Лужанін Максім Добры хлопец Дзік што ж за ён быў, той хлопец?




старонка1/6
Дата канвертавання13.05.2016
Памер1.02 Mb.
  1   2   3   4   5   6
Лужанін Максім
Добры хлопец Дзік
ШТО Ж ЗА ЁН БЫЎ, ТОЙ ХЛОПЕЦ?

Хлопцам назваў яго адзін малы чалавек з нашага двара. А быў гэта звычайны дваровы сабака.

Ніякі не медаліст і не нашчадак славутай сабачай радаслоўнай, вытокі якой губляюцца недзе ў абымшэлых часах.

Затое — сябар! Мой асабіста, нашага дому цалкам, усяе вуліцы, дзе мы жылі, дый, можна сказаць, усяе ўсходняй ускраіны горада.

Дома мы яго лічылі за сямейніка, сціплага сваяка, што ўсё чыста разумее, усім спагадае, толькі параіць не можа, не ўмее гаварыць.

Хто ж былі мы, хатнія? Наташа, жончына сястра, з сваёю дачкою Інай, я з жонкай. Усіх нас, як і ката Хаму, Дзік ведаў па імёнах, склікаў за стол есці, зваў з двара ў кватэру, запрашаў да тэлефона, рабіў многа іншых далікатных паслуг.

Найбольш турбот у яго было са мною. Звыкшы, што ў хаце на мяне казалі Алесь, ён вельмі смешна схіляў галаву набок, прыслухоўваўся, чаму я абзываюся, калі госці кажуць Максім. Найболыы блізкія яму былі словы Гаспадар і Гаспадыня, яны будуць часам ужывацца і далей. Не таму, каб падкрэсліць акалічнасці пяршынства ў доме ці, пе дай бог, уласніцтва, не. У сабачай свядомасці, сцвярджаюць кінолагі, гэтыя словы замацоўваюцца адразу ж і назаўсёды, вызначаючы асоб, каго трэба слухаць і самаахвярна бараніць, чые волі нельга пераступаць.

Гэты момант быццам бы маюць на ўвазе пры дрэсіроўцы, мусіць, так яно і ёсць. Перад вачыма: поўным поўная сабакарня вастравухіх і вастрамызых разумнікаў — службовых сабак. I кожны з іх чакае, здалёку пазнае, выконвае загады толькі аднаго, сціплага воіна-пагранічніка — Гаспадара.

Аўтар разумее, як рызыкоўна брацца пісаць пра сабаку пасля выдатных жыццярысаў яго слаўных папярэднікаў, як Белы клык і Белы Бім. Аднак не адкладае пяра — Дзік жыў у іншым часе, сярод іншых людзей у маладой, раскіданай вайной краіне. Дык ці не адкладуцца і ў нашым апісанні подых часу і чалавечыя абліччы?

ЛЕГЕНДА ПРА ПАХОДЖАННЕ

На хмурным і золкім лютаўскім досвітку нам у дзверы пастукаў Марат, сын шаўца Міколы, прагавіты да чытання падлетак.

Пераступіў парог і падціснуў папружку на мультановым бушлаціку: пазуха ў яго падазрона адтапырвалася.

— Прынес,— коратка паведаміў Марат.

— Што ж ты прынёс, хлопча? — я пытаў здзіўлена, няўжо ён праглынуў узятую напярэдадні кніжку і з'явіўся па новую.

— Тое, што тады казалі...— I вылузаў з свае апранашкі шчанюка.

Шэры пушысты камячок скаціўся з хлопцавых рук на падлогу, падціснуў хвосцік, быў памкнуўся падбегчы і не змог — таўсматыя лапы кепска трымалі сытае цельца і раз'ехаліся ў бакі.

Сапраўды, напярэдадні Марат прыходзіў сюды са сваёю мамаю. Спраміж іншага гаварылі, як нядрэнна было 6, жывучы тут, на ўскраіннай адзіноце, мець у хаце сабачае вока і вуха. Хлопец запомніў і, не марудзячы, выстараўся жаданага.

— Вялікі сабака вырасце...— працягваў Марат з выглядам сур'ёзнага знаўцы, сам, відавочна, цешачыся з свайго ўдалага падарунка.

— Лапішчы якія тоўстыя, гляньце. Шырокі ў косці — шпаркі ў росце,— хлопец паўтарыў улюбёную бацькаву прымаўку.

— А з якіх ён сабак?

— Сын англійскага дога і нямецкай аўчаркі. Гэта прагучала так гучна, нібыта гаворка ішла не менш чым пра шлюб уэлскага лорда з баварскаю графіняю.

Спакушаныя такою бліскучаю і бездакорна дакладнаю біяграфіяй, мы вырашылі павялічыць насельніцтва кватэры на адну сабачую душу, балазе дадатковай плошчы для прапіскі не патрабавалася.

У нагрэтую шчанюком Маратаву запазуху перайшла кніжка пра Шэрлака Холмса, яна даўно пасміхалася хлопцу з мае паліцы.

Прызнацца, на нейкі момант у мяне варухнулася сумняванне: адкуль было Марату ў ягоныя адзінаццаць гадоў здабыць такія пэўныя весткі датычна сваяцтва дога і аўчаркі? Немалая частка хлопцавага маленства змарнела ў цёмным, згалелым за фашысцкую акупацыю горадзе. Ні людскай школы, ні бібліятэкі, ні зычлівага слова.

Само сабою выходзіла, што ён зараз, несучы нам сабачку, прыдумаў нешта кшталтам легенды, даўшы волю фантазіі, а на недахоп яе хлопцу скардзіцца не даводзілася. Пабыў нейкія паўгода з бацькамі ў партызанах і цяпер зачароўваў аднакласнікаў бляскам сваіх малаверагодных подзвігаў і колькасцю, зусім неверагоднай, знішчаных ім асабіста ворагаў.

Аднак, якім бы цемнаватым ні здавалася паходжанне шчанюка, зерне праўды ў прапанаванай нам біяграфіі было. Цераз год з шаравата-рудога камячка поўсці на таўсматых лапах вылюдзеў дужы, ростам з дога, пёс са звычайнай для гэтай пароды моцнай і шырокай грудзінай. А вушы ў яго — стаялі! I даволі прудка, як у аўчарак, праўда, адно крыху завальвалася набок, асабліва калі падыходзіў палашчыцца.

Такім чынам, былі ўсе падставы, не саромеючыся, пераказваць Маратаву легенду нават перад заўзятымі паляўнічымі, уласнікамі бясспрэчна чыстакроўных легашоў, пойнтэраў, сетэраў і ганчакоў.



БЛАКІТНЫЯ - ВОЧЫ I АДЗНАКІ РОЗУМУ

Першы дзень, калі шчанюк застаўся ў хаце, мы не маглі нацешыцца з свайго раптоўнага прыдабытку. Церабілі вушкі, гладзілі, падымалі на рукі, падносячы да акна.

Шчанюк ведаў, што значыць «цю-цю-цю», і спяшаўся на покліч. Гэта было смешна, ён усё яшчэ не мог добра астояцца на падлозе, відаць, нарадзіўся на панадворку, у засланай саломай будцы або ў сенцах, на гліняным, прыкрытым рызманамі таку.

Напіўшыся цёплага малака, малы аблізаўся і падняў мызачку ўгару.

— Ды ў яго ж блакітныя вочы! — здзіўлена выгукнула Гаспадыня.— I, здаецца, зусім без зрэнак. А ў сабак хіба бываюць блакітныя?

На гэта толкам ніхто не мог адказаць. Успомнілі і перабралі вядомых нам дваровых сабак: якія ў іх вочы? Найчасцей здаралася сустракаць

карыя з рудзінкай або зеленавацінкай. А блакітных як быццам не траплялася. Давялося пагадзіцца, што такі колер маюць вочы выключна ў шчанюкоў, а з часам робяцца інакшыя.

Падсцілкі ў кутку за шафай навасёл не залюбіў і за пасцелю не прызнаў. Трошкі паляжаў і споўз, наколькі дазвалялі неслухмяныя лапы, пачаў гарнуцца да людзей. Відаць, помніў, як было цёпла пры баку ў маці, і шукаў яе: тыкаўся носам кожнаму ў ногі і не сказаць каб вішчаў, а папіскваў.

Яшчэ горш стала, калі скончыўся даўгаваты дзень і ўсе сталі збірацца на сон. Шчанюк ніяк не хацеў заставацца на самоце, хоць яму не пашкадавалі паслаць стары курцік з пушыстым каўнярком, ён тэпаў да ложкаў і ўсё гэтак жа падаваў слабы голас. Пасля, як мог, хапаўся за бераг коўдры і на ўсю сысункоўскую сілу цягнуў яе ўніз, на сябе. Малога лашчылі, заносілі на месца, але ён ляжаў спакойна, толькі пакуль сядзеў пры ім чалавек. Варта было адысціся, як усё паўтаралася спачатку. Не спала ўся кватэра. Нарэшце Гаспадыня не вытрывала, ужалілася і ўзяла шчанюка да сябе. Сабачка патаптаўся ў нагах, дзе было раўней, не ўпадабаў — халаднавата! — і пакрысе падабраўся пад саменькі твар. Тут, каля цёплай шыі, скруціўся ў абаранак, разявіў пысу, падціснуўшы ружовы язычок, пазяхнуў і адразу заплюшчыў вочы. Праз сон павіскваў, уздрыгваючы ўсім цельцам, і спаў нядоўга.

Насценны гадзіннік пачаў адбіваць поўнач. Шчанюк сеў і ўважліва слухаў, нібы спакмячаў: а гэта што яшчэ за ліха? Сярод безлічы гукаў і мноства ўражанняў на новым месцы бой гадзінніка не ўстурбаваў яго ўдзень. Цяпер гэта было залішне гучна і задоўга на чуткія шчанюкоўскія вушы. Калі бой скончыўся, сабачку расхацелася спаць, ён заскуголіў і пачаў шукаць спосабу дастацца на падлогу: звешваў з канапы галаву, аж пакуль не страціў раўнавагі і не кульнуўся на падаконнік.

— Э, братачка,— сказала, падняўшыся, Гаспадыня,— ты, здаецца, маеш розум.— I вынесла малога на двор.

ВЫБАР ІМЕНІ

Неспакой першай ночы пад новым дахам паўтараўся, пакуль сабачка не асвойтаўся канчаткова. Прывык да свайго закутка і спаў там без лішніх турбацый, толькі падаваў голас, калі прасіўся на панадворак. Ласкавы, ахайны і кемлівы, ён прыпаў даспадобы ўсім, але ніхто з нас не мог адважыцца назваць малога. Паляпшаць і спрашчаць узаемаразуменне з ім можна было толькі выбраўшы гадаванцу імя, трапнае і лёгкае, каб ён запомніў, аглядаўся на вокліч, бег, выконваў даручэнне. Звароты накшталт цюлік, сабачка, цюцька, цю-цю-цю вычарпалі сябе і не прыдаваліся да ўжытку.

— Як жа яго ахрысціць? — разважалі мы штодня, найчасцей за снеданнем.

— Праўду казаў Марат,— сказала аднойчы Гаспадыня,— гэта будзе вялікі сабака. I разумны. Сёння ён бегаў са мною па ваду на калонку. Падышла суседка з вёдрамі, дык ён наставіў поўсць і, што вы думаеце,— забрахаў.

— Выходзіць, імя трэба даваць з разлікам, відаць жа, ён яшчэ паразумнее.

— Ад зямлі не відзён, а сваіх бароніць,— усцешылася Гаспадыніна сястра Наташа.

— Хай тады завецца Абаронца,— услед за маці падхапіла Іна, самая малодшая жыхарка кватэры.

На гэтым, аднак, не спыніліся, лепш пачакаць: імёны, як і мянушкі, звычайна знаходзяцца самі, адразу прыстаюць да сваіх будучых носьбітаў, выяўляючы якую-небудзь характэрную рысу іх выгляду ці характару. Сапраўды, імя знайшлося само. Спачатку адно, а пасля і другое, канчаткова.




ЯК БРЭХ СТАЎ ДЗІКАМ

Шчанюк змалку трымаўся вельмі салідна. Павольна хадзіў, бегаў трухам, не спяшаючы, таксама не хапаючыся еў. I галасу без толку не падымаў, ніколі не заходзіўся брэхам ад першага шолаху за акном ці на гародзе.

Злавіўшы вухам шум ці гукі, пакуль чутныя яму аднаму, падымаў з падсцілкі галаву і клаў яе на лапы, каб расслухацца: абвяшчаць трывогу ці драмаць сабе паціху далей. Калі ўчуты шум не ўпыняўся, сабака падымаў галаву вышэй і надаўжэй і коратка папярэджваў: «Бб-боў!» Так ён нібыта даваў знаць: я — напагатове, але не турбуйцеся, небяспекі блізка няма.

Другой ступенню зрыхтаванасці да абароны было нешта сярэдняе паміж «бб-боў», «бб-бух» і «бб-рэх!». Але сігнал падаваўся значна галасней і паўтараўся двойчы. Гэта азначала: парушэнне спакою набліжаецца, чуецца зусім выразна.

Сабака ўсхватваўся на лапы, боўкаў разы тры і ваяўніча станавіўся каля ўвахода. Калі нехта незнаёмы хадзіў пад вокнамі ці браўся за клямку, боўканне падвышалася на ўвесь голас, з перапынкамі, і сур'ёзна: лепш не патыкайся, маўляў.

Усе гэтыя звычкі сабака захаваў і надалей: заставаўся непаспешным на бягу і на ежу, легка-важных высноў наконт небяспекі не рабіў і лішняга галасу не ўчыняў.

У адным толькі быў скоры: збірацца гуляць. Зачуўшы ўлюбёнае слоўца і ўявіўшы, колькі прыемных нечаканак можа трапіцца падчас праходкі, ён ужо ўстояць на месцы не мог. Радасна цяўкаў і грудзьмі адчыняў дзверы ў калідорчык.

А тут — стоп! Далей сам не вырвешся — знадворныя дзверы на зашчэпцы.

Не шкадуючы лап, сабака кідаўся ў пакой да вешалкі, дзе апранаўся занадта павольна, як на яго нецярплівасць, а часам і знарок, каб падражніцца, ягоны праважаты. Радаснае павіскванне рабілася настойлівым і, здавалася, пераходзіла ў слоўную просьбу: «Ды не марудзь ты, калі ласка! Уздзявай хутчэй паліто, калі яно табе ўжо гэтак трэба, я ж і ў хаце і на дварэ ў адной адзежы бегаю!»

Пачуўшы паасобны сігнал «бб-боў!», звычайна гаварылі: «О, сабака зрабіў адзін брэх!» I далей: «Чуеце, падае трэці брэх. Трэба ісці паглядзець, што там».

Так пакрысе пачала ўсталёўвацца мянушка. Сямейная нарада памеркавала і ўхваліла:

— Брэх у яго прыемны, барытон мяккі, хоць у салісты аддавай. Значыць, быць яму Брэхам.

3 гэтым імем сабачка пахадзіў не вельмі доўга. Ён прыбываў у росце літаральна штодня, уздоўж шэрага хіба сталі значны тры цямнейшыя палосы, акурат як у дзікіх парсюкоў.

Паляўнічы Валянцін нядбала выслухаў цьмяную легенду аб паходжанні нашага выхаванца.

— Нешта вельмі складана. А ці не свінячага ён заводу? Чысты дзік,— і тыцнуў пальцам на цёмныя палосы поўсці на спіне.

Усе дружна сталі пярэчыць: ні з характару, ні з выгляду наш мілы сабачка і блізка не стаяў да названай жывёліны, ні свойскай, ні дзікае.

А «Дзік» — была знаходка! Тое імя, што трэба. Асцярожны, але не баязлівы, кемлівы, хада — спорная, слых — пашукаць трэба, усё гэта прыдаецца і дома і ў лесе, дзе птушкі і звяры трымаюцца ў заўсёднай асцярозе, каб не дацца ў крыўду дужэйшаму.

Дык чаму ж бы не ахрысціць яго Дзік?

Ад гэтай часіны шчанюк займеў імя назаўсёды.

АЛІК, ЛЯВОН I РЫЧАРД ЛЬВІНАЕ СЭРЦА. ЦЁЦЯРУК ЦІ ДЗЯДЗЯРУК?

Каля нас па суседству жыў Лявон, пяцікласнік. Высакаваты пяцёрачнік у акулярах, апрануты ў чырвонае, заакіянскага паходжання пальцечка з амерыканскага барахла, як тады казалі. Ён упадабаў імя Дзік і выказаў пры гэтым не пазбаўлены арыгінальнасці погляд. Выпадак дапамог яму пацвердзіць сваю думку.

Лявон прыйшоў да нас па абедзе з малодшым братам Алікам, вельмі ўцешным і пацешным малым. ён быў гатовы дняваць і начаваць у нас, так цяжка было разлучацца з катком і сабачкам, каля якіх знаходзілася мноства магчымасцей паза-баўляцца.

Кот Хама скончыў полудзень, вымыў мызачку і без асаблівай цікавасці, адчэпнага, чапляў на кіпцюр паперчыну са шпагату, якую Алік вадзіў у яго па самых лапах,— відаць, ката хіліла ў сон. Мала падабалася ляная гульня і хлопцу, ён паглядаў у куханьку, клікаў Дзіка. А той і не думаў варушыцца, вартаваў свае міскі, пакуль астыне поліўка і будзе дадзены дазвол: «Еш!»

Што міска належыць толькі яму, Дзік ведаў добра,— яна заўсёды стаяла на пэўным месцы, каля пліты, і для іншых патрэб не ўжывалася. Сабака дапільноўваў чысціні посуду, сам акуратна вымываў бакі і дно языком. Часамі міску перасоўвалі, адразу ж адшукваў, браў у зубы і стаўляў куды належала, як быццам нагадваючы, што яна не павінна доўга пуставаць.

Калі ж міску налівалі з берагамі і яна смачна паравала, пільнасці ў сабакі намнога прыбывала. У кутку кухні як бы стваралася ахоўная зона, рух спыняўся, нават не патыкайся! Пры кожным кроку, за якім мог хавацца замах на ягонае дабро, Дзікавы лапы сашчэпліваліся вакол міскі і ў вачах з'яўлялася папярэджанне: лепей не чапай!

Выключэнне рабілася для Гаспадара, а больш для Гаспадыні, і не з павагі, а з меркаванняў чыста практычных: абое яны маглі падкінуць костачку ці падсмачыць ежу, не ленаваліся і памяшаць, каб хутчэй астывала.

Алік ступіў у кухню з бясстрашнасцю пяцігадовага чалавека. Узапаветным кутку было ціха, сабака не рабіў ніякіх гукавых папярэджанняў. Аднак усе дарослыя ўстрывожана прыўзняліся з месцаў. А хлапчук нагнуўся, пагладзіў Дзіка на настаўленым хібе, узяў у яго з-пад носа міску і, трымаючы яе перад сабою, рушыў у пакой, дзе мы сядзелі.

Дзік ішоў услед і збянтэжана павільваў хвастом. Пазіраў на нас і нібыта апраўдваўся: «Ну што ты зробіш, малое — дурное!»

Знецярплівеўшы ад чакання, калі будзе канец свавольству, сабака забег наперад і заступіў Аліку дарогу. Морда яго набыла красамоўны выгляд: «Аддай, нарэшце, ты ж гэтага ўсё роўна есці не будзеш!»

Зразумеўшы, што падражнівацца досыць, Алік таксама павольна павярнуўся і занёс міску назад. Дзік па-дружбацку лізнуў яго ў шчаку і лёг чакаць — некалі ж сыдзе гэтая праклятая пара!

Трывожнае ўзрушэнне спала.

— Што ж гэта ты надумаўся, хлопчанька! А каб ён цябе хлэмнуў? Што б твая мама сказала, га?

Малы ззяў, як маладое сонейка, умыўшыся ў расе.

I было чаго! Надумаўся і зрабіў. Першы раз перамог страх і, мала таго, падпарадкаваў сваей волі другую, хай сабе і сабачую. Хлопчык сеў, перанятым ад мамы рухам пагладзіў сам сябе па галаве — гэта азначала: «Маладзец, Алік!»

— А што? Мне хацелася, каб ён сядзеў разам з намі,— у Алікавых вачах бліснуў праменьчык задавальнення: — А як было выклікаць? Але Дзік зразумеў, ён добры хлопец і ніякі не злоснік. Ён зусім не скнара: я мог бы і сербануць ягонага крупніку, каб не гарачы.

Мы дружна зарагаталі з блазнюкоўскага выхваляння: ягоны выхад на самадзейную дрэсіроўку мог скончыцца слязамі і плачам. Аднак азначэнне «добры хлопец» мела пад сабою падставы і ўсім спадабалася. Нашы ўзрадаваныя войканні перапыніў, парушыўшы сваё абвыклае маўчанне, Алікаў апякун, Лявон. Сярод дваровых хлапчукоў ён быў непахісны аўтарытэт: ведаў мноства народных выслоўяў і двойчы прачытаў навылёт усяго Вальтэра Скота.

— Нахабства Аліку лёгка абышлося, бо яны з Дзікам зараз у адным узросце.— Лявон крыху падумаў: — Па розуме. Таму і паразумеліся.

Алік, падціснуўшы верхнюю губку, не прапускаў ніводнага братавага слоўца.

— Праўда,— бязлітасна працягваў той,— Алік умее чытаць, чаго, на жаль, не ўдасца асіліць Дзіку. Затое ён больш высакародны: ніколі не дазволіў бы сабе зачапіць Алікаву талерку.

— А давай паклічам Дзіка на вячэру,— знайшоўся хлопчык.— I я пастаўлю перад ім на падлозе сваю манную кашу.

Лявон не звярнуў ніякай увагі на пярэчанне.

— Сабака названы зусім справядліва. Клічце яго поўным імем: Дзік Львінае Сэрца. Як у Вальтэра Скота.

— Чакай, дык там жа быў Рычард?

— Так. Англічане скарачаюць Рычард на Дзік.

— Нешта ты стаў красамоўны, Лявон,— пасміхнулася Наташа.— Сам жа нядаўна паўтараў прымаўку: «Скажаш — марна масла змажаш, змоўчыш — срэбра горшчык зважыш».

Лявон паблажліва зірнуў убок:

— 3 кожнага правіла бываюць выключэнні. Сёння выпадак выключны.

Спрачацца не выпадала, выпадак сапраўды

быў з тых, што здараюцца не кожны дзень. Да таго ж нас слухаў Алік, для каго Лявон з'яўляўся першым і неаспрэчным суддзёю, тым больш што ён сапраўды навучыў малога чытаць.

3 год назад, яшчэ будучы непісьменным, Алік прыцягнуў да нас «Лясную газету» Біянкі. Сеў каля мяне на канапе і выказаў нецярплівы намер падзяліцца найцікавейшымі весткамі з гэтай кніжкі. Хлопчык не зважаў нават на Дзіка, які стаяў поруч з ім і павільваў хвастом, паддобрываўся: ану і ўдасца выпрасіцца на вуліцу.

Напакаваны ад вушэй да пят здабытымі навінамі, Алік гартаў старонкі, упіраючы пальцам на малюнкі.

— А ведаеце, хто гэта? — ён называў звера або птушку і слова ў слова пераказваў змешчаны пад ілюстрацыямі тэкст. Справа растлумачвалася даволі проста: старэйшыя дзеці чыталі ўголас, а ён уважліва слухаў. Дзівіла толькі, як можна было запомніць усё ад вокладкі да вокладкі ў такім даволі таўставатым томіку.

Тым часам Алікаў палец уз'ехаў на новы малюнак.

— А гэта — цецярук!

Хлопец пачаў выкладаць, дзе жыве, чым жывіцца, як выглядае птушка,— слова ў слова па друкаваным.

— А па-мойму, гэта не цёцярук,— я знарок перайначыў слова,— а дзядзярук.

Малы ўстрывожыўся.



  • Не, я добра ведаю: цецярук...

Выкарыстаўшы яго збянтэжанне, я пачаў выдумляць:

— Дзядзя, таму што вялікі, а рук, бо мае на кожнай лапе па пяць пальцаў і хапае імі ён усё, як мы рукамі...

Тварык у Аліка пасур'ёзнеў.

— Пайду. Спытаю ў Лявона... Распытванне відавочна зацягвалася, Алік

прыйшоў пасля паўдня назаўтра і не адзін, а з братам, відаць, чакаў, калі той вернецца са школы.

Мне было катэгарычна абвешчана:

— Вы жартуеце, а Лявон тое самае кажа, што і я. О, глядзіце,— Алік разгарнуў кнігу на патрэбнай старонцы.— Чытайце, як тут напісана. Лепш я сам прачытаю, я ўжо амаль усе літары ведаю. Ніякіх «дзядзярукаў» няма і бьць не можа.

Пакуль Алік выкладаў свае неабвержаныя доказы, Дзік управіўся з поліўкай і ўсёй паставай паказваў, што зараз самы раз пайсці на праходку, у бок лесу, дзе можна паскакаць, пагаўкаць, а то і выпужаць дурную птушку з травы.

I мы пайшлі. Кожны з нас адчуваў сябе шчаслівым. Дзік праз тое, што бяжыць наперадзе трох прыемных яму асоб і ахоўвае іх, Алік і Лявон — таму, што іх суправаджае такі прыгожы сабака, і ўсе сустрэчныя, напэўна, зайздросцяць ім, мяркуючы, быццам яны — гаспадары гэтага вялікага пса-прыгажуна.

А я? Чаму я пачуваўся шчаслівым, забылася. Хутчэй за ўсё таму, што маім малым сябрам хораша і светла на белым свеце.



КОТ У ГРУБЦЫ. ДЗІК САНІТАР

Наш сабака сябраваў з катом, насуперак казкам і байкам аб даўняй і трывалай варожасці паміж іхнімі дзядамі-прадзедамі. Як гаворыць народнае паданне, справа зайшла вось за што.


Калісьці ў злагадзе жылі

Сабака й кот з мышамі,

Сяброўства мелі і былі

Знаёмыя дамамі.


Рабілі справы талакой,

Бывала скварка ў кашы...

Кот жыў пад самаю страхой,

Сабака — ў бельэтажы.


А мыш жыла яшчэ ніжэй,

Займала сутарэнне,

Такі ўжо звычай у мышэй —

Пужлівыя стварэнні.


Сабака добры меў кажух,

А кот — бекеш цудоўны,

А мыш — здабыты праз мяжу

Кабат з ангорскай воўны.


Жылі падспеўваючы ўсе,

Ды нейк, зірнуўшы ў чарку,

Стаў піць сабака пакрысе

I зводзіць гаспадарку.


Ён да такой бяды дайшоў,

Што ўсе паспродваў транты

I двух заможных парсюкоў

Пусціў у кватаранты.


А сам з сям'ёю дзень пры дні

Наняўся пасвіць статак,

I хоць было ў яго брахні,

А забягаў і ў хату.


Той пёс здаўна ўжо быў вядома

Між усяго жывого:

Ён ганаровы меў дыплом

Бадай ці не ад бога.


Там ад часоў, як створан свет,

Быў спіс радні сабачай:

І кум, і сват, і бацька, й дзед

І хто з іх чым адзначан.


Які хто меў ад роду хвост —

Ці доўгі, ці куртаты,

Як на бягу і як на поўсць —

Ці гладкі, ці калматы.


I так выходзіла, што пёс,

Нібы праўдзівы шляхціц.

Але што зробіш — кепскі лёс! —

Авечкі трэба пасвіць.


Вядома, клопату стае,

Паганыя умовы...

Паперы пёс аддаў свае

Кату на перахову.


— Каб часам дзе не загубіў,

Няхай ляжаць у хаце...

Ну, кот прыняў і палажыў

Пад бэльку на палацях.


Тым часам — восені канец,

У хлеў пастаўлен статак,

Пёс атрымаў капу яец

I сала дужавата.


Мукі асьміну — на бліны,

Ячменю мех — на піва.

Мяркуе Лыска:

— Да вясны

Я пражыву шчасліва.
3 лапцей я вылезу ізноў,

Сукенку спраўлю сучцы,

Куплю валёнкі для сыноў

I дзеўкам па анучцы.


Ідзе дадому, а ў двары

Душа зайшлася ў звадцы:

3 яго кватэры жыхары

Не хочуць выбірацца.


Замкнулі ўсё, глядзяць з акон

І рохкаюць паскудна:

— Ідзі ты прэч, пайшоў ты вон

Адсюль, пастух прыблудны.


Паскроб патыліцу бядак:

— Калі такія справы,

Тады я здолею інакш

Сваё давесці права.


Яшчэ мой прадзед гэты дом

Узняў з адной сякерай,

Аб гэтым сведчыць мой дыплом

I прывілеяў шэраг.


Давай, каток, паперы,

Адразу ўсё праверым.


Хапіўся кот, палез пад столь,

А там — адны атрускі,

Драбочкі белыя, як соль,

3 мышынай перакускі.


Парвалі кацяняты,

Паелі мышаняты.


Схапіўся пёс за галаву,

Ад гора ледзь не плача:

— Як я з малымі пражыву,

Ты вінават, лайдача!


Ды за ката, а кот за мыш,

Пайшла такая бойка —

Дзівіся збоку, а не дыш,

Калі не хочаш войкаць.


Сабраўся ўвесь сабачы род,

Усе каты прыбеглі —

Настаўлен хвост, разяўлен рот,

Уструшня, як у пекле.


Аж змогся Лыска, грызся так,

А ў дом не мог вярнуцца,

Цяпер жыве ён, небарак,

На панадворку ў будцы.


Упала шмат на землю рос

Ад той сабачай страты,

Але ў народзе кажуць скрозь:

“Была у сабауі хата”.

Адтуль пачаткі ўсіх нязгод

Між кошкай і сабакам.

Абы сышліся — з году ў год,—

Хто-небудзь мусіць плакаць.


Сабака брэша і злуе,

А кот б'е лапай і плюе.


А калі злосць пачне цішэць

I знойдзе межы сквапнасць,

Аблавы робяць на мышэй

Яны надзвычай трапна:


Кот у кутку чакае —

Паперы спаганяе.


Сабака верне ржышча,

Мо там паперы сышча.


Вось каб памірыліся —

Мышы б не пладзіліся.


А ў нашым доме царавала самае сапраўднае сяброўства. Яно завязалася даўно: Дзік яшчэ ні разу не ліняў, а кот ледзь-ледзь адскочыў ад падлогі, мёрз без матчынага догляду і, шукаючы жывога цяпла, умошчваўся на сон каля сабакавага жывата. Дзік пагадзіўся: так было цяплей і яму самому.

Дом наш, так-сяк скіданы на жывую нітку нядбалымі рукамі няўмекаў, быў страшэнна халодны. Пліту палілі ўдзень, а грубку — рана і ўвечары. Зіма яшчэ не канчалася, а ў нас вылецела ў комін дваццаць восем кубаметраў бярозавых дроў — цэлы гай! — і два грузавікі торфу.

Усё роўна пасля таго, як зачынялі юшку, прыстойная цеплыня трывала ўсяго некалькі гадзін. Пакуль печ не астыла, туды закладалі абярэмак дроў: угрэюцца, крыху насохнуць, лягчэй будзе іх распальваць.

Аднойчы наша кацяня, шукаючы ўтулку, улезла ў грубку, за дровы, і соладка заснула.

— А ў нас зноў лядоўня! — Гаспадыня вярнулася з магазіна і пахукала ў азяблыя рукі.— Трэба брацца за печ.

Аблупіла з палена стужку бяросты, нашчапала смольных лучынак. Распалка ўзялася гарэц адразу ж, пакрысе агонь перапоўз на таўсцейшыя палянякі.

Дзік з відавочным задавальненнем наглядаў за працэдурай распальвання, ён любіў ляжаць каля адчыненых дзверцаў печы і зараз чакаў, калі ж яго пачне прыбываць, таго жаданага цяпла. Праўда, цяпер трывожыўся: раз-поразу настаўляў то адно, то другое вуха — з-за дроў чуўся нейкі незразумелы шолах.

Раптам у печы нешта вякнула, загурчала, заплявалася, і з сярэдзіны, праціскаючыся паміж паленняў, выкацілася кацяня: на ім стала займацца поўсць.

Дзік скочыў, падгроб пад сябе катка і пакачаўся з ім па падлозе. Ката ахаялі, памазалі нос і апечаныя лапы вазелінам і забінтавалі.

— Ну і ну! — Гаспадар пачухаў Дзіка за вухам.— Давядзецца аддаваць цябе на курсы ратавання ахвяр агню.

Дзіка перш хвалілі ўсе хатнія, потым далучыліся і сябры, што завіталі на агеньчык і амаль сталі сведкамі той удала адхіленай кацінай бяды. Сабака шчодра ўзнагароджваўся самымі высокімі словамі падзякі.

Крытык Уладзя, чалавек чуллівы, нават крыху сентыментальны, скарміў на Дзіка каўбасу, якую нёс дадому,— там чакаліся госці.

— За спрыт і вынаходлівасць,— казаў крытык,— не лішне было б адшкадаваць яму які-небудзь сабачы медаль.

Дзік спаважна павільваў хвастом, быццам разумеў, пра што ідзе гаворка, а разумеў ён з чалавечых слоў, як высветліцца пазней, значна больш, чым можна было ўявіць.

Перабінтаванага ката паклалі на канапу, ачуньвай сабе ў выгодзе! I тут зусім нечакана падаспела «хуткая дапамога». Сабака ўзлез на канапу, паздзіраў з катовых лап бінты і ахайна злізаў языком вазелін. Гаспадыня была памкнулася адганяць, але крытык Уладзя запэўніў:

— Дзейнічае паводле ўсіх правіл сабачай медыцыны. Пайду яшчэ па каўбасу.

— I варта,— падтрымаў я.— Яго сваякі залізвалі раны толькі сабе, а гэты і сябру даў рады...

— Відаць, у сабачай сліне нешта гаючае ёсць,— здагадаўся крытык.

Ад таго дня, калі пасля ранішняй прамінкі сабаку ўпускалі ў дом, хто-небудзь абавязкова папярэджваў:

— Хама, рыхтуйся на медагляд.

Сабака абабягаў прысутных, усяляк выказваў знакі прыхільнасці, стараючыся, калі ўдасца, і пацалавацца. Потым пераходзіў да ката і, прытрымліваючы яго лапаю, каб не ўцёк, вылізваў таму мызачку.

Кацяня цярпела да часу. Апечаныя мясціны перасталі аказвацца болем, і пацыент не толькі не прымаў сабачага лекавання, а нават — няўдзячны! — лупіў добраахвотнага доктара лапай поўху.

Дзік не помніў крыўды і пасля чарговай прагулкі зноў браўся за лекавыя працэдуры.

«Аперацыя Медагляд» у далейшым абыходзілася без сутычак, аж пакуль не была перанесена на іншы аб'ект.

Гаспадыня абварыла руку каля пліты. Боль утаймоўвалі як умелі: прыкладалі распараны чай, таркаваную бульбу, перачакаўшы, мазалі жыжкай, выпаранай з крутых яечных жаўткоў і прысыпалі жоўтым пылам са спелых балотных кіяхоў. Ну, і, вядома ж, лёгка забінтавалі.

Дзік не адыходзіўся ад Гаспадыні, заглядаў ёй у вочы, не ўмеючы іначай выказаць свайго спачування. А ўбінтавання не вытрымаў, садраў абвязкі, як некалі ў катка, і пачаў лізаць абвараную руку.

— Ну, гэта ўжо залішне...


  • Няхай,— расчулілася Гаспадыня.— Мне як быццам лягчэй.

Лягчэй-то лягчэй, але ад чаго? Ад усіх раней ужытых сродкаў ці ад сабачага клопату? Ніхто не высвятляў, абы рука гаілася.

  1   2   3   4   5   6


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка