Літаратурна-музычная кампазіцыя “Жыві, роднае слова”




Дата канвертавання12.05.2016
Памер74.01 Kb.
Літаратурна-музычная кампазіцыя “Жыві, роднае слова”

(да Міжнароднага дня роднай мовы)
1 вяд. Добры дзень, паважаныя сябры. Мы вітаем усіх прыхільнікаў роднага беларускага слова.

2 вяд. Слова любіць, каб яго гаварылі,

Слова любіць, каб яго шанавалі,

Слова любіць, каб з ім раіліся…


1 вяд. 21 лютага – дзень роднай мовы, таму сёння наша свята ў гонар слова, слова – стагоддзямі таму выпакутаванага і занесенага на старонкі мудрых кніг. Свята пісьменнасці і друку таксама ў гонар слова адбываецца ў першую нядзелю верасня.

2 вяд. На зямлі вельмі многа розных моў. Іх налічваюць спецыялісты каля дзвюх з паловай тысяч. Кожная з іх мае сваё ўнутранае аблічча і ўнутраную будову. Але толькі ў гучанні роднага слова чуем мы незвычайнае хараство і зладжанасць.

1 вяд. То ласкавае і пяшчотнае, як подых летняга ветру, то шырокае і плаўнае, як далячынь палёў і азёрныя блакіты, то звонкае і пералівістае, як празрыстыя крыніцы і песні птушак.
Гучыць песня “Мой родны кут” на сл. Я.Коласа, муз. І.Лучанка
2 вяд. Пра рознае можа расказаць чалавеку роднае слова. Пра падзеі даўно мінулыя і пра сувязь з сучаснасцю. Першым даў друкаваную кнігу для свайго народа, адваяваўшы яе з-пад улады царквы, наш славуты зямляк з Полацка Францыск Скарына.

1 вяд. Святыя браты Кірыла і Мяфодзій прынеслі ў славянскія краіны азбуку.

2 вяд. Кірыла Тураўскі, па прозвішчу Златавуст, – адзін з самых славутых пісьменнікаў Беларусі.

1 вяд. Сімяон Полацкі – беларускі вучоны і перакладчык, які ўсю сваю літаратурную спадчыну завяшчаў манастырам, у тым ліку і Куцейне пад Оршай.

2 вяд. Ефрасіння Полацкая – асветніца, заступніца Беларусі, заснавальніца школ для дзяўчынак, манастыра, які займаўся перапісваннем кніг, які з тых далёкіх часоў пракладваў ва ўсходнеславянскіх землях шляхі асветніцтва і адукацыі.
1 чытальнік. Марыў калісьці славуты Скарына,

Ціснуўшы кнігі на мове бацькоў,

Простаму люду ў роднай краіне

Зрабіць даступнай ён мудрасць вякоў.

2 чытальнік. Адкрывала школы і вучыла,

Кнігі перапісвала штодня.

Славу здабывала ўсёй Айчыне

Ефрасінні Полацкай імя.


3 чытальнік. Пад нашэпты пушчаў-бораў,

Пад напевы завірухаў

Кірыла Тураўскі піша творы

А ты слухай, шчыра слухай.

Як жылі, як векавалі,

Як пасля былі ў прыгоне

Адаб’е, як у крыштале,

Летапісец наш сягоння.


4 чытальнік. Два браты, іх постаці мільгнулі

І прапалі за смугой стагоддзяў.

Два браты, Кірыла і Мяфодзій,

Праз усю гісторыю праходзяць.

5 чытальнік. Праклалі яны дарогу

Да слова, святла.

За матчыну мову змагацца,

Каб вольнай заўсёды

Між вольных магла

Дзяржаваю Белая Русь называцца.


Гучыць песня “Спадчына” на сл. Я.Купалы, муз. І.Лучанка.
1 вяд. Родная мова – гэта вытокі нашай будучыні, неўміручая спадчына беларускіх песняроў.
2 вяд. Родная мова, цудоўная мова,

Ты нашых задумак уток і аснова,

Матчын дарунак ад самай калыскі,

Ты самацветаў яскравая нізка.

Кожнай драбніцай ты варта пашаны,

Кожнае слова вякамі стварала.


1 вяд. Спещная, крынічная спрадвеку

На крутых настроена вятрах,

Ты сама ў жыцці не проста сведкам,

Ты вякам пакінула свой шлях.


2 вяд. Сціпная, гасцінная, прыветная –

Я цябе запомню вось такой.

Будзь у песнях песняроў апетая

І не стань пакутнаю зямлёй.


1 вяд. Кожнае слова вякамі адбівалася ў фарбах роднай зямлі, у музыцы роднага краю.

Малая Радзіма – Радзімы мой край,

Угледзься і ўсюды пабачыш ты рай.

Ты боль мой, і радасць, і песня мая,

І мне даражэйшай на свеце няма.
Верш “Родная мова” М.Танка чытае Анастасія Заблоцкая

Верш “Словы” Ю.Свіркі чытае Наталля Падрэз

Верш “Словы” С.Грахоўскага чытае Вераніка Парневіч
2 вяд. Родная мова – гэта вершы і спевы, танцы, гэта невычэрпны беларускі фальклор – спрадвечная крыніца духоўнага ўзбагачэння і замацавання нацыянальнай свядомасці.
1 вяд. А зараз мы хацелі б вызначыць, ці добра вы ведаеце родную культуру. Давайце разам з вамі заглянем у нацыянальную скарбонку і адкажам на пытанні віктарыны.


  1. У якім творы герой часта ўжывае такія словы: “Тудэма-сюдэма і вось цо-да” (Я.Купала “Паўлінка”)

  2. Пра якую гістарычную асобу ў жыцці гаворыцца: “Як промень сонечны, які прасвятліў зямлю Полацкую” (Пра Ефрасінню Полацкую”)

  3. У адной з беларускіх казак герой нешта шукае. Да каго ён толькі не звяртаецца: і да гусей, і да барана, і да каня. Што і ў якой казцы шукае герой? (Хлеб у казцы “Лёгкі хлеб”)

  4. На чым высякалі першыя літары? (На камяні)

  5. У якой сям’і нарадзіўся Францыск Скарына? (Сям’і купца)




  1. вяд. А цяпер прадоўжыце беларускія прыказкі:




  1. Лепш крышку зрабіць, чым … багата нагаварыць.

  1. Лепш недагаварыць, чым … перагаварыць.

  2. Хто многа чытае, той … многа ведае.

  3. Ласкавае слова – што … дзень ясны.

  4. Слова не верабей: вылеціць, не зловіш.

  5. Трэба ведаць, калі сказаць, … а калі прамаўчаць.

  6. Што напісана пяром, … тое не вырубіш тапаром.

  7. Як брыдкае слова сказаць, лепш … язык выплюнуць.

  8. Які розум, … такая і гаворка.

  9. Праўда на агні не гарыць і … ў вадзе не тоне.

1 вяд. А зараз мы вам прапануем адгадаць загадкі:




  1. Яе мы сябрам называем,

Яна ж нам тайны адкрывае,

Мы з ёй павінны век дружыць,

Бо вучыць нас на свеце жыць. (Кніга)


  1. Без душы, без цела за сто міль ляцела. (Пісьмо)

  2. Ляжыць паленца, а ў сярэдзіне сэрца. (Аловак)

  3. З гары падае, а ўнізе б’е. (Гром)

  4. На вадзе родзіцца, а вады баіцца. (Лёд)

  5. Без языка, а гаворыць. (Кніга)

  6. Без голасу, а вые, без рук, а абрусы сцеле. (Завіруха)

  7. Крылляў не маю,

А хутка лятаю,

Сам мяне выпусціш,

А потым не зловіш. (Слова)


  1. Пад шклом сяджу, у адзін бок гляджу. (Стрэлкі компаса)

  2. Баран у хляве, яго рогі на дварэ. (Часнок)

2 вяд. Давайце ўспомнім, у якіх абрадах мы ўдзельнічалі, якія спявалі песні, танцавалі танцы. (Абрад калядавання, валачобны абрад, “Вяселле”, “Радзіны”, “Папрадухі”, “Зажынкі”, “Дажынкі”. Спявалі песні “А ў полі пад дубком”, “Праз поля, праз ляс”, “Васількі”, “Суботачка суборная настала”і др, навучыліся танцаваць “Падыспань” і “Кракавяк”.



Народную песню “А ў цёмным леся мядзведзь рыкаіць” вык. дзяўчаты
Легенду пра каханне” чытае Святлана Кірзяёнак

Ёсць каля вёскі Асіннікі, што ў Докшыцкім раёне, былая панская сяліба Парневічы. Назву сваю атрымала яна па прозвішчу пана Парневіча, які валодаў тамашнімі землямі.

Было гэта ў 20-я гады ХХ стагоддзя. У панскай сям’і расло трое дзяцей: дзве дачкі і сын. А парабкамі ў маёнтку служылі мясцовыя сяляне.

Здарылася так, што адна з дачок пана Парневіча, Магдэля, пакахала простага парабка. Хлопец таксама яе кахаў. Але пажаніцца яны не маглі. Даведаўся аб гэтым каханні пан Парневіч і адправіў парабка ў салдаты. Лёс склаўся так, што хлопец загінуў. Даведалася пра гэта панская дачка Магдэля і не змагла змірыцца, не захацела жыць без каханага. Выйшла яна цёмнай ноччу з маёнтка, адышла трохі ў лес ды і засталася там назаўсёды – павесілася. Кажуць, што дух яе назаўсёды пасяліўся ў тых мясцінах і з’яўляецца па начах на месцы былога маёнтка. А хто запозніца часам і ўначы ідзе недалёка ад таго месца, то можа пачуць розныя таямнічыя гукі. Напэўна, гэта маладая паненка прыходзіць на панскі двор і шукае кагосьці.

Ходзіць сярод людзей і такое павер’е, што адзін раз у дзесяць год апоўначы месячнай ноччу з’яўляецца яна каля вёскі. І вось тады можна яе ўбачыць. Яшчэ кажуць, яна нібы спрыяе закаханым. Таму, на каго паглядзіць, выпадае шчасце.

Панская сям’я пасля Магдэлінай смерці хутка пераехала ў Польшчу, бо, кажуць, здань паненкі кожную ноч прыходзіла да старога Парневіча. Не змог ён выносіць гэтага, але і ў Польшчы пажыў нядоўга.

Другая паненка, Марыя, хацела выйсці таксама за парабка. Стары Парневіч даў згоду, ды зрабілася ёй нешта з галавой, памуціўся розум. Дык той хлопец сам адмовіўся ад жаніцьбы.

У 1970 годзе з Польшчы прыязджаў сын былога пана наведаць тыя мясціны, дзе прайшло яго маленства. На жаль, замест роднага маёнтка ён убачыў рэшткі фундамента, а вакол – калгаснае поле.

Аб тым, што каля вёскі Асіннікі была панская сядзіба, мясцовыя жыхары добра ведаюць, а легенду аб каханні паненкі і парабка перадаюць з пакалення ў пакаленне.
Легенда запісана са слоў жыхаркі вёскі

Асіннікі Сарока Ванды Аўгусцінаўны,

1927 года нараджэння.
1 вяд. Малайцы, рабяты, па ўсім бачна, што вы любіце, шануеце, паважаеце родную мову, ведаеце наш беларускі фальклор. І наш абавязак зберагчы, узбагаціць і перадаць яе нашчадкам. Як кажуць у народзе: “Беларусам нельга звацца, калі роднай мовы цурацца”.
2 вяд. Добрае слова, добрая кніга асвятляе наша жыццё высокімі пачуццямі і добрымі прыкладамі.
1вяд. Мілая мова мая паэтычная,

Спеўная і гаваркая яна.

Свеціцца ўсёй чысцінёю крынічнаю,

Водарам дыхае быццам вясна.


2 вяд. Мы забыць сваю мову не мусім,

Каб агеньчык яе не ачах.

Пазнаюць нас, што мы беларусы

Па гаворцы, па нашых вачах


1 вяд. Пакуль беларускае слова будзе гучаць ад матчынай калыскі з вуснаў тых, хто ідзе ўслед за намі, наша мова будзе жыць.

2вяд. Вялікі дзякуй усім, хто прыняў удзел у нашым свяце. Да пабачэння, да новых сустрэч.






База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка