Літаратуразнаўства і донжуанства




Дата канвертавання01.05.2016
Памер27.19 Kb.
Літаратуразнаўства і донжуанства
Дзяніс Марціновіч. “Донжуанскі спіс” Караткевіча.

Літаратуразнаўчыя даследаванні і артыкулы. “Четыре четверти”, 2012.
Многія класікі беларускай літаратуры – забранзавелыя постаці, якія ў масавай свядомасці асацыююцца нават не з уласнымі творамі і іх значэннем, а з «цяжкай доляй беларускага народа» і іншымі трывалымі стэрэатыпамі. Пісьменнік можа стаць класікам, калі ў пэўны момант яго творчасць адыграла важную ролю ў жыцці народа. І гэтая роля з цягам часу пазбаўляецца канкрэтыкі і набывае безаблічную ўсеабдымнасць.

Вытлумачэнне гэтым працэсам знаходзіцца простае: культура, адчуваючы небяспеку, спрабуе закансервавацца, стварыць беззаганныя фігуры, бездакорныя аўтарытэты, апірышчы, да якіх можна апеляваць для самазахавання. Гэтая “кананізацыя” адначасова і рэакцыя на пагрозу, і пагроза сама па сабе. Старэйшае пакаленне заспела большасць нашых класікаў жывымі і прыклала ўсе намаганні для стварэння «ікон». Маладое пакаленне атрымала толькі «іконы», пра што сведчаць сацыялагічныя і журналісцкія апытанні, досвед выкладчыцкай працы.

Ідэальнае – заўсёды мёртвае, а жывое – недасканалае, цяжкавытлумачальнае і заблытанае, яно выпадае з класіфікацый, парушае правілы. І сама цікаўнасць да «донжуанскага спіса» Уладзіміра Караткевіча робіць гэтага прадстаўніка літаратурнага пантэона звычайным чалавекам. Перад Дзянісам Марціновічам стаяла складаная задача: па-першае, правесці даследаванне і, па-другое, зрабіць гэта максімальна тактоўна.

Зварот да гэтай тэмы – яшчэ адно сведчанне жыцця літаратуры. Але ці гатова тая частка грамадства, якая адчайна бароніць сваю нацыянальную ідэнтычнасць, да такога бачання класіка?

У кнізе няма ні бульваршчыны, ні жаўцізны, гэта напраўду літаратуразнаўчае даследаванне асабістага жыцця пісьменніка, з багатай факталагічнай базай, з апеляцыяй да цытат з лістоў і твораў, з загадкамі і гіпотэзамі, з дэтэктыўнымі паваротамі сюжэту (напрыклад, версія пра сапраўдныя абставіны знаёмства Уладзіміра Караткевіча з будучай жонкай Валянцінай).

Дзяніс Марціновіч склаў спіс з дзесяці каханых жанчын У. Караткевіча: ад некаторых з іх засталіся толькі ініцыялы, хтосьці ананімна ўвайшоў у гісторыю пад імем літаратурнай гераіні, некаторыя былі платанічнымі каханымі, а хтосьці нават прымаў гасцей Караткевіча, загарнуўшыся ў коўдру. Апавяданне пра гэта вуснамі самога пісьменніка і яго сяброў міжволі пазбавіла кнігу магчымай скандальнасці.

Для беларускай сітуацыі гэта вельмі прадуманая пазіцыя: Дзяніс Марціновіч нібыта выступіў медыумам, які выбраў і супаставіў цытаты з ліставанняў і мастацкіх твораў, які знайшоў пераканаўчую сувязь асабістага жыцця класіка і яго творчасці, які сам шукаў тых людзей, што маглі стаць крыніцай інфармацыі пра жанчын класіка. І калі чытач бачыць Караткевіча разгубленым, няўпэўненым ці, наадварот, самаўпэўненым, расчараваным або здратаваным неўзаемнасцю, то, нягледзячы на нечаканасць вобразу, тэкст выглядае карэктным у дачыненні да пісьменніка. Гэта сам Караткевіч у ліставанні падкрэсліваў непрыгожасць амаль кожнай сваёй жанчыны, гэта сам Караткевіч прызнаваўся, што не ведае, ці яшчэ жывое ў ім колішняе каханне.

У другім раздзеле Дзяніс Марціновіч шукаў і знайшоў працяг рамана «Каласы пад сярпом тваім» у іншых творах Уладзіміра Караткевіча («Зброя», «Сіняя-сіняя»). Шэраг артыкулаў датычыць неабходнасці стварэння літаратурных біяграфій і пераможных вобразаў літаратурных герояў. Аўтар наракае на злоўжыванне ва ўспамінах схемы «я і пісьменнік», на адсутнасць падрабязнай факталогіі пісьменніцкіх біяграфій і прыхоўванне інфармацыі пра сімпатыі і антыпатыі ў беларускім літаратурным працэсе. Ды і гаворка пра героя таксама наспела: у нас трагічная гісторыя, але падкрэсліванне ахвярнасці – адштурхоўвае, бо чалавеку (асабліва падлетку) уласціва жаданне належаць да паспяховай супольнасці, і нашу гісторыю можна і варта падаваць гераічным чынам. Калі працягнуць логіку Дзяніса Марціновіча, то выснова атрымліваецца парадаксальна-выратавальная: трэба сабраць усе факты і на іх базе стварыць новую міфалогію. Каб жыць!



Аксана Бязлепкіна


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка