Літаратуразнаўства як навука. Эстэтыка літаратуры. Паэтыка




старонка5/14
Дата канвертавання14.03.2016
Памер3 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   14

2. ЭСТЭТЫКА ЛІТАРАТУРЫ
2.1. Агульнае і рознае ў мастацка-эстэтычным і навуковым пазнанні жыцця
З таго часу, як чалавек адчуў сябе чалавекам, homo sapiens, ён пачаў свядома пазнаваць навакольны свет, мэтанакіравана накапліваць разнастайныя веды пра з’явы прыроды, самога сябе, калектыў, у якім жыў. Так узніклі розныя прыродазнаўчыя, а затым і гуманітарныя навукі, што дапамагалі яму прыстасоўвацца да навакольнай рэчаіснасці, а пасля – і змяняць яе (таксама ў сваіх інтарэсах). Згадайце, як за апошнія два стагоддзі змянілі свет (у прамым сэнсе) фізіка, хімія, біялогія. Чалавецтва сёння не можа абысціся без электраэнергіі, радыё, тэлебачання, розных палімерных матэрыялаў, хімічных угнаенняў, сінтэзаваных медыцынскіх лекаў і г. д. Або адкрыцці самага апошняга часу, што датычаць кланіравання, ствалавых клетак, расшыфроўкі генома чалавека і жывёл… Яны таксама скіраваны на прыстасаванне чалавека да рэчаіснасці, нават на змяненне самой гэтай рэчаіснасці: стварэнне новых відаў жывёл і раслін, барацьбу з некаторымі раней невылечнымі хваробамі, павелічэнне працягласці жыцця чалавека і г. д. Істоце, якая ўсвядоміла і называе сябе чалавекам, не толькі выжыць у грамадстве, прыстасавацца да сужыцця ў чалавечай супольнасці, але і адчуваць у гэтай супольнасці камфортна дапамагаюць і асобныя гуманітарныя навукі: філасофія, гісторыя, сацыялогія, псіхалогія, педагогіка, філалогія, мастацтвазнаўства і інш. І таксама праз пазнанне нечага новага, у прыватнасці – заканамернасцей гістарычнага, сацыяльна-палітычныга, культурнага і эканамічнага развіцця чалавецтва…

З усяго сказанага відаць: асноўная і, бадай, адзіная мэта навукі – пазнавальная. Чым жа адрозніваецца ад навукі мастацтва? Калі яно таксама накіравана на пазнанне свету, то што і якім чынам пазнае, што з’яўляецца яго зместам? Якія мэты і функцыі мастацтва ўвогуле і літаратуры як аднаго з відаў мастацтва?


2.1.1. Аб’ект, прадмет і змест мастацкага і навуковага пазнання

Аб’ектамі навуковага пазнання (рэчы ці з’явы, якія пазнаюцца) з’яўляецца ўвесь сусвет, у тым ліку і сам чалавек. Навука пазнае рэчаіснасць у адзінстве і ўзаемасувязях з’яў прыроды, гістарычных працэсаў. Прычым, з працэсу пазнання пры гэтым выключаецца суб’ект пазнання. Напрыклад, у фізіцы самыя дасканалыя прыборы – тыя, якія не дапускаюць якога б там ні было ўздзеяння на іх самога даследчыка. Тое ж – і ў гуманітарных навуках, дзе ўсялякі чынам змагаюцца з суб’ектывізмам гісторыкаў, сацыяёлагаў, літаратуразнаўцаў і інш. Прадметам навуковага пазнання (тое, што пазнаецца) выступаюць важнейшыя заканамернасці існавання матэрыяльнага свету і духоўнага свету чалавека (законы фізікі, хімічныя рэакцыі, эвалюцыя жывых істот, быт і культура старажытных славян, лацінамоўная літаратура сярэдневяковай Беларусі, гісторыя беларускай літаратурнай мовы, спосабы і сродкі выхавання чалавека і г. д.).

Аб’ектам мастацкага пазнання найчасцей выступае сам чалавек. Вобраз чалавека мы бачым у літаратурных творах, на мастацкіх палотнах, на тэатральнай сцэне, у кінафільмах і г.д. Праўда, не заўсёды. Часам перад намі нейкія рэчы, прадметы, расліны, жывёлы, з’явы прыроды (“Анчар” А. Пушкіна, “Парус” М. Лермантава, “Хмаркі” Янкі Лучыны, “Явар і каліна” Янкі Купалы, “Казкі жыцця” Якуба Коласа, “Белы Клык” Дж. Лондана, “Холстомер” Л. Талстога, “Каштанка” А. Чэхава, “Львы” і “Пагоня” І. Пташнікава і інш.). Байкі як асобны літаратурны жанр увогуле “трымаюцца” на паказе свойскіх жывёл, звяроў, птушак, раслін. Аднак, нягледзячы на характар аб’екта пазнання, заўсёды і нязменна прадметам мастацкага пазнання выступае чалавек. Пра што б ні пісаў пісьменнік, ён піша пра чалавека, для чалавека, у імя чалавека. У фокусе літаратурнага пазнання заўсёды знаходзіцца чалавек. Нават птушкі і звяры, расліны і рэчы ў літаратурных творах думаюць і гавораць накшталт чалавека, здзяйсняюць нейкія ўчынкі, так ці інакш, добра ці дрэнна, паводзяць сябе. І ўся гэта літаратурная творчасць (як і творчасць прадстаўнікоў іншых відаў мастацтва) адрасуецца чалавеку, эмацыянальна ўздзейнічае на яго, задавальняе яго патрэбу ў ісціне, дабры, прыгажосці. Пры гэтым, у адрозненне ад навукі, мастацтва пазнае навакольны свет – і не толькі духоўны, але і матэрыяльны – у цесных узаемасувязях з суб’ектам пазнання. Мастак не імкнецца да адасобленасці ад таго, каго і што пазнае. Скажам, малюючы нават не партрэт, не сюжэтную карціну, а звычайны нацюрморт, жывапісец усё ж і тут выяўляе сябе: свой густ, веданне прыроды і адносіны да яе, урэшце, свае творчыя здольнасці, валоданне тэхнікай жывапісу. Мастацтва ў цэлым дае нам чалавечы змест рэчаіснасці, становіцца па сутнасці навукай жыцця, мастацка-практычным асваеннем свету.

Максім Горкі называў літаратуру чалавеказнаўствам, народазнаўствам. Гуманітарныя навукі, што цікавяцца таксама чалавекам, даследуюць толькі адзін нейкі бок чалавечай істоты. Так, анатомію цікавіць будова і развіццё чалавечага арганізма, логіку – законы чалавечага мыслення, псіхалогію – заканамернасці і формы псіхічнай дзейнасці і г. д. Літаратура ж паказвае чалавека ва ўсёй яго складанасці, сукупнасці духоўных і фізічных магчымасцей, у яго адносінах да грамадства, прыроды, самога сябе. Гэтым таксама літаратура, як і мастацтва ў цэлым, адрозніваецца ад навукі.

Гаворачы пра змест мастацкага пазнання, Н. Чарнышэўскі ўказваў, што мастацкія творы “заўсёды маюць зместам сваім што-небудзь цікавае ўвогуле для чалавека, а не для аднаго мастака”. І ўдакладняў: “Сфера мастацтва не абмяжоўваецца адным прыгожым і яго так званымі момантамі, а абдымае сабою ўсё, што ў сапраўднасці (у прыродзе і ў жыцці) цікавіць чалавека – не як вучонага, а проста як чалавека; агульнацікавае ў жыцці – вось змест мастацтва” [падкрэсленне наша. – В. Р.]. Сапраўды, вучоны можа займацца тым, што актуальна толькі для фундаментальнай ці прыкладной навукі, што цікава яму аднаму або менш ці больш вузкаму колу людзей. Так, матэматык гадамі рашае нейкую задачу, біёлаг – даследуе пэўны від малюска, гісторык – вывучае палітычныя і культурныя ўзаемаадносіны асобных дзяржаў у пэўны гістарычны перыяд і г. д. Гэта можа быць вельмі патрэбна для навукі і, напэўна, цікава для саміх даследчыкаў і нейкага (адносна невялікага) кола людзей. У той жа час, калі б мастак займаўся тым, што цікава толькі для яго самога ці для яго сям’і, знаёмых, калі б яго творы не цікавілі многіх людзей, большасць чалавецтва (як малюнкі Рафаэля, п’есы Шэкспіра, раманы Дастаеўскага), мы б на гэтыя творы не звярнулі б ніякай увагі.

Разуменне агульнацікавасці як зместу мастацкага пазнання ўключае ў сябе два галоўныя моманты. Па-першае, гэта канкрэтны змест мастацкага твора, дакладней, тое, што ў ім выказваецца: ідэі, тэматыка, праблематыка, падзеі, характары, тыпы. Па-другое, як усё гэта выяўляецца. Прычым, паколькі перад намі твор мастацтва, артэфакт, а не навуковае даследаванне, гэтыя што і як павінны знаходзіцца ў арганічным адзінстве, узаемадзеянні. А гэта ўжо цалкам залежыць ад мастака, яго таленавітасці, светапогляду, ведаў, жыццёвай і творчай дасведчанасці. Ад характару і ступені валодання ім вобразам як асноўным сродкам мастацкага пазнання свету.


2.1.2. Сродак навуковага і мастацкага пазнання

Здаўна, з самага зараджэння розных навук, сродкам іх пазнання сталі лагічны довад, доказ, сілагізм, формула. Сродкам мастацкага пазнання – таксама адразу з узнікненнем мастацтва – стаў вобраз. Вобраз – гэта асобы спосаб эстэтычнага ўвасаблення рэальнага і вымысленага свету ў канкрэтнай, індывідуальна-пачуццёвай форме. Разважаючы пра два розныя спосабы пазнання рэчаіснасці (навуковы і мастакі), В. Бялінскі пісаў: “Філосаф прамаўляе сілагізмамі, паэт – вобразамі і малюнкамі, а сцвярджаюць абодва адно і тое ж. Палітыка-эканом, узбройваючыся статыстычнымі лічбамі, даказвае, уздзейнічаючы на розум сваіх чытачоў ці слухачоў, што становішча пэўнага класа ў грамадстве шмат палепшылася ці шмат пагоршылася ў выніку тых ці іншых прычын. Паэт, узбройваючыся жывым і яскравым выяўленнем рэчаіснасці, паказвае, у дакладным малюнку, уздзейнічаючы на фантазію сваіх чытачоў, што становішча пэўнага класа ў грамадстве сапраўды шмат палепшылася ці пагоршылася ад тых ці іншых прычын. Адзін даказвае, другі паказвае, і абодва пераконваюць, толькі адзін лагічнымі довадамі, другі малюнкамі. Але першага слухаюць і разумеюць нямногія, другога – усе”. У гэтым выказванні скандэнсавана, бадай, асноўнае, што вызначае літаратурны вобраз. Па-першае, вобраз – сродак мастацкага пазнання рэчаіснасці (у адрознення ад сілагізму як сродку павуковага пазнання). У іншым месцы В. Бялінскі гаворыць: “У тым і сутнасць паэзіі, што яна бясплотнай ідэі дае жывы, пачуццёвы і прыгожы вобраз”. Па-другое, паэтычны вобраз – гэта пэўнае жывое і яскравае выяўленне рэчаіснасці, своеасаблівы прыгожы і пачуццёвы малюнак. Паняцці ж, якімі аперыруюць вучоныя пры лагічных довадах, гэта, у адрозненне ад вобраза, – толькі знакі нейкіх класаў прадметаў ці з’яў (напрыклад, “стол”, “вецер”, “дрэва” і г. д.). Вобраз з’яўляецца таксама знакам, фактам уяўнага і ўяўленага быцця. Аднак гэта знак спецыфічны. Ён, як і любы знак, патрабуе для свайго раскадзіравання наяўнасці ва ўспрымальніка пэўнага кодавага ключа. Адсутнасць у чытача (слухача, гледача) такога ключа ператварае твор мастацтва ў своеасаблівы рэбус, лагічную задачу. У той жа час прысутнасць зваротнай сувязі паміж стваральнікам і ўспрымальнікам мастацкага твора дазваляе вобразу данесці да свядомасці апошняга свой сэнс, да яго эмацыянальнай сферы – пачуццё, да яго “ўнутранага вока” (М. Гогаль) – яскравы малюнак. Звычайны знак такімі магчымасцямі не валодае. Па-трэцяе, вобраз, створаны з дапамогай добра развітага ў мастака ўяўлення, фантазіі, разам з тым уздзейнічае на фантазію, уяўленне чытача (слухача, гледача), у той час як сілагізм – на розум. “У мастацтве фантазія адыгрывае самую дзейсную і першаступенную ролю, а ў навуцы – розум і разважлівасць” (В. Бялінскі). Праўда, нельга лічыць, што ў вобразе зусім адсутнічае мысленчы складнік. У ім знітаваны аб’ектыўна-пазнавальны і суб’ектыўна-творчы пачаткі. Ён, паводле Гегеля, знаходзіцца “пасярэдзіне паміж непасрэднай пачуццёвасцю і думкай, што належыць да галіны ідэальнага”. Нездарма В. Бялінскі ахарактарызаваў мастацтва як “мысленне ў вобразах”, а сам вобраз – як “знаёмы незнаёмец”. Вобраз не проста выяўляе, але і абагульняе рэчаіснасць. Ва ўмоўным, ідэальным, эмацыянальна-экспрэсіўным, адзінкавым, пераходным ён раскрывае рэальнае, прадметнае, рацыянальнае, сутнаснае, вечнае. Па-чацвертае, дзякуючы вобразу, пісьменніка (шырэй – мастака ўвогуле) успрымаюць і разумеюць усе (у адрознення ад навукоўца). Тут мова ідзе пра агульнадаступнасць і агульнацікавасць сапраўднага мастацтва, пра аксіялагічнае (каштоўнаснае) значэнне вобраза і мастацтва ўвогуле, пра самадастатковасць вобраза. Нездарма як дапаможны сродак (у выглядзе слоўнай ці нагляднай ілюстрацыі) вобраз часам выкарыстоўваецца ў літаратуры навуковай і дакументальнай, у публіцыстыцы і рэкламе.

Пра літаратурны вобраз мы ў свой час яшчэ будзем гаварыць (гл. раздзел 3. 5). Цяпер заўважым, што само паняцце “вобраз” у літаратуразнаўстве ўжываецца ў розных значэннях, вобразнасцю мастацкая літаратура прасякнута наскрозь. Гэта мікравобразы (мастацкія дэталі, тропы, асобныя лексемы, фігуры літаратурнага сінтаксісу, сімвалы, алегорыі і інш.) і макравобразы: сюжэтны ланцуг падзей, апісанні (партрэт, пейзаж, рэчы, інтэр’ер), персанажы, лірычны суб’ект, цэласны малюнак жыцця, створаны пісьменнікам у творы, матыў, топас, архетып… Літаратурны вобраз – вобраз, што ствараецца з дапамогай “матэрыялу і інструмента пісьменніка” (Якуб Колас) – мовы, дакладней – маўлення. А маўленне ў літаратурным творы выступае не толькі як матэрыяльны сродак узнаўлення жыцця. Ён абумоўлівае і сутнасць прадмета выяўлення, якім становіцца не проста чалавек, а “чалавек, які гаворыць”, чалавек як “носьбіт” маўлення. У гэтым – адна з галоўных асаблівасцей менавіта літаратурнага вобраза і ўвогуле літаратуры як віду мастацтва (гл. раздзел 2. 3).


2.1.3. Даўгавечнасць твораў навукі і мастацтва

Развіццё чалавечай цывілізацыі паказвае: навуковыя творы (адкрыцці, законы) з цягам часу старэюць, удасканальваюцца, замяняюцца іншымі ці, прынамсі, абмяжоўваецца сфера іх выкарыстання. Сёння чалавек не ездзіць на колішніх паравозах, параходах, першых лятальных апаратах. Іх даўно замянілі сучасныя электравозы і цягнікі на магнітнай падушцы, марскія лайнеры, у тым ліку атамаходы, звышгукавыя самалёты. З цягам часу, калі чалавецтва стала імкнуцца асвойваць космас, непрыдатнымі аказаліся нават такія “зямныя” аксіяматычныя пастулаты, як палажэнні геаметрыі старажытнагрэчаскага матэматыка Эўкліда (3 ст. да н. э.; напрыклад: дзве паралельныя прамыя не перасякуцца, колькі б мы іх не прадаўжалі) або некаторыя законы фізікі, адкрытыя Ісаакам Ньютанам (1643 – 1727; напрыклад, закон сусветнага прыцягнення). Геаметрыя Эўкліда дапоўнілася вядомай “неэўклідавай геаматрыяй” Мікалая Лабачэўскага (1792 – 1856), разуменне законаў гравітацыі Ньютага – тэорыяй адноснасці Альберта Эйнштэйна (1879 – 1955).

Навейшыя адкрыцці, накшталт тэорыі адноснасці Эйнштэйна, аказаліся настолькі нечаканымі нават для пісьменнікаў-фантастаў, што іх верагоднасць напачатку не ўкладвалася ў “нармальныя” галовы сучаснікаў. Пра што, дарэчы, сведчыць адна эпіграма. Так, у ХУІІІ ст. хтосьці з паэтаў прывітаў Ньютана за тое, што ён сваімі адкрыццямі развеяў туман няведання:

Быў гэты свет начной імглой ахутаны.

О Божа, дзякуй за святло, за Ньютана!

Аднак на пачатку ХХ ст. нейкі эпіграматыст дадаў да ранейшага хвалебнага двуверша свае два радкі:



Ды чэрці страту хутка раскумекалі.

Прыйшоў Эйнштэйн – і стала ўсё, як некалі.

Зразумела, “як некалі” не стала. Тым не менш, сапраўды, некаторыя новыя адкрыцці цалкам ці амаль цалкам перакрэслілі нашы ранейшыя ўяўленні, увасобленыя ў непарушных, здавалася б, навуковых канцэпцыях і законах, прымусілі падкарэкціраваць іх, удакладніць, удасканаліць. У той жа час новыя творы мастацтва не адмяняюць таго, што было напісана, намалявана, спраектавана нават некалькі соцень ці тысяч год таму назад. Нягледзячы на выдатныя дасягненні літаратуры, выяўленчага мастацтва, архітэктуры, музыкі пазнейшых эпох, мы і сёння захапляемся творамі Гамера і Эсхіла, Арыстафана і Эўрыпіда, егіпецкімі пірамідамі і архітэктурай афінскага Акропаля, скульптурнымі выявамі Нікі Самафракійскай і Афрадыты Мілоскай, малюнкамі Рафаэля і Леанарда да Вінчы, музычнымі творамі Баха і Бетховіна і г. д. І ніхто нават у найменшай ступені не адважыцца іх падкарэкціраваць, удасканаліць або ўдакладніць. Хаця, скажам, ёсць нямала скульптараў, якія маглі б лёгка дарабіць страчаныя калісьці рукі Афрадыты Мілоскай. Ды гэта ўспрынялося б як кашчунства. Гэтаксама, як нейкія “ўдасканаленні” твораў вядомых пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў…

Нельга не згадзіцца з А. Пушкіным, які ў “Праекце прадмовы да апошніх раздзелаў “Яўгенія Анегіна” (1830) слушна пісаў: “Век можа ісці сабе ўперад, навукі, філасофія і грамадзянскасць могуць удасканальвацца і змяняцца, -- але паэзія застаецца на адным месцы. Мэта яе адна, сродкі тыя самыя. І ў той час як паняцці, працы, адкрыцці вялікіх прадстаўнікоў старажытнай астраноміі, фізікі, медыцыны і філасофіі састарэлі і кожны дзень замяняюцца іншымі, -- творы сапраўдных паэтаў застаюцца свежымі і вечна юнымі”.

Пра вобраз як сродак мастацкай літаратуры (і мастацтва ў цэлым) мы ўжо ведаем. Якая ж яе мэта (мэты)?


2.1.4. Мэты і функцыі мастацка-эстэтычнага пазнання

Навука, як мы пераканаліся, валодае вялікімі пазнавальным патэнцыялам. Несумненна, мастацтва ўступае навуцы ў непасрэдным пазнанні рэчаіснасці. Тым не менш, яно таксама валодае значнымі пазнавальнымі магчымасцямі. Часам не менш, чым археалагічныя раскопкі, пра чалавека даўніх эпох, яго заняткі, прылады працы, зброю, жыллё і г. д. могуць паведаць нам наскальныя малюнкі, асобныя фальклорныя творы (напрыклад, замовы, быліны, казкі, паданні, сагі, руны), літаратурныя помнікі – старажытнаіндыйскія эпічныя зводы “Рыгведа”, “Рамаяна” і “Махабхарата”, творы антычных і сярэдневяковых аўтараў і інш. Гэта – што датычыць матэрыяльнага свету. У яшчэ большай ступені творы мастацтва паказваюць нам духоўны свет чалавека – узровень яго розуму, стан душы, уласцівасці характару, што ўвасабляецца ў тых ці іншых учынках, дзеяннях, думках, імкненнях, перажываннях. Некаторыя гуманітарныя навукі (гісторыя, сацыялогія, псіхалогія, педагогіка, лінгвістыка) звяртаюцца да твораў мастацтва, найперш літаратуры, як да важнага факталагічнага матэрыялу, які дапамагае прыйсці да неабходных навуковых абагульненняў. Так, па аўтарытэтным сведчанні Карла Маркса, бліскучая школа раманістаў у Англіі (Ч. Дзікенс, У. Тэккерэй, сёстры Брантэ і інш.) адкрыла свету “больш палітычных і сацыяльных ісцін, чым гэта зрабілі палітыкі, публіцысты і маралісты, разам узятыя, паказала ўсе слаі грамадства”. Нездарма асобныя мастацкія творы набываюць статус энцыклапедый жыцця народа пэўнага гістарычнага перыяду. Так, энцыклапедыяй жыцця Расіі 1-й трэці ХІХ ст. мы слушна называем вершаваны раман А. Пушкіна “Яўгеній Анегін”. Своеасаблівая энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства канца ХІХ – пачатку ХХ ст. разгортваецца перад намі ў “Новай зямлі” Якуба Коласа…

І ўсё ж неабходнасць і спрадвечнасць існавання ў чалавечым грамадстве мастацтва толькі адной яго пазнавальнай функцыяй растлумачыць немагчыма. Мастацтва, у адрозненне ад навук, найперш прыродазнаўчых, утрымлівае ў сабе вялікі выхаваўчы патэнцыял, што ўвасабляецца ў розных яго відах і формах (літаратура, жывапіс, тэатр, скульптура, музыка, прыкладное мастацтва і інш.). Яно ўздзейнічае на чалавека па-рознаму ў розныя перыяды яго жыцця, але заўсёды характар уздзеяння спецыфічны і той самы: праз пачуцці – да думак, праз псіхіку – да свядомасці, праз сэрца – да розуму. І таму такое ўздзеянне больш дзейснае і трывалае, чым выхаванне “ў лоб”, шляхам прадпісанняў, загадаў, забарон. Так, яшчэ на немаўлятку скіраваны асобныя жанры музычнага і слоўнага мастацтва (калыханкі, забаўлянкі), вырабы прыкладнога мастацтва (цацкі). У дашкольны час чалавек сустракаецца не толькі з большай колькасцю і больш складанымі жанрамі музыкі і літаратуры (казкі, легенды, загадкі, песні і інш.), але і з іншымі відамі мастацтва: выяўленчым, тэлевізійным, тэатральным, кінамастацтвам (“чытанкі-маляванкі”, мультфільмы, батлейка, лялечны тэатр, камп’ютарныя гульні і інш.). Школьны перыяд, калі асабліва інтэнсіўна ідзе выхаванне дзіцяці (падлетка, юнака), вызначаецца, бадай, найбольшым уздзеяннем на чалавека мастацтва, і найперш – мастацтва слова, літаратуры. Нездарма сярод школьных прадметаў на адным з першых месцаў – літаратура (беларуская, руская, некаторыя творы лепшых замежных пісьменнікаў). Яна арганічна ўключаецца ў агульную сістэму школьнай адукацыі і выхавання (цыклы гуманітарных і прыродазнаўчых дысцыплін, удзел школьнікаў у працы грамадскіх арганізацый, розных мерапрыемствах і інш.). Бо што спасцігнута праз сэрца, найдаўжэй і найтрывалей асядае ў свядомасці чалавека, вызначае яго лад думак і паводзін.

Але ж у якіх выхаваўчых функцыях удзельнічае мастацтва? Найперш у выхаванні маральна-этычным, у фармаванні разумення, кажучы словамі У. Маякоўскага з яго аднайменнага верша, “што такое добра і што такое кепска”. Затым – у выхаванні ідэалагічным, у фармаванні светапогляду чалавека. Сёння ідэалагічнае выхаванне ў нашай краіне акрэслена такімі важнейшымі прынцыпамі ідэалогіі беларускай дзяржаўнасці, як патрыятызм, інтэрнацыяналізм, разуменне дзяржаўнай незалежнасці як фактару волевыяўлення беларускага народа, актыўны ўдзел у стваральнай дзейнасці грамадства, моцная сям’я, узаемапаважлівыя адносіны ў калектыве і г. д. Па сутнасці, усе гэтыя прынцыпы ўвасоблены ў артыкулах Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Нарэшце – і гэтым мастацтва адрозніваецца ад іншых форм ідэалогіі (рэлігіі, філасофіі, маралі, палітыкі) – літаратура актыўна ўдзельнічае ў эстэтычным выхаванні. Мастацтва, у тым ліку літаратура, займае тут настолькі важнае, ні з чым непараўнанае месца, што ўзнікае патрэба гаварыць пра яго асобную эстэтычную мэту.

Мэта гэта ўвасабляецца ў некалькіх функцыях. Як вядома, чалавек, у адрозненне ад жывёл, мае патрэбу ў прыгожым. Для свайго існавання чалавеку патрэбна ежа, адзенне, жыллё. Але ён не абы дзе і не абы як задавальняе свой апетыт, а стараецца набыць прыгожы посуд, прыгожа сервіраваць стол. Ён не проста апранаецца, а стараецца апрануцца прыгожа, “па модзе”. Калі чалавек будуе дом, то імкнецца, каб унутраны і знешні выгляд гэтага дома былі прыгожымі, а не толькі, каб у ім было цёпла і суха. Такім чынам, чалавек фармуе прыроду і па законах прыгажосці. А “сама краса”, як слушна сказаў М. Багдановіч у “Апокрыфе”, і ёсць “спажытак для душы”.

Прыгажосць, апрача ўсяго, збліжае людзей, гуртуе іх у калектыў. Гэта хораша выказаў Алег Лойка ў вершы “Блакітнае азерца” (дарэчы, такое азерца з блакітнай вадой існуе на Каўказе):



Яно блакітнае І не знайшоўся

Пры хмарах, пры пагодзе. Сярод нас няверца,

Аб ім легенды Хто б не паверыў

Ходзяць у народзе: Казцы пра азерца.
-- Спыніся тут Блакіт мы чэрпалі

На хвілю, падарожны, Рукамі асцярожна…

Памый свой твар, Былі мы роныя,

І стане ён прыгожы!.. І быў прыгожы кожны…


Блакіт плыў з рук маіх,

І цешылася сэрца,

Што ўсіх нас зблізіла

Блакітнае азерца.

Сустрэча з творам мастацтва выклікае ў чалавека тыя ці іншыя эмоцыі, прыносіць духоўнае задавальненне, асалоду, своеасаблівы “кайф”. Аднак нават такая, чыста геданістычная (ад грэч. hēdonē -- асалода), функцыя мастацтва ужо мае значныя перавагі перад штучнай фізіялагічнай асалодай, выкліканай уздзеяннем разбуральных для чалавечага арганізма рэчываў (алкаголь, тытунь, наркотыкі). Гэтым, відавочна, апраўдваецца ў некаторым сэнсе права на існаванне твораў, якія і засноўваюцца пераважна на геданістычнай функцыі (так званая масавая літаратура). Наогул, любы твор мастацтва павінен у той ці іншай ступені прыносіць эстэтычную асалоду, якая, зразумела, значна шырэйшая за чыста геданістычную. Разам з тым, сапраўдныя творы мастацтва выклікаюць эстэтычнае перажыванне – адначасовы і суладны ўздым нашых пачуццяў, думак і волі. Не раз, пасля прачытання выдатнага твора, прагляду цудоўннага фільма ці спектакля хочацца рашыцца на нейкі ўчынак у імя справядлівасці, праўды, ісціны. Старажытныя грэкі называлі такі стан кáтарсісам (ад грэч. katharsis – ачышчэнне). Гэты тэрмін упершыню ўжыў Арыстоцель у сваім вучэнні пра трагедыю. Паводле Арыстоцеля, трагедыя, выклікаючы страх, гнеў, спачуванне, а тым самым – эстэтычнае перажыванне, прымушае гледача спектакля перажыць душэўнае хваляванне. У выніку яна (як і любы сапраўдны твор мастацтва) як бы ачышчае душу гледача (чытача, слухача мастацкага твора), узвышае і выхоўвае яго. Стан катарсіса своеасабліва праілюстраваў рускі пісьменнік Г. Успенскі ў сваім апавяданні “Выпрастала”. Ён паказаў, як невядомы аўтар славутай скульптуры “Венера Мілаская” змог увасобіць у сваім тварэнні ідэю магчымасці кожнай чалавечай асобы быць прыгожай, адчуваць шчасце быць чалавекам, і як гэтая ідэя “працуе”. Нарэшце, эстэтычная мэта мастацтва заключаецца і ў выяўленні эстэтычнага ідэалу пісьменніка (грамадства, эпохі).

Эстэтычны ідэал – гэта наша разуменне прыгожага жыцця (у самым шырокім сэнсе). Вызначаючы сутнасць эстэтычнага ідэалу, М. Чарнышэўскі ў працы “Эстэтычныя адносіны мастацтва да рэчаіснасці” падкрэсліваў: “Прыгожая тая істота, у якой мы бачым жыццё такім, якім павінна быць яно згодна нашых разуменняў; прыгожы той прадмет, які выклікае ў сабе жыццё ці нагадвае нам пра жыццё”. У адпаведнасці з гэтым мы вызначаем прыгажосць пейзажаў (Нарачанскія азёры, Белавежская пушча, жнівеньская навальніца і інш.), сямейных і грамадскіх ўзаемаадносін, фізічную і духоўную прыгажосць чалавека і г. д. Зразумела, “на вкус и цвет товарищей нет”, эстэтычны ідэал (дакладней – эстэтычны густ) у людзей нават аднаго калектыву ў сім-тым будзе розніцца. Разам з тым намнога больш агульнага, чым рознага, у прадстаўнікоў аднаго сацыяльнага, нацыянальнага асяроддзя, жыхароў адной гістарычнай эпохі. За прыкладамі далёка хадзіць не трэба. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова параўнаць адзенне, манеру трымацца, сямейны ўклад сённяшніх цыган і беларусаў, расійскіх прыгонных сялян ХІХ стагоддзя, з аднаго боку, і дваран таго часу – з другога, увогуле жыхароў пазамінулага стагоддзя і -- насельніцтва нашага часу. Як падкрэсліваў вядомы рускі філосаф, публіцыст і літаратурны крытык Г. Пляханаў, “прырода чалавека робіць тое, што ў яго могуць быць эстэтычныя густы і разуменні. Умовы яго жыцця вызначаюць сабой пераход гэтай магчымасці ў рэальнасць; імі вытлумачваецца тое, што дадзены грамадскі чалавек ( г. зн. дадзенае грамадства, дадзены народ, дадзены клас) мае менавіта гэтыя эстэтычныя густы і разуменні, а не іншыя”. Такім чынам, мы маем падставу гаварыць пра сацыяльны, нацыянальны і канкрэтна-гістарычны характар эстэтычнага ідэалу. Ідэалу, які, у прыватнасці, выяўляецца ў творах пісьменнікаў пэўнай эпохі, краіны, сацыяльна-класавага асяроддзя.

Грамадскае прызначэнне літаратуры, апрача ўсяго іншага, -- выконваць і вельмі важную этнагенетычную (ад грэч. ethnos – народ і genesis -- нараджэнне) ролю. Пісьменнікі ў сваіх творах (раманах, п’есах, паэмах, вершах і інш.) увасабляюць воблік пэўнага народа, яго духоўны свет, гісторыю, культуру, мову. Яны актыўна садзейнічаюць захаванню гістарычнай памяці, абуджэнню нацыянальнай свядомасці народа. Тым самым майстры мастацкага слова як ніхто іншы дапамагаюць самаідэнтыфікацыі таго ці іншага этнасу, захаванню і перадачы лепшых яго рыс сучаснікам і наступным пакаленням, а таксама -- дзякуючы мастацкаму перакладу – іншанацыянальным супольнасцям. З’яўленне новых выдатных твораў мастацтва (кніг, малюнкаў, кінафільмаў і інш.) адчувальна ўзбагачае духоўны свет нацыі, павышае яе імідж у свеце. Несумненна, імідж Беларусі ў ХХ ст. узвысілі не толькі гераічная ўсенародная барацьба з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, слава беларускіх партызан, сусветнавядомыя дасягненні аўтамабіле- і трактарабудаўнікоў (БелАЗы, МАЗы, трактары “Беларус”), палёты ў космас беларусаў Пятра Клімука і Уладзіміра Кавалёнка. Не меншае значэнне для самаадчування нацыі і яе добрай славы ў свеце мелі і маюць дасягненні ў розных відах мастацтва, у тым ліку творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Петруся Броўкі, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Івана Мележа, Янкі Брыля, Івана Шамякіна, Васіля Быкава і інш. Асабліва вялікую ролю адыгрывае літаратура ў зберажэнні і ўзбагачэнні душы нацыі -- мовы, выпрацоўцы і ўдасканаленні яе літаратурнага варыянту, павышэнні культуры маўлення. Зварот Ф. Багушэвіча ў прадмове да зборніка вершаў “Дудка беларуская” (1894) “Не пакідайце ж нашай мовы беларускай, каб не ўмёрлі!” быў не толькі зваротам да беларусаў, якія ў той час інтэнсіўна паланізаваліся і русіфікаваліся, але і да літаратараў зямлі беларускай, якія найперш і маглі паспрыяць захаванню мовы, а тым самым – і самой нацыі. Бо, як казалі старажытныя латыняне, “Verba volant, scripta manent” – “Словы адлятаюць, напісанае застаецца”. Сапраўды, напісанае і надрукаванае пісьменнікамі застаецца. У тым ліку засталіся і творы самога Ф. Багушэвіча, якія абудзілі нацыянальную самасвядомасць Янкі Купалы і Якуба Коласа – асноўных гранільшчыкаў беларускай літаратурнай мовы. А ўжо творчасць народных песняроў (як і іншых адраджэнцаў: М. Багдановіча, В. Ластоўскага, М. Гарэцкага, Змітрака Бядулі, Алеся Гаруна, А. Луцкевіча, Цішкі Гартнага…) пасадзейнічала нацыянальнаму самавыяўленню беларускага народа, што ўвасобілася ў пачатку ХХ ст. ва ўзнікненні беларускай дзяржаўнасці, а ў канцы таго ж стагоддзя – у з’яўленні на палітычнай карце свету Рэспублікі Беларусь як самастойнай, незалежнай дзяржавы.

Такім чынам, літаратура актыўна ўдзельнічае ў працэсе нацыязахавання і нацыятворчасці, а ў выніку – і дзяржаватворчасці.

Мастацтва дазваляе рэалізаваць чалавеку свае творчыя здольнасці, якія даюцца яму ад нараджэння. Тым самым яно ажыццяўляе сваё эўрыстычнае (ад грэч. heuriskō -- знаходжу) прызначэнне. Мастак, у тым ліку пісьменнік, -- у заўсёдным творчым пошуку. Як хораша выказаўся Максім Танк у сваім “Трактаце аб паэзіі”,



Калі і памру я…

Дык не ад прастуды

Ці нейкай хваробы старэчай,

А проста –

ад смагі слоў новых,

Якіх не хапае

Для новаадкрытых планетаў,

Законаў і формул,

Для нашай сусветнай любві.

Пісьменнікі дзякуючы сваім прыроджаным здольнасцям – празаіка, паэта, драматурга – стварылі цэлы шэраг невядомых раней выдатных літаратурных помнікаў, без якіх, як і без важкіх навуковых адкрыццяў, мы не ўяўляем сёння свайго існавання. Гэта творы аўтараў антычных (Гамер, Арыстафан, Авідзій, Сапфо і інш.), сярэдневяковых (Дантэ, Сервантэс, Лопе дэ Вега, Шэкспір і інш.), часу новага (Бальзак, Міцкевіч, Пушкін, Шаўчэнка і інш.) і навейшага (Максім Горкі, Маякоўскі, Ясенін, Хэмінгуэй, Янка Купала, Якуб Колас, Быкаў і інш.). Калісьці выдатны старажытнагрэчаскі матэматык і механік Архімед пра адкрыцці ім закона гідрастатыкі ўсклікнуў: “Эўрыка!” (“Я знайшоў!”). “Ай да Пушкин! Ай да сукин сын!” – з радасцю выгукнуў вялікі рускі пісьменнік, закончыўшы свайго “Яўгенія Анегіна”. Сапраўды, напісанне выдатных мастацкіх твораў раўназначна выдатнаму навуковаму адкрыццю. Нездарма Нобелеўскія прэміі штогод прысуджаюцца як вучоным, так і пісьменікам. Нездарма не толькі выдатным вучоным, але і пісьменнікам ставяцца помнікі (Аляксандру Пушкіну, Мікалаю Гогалю, Тарасу Шаўчэнку, Івану Франко, Сімяону Полацкаму, Янку Купалу, Якубу Коласу, Максіму Багдановічу і інш.) Больш таго, існуюць помнікі нават літаратурным героям (Дон Кіхоту і Санча Панса, Гамлету, Тарасу Бульбе, Дзеду Талашу, Сымону-Музыку і інш.).

Мастацтва ў пэўнай ступені выконвае і прагнастычную ролю. Пісьменнікі, як правіла, -- людзі не толькі таленавітыя, адукаваныя, але і надзеленыя дарам прадбачання. Гэтае прадбачанне ўвасабляецца ўжо ў характары мастацкай тыпізацыі, калі часам за адзінкавымі фактамі рэчаіснасці пісьменнік бачыць у перспектыве цэлую з’яву, пэўную заканамернасць. Падчас мастакі слова даволі дакладна прадугадваюць час наступлення нейкіх падзей. Так, У. Маякоўскі памыліўся толькі на адзін год, калі задоўга да вядомых расійскіх сацыяльных катаклізмаў 1917 года пісаў: “В огненном кольце революций грядет шеснадцатый год”. Праўда, такія факты могуць успрымацца і як выпадковыя супадзенні. Аднак што ўжо несумненна сведчыць пра імкненне і магчымасць мастацтва прагназаваць будучыню, дык гэта наяўнасць фантастычнай літаратуры ў розных яе разнавіднасцях (фантастыка навуковая, прагнастычная, сацыяльна-філасофская), якая зарадзілася яшчэ ў нетрах вуснай народнай творчасці (казкі пра “боты-скараходы”, “дыван-самалёт”, “каваля Вярнідуба” і г. д.). Так, задоўга да з’яўлення магчымасцей падводнага і паветранага плавання, тэлекамунікацыі, палётаў у космас і інш. пра гэта марылі, пісалі пісьменнікі-фантасты Дж. Свіфт, М. Шэлі, Ж. Верн. Г. Уэлс, А. Азімаў, А. М. Талстой, браты А. і Б. Стругацкія, С. Лем і інш. Несумненна, іх творы не толькі прагназавалі навукова-тэхнічнае развіццё чалавечай цывілізацыі, але ў пэўным сэнсе падштурхоўвалі вучоных да асобных навуковых адкрыццяў. Сацыяльна-філасофская фантастыка ў сваіх жанрах утопіі (ад грэч. u – не і topos -- месца, г. зн. месца, якога няма) і антыўтопіі імкнулася спрагназавааць сацыяльна-палітычнае развіццё чалавецтва. Прадстаўнікі першага жанру (Т. Мор, Т. Кампанела, Э. Беламі, В. Брусаў, І. Яфрэмаў і інш.) імкнуліся паказаць неіснуючае ідэальнае грамадства, без прыватнай уласнасці, са справядлівым, хоць і жорсткім, рэгуляваннем грамадскага і прыватнага жыцця. Пісьменнікі-антыўтапісты (Я. Замяцін, М.Козыраў, А. Платонаў, Ф. Іскандэр і інш.) своеасабліва парадыравалі ўтапічныя ідэі, паказвалі, чым і як можа расплаціцца чалавек за імкненне да “зямнога раю”, усеагульнага бясхмарнага шчасця.

Літаратура, як і мастацтва ўвогуле, мае камунікатыўнае (ад лац. communication – паведамленне, сувязь) значэнне. Каго з кім і як злучае мастацкая літаратура? Найперш стваральніка літаратурнага твора (пісьменніка) з яго ўспрымальнікамі, адрасатамі (чытачамі, слухачамі, гледачамі). Леў Талстой у эсэ “Што такое мастацтва?” дае сваё вызначэнне мастацтва: “Мастацтва ёсць адзін са сродкаў зносін людзей паміж сабою… Асаблівасць жа гэтых зносін, што адрознівае яго ад зносін з дапамогай слова, у тым, што словам адзін чалавек перадае другому свае думкі, мастацтвам жа людзі перадаюць адзін аднаму свае пачуцці”. Зразумела, у мове (словах) літаратурна-мастацкіх твораў адначасова арганічна ўвасабляецца не толькі пачуцці, але і думкі. Дзякуючы сродкам інфармацыі (друк, радыё, тэлебачанне, інтэрнет і інш.) тое, што і як хацеў сказаць пісьменнік, прыблізна ў адзін і той жа час даходзіць да шматлікай аўдыторыі, узбуджаючы ў свядомасці і душах людзей адны і тыя ж думкі і эмоцыі. З другога боку, незаўважна і незалежна адзін ад другога дзякуючы мастацкаму твору (творам) людзі “звязваюцца” паміж сабой, становячыся ў вялікай ступені аднадумцамі. Такім чынам, у выніку рэалізацыі камунікатыўнай мэты пачынаюць дзейнічаць і іншыя мэты і функцыі літаратуры: пазнавальная, выхаваўчая, эстэтычная, этнагенетычная, прагнастычная. Адсутнасць жа літаратурнай камунікацыі па нейкай прычыне (страта рукапісу твора, цэнзурная забарона, недаступнасць сродкаў інфармацыі і інш.) замаруджвае ці ўвогуле выключае магчымасць рэалізацыі і іншых мэт і функцый мастацтва.


Гаворачы пра своеасаблівасць мастацтва, адрозненне яго ад навукі, мы ўжывалі слова “пазнанне”. Гэта прадвызначана канкрэтнай тэмай нашых разваг, супастаўленнем мастацтва, у тым ліку літаратуры, з навукай, якая менавіта пазнае навакольны свет. Класічная эстэтыка для абазначэння сутнасці літаратурна-мастацкага пазнання ведае яшчэ тэрміны: “адлюстраванне”, “выяўленне”, “мадэляванне”… Аднак якія б тэрміны не ўжываліся, памятаць неабходна адно: літаратура – не калька, не “мёртвы” адбітак рэчаіснасці, не звычайнае люстэркавае адлюстраванне. У той жа час яна -- і не рэальнасць, цалкам адасобленая ад рэчаіснасці, якая не мае з гэтай рэчаіснасцю ніякай сувязі. Мастацкі твор -- пры ўсёй яго часам умоўнасці, фантастычнасці – паўстаў з пэўнай рэчаіснасці і скіраваны на рэчаіснасць сваімі мэтамі і функцыямі. Часам розныя мэты і функцыі (пра якія мы гаварылі вышэй) задзейнічаны ў мастацкім творы не ў аднолькавай ступені, не з аднолькавай сілай. Скажам, у творах дэтэктыўнага жанру напоўніцу рэалізуецца геданістычная функцыя, а некаторыя іншыя (напрыклад, пазнавальная) могуць быць зведзены да мінімуму. У той жа час адна з галоўных мэт гістарычнага рамана – якраз пазнавальная (побач з іншымі). Разам з тым любы твор мастацтва абавязкова ставіць перад сабой эстэтычную мэту. Калі надрукаваны тэкст не прыносіць эстэтычнай асалоды, не выклікае эмоцый, эстэтычнага перажывання, не выяўляе належнага эстэтычнага ідэалу, то перад намі, відавочна, проста звычайны тэкст (навуковы, дзелавы), а не літаратурны твор. Ці падробка пад літаратурны твор, графаманская патуга на яго. Гісторыя сусветнай літаратуры не ведае ніводнага больш-менш значнага твора, які б не меў эстэтычнага значэння і адначасова не выяўляў тых ці іншых памкненняў чалавечага грамадства, не выконваў тую ці іншую сацыякультурную ролю.
Пытанні для самаправеркі:

1. Як вы можаце акрэсліць аб’ект, прадмет і змест мастацка-эстэтычнага пазнання?

2. Раскажыце пра сродкі навуковага і мастацкага пазнання.

3. Растлумачце сутнасць літаратурнага вобраза як “знаёмага незнаёмца” (В. Бялінскі).

4. Якія мэты і функцыі выконвае ў грамадстве літаратура (як і мастацтва ўвогуле)?

5. Як вы разумееце нацыятворчую і дзяржаватворчую ролю мастацкай літаратуры? Пакажыце гэта на прыкладзе беларускай літаратуры.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   14


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка