Літаратурнае эсэ “Дзеці за калючым дротам”




Дата канвертавання30.03.2016
Памер53.3 Kb.


Дзяржаўная установа адукацыі

“Глыбачанская дзіцячы сад-сярэдняя школа

імя Б.І.Юркіна Ушацкага раёна”

Літаратурнае эсэ

Дзеці за калючым дротам”

Аўтар: Лях Аляксандра Аляксандраўна , 13 год

Кіраўнік: Чумакова Тамара Пятроўна,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры

Ну вось, скажыце, пакаленне,

Хай пройдзе два гады і сто,

Вам трэба на ўсё забыцца,

Нашто вам памятаць бяду?

В. Буланда “Забыццё”


Надыходзіць вясна. Пакрысе з’яўляюцца яе першые вестуны: ледзяшы, якія “плачуць” пад промнямі сонейка, лёгкі ветрык, які нясе нейкі незычайны вясновы пах, гракі на дрэвах, вясновыя святы… Хутка прыйдзе і самае вялікае свята Вясны – Дзень Перамогі над фашысцкімі захопнікамі. Амаль 68 гадоў вызвалення Беларусі. 68 гадоў над намі блакітнае, мірнае неба. Нашы прадзеды змагаліся за тое, каб мы былі шчаслівыя.

Пра вайну мы ведаем з мастацкай літаратуры, тэлеперадач, успамінаў ветэранаў. Разумею, што спрадвеку самым жахлівым на зямлі была вайна. Вясною ці ўвосень, зімою ці ўлетку, доўгая ці кароткая, яна заўсёды складалася з агню, разбурэння і смерці. Яна ніколі і нічога добрага чалавеку не стварала. Так, у час Вялікай Айчыннай вайны на Беларусі 4885 вёсак разбурана і спалена гітлераўцамі, 627 знішчана паўнасцю з ўсімі жыхарамі, 222 з іх – у Віцебскай вобласці.

Мая бабуля ў гады вайны была дзяўчынкай, такой як я цяпер. Яна часта расказвае мне аб сваім жыцці ў тыя гады, аб тым, як многія ў вёсцы дапамагалі партызанам. І я ўсё часцей, слухаючы яе, гледзячы тэлеперадачы, задумваюся, што чым далей адыходзіць той час, тым больш з’яўляецца людзей, якім усё роўна, што адбывалася тады. Час пачынае нараджаць бессардэчную пачвару – Забыццё. А мне так не хочацца, каб гэта здарылася. Я думаю пра такіх, як і мы, дзяцей, якія жылі ў той час. Бабуля кажа, што дзеці вайны рана станавіліся дарослымі, ім шмат прыйшлося перажыць, яны адчулі яе жахі, як кажуць у народзе, напаўніцу.

Асабліва мяне ўразілі ўспаміны былога агранома саўгаса “Глыбачаны” Аксяновіча Яўгена Васільевіча. На яго долю ў час вайны выпалі горкія выпрабаванні. У час блакады ён разлучыўся з маці і сёстрамі, трапіў да немцаў. Яны гналі людзей ва Ушачы. Сярод зняволеных былі людзі розных узростаў – ад немаўлят да сівых дзядоў і бабуль. “Балюча было глядзець, - ўспамінае Яўген Васільевіч, - як маленькія, двух-трохгадовыя дзеткі, трымаючыся за рукі матак, чапляючыся за іх спадніцы, знемагаючы ад спякоты і стомленасці, дыбалі маленькімі ножкамі па разбітай каляінамі дарозе. Але яны не плакалі. Яны проста крочылі разам з мамамі”.

Усё гэта адбывалася, быццам у кашмарным, жахлівым сне… Ужо на змярканні іх прыгналі ва Ушачы і размясцілі ў вялікім цагляным напаўразбураным будынку. Людзей, як жывёлу, загналі туды. Было дужа цесна. На другі дзень, позна ўвечары, прыйшлі ў Лепель. Людзей загналі ў нейкія доўгія пабудовы без вокан. Жэня, як падкошаны, паваліўся на падлогу, сіл у яго больш не было: перажытае, стомленасць, голад канчаткова знясілілі. Каб яшчэ трэба было ісці, ён ужо не змог бы. Раніцай выдалі па дзвесце грамаў хлеба і літровую бляшанку супу з вады і ячных круп, якія можна было злічыць паштучна. Гэта быў сутачны рацыён. Пражыўшы на такіх харчах тыдзень, Жэня ўжо ледзьве хадзіў. Праз два тыдні іх пагрузілі ў аўтамашыны і павезлі на станцыю Бярэзіна, дзе пасадзілі ў вагоны і прывезлі ў Мінск. Там на ўскрайку горада быў пабудаваны лагер для зняволеных. Лагер быў вялікі, вязні падзяляліся на некалькі ўзростаў, і іх бясконца сартавалі: старэйшых адпраўлялі ў другі лагер, казалі, што ў Трасцянец, а маладзейшых – у Германію. Нарэшце прыйшла чарга адпраўкі і для Жэні. У сярэдзіне чэрвеня іх пагрузілі ў вагоны і прывезлі ва Усходнюю Прусію – горад Гогенштайн. Затым перавезлі ў Германію, горад Штаргад. Там пратрымалі не больш месяца і перавезлі ў концлагер “Іоганніс-Бамберг”, побач з горад Болхен. Гэта паблізу граніцы з Францыяй.

Уся тэрыторыя лагера была падзелена на нацыянальныя зоны з калючага дроту. За кожную правіннасць каралі (пакідалі без абеду: супу з бручкі без хлеба). З-за хранічнага недаядання Жэня стаў слабець. Аднойчы ён не падняўся на вячэрні чай. І санітары завезлі на тачцы разам з іншымі на лагерныя могілкі і выкінулі ў траншэю. Траншэі для мерцвякоў капаліся экскаватарам. Туды на працягу дня і першай паловы ночы звазілі мёртвых.

У гэту хвіліну мне падалося, што мы ведаем, якое шчасце жыць, марыць, але не ведаем, што чалавечае жыццё можа абарвацца імгненна. Успамніліся радкі верша Ніла Гілевіча “А раніцы ўжо не было”:

Уначы, калі гуртам мы плакалі ціха за дротам, -

Засвяцілі пражэктары раптам, наўсцяж адчынілі вароты

І спусцілі на нас зграю страшных аўчарак вялізных:

Мы не зналі, што іх доўгі час не кармілі наўмысна…

Пакрамсаны, паклычаны ікламі, ледзьве жывы,

Я ляжаў і стагнаў на дарозе, пакуль не дабіў вартавы…

Але Жэню суджана было жыць. Уначы ён апрытомніў. Стаяла першая палова кастрычніка. Ночы былі халодныя. Магчыма гэта і дапамагло яму прачнуцца. Вось як гаворыць пра гэта Яўген Васільевіч: “Спачатку я не разумеў, дзе я, рукі мае былі свабоднымі, а на нагах ляжаў чалавек. Я абмацаў яго: халодны – значыць, мярцвяк. Здагадаўся, што я ў траншэі. Паціху вызваліў ногі і папоўз, не ведаючы куды. Праз некаторы час натрапіў на калючы дрот. Падпоўз пад ім і ўбачыў далей сілуэт пабудовы. З апошніх сіл дапоўз да ганка барака, пагрукаў. Выйшаў чалавек, схіліўся нада мной і сказаў: “Добрэ дошлі”. Ён ўзяў мяне на рукі, як ляльку, занёс у барак і паклаў на нары. Тут я зноў страціў прытомнасць”.

Так Жэня трапіў у югаслаўскую зону. Сярод палонных сербаў быў урач, які на другі дзень прывёў яго ў прытомнасць, а сербы паступова адпаілі гаючымі сокамі.

Праз некаторы час грымнула вестка: фашысты з лагера збеглі, а нас вызвалілі войскі 3-яй амерыканскай арміі. Было гэта 26 кастрычніка 1944 года. Пачалася агульная радасць, а затым даўгая дарога на Радзіму. У маі 1945 года Жэню разам з іншымі прывезлі ў горад Ле Ман. Затым іх пасадзілі ў вагоны і павезлі на поўдзень да Міжземнага мора пад Марсель, адкуль на караблі прыехалі ў Адэсу. Затым ён трапіў у 79-ы запасны стралковы полк, дзе прайшоў праверку асобага аддзела. Быў прызнаны невіноўным і прызваны на вайсковую службу. Служыў у Персіі ў 27-м Асобным Аэрадромна-будаўнічым палку. Дэмабілізаваўся і вярнуўся дадому ў лістападзе 1953 года.

А цяпер скажыце, вы хацелі б, каб вайна адыходзіла ад нас усё далей? Каб мы забыліся пра яе? Так, салдаты ваявалі за тое, каб вайна адышла ў нябыт. Так, тыя, хто быў дзецьмі і перажылі ўсе жахі і жорсткасці вайны, не жадаюць сваім унукам такога нават у сне. Але я думаю, што яны ўсё ж хочуць, каб пра іх помнілі. Помнілі мы, 12-цігадовыя-14-цігадовыя, якія нарадзіліся на мірнай зямлі і не чулі выбухаў снарадаў, бо вайна – гэта наша агульная памяць. Хочацца ўспомніць словы з верша “Магілы” Пімена Панчанкі:

Можа рознае быць…

І які б ні ўз’юшыўся вецер,

Мы Радзіму сваю

Адстаім, не шкадуючы сіл.

Аднаго толькі страшна,

Каб заўтра, пасля нашай смерці,

Раўнадушнае племя

Не жыло каля нашых магіл.

Але мне здаецца, што і аб’ўялены конкурс, і маё разважанне – гэта сведчанне таго, што ў Беларусі ніколі не знікне памяць пра палеглых на палях вайны салдат, пра трагічны лёс моладзі і дзяцей у той жудасны час.

Любая вайна нясе страты, нішчыць маладосць і каханне, красу жыцця, чалавечае шчасце. Таму няхай часцей слаўная Памяць прадаўжае гаварыць з намі, з нашымі душамі і сэрцамі, каб не сталі мы чэрствымі!






База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка