Салаўя, Рыгора Крушыны, не абмяжоўвалася адлюстраваннем тагачасных падзей, заклікамі да народа перасіліць іх. Яна адчувала, што адных заклікаў тут мала, што і ў гэты час трэба жыць пошукам пазітыўнага ідэалу, маліцца сапраўднай прыгажосці, верыць у гармонію. Названыя мастакі шукалі гармонію на руінах і папялішчы вайны, думалі, як і іх папярэднікі, што прыгажосць уратуе свет. І Клішэвіч у гэта верыў. І таму яго зварот да памяці Гётэ, да перакладаў з Катула, да пентаметра і гекзаметра з іх вольным рытміка-інтанацыйным дыханнем і ўшчыльненай сэнсавай напоўненасцю стаў формай супрацьстаяння трагічнаму часу, вынясення яму мудрага, недвухсэнсоўнага прысуду. Нагадаем, што ў гэты ж час Алесь Салавей – другі беларус-пакутнік, перакладаў “Іліяду” і “Калевалу”, а ў 1947-м годзе закончыць працу над “Песняй песняў Саламона” (у савецкай літаратуры гэты твор на беларускай мове ў перакладзе Васіля Сёмухі з’явіўся ў 1994 годзе) і напіша паэму “Пярсідская легенда” Рыгор Крушына. Такім чынам, прадчуваючы канец вайны, паэзія будучых эмігрантаў рыхтавала глебу для новага ўзлёту эстэтычнай думкі.

Вершы Уладзіміра Клішэвіча канца 40 – 70-х гадоў засведчылі фармаванне новага варыянту стылю паэта – адпаведнага больш медытатыўнай паэзіі, лаканічнаг, нацэленага на афарыстычнасць, доказнасць, нягучную, “унутраную” эмацыянальнасць і спавядальнасць. І яшчэ – усе вершы Клішэвіча пасляваеннай пары як бы нанізваюцца на адзін стрыжань – яны прысвечаны тэме адчуджэння, адлучанасці ад роднага краю, паказваюць невыноснасць выкліканага развітаннем з Радзімай стану душы аўтара. Да слова, падобны матыў пачаў гучаць яшчэ ў яго даваеннай паэзіі, узмацніўся ў творчасці ваеннага часу, але на тыя часы быў прыглушаны, сцішаны, закрануўся ў шматлікіх вершах пра калымскі край. Адзін з іх, што датуецца студзенем 1939 года, быў напісаны на прыйску Ат-Урах і запамінаецца двума магутнымі, афарыстычнымі – так і хочацца сказаць – ахматаўскімі, цвятаеўскімі – радкамі:

Коні скачуць пад белай пенай,
Капытоў чую з’ябальскі стук...
Лепей сам на душу сваю й цела
Налажу пальцы скованых рук (3, 24).

У іншым кантэксце гэтыя ж радкі гучаць у першай страфе, дзе дакладней вызначана сітуацыя, у якой аказваецца лірычны герой – аўтар, вязень сталінскага ГУЛага:

Мне ў няволі жыццё надаела,
Сьмерць прыйму, як збаўленне ад мук.
Лепей сам на душу сваю й цела
Налажу пальцы скованых рук (3, 23).

Калі перачытваеш пазнейшыя вершы Уладзіміра Клішэвіча, раз-пораз думаеш, што, можа, ніхто з нашых мастакоў-эмігрантаў так пакутна і так балюча не перажываў сваю адарванасць ад радзімы. Ягоны зборнік, выдадзены ў Мінску, называўся “Сняцца сны мне залатыя”. І загаловак гэты быў не выпадковы: пасля эміграцыі для мастака жыццё ператварылася ў кашмар, у нешта трагедыйна-пачварнае, а засталося толькі мінулае, тое, што было на Радзіме, што ўяўляецца ў “залатых снах” як назаўсёды страчанае. Зборнік, складзены і пракаментаваны Барысам Сачанкам, з творамі паэтаў беларускай дыяспары, у якім змешчаны і лірычныя творы Клішэвіча, выразна сведчыць пра гэта. Больш таго, яго назва ці не падказана выдаўцам радкамі з сумных песняў гэтага паэта пра страчаную маці Радзіму – “Туга па Радзіме”.

Боль па Радзіме – паслядоўны, напружаны, драматычны, цэласны – праходзіць па ўсіх творах, радках, падпарадкоўвае сабе пафас: ён становіцца трагедыйным, а часм падсвечваецца сентыментальным; жанравую структуру – наперад выходзіць элегія – роздумная, медытатыўная, ушчыльненая сэнсам параўнальна са сваёй папярэдніцай ваеннай пары і да таго ж часам дзеля сваёй афарыстычнасці “апранае” санетную форму (“Возера”, “Развагі”); рытміка-інтанацыйны малюнак – пераважае амбічная стапа, адзін за адным ідуць паўторы, утвараючы неперарыўны ланцуг перажыванняў, выклікаючы ўражанне замкнёнасці і паўторнасці трагедыйнага пачуцця; сістэму тропаў, якія маюць пераважна чорны колер, працуюць на раскрыццё трагедыйнага пафасу (“У хвалях мутнае, халоднае вады Агні дамоў калышуцца маўкліва”, “Ляжыць руінаў дзікая пячаць На чалавекам пройдзеных дарогах” – “Развагі”; “Жыцця майго ламаная крывая Спускаецца абрывіста наніз” – “Змаўкаю я, знікае голас слова...”; “Голас мой – у духовай Сахары прадсмяротны апошні крык” – “Што на свеце людскія ахвяры...”; “Грукаціш ты, мой лёс безгалосы, Як па грэблі драўлянай калёсы” – “Смутак па Радзіме”; “Жыццё няміла... Я на чужыне вечны раб” – “На чужыне”).

Паэт у сваіх па-сапраўднаму трагедыйных і балючых творах дакладны, доказны. Часта доказ ідзе ад супраціву і будуецца па схеме – “Каб ..., тады б не”. Па такой кампазіцыйнай схеме абудаваны вершы “Папярэджанне”, “Конь”, “На чужыне”, “Сцягач”, “Шумяць ад ветру кіпарысы ўсцяж” і іншыя. Эфект мастацкасці ў іх дасягаецца прыёмам параўнальнага паралелізму (выкарыстаннем такі “сінтэтычны” тэрмін): сваё (што ў мінулым) ідзе побач з чужым (што ёсць сённяшні дзень), перакрыжоўваючыся з гэтым чужым, адцясняючы яго на другую ці нават трэцюю пазіцыю, хоць і не перакрываючы яго канчаткова. У многіх паэтаў- замежнікаў падобнага стабільнага, узаконенага паралелізму няма: там сваё і чужое існуюць аўтаномна, сваё становіцца дамінантным у вершах-успамінах пра родны край, чужое – у вершах пра чужыну. Бывае і так, што сваё, страчанае за даляглядамі, адыгрывае толькі ролю “давескаў” у творах. Уладзімір Клішэвіч паставіў і жыццё на Радзіме, і жыццё ў чужым краю на раўнапраўную аснову і даў чытачам магчымасць убачыць паўнату страты, якая іх можа спасцігнуць у сітуацыі, блізкай аўтаравай.

Адзначаныя асаблівасці паэзіі Клішэвіча выяўляюцца ў вершы “На чужыне” – творы усяго з шаснаццаці радкоў, напісаным у форме маналогу-выгуку, паводле параўнання рэальнага (сучаснага) і ўяўнага (былога) жыцця. Доказнасць і пераканальнасць аўтарскага пачуцця ў гэтым вершы падкрэсліваецца прыёмамі паэтычнага сінтаксісу: спачатку ідуць разгорнутыя даданыя акалічныя сказы, ідуць адзін за адным, паступова нарошчваючы эмацыянальны накал: “Калі б пабачыў дзе на полі Кароны пышныя дубоў, Калі б аднойчы ў наваколлі Зазелянеў радзімы бор, Калі б трашчалі тут сарокі, Спяваў вясою салавей”, а затым ідзе лаканічнае, як прысуд, - “Тады б і гэты край далёкі Рабіўся крышачку мілей”. Аднак паэт чацвёртай, заключнай страфой рашае дасягнуць яшчэ большага, паўторнага мастацкга эфекту пры дапамозе філасофска-значнай чатырохрадковай міні-медытацыі, якая ў сваю чаргу (і гэта ўжо трэці круг дасягнення мастацкага эфекту) заканчваецца двухрадкоўем-інвектывай пра чужыну як вечнае рабства:

Ды іх няма. Жыццё няміла.


Што мне з таго – калі б ды каб...
Дарма патрачаны ўсе сілы,
Я на чужыне вечны раб (4, 288).

Некалі Янка Купала ў вершах 1918 года “У дарозе”, “Паязджане”, “Буралом”, “У вырай” (“Зашумена нудна восень...”) засведчыў і адлюстраваў тупіковасць сітуацыі, у якой сталася Беларусь у перыяд грамадзянскай вайны, і адпаведны стан душы, якую нібы жыўцом закалочваюць у труну (“Цёмна, як у дамавіне”). Ідэнтычны стан душы адкрывае нам паэт-эмігрант Уладзімір Клішэвіч. Дзеля дасягнення эфекту праўдзівасці ён адшуквае шэраг трагедыйных вобразаў-дэталяў (некаторыя з іх маюць карані ў рамантычным стылявым напрамку) – “духовая Сахара”, “жыцця майго ламаная крывая”, “апошні паўстанак”, “цяжкія мукі бяззорнай начы”, “пад кручай стаім”, “глытае час жыццё патокамі ракі”, “выступала ў чорным каралева ночы”, “народжаны – толькі госць”, “цёмная ноч закалдоўвае цішу”, “трывожныя сляды”, “я – самы большы сцягач”, “мора пустэчы”, “песня ... пасівела”, “лёс безгалосы”, “чорны птах”, “пярун”, “бліскавіцы”, “чужая зямля”, “астыла душа” і інш. Асобныя вобразы стыкуюцца з Купалавымі, што з’явіліся амаль на 50 гадоў раней. У вершы “Што на свеце людскія ахвяры...”, як і ў Купалавых “Паязджанах”, з’яўляецца сінанімічны вобраз дамавіны, падрыхтаванай для жывога трупа – лірычнага героя. Хай у Купалы гэты вобраз з’явіўся і знік, а Клішэвіча выйшаў на першы план, але ў агульнай танальнасці, у трагедыйнасці гучання, у перадачы настрою безвыходнасці творы гэтых аўтараў супадаюць, а таму названы трагедыйны міні-вобраз і ўяўляецца нам абумоўленым аднолькавым станам душы класіка нашай нацыянальнай літаратуры і яго замежнага пераемніка, пазначаны пячаткай суровага і драматычнага часу:

Што на свеце людскія ахвяры...
Да ўсяго на зямлі я прывык.
Голас мой у духовай Сахары –
прадсмяротны апошні крык.

Мне ўсё роўна, куды не ідзём мы,


над усім стаўлю кропку адну.
Чую, мне пахавальнік знаёмы
забівае цвікі ў труну.

Што з таго, што калісьці я марыў,


безнадзейна мой промень знік.
Голас мой у духовай Сахары –
прадсмяротны апошні крык (4, 280).

Верш быў напісаны ў 1952-м годзе, калі ў эмігрантаў быў яшчэ абвостраны боль па страчанаму, а многія выгнанцы думалі, што ненадоўга пакінулі свой край, што неўзабаве ім пашчасціць вярнуцца. Калі не загаілася нянавісць да крывавай сталінскай дыктатуры і некаторыя (нават многія) эмігранты па-ранейшаму згуртоўваліся на антыкамуністычнай платформе, бачылі ў барацьбе за нацыянальную свабоду Беларусі сэнс свайго жыцця (у рамане Кастуся Акулы “За волю” хораша раскрываецца такі настрой беларускай замежнай інтэлегенцыі). А тым часам У. Клішэвіч робіць сваім жыццёвым крэда Безнадзейнасць. Што ж, ён меў права на такую інтэрпрэтацыю пасляваенных падзей. Ён не бачыў на той час святла ў канцы тунэлю, а больш правільна – спадзяваўся ўбачыть яго толькі тады, калі вернецца на Радзіму. Абрыў, бездань лёсу страчаных Радзімай людзей палохала, страшыла яго, і ён рознымі спосабамі, у тым ліку спосабам прыстасаванства (як жа, ухваліў дасягненні сацыялістычнага ладу!), дабіваўся наведвання сваіх берагоў, роднай Беларусі.

А хіба не купалаўскі матыў бездарожжа, абрыўнасці шляхоў чалавечых (“У дарозе”) гучыць у вершы Клішэвіча “Хочаш, плач ці душыся ад смеху...”? Толькі філасофскі змест у вершы першага вынікае з напісанай карціны – рух у змроку, у цемры, пад дажджом і... канава, канец шляху, а ў другога такой карціны няма, размова вядзецца ў агульнафіласофскім плане, дзеянне не абмяжоўваецца нейкай канкрэтнай, звужанай пляцоўкай. Клішэвічаў “апошні паўстанак” не мае імя, назвы, гэта не куляшоўская станцыя Камунары, не ягоная ж рэчка Бесядзь, а проста агульны, тупіковы Паўстанак. Дарэчы, розніца паміж творамі абодвух паэтаў заключаецца яшчэ і ў тым, што паэт-замежнік у агульны трагедыйны пафас верша “упісвае” некалькімі лёгкімі штрыхамі кроплі пафасу сатырычнага, з’едліва і бязлітасна высмейвае сябе – бездапаможнага “сцегача” (ад слова “сцягвацца”, ад назвы гаротнай вёскі Сцегачы, дзе жылі людзі ледзь не са ўсяго свету – калекі, удовы ды прымакі – верш “Сцягач”). Твор гучыць і як выгук болю, і як дакор сабе, і як прысуд бесхацінцам-сцегачам. Дарэчы, слова “сцягач” – наватвор клішэвіча і нікім іншым з пісьменнікаў-замежнікаў, наколькі вядома аўтару гэтых радкоў, ён не выкарыстоўваўся. Аднак працытуем верш – адзін з лепшых у пасляваеннай спадчыне паэта:

Хочаш, плач ці душыся ад смеху –


Не ўцячэш ад праклятай бяды.
На апошні паўстанак заехаў,
Болей ехаць няма куды.

Ад утомы і коні сталі.


Хмары, цемра, няма дарог.
Глянуў я ў туманныя далі,
Камень цяжка на сэрца лёг.

Не стрымаць не сарказму, не смеху,


Многа поўзаў туды і сюды.
На апошні паўстанак заехаў –
Болей ехаць няма куды (4, 276).

“Дзе толькі не стагналі мы!” – адзначыць паэт у іншым вершы з такім самым загалоўкам і зноў, у каторы раз, высока імудра адзначыць “бязлітаснасць жыцця зямлі” і нейкую дзівакаватасць чалавечага роду, што трымаецца “на страшэнным караблі”.

Асэнсоўваючы свой закляты зямны лёс, Уладзімір Клішэвіч параўноўвае яго з пеклам, а сябе – з цягавітым канём, які, у адрозненне ад рэальнага каня, сябе “запрагае сам”. І яшчэ яму ягоны лёс нагадвае драматычную гісторыю героя “Боскай камедыі” Дантэ.

Грунтоўная ацэнка чужабярэжнага, бесхаціннага жыцця прывяла паэта да крылатай чатырохрадковай філасофскай інвектывы, якую можна прызнаць за гімн тых, каго драматычны лёс раскідаў па ўсіх кутках нашай неабсяжнай планеты:

Запавет на чужыне такі
Ад бацькоў пераходзіць к дзецям:
Іншаземныя маякі
Тваю ноч не асвецяць (4, 290).

Уладзімір Клішэвіч не толькі сумаваў у далечыні ад роднага краю – ён без яго проста хварэў, і хвароба гэтая была вострая і невыносная. Ён залячыў яе, як мог, але поўнасцю адужаць не змог. Не ўдалося яму акрыяць душой, узняцца над трагедыйнымі абставінамі і пасля двухразовага наведвання Беларусі, педагагічнага інстытута, у якім ён да вайны вучыўся і з якога яго накіравалі ў турму, а затым і на Калыму.

Позняя паэзія Клішэвіча аднатанальная, аднастылявая і аднажанравая. Гэта паэзія трагедыйнага гучання, што вольна ўкладваецца ў форму элегіі, - твора сумна-балючага, спавядальнага, які ў апошні час набывае ўсё большыя і большыя адзнакі медытатыўнасці. Можа, якраз паэзія Клішэвіча і падказала Барысу Сачанку – укладальніку арыгінальнага зборніка вершаў паэтаў-эмігрантаў і загаловак гэтай кнігі – “Туга па Радзіме”, бо менавіта ў гэтым загалоўку пачуцці пісьменнікаў выявіліся адкрыт, шчыра, магутна.

Наша размова пра паэзію Клішэвіча была б няпоўнай і няшчырай, калі б мы не закранулі яшчэ адну прадлему – як яе (і не толькі яе!), прадстаўлялі раней і прадстаўляюць цяпер, ужо ў перыяд галоснасці, дэмакратызму і нацыянальнай свабоды. Адразу скажам, што прэзэнтацыя яе чытачу адбылася дэфармаваная, у няпоўным аб’ёме. Можна зразумець выдаўцаў зборніка “Сняцца сны мне залатыя...”. 1973 год. Застой. Ідэалагічны шабаш Суслава і яго каманды. Нельга было, проста немагчыма ў звязку з творамі пра тугу аб Радзіме даць твор “Беларускаму народу”, датаваны 1942-м годам і адрасаваны людзям, якія павінны прануцца, паверыць у сябе, успомніць пра сваю слаўную гісторыю, гісторыю сваёй краіны:

Закрывалі праўду, каб унук яе ня ведаў,
Закрывалі доўга ясны бляск зары.
Эх, устаньце, унукі, паглядзець на дзеда,
На яго магутнасць даўняе пары!

Разагніце плечы, распусьцеце крыльлі!


Узьляцеце горда сокаламі ўвысь!
Як любілі мову, як народ любілі,
Зашумеце славай, як дзяды калісь! (3, 14).

“Нацыяналістычнага пафасу”, відаць, збаяліся ўкладальнікі зборніка 1973 года і не ўключылі ў яго верш “Учора краскамі загубленай душы...” – заклік да беларусаў паўстаць не толькі супроць заходняй, але і ўсходняй злоснай сілы. Вядома, рэдактарам трэба было мець сахараўскую смеласць, каб у ледзяныя брэжнеўскія гады змясціць у кнізе і вершы пра ГУЛаг – “Мне ў няволі жыццё надаела...”, “Ліст із Сібіры”, “Адказ”, “Паэту змагару”, але па якой прычыне не быў змешчаны прытчападобны твор “Ноч”? Чаму ў зборнічак не ўвайшлі напісаныя ў Мінскай турме вершы “Жураўлі” і “Гусі”? Яны ж блізкія па духу пушкінскаму “Вязню”, які царская цэнзура не забараніла. Чаму, чаму, чаму? – такіх пытанняў можна паставіць шмат. Ствараецца уражанне, што ўкладальнікі першай кнігі паэта ў метраполіі пабаяліся прадставіць Клішэвіча як мастака, апазіцыйна настроенага да таталітарнай дзяржаўнасці, як працаўніка нацыянальнага ўціску з любога боку. Што ж, быў час, які вымусіў людзей займацца падтасоўкай фактаў, адборам вершаў пад ідэю, вынесеную ў загаловак кнігі, - “Сняцца сны мне залатыя”. Ды нават падкараціўшы творчасць паэта-пакутніка, яны не змаглі апраўдаць і пацвердзіць пафас кніжнага загалоўка. І ў такім аб’ёме зборнічак можна і трэба было назваць іначай, у адпаведнасці з асноўным, трагедыйным зместам твораў, што былі ў ім змешчаны.

У зборніку “Туга па Радзіме” спадчына Клішэвіча, вядома, магла быць прадстаўлена больш поўна – і ў тэматычных адносінах, і ў сэнсе прадстаўлення жанраў. Аднак складальнік і рэдактары кнігі на гэта не пайшлі, відаць, таму, што зноў-такі былі як бы зачараваныя загалоўкам кнігі, а можа, і з ідэйных перакананняў – не хочацца сварыцца з усходнім старэйшым братам – а раптам возьме ды перакрые краны нафта- і газапровадаў! Аднак час адвольнай інтэрпрытацыі творчасці пісьменнікаў прайшоў. Чытач хоча ведаць яе ў поўным аб’ёме, ва ўсёй яе разнастайнасці, удалай і не зусім, вечнай і кан’юктурнай. Ён сам у стане разабрацца, што вартае, годнае, гожае, а што – нягоднае, дзяшовае і часовае. Чытач павінен ведаць пра ўсё, чым жылі і дыхалі літаратары:

Як гублялася ў цемры дарога!


Завірухай яе занясло.
Не хапала і сіл у жывога
Выліць душу у горычы слоў.

Цяжкі лёд пад далонямі хруснуў.


Хмары зніклі ў паветры, як дым.
Засвяцілася радасць на вуснах –
Гэта мёртвы падняўся жывым (1, 13).

Уладзімір Клішэвіч – аўтар ліра-эпічнай паэмы “Васіль Каліна”, выдадзенай асобнай кнігай у Лондане ў 1965 годзе. Твор гэты значны, але невядомы савецкаму чытачу. На хвалі антыгулагаўскай літаратуры ён выглядае і сёння даволі прыстойна. І сёння яго можна лічыць значным набыткам беларускага нацыянальнага паэтычнага эпасу.

У прадмове да зборніка – “Ад выдавецтва” – падкрэсліваецца эпічны характар твора, адзначаецца шырыня яго тэматычнага дыяпазону і храналагічных рамак: “Паэма з яе героямі ахоплівае фактычна ўсе фазы чалавечага жыцця, а пары юнацтва, так аблюбаванай мастацкай літаратурай усіх вякоў і народаў, аўтар прысьвечвае асблівую ўвагу” (2, 6).

Таксама пішацца пра ўмельства Ул. Клішэвіча абмалёўваць чалавечыя постаці, ствараць запамінальныя эпічныя характары: “Постаці людзей ды пейзажы прыроды як бы фатаграфуюцца аўтарам з найвялікшай дакладнасьцяй і праўдзівасьцяй” (2, 6). Невядомы аўтар нататкі лічыць, што паэту ўдалася паказаць і самога аўтара, “які прымае ўдзел у паэме не толькі як эпічны апавядальнік, але выступае й як лірычнае “я”, што й дае твору ідэалягічнае насьвятленьне” (2, 6).

З выказваннямі аўтара нататкі пра паэму можна цалкам пагадзіцца. Сапраўды, “Васіль Каліна” – другая пасля Коласавай “Новай зямлі” спроба беларускай паэзіі паказаць лёс народа на пераломных этапах гісторыі, у складаныя, драматычныя перыяды жыцця краіны, вывесці асноўныя заканамернасці з паказанага з пункту гледжання народа і мастака. У аснове паэмы пры ўсёй трагедыйнасці паказанага – гераічны пачатак, агульнанацыянальныя, агульнанародныя каштоўнасці. Падзеі ў паэме ахопліваюць значны прамежак часу. Як іў Мележавай “Палескай хроніцы”, тут паказаны пярэдадзень калектывізацыі і сама калектывізацыя, з той розніцай, што ў савецкага пісьменніка яна прымаецца ў цэлым як неабходнасць і пазітыўная перспектыва (апошні з пяці Мележавых твораў мусіў быць названы характарыстычна -–"“раўда вясны”), а ў пісьменніка-замежніка паказваецца як акт вандалізму, генацыд супроць народу – зусім так, як пазней будзе ў “Знаку бяды”, “Аблаве” і “Сцюжы” Васіля Быкава. У паэме выкрываецца сталінізм, таталітарызм, красны тэрор супроць паняволенага народа:

Прастор сялянскіх сьпелых ніў


Ланцуг бязлітасна давіў.
З усходу вецер сьмерці веяў,
Прыносіў немач і пакуты,
На рукі клаў нямыя путы,
Губляўся сьлед жывых надзеяў (2, 51).

Паэма “Васіль Каліна” дае праўдзівы адбітак трагічнай эпохі сацыялістычнага будаўніцтва, засяроджвае ўвагу чытача на самых балючых кропках той пары: калектывізацыя, індустрыялізацыя, культурнае будаўніцтва, побыт ва ўмовах разбурэння маралі і этыкі, грамадскае жыццё ў так званы пераходны перыяд. Аўтар заходзіць як бы з другога боку – не з фасаду, а з тылу, дзе засталіся рыштаванні пасля гора-будаўнікоў і тыранаў-кіраўнікоў, дзе засталіся непрыпынныя бруд і смецце: як жа, спяшаліся, сядалі ў цягнік, што не спыняўся на прыпынках, а ляцеў проста ў цудоўную Краіну Камунію (“Наш паровоз, вперёд лети! В коммуне остановка”), схоплівае з’явы, апісаныя і перапісаныя афіцыйнымі гісторыкамі ў іконна-благачынным стылю, і паказвае іх наадварот, у негатыве, у забароненых выявах. І ў гэтай тэматычнай праўдзівасці, грамадзянскай смеласці мастака і заключаецца наватарства і непаўторнасць паэмы. Пазней Клішэвіч страціць і смеласць, і жаданне абвяргаць, крытыкаваць сталінскую сістэму, паддасца спакусе прымірэння і з брэжнеўскім застоем, і з парушэннем правоў чалавека ў савецкай краіне, але ў паэме “Васіль Каліна”, відаць, не без уплыву “хрушчоўскай адлігі”, ён надзвычай смелы і бескампрамісны:

Твой дзень сягоньня – ноч і сажа,
Ахвяр бязвінная сям’я.
Энкавэдэ заўжды прымажа
Якое-небудзь ім імя:
Шпіён, ці змоўца-тэрарыст,
Радзімы здраднік ці фашыст.
Ня трэба сталінцам талантаў,
Да мэты цягнуць без аглядкі –
Пад ногці – цьвік, агню – пад пяткі.
І фабрыкуюць дыверсантаў (2, 145).

Паэт, адну за адной раскрываючы эпічныя карціны, заглядваючы ў сялянскія хаты, у катавальні і турмы, у студэнцкія інтэрнаты і ў душы спалоханых самадзержцам і яго наймітамі сялян, рабочых, студэнтаў, навукоўцаў – простых людзей, якім не даюць жыць спакойна, стварае выразны і каларытны вобраз сталінскай турмы народаў. Жахлівы вобраз пачвары, што падпарадкавала сабе ўсё, і найперш – чалавечыя душы, стварыла невыносныя ўмовы жыцця. Прывядзем яшчэ адзін урывак з паэмы, які мае пад сабой рэальную аснову, - паэт згадвае так званых “нацдэмаў” і “нацдэмаўшчыну”:

“Нацдэмам” так тады вялося,
Не менш, як раз у тры гады,
Сьціналі голавы ў пракосе
І адпраўлялі іх туды,
Дзе пасьціў сам Макар цялят,
Хоць ты і быў невінават.
За гэта хтось насіў мэдалі,
Вышэй падносіўся да чыну,
На крыві тых, хто марна гінуў;
Так у палітыку гулялі (2, 75).

У паэме ёсць разгорнуты эпічны сюжэт... Селянін Сцяпан Каліна, які “не складаў свае чырвонцы” ды “акуратна гаспадарыў”, хоча, каб вылюднеў яго сын Васіль, а таму пасля “пастушкоўства” аддае яго ў іншую навуку – у школу, а затым - у ВНУ, дзе той штудзіруе філасофію ды іншыя навукі, знаёміцца з цікавымі людзьмі (прафесар Глебаў, студэнты), з дзяўчынай Галінай Шэлег – камсамольскай актывісткай, выдатніцай вучобы з кансерваторыі, якая рыхтуецца стаць спявачкай, узнёсла і светла марыць-летуценіць пра будучыню. Ды абставіны былі супроць герояў, раскручваліся па зусім іншым сцэнарыі. Спачатку арыштоўваюць Васіля Каліну, арыштоўваюць так, нібы робяць нейкую хатнюю справу (“Пачуўся голас: “Ну, пайшлі!” Схапілі ўраз, бяз шуму, груку: Майстэрскі зроблена заданьне” – 2, 138). Відаць, натрэніраваліся за папярэдняе дзесяцігоддзе рабіць сваю чорную справу. Пісьменнік будзе і далей расказваць пра трагедыю герояў паэмы (у адрозненне ад лірыка-філасофскіх адступленняў) спакойна, проста, не надрываючыся, - і пра трагедыю бацькі Галіны Цімоха Шэлега – героя грамадзянскай вайны, а цяпер сталінскага вязня, і пра трагедыю самой Галіны, якая атрымала весткі пра смерць свайго мужа Васіля ды арышт бацькі, была выключана з камсамола, не вытрымала збегу трагедыйных абставінаў і пакончыла самагубствам. Такі просты сямейна-бытавы сюжэт паэмы. Просты, надзвычай тыповы для даваеннай пары. На той час гэты сюжэт пракручваўся кожны дзень па волі Сталіна, Берыі і іх паслугачоў.

Калі чытаеш твор Уладзіміра Клішэвіча, ствараецца ўражанне, што большую каштоўнасць, чым сямейна-бытавы сюжэт, мае яго “аздабленне” – пейзажныя замалёўкі, экскурсы ў мінулае, суб’ектывізаваныя карціны вяселля, студэнцкага жыцця, публіцыстычныя споведзі-разважанні пра лёс краіны ў пераломны час. Знітаваныя ў адно цэлае, яны адкрываюць нам самога мастака – чалавека-патрыёта, філосафа, палітыка, эрудыта і да таго ж надзвычай эмацыянальнага, узрушанага, нацыянальна свядомага. Мы не маем магчымасці спыняцца на многіх прыкладах, але паколькі твор у нас не аналізаваўся, то засяродзім увагу чытача на асобных сцэнах, працытуем яшчэ раз тэкст з такімі запамінальнымі, яркімі радкамі. Вось як, да прыкладу, аўтар раскрывае антынародную сутнасць калектывізацыі па-сталінску:

Не забывай свайго, нябожа,


Сьвяткуй кастрычнік, першы май
І першы сноп хутчэй, як можаш,
Дзяржаве к часу аддавай.
Цярпець калгас ня можа меж.
Ты бульбы сьвежае ня еж!
........................................................
А ў Менску бедны пралетарый
З заводу “Молат”, “Бальшавік”
Лупіны з бульбы ў гаршку варыць,
Да сьвежай, бедны, не прывык.
Вось так праз сёмы лістапад
На шыю сеў “старэйшы брат”.
Агонь адпомсты мужна тлее...
Масква – аб’ект эксперыменту,
Пануе Марксава ідэя (2, 51).

У “акаймаванні” сюжэта пераважаюць фарбы змрочныя; вобразы-дэталі выкарыстоўваюцца пераважна трагедыйнага зместу (“Кусаюць крытыкі, як восы”, “Даносы льюцца цераз край”, “Голаў з плеч за слова Могуць адсячы, Маўчаць надзьмутыя сычы”, “Людзей да торбы давялі”, “І цягнем рабскае ярмо”, “Ці павярнуў пяро налева, Ці павярнуў яго направа – Глядзіць адзіная управа – З мячом сьмяротным каралева”, “Ланцуг нацягваюць з гары, Растуць: турма, канцлягары. Жыццё заве шчасьлівым зграя. Энтузіязм народу палкі Пад страхам сьмерці або палкі Увачавідкі замірае” – 2, 101).

Некаторыя лірыка-філасофскія адступленні аўтара даюць фору палітыкам – так глыбока разбіраецца іх аўтар у сутнасці таго, што адбывалася на абсягах савецкай краіны ў даваенны і пазнейшы час (менавіта пазмейшы, бо часавыя рамкі ў гэтых частках паэмы пашыраюцца, выходзяць за межы 30-х гадоў і праецыруюцца на ваенную і нават пасляваенную эпоху), як, напрыклад, вось гэты кавалачак тэксту, у якім тлумачацца розныя лініі паводзінаў людзей ва ўмовах жалезнай сталінскай дыктатуры:

Было жыццё крывёю з’яў.


Чырвоны кат, як пан, гуляў
Сярод ахвяр трывожным рысем.
Не было выхаду другога,
Была адна жывым дарога,
Або турма, або скарыся (2, 63).

Але ж, нягледзячы на тлум і гвалт, на ўсеагульныя пакуты народа, існавалі ў даваены час і агульначалавечыя каштоўнасці: па-ранейшаму дзень заменьваў ноч, чаргаваліся зіма і вясна, лета і восень, адбываліся вяселлі і пахаванні – усё ішло па замкнёным коле. Аўтар паэмы выдатна разумеў агульначалавечы характар рэчаіснасці, бачыў у ёй нязгасны прамень гармоніі і чалавечнасці, прыгажосці і светласці. І таму ён па-дзіцячаму непасрэдна і ўзнёсла захапляецца светам прыроды, паэтызуе каханне, адным словам, - шукае ў моры слёз і бедаў кроплі радасці і шчасця. Вось апісанне зімы ў першым раздзеле, якое ідзе пасля не менш каларытнага апісання вясковага побыту, сцэны хрэсьбінаў у хаце Сцяпана Каліны (зусім як у “Новай зямлі” Якуба Коласа ці “Палескай хроніцы” Івана мележа). Урывак, які мы працытуем, напісаны ў стылю празрыстым, гарманічна-суразмерным, пушкінскім, коласаўскім, але ёсць у ім і багдановічаўскі імпэт, нешта ад узрушанасці і наструненасці гэтага мастака:

Прыемны белы сьнег зімою
У моцны студзеньскі мароз,
Калі ўздоўж вуліц чарадою
Рады прыбраныя бяроз
Стаяць у срэбранай красе,
Як вецер ласкава трасе
Дадолу мяккія пушынкі,
І як ссыпаюцца рупліва
Сьняжынкі к сонцу пералівам,
Калі калышуцца галінкі (2, 17).

“Гераіняй” паэмы Клішэвіча становіцца і лагодная залатая восень. Прычым зноў яго малюнак збліжаецца з Коласавым і пушкінскім (што рабіць – тыпалагічнае супадзенне!). Сцэна “Восень” ідзе ў паэме пасля апісання трагедыйнага лёсу мастака, самога аўтара, дзе былі радкі і пра крытыкаў-“коршакаў”, якія бывае, запускаюць у ахвяру “дзюбу аж па вочы”, і пра крытыкаў-восаў, надзьмутых сычоў – па кантрасце з іх трагедыйнасцю:

Люблю я восень залатую,
Яе пасьпелую красу.
Мне песьня чуецца часцей
У небе сонечным гасьцей:
Кружэнне бусла, крык гусіны...
Скрабе за сэрца смутак недзе.
Сады надзелі шапку медзі,
Іржышча ў шоўку павуціны (2, 58).

Аднак агульная карціна жыцця, створана ў паэме “Васіль Каліна”, трагедыйная. У тым самым чацвёртым раздзеле, дзе паказаны лёс мастака ў таталітарным грамадстве, паэт выгукае тое, што яго трывожыць і трывожыла ў працягу доўгіх гадоў жыцця:

Гады праскочылі зламана,
У сэрцы зьзяе кроўю рана,
У роце брудная ануча (2, 59).

Паэма “Васіль Каліна” – значны набытак беларускага нацыянальнага паэтычнага эпасу, твор, з якога мы даведваемся значна большую праўду пра даваенную рэчаіснасць, пра таталітарную ўладу і падняволены беларускі народ, пра "“еспрасвецце, безупынне” (Янка Купала), што закончылася толькі ў канцы 80-х гадоў, з атрыманнем Беларуссю незалежнасці.

Уладзімір Клішэвіч – паэт арыгінальны і непаўторны. Паэт не першага, а другога раду. Ды не бяды – ён, будучы і ў другім радзе, змог сказаць сваё важкае слова пра нашу стракатую рэчаіснасць, пра нас з вамі і пра сябе – адзінокага Паладзіна (Алесь Салавей). Ён пакінуў нашчадкам такі праніклівы-мужны і сумленны запавет:

Кідай, паэт, - а то душа астыне –


               Ты край чужы.
Пра горкі лёс далёка на чужыне
               Ты раскажы.
Я сам свае над галавою цені
               Пераламлю.
Ты апусьціся цвёрда на калені,
               Цалуй зямлю.
Калі цябе хто-небудзь запытае,
               Скажы яму:
- Радзімы-маці кветка дарагая -
               Мяжа ўсяму (1, 26).


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка