Літаратуразнаўства як навука. Эстэтыка літаратуры. Паэтыка




старонка9/14
Дата канвертавання14.03.2016
Памер3 Mb.
1   ...   6   7   8   9   10   11   12   13   14
1. Якія віды паэтыкі можна вылучыць? Што вызначае тэарэтычную паэтыку?

2. Чым займаецца функцыянальная паэтыка? Назавіце важнейшыя працы з галіны функцыянальнай паэтыкі.

3. Хто з выдатных рускіх вучоных з'яўляецца родапачынальнікам гістарычнай паэтыкі? У чым яе сутнасць?

4. Чым характарызуюцца параўнальная і практычная паэтыкі і якую карысць яны могуць прынесці стваральнікам, даследчыкам літаратуры і звычайным чытачам?

5. Што паўплывала на ўзнікненне сацыялагічнай, фармальнай, структурнай і лінгвістычнай паэтык?

3.2. Літаратурныя роды, віды, жанры
3.2.1. Мастацкая літаратура як сістэма

Перад намі як чытачамі і даследчыкамі літаратуры – тысячы разнастайных фальклорных і літаратурна-мастацкіх тэкстаў: казак, легенд, прыказак і прымавак, вершаў, паэм, камедый, раманаў, апавяданняў, санетаў, баек, абразкоў, нарысаў, фельетонаў, песень, балад і г.д. На першы погляд, нейкі суцэльны творчы хаос, паколькі адзін твор ад другога адрозніваецца і па ідэйнай скіраванасці, і па тэматыцы, і па аб’ёме, і па мастацкіх асаблівасцях… На самай жа справе, пры ўсёй выразнай непаўторнасці кожнага твора прыгожага пісьменства мастацкая літаратура ўяўляе сабой даволі лагічную і стройную сістэму, асноўны сістэмастваральны фактар якой -- імкненне мастака выявіць свой духоўны свет у вобразна-маўленчай форме. Ужо тое, што адны творы мы называем “казкамі”, другія “аповесцямі”, трэція “байкамі” і г. д., гаворыць пра магчымасць пэўнай сістэматызацыі твораў паводле тых ці іншых прыкмет. Якія ж гэта прыкметы?

Усю мастацкую літаратуру можна падзяліць на два тыпы -- прозу і паэзію. Мастацкая проза (ад лац. prosa oratio – прамая, прама скіраваная мова), як правіла, карыстаецца празаічным спосабам выказвання, паэзія ж найчасцей – вершаваным (ад лац. versa oratio – вершаваная мова; мова, якая вяртаецца, кружыцца). Выключэнне, у прыватнасці, складаюць, з аднаго боку, асобныя творы сучаснай метрызаванай прозы (напрыклад, успаміны А.Белага “Начало века”), з другога – версэты (напрыклад, версэты А.Разанава). Першыя творы, нягледзячы на іх метрызацыю, мы адносім да прозы, другія – да паэзіі (а не да верша). Пры гэтым неабходна памятаць, што ў шырокім абыходку слова “паэзія” ажно да канца ХІХ ст. выкарыстоўвалася ў агульным значэнні “мастацкая літаратура” (як, у прыватнасці, у артыкуле В. Бялінскага “Раздзяленне паэзіі на роды і віды”). У сённяшнім жа разуменні паэзія – гэта эмацыянальна-вобразная вершаваная творчасць. Праўда, “паэзія” і “верш” (па-руску стих), “паэтычныя творы» і «вершаваныя творы” (па руску стихотворения) – гэтыя тэрміны нярэдка ўжываюцца ў беларускай мове як сінонімы. Мы ж будзем памятаць: у строгім навуковым значэнні гэта не адно і тое ж (пра што будзе сказана ў раздзеле 3.8.).

Апрача падзелу мастацкай літаратуры на прозу і паэзію, усе творы прыгожага пісьменства, пачынаючы з глыбокай старажытнасці і канчаючы нашым часам, разгаліноўваюцца яшчэ на тры роды. Род літаратурны — самая агульная катэгорыя ў класіфікацыі літаратурных твораў, адна з трох -- эпас, лірыка і драма – вялікіх субсістэм (падсістэм), што ўваходзяць у агульную сістэму – мастацкую літаратуру. Часам у непрафесійным абыходку прозу і эпас, з аднаго боку, паэзію і лірыку – з другога ўжываюць (накшталт тэрмінаў “паэзія” і “верш”) як сінанімічныя паняцці. Вялікай бяды ў гэтым таксама няма. Тым не менш прафесійны літаратуразнаўчы падыход патрабуе і гэтыя найменні размяжоўваць. Роды літаратурныя адрозніваюцца паміж сабой а) прадметам выяўлення (падзея — у эпасе, пачуццё — у лірыцы, дзеянне — у драме), б) сродкам выяўлення (пераважна празаічная мова — у эпасе, вершаваная — у лірыцы, вершаваная або празаічная, але абавязкова дыялагічная, — у драме), в) спосабам выяўлення (празаік-эпік стаіць нібыта збоку ад тых падзей, пра якія апавядае; паэт-лірык выяўляе пачуцці праз сваё суб'ектыўнае «Я»; драматург усё перадавярае дзейным асобам, прысутнасць яго мы толькі адчуваем у скупых рэпліках і рэмарках).

Падзел літаратуры на тры роды ўсталяваўся ў літаратуразнаўстве не адразу, хаця сваімі вытокамі ён сягае ажно ў Старажытную Грэцыю. Нават у ХХ ст. тэарэтыкі літаратуры на аснове таго, што кожны мастацкі твор – з’ява ўнікальная, дзялення літаратуры на роды або не прызнавалі зусім (Б. Крочэ), або да традыцыйных трох родаў дадавалі яшчэ чацвёрты – сатыру (Я. Эльсберг), або звужвалі іх да двух – эпасу і лірыкі (В. Дняпроў). Тым не менш, развагі Платона (каля 427—каля 347 г. да н. э.) і Арыстоцеля (384—322 г. да н. э.) адносна трох спосабаў пераймання – мімесісу, не страцілі свайго не толькі тэарэтычнага, але і практычнага значэння. Пры ўсіх удакладненнях і ўдасканаленнях яны захавалі сваю сістэмалагічную сутнасць да нашага часу. Так, у “Дзяржаве”, напісанай у форме дыялогаў, Платон выказаўся наступным чынам: “…Адзін род паэзіі і міфатворчасці ўвесь цалкам складаецца з пераймання – гэта, як ты кажаш, трагедыя і камедыя; другі род складаецца з выказванняў самога паэта – гэта ты знойдзеш пераважна ў дыфірамбах; а ў эпічнай паэзіі і ў многіх іншых відах – абодва гэтыя спосабы”. Ці не бачым мы тут указання на драму, лірыку і эпас? Несумненна. Вучань Платона Арыстоцель у сваёй “Паэтыцы” ўжо непасрэдна выказаўся, чым адрозніваюцца паміж сабой “мастацтвы пераймальныя”: “ці тым, у чым адбываецца перайманне, ці тым, што пераймаюць, ці тым, як пераймаюць”. Такім чынам, ён указаў адпаведна на сродкі, прадмет і спосабы пераймання, а тым самым -- і на крытэрыі падзелу самой мастацкай літаратуры на літаратурныя роды. Не даючы, як і Платон, наймення эпасу, лірыцы і драме, ён, тым не менш, даў ім даволі дакладную характарыстыку: “…Пераймаць у адным і тым жа і адно і тое ж можна, расказваючы пра падзею, як пра штосьці адлучанае ад сябе, як гэта робіць Гамер, ці так, што пераймальнік застаецца самім сабою, не мяняючы свайго аблічча, ці паказваючы ўсіх выведзеных асоб дзейнымі і дзейснымі”.

Вядома, філосафы і літаратуразнаўцы пазнейшых эпох у тым-сім удакладнілі выказванні Платона і Арыстоцеля як пра міметычную сутнасць літаратуры, так і пра тры роды мастацкага выяўлення (не толькі пераймання). Фармальныя прыкметы родаў літаратуры яны напоўнілі змястоўнай сутнасцю. Асабліва вялікую ролю ў гэтым адыгралі працы нямецкіх пісьменнікаў і вучоных-эстэтыкаў перыяду рамантызму Ё.В.Гётэ, Ф.Шылера, А. Шлегеля, Ф. Шэлінга, Г.В.Гегеля і інш. У прыватнасцці, у перапісцы Гётэ і Шылера, а таксама ў іх артыкуле “Пра эпічную і драматычную паэзію” ўдакладнялася разуменне эпасу і драмы. Так, была звернута ўвага на тое, што падзея ў драме адбываецца цяпер, на вачах ва ўспрымальніка мастацкага твора, у той час як у эпасе яна пераносіцца ў мінулае, а ў лірыцы яе можа і ўвогуле не быць. Прымяняючы катэгорыі свабоды і неабходнасці, Шэлінг арыгінальна растлумачваў сутнасць родаў літаратуры. Лірыку ён суадносіў са свабодай, эпас – з неабходнасцю, а драму – з супрацьборствам свабоды і неабходнасці. У сваіх “Лекцыях па эстэтыцы” Гегель аснову падзелу літаратуры на роды паклаў крытэрый аб’ектыўнасці/суб’ектыўнасці і бачыў у эпасе паказ аб’ектыўнасці быцця, што пануе над воляй людзей, у лірыцы – выяўленне суб’ектыўнасці індывіда, яго душэўнага стану, у драме -- сінтэз таго і другога: раскрыццё знешніх абставін і ўнутранага свету чалавека. Пры гэтым выдатны нямецкі філосаф эпас і драму размежаваў паводле паказу ў іх, з аднаго боку, падзей, і, з другога, -- дзеяння (як вынік валявой актыўнасці дзейнай асобы, скіраванасці яе да пэўнай мэты). Наследуючы і развіваючы ідэі Гегеля, Бялінскі ў працы “Раздзяленне паэзіі на роды і віды” (1841) звярнуў увагу на адсутнасць прамой суадпаведнасці паміж родавым зместам і родавай формай: “Хоць усе тры роды паэзіі існуюць асобна адзін ад аднаго, як самастойныя элементы, аднак жа, выяўляючыся ў асобных творах паэзіі, яны не заўсёды адрозніваюцца адзін ад аднаго выразна акрэсленымі межамі. Наадварот, яны часта з’яўляюцца змешана, так што іншы эпічны па форме твор вылучаецца драматычным характарам, і наадварот… Выдатным прыкладам эпічнага твора, прасякнутага драматычным элементам, з’яўляецца аповесць Гогаля “Тарас Бульба”… Дакладна гэтак жа, як бывае драма ў эпапеі, бывае і эпапея ў драме”. Добрым пацвярджэннем слоў рускага рэвалюцыйнага дэмакрата можа служыць таксама сучасны раман, які мае прыкметы не толькі эпасу, але і лірыкі (лірычныя адступленні, лірычная танальнасць апісання з'яў і падзей), і драмы (напружанае дзеянне, маналогі і дыялогі).

Трэба, аднак, адрозніваць эпас, лірыку і драму як літаратурныя роды, ад эпічнасці, лірычнасці (лірызму) і драматычнасці (драматызму) як відаў эмацыйнай танальнасці. “Пад лірычнасцю (лірызмам), -- слушна сцвярджае ўкраінскі літаратуразнавец А. Ткачэнка, -- разумеем суб’ектывізаваную эмацыйную танальнасць мовы аўтара, апаведача, персанажаў твора любога роду; пад драматызмам – танальнасць напружання, інтэнсіўнага перажывання; пад эпічнасцю – аб’ектывізаваную, знешне нейтральную, стрыманую танальнасць, прадыктаваную шырынёю і шматпланавасцю аповеду. Такое разуменне гэтых катэгорый набліжае іх да амаль сінанімічных азначэнняў пафасу” (пра пафас гл. у раздзеле 3.4.4.). Відавочна, характар той ці іншай эмацыйнай танальнасці прадвызначаны родавымі асаблівасцямі мастацкай літаратуры ўвогуле, залежыць непасрэдна ад іх. Гэта лішні раз пацвярджае правамернасць вылучэння літаратурных родаў.

Калі разумець роды літаратуры як тры асобныя субсістэмы мастацтва слова і улічваць сістэмнасць міжродавых ўтварэнняў, то ў кожным з із можна вылучыць уласныя падсістэмы – віды і жанры. Адразу заўважым, што не ўсе тэарэтыкі літаратуры лічаць патрэбным карыстацца тэрмінам “від”. Асабліва тыя, хто ў французскім слове genre (жанр), якое абазначае адначасова і від, і жанр і ўвайшло ў шырокі еўрапейскі ўжытак як тэрмін, хочуць бачыць толькі адно яго значэнне (другое). На іх думку, выкарыстанне двух тэрмінаў выклікае лішак інфармацыі і пэўную блытаніну паняццяў. Тым не менш, на нашу думку, найбольш слушна карыстацца наступнымі суадносінамі паняццяў (ад агульнага да прыватнага): род – від -- жанр.

Кожны з трох родаў літаратуры (лірыка, эпас і драма) мае свае віды і – падчас -- падвіды. У лірыцы можна вылучыць наступныя віды: верш, песня, паэма (лірычная), празаічная мініяцюра (лірычная), пародыя. Лірыка на працягу доўгага часу свайго існавання выпрацавала шэраг падвідаў верша паводле метрычных, страфічных, эўфанічных і іншых прыкмет (іх называюць яшчэ цвёрдымі формамі верша; гл. пра іх у раздзеле 3.8.): санет, трыялет, акраверш, александрыйскі верш, ліпаграматычны верш, пантарым, рубаі, газэль, тэрцыны, актава, рандо, рандэль і г. д. У літаратурным эпасе паводле фармальных прыкмет (ахоп падзей, колькасць сюжэтных ліній, памер твора і інш.) вылучыліся такія пашыраныя сёння яго віды, як раман, аповесць (з падвідамі: дылогія, трылогія, тэтралогія і г. д.), апавяданне, навела, абразок, гумарэска, эсэ, нарыс, фельетон, памфлет. Што датычыць драмы як роду літаратуры, для якога асноўнае — выяўленне скразнога напружанага дзеяння ў дыялагічнай форме, то яна таксама мае свае літаратурныя віды трагедыю, камедыю і ўласна драму. З народнай драмы як спецыфічнага драматычнага відовішча можна таксама вылучыць асобныя яе віды: абрады вясельныя, радзінныя, пахавальныя (з іх пазней вылучыліся “жаніцьба Цярэшкі”, “ваджэнне Куста”, “ваджэнне Казы”, карнавалы, шэсці), батлейка, школьная драма.

Літаратурныя віды, у сваю чаргу, дзеляцца на жанры. Жанр — гэта гістарычна акрэслены, адносна ўстойлівы тып мастацкай формы, дзе структура пэўных фармальных прыкмет выяўляе больш-менш канкрэтны мастацкі сэнс. Генетычна кожная жанравая форма звязана з пэўным зместам, аднак у выніку сваёй адноснай самастойнасці яна ў працэсе літаратурнага развіцця можа «адчужацца» ад яго і выражаць новы жанравы змест. Пры гэтым з ёй самой адбываецца некаторая трансфармацыя. Вось чаму асобныя вучоныя імкнуліся размежаваць жанравую форму і жанравы змест. Пры гэтым яны слушна ўказвалі, што “жанравыя адрозненні неабходна шукаць не ў форме, а ў змесце” (Г.Паспелаў), паколькі тая ці іншая сувязь паміж пэўным зместам і формай у жанры заўсёды існуе (гімн — гэта выяўленне ў вершаваным творы ўрачыстасці, у эпіграме — насмешкі, у элегіі — суму і г.д.). Жанр – гэта формазместавая сутнасць літаратурнага твора. Тым самым ён адрозніваецца ад віду літаратурнага, заснаванага выключна на фармальных прыкметах. Якія ж жанры існуюць у мастацкай літаратуры?



Усе тры віды драматычнага роду літаратуры падзяляюцца на жанры: трагедыя на трагедыю палітычную, філасофскую, маральна-этычную і інш., камедыя – на камедыю лірычную, фантастычную, інтэрмедыю, вадэвіль, фарс і інш., драма – на сацыяльна-бытавую, палітычную, меладраму і інш. Лірыку ў традыцыйным (“школьным”) выкладанні падзяляюць (прычым, адразу, без відавога падзелу) на чатыры жанры: лірыка грамадзянская, інтымная, пейзажная і філасофская. Відавочна, мы маем тут справу не з уласна жанрамі, а з жанравымі сістэмамі. Можна прапанаваць больш дасканалы падзел лірыкі на жанравыя сістэмы ў адпаведнасці з аўтарскай інтэнцыяй (задумай): вершы распавядальныя (вершы любоўныя, эратычныя, прыродаапісальныя, сюжэтныя, эцюд, эскіз, думка, імпрэсія, буколіка), медытатыўна-філасофскія (медытацыя, элегія, верш філасофскі, вершаказ, версэт, пасланне, стансы), велічальныя (ода, духоўны верш, дыфірамб, панегірык, апалог, мадрыгал, эпітафія, рацэя, эпіталама), песенныя (раманс, прыпеўка, дайна, серэнада, марш, гімн, псалом, кантата, альба, баркарола, канцона), сатырыка-гумарыстычныя (эпіграма, лімэрык, пародыя, сатыра, інвектыва, ямбы). Большасць з названых у межах жанравых сістэм найменняў адносяцца да жанраў класічных – тых, якія ўжываліся ў класічнай (найперш антычнай, а таксама ў старажытнай арабскай, кітайскай, японскай) паэзіі, а затым, некалькі відазмяніўшыся, увайшлі ў новую еўрапейскую вершатворчасць (эпіграма, ода, раманс, эпітафія, эпіграма, пасланне і г. д.). Некаторыя з іх цяпер рэдка ўжываюцца або зусім не ўжываюцца (ідылія, эпіталама, эклога, мадрыгал, канцона, пастараль, серэнада і г. д.). Цвёрдыя формы верша, набываючы тую ці іншую змястоўную сутнасць, могуць таксама станавіцца канкрэтнымі жанрамі (філасофскі санет, сатырычны трыялет, лірычная актава і г. д.). Асабліва шмат жанраў за тысячы гадоў свайго існавання выпрацавала лірыка народная – першая па часе ўзнікнення разнавіднасць лірыкі як роду літаратуры: замовы, загадкі, прыказкі, прымаўкі, галашэнні, калядкі, шчадроўкі, песні вясельныя, любоўныя, жартоўныя, салдацкія і інш. Сярод эпасу народнага як разнавіднасці эпасу ўвогуле ў свой час набылі пашырэнне наступныя эпічныя жанры: эпапея, быліна, сага, дума, гістарычная песня, эпічная паэма, сказ, гутарка, казка, легенда, паданне, анекдот. На пісьмовым этапе развіцця мастацтва слова ў літаратуры з’явіліся свае жанры: летапісы, хронікі, жыціі, апокрыфы, хаджэнні, мемуары, трактаты і інш. Паступова ў літаратуры ўзмацніўся індывідуальны аўтарскі пачатак, узніклі новыя літаратурныя віды (аповесці, раманы, апавяданні і інш.), і кожны від, у адпаведнасці з тым ці іншым змястоўным напаўненнем, набыў свае жанравыя адзнакі. Так, узніклі раманы і аповесці рыцарскія, авантурныя, сацыяльна-бытавыя, сямейна-бытавыя, гістарычныя, прыгодніцкія, дакументальныя, дэтэктыўныя, палітычныя, філасофскія і інш., эсэ – літаратурныя, палітычныя, філасофскія і інш., апавяданні, навелы і абразкі -- сямейна-бытавыя, сацыяльна-бытавыя, гумарыстычныя (гумарэскі), нарысы – вытворчыя, падарожныя, краязнаўчыя, фельетоны – сацыяльна-бытавыя, літаратурныя, сацыяльна-палітычныя і г. д. Для ўсіх гэтых відаў і жанраў эпасу характэрна ўзнаўленне знешніх — у адносінах да пісьменніка — з'яў рэчаіснасці ў іх аб'ектыўнай сутнасці, паступова-лагічным (сюжэтным) развіцці. Што да драмы народнай як разнавіднасці драмы як роду літаратуры, то сюды можна аднесці розныя абрады і гульні -- каляндарныя (святкаванне Купалля, Каляд, вялікадня, “ваджэнне Куста”, “пахаванне Стралы” і інш.) і сямейныя (“жаніцьба Цярэшкі”, вяселле з усімі яго ммомантамі: заручыны, пячэнне караваю, дзяльба караваю, перазовы і інш.), народныя відовішчы (карнавалы, фэсты), школьную драму, батлейку і інш.

Бадай, кожны літаратурны жанр утрымлівае свае жанравыя разнавіднасці (формы, мадыфікацыі), што залежаць ужо ад канкрэтнага зместу твора. Так, гістарычны раман як жанр можа быць двух жанравых разнавіднасцей: а) з рэальнымі гістарычнымі асобамі, б) без рэальных гістарычных асоб. Эпіграма як жанр бывае літаратурнай, палітычнай, сацыяльна-бытавой, раманс — інтымна-лірычным, элегічна-роздумным, медытатыўным, вайсковая песня – рэкруцкай, казацкай, жаўнерскай, салдацкай і г.д.

Паміж рознымі родамі літаратуры існуе цесная сувязь (чаму, дарэчы, дапамагае і эмацыйная танальнасць як іх спалучальнае звяно). У некаторых творах (напрыклад, у ліра-эпічнай паэме, баладзе, байцы, версэце, лірычнай прозе, вершаваных рамане, аповесці, апавяданні) сувязь гэтая настолькі адчувальная, што гаворка можа ісці пра ліра-эпас як своеасаблівае міжродавае ўтварэнне. Можна вылучыць як міжродавыя ўтварэнні ліра-драму з драматычнымі вершам, паэмай, абразком (эцюдам), а таксама ліра-драма-эпас з “драмай для чытання”, кіна-і тэлесцэнарыем. Узаемадзейнічаюць паміж сабой не толькі роды літаратуры, а таксама віды, жанры і жанравыя разнавіднасці. Так узніклі раман-эсэ, аповесць-эсэ, трагікамедыя, трагіфарс, буфанада, драма-феерыя, фарс-вадэвіль, трылер, фэнтэзі, зномы, сатырычныя элегіі, рамансы, замовы і г.д. На ўзнікненне літаратурных відаў і жанраў уплывае і ўзаемадзеянне асобных відаў мастацтваў: літаратуры -- з кіно (кінадраматургія), тэлебачаннем (тэледраматургія), музыкай (опернае лібрэта), музыкай і харэаграфіяй (балетнае лібрэта), выяўленчым мастацтвам (коміксы), музыкай і аўтарскім выкананнем твора (бардаўская песня), спецыфічнай аўтарскай манерай выканання твора (слэм)…

Вядомы рускі літаратуразнавец М. Бахцін назваў жанр своеасаблівай “памяццю мастацтва”. Сапраўды, жанр – адна з устойлівых літаратуразнаўчых катэгорый. Як “тыповая форма цэлага мастацкага выказвання, што ўключае ў сябе функцыянальны, тэматычны і фармальны (стылявы) пачаткі” (С. Бройтман), ён вяртае нашу чытацкую памяць да пэўных твораў самых розных пісьменнікаў, якія жылі ў розны час. Аднак трэба памятаць, што ў працэсе развіцця літаратуры яе жанравы дыяпазон змяняецца. Адны жанры ўзнікаюць, другія — звужаюць сферу свайго бытавання або зусім знікаюць (рыцарскі раман, інтэрмедыя, эклога, эпіталама, ідылія, мадрыгал, канцона), трэція — істотна мяняюць сваю змястоўную сутнасць. Напрыклад, спачатку ў антычнай літаратуры эпіграма зусім не мела сатырычнай скіраванасці. Гэтым тэрмінам называлі любы лаканічны верш на сцяне храма, помніка, які меў самастойнае значэнне. Нешта падобнае здарылася і з літаратурнай эпітафіяй, якая сёння набыла пераважна сатырычны характар: у старажытнай Грэцыі яна мела сур’ёзнае панегірычнае гучанне і яе можна было прачытаць толькі на надмагільнай пліце. Змянілася сэнсавае напаўненне і некаторых іншых жанраў. Іх «рэфармавалі» сам час і асобныя пісьменнікі, творчасць якіх вызначаецца выразнай спецыфікай жанравых форм. Прычым, калі выбар роду літаратуры звычайна прадвызначаецца прыроджаным характарам таленту пісьменніка, выбар жанру — перш за ўсё прадметам выяўлення, аўтарскімі адносінамі да яго і г. д.

Для кожнага перыяду літаратурнага развіцця характэрныя свае віды, жанры і жанравыя разнавіднасці. Як паказаў у сваёй манаграфіі “Поэтика древнерусской литературы» (1971) вядомы рускі літаратуразнавец акадэмік Д.Ліхачоў, у Старажытнай Русі фальклорныя і літаратурныя жанры знаходзіліся доўгі час у адносінах “узаемавыключальнай дапаўняльнасці”: у пісьмовай літаратуры не выкарыстоўваліся тыя жанры, якія бытавалі ў вуснай народна-паэтычнай творчасці (казка, песня, гістарычны эпас, драма), а духоўныя запатрабаванні слухачоў і чытачоў задавальняліся і вуснай літаратурай, і пісьмовай адначасова. Справа мяняецца толькі ў XVI—XVIII стст., калі ўсё большую і большую ролю пачынае адыгрываць менавіта пісьмовая літаратура. Возьмем, напрыклад, беларускую шматмоўную літаратуру гэтага часу. Лёгка можна заўважыць: да ранейшых “слоў”, прытчаў, малітваў (Кірылы Тураўскага, Грыгорыя Цамблака), жыцій (Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Аўрамія Смаленскага, Трох віленскіх пакутнікаў), помнікаў справавога пісьменства і летапісаў (надпіс на крыжы Еўфрасінні Полацкай 1161 г., Смаленская праўда 1229 г., дагавор Полацка з Рыгой 1407 г., “Летапіс вялікіх князёў літоўскіх”, “Пахвала вялікаму князю Вітаўту”), жаджэнняў (ігумена Данііла, Ігнація Смаляніна) і перакладных аповесцяў (“Аповесць пра Трою”, “Александрыя”), толькі ў перыяд Адраджэння (ХУІ ст.) дадаюцца трактаты -- прадмовы і пасляслоўі да кніг (Францыска Скарыны, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага), паэмы эпічныя (“Пруская вайна” Яна Вісліцкага, “Песня пра зубра” Міколы Гусоўскага), сацыяльна-палітычныя (“Гутарка аднаго паляка з маскалём”, “Пасольства Льва Сапегі да вялікага князя маскоўскага” Гальяша Пельгрымоўскага), вершы духоўныя (Скарыны), палітычныя (“Да палякаў і ліцьвінаў” Андрэя Волана), празаічныя і вершаваныя панегірыкі (“Пахвала гетману Канстанціну Астрожскаму”, “эпікграмы” Андрэя Рымшы), выдатныя творы пісьменства справавога (“Статут Вялікага княства Літоўскага”), эпісталярнага (“Лісты” Філона Кміты-Чарнабыльскага), мемуарнага (“Дыярыуш” Фёдара Еўлашоўскага) і перакладнога (“Аповесць пра Трышчана”, “Гісторыя пра Атылу, караля Угорскага”, “Аповесць пра пабоішча Мамая”), хронікі (“”Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага”, “Хроніка Быхаўца”, празаічна-вершаваная “Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі” Мацея Стрыйкоўскага) і інш.

Барока (канец ХУІ—першая палова ХУІІІ ст.) узбагаціла беларускую літаратуру не толькі ранейшымі відамі і жанрамі (летапісы, прадмовы, эпісталярый, мемуары і інш.), але, што асабліва важна, развіло ўсе тры роды літаратуры, канчаткова замацавала індывідуальны характар літаратурна-мастацкай творчасці. З’явіліся буйныя пісьменнікі, сярод якіх асабліва вылучыўся Сімяон Полацкі. Лірыку ў розных відах і жанрах (вершы грамадзянскія, інтымныя, пейзажныя, оды, элегіі і інш.) развівалі многія ананімныя паэты, а таксама Лаўрэнцій Зізаній, Лявон Мамоніч, Саламон Рысінскі, Ян Казімір Пашкевіч, Ян Бенедыкт Пратасовіч, Іаіль Труцэвіч, Дамінік Рудніцкі, Францішка Уршуля Радзівіл і інш. Розгалас набыў эпас у выглядзе палемічнай публіцыстыкі (Пётр Скарга, Іпацій Пацей, Канстанцін Астрожскі, Хрыстафор Філалет, Стэфан і Лаўрэнцій Зізаніі, Мялецій Сматрыцкі, Сільвестр Косаў і інш.), казанняў (казанні Лявонція Карповіча), сатырыка-парадыйных тэкстаў (“Прамова Мялешкі”, “Ліст да Абуховіча”), паэм філасофска-публіцыстычных (“Лабірынт” Тамаша Іяўлевіча) і героіка-патрыятычных (“Апісанне маскоўскага паходу князя Крыштафа Радзівіла” Ф. Градоўскага, “Радзівіліяда” Я. Радвана), гістарычна-мемуарнай прозы (“Дыярыушы” – Самуіла Маскевіча, Афанасія Філіповіча, Альбрыхта Станіслава Радзівіла, “Успаміны” Яна Цадроўскага, “Магілёўская хроніка” Трафіма Сурты і Юрыя Трубніцкага). На аснове народных тэатралізаваных відовішчаў, такіх як “Жаніцьба Цярэшкі”, “пахаванне Стралы”, “ваджэнне Куста”, і пад уплывам заходняй драматургіі ўзнікае на Беларусі тэатр, а таксама драма як род літаратуры: школьная драма, батлеечныя п’есы, шматлікія інтэрмедыі (“Іван і царкоўны стораж”, “Селянін і студэнт”, “Чорт Асмалейка” і інш.), драма-маралітэ (“Дэкламацыя “ М.Базылевіча), камедыя (“Камедыя” Каятана Марашэўскага, пераробка Міхаілам Цяцерскім камедыі Мальера “Доктар па прымусу”), камедыі, трагедыі і лібрэты опер Францішкі Уршулі Радзівіл…

На жаль, гістарычныя абставіны, у якіх у канцы ХУІІІ—пачатку ХІХ ст. пачала ўзнікаць новая бюеларуская літаратура, не дазволілі ёй пакарыстацца ўсім накопленым за папярэднія стагоддзі багаццем жанрава-відавых форм. Тым не менш ужо ў сярэдзіне стагоддзя Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч выкарыстоўвае ў сваёй творчасці многія жанры і жанравыя разнавіднасці: вершаваныя апавяданні (“Багаславёная сям’я”, “Літаратарскія клопаты”, “Вечарніцы”) і аповесці (“Шчароўскія дажынкі”, “Травіца брат-сястрыца”), быліцы (”Быліцы, расказы Навума”), меладраму (“Апантаны), фарс-вадэвіль (“Пінская шляхта”), драматычную сцэнку ў адным акце (“Неспадзяванка для майстыні”), лібрэта аперэты (“Ідылія”), паэмы гістарычную (“Люцынка, або Шведы на Літве”) і рамантызаваную сацыяльна-бытавую (“Гапон”), вершы, публіцыстычныя артыкулы, пераклады. У канцы ж таго стагоддзя ў творчасці толькі аднаго Францішка Багушэвіча мы сустракаем грамадзянскі верш («Праўда»), гутарку («Хрэсьбіны Мацюка»), вершаванае апавяданне («Хцівец і скарб на святога Яна»), сацыяльна-бытавую паэму («Кепска будзе»), вершаваную легенду («Гдзе чорт не зможа, там бабу пашле»), байку («Воўк і авечка»), песню («Удава»), пасланне («Яснавяльможнай пані Арэшчысе»), сатыру («Скацінная апека»)…

Па колькасці і характары жанраў і іх разнавіднасцей можна ўскосна меркаваць пра багацце мастацкіх здабыткаў асобных пісьменнікаў і цэлых нацыянальных літаратур. У пачатку XX ст. многія жанры і віды верша прышчапіў беларускай паэзіі М.Багдановіч (эпістала, філасофскі верш, трыялет, рандо, хоку, танка, тэрцыны, верлібр і інш.). Надзвычайнае жанравае багацце сустракаем у Янкі Купалы, які валодаў, бадай, усімі жанравымі разнавіднасцямі верша, вершаванага апавядання і паэмы. Народнаму песняру належыць надзвычай дасціпнае паэтычнае вызначэннне асобных жанраў — песні, оды, серэнады, сатыры, балады і інш. («Паэзія», 1906). М.Багдановіч і Янка Купала не толькі карысталіся гатовымі жанравымі формамі, але і ўдасканальвалі, па-наватарску ўзбагачалі іх у сваёй творчасці. Традыцыі класікаў роднай літаратуры прадоўжылі многія беларускія пісьменнікі. Да гэтага жанрава-відавога багацця яны дадаюць і свае знаходкі. У прыватнасці, Максім Танк першы ў савецкай пасляваеннай паэзіі (другая палова 1950-х гг.) стаў шырока карыстацца верлібрам, аказаўшы тым самым уплыў на выкарыстанне гэтай сістэмы вершавання ва ўсіх былых рэспубліках СССР. Аркадзю Куляшову належыць гонар увядзення ў сучасную славянскую паэзію такой страфічнай формы, як шаснаццацірадкоўе (цыкл “Новыя вершы”, пачатак 1960-х гг.), Змітраку Марозаву – вянка вянкоў санетаў (“Апакаліпсіс душы”, 1991). Ніл Гілевіч напісаў першы беларускі вершаваны раман (“Родныя дзеці”, 1985). Да гэтага, ён не толькі асучасніў замову як, бадай, адзін з самых старажытных фальклорных жанраў, але і надаў ёй востра сатырычны характар, чаго ў ёй ніколі не было, напісаў цыкл сатырычных замоў. З іменем Алеся Разанава звязваецца ўзнікненне квантэмаў, пункціраў, вершаказаў, зномаў, значнае пашырэнне версэтаў. Часам для некаторых паэтаў увядзенне ў родную славеснасць вядомых у сусветнай паэзіі ці вынаходніцтва зусім новых вершаваных формаў з’яўляецца справай першаступеннай важнасці (Мікалай Віцяцкі, Арцём Кавалеўскі, Глеб Лабадзенка, Серж Мінскевіч, Юрась Пацюпа, Андрэй Хадановіч, Соф’я Шах і інш.). Сёння беларуская літаратура карыстаецца, па сутнасці, усімі відамі і жанрамі, якія актуалізаваны ў рускай і ўсёй еўрапейскай літаратурай.

Пытанні для самаправеркі:

1   ...   6   7   8   9   10   11   12   13   14


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка