Лявонава П.І., Бду, Мінск




Дата канвертавання18.05.2016
Памер81.13 Kb.
Лявонава П.І., БДУ, Мінск
ЛІТАРАТУРНАЯ АДУКАЦЫЯ: ПЕДАГАГІЧНАЯ І КУЛЬТУРАЛАГІЧНАЯ СУТНАСЦЬ ПАНЯЦЦЯ
Адукацыя – універсальная каштоўнасць культуры, сфера жыццядзейнасці ўсіх людзей, незалежна ад іх статуса і менталітэта, этнічнай прыналежнасці, месца жыхарства, канфесіі і вобраза жыцця. Без практыкі навучання і самаадукацыі, выхавання і самавыхавання немагчыма дасягнуць духоўнага развіцця асобы і ўсяго грамадства, адэкватных культурнай атмасферы свайго часу. Адукацыя разумеецца ў педагогіцы яшчэ і як сістэма і працэс навучання і выхавання, а таксама як іх вынік.

Літаратурная адукацыя – частка агульнай адукацыі чалавека, прызначаная сістэматычна і паслядоўна далучаць школьнікаў і студэнтаў да мастацтва; чалавеказнаўчая, гуманітарная дысцыпліна, у найбольшай ступені звязаная з вобразам дасканалага чалавека, які жыве ў далёка не дасканалым, зменлівым свеце. Праз мастацкі вобраз як найбольш універсальную, рознабаковую і ёмістую форму асваення быцця чытач глыбей пачынае разумець сябе і Іншага, навучаецца суперажываць, уступаць у духоўныя зносіны з літаратурным героем, далучаецца да сутворчасці з аўтарам, адкрывае сябе як асобу. Літаратурная адукацыя выконвае аб’яднальную функцыю, злучаючы самасвядомасць таго, хто вучыцца, з шырокай прасторай нацыянальнай культуры, з панарамай тыповых нацыянальных характараў. Ва ўмовах трансфармацыі практыкі сучаснай сярэдняй і вышэйшай школы літаратурная адукацыя набывае функцыю найважнейшага сродку нацыянальна-культурнага самавызначэння моладзі.

Педагагагічная і культуралагічная сутнасць паняцця “літаратурная адукацыя” паяднаныя настолькі моцна, што аддзяліць іх можна, мабыць, толькі ўмоўна дзеля больш дэталёвага разгляду кожнага з гэтых аспектаў. Паяднанасць тлумачыцца найперш тым, што адукацыя і літаратура – толькі часткі культуры, калі зыходзіць з разумення апошняй як духоўнага вопыту шматлікіх пакаленняў, зместам якога з’яўляюцца каштоўнасныя сэнсы з’яў, рэчаў, форм, норм, ідэалаў, дзеянняў і адносін, думак і пачуццяў, выражаных у спецыфічных знаках і знакавых сістэмах (1, с. 94). Культура выступае перадумовай і вынікам адукацыі чалавека, таму што адукацыя служыць адным з аптымальных шляхоў уваходжання чалавека ў навуку, а значыць, і ў свет культуры, з’яўляецца практыкай яго сацыялізацыі, забяспечвае захаванне культурнай традыцыі, фармаванне грамадскага і духоўнага жыцця асобы, трансляцыю культурна аформленых узораў чалавечай дзейнасці. Разам з тым адукацыя выступае тым сацыяльным інстытутам, цераз які перадаюцца і ўвасабляюцца базавыя культурныя каштоўнасці, праграмуюцца мэты развіцця грамадства. Адукацыя паскарае культурныя змены і сацыяльныя пераўтварэнні.

Літаратура – складовая частка мастацкай культуры. Праз мастацтва слова чалавек далучаецца да Красы як найвышэйшай каштоўнасці, спасцігае праявы Дабра, Ісціны, Свабоды і іншых вартасцей або таямніц жыцця. Літаратура як від мастацтва ёсць перш за ўсё духоўная каштоўнасць, г. зн. яна належыць да культурных ідэалаў і ўзораў. Але ў адрозненне ад іншых каштоўнасцей, якія маюць неабмежаваную перспектыву свайго ўдасканалення, мастацтва ёсць каштоўнасць, якая ажыццявілася, знайшла для сябе адэкватную мастацкую форму. І ў той ступені, у якой твор мастацтва вобразна адпавядае аўтарскай задуме, ён культурна завершаны, гістарычна, нацыянальна і сацыяльна канкрэтны. Літаратура і мастацтва – гэта і асобая форма пазнання свету і чалавека, але, у адрозненне ад фармальна-лагічнага, яна дае сінтэзаванае, закончанае веданне, якое мае ўласны крытэрый ісціны. Рускі вучоны А. Казін піша: “Разумовая (адцягненая) бясконцасць дыскурсіі пераадольваецца ў мастацтве самавідавочнасцю інтуіцыі менавіта таму, што асновай, крытэрыем і мэтай мастацкага пазнання з’яўляецца не той ці іншы бок чалавечай практыкі (скажам, лагічна асэнсаваны як у навуцы), а ўся гэта практыка як адзіная”. (2, с. 12). Хаця існуюць розныя спосабы пазнання, апісання, мадэлявання культуры, толькі мастацтва здольнае духоўна-практычна “эксперыментаваць” з ёй як з цэласным тыпам чалавечых адносін да рэчаіснасці, асэнсавана аднаўляць і паўтараць жыццёвыя альтэрнатывы, якія яна дае. (3, с. 79). Нарэшце, літаратура выступае формай і спосабам чалавечых зносін, на што ў свой час звяртаў увагу яшчэ Л. Талстой і што атрымала навуковае асвятленне ў працах М. Бахціна. Як вядома, духоўныя зносіны – гэта інструмент культуры, прыстасаваны да выхавання чалавека: фармавання яго каштоўнаснай сферы, светаадчування і светапогляду, адносін да іншых і да самога сябе. Асобасныя сэнсы выпрацоўваюцца самастойна, а не перадаюцца разам з інфармацыяй, выспяваюць на аснове перажыванняў, а не транслююцца чыста рацыянальным спосабам. Літаратура завязвае ўяўляемыя зносіны і тым самым далучае да ўласных каштоўнасцей: эстэтычных перажыванняў, маральных праблем, ідэй, палітычных перакананняў і інш. Яна выступае спосабам цэласнага выхавання духоўнага свету асобы, звяртаючыся да яе як да суб’екта, і дае такую глыбіню і паўнату самараскрыцця, якая амаль што немагчымая ў рэальных зносінах. Мастацкая літаратура – гэта і спосаб мадэлявання саміх зносін, прытым, такіх, вынікі якіх зараней невядомыя ні чытачу, ні персанажам, паколькі кожны з іх для ўсіх астатніх таксама выступае суб’ектам, здольным выбраць сваю лінію паводзін. Нездарма літаратуру іншы раз называюць самасвядомасцю культуры, а літаратура як навучальны прадмет у сярэдняй або вышэйшай школе – адна з цэнтральных гуманітарных дысцыплін, на якую ўскладаецца развіццё свядомасці і самасвядомасці навучэнцаў, іх унутранай духоўнай культуры, эстэтычнага густу, новага мастацкага мыслення.

У гуманітарнай адукацыі школьнікаў і студэнтаў літаратура дае багаты плён у выхаванні. А паколькі ў якасці мастацтва слова яна патрабуе ад свайго чытача адэкватнага ўспрымання, а значыць, аналіза і інтэрпрэтацыі сэнсаў, прыхаваных у знакавых носьбітах, то можна гаварыць пра семіётыку культуры як пра адну з найбольш відавочных ліній сувязі літаратуры і культуры. Менавіта слова, мастацкі тэкст, дазваляе вывучаць мову як знакавую сістэму, не адасобленую ад асобы, выводзіць школьнікаў далёка за межы сістэмы, накіроўвае да носьбіта, карыстальніка і творцы мовы – да чалавечай асобы. Мова тады асвойваецца вучнямі як культурная спадчына ў адзінстве пачуццёвага, рацыянальнага і духоўнага, выступае як рэалізаваная ўнутраная форма выражэння зместу культуры і як сродак перадачы культурных ведаў, а камунікатыўна-дзейнасны падыход у вывучэнні мовы спалучаецца з культурна-гістарычным. Вывучэнне ж літаратуры дапамагае школьнікам адкрываць сэнсы ў тэкстах беларускай і рускай культурных традыцый, далучацца да праўдзівага летапісу складанага гістарычнага лёсу народа, духоўна асэнсоўваць быццё нацыі.

Звернемся да больш дэталёвага разгляду педагагічнай сутнасці паняцця “літаратурная адукацыя”, да пастаноўкі мэты і вызначэння зместу вывучэння літаратуры.

Мэта навучання прадмету сфармулявана ў апошняй рэдакцыі праграмы сярэдняй школы ( 2009 ) як "далучэнне школьнікаў да багацця беларускай і сусветнай мастацкай культуры, эстэтычнае спасціжэнне вучнямі свету, складанасці чалавечых узаемаадносін і на гэтай аснове выхаванне асобы..." ( 4, с. 4 ). Такая фармулёўка пры ўсёй яе слушнасці, усё ж занадта агульная і недастаткова канструктыўная для навучальнага працэсу, бо яе даволі складана перавесці ў мэты-эталоны. Яе варта канкрэтызаваць, г. зн. раздзяліць, развесці задачы навучання, выхавання і развіцця асобы, паставіць іх у пэўнай паслядоўнасці, выяўляючы кожны раз той пазітыў, дзеля якога патрэбны вызначаныя веды або ўменні. У якасці рабочага варыянту разгледзім наступнае азначэнне мэты, якое мы даём праз пералік вынікаў адукацыі.

"Вывучэнне адукацыйнай галіны "Літаратура" павінна забяспечыць:

фармаванне ў вучняў сістэмы літаратурных ведаў як кампанента гуманітарнага светабачання і мыслення;

развіццё чытацкіх і маўленчых уменняў вучняў - сродку самавыяўлення і самавыхавання, неабходнай умовы для дыялогу з літаратурнымі героямі, аўтарам твора і з самім сабой, з іншымі людзьмі, наогул, з мастацтвам або навукай;

развіццё і ўдасканаленне ўмення эстэтычна ўспрымаць і аналізаваць літаратурны твор, карыстаючыся ўсімі набытымі ведамі і ўласным чытацкім ды жыццёвым досведам як асновай для разумення адметнасці творчасці пісьменніка, для развіцця здольнасці адрозніваць сапраўднае мастацтва ад падробак пад яго, высокае і нізкае ў паводзінах чалавека;

усведамленне грамадскага значэння літаратуры як складніка мастацтва і культуры, як сродку духоўнага асэнсавання быцця нацыі, універсальнай формы зносін паміж людзьмі;

выхаванне асобы вучня: яго эмоцый, пачуццяў, волі, мастацкага густу, духоўнай культуры, свядомасці і самасвядомасці."

Такое больш дэталёвае вызначэнне адукацыйных задач дазваляе выкладчыку адштурхнуцца ад іх пры пастаноўцы дыягнастычных мэт вывучэння канкрэтных раздзелаў, тэм, а значыць , дае яму большую магчымасць для пераходу з традыцыйнага на тэхналагічнае навучанне. Разам з тым ствараецца аснова для паслядоўнай і сістэматычнай рэалізацыі культуралагічнай сутнасці літаратурнай адукацыі. Сёння яна закладзена ў праграмы і разумеецца шмат якімі навукоўцамі, матадыстамі і настаўнікамі як выяўленне на ўроках літаратуры нацыянальных і агульначалавечых маральных каштоўнасцей, увасобленых у літаратурных творах, і як аналіз іх у якасці фактаў мастацтва слова, а не ілюстрацыі да прынятых у грамадстве ідэалагічных кірункаў, г. зн. у адзінстве зместу і формы, у спецыфіцы родава-жанравай мастацкай прыроды.

Змест школьнага прадмета "Літаратура", як вядома, складаюць: а) веды, б) вопыт ажыццяўлення дзейнасці: чытацкай, маўленчай, эстэтычнай, г. зн. уменні рэпрадукцыйнага тыпу, в) вопыт ажыццяўлення творчай дзейнасці або ўменні творчага характару, г) вопыт эмацыянальна-каштоўнасных адносін да аб'екта, суб'ектаў, працэсу і прадукта дзейнасці. Чацвёрты кампанент, згодна педагагічнай тэорыі, і ўвасабляе сабой выхаванне, заўсёды неаддзельнае ад навучання.Усе кампаненты зместу навучання неаходныя ў кожнай чалавечай дзейнасці, патрэбныя для арыентацыі, аднаўлення, захавання сацыяльнага вопыту, назапашанага ў культуры, для стварэння новых элементаў сацыяльнага вопыту. І ўсе яны цесна звязаныя паміж сабой.

На нашу думку, педагагічная сутнасць паняцця “літаратурная адукацыя” у вышэйшай школе не так ужо істотна адрозніваецца ад школьнай. Галоўнае адрозненне палягае ў аб’ёме ахопу матэрыялу, у сканцэнтраванасці ўвагі на заканамернасцях і асаблівасцях літаратурнага працэсу, на прадстаўленасці багацця класічнай літаратурнай спадчыны і разнастайных кірункаў ды плыней сучаснага слоўнага мастацтва. Значна часцей і з большай глыбінёй, чым у школе, студэнты аналізуюць мастацкія творы розных стыляў, родаў і жанраў, займаюцца інтэрпрэтацыяй творчасці айчынных і замежных аўтараў, удасканальваюць свае творчыя здольнасці, развіваюць уменні параўноўваць, абагульняць, самастойна папаўняць свае літаратурныя веды, уводзіць іх у пэўны культурны кантэкст. Аднак, фармулёўка мэты літаратурнай адукацыі ў вну, якая зводзіцца ў асноўным толькі да раскрыцця разнастайнасці і асаблівасцей літаратурнага працэсу на пэўным этапе гісторыі літаратуры, таксама павінна быць, на нашу думку, перагледжана і ўдакладнена з тым, каб выкладчыкі і студэнты лепш усведамлялі яе педагагічную і культуралагічную сутнасць, каб больш увагі надавалася эстэтычнаму і камунікатыўнаму аспектам вывучэння літаратуры, а веды студэнтаў не станавіліся фармальнымі і адчужанымі ад асобы (аўтара, чытача-студэнта, выкладчыка як пасрэдніка паміж літаратурай і яе чытачамі).

Неабходнасць перапрацоўваць, засвойваць вялікі аб’ём інфармацыі ў параўнаўча сціслыя тэрміны, практычна без уліку эмацыянальнага фактара і індывідуальных асаблівасцей засваення, вядзе да страты асобаснага кампаненту ў структуры ведаў, калі разуменне ўсё часцей замяняецца пераказам, а замест сапраўднай адукаванасці ўтвараецца “напаловуадукаванасць” і “напаловумаральнасць”, што зусім слушна падкрэсліваюць расійскія вучоныя (5, 6, 7) і чаго дамагаемся пазбегнуць мы ў тэорыі і практыцы літаратурнай адукацыі ў вышэйшай школе (8).

Літаратура



  1. Большаков, В. П. Культура и цивилизация. Культурность и цивилизованность / В. П. Большаков и др. Теория культуры: Учебное пособие. Под ред. С. Н. Иконниковой, В. П. Большакова. – СПб., 2008. – С. 94.

  2. Казин, А. Л. Искусство и духовная культура / А. Л. Казин // Искусство в системе культуры. –Л., 1987. – С.59.

  3. Малахов, В. А. Художественный образ как феномен культуры / В. А. Малахов // Искусство в системе культуры. Л., 1987. – С. 79.

  4. Беларуская літаратура V–ХІ класы. Вучэбная праграма для агульнаадукацыйных устаноў з беларускай і рускай мовамі навучання. Мінск, 2009. – С. 3.

  5. Костецкий, В. В. Полуобразованность и полунравственность в системе образования / В.В. Костецкий // Педагогика. -2010. - № 1. – С. 40-46.

  6. Багдасарьян, Н. Г. Ценность образования в модернизирующемся обществе / Н. Г. Багдасарьян // Педагогика. -2008. -№ 5. – С. 3-9.

  7. Киященко, Н. И. Эстетическое образование как способ формирования личности (синергетический контекст) / Н. И. Киященко // Вопросы философии. – 2010. - № 3. – С. 172-176.

  8. Леонова, П. И. Об искусстве сотворчества в вузовском образовании / П. И. Леонова // Вышэйшая школа. -2010. - № 3. – С. 71-74.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка