Літаратурныя старонкі Саша тэмлейн па Той Бок Шафы




Дата канвертавання12.05.2016
Памер35.11 Kb.
Літаратурныя старонкі

Саша ТЭМЛЕЙН

Па Той Бок Шафы

— А як я змагу вярнуцца? Ты ж сказала: дзверы зачыніліся.

— Дзвярэй шмат, — сказала дзяўчынка. — Яшчэ можна па запрашэнні прыйсці, але гэта нам не падыходзіць. Хто нас у тваю кватэру запросіць, не бандыты ж, — яна захіхікала і тут жа асеклася.

Паднялася і страсянула свой сарафанчык.

Час так хутка ідзе, — заклапочана сказала яна. — Як бы да наступнага года не заспаць.

— Пачакай, — здзівіўся Дзіма. — Адкуль жа ты ведаеш столькі пра мяне?

Дзяўчынка ўздыхнула, калупнула пальцам шпалерыну.

— Падабаешся ты мне, — нарэшце, гледзячы кудысьці ў бок, прагаварыла яна. — Даўно за табой сачу. З шафы сачу, рыплю падлогаю па начах. Рыпатуны — жудасцікі такія ёсць, я ў іх навучылася. Але гэта не істотна, дарагі мой сэр.

Яна адвяла вочы.

— Ты вырасцеш, і станеш… ну там, хірургам ці важным бухгалтарам, а я… Я так і буду рыпець падлогаю па начах. Я выдатна ўмею станавіцца празрыстай, пужаць і вандраваць ў снах, але ў свеце Па Той Бок Шафы гэта зусім нікому не патрэбна.

Яна змоўкла на імгненне, потым трасянула чубком.

— Усё, пайшлі. Няма чаго тут рассюсюкваць.

Выхад быў за дзверцамі халадзільніка, а халадзільнік — умураваны ў сцяну, і, каб выявіць яго, прыйшлося аддзерці яшчэ адну шпалерыну.

Гэтым разам яны апынуліся ў вузкім доўгім калідоры, з абодвух бакоў ад падлогі да столі застаўленым розных памераў скрыначкамі. Пад нагамі скрэбліся адарваныя лялечныя рукі і ногі, шмыгалі, папіскваючы, завадныя цацачныя мышы.

А потым скрыні змяніліся шматлікімі люстранымі дзверцамі… і дзеці адбіваліся ў іх неяк дзіўна: то тоўстымі, то тонкімі, а то нейкімі скрыўленымі.

Пару разоў ім давялося праціскацца ў вельмі вузкія хады. Відаць, масла у гарбаце падзейнічала, хоць і незразумела, якім чынам.

Дзімка ішоў моўчкі. І думаў…

Увесь час, пакуль яны ішлі, ён думаў пра дзяўчынку з шафы.

Такіх дзяўчынак Дзімка яшчэ ніколі не сустракаў. Напэўна, яны жывуць толькі ў Зашаф’і.

Яны ішлі і расстанне падкрадвалася няўмольна, нібыта самы злавесны з начных кашмараў.

Гаварыць не было пра што.

Цяпер яны ішлі паўз даўжэзныя сцены шафы, якая незразумела калі пачалася і ніяк не жадала канчацца, ішлі, з цяжкасцю прабіраючыся паміж адзеннем. Нарэшце, Аліна лёгенька штурхнула пальцамі дзверцы.

— Давай, — ціхенька сказала яна. — Выходзь! Гэта кватэра цёткі Светы, суседкі вашай. Выберашся з шафы, разбудзіш яе, скажаш, што балконам перабраўся, а ў вас у кватэры нейкія падазроныя людзі. Ну і, — шморгнула яна носам, — не забывай!

— Я... — збянтэжана сказаў Дзімка. — Я, гэта ...

— Ой, ды ідзі ты ўжо! — шапнула дзяўчынка і штурхнула Дзімку ў спіну.

Перад тым, як дзверы шафы канчаткова зачыніліся, хлопчыку памроілася нейкае падазронае ўсхліпванне там, знутры. Ён ірвануў назад, рыўком расчыніў дзверцы шафы, але там былі толькі шоўк ды кашмір. Яшчэ на нешта спадзяваючыся, Дзімка тыцнуў рукой… і пальцы адразу ж намацалі процілеглую сцяну шафы.

Зноў зачыніўшы дзверцы, Дзімка апусціўся на падлогу і ў роспачы заплюшчыў вочы.

— Хто там? — данеслася з боку спальні. — Гэта ты, Васька, шуміш, ці што?! Ну, кацяра, дабяруся я... Эээ, Дзімка?! Адкуль ты тут узяўся?!


***

Прайшоў тыдзень.

Міліцыя, нарэшце, пакінула іх у спакоі. І бацькі перасталі кожную ноч будзіць яго, каб удакладніць, ці добра ён спіць. Дзімка запэўніў іх, што добра, проста цудоўна, і ніякія кашмары яму не сняцца. Але тут ён трошачкі схітраваў. Бо ўсё ж адзін кашмар яму сніўся ўвесь час…

Два монстры і дзяўчынка, у якой быў бледны твар з рабаціннем і занадта халодныя пальцы. І вельмі сумныя вочы, якія з дакорам глядзелі на Дзімку…

Вось і сёння ноччу гэтая дзяўчынка яму прыснілася.

І зноў пабудзіла…

Падкраўшыся да дзвярэй, Дзімка перш-наперш пераканаўся, што бацькі моцна спяць. Потым вярнуўся да ложка, сеў на яго краёчак і, аблізаўшы губы, прашаптаў:

— Я запрашаю цябе! Запрашаю рыпаць падлогаю па начах.

І нічога не зарыпела, нічога, наогул, не змянілася ў пакоі. Толькі гадзіннік на сцяне працягваў гучна адлічваць хвіліну за хвілінай.

— Я запрашаю цябе! — зноўу прашаптаў Дзімка. — Чуеш, я цябе запрашаю!

Потым ён уздыхнуў і закрыў твар рукамі. На што, ну на што мог ён спадзявацца, на самай справе, га? А можа… можа ўсё гэта яму і сапраўды прыснілася? Толькі прыснілася і нічога больш…

Дзімка ведаў, што хлопчыкі не плачуць, што гэта сорам — плакаць, калі ты хлопчык, а не дзяўчынка! Але слёзы самі па сабе выцякалі з вачэй, і хутка пальцы ягоныя зрабіліся зусім мокрымі…



І ў гэты момант нешта халоднае, амаль ледзяное, накрыла абедзве ягоныя далоні.

— Ну-ну, ужо і разнюніўся! — пачуўся над самым вухам Дзімкі такі знаёмы задзірлівы голас. — Якая ж ты ўсё ж плакса-вакса!


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка