Лішык Ірына Уладзіміраўна




Дата канвертавання30.03.2016
Памер93.46 Kb.
Лішык Ірына Уладзіміраўна

БДУ, Мінск

СЕМАНТЫКА ПАНЯЦЦЯ «КАНЦЭПТ ВАЙНЫ»
Слова канцэпт (лац. conceptus – думка, паняцце) шырока выкарыстоўваецца ў філасофіі, культуралогіі, філалогіі. Гэты тэрмін найчасцей выкарыстоўвае рускі культуролаг Ю. С. Сцяпанаў. Даследчык вызначае канцэпт як «згустак культуры ў свядомасці чалавека», а таксама як «прадмет эмоцый, сімпатый і антыпатый, а часам і сутыкненняў» (тут і далей пераклад наш. – І. Л.) [4, с. 43]. Ад паняцця тэрмін «канцэпт» адрозніваецца тым, што не толькі мысліцца, але яшчэ і перажываецца. Так, пра канцэпт вайны не толькі разважаюць, але яна яшчэ і перажываецца народамі краін-ўдзельніц.

Праблема захавання міру на зямлі становіцца асабліва значнай у наш час, паколькі пагроза вайны набывае характар сусветнай катастрофы. Пачынаючы з сярэдзіны ХХ ст. паняцце «вайна» вывучаецца ў ваеннай паліталогіі як самастойны навуковы феномен і даследуецца вучонымі-палітолагамі, філосафамі, культуролагамі, сацыёлагамі, псіхолагамі. Нават склаліся асобныя навуковыя галіны па вывучэнні вайны: філасофія вайны, сацыялогія вайны, псіхалогія вайны.

Агульнапрызнаны падыход да вызначэння вайны як працягу палітыкі дзяржавы іншымі спосабамі абазначыўся яшчэ ў XIX ст. ваенным тэарэтыкам К.  фон Клаузевіцам у працы «Пра вайну». Але ўсё ж менавіта ХХ стагоддзе з яго дзвюма сусветнымі войнамі паставіла шмат новых пытанняў пра сутнасць вайны, прычыны яе ўзнікнення і пра магчымасці яе пазбегнуць. Такім чынам, «стандартнае» вызначэнне гэтага паняцця замяняецца рознымі падыходамі да яго разгляду. Напрыклад, сучасны нямецкі філосаф Х. Хофмайстэр вытлумачвае вайну, у тым ліку і справядлівую, не толькі як зло, якое дапускае дзяржава, але і як унутраную разбалансаванасць паміж людзьмі і народамі, як поўную адсутнасць салідарнасці паміж імі. Як ліхаманка ёсць выяўленне ўнутранай разбалансаванасці цела, так вайна – выяўленне сілы дзяржавы, яе гвалту да сваіх жыхароў у імкненні пераадолець адвечную варожасць паміж асобамі або супольнасцямі і тым самым набыць большы аўтарытэт у свеце, самасцвердзіцца [9, с. 144]. Сапраўды, сітуацыя ў свеце, на нашу думку, у многім залежыць ад таго, якія адносіны складуцца паміж народам у самой дзяржаве, а таксама паміж ёю і іншымі краінамі, ці прывядуць яны да ўзаемаразумення і міру або, наадварот, да вайны як адзінага спосабу вырашэння супрацьлегласцей.

М. Бярдзяеў, адзіны з рускіх філосафаў, глыбока даследаваў канцэпт вайны ў розных яго аспектах: маральным, псіхалагічным, матэрыяльным, духоўным, гістарычным, культуралагічным. Ён перажыў дзве сусветныя вайны, амаль усё жыццё правёў у эміграцыі, спрабуючы, па ўласных словах, «прапаведаваць чалавечнасць у самую бесчалавечную эпоху» [10, с. 5].

Аналізуючы канцэпт вайны з культуралагічных пазіцый, рускі філосаф лічыў, што вайна антынамічная па сваёй прыродзе, амбівалентная з’ява, «вайна ёсць цемра і свет, нянавісць і любоў, жывёльны эгаізм і высокая самаахвярнасць» [2, с. 672]. Але ў гэтай супярэчнасці, згодна з М. Бярдзяевым, ёсць не толькі ўзаемная нянавісць, смерць, але таксама і станоўчыя бакі. Вайна служыла сродкам аб’яднання чалавецтва, вынікам войн з’явіліся імперыі, праз войны народы змешваліся, так з’яўлялася адзінае чалавецтва і адзіная гісторыя. Вайна звязвалася вучоным з такімі высокімі чалавечымі якасцямі, як мужнасць, гераізм, бясстрашнасць, самаахвярнасць, што выявілася ў масавым дабравольным удзеле моладзі ў Першай сусветнай вайне і знайшло адлюстраванне ў літаратуры так званага «страчанага пакалення».

Суадносячы вайну і культуру, М. Бярдзяеў называе вайну магутным рухавіком культуры [2, с. 683]. Вайна была ў самым пачатку культуры і будзе ў самым канцы чалавечай культуры. М. Бярдзяеў лічыць, што нават, калі чалавецтва пяройдзе на ўзровень высокага быцця, дзе не будзе войнаў з забойствамі і крывёю, то ўсё роўна сама барацьба застанецца. Зменяцца спосабы барацьбы, (стануць «болей тонкімі і ўнутранымі» [1, с. 440]), але міру не будзе.

Рускі філосаф нібыта прадбачыў змены ў вядзенні вайны ў другой палове ХХ ст. – пачатку ХХI ст. Напрыклад, з’явілася халодная вайна. Згодна з класіфікацыяй Х. Хофмайстэра, яна належыць да разраду ідэалагічнай вайны. Сапраўды, халодная вайна становіцца супрацьстаяннем ідэалогій. У сучаснасці назіраецца тэндэнцыя ўзрастання лакальных, сярэдніх і малых войнаў. З’яўляецца тэрарыстычная вайна, ахвяры якой − мірныя людзі. Множацца спосабы вядзення войн: узброеная барацьба змяняецца інфармацыйна-псіхалагічнай, камп’ютарнай, дыпламатычнай і іншымі формамі барацьбы.

Прадстаўнік гульнёвай канцэпцыі ў культуры Й. Хёйзінга лічыць, што «пра вайну як функцыю культуры можна казаць тады, калі яна вядзецца ў межах вызначанага кола, члены якога прызнаюць адзін аднаго роўнымі» [8, с. 106]. Але менавіта сучасная вайна не мае ніякага дачынення да гульні, яна ўжо болей не з’яўляецца элементам культуры, таму што вядзецца без уліку міжнароднага права, у той час, як гульня заўсёды магчымая толькі па абазначаных правілах, якія нельга парушаць. З думкамі Й. Хёйзінгі нельга не пагадзіцца, паколькі сучасныя войны не заўсёды падпарадкоўваюцца правілам, тым больш, што сёння яны могуць быць адны, заўтра – іншыя, або іх, наогул, можа не існаваць.



Маральны аспект вайны М. Бярдзяеў вытлумачвае так, што забойства не толькі фізічная з’ява, але і маральная, бо здзяйсняецца найперш духоўна. Філосаф лічыць, што ўсе людзі адказныя за тое, што вядзецца вайна. Нават, калі ты не прымаеш непасрэдны ўдзел у вайне, а толькі жадаеш перамогі сваёй дзяржаве, то ўсё роўна ўдзельнічаеш у ёй, бо духоўна падтрымліваеш сваю краіну. Праблема адказнасці на вайне цесна звязана з праблемай віны. М. Бярдзяеў піша пра маральны парадокс пры спалучэнні гэтых паняццяў: «вінаватасць бывае маральна вышэй за чысціню» [1, с. 426]. Імкненне да аховы ўласнай маральнай чысціні, з нашага пункту гледжання, – гэта не найвышэйшая маральнасць, значна больш маральнай будзе адказнасць за ўдзел у забойствах, асэнсаванне сваёй віны. У беларускай літаратуры гэта праблема знаходзіць адлюстраванне ў п’есе А. Дударава «Радавыя» (вобраз Саляніка) і ў шматлікіх іншых мастацкіх творах.

М. Бярдзяеў разважае таксама і пра праблему маральнай апраўданасці вайны і прыходзіць да высновы, што часам вайна неабходная, каб папярэдзіць яшчэ большыя пакуты. Філосаф лічыць, што вайна можа быць апраўдана з абодвух бакоў, якія ўдзельнічаюць у вайне, але з сучасных пазіцый гуманізму і злачынстваў супраць чалавечнасці такая выснова М. Бярдзяева не вытрымлівае крытыкі.

Англійскі гісторык і культуролаг А. Тойнбі таксама прытрымліваецца меркавання, што злу неабходна супраціўляцца са зброяй у руках, што вайна апраўданая, калі перад чалавецтвам існуе пагроза фашызму. Але ва ўсіх іншых выпадках вайна – гэта злачынства. Маральны аспект вайны ўзброенага супраціўлення фашызму знаходзіць шырокае адлюстраванне ў сусветнай літаратуры, напрыклад, у рамане Э. Хэмінгуэя «Па кім звоніць звон» (Роберт Джордан і праблема адказнасці на вайне).

З маральным аспектам вайны цесна звязаны матэрыяльны і духоўны аспекты ў разглядзе паняцця. Зразумела, што вайна – гэта забойствы, страты і гвалт. Духоўны падыход заснаваны на тым, што вайна адбіваецца ў глыбінях чалавечай псіхікі. З пункту гледжання М. Бярдзяева, вайна пачынаецца паступова. Яшчэ ў мірныя часы назапашваецца нянавісць ў душах людзей, здзяйсняюцца духоўныя забойствы, таму вайну М. Бярдзяеў называе ўнутранай хваробай чалавецтва. З гэтым нельга не пагадзіцца, асабліва з тым, што задавальненне матэрыяльных запатрабаванняў – гэта не самае галоўнае ў жыцці чалавека, хаця адвеку войны вяліся, каб здабыць рабоў, працай якіх было створана ўсё багацце свету.

Згодна з псіхалагічным падыходам М. Бярдзяева да вытлумачэння паняцця «вайна», яна мае не толькі пэўную асэнсаванасць, але і іррацыянальныя асновы. Добра ваяваць можна толькі тады, лічыць філосаф, калі не разважаеш, дзеля чаго ваюеш, калі асоба як бы раствараецца ў містычным арганізме арміі [2, с. 677]. Яскравым літаратурным прыкладам такой высновы філосафа з’яўляецца аповесць амерыканскага пісьменніка С. Крэйна «Пунцовы знак доблесці» (псіхалогія Генры Флемінга ў атацы), раман яго суайчынніка К. Вонегута «Бойня №5, або Крыжовы паход дзяцей» (псіхалогія Білі Пілігрыма падчас бамбежкі Дрэздэна).

Прадстаўнік псіхааналітычнай канцэпцыі З. Фрэйд у лісце да А. Эйнштэйна «Чаму вайна?» адзначае, што на вайну людзей штурхае інстынкт нянавісці [5, с. 263]. Згодна з З. Фрэйдам, у аснове культуры, чалавечага грамадства ляжаць два пачаткі: эрас і танатас, цяга да любві і цяга да смерці. Менавіта інстынкт агрэсіі, дэструктыўнасці, які ўласцівы людзям з пачатку стварэння свету, прыводзіць да з’яўлення войн. Але можна паспрабаваць змяніць напрамак агрэсіі, каб неабавязкова яна знаходзіла сваё выражэнне ў выглядзе вайны, пераразмеркаваць такую энергію ў іншае рэчышча, у што-небудзь станоўчае, напрыклад, у творчасць. Часткова пагадзіўшыся з такім палажэннем, Э. Фром унёс у яго свае ўдакладненні. Даследуючы псіхалогію нацызма, філосаф лічыць, што агрэсія мае не біялагічнае паходжанне, а сацыяльнае. Ён адзначае, што перад самым пачаткам Другой сусветнай вайны асноўная большасць нямецкага насельніцтва знаходзілася пад ідэалагічным уплывам ўлады і прэсы. Насельніцтву даводзілі, што Германіі пагражае бяспека звонку. Так, у народа фармаваўся інстынкт абарончай агрэсіі, розныя віды якой ён класіфікуе ў сваёй працы «Анатомія чалавечай дэструктыўнасці» [6, с. 185].



Гістарычны падыход да вайны М. Бярдзяеў супрацьпастаўляе прыватнаму, калі вайна разглядаецца ўнутры межаў асабістага жыцця. Гістарычны аспект як бы прадугледжвае хваляванне за лёс усяго чалавецтва, каштоўнасць нацыянальнага і асабістага гонару ставяцца тут значна вышэй за асабісты дабрабыт, дапускаюцца ахвяры ў імя так званага вышэйшага жыцця, гістарычных мэт. Нацыянальныя, грамадскія інтарэсы М. Бярдзяеў ставіць вышэй за асабістыя, лічыць, што на карысць грамадскай бяспекі можна ахвяраваць жыццём асобнага індывіда. Але такое стаўленне да асобы супрацьстаіць пазіцыі гуманізму.

З пункту гледжання філосафа, веліч вайны звязваецца з вырашэннем творчых гістарычных задач, вайна павінна штосьці змяняць у свеце да лепшага. Але ж творчасць і вайна здаюцца нам не заўсёды сумяшчальнымі з’явамі. З аднаго боку, вайна стварае гісторыю, становіцца кропкай адліку ў гісторыі, ад яе вынікаў залежыць, па якім з магчымых шляхоў пойдзе чалавецтва. З другога ж боку, непазбежна ўзнікае пытанне, якая можа быць творчасць, калі пад пагрозай застаецца само жыццё? Зразумела, што ў момант небяспекі для жыцця часцей за ўсё абвастраюцца творчыя здольнасці чалавека, якому неабходна знайсці адзіна магчымае выйсце з небяспекі. Можна гаварыць таксама аб праявах таленту ваеннаначальнікаў у распрацоўцы стратэгіі і тактык правядзення ваенных дзеянняў. Перажытае ў час вайны штурхае да творчасці шматлікіх дзеячаў культуры. Так, Першая і Другая сусветныя войны далі штуршок для з’яўлення шматлікіх мастацкіх і дакументальных літаратурных твораў. Успомнім, да прыкладу, кнігу А. Адамовіча, Я. Брыля, У. Калесніка «Я з вогненнай вёскі», творы В. Быкава, аповесці С. Алексіевіч «Апошнія сведкі», «У вайны не жаночы твар» і інш.

ХХ стагоддзе стала ці не самым крывавым за ўсю гісторыю чалавецтва. Што прымушае людзей ваяваць? Сацыёлаг П. Сарокін бачыць у якасці такой своеасаблівай прычыны несумяшчальнасць сістэм каштоўнасцей. Аксіялагічны падыход знакамітага амерыканскага сацыёлага грунтуецца на тым, што ва ўсіх краінах найменшая колькасць войнаў і самыя працяглыя часы міру прыпадаюць на перыяды асэнсавання краінамі галоўных культурных каштоўнасцей і іх распаўсюджванне на амаль што ўсе дзяржавы. Сапраўды, ва ўзаемапаразуменні народаў усяго свету сістэмы універсальных каштоўнасцей культуры адыгрываюць істотную ролю. Для захавання міру на зямлі П. Сарокін прапануе чатыры умовы:


  • перагляд і пераацэнка большасці сучасных культурных каштоўнасцей;

  • распаўсюджванне і ўкараненне сістэмы універсальных норм і каштоўнасцей культуры ва ўсе дзяржавы;

  • абмежаванне суверэннасці ўсіх дзяржаў ў адносінах да вайны і міру;

  • ўстанаўленне вышэйшай міжнароднай улады, якая мае права абавязковых і прымусовых рашэнняў ва ўсіх міжнародных канфліктах [3, с. 144].

Як бачым, на той час, у 60-70-я гг. ХХ ст., вытлумачэнне П. Сарокіным канцэпта вайны было слушным і актуальным. Як паказаў гістарычны час, культурныя каштоўнасці сапраўды могуць аб’ядноўваць людзей. Але разам з тым яны могуць іх і раз’ядноўваць. Такую пазіцыю займае сучасны амерыканскі філосаф і палітолаг С. Ханцінгтон. У кнізе «Сутыкненне цывілізацый» ён вылучае праблему культурнай самаідэнтыфікацыі і лічыць культурныя адрозненні галоўнай прычынай узнікнення канфліктаў на рэлігійнай, сацыяльнай, этнічнай аснове. Згодна з С. Ханцінгтонам, менавіта народы з падобнымі ці агульнымі культурамі супрацоўнічаюць паміж сабой, а ў канфлікты ўступаюць найчасцей з краінамі іншай культуры [7]. Як паказвае сучасная міжнародная практыка адносін паміж дзяржавамі, менавіта культурныя адрозненні становяцца вызначальнымі ва ўзнікненні ваенных канфліктаў паміж краінамі на мяжы ХХ – XXI стст. Пасля эпохі халоднай вайны палітыка ў свеце пачынае будавацца па лініях культурнага разлому: народы імкнуцца адказаць на пытанне, хто яны, адкуль яны і хто чужы ім па веры, этнічных і нацыянальных асаблівасцях.

Такім чынам, семантыку паняцця «канцэпт вайны» можна вызначыць як цэлы комплекс розных вытлумачэнняў зместу гэтага паняцця з філасофскага, псіхалагічнага, аксіялагічнага пунктаў гледжання. Кожнае з разгледжаных палажэнняў з’яўляецца складовай часткай для разумення семантыкі паняцця як адзінага цэлага, у якім выступаюць тры асноўныя пласты: актуальны для сучаснасці; гістарычны, які спалучае розныя па часе аспекты разумення вайны; і ўласна сэнсавы першапачатак або канстанта, г. зн. згустак культуры ў свядомасці чалавека. Такая семантыка паняцця «канцэпт вайны» можа стаць, на нашу думку, асновай для правядзення шэрагу канкрэтных даследаванняў па выяўленні канцэпта вайны ў беларускай мастацкай культуры.



  1. Бердяев, Н. Мысли о природе войны / Н. Бердяев // Судьба России: Сочинения. – М.: ЗАО ЭКСМО-Пресс, 1998. – С. 422 – 450.

  2. Бердяев, Н. Письмо ХI. О войне / Н. Бердяев // Судьба России: Сочинения. – М.: ЗАО ЭКСМО-Пресс, 1998. – С. 672– 684.

  3. Сорокин, П. Причины войны и условия мира / П. Сорокин. Социологические исследования. – 1993. − № 12. – С. 140 – 148.

  4. Степанов, Ю. С. Константы: Словарь русской культуры / Ю. С. Степанов. – М.: Академический проект, 2004. – 992 с.

  5. Фрейд, З. Почему война? / З. Фрейд // Психоанализ. Религия. Культура. – М.: Ренессанс, 1992. – С. 258 – 269.

  6. Фромм, Э. Анатомия человеческой деструктивности / Э. Фромм. – М.: Республика, 1994. – 447 с.

  7. Хантингтон, С. Столкновение цивилизаций / С. Хантингтон [Электронный ресурс]. − Режим доступа: http://www.gribuser. ru/xml/fictionbook/2.0. − Дата доступа: 10.01.2010.

  8. Хёйзинга, Й. Homo ludens. В тени завтрашнего дня / Й. Хёйзинга. – М.: Прогресс, 1992. – 464 с.

  9. Хофмайстер, Х. Воля к войне, или Бессилие политики. Философско-политический трактат / Х. Хофмайстер. – СПб.: Гуманитарная академия, 2006. – 288 с.

  10. Шкода, В. О человеке, который ставил свободу выше Бога / В. Шкода // Судьба России: Сочинения. – М.: ЗАО ЭКСМО-Пресс, 1998. – С. 5 – 26.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка