Літаратурная вечарына, прысвечаная 115-годдзю з дня нараджэння




Дата канвертавання15.03.2016
Памер74.77 Kb.
Літаратурная вечарына, прысвечаная 115-годдзю з дня нараджэння

Незабыўны

Максім Багдановіч

Афармленне сцэны.

Партрэт Максіма Багдановіча, упрыгожаны рушнікамі. Букеты кветак, свечкі. Дзяўчаты ў нацыянальных строях выходзяць па адной на сцэну і паступова запальваюць усе свечкі.

1-шы чытальнік.

Пакутай спадкаемнаю

Запальваю свячу.

Малітву патаемную

У прыцемках шапчу.

Ёсць сіла ўратавальная

У мігценні слоў жывых.

I свеціцца астральная

Сляза святая ў іх.

Маркотны дзень адтуліцца,

Сумненняў цень міне.

I верыцца, і суміцца,

I легка, легка мне.

Верш М.Ю.Лермантава ў перакладзе Зніча. Гучыць песня на верш М.Багдановіча «Пагоня».

Толькі ў сэрцы трывожным пачую

За краіну радзімую жах, –

Успомню Вострую Браму святую

I ваякаў на грозных канях.

Ў белай пене праносяцца коні, –

Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць...

Старадаўняй Літоўскай Пагоні

Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.

У бязмерную даль вы ляціце,

А за вамі, прад вамі – гады.

Вы за кім у пагоню спяшыце?

Дзе шляхі вашы йдуць і куды?

Мо яны, Беларусь, панясліся

За тваімі дзяцьмі ўздагон,

Што забылі цябе, адракліся,

Прадалі і аддалі ў палон?

Біце ў сэрцы іх – біце мячамі,

Не давайце чужынцамі быць!

Хай пачуюць, як сэрца начамі

Аб радзімай старонцы баліць...

Маці родная, Маці - Краіна!

Не усцішыцца гэтакі боль...

Ты прабач. Ты прымі свайго сына,

За Цябе яму ўмерці дазволь!..

Ўсё лятуць і лятуць тыя коні,

Срэбнай збруяй далека грымяць...

Старадаўняй Літоўскай Пагоні

Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.

Вядоўца.

Прагучалі прарочыя словы бессмяротнага і вечна маладога Максіма Багдановіча, якія ён на пачатку XX ст. прысвяціў нацыянальнай святыні – старажытнаму гербу Пагоня.

Асабліва значна яны гучаць сёння, калі мы святкуем 115-гадовы юбілей слаўнага песняра беларускага народа.

Дарагія сябры, дазвольце мне свя­точны вечар-успамін, прысвечаны 115-гадоваму юбілею Максіма Багда­новіча, лічыць адкрытым.



2-гі чытальнік.

«Максім Багдановіч...

Кароткі быў яго жыццёвы век. Ён вымяраецца дваццаццю пяццю гадамі. Многія літаратары ў такім ўзросце толькі пачынаюць тварыць. Ён жа – закончыў. I можа, таму, што прадчуваў блізкую развязку, спяшаўся, працаваў не шкадуючы сябе: абы паспець сказаць тое, што хвалявала яго сэрца і што не магло не выліцца ў творы.

Давядзецца яму пераадольваць і такую спадчынную хваробу, як туберкулёз. Хвароба, якая на нейкі час прытухала, але ніколі не пакідала яго і давала адчуваць сябе.

Якую ж трэба было мець тытанічную сілу волі і мужнасць, каб, будучы хворым, адважыцца на літаратурны подзвіг, бо тое, што ён рабіў, інакш і не назавеш.

3-ці чытальнік.

Упарта і няспынна высякаў ён са сваіх слабых грудзей гарачы агонь пачуццяў. «Не трэба ісці ў чужыя людзі, шукаючы глыбокіх і трывожных дум, чулага і хвалюючага пачуцця. Душу радуючай красы. Не трэба, бо і ў саміх ёсць. Мала таго, самі яны могуць да нас звярнуцца, бо іншы раз таго, што маем мы, не знойдзецца ў іх», – з гонарам за свой народ пісаў М.Багдановіч.

Сёння мы ўжо не баімся даваць яму найвышэйшую адзнаку, не баімся ставіць яго імя побач з імёнамі выдатных еўрапейскіх пісьменнікаў. Створанае ім выпрабавана часам і не толькі не паблякла, а, наадварот, яшчэ ярчэй зазіхацела, здзіўляючы сваім хараством увесь свет.

Прырода надзяліла М.Багдановіча шматгранным талентам, дазволіла паспяхова праявіцца як паэту і празаі-ку, перакладчыку і крытыку, публіцысту і гісторыку. Яго поўнае неаслабнага гарэння жыццё было узорам высока-га служэння роднай літаратуры, роднаму народу».



А.Бачыла «Дарогамі М. Багдановіча». Песня «Зорка Максіма» ў выкананні Эдуарда Акуліна.

2-гі чытальнік.

Максім Багдановіч падаў свой паэтычны голас у ня-лёгкі час. Калі беларускі народ быў так моцна і бязлітасна прыгнечаны, што, здавалася, ужо немагчыма абудзіць яго душу і ўратаваць мову...

Ён жа пачуў і зразумеў, што ўратаваць душу народа ад згубы пад сілу толькі слову, толькі песні...

4-ты чытальнік пад акампанемент чытае ўрывак з «Апокрыфа».

«...Пад песні кладуць чалавека ў калыску і са спевамі ж апушчаюць у магілу яго.

Шматдзённымі клопатамі поўніцца жыццё людское.

Але калі зварухнецца душа чалавека, - толькі песня здолее спатоліць яе. Шануйце ж песні свае.

Так вучыў Хрыстос. Але Петра, пачуўшы словы яго, сказаў: Вучыцелю, у гэтай краіне ёсць людзі, каторым няма чаго есці. Ці ж не сціснецца ад сораму сэрца таго чалавека, каторы, шукаючы скарынкі хлеба, прыйдзе з песняй да іх?.

У адпаведнасці яму сказаў Хрыстос: так, жыццё гэтых людзей цяжкое, беднае і прыгнечанае. Чаму ж ты хочаш яшчэ пазбавіць іх красы: Мала дадзена ім – няўжо ж трэба, каб было яшчэ менш?

I, абярнуўшы аблічча свае да музыкі, паспытаў: калі пяюць песні ў вас?

Музыка адказаў: пяюць на Каляды, на Запускі, на Вялікдзень, на Троіцу, на Яна Купалу, у Пятроўку, на зажынках і дажынках.

Пяюць на радзінах і хрэсьбінах, пяюць дзіцё калыхаючы, і самі дзеці пяюць гуляючы; пяюць на ігрышчах і вяселлях, і на хаўтурах, і ў бяседзе, і пры працы, і на вайну ідучы, і ў ва ўсякай іншай прыгодзе. Увесь круглы год пяюць.

I мовіў Хрыстос Пятру: ты, шкадуючы галодных люд­зей, асудзіў песню, але самі галодныя не асудзілі яе. Жывая яшчэ душа ў народзе гэтым.

I босыя ногі Хрыста пакідалі на цёплым, мяккім пылу дарогі сляды.

Але гора вам, людзі, бо даўно ўжо затапталі вы іх.

Амін».


Вядоўца.

Багдановіч – надзвычай тонкі лірык. Яго паэзія бага-тая шчырымі і хвалюючымі пачуццямі. Пра што б ні пісаў Максім: пра лес Радзімы і народа, пра родную прыроду, пра каханне, - творы яго гучаць свежа, хвалююча, над­звычай прыгожа. Паслухайце іх.



Гучыць раманс «Зорка Венера» (музыка С.Рак-Міхайлоўскага).

М.Багдановіч. Верш «Краю мой Родны! Як выкляты богам...»

Песня «Маладыя гады» (музыка Ю.Багатырова, А.Саўчанкі)

Літмантаж

1.
Халоднай ноччу я ў шырокім, цёмным полі

Каля агнішча лёг і сціхнуў у паўсне.

Агонь усё слабеў... у рэшце знік паволі...

I ўраз зрабілася весела неяк мне!..

Хай, шэры попел, ты агнішча ўсё сабою

Ў нядоўгі час здалеў, як рызаю, пакрыць, –

Я ведаю, што там агонь дрыжыць пад ёю,

Я ведаю, што там чырвоны жар гарыць...

Хай чарада гадзін панурых, нудных, шэрых,

Як попел, на душу мне клалася ўвесь час,

Хаваючы сабой агонь гарачы веры, –

Хай не відаць яго... а ўсё ж ткі ён не згас!
2.
Даўно ўжо целам я хварэю,

I хвор душой, -

I толькі на цябе надзея,

Край родны мой!

У родным краю ёсць крыніца

Жывой вады.

Там толькі я змагу пазбыцца

Сваей нуды.

Калі ж у ім умру-загіну, -

Не жалюсь я!

Не будзеш цяжкая ты сыну

Свайму, зямля.

Там хоць у гліне, хоць у брудзе,

Там, пад зямлёй,

Найдуць мае слабыя грудзі

Сабе спакой.

3.

Свяча бліскучая зіяе,



Каб расступілася імгла;

Ў яе агні - краса жывая,

Яна прыгожа і святла.

Ўблізі матыль дрыжыць ад болю,

Прываблены з імглы агнём.

Ён рынуўся туды без волі

I смерць сваю спаткаў у ём.

Свяча гарыць... З яе ліецца

За кропляй кропля, як раса,

А матылёк ужо не б'ецца:

Табе ахвяра ён, краса!

4.

Мы гаворым удвух пры агні ў цішыне.



Рупна фарбай пісанку малюеш ты мне.

Як маркотны твае маладыя гады!

Ты не знаеш сама, сколькі мела нуды.

Што яна парабіла, ліхая, з табой,

Што зрабіла з душою тваёй маладой.

Бач, які ў пісанкі пануры калёр, –

I пануры калёр, і няяркі вузор.

Ці то мнішка старая зрабіла яе?

Пашкадуй ты гады маладыя свае.

Маладое жыццё праляціць, прабяжыць, –

Не забудзься вясёлых калёраў зажыць.

5.

Кінь вечны плач свой аб старонцы!



Няўжо жа цёмнай ноччу ты

Не бачыш, што глядзіцца сонца

Ў люстэрка – месяц залаты?

Не згасла сонца! Сонца гляне,

Усіх падыме ада сна.

Ён, гэты дзень, яшчэ настане, –

I «ачуняе старана»!

Я пад яе зімовай маскай –

Пад снегам – бачу твар вясны,

I вее верш мой дзіўнай казкай,

I ясны ён, як зорак сны.

Вядоўца.

На гэтай аптымістычнай ноце мы закончым вечар-ус-памін, прысвечаны дню нараджэння М.Багдановіча. Гучалі вершы М.Багдановіча, урывак з яго «Апокрыфа», урыўкі з кнігі Алеся Бачылы «Дарогамі Максіма Багдановіча».



Дзякуем за ўвагу!

В. Герасімовіч, Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж будаўнікоў
Бібліятэка прапануе 5. 2006


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка