Літаратуразнаўства як навука. Эстэтыка літаратуры. Паэтыка




старонка1/14
Дата канвертавання14.03.2016
Памер3 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   14
УВОДЗІНЫ Ў ЛІТАРАТУРАЗНАЎСТВА
У двух частках
Пад рэдакцыяй прафесара В.П.Рагойшы

Частка 1
Літаратуразнаўства як навука. Эстэтыка літаратуры. Паэтыка.


Дапушчана

Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь

у якасці вучэбнага дапаможніка для студэнтаў

філалагічных спецыяльнасцей устаноў,

якія забяспечваюць атрыманне

вышэйшай адукацыі




Мінск

БДУ

2009

УДК

ББК

У

А ў т а р ы:



В. П. Рагойша (Уводзіны; 1.1. Сістэма ведаў пра літаратуру; 2.1. Агульнае і рознае ў мастацка-эстэтычным і навуковым пазнанні жыцця; 3.1. Паэтыка як навуковая дысцыпліна; 3.2. Літаратурныя роды, віды, жанры);

М. П. Кенька (1.2. З гісторыі літаратуразнаўства; 2.2. Мастацтва і грамадскае жыццё);

Т. А. Марозава (1.3 Метадалагічныя праблемы літаратуразнаўства; 2.3. Літаратура як від мастацтва; 3.3. Літаратурны твор як мастацкае цэлае. Змест і форма; 3.4. Змест твора і яго кампаненты).
Р э ц э н з е н т ы:

доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык аддзела тэорыі літаратуры Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі М. А. Тычына;

кафедра рускай і замежнай літаратур Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка (загадчык – доктар філалагічных навук, прафесар Т. Я. Камароўская).

Уводзіны ў літаратуразнаўства: вучэб. дапам.: у 2 ч. / пад рэд. праф. В. П. Рагойшы. – Ч. 1: Літаратуразнаўства як навука. Эстэтыка літаратуры. Паэтыка. – Мінск: БДУ, 2009.

ISBN
Мэта вучэбнага дапаможніка – дапамагчы студэнтам засвоіць асновы тэорыі літаратуры: сутнасць асноўных і дапаможных літаратуразнаўчых дысцыплін, комплекс адпаведных паняццяў, катэгорый, дэфініцый па эстэтыцы і паэтыцы літаратуры ў іх сістэмнай узаемасувязі.

Адрасаваны студэнтам вышэйшых навучальных устаноў гуманітарных спецыяльнасцей, якія вывучаюць курс “Уводзіны ў літаратуразнаўтва”.

УДК


ББК
© Рагойша В. П., Кенька М. П.,

Марозава Т. А.

© БДУ, 2009

ISBN

ISBN

Уводзіны
Вучэбны прадмет “Уводзіны ў літаратуразнаўства” вывучаецца на першых курсах усіх універсітэтаў Беларусі згодна з зацверджанымі Міністэрствам адукацыі РБ “Адукацыйнымі стандартамі” па філалагічных спецыяльнасцях. Дадзены вучэбны дапаможнік раскрывае ўсе наступныя палажэнні стандарту: “Літаратуразнаўства як навука. Асноўныя і дапаможныя дысцыпліны літаратуразнаўства. Метадалогія літаратуразнаўства. Спецыфічныя ўласцівасці мастацкай літаратуры. Літаратурны твор як мастацкае цэлае. Літаратурны працэс”. Напісаны ён у адпаведнасці з палажэннямі вучэбнай праграмы для вышэйшых навучальных устаноў рэспублікі па “Уводзінах у літаратуразнаўства” па спецыяльнасцях 1-21 05 01 “Беларуская філалогія”, 1-21 05 02 “Руская філалогія”, 1-21 05 04 “Славянская філалогія”, 1-21 05 05 “Класічная філалогія”, 1-21 05 06 “Рамана-германская філалогія”, 1-21 05 07 “Усходняя філалогія”, зацверджанай вучэбна-метадычным аб’яднаннем ВНУ РБ па гуманітарнай адукацыі 25.09.2006 г. (Рэгістрацыйны № ТД-ДГ. 028/тып.)1.

Студэнты-першакурснікі валодаюць атрыманымі яшчэ ў сярэдняй школе пэўнымі пазнаннямі па гісторыі літаратуры, найперш беларускай і рускай, часткова -- замежнай. Разам з тым у сярэдняй школе вучні знаёмяцца і з асобнымі паняццямі па тэорыі літаратуры. Ва універсітэце, дзякуючы “Уводзінам у літаратуразнаўства”, адбываецца значнае паглыбленне і пашырэнне тэарэтыка-літаратурных ведаў і – што не менш важна – іх сістэматызацыя. Матэрыялы вучэбнага дапаможніка скіраваны на тое, каб, абапіраючыся на ранейшыя пазнанні, некалькі ўдакладніць і пераасэнсаваць асобныя палажэнні і катэгорыі або, наадварот, вярнуць ім першапачатковае тлумачэнне. Пры гэтым некаторыя літаратуразнаўчыя паняцці падаюцца ў новай інтэрпрэтацыі, у адпаведнасці з дасягненнямі сучаснай навукі пра мастацкую літаратуру.

“Уводзіны ў літаратуразнаўства” раскрываюць перад студэнтамі ўвесь спектр галоўных і дапаможных літаратуразнаўчых дысцыплін (гісторыя літаратуры, тэорыя літаратуры, літаратурная крытыка, тэксталогія, гісторыяграфія, архівазнаўства, літаратурнае краязнаўства і інш.). Атрыманыя веды пасадзейнічаюць больш глыбокаму і арганічнаму засваенню курсаў гісторый айчыннай і замежных літаратур, вывучэнне якіх пачынаецца на тым жа першым курсе (антычная літаратура, старажытныя беларуская літаратура, старажытная руская літаратура). Разам з тым “Уводзіны ў літаратуразнаўства” – своеасаблівы трамплін да дысцыпліны “Тэорыя літаратуры”, што вывучаецца на чацвёртых курсах філфакаў і выразна арыентаваны на дыскусійныя праблемы тэорыі літаратуры і літаратуразнаўчай метадалогіі. “Тэорыя літаратуры” – у значнай ступені ўжо аўтарскі курс. І таму дадзены вучэбны дапаможнік, змяшчаючы неабходныя тыпавыя палажэнні, не імкнецца набыць жорсткі імператыўны характар. Тым больш, што літаратуразнаўчая тэрміналогія змяняецца не толькі з часам, але і валодае неадназначнасцю ў розных навуковых школах.

Вучэбны дапаможнік мае таксама на мэце дапамогу студэнтам у авалоданні асноўнымі прынцыпамі аналізу літаратурнага твора ў яго мастацкай цэласнасці і своеасаблівасці, што спатрэбіцца навучэнцам філфакаў ужо на другім курсе – пры напісанні курсавых работ па літаратуры. Спатрэбіцца і пазней, пад час працы над семінарскімі і дыпломнымі праектамі. Урэшце, глыбокія тэарэтыка-літаратурныя веды як нельга лепш прыдадуцца для педагагічнай, навуковай, рэдактарскай і літаратурна-крытычнай дзейнасці спецыяліста-філолага.

Разам з тым вучэбны дапаможнік можа быць карысны не толькі для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей, але і сумежных гуманітарных прафесій. У прыватнасці, невялікі курс “Асновы тэорыі літаратуры” чытаецца будучым журналістам. Урэшце, так званы масавы чытач таксама можа знайсці тут нямала цікавага для сябе.

Трэба улічыць, што “Уводзіны ў літаратуразнаўства” – вучэбны дапаможнік, а не слоўнік-даведнік літаратуразнаўчых паняццяў. Большасць тэрмінаў і паняццяў, якія выкарыстоўваюцца ў ім, павінны быць вядомыя студэнтам-першакурснікам яшчэ з сярэдняй школы. Некаторыя з іх растлумачваюцца пры характарыстыцы тых або іншых літаратуразнаўчых з’яў. Разам з тым усё гэта не адмяняе патрэбу ў карыстанні неабходнай даведачнай літаратурай (спецыяльныя слоўнікі і энцыклапедыі). Асноўныя з літаратуразнаўчых даведнікаў указаны ў канцы вучэбнага дапаможніка ў “Спісе літаратуры”, якой карысталіся аўтары дадзенага выдання пры яго падрыхтоўцы.




1. Літаратуразнаўства як навука
1.1. Сістэма ведаў пра літаратуру
1.1.1. Навука пра мастацкую літаратуру

Здаўна, калі толькі чалавек пачаў адчуваць сябе істотай свядомай, мыслячай, homo sapiens, ён пачаў збіраць і накапліваць разнастайныя звесткі пра самога сябе, калектыў, у якім ён жыў, пра навакольную прыроду. Паступова сабралася мноства такіх звестак, якія, асабліва пасля ўзнікнення магчымасці фіксаваць іх з дапамогай пісьма (на гліняных дошчачках, папірусе, пергаменце, паперы), склалі грунтоўную сістэму ведаў пра прыроду і чалавека. Узнікла навука. Ад уласна ведаў, якія з’яўляліся звычайным зборам разнастайных звестак, сапраўдных і ілжывых, больш ці менш важных, яна пачала адрознівацца тым, што стала ўяўляць сабой лагічна пабудаваную сістэму сапраўдных ведаў пра аднародныя з’явы, іх сутнасць, узаемасувязь, узнікненне і развіццё.

Паводле аб’екта свайго даследавання навукі падзяліліся на прыродазнаўчыя (матэматыка, фізіка, хімія, біялогія і інш.) і гуманітарныя (ад лац. homo – чалавек). Калісьці ўсе гуманітарныя навукі (і часткова прыродазнаўчыя) уваходзілі ў філасофію. Пазней з яе вылучыліся гісторыя, этнаграфія, эстэтыка, псіхалогія, сацыялогія і інш. У тым ліку – і філалогія (ад грэч. philo – люблю і logos – слова), навука, якая паклала ў аснову сваіх даследаванняў слова, пісанае і моўленае, зафіксаванае ў розных помніках пісьменства, у вялікай ступені – у творах вусна-паэтычнай народнай творчасці, у творах мастацкай літаратуры. З часам сама філалогія раздзялілася на дзве цесна звязаныя, але розныя навукі – мовазнаўства (навука пра мову і маўленне) і літаратуразнаўства. Літаратуразнаўства стала навукай пра сутнасць, своеасаблівасць, заканамернасці ўзнікнення і развіцця, сацыякультурную ролю і прынцыпы даследавання літаратуры як асобага віду мастацтва - мастацтва слова. Вылучылася ж літаратуразнаўства з філасофіі, стала самастойнай навукай адносна нядаўна – у канцы ХУІІІ ст., хоць звесткі, развагі пра мастацкую літаратуру, і падчас надзвычай глыбокія, арыгінальныя, сталі ўзнікаць, пачынаючы з глыбокай даўніны, у працах вучоных старажытных Кітая, Індыі, Грэцыі, Рымскай імперыі і іншых краін.

Каб пэўная сума ведаў стала навукай, неабходна, каб яна адпавядала тром патрабаванням: мела свой уласны аб’ект даследавання, сваю тэрміналогію і сваю методыку даследавання. Аб’ектам даследавання літаратуразнаўства з’яўляецца літаратурны факт, літаратурная з’ява. Гэта – твор пісьменніка (верш, апавяданне, раман і г. д.), нейкі перыяд яго творчасці або ўся творчасць (паэзія А. Пушкіна перыяду “болдзінскай восені”, апавяданні Янкі Брыля, Кандрат Крапіва – байкапісец і г. д.), літаратурны жанр, від, род (балада, санет, драма, эпапея і г. д.), літаратурны метад, напрамак, стылёвая плынь ( рэалізм, імажынізм, т. зв. вясковая проза і г. д.) і інш. Зразумела, пэўны літаратурны твор ці нейкая літаратурная з’ява нярэдка могуць зацікавіць гісторыкаў, філосафаў, мовазнаўцаў, прадстаўнікоў іншых гуманітарных (і нават прыродазнаўчых) навук. Так, у свой час (1960-я гг.) выдатны рускі матэматык А. Калмагораў стаў вывучаць айчынную паэзію, стварыў т. зв. матэматычную школу ў даследаванні рускага верша, якая многае дала і самой матэматыцы, і паўплывала на ўсё вершазнаўства. Тое, што можа даць мастацкая літаратура прадстаўнікам іншых навук, наглядна сведчыць шматгранная творчасць класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. Не толькі артыкулы – цэлыя кнігі напісаны, дысертацыйныя працы абаронены па гісторыі, этнаграфіі, філасофіі, мовазнаўстве, фалькларыстыцы, педагогіцы і іншых навуках, заснаваныя на творах аўтара “Новай зямлі”. Напрыклад: “Ідэйна-эстэтычныя погляды Якуба Коласа” А. Майхровіча, “Светапогляд Якуба Коласа” Л. Чабатарова, “Этнаграфічная спадчына Якуба Коласа” Э. Сабаленка, “Якуб Колас – педагог” В. Радзіёнава, “Дакастрычніцкая творчасць Якуба Коласа і фальклор” А. Ненадаўца, “З крыніц народнай мовы” А. Каўруса і інш. Аднак кожны вучоны, апрача літаратуразнаўца, вылучае з твора або ўсёй творчасці пісьменніка і даследуе тое, што менавіта яго цікавіць (апісанне народнага побыту, нейкія моўныя з’явы ў тэксце тых ці іншых твораў, разуменне пісьменнікам асобных эстэтычных, этычных ці педагагічных прынцыпаў і г. д.), пакідаючы па-за ўвагай усё астатняе. І толькі літаратуразнавец разглядае твор (творчасць) пісьменніка ў яго цэласнасці, адзінстве кампанентаў зместу і формы, у сувязі з асобай самога пісьменніка, з рэчаіснасцю, якая яго акаляе і якую ён малюе фарбамі слова.



У літаратуразнаўства як навукі маецца і свая спецыфічная тэрміналогія, што фіксуе той круг паняццяў, якімі аперыруе навука пра літаратуру. Гэта – дзесяткі слоў-тэрмінаў, што абазначаюць літаратурныя роды (эпас, лірыка, драма), віды ( раман, аповесць, верш, паэма, камедыя), жанры (гумарэска, фельетон, дэтэктыў, гістарычны раман, ода, балада), кампаненты паэтыкі твора (кампазіцыя, сюжэт, фабула, страфа, алітэрацыя), з’явы вершазнаўства (сілабічнае вершаванне, дактыль, харэй, цэзура) і інш. У розных краінах выдаюцца спецыяльныя тэрміналагічныя літаратуразнаўчыя слоўнікі: “Словарь литературоведческих терминов” (Масква, 1974), “Литературная энциклопедия терминов и понятий” (Масква, 2001), “Слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў” М. Лазарука і А. Ленсу (Мінск, 1996), “Тэорыя літаратуры ў тэрмінах” (Мінск, 2001) і “Паэтычны слоўнік” (Мінск, 2004) В. Рагойшы, “Восточно-славянский фольклор: Словарь научной и народной терминологии” (Мінск, 1993), “Літературознавчий словник-довідник” (Кіеў, 1997), двухтомная “Літературознавча енциклопедія” Ю. Каваліва (Кіеў, 2007), “Słownik terminów literackich” (Вроцлаў; Варшава; Кракаў; Гданьск, 1976), “Речник на литературните термини” (Сафія, 1980), “A Dictionary of Cultural and Critical Theory” (Окфард, 1998) і інш. Асобныя тэарэтыка-літаратурныя паняцці раскрываюцца і ў літаратурных, а таксама агульных энцыклапедыях і энцыклапедычных даведніках, такіх як “Краткая литературная энциклопедия” ў 9-і тамах (Масква, 1962—1978), “Литературный энциклопедический словарь” (Масква, 1987), пяцітомная “Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі” (Мінск, 1985—1987), “Беларуская энцыклапедыя” ў 18-і тамах (Мінск, 1996—2004), “Современное зарубежное литературоведение: Энциклопедический справочник” (Масква, 1999) і г. д. Тым не менш, часам можна пачуць: чаму літаратуразнаўцы лічаць сваімі такія тэрміны, як, скажам, “раман”, “трагедыя”, “раманс”, “верш”, “рыфма” і пад., калі яны выкарыстоўваюцца прадстаўнікамі іншых прафесій і навук, увогуле шырока ўжываюцца ў гутарцы? Што адказаць на гэта? Па-першае, мы маем справу з шматзначнасцю асобных слоў, што фіксуюць нарматыўныя слоўнікі пэўнай мовы (напрыклад, “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” ў 5-і тамах, 6-і кнігах; Мінск, 1977—1984; “Словарь русского языка” ў 4-х тамах; Масква, 1981—1984 і інш.). Так, для слова “раман” слоўнік падае два значэнні: 1. Літаратурна-мастацкі апавядальны твор, звычайна ў прозе, са складаным і развітым сюжэтам; 2. Любоўныя адносіны паміж мужчынам і жанчынай. Гэтулькі ж значэнняў мае і слова “трагедыя”: 1. Драматычны твор, у аснове якога ляжыць непрымірымы жыццёвы канфлікт, сутыкненне характараў і пад., што часцей за ўсё канчаецца смерцю героя; 2. Жудасная, страшная падзея, няшчасце. У навуцы пра літаратуру, як мы бачым, словы гэтыя выкарыстоўваюцца толькі ў іх першых значэннях і выконваюць тэрміналагічную функцыю. У слоўніку прыводзяцца ажно тры значэнні “раманса”, прычым усе яны маюць тэрміналагічнае напаўненне : 1. Невялікі вакальны твор для голасу з інструментальным суправаджэннем; 2. У сярэдневяковай заходнееўрапейскай літаратуры – лірычны любоўны верш песеннага народнага складу; 3. Невялікі лірычны верш, часта пакладзены на музыку. У такім выпадку літаратуразнаўства спакойна аддае першае значэнне тэрміна музыказнаўству, пакідаючы сабе два апошнія. Што да чыста літаратуразнаўчых тэрмінаў “верш”, “рыфма”, то іх таксама могуць ужыць не толькі лірыкі, але і фізікі, гэтак як гуманітарыі ўжываюць асобныя тэрміны прыродазнаўчых навук: “сінусоіда”, “алгарытм”, “рэактыў”, “інтэрнэт”, “файл” і інш. Узровень развіцця нашай цывілізацыі часта дазваляе разумець тэрміналогію нават вузкіх спецыяльнасцей і карыстацца ёю.

Літаратуразнаўства мае і сваю методыку даследавання, якая ўключае ў сабе асноўныя прынцыпы і метады даследавання літаратурнага твора (творчасці пісьменніка), выпрацаваныя асобнымі навуковымі напрамкамі і школамі. У прыватнасці, сярод галоўных прынцыпаў літаратуразнаўчага аналізу вылучаюцца эстэтычны, гістарызму, цэласнасці, сістэмнасці, паяднання аналізу з сінтэзам. У гісторыі сусветнай літаратуразнаўчай думкі ХІХ—ХХ ст. праявілі сябе міфалагічная, культурна-гістарычная, псіхалагічная, фенаменалагічная школы, біяграфічны, параўнальна-гістарычны, фармальны, сацыялагічны і іншыя метады. У курсе ўводзін у літаратуразнаўства прадугледжана знаёмства з імі (гл. 1. 3). Глыбокае вывучэнне іх адбудзецца пазней, на чацвёртых курсах філалагічных факультэтаў, пры праходжанні прадмета “Тэорыя літаратуры”.

Такім чынам, літаратуразнаўства адпавядае ўсім тром вымогам, якія прад’яўляюцца да любой навукі, што дазваляе яму заняць паўнапраўнае месца сярод гуманітарных навук. Прычым, заняць, асабліва не аддаляючыся ад іх, а, наадварот, цесна і актыўна ўзаемадзейнічаючы з імі. Гэтаксама, як прадстаўнікі іншых гуманітарных навук многае знаходзяць для сябе ў мастацкай літаратуры (што было паказана вышэй), літаратуразнаўцам не абысціся без належных ведаў па гісторыі, філасофіі, мовазнаўству, эстэтыцы, культуралогіі, псіхалогіі, мастацтвазнаўству і інш. Сапраўды, нельга, у прыватнасці, выявіць тыповасць для свайго часу, для пэўнага сацыяльнага і нацыянальнага асяроддзя тых ці іншых падзей і персанажаў рамана, калі не будзеш ведаць гістарычных, сацыякультурных і іншых абставін, у якіх разгортваліся падзеі і дзейнічалі персанажы твора. А хіба можна ацаніць багацце (беднасць) мовы пісьменніка, здольнасць (няздольнасць) яго карыстацца такім прыёмам стварэння вобраза-персанажа, як маўленне дзейнай асобы твора, калі не быць дасведчаным у асобных галінах мовазнаўства (арфаэпія, дыялекталогія, гістарычная лексікалогія, фразеалогія і інш.)? Перадавы светапогляд, шырыня ведаў у галіне гуманітарных (і не толькі) навук найперш і прадвызначылі творчыя поспехі многіх выдатных рускіх (Міхаіл Бахцін, Дзмітрый Ліхачоў, Міхаіл Гаспараў), беларускіх (Вацлаў Ластоўскі, Максім Гарэцкі, Алесь Адамовіч, Віктар Каваленка), украінскіх (Міхаіл Грушэўскі, Аляксандр Бялецкі, Леанід Навічэнка) і іншых літаратуразнаўцаў.

Пытанні для самаправеркі:



  1. Дайце азначэнне літаратуразнаўства як філалагічнай навукі.

  2. Чаму не кожная сума ведаў з’яўляецца навукай?

  3. Ахарактарызуйце тры моманты, якія дазваляюць літаратуразнаўству лічыцца самастойнай навукай.

  4. У чым і як праяўляецца сувязь літаратуразнаўства з іншымі гуманітарнымі (і не толькі) навукамі?

1.1.2. Галоўныя галіны літаратуразнаўства

Літаратуразнаўства можна ўявіць у выглядзе асобнага вялікага дрэва, што ўзвышаецца ў агульным гаі гуманітарных ведаў і сваёй кронай судакранаецца з кронамі іншых навук пра чалавека і чалавечае грамадства. Агульны камель гэтага дрэва разгаліноўваецца на тры самастойныя, або галоўныя, галіны і некалькі неасноўных, т. зв. дапаможных. Галоўныя галіны – гэта гісторыя літаратуры, тэорыя літаратуры і літаратурная крытыка.

Гісторыя літаратуры вывучае гістарычныя заканамернасці ўзнікнення і развіцця пэўных літаратурных з’яў і фактаў, устанаўлівае месца і значэнне творчасці тых ці іншых пісьменнікаў і асобных іх твораў у нацыянальным, рэгіянальным і сусветным літаратурным працэсе, у жыцці грамадства.

У сярэдняй школе ставіцца задача ўзбагаціць вучняў веданнем лепшых здабыткаў айчыннага і замежнага прыгожага пісьменства і на гэтай аснове – выхаваць асобу творчую, высокамаральную, з шырокім кругаглядам, перадавым светапоглядам, дасканалым эстэтычным густам. Гэтая мэта на першым этапе літаратурнага навучання (VІІІ—ІХ класы) вырашаецца шляхам разгляду асобных лепшых твораў беларускага і рускага мастацтва слова, твораў некаторых замежных пісьменнікаў. Пры гэтым аналіз ідэйна-мастацкага зместу пэўнага твора так ці інакш звязваецца з характарыстыкай эпохі, біяграфічнымі звесткамі пра пісьменніка. Што да другой ступені літаратурнай адукацыі (Х—ХІ класы), то тут літаратуры – і беларуская, і руская – вывучаюцца ўжо на гістарычнай аснове, як гісторыка-культурны працэс. Па сутнасці, ужо ў школе будучыя філолагі атрымліваюць асноўныя веды па гісторыі нацыянальных беларускай і рускай літаратур. Гэтыя веды замацоўваюцца і значна пашыраюцца на філалагічных факультэтах універсітэтаў, дзе да гісторый беларускай і рускай літаратур далучаюцца гісторыі іншанацыянальных літаратур (курс замежнай літаратуры) і ўсе гэтыя літаратуры ў храналагічнай паслядоўнасці, ад зараджэння да сучаснасці, вывучаюцца на працягу некалькіх вучэбных гадоў. Побач з вывучэннем літаратуры арганічна адбываецца выхаванне літаратурай. Выхаванне патрыятызму, нацыянальнай свядомасці, гуманізму, фарміраванне гістарычнай памяці, працавітасці, культуры сямейных і грамадскіх узаемаадносін, належнага стаўлення да прыроды. Гісторыя літаратуры, такім чынам, становіцца, па сутнасці, галоўным прадметам як сярэдняй школы, так і гуманітарных факультэтаў ВНУ.

У адпаведнасці з тым, штó вывучае гісторыя літаратуры, яна падзяляецца на аўтаразнаўства, гісторыю нацыянальных літаратур, гісторыю рэгіянальных літаратур і гісторыю сусветнай літаратуры. Аўтаразнаўчыя даследаванні ахопліваюць творчасць пэўнага пісьменніка. Сюды адносяцца артыкулы і манаграфіі пра пісьменніка, разнастайныя разгляды яго асобных твораў, успаміны пра яго і г. д. Часам такіх даследаванняў пра творчасць вялікага пісьменніка набіраецца столькі, што па сваім аб’ёме яно ў дзесяткі разоў пераўзыходзіць усё ім напісанае. Узнікае неабходнасць разабрацца ва ўсёй гэтай “гаспадарцы”, вылучыць у аўтаразнаўстве асобную галіну, што звычайна называецца імем пісьменніка-класіка: шэкспіразнаўства, пушкіназнаўства, шаўчэнказнаўства, купалазнаўства, коласазнаўства… Як правіла, своеасаблівым (але не адзіным) доказам існавання такіх галін аўтаразнаўства з’яўляецца выданне персанальных пісьменніцкіх энцыклапедый. Іх у сусветнай навуцы пра літаратуру не шмат. Прыкладам могуць служыць “Лермонтовская энциклопедия” (Масква, 1981), двухтомны “Шевченківський словник” (Кіеў, 1978), беларускія энцыклапедычныя даведнікі “Янка Купала” (1986) і “Францыск Скарына і яго час” (1988).

Усе літаратуры свету існуюць як асобныя нацыянальныя скарбы прыгожага пісьменства. Літаратуры на нацыянальныя звычайна падзяляюцца не па месцы стварэння, а паводле мовы, на якой яны ствараюцца: французская – на французскай мове, руская – на рускай, беларуская – на беларускай і г. д. Мова – не толькі сродак зносін, яна, апрача ўсяго, яшчэ і эстэтычная сістэма, у якой акумулявана гісторыя пэўнага народа, яго культура, светапогляд, менталітэт. У гэтым сэнсе сама мова – найпершы і найвялікшы твор любога народа, яго душа. Таму, відавочна, без прысутнасці гэтай “душы” выявіць глыбока і арыгінальна воблік нацыі немагчыма. Вось чаму самыя вялікія пісьменнікі свету сталі вялікімі таксама і дзякуючы роднаму слову. Праўда, тут трэба ўлічваць дзве акалічнасці. З аднаго боку, існуюць у свеце нацыянальныя літаратуры, якія карыстаюцца адной і той жа мовай, хоць і з пэўнымі арфаэпічнымі і арфаграфічнымі асаблівасцямі. Так, егіпецкая, ліванская, лівійская, сірыйская і некаторыя іншыя літаратуры Блізкага Усходу ствараюцца на арабскай мове, іспанская, кубінская, чылійская, перуанская, венесуэльская і іншыя літаратуры Паўднёвай Амерыкі (за выключэннем бразільскай) – на іспанскай, англійская, амерыканская, аўстралійская, новазеландская, канадская – на англійскай, сербская, харвацкая, баснійская, чарнагорская – на сербахарвацкай і інш. З другога боку, гістарычна склалася так, што асобныя нацыянальныя літаратуры ў пэўныя перыяды свайго развіцця карысталіся чужымі літаратурнымі мовамі. Так, узбекская, таджыкская, туркменская і некаторыя іншыя літаратуры народаў Сярэдняй Азіі ледзь не да ХХ ст. ствараліся на персідскай мове (у той жа час у рэлігіі ў іх ужывалася арабская мова). Доўгі час мовай заходнееўрапейскіх літаратур, як і беларускай, была латынь. На латыні, у прыватнасці, напісана знакамітая “Песня пра зубра” Міколы Гусоўскага, асобныя творы Яна Вісліцкага, Андрэя Рымшы, Сымона Буднага і інш. Апрача гэтага, беларуская літаратура паслугоўвалася стараславянскай, польскай, рускай мовамі. І толькі ў пачатку ХХ ст. у літаратуры сцвердзіла сябе мова беларуская, хоць некаторыя пісьменнікі Беларусі пісалі (і цяпер пішуць) на рускай, польскай і яўрэйскай (ідыш) мовах. Што ж у такім выпадку дазваляе гаварыць пра існаванне нацыянальных літаратур? Як мы ўжо казалі, мова – асноўная прыкмета нацыянальнай літаратуры. Асноўная, аднак не адзіная. У літаратуры адлюстроўваюцца гістарычныя падзеі, з’явы культуры, побыт пэўнага народа, прырода, сярод якой ён жыве, увасабляюцца яскравыя нацыянальныя тыпы. Гэта адрознівае паміж сабой літаратуры нават роднасных народаў, у тым ліку і тыя, якія карыстаюцца адной і той жа літаратурнай мовай. Разам з тым гэта дазваляе такія літаратуры называць нацыянальнымі.

Ва ўсіх цывілізаваных краінах раней або пазней ствараюцца гісторыі нацыянальных літаратур. Пытанні гісторыі беларускай літаратуры пачалі распрацоўвацца яшчэ ў ХІХ стагоддзі (артыкул “Беларусь і Ян Баршчэўскі” (1844) Рамуальда Падбярэскага, манаграфія “Доктар Францыск Скарына. Яго пераклады, друкаваныя выданні і мова” (1888) Пятра Уладзімірава і інш.). Але толькі ў пачатку ХХ ст. гэтая праца набыла сістэматычны характар (напрацоўкі Яўхіма Карскага, Іларыёна Свянціцкага, Сяргея Палуяна, Максіма Багдановіча, Вацлава Ластоўскага і інш.). “Гісторыя беларускае літаратуры” Максіма Гарэцкага, што выйшла ў Вільні ў 1920 годзе, а затым перавыдавалася некалькі разоў, - першае спецыяльнае даследавання ўсяго гістарычнага шляху развіцця беларускага прыгожага пісьменства. Услед за ім, ужо ў савецкі час, з’явіліся новыя значныя працы такога кшталту, разлічаныя на розную аўдыторыю (школьнікаў, студэнтаў, т. зв. шырокага чытача). Самыя апошнія па часе выдання і самыя грунтоўныя – двухтомная “Гісторыя беларускай літаратуры ХІ—ХІХ стагоддзяў” (2007) і чатырохтомная, у пяці кнігах, “Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя” (1999—2003). Сярод гісторыкаў беларускай літаратуры, спецыялістаў па старажытным і новым перыядзе яе развіцця, варта назваць В. Ластоўскага з яго “Гісторыяй беларускай (крыўскай) кнігі” (Коўна, 1926), Я. Карскага з грунтоўным даследаваннем “Беларусы” (Петраград, 1922 – т. 3, вып. 2), Алега Лойку, які адзін напісаў і выдаў у якасці падручнікаў для студэнтаў “Старабеларускую літаратуру” (2001) і “Гісторыю беларускай літаратуры” ХІХ ст. (у дзвюх частках, 1977, 1980), Алеся Жлутку, Сяргея Кавалёва, Уладзіміра Кароткага, Генадзя Кісялёва, Аляксандра Коршунава, Міхася Лазарука, Міхася Ларчанку, Сцяпана Майхровіча, Адама Мальдзіса, Уладзіміра Мархеля, Міколу Прашковіча, Івана Саверчанку, Антона Семяновіча, Міколу Хаўстовіча, Вячаслава Чамярыцкага, Язэпа Янушкевіча і інш. Што да беларускай літаратуры ХХ ст., найбольш плённага перыяду ў яе гісторыі, то тут варта назваць даследаванні Сцяпана Александровіча, Міколы Арочкі, Алеся Бельскага, Уладзіміра Гніламёдава, Васіля Жураўлёва, Віктара Каваленкі, Сцяпана Лаўшука, Валерыя Максімовіча, Мікалая Мішчанчука, Івана Навуменкі, Юльяна Пшыркова, Антона Семяновіча і інш.

Пры ўсёй самастойнасці і арыгінальнасці нацыянальныя літаратуры існуюць, аднак, не адасоблена адна ад другой. Іх блізкасць (ці аддаленасць) абумоўлена тэрытарыяльнай, этнічнай, моўнай, гістарычнай, культурнай, дзяржаўнай, сацыяльна-палітычнай блізкасцю (ці аддаленасцю) народаў, што нарадзілі гэтыя літаратуры. Тыя ці іншыя крытэрыі блізкасці або нават аднолькавасці прадвызначаюць існаванне своеасаблівых рэгіянальных утварэнняў - асобых форм літаратурных супольнасцяў. Вышэй называліся літаратуры, якія ствараюцца на адных і тых жа мовах. У адпаведнасці з гэтым існуюць рэгіянальныя супольнасці англамоўных, іспанамоўных, арабскіх і інш. літаратур. Дзякуючы блізкасці этнічнай, культурнай і моўнай славян можна гаварыць пра славянскую літаратурную супольнасць. Сацыяльна-палітычнае адзінства народаў, што з 1922 па 1991 гг. уваходзілі ў склад СССР, абумовіла існаванне савецкай літаратуры як літаратурнай рэгіянальнай супольнасці, нягледзячы на часам вялікія культурныя, моўныя, гістарычныя адрозненні паміж насельнікамі гэтай дзяржавы. Дзяржаўнае адзінства народаў, нягледзячы на іх моўную разнароднасць, дазваляе гаварыць пра рэгіянальныя літаратуры швейцарскую (ствараецца на нямецкай, французскай, італьянскай, і рэтараманскай мовах), іспанскую (ствараецца на іспанскай, баскскай, галісійскай і каталанскай мовах), бельгійскую (ствараецца на французскай і фламандскай мовах), ізраільскую (ствараецца на іўрыце і арабскай мове) і шэраг іншых. Тэрытарыяльная блізкасць (а значыць, у многім і гістарычная, культурная) народаў, якія насяляюць еўрапейскі кантынент, -- галоўная падстава існавання еўрапейскай рэгіянальнай літаратурнай супольнасці (у адрозненне, напрыклад ад афрыканскай ці амерыканскай). У розных краінах час ад часу выдаюцца гісторыі рэгіянальных літаратур. З іх можна назваць шасцітомную “Историю советской многонациональной литературы” (Масква, 1970—1974), шматтомную польскую “Гістрыю еўрапейскіх літаратур” (трэці том яе прысвечаны ўсходнеславянскім літаратурам) і інш.

Урэшце, нацыянальныя і рэгіянальныя літаратуры састаўнымі часткамі ўваходзяць у адзіную сусветную літаратуру як своеасаблівую суперсістэму. Узаемадзеянне літаратур, іх генетычныя, кантактныя сувязі, тыпалагічнае падабенства абумоўлівае існаванне сусветнага літаратурнага працэсу, а ў выніку – падставу да напісання гісторыі сусветнай літаратуры. Такіх гісторый ва ўсім свеце ўсяго некалькі, іх стварэнне звязана з высілкамі вялікіх навуковых калектываў, са значнымі фінансавымі затратамі. Адзін з нешматлікіх прыкладаў – “История всемирной литературы” ў 9-і тамах (выйшла 8 тамоў; Масква, 1983—1994).

Другая галоўная галіна літаратуразнаўства - тэорыя літаратуры, якая даследуе сутнасць, своеасаблівасць літаратуры як грамадскай з’явы і мастацтва слова, вывучае этапы літаратурна-мастацкага развіцця, сацыяльна-гістарычную ролю і прынцыпы аналізу літаратуры. Несумненна, ніводны гісторык літаратуры не можа абысціся без тэарэтыка-літаратурных ведаў, як сама гісторыя літаратуры – без тэорыі літаратуры. На гэта, дарэчы, звярнуў увагу вядомы рускі пісьменнік рэвалюцыйны дэмакрат М. Г. Чарнышэўскі, які пісаў, што “без гісторыі прадмета няма тэорыі прадмета; але і без тэорыі прадмета няма нават думкі пра яго гісторыю, таму што няма ўяўлення пра яго аб’ект, яго значэнне і яго межы”. Тэорыя літаратуры грунтуецца на матэрыяле не адной якой-небудзь або некалькіх літаратур, яна выкарыстоўвае літаратурна-мастацкі вопыт розных народаў і розных эпох. Гэта – своеасаблівая “матэматыка літаратуры”, формулы і тэарэмы якой можна з аднолькавым поспехам прымяніць да любой літаратуры свету. Таму нельга гаварыць “тэорыя англійскай літаратуры” або “тэорыя беларускай літаратуры”, пры ўсёй часам невялікай своеасаблівасці існавання некаторых тэарэтыка-літаратурных паняццяў у нацыянальных літаратурах. Так, рамантызм у рускай і рамантызм у беларускай літаратурах меў сваё храналагічнае і ідэйна-мастацкае напаўненне, але як літаратурны метад вызначаўся тымі самымі момантамі: выключнасцю герояў і абставін, у якіх дзейнічалі гэтыя героі, вышуканасцю і ўзвышанасцю стылёвых фарбаў. Альбо возьмем санет. Пры ўсёй нацыянальнай мадыфікацыі, што закранае рыфмоўку заключных трохрадкоўяў (італьянскі санет, французскі санет), ён захоўвае асноўныя архітэктанічныя (два чатырохрадкоўі і два трохрадкоўі) і кампазіцыйныя (у катрэнах – нарастанне думкі-пачуцця, у тэрцэтах – кульмінацыя і развязка) асаблівасці. Нават санет шэкспіраўскага тыпу, пры ўсёй яго арыгінальнасці, захаваў асноўнае – у архітэктоніцы (тыя ж 14 радкоў) і кампазіцыі (у трох катрэнах – нарастанне думкі-пачуцця, у заключным двухрадкоўі – кульмінацыя і развязка).

У тэорыі літаратуры як галіны літаратуразнаўства можна вылучыць наступныя раздзелы: эстэтыка літаратуры, паэтыка, тэорыя літаратурнага працэсу, літаратуразнаўчая метадалогія. Пра метадалогію мы ўжо казалі (гл. 1.1.1) і будзем яшчэ гаварыць (1.3). Эстэтыка літаратуры разглядае літаратуру як адну з форм пазнання і мадэлявання рэчаіснасці, паказвае сувязь яе з грамадскім жыццём, месца яе сярод іншых відаў мастацтва (літаратура як від мастацтва, функцыі літаратуры, яе нацыянальны характар і інш.). Тэорыя літаратурнага працэсу выяўляе гістарычны характар развіцця літаратуры як мастацтва слова, устанаўлівае заканамернасці, звязаныя з узнікненнем і эвалюцыяй асобных родаў, відаў і жанраў (эпас, лірыка, драма, сацыяльна-бытавы раман, навела, ода, элегія і інш.), літаратурных метадаў і напрамкаў (класіцызм, сентыменталізм, рамантызм, рэалізм, мадэрнізм, футурызм, імажынізм і інш.). Цэнтральны раздзел тэорыі літаратуры – паэтыка, што вывучае характар, структуру і змястоўнасць літаратурна-мастацкай формы. Часам усю тэорыю літаратуры называюць паэтыкай, вылучаючы ў ёй асобныя віды: тэарэтычную (агульную), гістарычную, функцыянальную (апісальную), параўнальную і практычную.

Сярод літаратуразнаўцаў Беларусі асобныя тэарэтыка-літаратурныя развагі і высновы можна сустрэць яшчэ ў ХУІ—ХУІІ ст. (выклад тэорыі паэзіі ў кнізе “Граматіка словенска…” Л. Зізанія, Вільня, 1596, “Курс паэтыкі” М.К. Сарбеўскага, Полацк, 1618—1627 і інш.). Аднак сістэмная распрацоўка пэўных праблем тэарэтычнага характару пачынаецца толькі з ХХ ст., з прац М. Багдановіча. Яго меркаванні пра суадносіны метра і рытму, метра і рыфмы, пра т. зв. навуковую паэзію, тэарэтычны нарыс пра санет і інш. мелі прынцыповае значэнне для развіцця тэорыі літаратуры. У 1920-я гады яна папоўнілася працамі М. Гарэцкага (у 3-е выданне сваёй “Гісторыі беларускае літаратуры”, 1924, ён уключыў невялікі літаратуразнаўчы слоўнік), Івана Замоціна “Пуціны беларускай літаратуры” (1924) і “Беларуская драматургія” (1927), Аляксандра Вазнясенскага “Паэтыка М. Багдановіча” (1926) і “Асноўныя прынцыпы пабудовы беларускай навукі аб літаратуры” (1927), Яўгена Барычэўскага “Тэорыя санета” і “Паэтыка літаратурных жанраў” (абедзве – 1927) і інш. Пасля няплённых для тэорыі літаратуры 1930—1950-х гг. яна зноў актыўна заявіла пра сябе ў другой палове ХХ ст. працамі Анатоля Андрэева, Міколы Грынчыка, Вячаслава Рагойшы, Івана Ралько, Міхася Мушынскага, Міхася Тычыны, Таццяны Шамякінай, Алеся Яскевіча і інш.

Храналагічна трэцяя галіна літаратуразнаўства – літаратурная крытыка – узнікла раней за іншыя, адразу са з’яўленнем мастацтва слова ў выглядзе вусна-паэтычнай народнай творчасці. Можна ўявіць такога старажытнага “крытыка”, які, слухаючы нейкі вусны аповед (казку, легенду) або песню, даваў творам агульную ацэнку (“удала – няўдала”, “правільна – няправільна”), выказваў творцам свае парады, пажаданні. Паступова склалася прафесійная літаратурная крытыка як від літаратурнай дзейнасць, мэта якой – даць ацэнку бягучым фактам і з’явам літаратуры з пункту гледжання значэння іх для сучаснасці. Такая ацэнка, з аднаго боку, дазваляе пісьменнікам суаднесці вынікі сваёй працы з патрабаваннямі, якія прад’яўляе да літаратуры грамадства. Узнікшы адразу пасля ўзнікнення самой мастацкай літаратуры, высокапрафесійная, патрабавальная, зацікаўленая крытыка літаратуры стала яе неабходным спадарожнікам. Выдатны рускі крытык Вісарыён Бялінскі называў літаратурную крытыку “рухомай эстэтыкай”, слушна падкрэсліваў: тое, што скажуць пра вялікі твор літаратуры, не менш важна за сам твор.

Зацікаўленне літаратурнай крытыкі бягучым літаратурным працэсам, жаданне даць яму ацэнку з сучаснага пункту гледжання і адрознівае яе ад гісторыі літаратуры, погляд якой скіраваны не на тое, што адбываецца, а на тое, што ўжо раней ці пазней адбылося. У гэтым – не толькі своеасаблівасць літаратурнай крытыкі як адной з галоўных галін літаратуразнаўства, але і большая складанасць, цяжкасць працы крытыка ў параўнанні з працай гісторыка літаратуры. Пра гэта, у прыватнасці, хораша сказаў класік украінскай літаратуры Іван Франко ў сваёй працы “З сакрэтаў паэтычнай творчасці”: “…Калі гісторык літаратуры мае дадзеную ўжо самой сутнасцю рэчаў перспектыву, карыстаецца багатым матэрыялам, увасобленым у творах пэўнага аўтара, у водгуках пра яго сучаснікаў, у мемуарах, лістах і іншых чыста гістарычных дакументах, то звычайны крытык не мае амаль нічога, павінен сам выпрацоўваць перспектыву, угадваць значэнне, высвятляць прыкметы гэтага аўтара, павінен, так сказаць, уздымаць цаліну, у той час як гісторык літаратуры збірае ўжо зусім даспелыя плады”.

Літаратурны крытык, такім чынам, выяўляе сябе як вучоны-літаратуразнавец. Аднак, з другога боку, ён выступае і як пісьменнік. Літаратурных крытыкаў – у адрозненне ад гісторыкаў і тэарэтыкаў літаратуры – прымаюць у творчыя пісьменніцкія арганізацыі. У саюзах пісьменнікаў звычайна існуюць нават асобныя секцыі літаратурнай крытыкі. Чым гэта абумоўлена? Найперш тым, што літаратурны крытык, апрача ўсяго, выконвае, па сутнасці, тыя самыя функцыі, што і звычайны пісьменнік. Так, ён - як навуковец – дае аб’ектыўную ацэнку новаму твору пісьменніка, выяўляе яго якасці, станоўчыя і адмоўныя. Вядзе прафесійную размову з пісьменнікам. Аднак вядзе не адзін на адзін, а прылюдна, выкарыстоўваючы сродкі масавай інфармацыі: друк, радыё, тэлебачанне. Яго слова, як і слова звычайнага пісьменніка, успрымаюць тысячы чытачоў (слухачоў). І таму крытык, звяртаючыся не толькі да пісьменніка, а і да грамадства ў цэлым, не толькі (нават не столькі) ацэньвае твор, колькі з дапамогай твора дапамагае фарміраваць грамадскую думку, выпрацоўваць у чытачоў аб’ектыўныя погляды на літаратурныя з’явы, удасканальваць іх эстэтычны густ і эстэтычны ідэал. Ці не такія самыя задачы стаяць і перад звычайным мастаком слова? Несумненна! Выступленне ж крытыка ў сродках масавай інфармацыі (у адрозненне ад гісторыка і тэарэтыка літаратуры, якія друкуюцца ў спецыяльных навуковых малатыражных выданнях) вымушае яго адыходзіць ад “сухога” навуковага стылю выкладу сваіх думак і набліжацца да мастацкага. Адсюль – клопат пра мастацкую дасканаласць літаратурна-крытычнага тэксту, пачынаючы ад яго загалоўка (ужо ён павінен прыцягваць увагу чытача), кампазіцыі (як і з чаго пачаць? чым закончыць?) і канчаючы моўным стылем (жывасць выкладу, ужыванне метафорыкі і г. д.). Па сутнасці, крытычны тэкст, да якога б жанру ён ні адносіўся (рэцэнзія, аглядны ці праблемны артыкул, літаратурны партрэт, рэпліка, літаратурная пародыя і інш.), павінен з’яўляцца літаратурным творам, які можна было б успрымаць з такой цікавасцю і карысцю, як і добры мастацкі твор. Безумоўна, напісаць такі твор не так проста. Неабходна валодаць і глыбокімі ведамі, і спецыфічным талентам літаратурнага крытыка. Такіх людзей не так шмат. Таму ў гісторыі нацыянальных літаратур добрых крытыкаў намнога меней, чым празаікаў, паэтаў ці нават драматургаў.

Літаратурная крытыка як галіна літаратуразнаўства дзеліцца на два раздзелы: тэорыя крытыкі і гісторыя крытыкі. Тэорыя крытыкі займаецца вывучэннем методыкі і метадалогіі разгляду бягучых літаратурных з’яў і фактаў і ў многім супадае з тэорыяй літаратуры, у прыватнасці з літаратуразнаўчай метадалогіяй. Гісторыя крытыкі вывучае зараджэнне і развіццё пэўнай нацыянальнай літаратурна-крытычнай думкі. Беларуская літаратурная крытыка зарадзілася ў ХІХ ст. (публікацыі Р. Падбярэскага, Уладзіслава Сыракомлі, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і інш.), але як самастойная галіна літаратуразнаўства склалася толькі ў пачатку ХХ ст. (артыкулы і рэцэнзіі С. Палуяна, М. Багдановіча, Лявона Гмырака, В. Ластоўскага, Антона Луцкевіча, Альгерда Бульбы, Уладзіміра Самойлы і інш.). Найбольшага росквіту дасягнула ў савецкі час, найперш у пасляваенны перыяд (Алесь Адамовіч, Варлен Бечык, Дзмітрый Бугаёў, Рыгор Бярозкін, Павел Дзюбайла, Віктар Каваленка, Рыгор Шкраба, Леанід Галубовіч, Ганна Кісліцына і інш). Заканамернасці развіцця беларускай літаратурнай крытыкі даследаваў М. Мушынскі (“Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 20—30-я гады”, 1975; “Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 40-я – першая палавіна 60-х гадоў”, 1985 і інш.).
Пытанні для самаправеркі:

  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   14


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка