Літаратуразнаўства як навука. Эстэтыка літаратуры. Паэтыка




старонка2/14
Дата канвертавання14.03.2016
Памер3 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   14
1. Дайце азначэнне трох галоўных галін літаратуразнаўства.

2. Ахарактарызуйце ўсе раздзелы гісторыі літаратуры.

3. Вызначце сутнасць тэорыі літаратуры і яе раздзелаў як навукі.

4. Дакажыце, што літаратурны крытык не толькі вучоны, але адначасова і пісьменнік.

5. Раскажыце пра цесную сувязь паміж гісторыяй, тэорыяй літаратуры і літаратурнай крытыкай.
1.1.3. Дапаможныя галіны літаратуразнаўства.

Любое літаратуразнаўчае даследаванне – ці гэта курсавая, семінарская, дыпломная студэнцкая праца, ці, тым больш, магістэрская, кандыдацкая або доктарская дысертацыя – павінна вызначацца самастойнасцю і навуковай навізной. Літаратуразнавец, як і кожны вучоны, праводзіць свой навуковы пошук. Толькі, у адрозненне ад прадстаўнікоў некаторых дакладных навук, яго галоўнай навуковай лабараторыяй з’яўляецца бібліятэка, літаратурны архіў, літаратурны музей. Непасрэдную і першаступенную дапамогу яму, такім чынам, аказваюць бібліятэказнаўства, архівазнаўства, музеязнаўства, некаторыя іншыя самастойныя гуманітарныя навукі, якія ў дадзеным выпадку выконваюць дапаможную ролю. Скажам, у некаторых універсітэтах існуюць не толькі кафедры, але і асобныя факультэты бібліятэказнаўства і бібліяграфіі, архівазнаўства і музеязнаўства, што сведчыць пра цалкам самастойны статус гэтых навук. Мы ж, літаратуразнаўцы, звяртаемся да іх роўна ў той ступені, у якой яны могуць аказаць садзеянне ў вывучэнні праблем гісторыі і тэорыі літаратуры, у літаратурна-крытычнай працы.



Бібліятэказнаўства як асобная галіна ведаў вывучае навуковыя прынцыпы збору, сістэматызацыі, зберажэння і прапаганды твораў друку (кнігі, часопісы, газеты і г. д.), а таксама (асабліва ў апошні час) -- аўдыё- і відэёпрадукцыі. Здаўна існуюць спецыяльныя ўстановы – бібліятэкі, дзе праводзіцца праца па збору, захаванні і прапагандзе ўсяго лепшага з напісанага, а пасля – калі з’явіўся друк – і надрукаванага. Бібліятэкі падраздзяляюцца на масавыя (разлічаныя на чытачоў розных густаў), навуковыя (існуюць пры навуковых і навучальных установах) і спецыялізаваныя (зберагаюць літаратуру па пэўных галінах ведаў: тэхнічныя, медыцынскія, сельскагаспадарчыя і г. д.). Яны ўзніклі ў глыбокай старажытнасці (Кітай, Індыя, Асірыя, Вавілон). На тэрыторыі ўсходніх славян самая даўняя бібліятэка ўзнікла ва Украіне — заснавана Яраславам Мудрым у Кіеве пры Сафійскім саборы ў 1037 г. На Беларусі бібліятэкі вядомыя таксама з XI ст. (бібліятэка Полацкага Сафійскага сабора). Яны ствараліся спачатку пры манастырах і цэрквах, кляштарах і касцёлах, сінагогах і мячэцях, пазней — пры розных навучальных установах (Віленская акадэмія, Полацкая езуіцкая калегія, Слуцкая пратэстанцкая школа і інш.), магнацкіх дварах (бібліятэкі Радзівілаў у Нясвіжы, Храптовічаў у Шчорсах, Агінскага ў Слоніме і інш.), іх збіралі асобныя вучоныя, дзеячы культуры (Ігнат Даніловіч, Адам Кіркор, Аляксандр Ельскі, Яўхім Карскі, Адам Багдановіч і інш.). У XIX ст. з'явіліся публічныя бібліятэкі — у Гродне (1830), Магілёве (1833), Мінску (1845), Віцебску (1857)... Сёння на Беларусі існуе цэлая бібліятэчная сістэма, куды ўваходзяць раённыя, гарадскія, абласныя і рэспубліканскія бібліятэкі. Буйнейшыя сярод іх — Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь, Цэнтральная навуковая бібліятэка Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі імя Якуба Коласа, Фундаментальная бібліятэка БДУ. У бібліятэках звычайна існуе інфармацыйна-даведачная служба (картатэкі, каталогі), сродкі капіравання друкаваных тэкстаў і інш. Улікам і рэгістрацыяй навінак друкаванай прадукцыі займаецца спецыяльная ўстанова — Кніжная палата Беларусі. Вялікую каштоўнасць маюць асобныя прыватныя бібліятэкі, у прыватнасці -- бібліятэкі пісьменнікаў. Кнігазборы асобных выдатных пісьменнікаў сведчаць пра кола іх духоўных запатрабаванняў, сувязі з іншымі дзеячамі культуры, адносіны да тых ці іншых, сваіх і чужых, друкаваных тэкстаў (праз розныя паметкі, надпісы, выпраўленні) і інш. Таму бібліятэка пісьменніка, як правіла, цалкам захоўваецца у яго літаратурным музеі як асаблівая каштоўнасць, падчас друкуецца яе апісанне.

Кніга – з’ява культуры. Яна -- твор не аднаго пісьменніка, а і таго, хто рыхтаваў літаратурны тэкст да друку (літаратурнага і тэхнічнага рэдактара, карэктара), хто яго афармляў (мастака, дызайнера), друкаваў (друкара, паліграфіста), урэшце, хто ствараў сродкі і прылады друку (шрыфты, фарбу, паперу…). Веданне гісторыі ўзнікнення і функцыянаванне кнігі, чым займаецца кнігазнаўства, шмат у чым таксама можа дапамагчы літаратуразнаўцам у іх працы. Асабліва пры пошуках старых і рэдкіх кніг. Кнігі, выдадзеныя да 1500 года, называюцца інкунабуламі. Па традыцыі кнігі пачатковага перыяду кнігадрукавання, калі яны належаць да часу дзейнасці Францыска Скарыны і Івана Фёдарава, называюць першадрукамі, а наступныя – старадрукамі. Рэдкімі лічаць выданні незалежна ад году выхаду ў свет, калі па нейкіх прычынах захаваўся ўсяго адзін ці некалькі іх паасобнікаў. У буйнейшых беларускіх бібліятэках існуюць спецыяльныя аддзелы рэдкіх выданняў, першадрукаў і старадрукаў. Так, у фондзе рэдкіх і старадрукаваных кніг Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі захоўваецца каля 40 тысяч тамоў. Там ёсць асобныя інкунабулы, выданні славутай венецыянскай друкарні Альдаў (ХУ—ХУІ ст.), галандскіх друкароў Эльзевіраў (ХУІ—ХУІІІ ст.), некалькі кніг “Бібліі” Скарыны, выданне І. Фёдарава і П. Мсціслаўца “Евангелле вучыцельнае” (1568), кнігі з беларускай друкарні Мамонічаў (Вільня, ХУІ ст.) і інш. У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі імя Якуба Коласа захоўваюцца, у прыватнасці, беларускія пергаменты пачатку ХУІ ст., “Новы Запавет з Псалтыром” (Еўе, 1611), “Лексікон словенароскі” П. Бярынды (Куцейна, 1653), кітабы – рукапісныя кнігі ХУІІ—ХІХ ст., напісаныя арабскай графікай на беларускай мове, і інш. Кнігазнаўству пэўную, а часам і значную, дапамогу аказваюць бібліяфілы. Бібліяфіл (ад грэч. biblia — кнігі і philia — любоў) — чалавек, апантаны любоўю да кніг, іх збіраннем і вывучэннем. Звычайна бібліяфіл ведае сапраўдную вартасць той ці іншай кнігі, збірае найбольш каштоўныя з іх, у тым ліку рэдкія, дае магчымасць пазнаёміцца са сваім кнігазборам іншым чьггачам. Такія былі князі Радзівілы, графы Храптовічы, краязнавец і літаратар А. Ельскі, прафесар Я. Карскі і інш. У адной напаўзабытай кнізе пачатку мінулага стагоддзя малюецца такі партрэт бібліяфіла: “На ціхай палянцы бібліяграфіі, што ляжыць далёка ад гандлёвых шляхоў літаратуры, вырастаюць усё новыя кветкі. Яны тым больш цнатлівыя, што іх амаль ніхто не бачыць. Вось выходзіць на палянку адзінокі дзед. Нахіляецца, зрывае кветку і доўга ўцягвае носам яе водар. Гэта бібліяфіл”. У адрозненне ад бібліяфіла, бібліяман (ад грэч. mania — жарсць) — гэта чалавек, да хваравітасці захоплены жарсцю кнігазбіральніцтва, што ператвараецца ў безразборнае калекцыяніраванне друкаванай прадукцыі, у нездаровае яе накапленне рознымі шляхамі (ажно да крадзяжу кніг з іншых бібліятэк).

У моры кніжнай прадукцыі ў ролі своеасаблівага лоцмана выступае бібліяграфія (ад грэч. biblia – кніга і grapho – апісваю), што займаецца выяўленнем, рэгістрацыяй, апісаннем (на падставе пэўных навукова-метадычных прынцыпаў) літаратурнай прадукцыі, складаннем усялякага роду даведнікаў і аглядаў літаратуры. З бібліяграфічнага росшуку пачынаецца кожнае сапраўды навуковае даследаванне. А колькасць інфармацыі, якая прыходзіць да чалавека разам з развіццём цывілізацыі, праз паўвека прыблізна падвойваецца. “Сучасны чалавек, -- пісаў акадэмік С. Вавілаў, -- знаходзіцца перад гімалаямі бібліятэк у становішчы золаташукальніка, якому трэба адшукаць крупінкі золата ў масе пяску”. Гэтыя “крупінкі золата” даследчыку дапамагае адшукаць менавіта бібліяграфія. “Кожная навука, -- падкрэсліваў вядомы рускі паэт В. Брусаў, -- засноўваецца на бібліяграфіі. Праца бібліёграфа, калі хочаце, чарнавая, але вельмі неабходная для развіцця ведаў. Яе можна параўнаць з падмуркам будынка: гледачу відаць толькі цудоўныя сцены і купалы палаца, але яны могуць узвышацца толькі таму, што пад іх падведзены трывалы падмурак”. Гэтыя выказванні паказваюць значэнне бібліяграфіі ў любой навуковай, у тым ліку і ў літаратуразнаўчай, працы, сцвярджаюць вялікую ролю дасведчанага, працавітага бібліёграфа ва ўзвядзенні навуковага “палаца”.

Існуюць два тыпы бібліяграфіі: бягучая і рэтраспектыўная. Бягучая фіксуе сучасную друкаваную, аўдыё- і відэёпрадукцыю. У прыватнасці, такая інфармацыя змяшчаецца на старонках штомесячніка “Летапіс друку Беларусі”, бібліяграфічнага бюлетэня “Новыя кнігі Беларусі”. На аснове бягучай бібліяграфіі ўзнікае рэтраспектыўная – розныя тэматычныя і персанальныя бібліяграфічныя даведнікі. У Беларусі, як і іншых еўрапейскіх дзяржавах, выдадзены шматлікія такія даведнікі. Сярод іх -- укладзеныя Нінай Ватацы паказальнікі «Мастацкая літаратура Савецкай Беларусі» /ч. I, 1917—1960; ч. 2, 1961—1968/ (1962; 1971), «Беларускае літаратуразнаўства і крытыка (1945—1963)» (1964), «Беларуская савецкая драматургія (1917—1965)» (1967), «Максім Багдановіч: Паказальнік выданняў, аўтографаў і крытычнай літаратуры» (1977) і інш. Значную каштоўнасць маюць бібліяграфічныя даведнікі па творчасці Ф. Скарыны, Янкі Купалы, Якуба Коласа, І. Мележа і некаторых іншых беларускіх пісьменнікаў, а таксама зводны каталог «Кніга Беларусі. 1517—1917» (1986), паказальнік «Беларуская этнаграфія і фалькларыстыка» М.Грынблата (1972), «Методыка беларускай літаратуры (1906— 1971) І.Зяневіча (1977 і інш. Адным з відаў Б. з'яўляюцца біябібліяграфічныя даведнікі, у якіх інфармацыя аб друкаваных творах спалучаецца з біяграфічнымі звесткамі аб іх аўтарах. Такім універсальным даведнікам з'яўляецца 6-томны біябібліяграфічны слоўнік «Беларускія пісьменнікі», выдадзены пад рэдакцыяй Адама Мальдзіса ў 1992—1995 гг. З’явіліся і так званыя бібліяграфіі другой ступені, ці бібліяграфіі бібліяграфій – выданні, у якіх зафіксаваны ўсе ранейшыя бібліяграфічныя даведнікі па пэўнай тэме. З іх варта назваць “Библиографию белорусской советской библиографии. 1922 -- 1961” Л. Збралевіч і С. Фядулавай (1963), “Беларускую рэтраспектыўную бібліяграфію кніг” В. Лявончыкава (1971) і інш.



Пасля карпатлівага бібліяграфічнага росшуку ў навуковай літаратуразнаўчай працы пачынаецца новы этап -- гістарыяграфічнага даследавання праблемы. Гэта -- вывучэнне друкаваных матэрыялаў па пэўнай тэме і – на аснове гэтага – усведамленне ступені навуковай распрацаванасці асобных пытанняў гісторыі і тэорыі літаратуры. Гістарыяграфічныя агляды звычайна змяшчаюцца на пачатку ўсіх аўтарскіх навуковых прац, манаграфій і дысертацый, што засцерагае навукоўца ад паўторнага “вынаходніцтва веласіпеда”, паказвае яго канкрэтны ўклад у распрацоўку той ці іншай актуальнай праблемы. Вялікія гістарыяграфічныя агляды ў выглядзе “Уступу” або “Прадмовы” папярэднічаюць асноўным раздзелам ва ўсіх акадэмічных гісторыях нацыянальных літаратур. Часам яны публікуюцца як асобныя навуковыя даследаванні ў выглядзе артыкулаў ці нават кніг. Да іх можна аднесці манаграфіі Міхася Мушынскага “Беларуская крытыка і літаратуразнаўства” (кн. 1, 1975; кн. 2, 1985), артыкулы Уладзіміра Пічэты “Scoriniana” (у калектыўным зборніку “400-лецце беларускага друку”, 1926), Івана Ралько “Беларускае вершазнаўства” (у яго кнізе “Верш і мова”, 1986) і інш.

Вядома, дзейнасць літаратуразнаўца не абмяжоўваецца толькі працай у бібліятэках. Вялікую, а часам і незаменную, дапамогу яму можа аказаць архівазнаўства як галіна ведаў, што вывучае навукова-метадычныя прынцыпы збору, апрацоўкі, захавання і выкарыстання рукапісных і дакументальных матэрыялаў. Рукапісныя аддзелы, дзе збіраюцца і захоўваюцца архіўныя матэрыялы, існуюць ва ўсіх буйных бібліятэках і літаратурных музеях. У розных краінах свету здаўна для захавання такіх матэрыялаў пачалі стварацца і спецыяльныя ўстановы – архівы. У Мінску з 1960 г. працуе спецыялізаваны Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, дзе захоўваецца звыш трохсот асабістых фондаў пісьменнікаў (Алеся Адамовіча, Уладзіміра Караткевіча, Максіма Танка, Андрэя Макаёнка, Івана Шамякіна і інш.), каля пяцідзесяці фондаў асобных устаноў (у т. л. фонд Саюза беларускіх пісьменнікаў) — усяго каля паўмільёна дакументаў. Архіўныя дакументы пра жыццё і творчую дзейнасць беларускіх пісьменнікаў можна адшукаць і ў іншых архівах рэспублікі — у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, Беларускім дзяржаўным гістарычным архіве, Беларускім дзяржаўным архіве кінафотадакументаў, у абласных архівах, а таксама ў Расійскім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва (Масква), Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве г. Санкт-Пецярбурга, Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы (Вільнюс), у некаторых архівах Польшчы, Украіны, Латвіі і інш. Без сур'ёзных архіўных пошукаў нельга стварыць аб'ектыўную гісторыю нацыянальнай літаратуры, глыбока вывучыць творчасць таго ці іншага пісьменніка. Для патрэб навукоўцаў друкуюцца спецыяльныя даведнікі наяўнасці ў тых ці іншых архівах рукапісных матэрыялаў. Такі, напрыклад, даведнік “Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Вып 1. Паступленні 1960 – 1992 гг.” (1997). Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы і Міжнародны фонд Янкі Купалы выпусцілі каталог “Рукапісная спадчына Янкі Купалы” (2008), куды ўвайшло апісанне ўсіх купалаўскіх рукапісаў, якія захоўваюцца ў музеі. Рукапісы пісьменнікаў, фіксуючы шлях творчай думкі, могуць прыадкрыць заслону над гісторыяй напісання твора, дапамагчы адказаць на шэраг пытанняў, звязаных з псіхалогіяй мастацкай творчасці, і г. д. Яшчэ ў студэнцкія гады пачаў працаваць над пушкінскім архівам С. Бондзі – адзін з лепшых рускіх знаўцаў пушкінскіх рукапісаў, глыбокі даследчык творчай спадчыны А. Пушкіна. У адным з дакладаў, прачытаных на семінары ў прафесара С. Вянгерава, Бондзі выказаў смелае меркаванне, што кожнае з чатырохрадкоўяў расшыфраванага да таго рукапісу – гэта пачатак асобнай анегінскай страфы, прычым у строгай паслядоўнасці гэтых строфаў заключаны аўтарскі шыфр. Меркаванне гэтае з часам пацвердзілася і дало магчымасць рэстаўраваць – у межах тэксту, што дайшоў да нас, -- дзесятую главу “Яўгенія Анегіна”, падказала, што з гэтай главы страчана. Прыгадаем яшчэ, якую цікавую, сапраўды навуковую аснову для даследавання творчай гісторыі вядомых паэм Якуба Коласа “Новая зямля” і “Сымон-музыка” далі рукапісы гэтых твораў беларускаму даследчыку М. Мушынскаму. Яго кніга “Ад задумы да здзяйснення” (1965) цалкам пабудавана на архіўных матэрыялах. Яна пакідае ўражанне дакладнага, аб’ектыўнага навуковага даследавання. Беларускае літаратуразнаўства можа пахваліцца яшчэ некалькімі надзвычай плённымі і працаздольнымі архіўнымі следапытамі, якія ўзбагацілі беларускую навуку пра літаратуру шэрагам невядомых раней фактаў. Гэта Сцяпан Александровіч, Ісідар Бас, Генадзь Кісялёў, Адам Мальдзіс, Язэп Янушкевіч…

З архівазнаўствам цесна звязана археаграфія – дапаможная дысцыпліна, якая вывучае метады збору, апісання і публікацыі гістарычных, у нашым выпадку -- гісторыка-літаратурных, дакументаў, адшуканых найперш у архіўных сховішчах. Асаблівую складанасць выклікае выяўленне і публікацыя даўніх дакументаў, помнікаў літаратуры старажытнага перыяду яе развіцця. Тут археаграфіі асабліва дапамагае палеаграфія, якая займаецца вывучэннем матэрыялаў і сродкаў пісьма, гісторыяй спосабаў запісу і асаблівасцямі графікі. Палеаграфічны аналіз (графічная экспертыза, аналіз паперы і чарніла і інш.) дапамагае, апрача іншага, устанавіць аўтэнтычнасць дакумента. Як слушна сцвярджае вядомы спецыяліст у галіне палеаграфіі С. Рэйсер, “ніякае вывучэнне аўтографа ці копіі твора, слаёў вырыянтаў, суадносін рэдакцый, рукапіснага датавання і шмат іншага не можа быць выканана без прыцягнення дадзеных палеаграфіі”. З лепшых археаграфічных публікацый па гісторыі беларускай літаратуры варта назваць “Гісторыю беларускай (крыўскай) кнігі” (1926) Вацлава Ластоўскага, укладзеныя Мікалаем Улашчыкам “Хроніку Быхаўца” (1966), 32-і (1975) і 35-ы (1980) тамы “Поўнага збору рускіх летапісаў”, куды ўвайшлі беларускія летапісы, падрыхтаваную супрацоўнікамі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі (пад рэдакцыяй Вячаслава Чамярыцкага) “Анталогію даўняй беларускай літаратуры: ХІ – першая палова ХУІІІ стагоддзя” (2003) і інш.



З архівазнаўствам як навуковай дысцыплінай цесна звязана музеязнаўства, якое распрацоўвае тэорыю і методыку камплектавання, захавання і прапаганды музейных матэрыялаў. У адрозненне ад архіваў, дзе канцэнтруюцца рукапісы, у музеях найперш збіраюцца і экспануюцца рэчы: прылады працы, адзенне, кнігі, фотаздымкі і г. д. Хаця, бадай, у кожным больш-менш значным музеі існуе і рукапісны фонд, часам даволі багаты. Гэта стасуецца не толькі краязнаўчых, гістарычных музеяў, але і літаратурных. Аб чым, у прыватнасці, сведчыць згаданы вышэй каталог рукапісаў Янкі Купалы, што захоўваюцца ў музеі песняра. Пра значэнне літаратурных музеяў не толькі ў вывучэнні і прапагандзе літаратурнага працэсу, але і ў нацыянальнай культуры ўвогуле сведчыць наступны факт. Калі ў пачатку 1930-х гг. узнікла ідэя стварэння Літаратурнага музея СССР, Максім Горкі ў лісце да тагачаснага камісара народнай асветы РСФСР А. Бубнава напісаў: “Горача падтрымліваю ідэю неабходнасці стварэння такога Літмузея, які, аднак, павінен быць не толькі сховішчам гісторыка-літаратурнага матэрыялу, але і ўстановай, дзе нашы маладыя літаратары, крытыкі і літаратуразнаўцы мелі б магчымасць вывучаць гэты матэрыял”. Максім Горкі нават прапаноўваў, каб такі музей знаходзіўся ў адным памяшканні з будучым Літаратурным інстытутам, бо “зліццё музея ў адным будынку з Літвузам аблегчыла б для выкладчыкаў і студэнтаў Літвуза працу вывучэння і выкладання”. На Беларусі музеі (прыватныя), як і архівы, існавалі яшчэ ў XVI—XVIII стст. пры дварах Радзівілаў, Сапегаў, Агінскіх, Храптовічаў, Стравінскіх і інш. У XIX ст. нямала цікавых літаратурных матэрыялаў захоўвалася ў музеі старажытнасцей К. і Я. Тышкевічаў у Лагойску, у музеі А. Ельскага ў в. Замосце Пухавіцкага раёна і інш. У 1919 г. пачаў працу Беларускі музей імя Івана Луцкевіча ў Вільні, які ўзнік з калекцый «Нашай Нівы» і існаваў да 1946 г. Сёння ў нас працуе шэраг літаратурных музеяў — як дзяржаўных, так і грамадскіх. Гэта Дзяржаўны літаратурны музей Беларусі, дзяржаўныя літаратурныя музеі Янкі Купалы (з філіяламі ў Вязынцы, Ляўках, Акопах), Якуба Коласа (з філіяламі ў Акінчыцах, Смольні, Альбуці), Максіма Багдановіча, Петруся Броўкі (усе — у Мінску), Францішка Багушэвіча (в. Жупраны Ашмянскага раёна), Дом-музей Адама Міцкевіча (Навагрудак, філіял у Завоссі) і інш. Па ініцыятыве асобных школ, калгасаў, прадпрыемстваў і ўстаноў створана нямала грамадскіх літаратурных музеяў (Цёткі, Івана Мележа, Аркадзя Куляшова, Кузьмы Чорнага, Янкі Маўра, Уладзіслава Галубка, Браніслава Тарашкевіча, Валянціна Таўлая, Аляксандра Блока, Фёдара Дастаеўскага, Гудзевіцкі літаратурна-краязнаўчы музей у Мастоўскім раёне і інш.). Іх апісанне можна знайсці ў даведніках “Музеі Беларусі: Інфармацыя аб музеях сістэмы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь” (2001) і “Музеи Беларуси” (2008). Літаратурныя музеі арганізуюць, апрача іншага, навуковыя канферэнцыі, выдаюць зборнікі навуковых прац, уносячы тым самым адчувальны ўклад у айчыннае літаратуразнаўства. Прыкладам могуць служыць перыядычныя “Купалаўскія чытанні” ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, “Каласавіны” ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа і інш.

Дзяржаўныя і грамадскія літаратурныя музеі актывізуюць працу і па літаратурнаму краязнаўству. Знаходкі матэрыялаў пра сувязь літаратараў з пэўнай мясцовасцю, выкарыстанне імі ў сваёй творчасці фальклору, гаворак, прататыпаў, падзей і г. д. “роднага кута”, можа нямала даць прафесійнаму літаратуразнаўству. Вялікае значэнне краязнаўчая праца мае і для патрыятычнага выхавання моладзі. Нездарма краязнаўчыя гурткі, у тым ліку літаратурныя, існуюць у многіх школах. У Беларусі, як і іншых еўрапейскіх дзяржавах, выйшла (асабліва ў пасляваенны час) нямала краязнаўчых выданняў. Сярод іх – “Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі” (Т. 1—8, 1984—1987), краязнаўчыя выдавецкія серыі “Па родным краі”, “Гарады Беларусі”, зборнікі твораў літаратараў нейкага раёна ці рэгіёна (“Зямлі маёй і землякам: Валожыншчына паэтычная”, 2005), альманахі, перыядычныя выданні (наваполацкі “Край”, маладзечанскі “Куфэрак Віленшчыны”) і інш. Выдавецтва “Мастацкая літаратура” ў 2003 г. заснавала кніжную серыю “Беларусь літаратурная”, у якой выходзяць арыгінальныя літаратурныя анталогіі асобных раёнаў. Выйшлі ўжо кнігі “Там, дзе вежы Сафіі: Полаччына літаратурная” (2003), “Я тут бачу свой край…: Маладзечаншчына літаратурная” (2005), “Люблю наш край…: Валожыншчына літаратурная” (2006), “Адсюль выток, адсюль натхненне…: Шклоўшчына літаратурная” (2007) і інш. Літаратурным краязнаўствам сёння плённа займаюцца не толькі прафесійныя літаратаратуразнаўцы, але пісьменнікі, журналісты, настаўнікі. Сярод іх – Алесь Карлюкевіч (“І векавечны толькі край…”, 2000), Алесь Марціновіч (“Элегіі забытых дарог”, 2001), Леанід Пракопчык (“Даўгінаўскія вёрсты”, 1977), Аляксей Пяткевіч (“Літаратурная Гродзеншчына”, 1996), Генадзь Равінскі (“Млын жыцця”, 2004), Барыс Сачанка (“Сняцца сны аб Беларусі”, 1990), Кастусь Цвірка (“Той курган векавечны…”, 1985) і інш. Пад кіраўніцтвам А. Мальдзіса ствараецца своеасаблівая літаратурная геаграфія Беларусі. Як дапаможнік для настаўніка выйшаў ужо 1-ы том 3-томнага краязнаўчага даведніка “Літаратурныя мясціны Беларусі” (2000), які ахоплівае Брэсцкую, Віцебскую і Гомельскую вобласці. У перыёдыцы (часопіс “Маладосць”) публікуюцца аналагічныя матэрыялы і па іншых абласцях нашай дзяржавы. Метадалагічным праблемам літаратурнага краязнаўства як дапаможнай навукі пра літаратуру, методыцы правядзення краязнаўчай працы ў сярэдняй школе прысвечаны вучэбныя дапаможнікі Н. Мілонава “Литературное краеведение” (М., 1985), Вверы Ляшук “Літаратурнае краязнаўства ў школе” (1991), Маргарыты Яфімавай “Літаратурныя вечары ў школе” (1977) і інш.

Літаратурнаму краязнаўству ў многім дапамагае біяграфістыка, якая займаецца стварэннем як мага больш поўных, навукова дакладных і грунтоўных біяграфій дзеячаў літаратуры і мастацтва. Такія біяграфіі могуць быць розныя па аб’ёму, жанру, стылю, яны разлічаны як на масавага чытача (расійская серыя “Жизнь замечательных людей”), так і на вузкае кола спецыялістаў (біяграфія Янкі Купалы “Пясняр народных дум” Янкі Шарахоўскага, ч. 1 – 1971, ч. 2 – 1976). Найбольш распаўсюджаны жанр біяграфістыкі – крытыка-біяграфічны нарыс жыцця і творчасці пісьменніка. Невялікія біяграфічныя даведкі пра пісьменнікаў можна знайсці у спецыяльных выданнях (“Беларускія пісьменнікі”, 1994; “Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік”, т. 1—6, 1992—1995), у розных энцыклапедыях (“Краткая литературная энциклопедия”, т. 1—9, М., 1962—1978; “Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі”, т. 1—5, 1984—1987), даведніках. Біяграфістыка як асобная галіна літаратуразнаўства ў Беларусі покуль не знайшла належнага развіцця. З поўных біяграфій пісьменнікаў, разлічаных на масавага чытача, назваць можна хіба што дакументальныя аповесці пра Якуба Коласа Сцяпана Александровіча (“Ад роднае зямлі…”, 1962; “На шырокі прастор”, 1972; “Крыжавыя дарогі”, 1985) і кнігі Алега Лойкі “Як агонь, як вада…: Раман-эсэ пра Янку Купалу” (1984) і “Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае: Раман-эсэ” (1990; абедзве ў перакладзе на рускую мову выйшлі ў згаданай серыі “ЖЗЛ”). Як асобны жанр біяграфістыкі можна вылучыць пісьменніцкія аўтабіяграфіі. У свой час выйшлі тры выпускі такіх аўтабіяграфій – “Пяцьдзесят чатыры дарогі” (1963), “Пра час і пра сябе” (1965) і “Вытокі песні” (1973). Серыі пісьменніцкіх аўтабіяграфій (як і біяграфічных слоўнікаў-даведнікаў) існуюць у Расіі, ва Украіне і ў іншых краінах.

Блізкая да біяграфістыкі дапаможная галіна літаратуразнаўства – храналогія (ад грэч. chronos – час і logos – слова), асноўная задача якой – вызначэнне дакладных, дакументальна пацверджаных дат развіцця літаратурнага працэсу ў яго часавай паслядоўнасці. Існуюць шматлікія праблемы датавання твораў і дакументаў, пераводу дат з аднаго каляндарнага стылю на другі. Жанры храналогіі — летапіс жыцця і творчасці тісьменніка, а таксама хроніка лтаратурнага жыцця. Летапісы жыцця і творчасці змяшчаюцца звычайна ў канцы навуковых збораў твораў. Часам яны ўваходзяць у некаторыя бібліяграфічныя даведнікі, кнігі асобных літаратуразнаўцаў, трапляюць на старонкі перыёдыкі, зрэдку — выходзяць асобнымі выданнямі. Найбольш грунтоўны з іх – укладзены М. Мушынскім “Летапіс жыцця і творчасці Якуба Коласа” (1982). Выйшлі асобныя летапісы жыцця і творчасці Міхася Лынькова і Максіма Гарэцкага, укладзеныя адпаведна Міхасём Кенькам і Таццянай Дасаевай. “Летапіс жыцця і творчасці Янкі Купалы”, складзены Янкам Саламевічам, увайшоў у 9-ы том (кн. 2) Поўнага збору твораў песняра. 3 хронік літаратурнага жыцця можна назваць «Хроніку літаратурнага жыцця Беларусі XIX — пачатку XX ст.», змешчаную ў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), «Хроніку літаратурнага жыцця» за 1917—1964 — у «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 1—2, 1965—1966). “Хронікай літаратурнага жыцця” завяршаецца кожная з пяці кніг “Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя” (1999—2003).



Адшуканы ў архіўных, бібліятэчных, музейных сховішчах, сабраны намаганнямі краязнаўцаў фактычны матэрыял, што непасрэдна датычыць літаратурнага працэсу, служыць важнай краніцазнаўчай базай літаратуразнаўства як навукі. Па сутнасці, крыніцазнаўства як дапаможная галіна літаратуразнаўства і займаецца выяўленнем, сістэматызацыяй і публікацыяй літаратурных крыніц: асобных твораў, матэрыялаў, звязаных з жыццём і творчай дзейнасцю пісьменнікаў. Паводле сваёй вартасці літаратурныя крыніцы дзеляцца на першакрыніцы, крыніцы і дапаможнікі. Да першакрыніц належаць літаратурныя творы пісьменніка ў рукапісах ці аўтарызаваных прыжыццёвых публікацыях (калі рукапісы не дайшлі), яго перапіска, біяграфічныя дакументы, мемуарныя творы (аўтабіяграфіі, інтэрв’ю, дзённікі і г. д.). Проста крыніцамі лічацца ўсе гэтыя творы і дакументы, вядомыя, аднак, толькі ў друкаваным выглядзе. Дапаможнікамі з’яўляюцца літаратуразнаўчыя працы пра пісьменніка, тэарэтычныя працы, публікацыі па гісторыі нацыянальных літаратур і г. д. Сюды ж адносяцца падручнікі і вучэбныя дапаможнікі па літаратуры, а таксама даследаванні па асобных відах, жанрах і родах літаратуры. На жаль, не заўсёды ўдзяляецца належная ўвага і павага літаратурным крыніцам, увогуле крыніцазнаўству як дапаможнай галіне літаратуразнаўства. “Часта бывае, -- слушна падкрэсліваў вядомы рускі літаратуразнавец К. Піксанаў, -- што нявопытны работнік перш за ўсё вышуквае ў сабранай літаратуры артыкул аўтарытэтнага гісторыка літаратуры ці крытыка і, пераняўшы ад яго гатовыя погляды, нанізвае на іх факты. Часта лічаць за лепшае вывучаць крытыкаў, а не паэтаў, і адбываецца “завочнае знаёмства з пісьменнікам”. Такія прыёмы шкодныя для працы. На першым месцы павінны стаяць крыніцы, а дапаможнікі – толькі на другім”. У беларускай навуцы пра літаратуру ёсць шэраг сур’ёзных крыніцазнаўчых публікацый, якія з поспехам можна выкарыстаць пры даследаванні творчасці асобных пісьменнікаў. Так, з архіўных і рэдкіх пісьмовых крыніц узяты матэрыялы для арыгінальнай кнігі «Шлях паэта. Зборнік успамінаў і біяграфічных матэрыялаў пра Максіма Багдановіча» (1975; уклала Н. Ватацы). Вядомы даследчык літаратуры Генадзь Кісялёў падрыхтаваў некалькі грунтоўных крыніцазнаўчых выданняў: «Пачынальнікі: 3 гісторыка-літаратурных матэрыялаў XIX ст.» (1977), «Пуцявінамі Янкі Купалы: Дакументы і матэрыялы» (1981), «3 жыццяпісу Якуба Коласа: Дакументы і матэрыялы» (1982). Шырокай папулярнасцю карыстаюцца зборнікі ўспамінаў пра вядомых пісьменнікаў — Янку Купалу, Якуба Коласа, Петруся Броўку і інш., якія таксама з’яўляюцца падчас незаменнымі крыніцамі звестак пра жыццёвы і творчы шлях майстроў мастацкага слова.

Тэксталогія (ад лац. texus – тканіна, сувязь і грэч. logos – слова) – самастойная галіна ведаў. Але, як і іншыя дапаможныя галіны, яна ў многім дапамагае літаратуразнаўству. Галоўная мэта яе -- даследаваць гісторыю напісання і друкавання літаратурных твораў з мэтай вызначэння т. зв. а ў т э н т ы ч н а г а т э к с т а, вызваленага ад розных памылак і скажэнняў. Аўтэнтычным лічьщца тэкст аўтарскага белавога рукапісу, а калі яго няма — апошняга прыжыццёвага выдання твора. У тэксталогіі ёсць і практычная мэта: падрыхтоўка да выдання збору твораў пісьменнікаў. Зборы твораў пісьменнікаў, што рыхтуюць тэкстолагі, падзяляюцца на акадэмічныя, поўныя і звычайныя. Самымі аўтарытэтнымі і карыснымі пры навуковым вывучэнні класічнай літаратуры з’яўляюцца акадэмічныя выданні. У іх публікуюцца літаральна ўсе вядомыя творы пісьменніка (мастацкія, публіцыстычныя, пісьмы, дзённікі і г. д.) па дакладна вывераных першакрыніцах і крыніцах. Апрача таго, у канцы кожнага тома змяшчаюцца ўсе рукапісныя і друкаваныя варыянты закончаных і незакончаных твораў, робіцца іх зверка, супастаўленне. У акадэмічных выданнях маецца грунтоўны гісторыка-літаратурны каментар. У раздзеле “Dubia” друкуюцца творы, што прыпісваюцца пісьменніку, г. зн. тыя, прыналежнасць якіх дадзенаму літаратару канчаткова не ўстаноўлена. Беларускія тэкстолагі такімі акадэмічнымі выданнямі пахваліцца пакуль што не могуць. Найбольш паказальнымі з акадэмічных выданняў рускіх класікаў з’яўляюцца зборы твораў Льва Талстога ў 90 тамах, Аляксандра Пушкіна ў 16 тамах, 20 кнігах (17 том – Даведачны), Аляксандра Герцэна ў 30 тамах і інш. Украінцы выдалі акадэмічны збор твораў Тараса Шаўчэнкі ў 12 тамах. Вялікае значэнне для нацыянальнай навукі і культуры маюць поўныя зборы твораў класікаў. Яны звычайна выпускаюцца яшчэ да стварэння акадэмічных – як своеасаблівая апрабацыя літаратурнага матэрыялу, яго паўнаты і дакладнасці. Як слушна падкрэсліў літаратуразнавец М. Бельчыкаў, “гэтыя выданні, хоць і не дасягаюць узроўню акадэмічных па якасці падрыхтоўкі тэкстаў, метадах датавання, адбору і спосабу падачы варыянтаў, сістэматычнасці і дакладнасці бібліяграфічных і гісторыка-літаратурных каментароў, усё ж да выпуску акадэмічнага ці новага поўнага выдання ўяўляюцца найбольш аўтарытэтнымі”. Нарэшце, тэкстолагі займаюцца падрыхтоўкай да выдання звычайных збораў твораў выдатных пісьменнікаў, якія могуць налічваць і дзесяткі тамоў. Так, у свой час украінцы выдалі збор твораў Івана Франко у 50 тамах. Цяпер яны ажыццяўляюць падрыхтоўку 100-томнага поўнага збору твораў Каменяра. Вялікая заслуга беларускай тэксталогіі — выданне шэрагу збору твораў: поўнага (у 9-і тамах, 10-і кнігах) — Янкі Купалы, поўнага (у 3-х тамах) Максіма Багдановіча, 14-томнага — Якуба Коласа, 8-томнага – Кузьмы Чорнага, 4-томнага — Максіма Гарэцкага, 8-томнага (у 9 кнігах) Уладхзіміра Караткевіча і інш. Аддзел тэксталогіі Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі падрыхтаваў да друку новае, 20-томнае выданне твораў Якуба Коласа і 13-томнае – Максіма Танка. Тэксталогія як навука займаецца таксама праблемамі д а т а в а н н я (вызначэнне дакладных дат напісання і публікацыі твораў), каментавання (напісанне даведачнага апарата) і а т р ы б у ц ы і (ад лац. attribution – прыпісванне). Атрыбуцыя – гэта ўстанаўленне аўтарства ананімных і псеўданімных твораў. Яшчэ ў старажытнасці ўзніклі сумненні ў прыналежнасці Гамеру паэм “Іліяда” і “Адысея”. У ХІХ ст. з’явілася т. зв. “шэкпіраўскае пытанне”, звязанае з сумневамі наконт Шэкспіравага аўтарства п’ес “Гамлет”, “Рамэа і Джульета” і інш. Ужо ў наш час вяліся дыскусіі наконт таго, ці “Ціхі Дон” напісаны Міхаілам Шолахавым, ці нейкім іншым пісьменнікам. У беларускім літаратуразнаўстве доўгі час вяліся пошукі аўтараў знакамітых ананімных паэм “Энеіда навыварат” і “Тарас на Парнасе”. Сёння пачалі ўзнікаць сумненні ў прыналежнасці “Пінскай шляхты” Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу, а верша “Зайграй, зайграй, хлопча малы” – Паўлюку Багрыму. Так што працы – і практычнай, і чыста навуковай – у тэкстолагаў нямала. Асобныя тэарэтычныя і практычныя праблемы беларускай тэксталогіі абагульнены ў працах Тэрэзы Голуб “Услед за лініяй жыцця” (2006), Розы Гульман «Тэксталогія твораў Янкі Купалы» (1971), Эмы Золавай “Тэксталогія – мая прафесія” (2006), Міхася Мушынскага “Тэкталогія твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа” (2007), у зборніку «Пытанні тэксталогіі беларускай літаратуры» (1980) і інш. Пошукі аўтараў ананімных паэм XIX ст. увасоблены ў кнігах Генадзя Кісялёва «За­гадка беларускай «Энеіды» (1971) і «Пошукі імя» (1978). Расшыфраваць многія псеўданімы і крыптанімы беларускіх пісьменнікаў дапамагае «Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў (XVI—XX ст.)» Янкі Саламевіча (1983). Тэксталогія пры неабходнасці абапіраецца на бібліяграфію, крыніцазнаўства, архівазнаўства, палеаграфію, музеязнаўства і іншыя навукі.
Пытанні для самаправеркі:

  1. Чаму шэраг самастойных гуманітарных навук мы называем дапаможнамі галінамі літаратуразнаўства?

  2. Раскрыйце сутнасць бібліятэказнаўства і бібліяграфіі.

  3. Якая дапаможная галіна літаратуразнаўства не дазваляе даследчыку літаратуры “вынаходзіць веласіпед”?

  4. Раскажыце пра літаратурнае архівазнаўства, археаграфію і палеаграфію.

  5. Чым займаюцца літаратурныя музеязнаўства і краязнаўства?

  6. Пералічыце асноўныя жанры біяграфістыкі і храналогіі. Праілюструйце іх прыкладамі.

  7. Раскрыйце сутнасць і значэнне літаратурнага крыніцазнаўства.

  8. Якія навуковыя і практычныя мэты тэксталогіі і якім чынам яны дасягаюцца?

1.1.4. Напрамкі сучаснага літаратуразнаўства



У залежнасці ад аб’екту вывучэння тых ці іншых фактаў і з’яў літаратурнага працэсу ў літаратуразнаўстве з часам вылучыліся асобныя галіны ведаў, якія патэнцыяльна могуць дарасці або ўжо дараслі да самастойных навук. Так, працяглы час вывучэнне твораў вусна-паэтычнай народнай творчасці як з’явы эстэтычнай было прэрагатывай літаратуразнаўства. І сёння некаторыя гісторыі нацыянальных літаратур (напрыклад, сярэднеазіяцкіх) пачынаюцца з разгляду своеасаблівасці, розных відаў і жанраў нацыянальнага фальклору. Аднак у сістэме сучасных еўрапейскіх навук фалькларыстыка, якая паяднала асобныя прынцыпы не толькі літаратуразнаўства, але этнаграфіі, мовазнаўства, музыказнаўства і інш., успрымаецца як зусім самастойная галіна ведаў. Не дзіўна таму, што ў складзе некаторых нацыянальных акадэмій навук існуюць самастойныя інстытуты фалькларыстыкі (напрыклад, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі, Інстытут фалькларыстыкі імя Максіма Рыльскага НАН Украіны і інш.). Разам з тым можна назваць некалькі ўнутрыгаліновых і міжгаліновых напрамкаў літаратуразнаўства, якія заявілі пра сябе ў ХХ стагоддзі і маюць таксама выразную тэндэнцыю да самастойнага існавання. З іх найперш трэба назваць вершазнаўства, перакладазнаўства, кампаратывістыку і герменеўтыку.

Вершазнаўства — раздзел паэтыкі, што вывучае верш як пэўную эстэтычную сістэму, яго гісторыю і тэорыю. Раздзеламі вершазнаўства як навукі пра верш з'яўляюцца метрыка, рытміка, строфіка, а таксама рыфміка, фоніка, вершаваны сінтаксіс. Першым беларускім вершазнаўцам быў Лаўрэнцій Зізаній, які ў сваёй «Граматыцы славянскай» (Вільня, 1596) падаў кароткі курс тэорыі антычнага верша, даў тлумачэнне некаторых вершазнаўчых паняццяў (стапа, метр, памер, рыфма). Асобныя палажэнні Л.Зізанія развіў Мялецій Сматрыцкі ў сваёй «Граматыкі славянскай правільная сінтагма» (Еўе, 1618). Ён зрабіў спробу ўвесці ў старабеларускую і ўсю ўсходнеславянскую паэзію антычную сістэму вершавання, у прыватнасці адзін з яе асноўных памераў — гекзаметр. Выдатным вершазнаўцам сярэдневяковай Беларусі з'яўляўся Мацей Сарбеўскі, які ў 1617—1620 гг. чытаў у Полацкай езуіцкай калегіі курс паэтыкі. Развіццё вершазнаўства ў той час адбывалася пераважна ў сценах брацкіх школ і езуіцкіх калегій, вучні якіх не толькі атрымлівалі звесткі па тэорыі верша, але і абавязкова навучаліся пісанню вершаў. Асобныя вершазнаўчыя назіранні знаходзім у працах Сімяона Полацкага, Я. Чачота, І. Насовіча, Я. Карскага. Значны ўклад у беларускае вершазнаўства ўнёс М. Багдановіч сваім нарысам пра санет, даследаваннем рытмікі і фонікі верша Т. Шаўчэнкі, развагамі пра суадносіны рытму і метра і інш. Беларускае савецкае вершазнаўства распачалося працамі А. Вазнясенскага («Паэтыка М. Багдановіча», 1926), Я. Барычэўскага («Тэорыя санету», «Паэтыка літаратурных жанраў», 1927), У. Дубоўкі («Рыфма ў беларускай народнай творчасці», 1927). Найбольш інтэнсіўна гісторыя і тэорыя беларускага верша распрацоўвалася ў пасляваенны час. Вучоныя даследавалі рытміку і метрыку як літаратурнага верша (І. Ралько. Беларускі верш: Старонкі гісторыі і тэорыі, 1969; ён жа. Вершаскладанне: Даследаванні і матэрыялы, 1977; М. Грынчык. Шляхі беларускага вершаскладання,1973; В. Рагойша. Паэтыка Максіма Танка: Культура вобраза. Характар верша, 1968; ён жа. Гутаркі пра верш: Метрыка. Рытміка. Фоніка, 1979; ён жа. Паэтычны слоўнік. 3-е выд., 2004; А. Кабаковіч. Беларускі свабодны верш, 1985; А. Дуброўскі. Паэтыка Рыгора Барадуліна: Рытмічная арганізацыя верша, 2006), так і фальклорнага (М. Янкоўскі. Паэтыка беларускіх прыказак, 1971; Н. Гілевіч. Паэтыка беларускай народнай лірыкі, 1975; ён жа. Паэтыка беларускіх загадак, 1976). Кароткая гісторыя беларускага вершазнаўства змешчана ў кнізе І. Ралько «Верш і мова» (1986). Асаблівае развіццё вершазнаўства як галіна літаратуразнаўства набыло ў ХХ ст. у Расіі. Сярод рускіх вершазнаўцаў найперш трэба назваць Б. Ганчарова, М. Гаспарава, В. Жырмунскага, С. Кармілава, А.Фядотава, В. Халшэўнікава, Л.Цімафеева, Я. Эткінда і інш. Цікавыя працы па вершазнаўстве з’явіліся ва Украіне (Н. Кастэнка, І. Качуроўскі, Г. Сідарэнка, М. Суліма і інш.), у Польшчы (М. Длуска, М. Маенава, Л. Пшчалоўска, Ф. Сядлецкі і інш.), у іншых краінах.

Перакладазнаўства — філалагічная навука пра сутнасць, своеасаблівасць, гістарычныя заканамернасці ўзнікнення і развіцця, сацыяльна-гістарычную ролю і прынцыпы аналізу перакладу. Вылучылася з лінгвістыкі ў самастойную галіну ведаў у сярэдзіне XX ст. ў сувязі з ростам ролі мастацкага перакладу. Цесна звязана з кантрастыўнай граматыкай, параўнальнай стылістыкай, эстэтыкай, параўнальным літаратуразнаўствам, семіётыкай, кібернетыкай, сацыялінгвістыкай, псіхалогіяй творчага працэсу і інш. навукамі. Перакладазнаўства складаецца з трох галоўных галін — гісторыі, тэорыі і крытыкі перакладу — і некалькіх дапаможных: перакладазнаўчай бібліяграфіі, тэксталогіі, гістарыяграфіі, храналогіі. Найбольшае развіццё атрымалі гісторыя, тэорыя і крытыка перакладу мастацкага. Сярод іншых відаў перакладу ён самы пашыраны і самы складаны. Пры разглядзе перакладаў мастацкай літаратуры выкарыстоўваецца агульнафілалагічны шлях аналізу, які арганічна паядноўвае лінгвістычны і літаратуразнаўчы падыходы і завяршаецца вывадамі агульнаэстэтычнага характару. У распрацоўцы тэорыі мастацкага перакладу найбольшая заслуга вучоных і перакладчыкаў К.Чукоўскага, А.Фёдарава, І.Кашкіна, П.Топера (Расія), М.Рыльскага, В.Капцілава, А.Кундзіча, М.Новікавай (Украіна), Г.Гачачыладзе (Грузія), І.Левага (Чэхія), А.Попавіча (Славакія), А.Курэлы (Германія), Э.Кары (Францыя), Т.Савары (Англія) і інш. На Беларусі перакладазнаўства пачало зараджацца ў пачатку XX ст. (М.Багдановіч, С.Палуян), але як навука склалася ў канцы 1950-х — пачатку 1970-х гт. На яго станаўленне зрабілі ўплыў перакладчыцкая дзейнасць М.Багдановіча, Я.Купалы, Я.Коласа, А.Куляшова, М. Танка, У.Дубоўкі і інш., выказванні пра пераклад і творчая практыка Ю.Гаўрука, Я.Семяжона, М.Лужаніна, Н.Гілевіча, А.Зарыцкага, В.Сёмухі, Р.Барадуліна і інш. Беларускія перакладазнаўцы даследуюць творчасць асобных майстроў мастацкага перакладу — М.Багдановіча (А.Лойка, Н.Лапідус), Я.Купалы (С.Александровіч, Дз.Палітыка), Я.Коласа (М.Базарэвіч, В.Рагойша), А.Куляшова (М.Арочка, М.Кенька), М.Танка (В.Гапава, А.Верабей), аналізуюць рускія і ўкраінскія пераклады беларускай літаратуры (А.Яскевіч, Т.Кабржыцкая, Ц.Ліякумовіч, А.Верабей, В.Рагойша) і пераклады яе на замежныя мовы (Д.Фактаровіч, М.Навіцкі, В.Нікіфаровіч), разглядаюць беларускія пераўвасабленні замежнай прозы і паэзіі. Асаблівых поспехаў беларускае перакладазнаўства дасягнула ў вывучэнні гісторыка-сацыялагічных пытанняў мастацкага перакладу (П.Копанеў) і тэарэтычных праблем перакладу з блізкароднасных моў (Э.Мартынава, В.Рагойша, А.Яскевіч). Развіваецца крытыка перакладу (Р.Бярозкін, Л.Казыра, А.Клышка, В.Небышынец, І.Чарота, К.Шэрман і інш.), перакладазнаўчая бібліяграфія (Л.Бабкова, І.Фалькоўская, М.Васілеўская).

Кампаратывістыка (ад лац. comparativus – параўнальны), альбо параўнальнае літаратуразнаўства, таксама імкнецца вылучыцца ў самастойную галіну літаратуразнаўчых ведаў. Гэтаму, у прыватнасці, садзейнічае ўключэнне ў яе даследавання мастацкага перакладу як аднаго з важнейшых пасрэднікаў творчых кантактаў. Апрача гэтага, сфера зацікаўлення кампаратывістыкі – усе формы і віды іншых унутрылітаратурных і міжлітаратурных узаемасувязей, а таксама літаратурныя ўплывы. Ды, бадай, галоўная і найбольш складаная задача яе – даследаванне тыпалагічнага падабенства/адрознення творчасці асобных пісьменнікаў і нацыянальных літаратур. Пры супастаўленні творчых здабыткаў асобных літаратараў і нацыянальных літаратур у цэлым асабліва добра відаць як агульнае, так і рознае ў іх, універсальнае і спецыфічнае, агульнае і прыватнае. Адшуканне агульнага ў розным і рознага ў агульным – галоўная мэта гэтай галіны літаратуразнаўства. Кампаратывістыка зарадзілася ў сярэдзіне ХІХ ст. у працах нямецкага філолага Т. Бянфея, рускіх вучоных Ф. Буслаева і А. Весялоўскага і інш., але канчаткова сцвердзіла сябе ў ХХ ст. У 1955 г. у Парыжы ўзнікла Міжнародная асацыяцыя літаратурнай кампаратывістыкі, у асобных ВНУ адкрыліся кафедры кампаратывістыкі і г. д. Ва Украіне, дзе прынцыпы кампаратывістыкі яшчэ ў ХІХ ст. застасоўвалі ў сваіх працах М. Драгаманаў, М. Дашкевіч, І. Франко і інш., аддзел сусветнай літаратуры і кампаратывістыкі існуе ў Інстытуце літаратуры імя Т. Шаўчэнкі НАН Украіны, кафедра тэорыі літаратура і кампаратывістыкі – у Кіеўскім нацыянальным універсітэце імя Т. Шаўчэнкі. Украінскія літаратуразнаўцы (пад рэдакцыяй Г. Вервеса) выдалі пяцітомнае даследаванне “Украінская літаратура ў агульнаславянскім і сусветным літаратурным кантэксце” (1987—1990). У Беларусі, як і ўвогуле ў СССР, доўгі час кампаратывістыка лічылася “буржуазнай навукай”, хаця даследаванню літаратурнага ўзаемадзеяння, параўнальна-тыпалагічнаму вывучэнню літаратурнага працэсу ў савецкім літаратуразнаўстве надавалася значная ўвага (працы М. Конрада, В. Жырмунскага, М. Аляксеева, Н. Над’ярных, І Неупакоевай, Г. Вервеса, Д. Налівайкі, Г. Ламідзе, Л. Мкртчана, і інш.). Даволі грунтоўна вывучаны літаратурныя сувязі беларуска-рускія (С. Букчын, В. Гапава, Я. Клімуць, Ц. Ліякумовіч, М. Тычына), беларуска-ўкраінскія (П. Ахрыменка, Т. Кабржыцкая, В. Рагойша, Ж. Шаладонава), беларуска-польскія (У. Казбярук, А. Мальдзіс, У. Мархель, С. Мусіенка), беларуска-літоўскія (А. Мальдзіс), беларуска-нямецкія (У. Сакалоўскі) і некаторыя іншыя. З самых значных здабыткаў беларускай кампаратывістыкі варта называць “Нарысы беларуска-рускіх літаратурных сувязей” у 4-х кнігах (1993—1995), “Нарысы беларуска-ўкраінскіх літаратурных сувязей” (2002), такія выданні, як “Тарас Шаўчэнка і Беларусь” (1964), “Леў Талстой і Беларусь” (1981), “Адам Міцкевіч і Беларусь” (1997), “А. С. Пушкін і Беларусь” (1999) і інш.

Герменеўтыка (грэч. hermēneutike – мастацтва тлумачэння) — вучэнне аб спосабах і прынцыпах вытлумачэння, інтэрпрэтацыі якога-небудзь тэксту, выяўленне яго глыбіннага, часам прыхаванага, сэнсу. Узнікла і развівалася з неабходнасці вытлумачыць некаторыя тэксты (філасофскія, юрыдычныя, тэалагічныя і інш.) антычных аўтараў і т. зв. цёмныя месцы Святога пісання (экзэгетыка). Сваё абгрунтаванне знайшла ў нямецкага філосафа і філолага Ф.Шлейермахера (1768—1834), затым распрацоўвалася і ўдакладнялася ў працах іншых філосафаў і філолагаў (В. Дыльтэй, Х.Гадамер, М. Хайдэгер, Э. Хірш і інш.). Сучаснае “мастацтва тлумачэння” кіруецца ўсімі асноўнымі прынцыпамі аналізу літаратурнага твора (эстэтычным, цэласнасці, сістэмнасці, гістарызму, паяднання аналізу з сінтэзам), улічвае духоўны і душэўны свет аўтара і яго творчыя намеры, магчымасці і патрэбы ўспрымальніка твора. Галоўнае для даследчыка літаратуры – выявіць сапраўдны сэнс твора, які пры напісанні закладваў у яго аўтар. Чым глыбей раскрые літаратуразнавец сутнасць аўтарскай задумы, тым больш аб’ектыўным і каштоўным будзе інтэрпрэтацыя твора. Зразумела, майстэрства і талент інтэрпрэтатара, сам час, калі праводзіцца вытлумачэнне твора, таксама ўплываюць на глыбіню і якасць інтэрпрэтацыі. У сённяшнім літаратуразнаўстве герменеўтыка цесна супрацоўнічае з тэксталогіяй і часта мае прыкладное значэнне: для поўных і акадэмічных выданняў збораў твораў пісьменнікаў тэкстолагі рыхтуюць кананічныя тэксты, а герменеўтыкі іх каменціруюць, вытлумачваюць. Разгорнутыя каментарыі звычайна змяшчаюцца ў канцы асобных тамоў збору твораў. Часам яны выходзяць і асобнымі выданнямі (Лотман Ю. М. Роман А. С. Пушкина «Евгений Онегин»: Комментарий. М., 1983).

Пытанні для самаправеркі:



  1. Назавіце аб’ект і прадмет вершазнаўства як навукі. Каго з вершазнаўцаў вы ведаеце?

  2. Раскажыце пра перакладазнаўства як асобную галіну ведаў. Чым мастацкі пераклад адрозніваецца ад іншых відаў перакладу (навуковага, справавога, ваеннага і інш.)?

  3. Чым займаецца кампаратывістыка (параўнальнае літаратуразнаўства) як галіна літаратуразнаўства?

  4. Герменеўтыку называюць “мастацтвам тлумачэння”. Што неабходна мець на ўвазе, каб тлумачэнне літаратурных твораў было аб’ектыўным?

1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   14


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка