“Лічу, што ў свой час Беларускі Народны Фронт дапусьціў вялікую памылку, што не ўзяў пад свой патранаж ветэранаў нацыянальна-вызвольнай барацьбы. А нас жы тысячы! Гэта зрабіў украінскі “Рух”, гэта зрабілі ў Літве




Дата канвертавання04.04.2016
Памер313.17 Kb.
За ідэалы 25 Сакавіка беларусы змагаліся й у савецкіх канцлагерах

Вядомы беларускі патрыёт, былы вязень сталінскіх канцлягераў сьв. пам. Рыгор Клімовіч пісаў у 1998 годзе: “Лічу, што ў свой час Беларускі Народны Фронт дапусьціў вялікую памылку, што не ўзяў пад свой патранаж ветэранаў нацыянальна-вызвольнай барацьбы. А нас жы тысячы! Гэта зрабіў украінскі “Рух”, гэта зрабілі ў Літве. Я быў на дэманстрацыях палітвязьняў у Львове і Вільні. Мы ішлі першыя, і нас вітаў народ. Па Менску мы ня йшлі. З-за гэтага цяперашні беларускі нацыянальна-вызвольны рух як бы не мае мінулага, каранёў. А гэта ж не так. Нельга забывацца на папярэднікаў і кожны раз пачынаць барацьбу з чыстага ліста...”. Вось і атрымоўваецца, што мы вельмі мала ведаем пра барацьбу нашых бацькоў і дзядоў за незалежнасьць Бацькаўшчыны, не вучымся на іх памылках...


Нядаўна ў Інтэрнэце прачытаў артыкул украінскага дасьледчыка Івана Губкі пра барацьбу ўкраінцаў у бальшавіцкіх канцлягерах. Ёсьць там згадка й пра няўдалае паўстаньне вязьняў у Інце ў 1950 годзе, пра аднаго з кіраўнікоў паўстанцаў беларуса Раманчука. Толькі памылкова было названа ягонае імя — Юльян. На самой справе ён быў Сямёнам (Сымонам). Наш зямляк трапіў у лік 11 кіраўнікоў плянаванага паўстаньня, якія былі расстраляны сталінскімі катамі...

Пра Раманчука вядома няшмат, але й гэтыя нешматлікія факты малююць постаць сьмелага, мужнага і рашучага беларускага нацыяналіста. Ён нарадзіўся ў 1916 годзе на Нясьвіжчыне. Да вайны пасьпеў закончыць Нясьвіжскую настаўніцкую сэмінарыю і польскую падафіцэрскую школу. У верасьні 1939-га ваяваў супраць немцаў, як польскі вайсковец. Вярнуўшыся ў родныя мясьціны, адчуў увагу да сваёй асобы з боку НКВД. Стаў хавацца й на нелегальным становішчы знаходзіўся да чэрвеня 1941-га.

Падчас нямецкай акупацыі Сямён Раманчук стаў беларускім вайскоўцам. Старшы лейтэнант Раманчук служыць у Галоўным кіраўніцтве Беларускай краёвай абароны ў Менску. Разам з іншымі маладымі патрыётамі летам 1944 г. ён адыходзіць на Захад. Пакуль невядома, як Раманчук трапіў у лапы чэкістаў, але адбылося гэта летам-восеньню 1945-га.

На пачатку 1946 года ў менскай турме дзяржбясьпекі Раманчука спаткаў афіцэр БКА Ўладзімер Сіўко. Ён успамінае, як у лютым 1946-га Сямён Раманчук разам з былым савецкім партызанам Кавалёвым уцяклі з турмы і схаваліся ў руінах. Іх знайшлі з дапамогай сабак. Уцекачы адбіваліся ад энкавэдзістаў цэглай і каменьнем. Пасля гэтай няўдалай спробы ўцёкаў Раманчука жудасна катавалі. Ён зьдзейсьніў спробу самагубства, але ахоўнікі выцягнулі яго з пятлі...

Сямён Раманчук быў засуджаны на дзесяць гадоў няволі. Спачатку знаходзіўся ў “бытавых лагерах”, сярод крымінальнікаў. Пасьля яго перавялі ў “Мінлаг” на Інце, дзе ўтрымлівалі толькі палітычных зьняволеных. Тут ён і разгарнуў ажыўленую дзейнасьць сярод беларусаў. Ларыса Геніюш у сваіх успамінах неаднойчы згадвае Раманчука: “Невысокі, каранасты, круглатвары хлапец з душою, адданаю Беларусі. Як жа забыць аб ім? Уцякаў з менскай вязьніцы, у якой чуў, як Кастусь Езавітаў аднойчы ноччу крычаў: “Бывайце, сябры. Я, генэрал беларускі Езавітаў, паміраю, прысуджаны бальшавікамі да найвышэйшай меры пакараньня”... Раманчук пачаў дзейнічаць, ён арганізоўваў пратэст і паўстаньне ў лягеры супраць бязпраўя й зьдзеку, згрупоўваў людзей”.

Тайная інтэрнацыянальная арганізацыя ў “Мінлагу”, у якую ўваходзілі беларусы, украінцы, літоўцы, латышы, расейцы, была запачаткавана ў 1949 г. Быў падрыхтаваны плян паўстаньня, выбраны штаб, сфарміраваны аддзелы, сярод якіх была й група дабраахвотнікаў-сьмертнікаў з 30 чалавек...

Падрыхтоўку паўстаньня спыніў правакатар. Былі арыштаваны дзесяткі вязьняў, а сярод іх і ўсё кіраўніцтва. Сьледзтва ачольваў палкоўнік МГБ Жалцякоў. 15 кастрычніка 1950 года на Інце пачаўся закрыты працэс над 31 вязьнем. 26 кастрычніка быў зачытаны прысуд: 11 чалавек атрымалі расстрэл, у 15 вязьняў тэрмін зьняволеньня быў значна павялічаны. Сярод расстраляных быў і беларус Сямён Раманчук. Ларыса Геніюш назвала яго “наш сьветлы герой”, які жыў толькі для сваёй Радзімы.

І сколькі такіх беларускіх герояў ляжыць у бязыменных магілах на бязьмежных прасторах былой расейскай імперыі? Ахвяруючы сабою, яны набліжалі той сьветлы дзень, калі Беларусь стане вольнай і незалежнай. А што гэта будзе, яны верылі. І гэтая вера дапамагала ім змагацца супраць ворага й не паддавацца яму.

Алег ПАЛЕСКІ

Фотаздымак: Тайшэт, перасыльны лягер 601. Другі зьлева — Рыгор Клімовіч. 1958 г.


Віцебскія Курапаты

У студзені 2000 году “Голас камбатанта” пісаў, што ў ўвосень 1999-га ў Віцебску, на месцы ўзарванага ў 1936 г. Ўспенскага сабору, было знойдзена невядомае масавае пахаваньне людзей. “ГК” высунуў версію, што ў магіле могуць ляжаць і пасьляваенныя беларускія паўстанцы, расстраляныя чэкістамі.

У той час паведамленьне інфармацыйнага агенцтва БелаПАН ад 30.11.1999 г. засталося незаўважаным беларускай прэсай. Нядаўна “віцебская справа” усё ж трапіла на старонкі беларускіх і замежных газэт.

“Храм на касьцях”, “Крывавая гара”, “Віцебскія Курапаты” — гэта толькі некалькі загалоўкаў з беларускіх СМІ. Ва ўсіх публікацыях падаецца перадгісторыя “віцебскай справы”, прапаноўваюцца розныя вэрсіі, але ўсе згодныя ў адным — расстрэльвалі энкавэдзісты. Спецыялісты ж сьведчаць, што сярод расстраляных было шмат маладых людзей. Трупаў жа ў пахаваньні — тысячы.

Страшная знаходка ў Віцебску прыцягнула ўвагу польскай грамадзкасьці і ўладаў. Справа ў тым, што палякі лічаць, што сярод расстраляных НКВД у Віцебску людзей могуць быць і польскія грамадзяне. У Польшчы дзейнічае Рада Абароны Памяці пра Барацьбу і Пакуты ды іншыя арганізацыі, якія зьбіраюць інфармацыю пра рэпрэсаваных акупантамі палякаў. Нядаўна быў створаны ў Польшчы і Інстытут Нацыянальнае Памяці. Усе гэтыя інстытуцыі імкнуцца ўстанавіць месцы гібелі сваіх суайчыньнікаў у галы вайны. Цяжка сказаць, калі такая ж праца будзе весьціся ў Беларусі...

А пакуль можна спадзявацца, што шырокі розгалас пра Віцебскія Курапаты не дасьць уладам магчымасьці спусьціць справу “на тармазах”. Беларускае грамадзтва павінна дамагчыся, каб была створана дзяржаўная камісія для разсьледаваньня абставін гібелі тысяч людзей у 30-40-ыя гады ў Віцебску.

А. К.
Дзень Перамогі пад акупацыяй

8 траўня перамогу над фашыстоўскай Нямеччынай сьвяткавалі ў Эўропе і Амэрыцы. А на наступны дзень, па старой бальшавіцкай завядзёнцы, — у краінах былой савецкай імпэрыі. Масква й тут імкнулася падкрэсьліць сваю выключнасьць...

Сёлетняе сьвяткаваньне мала адрозьнівалася ад мінулых. Хіба што скандалаў было паболей. Вось і лукашэнка ў сваёй прамове зрабіў некалькі агаворак. Вельмі ж хвалюецца ён, але не за народ, а за сваю будучыню. Здаецца, ён ужо дасьпеў да таго, што бліжэй да восені аб’явіць новую “велікую отечественную”, але ўжо супраць паўночна-атлянтычнага блёку. І на гэтай хвалі спадзяецца ўтрымацца ля ўлады.

Гідка было слухаць, як ветэраны савецкага войска і дзяржбясьпекі па тэлевізіі дзякавалі “бацьку” за шчасьлівае, мірнае жыцьцё, за “правільную” палітыку. А каб скінуць ім гадкоў 20-30, то і дапамаглі-б “усмирять” апазыцыю...

На вялікі жаль, і сёньня нашая Бацькаўшчына знаходзіцца пад акупацыяй. Таму сьвяткаваньне Дня Перамогі для нас ёсьць напамінаньнем пра тую страшную вайну, у якой наш народ згубіў мільёны жыцьцяў, вялікія тэрыторыі ды не здабыў незалежнасьці. Беларусы падчас Другой сусьветнай вайны апынуліся па розныя бакі барыкадаў, і садзейнічалі гэтаму акупанты, якія такім чынам імкнуліся аслабіць нашу нацыю.

Аднак і пасьля перамогі над фашыстамі на Беларусі працягвалася вайна. Чырвонай Маскве яе аб’явілі беларускія партызаны, якія доўгія гады змагаліся за незалежнасьць. Таму трэба спадзявацца, што ў будучыні ў незалежнай Беларусі будзе сьвяткавацца ня толькі дзень перамогі над фашызмам, але й над маскоўскім бальшавізмам-імпэрыялізмам. У адзін дзень. Гэта ўсталюе гістарычную справядлівасьць і аб’яднае беларускую нацыю.

Іван РАДЗЕВІЧ
Беларускае замежжа
АЎСТРАЛІЯ

Дарагія Суродзічы!

В/ыканаўчы/ К-т Федэральнай Рады Беларускіх Арганізацыяў у Аўстраліі шчыра вітае Вас з 83-мі Угодкамі 25-га Сакавіка 1918 г., жадае Вам усім посьпяхаў у Вашай працы на карысьць шматпакутнага Беларускага Народу.

83-ы гады таму назад нашая Бацькаўшчына вуснамі заснавальнікаў Беларускае Народнае Рэспублікі сьцьвердзіла сваё права займаць пачэсны пасад між народамі і дзяржавамі сьвету.

Аднак, тагачасныя міжнародныя ўмовы ня былі спрыяльнымі для нас. У ходзе ваенных падзеяў Беларусь была паняволена і падзеляна, ня гледзячы на гэта Беларускі Народ не зьмірыўся з няволяй.

Слуцкае і Вяліжскае паўстаньні і той нацыянальны ўздым пад час 2-ой Сусьветнае Вайны — стварэньне Беларускай Цэнтральнай Рады, беларускай адміністрацыі і войска, ды легендарны Усебеларускі Кангрэс, чэрпалі сваю жыватворчую сілу з пастановаў 25-га Сакавіка.

Змаганьне пакаленьняў беларусаў дало плён. Р/эспубліка/ Беларусь абвешчана незалежнаю дзяржаваю, над Менскам залунаў наш адвечны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, а дзяржаўным гэрбам краіны зноў стала Пагоня.

У школьную клясу спакваля вяртаецца родная мова.

Беларускаму Народу цешыцца не прышлося доўга, зноў Беларусь папала пад “вялікага брата”, які наймітамі свае гадоўлі ўсё, здабытае кроўю Беларускага Народу, патоптана і заганяецца беларус зноў у ярмо расейска-мангольскай імпэрыі.

Акт 25-га Сакавіка 1918 году зьяўляецца тою пуцяводнаю зоркай, якая Беларускі Народ на Беларусі і разцярушаных беларусаў па ўсім сьвеце вядзе і аб’ядноўвае ў змаганьні за лепшую долю Маці-Беларусі. Ні якая людзкая сіла не паканае яе, наадварот, тэрор і няволя яшчэ мацней пабуджаюць усе нацыянальныя сілы згуртоўвацца ў барацьбе.

Будзьма ж заўсёды гатовымі ў патрэбную мінуту прыняць канчальны бой, каб жыла Бацькаўшчына-Беларусь.

Жыве Беларусь!!! Сакратар ВК-ту Паўлюк ГУЗ

***

Рэдакцыя “Голасу Камбатанта” атрымала таксама Рэзалюцыю 13-га Зьезду сяброў Федэральнае Рады Беларускіх Арганізацыяў у Аўстраліі, які адбыўся 24 сакавіка ў Мэльбурне. На нарадзе беларусы з чатырох аўстралійскіх штатаў, сярод іншага, пастанавілі: 1. Для ратаваньня роднае мовы нашага Народу, неадкладна ўвесьці беларускую мову ўва ўсіх навучальных установах Рэспублікі Беларусь. 2. Беларуская мова павінна быць Дзяржаўнаю мовай ува ўсіх Дзяржаўна-адміністратыўных Установах, у Сьвятынях усіх веравызнаньняў і беларускім войску. 3. Зьмяніць усе савецкія назовы вуліцаў і гарадоў, беларускімі этнічнымі назовамі... 5. Урад Рэспублікі Беларусь павінен выдаць дэклярацыю аб прыналежнасьці і неабходнасьці звароту беларускіх эінаграфічных земляў у састаў Беларускай Дзяржавы... 9. Зьвярнуцца да Аўстралійскага Ураду з прозьбай ад імя Беларускіх Арганізацыяў у Аўстраліі, каб былі прынятыя квоты імігрантаў з ліку жыхароў найбольш заражоных мясцовасьцяў чарнобыльскай зоны Беларусі.



У справаздачы працы Зьезду сп. Паўлюк Дуброўскі-Гуз з Аўстраліі піша, што сярод яго ўдзельнікаў былі такія вядомыя беларускія эмігранты, як старшыня Беларускага Аб’яднаньня ў Заходняй Аўстраліі (горад Перт) Міхась Раецкі (малодшы), старшыня Беларускага Аб’яднаньня ў Паўдзённай Аўстраліі Віктар Кавалеўскі, ад Беларускага Гістарычнага Згуртаваньня айцец Міхаіл Бурнос, ад Беларускага Вызвольнага Фронту Алег Шнэк, ад беларускага актыву Мэльбурна Аўген Груша, ад Беларускага Аб’яднаньня Сыднэю Міхась Ціхон ды інш. Сп. Дуброўскі-Гуз прысутнічаў на Зьезьдзе, як старшыня Беларускага Цэнтральнага Камітэту. На Зьезьдзе была абрана новая Ўправа Выканаўчага Камітэту Федэральнай Рады, у якую ўвайшлі: А. Груша, П. Гуз, А. Шнэк, В. і Г. Шайпакі, В. Жукаў і Ян Барысевіч.

Раніцай 25 сакавіка ўдзельнікі Зьезду сабраліся на ўрачыстае набажэнства ў царкву БАПЦ. “Было міла бачыць, як людзі, нібыта адна сям’я, шчыра маліліся, — піша П. Дуброўскі-Гуз, — а самае важнае, што суродзічы з Беларусі (каля добрага дзесятка асоб) разам прыйшлі на Божую Службу, ды пасьля засталіся на Малебні за Беларускі Народ. А калі сьвятар А. Кулакоўскі, у саслужэньні з сьвятарамі Ігарам ад Украінцаў, ды а. Міхаілам з Адалайды сталі служыць малебень за Беларускі Народ, ды ў пропаведзі стаў гаварыць пра беларускае змаганьне і людзей, якія аддалі жыцьцё, каб жыла Беларусь. Людзі са сьлязьмі на вачох прасілі Бога, каб дараваў Беларускаму Народу волю і свабоду так, як і другім народам”.

Сьвяткаваньне закончылася ўрачыстай Акадэміяй.

Іван РАДЗЕВІЧ


ЗША

25-га сакавіка ў Вашынгтоне перад будынкам амбасады Рэспублікі Беларусь адбылася дэманстрацыя пратэсту прадстаўнікоў беларускай грамады Амэрыкі супраць злачыннай палітыкі рэжыму Лукашэнкі, якая скіравана на этнацыд беларускага народу й ліквідацыю ягонай сувярэннай дзяржавы, а таксама супраць умяшаньня кіруючых колаў Расеі ва ўнутраныя справы Рэспублікі Беларусь. На працягу двух гадзін беларусы рознага веку, пераважна моладзь, з штатаў Нью Ёрк, Нью Джэрзі, Масачусэц і сталіцы - Вашынгтону, гучна выказвалі сваё абурэньне пануючым у Беларусі рэжымам і ягонай палітыкай. Дэманстранты скандавалі лёзунгі па-беларуску й па-ангельску: "Далоў Лукашэнку", "Беларусь-так! Лукашэнка-не!", "Жыве Беларусь!". Луналі дзясяткі бел-чырвона-белых нацыянальных сьцягоў. Дэманстранты трымалі плякаты з надпісамі па-беларуску й па-ангельску за незалежнасьць і дэмакратыю ў Беларусі, супраць дыктатуры, мінакам раздаваліся ўлёткі з выкладам мэтаў акцыі ды значаньня даты 25-га Сакавіка.

Перад дэманстрантамі выступіў Старшыня Галоўнай Управы Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня сп. Антон Шукелойць, сп. Зянон Пазьняк, старшыня КХП Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне". Урачыста прагучэлі гімны: нацыянальны - "Мы выйдзем шчыльнымі радамі", і рэлігійны - "Магутны Божа". Была прачытаная рэзалюцыя мітынгу, якую потым перадалі сэнатарам і сябрам Кагрэсу ЗША, ва ўрадавыя ўстановы.

Затым дэманстранты правялі дэманстрацыю пратэсту супраць расейскага імпэрыялізму й плянаў анэксіі Беларусі перад расейскай амбасадай у Вашынгтоне, — паведамляюць нью-ёркскія “Весткі й паведамленьні” (№ 3, 2001).

Фотаздымак
Расея

Сьвядомыя і афіцыйныя

У Расеі цяпер дзьве беларускія дыяспары: сьвядомая — Міжрэгіянальнае Аб’яднаньне Беларусаў РФ (МАБ), і афіцыйная — Фэдэральная Аўтаномія Беларусаў РФ (ФАБ), якую ўзначальвае Ф. Каўрыга, віцэ-прэм’ер маскоўскага ўраду. ФАБ, зразумела, за “Саюз”, за “адзіную славянскую нацыю” і хоць яна ў сапраўднасьці фармальная пры саюзных ворганах” (П. Барадзіне), але ў ёй касманаўты і банкіры.

Амбасада РБ супраць беларусаў

25 сакавіка беларусы Калінінграда сьвяткавалі ў будынку Кёнігсбэрскага ўнівэрсытэту 83-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Арганізатарам імпрэзы выступіла Калінінградзкае рэгіянальнае аб’яднаньне “Беларускае таварыства культуры”. Яго кіраўнік сп. Шаховіч павіншаваў прысутных з найвялікшай для беларускага народу падзеяй ХХ ст. Грунтоўны даклад з гісторыі беларускага нацыянальна-вызвольнага руху прачытаў беларускі гісторык Уладзімер Сосна, які адмыслова прыехаў зь Менску. Былі таксама й іншыя выступы і даклады, а таксама канцэртная праграма.

Сьвяткаваньне не засталося па-за ўвагай Аддзяленьня амбасады РБ у Калініградзе. Забараніўшы газэце “Калинградской правде” друкаваць інфармацыю пра беларускае нацыянальнае сьвята, Аддзяленьне амбасады бязвынікова “паласкала мозгі” адміністрацыі КДУ, якая дазволілі правесьці “экстрэмісцкае зборышча”, — піша віленская беларуская газэта “Рунь”.

Фотаздымак


Успаміны

Слонімская самаахова

Увазе чытачоў “ГК” прапануюцца ўрывак з ўспамінаў беларускага вайскоўца часоў Другой сусьветнай вайны Пятра Пархуты (1922 — 2000). Успаміны падрыхтаваны да друку на аснове дыктафонных запісаў, зробленых незадоўга да ягонай сьмерці.

У 1942 годзе была аб’яўлена мабілізацыя ў Беларускую самаахову (БСА). Многім слонімскім хлопцам і мужчынам прыйшлі тады позвы. Камандзірам у нас быў Дакіневіч, беларус (Язэп Дакіневіч (1906 — ?) — афіцэр польскага войска. У час нямецкай акупацыі кіраваў у Слоніме спачатку БСА, а пасля мясцовай Беларускай Краёвай Абаронай. Удзельнічаў разам з Рыгорам Зыбайлам у нелегальных сходах Беларускай Незалежніцкай Партыі ў Менску. З 1944-га — на эміграцыі. Спачатку жыў у Заходняй Нямеччыне, а пасьля, магчыма, выехаў у Аргэнтыну. Па іншых зьвестках, пасьля вайны яго бачылі ў Польшчы, дзе ён хаваўся пад іншым прозьвішчам — рэд). І жаўнеры ў самаахове ўсе былі беларусамі, гаварылі па-беларуску. Я быў перакладчыкам, бо з гімназіі ведаў нямецкую мову.

Сабралі нас у сёньняшняй першай слонімскай школе. А як вырашылі арганізацыйныя моманты, перавялі ў казармы (на тэрыторыі сёньняшняй слонімскай вайсковай брыгады). Спачатку беларускі батальён там стаяў (здаецца, у яго быў нумар 48-ы), а пасьля прыслалі ўкраінцаў.

Слонімскі батальён самааховы быў падзелены на тры роты і эскадрон кавалерыі. У кожнай роце было па 100-120 чалавек, а ў эскадроне — каля 100. З беларускага боку камандзірам батальёна быў капітан Дакіневіч, але быў і нямецкі камандзір. Беларускіх афіцэраў не хапала, былі падафіцэры. Беларусы былі камандзірамі зьвязаў, але заўсёды зь імі былі й нямецкія камандзіры. У маім зьвязе камандзірам быў Мікалай Райко, слонімскі хлопец. Ён жыў за вакзалам. Не ведаю, які ў яго быў лёс...

У нас была літоўская форма, як і ў польскага войска, зялёнага колеру. У нашых падафіцэраў і афіцэраў былі пятліцы. Нам прывезьлі кавалерыйскія боты, але іх не выдавалі. На занятках хадзілі ў ботах і абмотках. На пілоткі нашы хлопцы начапілі “Пагоню”. Ніхто не прымушаў — самыя гэта рабілі. А дзе яе бралі — ня ведаю. Дзесьці іх мусі выпускалі, гэтыя эмаліраваныя значкі. Можа зь Вільні прывезьлі?.. Многія самаахоўцы мелі чэшку “Пагоня” на пілотках.

Кармілі нас добра. Сталоўка была свая, свой кухар — беларус. А яшчэ былі грамадзянскія кухары. Харчы атрымоўвалі зь нямецкага склада ў ваенным гарадку. Кармілі нядрэнна, у параўнаньні з тым, што тады давалі па картках... Каля нашых казармаў былі італьянцы, агароджаныя плотам. Іх прывезьлі з фронту і трымалі, як ваеннапалонных. Мы да іх падыходзілі й давалі ім суп. Праўда, немцы, якія італьянцаў ахоўвалі, нас адганялі...

Эскадронам камандаваў немец, а беларускага камандзіра не было. Немец гэты — лейтэнант Кройзэр. Спачатку немцы камандавалі і зьвязамі, але пасьля зьявіліся нашы, беларускія камандзіры.

Хадзілі мы на заняткі ў бок Шылавіч, у лясы. Каманды нямецкія вучылі, разварочваліся фронтам. Страляць не стралялі, а вінтоўкі мелі, бэльгійскія. Праўда, бяз набояў... Нават у лес, на заняткі, бяз набояў хадзілі. У немцаў яны былі, а ў нас — не. А наогул, боепрыпасы нам давалі.

Калі хадзілі на заняткі, сьпявалі беларускія песьні. І сёння памятаю “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, “Беларусь, наша Маці-Краіна”. У выхадныя дні і сьвяты самаахоўцаў адпускалі ў горад, бо тут жылі і знаёмыя, і сваякі. Многія хлопцы былі са Слоніма.

Нам казалі, што мы за свабодную Беларусь будзем ваяваць. Сяргей Хмара (1905 — 1992, беларускі палітычны дзеяч, паэт. Падчас нямецкай акупацыі працаваў у мясцовай БНС. З 1944 г. — на эміграцыі — рэд.) перад намі выступаў, казаў, што будзем змагацца за незалежную Беларусь. З Хмарай давялося раз сустрэцца, разгаварыліся. Ён так быў на немцаў злы! Казаў, што немцы паабяцалі нам свабодную Беларусь, а пасьля ўсё заціснулі...

Дакіневіч быў салідным, прыгожым, высокім мужчынай 35-40 гадоў. Хадзіў ён і ў нямецкай афіцэрскай форме, і ў грамадзянскім касьцюме. Наколькі я ведаю, асноўная яго праца была ў “Гандлёвым таварыстве для Усходу”, у яго слонімскім прадстаўніцтве. Я мала бачыў Дакіневіча, бо ён рэдка бываў у батальёне. Іншы раз зьяўляўся з нямецкім камандзірам батальёна, правяралі, рабілі агляд.

Некалькі разоў у батальён прыязджаў Рыгор Зыбайла (старшыня мясцовага БНС, пра яго “ГК” пісаў у № 2, ліпень і № 3, жнівень 2000 г. — рэд.) і выступаў. Адчувалася, што ён немцаў не любіў. Зыбайла трымаўся з Дакіневічам. Я часта іх бачыў разам. І Хмара зь імі быў. Яны разам трымаліся.

Сьцяга ў батальёна не было, бо мы толькі арганізаваліся. Можа пасьля і быў бы... У 1943 годзе беларускі батальён расфарміравалі. Частка вайскоўцаў паехала за Баранавічы, а частка засталася на месцы. Многіх распусьцілі па хатах. Я працаваў у Слонімскай інфэкцыйнай бальніцы аж да прыходу саветаў.

Мяне арыштавалі ў 1944 годзе, як толькі прыйшлі бальшавікі. Прыехаў “варанок” і забраў мяне... Абвінавачвалі, што ў час акупацыі працаваў у Слоніме, а не пайшоў у партызаны. Прыпісвалі й самаахову.

Адразу адправілі ў Харкаў, у фільтрацыйна-праверачны лягер. Допыты там вялі. А людзей там было — безьліч. Усе, хто з Нямеччыны вяртаўся, туды траплялі. Вазілі нас на работу, расчышчалі Харкаўскі трактарны завод і адначасова нас дапытвалі. Там жа і судзілі, на “Халоднай Гары” (гэта турма такая). Мне далі 20 гадоў, а пасьля зьнялі 10. Як тады судзілі? “Тройка” судзіла. Мне нават сьледчы, які допыт вёў, сказаў: “Нам нужен человек, материал мы найдём!”. А што я падпісваў, я нават ня памятаю. Бо выклікае, а гэта зімой было (у студзені-лютым), я толькі ў нацельнай бялізьне. А ён сядзіць у шубе, рукавіцах. Піша, піша. Чорт з табой, падпісваю, што было й што не было...

Мяне адправілі спачатку ў Казахстан, у Джэзказган, на медныя руднікі. Там на шахтах я працаваў. Вызвалілі мяне са зняцьцем судзімасьці, пераглядзелі справу й зьнялі судзімасьць.

Вярнуўся ў Беларусь я ў 1955 годзе. Дом мой у Слоніме каля вакзала забраў гарвыканкам. Я калі прыехаў, хацеў яго вярнуць, але ўлады сказалі: “Никаких возвращений не будет”. Было ў маім доме паштовае аддзяленьне. Бацькі ж даўно паўміралі... Тады я паехаў у Баранавічы, там ажаніўся. Уладкаваўся на агрэгатны завод, дзе прапрацаваў 25 гадоў.

Слонімскіх самаахоўцаў даўно ўжо не сустракаў. Неяк прыязджаў з Баранавіч у Слонім, выпадкова сустрэў аднаго. Але мы не размаўлялі. Я не хацеў, бо баяўся савецкай улады. Калі што — маглі зноў адправіць... А мяне яны пасля лягероў пакінулі ў спакоі, не чапалі.

Пётр ПАРХУТА
Навіны кнігарні
“Невядомая вайна”

“Беларусь мяцежная: з гісторыі антысавецкага ўзброенага супраціву: 20-ыя гады ХХ стагодзьдзя” — так называецца кніга беларускага гісторыка Ніны Стужынскай, якая сёлета была выдадзена ў Вільні.

Гэтая кніга доўга ішла да свайго чытача, а патрапіўшы яму ў рукі, не расчаравала. Ніна Стужынская здолела цікава й даступна выкласьці гісторыю Слуцкага Збройнага Чыну 1920 г. і зялёнадубскага партызанскага руху. З архіўных дакумэнтаў КГБ вяртаюцца да нас постаці выдатных беларускіх патрыётаў-змагароў за вызваленьне Бацькаўшчыны з-пад акупанцкага прыгнёту.

Асаблівае месца ў кнізе займае атаман “Зялёнага Дуба” Дзяргач (Вячаслаў Адамовіч), які ў 20-ыя гады кіраваў антысавецкай партызанкай у БССР. Добры кансьпіратар (нават ягонага здымка пакуль не адшукалі), партызан, нарэшце, пісьменьнік. У кнізе зьмешчаны й ягоныя літаратурныя творы, напісаныя па матэрыялах баявых рэйдаў зялёнадубцаў. Стужынская падае партрэты й ягоных бліжэйшых паплечнікаў (атаманы Грач, Густалес ды інш.). У кнізе зьмешчана таксама падборка дакумэнтаў “Зялёнага Дуба”, а таксама сьпісы слуцкіх паўстанцаў.

Дасьледаваньне Ніны Стужынскай вельмі каштоўнае тым, што яна ўводзіць у навуковы зварот дакумэнты, якія дзесяцігодзьдзямі былі схаваныя ў спэцсховах КГБ. Праўда, як адзначае аўтар кнігі, частка крымінальных спраў засакрэчана і сёньня. Яны схаваныя ў спэцсховішчах Масквы. Магчыма, там і знойдзецца справа атамана Дзергача й мы даведаемся, як закончыў ён сваё жыцьцё і барацьбу.

Іван РАДЗЕВІЧ


Па сьлядох атамана Дзергача

Героямі Беларускага Рэзыстансу 1917-20-х гадоў былі бацька й сын Адамовічы, Вячаслаў Антонавіч і Вячаслаў Вячаслававіч. Вайскоўцы, партызаны, палітыкі-нацыяналісты. Створаная імі Беларуская Сялянская Партыя “Зялёны Дуб” — палітычна-вайсковая арганізацыя, змагалася супраць бальшавікоў больш дзесяцігодзьдзя.

Адамовічы былі й таленавітымі журналістамі й пісьменьнікамі. Іх творчая спадчына, у сваёй большасьці, нам яшчэ невядомая. Таму й заінтрыгавала мяне нечаканая знаходка ў падшыўцы варшаўскага беларускага ўніяцкага месячніка “Zlucen’nie” (“Злучэньне”), які выходзіў на працягу 1938 года і друкаваўся лацінкай. У часапісе былі зьмешчаны чатыры публікацыі за подпісам “В. Адамовіч”: “Шукайце праўды, а яна вас асвабодзіць!” (№ 7-8, ліпень-жнівень), “Хрысту Цару цэсьць і слава!” (№ 10, кастрычнік), “Што гэта ёсьць рэлігія?” (№ 11, лістапад) і “Павуцінная сець камуністычнай прэсы” (№ 12, сьнежань).

Пакуль цяжка сказаць, каму належыць аўтарства шэрагу публікацый у рэлігійным часапісе “Злучэньне”, Адамовічу-бацьку ці Адамовічу-сыну (атаману Дзергачу). Ніна Стужынская сьцьвярджае, што Вячаслаў Антонавіч Адамовіч “працягваў нацыянальную справу да 1932-33 гадоў... Цяжка хварэў. За 6-7 год да сьмерці адышоў ад справы”. Ці мог цяжка хворы чалавек, якому было ў 1938 годзе 74 гады, рэгулярна пісаць вялікія артыкулы? Малаверагодна, але ж...

Адамовіч-бацька памёр напачатку 1939 года. Неклярог быў зьмешчаны ў віленскім часапісе “Шлях моладзі” (№ 5 (147), 5 сакавіка 1939 г.):

“Сьмерць В. Адамовіча

21-га лютага сёлета а 4-й гадзіне раніцай памёр, пражыўшы 75 гадоў, адзін з найстарэйшых беларускіх дзеячоў нядаўняга мінулага — Вячаслаў Антонавіч Адамовіч. Пахаваны 23.11. у Вільні на праваслаўным магільніку.

Дзікімі, беднымі, нікому невядомымі былі апошнія гады жыцьця В. Адамовіча. А быў ён у 1917 г. старшынёю Вялікай Беларускай Рады і сябрам Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Рады ў Менску. Гэтыя арганізацыі ў сьнежні 1917 г. склікалі ў Менску Ўсебеларускі Зьезд, разагнаны штыкамі бальшавіцкіх салдатаў. Рада разагнанага Зьезду сабралася ў доме В. Адамовіча на Міхайлаўскай вуліцы ў самую ноч разгону і стуль пачала арганізоўваць процібальшавіцкую акцыю. Адамовіч шукаў рэальнай падпоры існаваўшым тады беларускім арганізацыям. Выбраны салдатамі за камандзера аднаго з палкоў паміраўшае расейскае арміі, не парываў ён жывога кантакту з Беларускаю Вайсковаю Радаю, на чале якой стаялі шмат маладзейшыя за яго людзі. Бальшавікі стараліся выдаліць з Менску полк Адамовіча і ськіравалі яго ў іншы горад...

Нудна мусі было душы Адамовіча засядаць у беларускіх палітычных клюбах Менску ў часе нямецкай акупацыі, дык пачаў ён ладзіць партызанскую арганізацыю “Зялёны Дуб” ціха і кансьпірацыйна... У 1919-20 г.г. служыў Адамовіч у вярбунковым бюры Беларускае Вайсковае Камісіі, легалізаванай дэкрэтам Начальніка Польскага гаспадарства Язэпа Пілсудскага 22.Х.1919 году...

Пасьля рыскага міру Адамовіч прабаваў яшчэ актыўна змагацца з бальшавікамі. Урэшце-ж, пасьля ўсіх няўдачаў гэтае барацьбы, пасяліўся ў Вільні, дзе жыў вельмі і вельмі бедна з нягаснуўшай надзеяй, што згіне бальшавізм не сягоньня, дык заўтра і ўдасца яму на старасьць вярнуцца ў сваю менскую хату.

27 студня праводзіў В. Адамовіч адну з памёршых сваіх старых знаёмых да таго самага магільніка, дзе цяпер ляжыць сам; прастудзіўся моцна, ідучы бяз шапкі з Зьвярынца да Ліпоўкі, захварэў на запаленьне лёгкіх, а праз тры тыдні разьвітаўся з гэтым грэшным сьветам назаўсёды.

Вечны Яму супакой!

К.” (Макар Краўцоў? — “ГК”)

Ці мог быць аўтарам публікацый Вячаслаў Вячаслававіч Адамовіч-сын? Мог, бо ў той час яшчэ быў жывы. Антыкамунізм і рэлігійнасьць артыкулаў зусім адпавядае натуры атамана Дзергача. Яму магла спадабацца антыбальшавіцкая скіраванасьць “Злучэньня” (для нешматлікіх тагачасных беларускіх выданьняў гэта было рэдкасьцю). Праўда, вядома, што Адамовіч-сын на пачатак Другой сусьветнай вайны служыў псаломшчыкам у праваслаўнай царкве у Данцыгу, а часапіс “Злучэньне” быў уніяцкім... Але ёсьць зьвесткі, што з гэтым выданьнем супрацоўнічалі варшаўскія студэнты-беларусы, большасьць якіх былі праваслаўнымі. Так што й гэта не магло быць перашкодай для Дзергача.

Такім чынам, пытаньне аўтарства публікацый у варшаўскім часапісе “Злучэньне” за подпісам “В. Адамовіч” застаецца адкрытым. А яшчэ больш было артыкулаў, падпісаных крыптанімам “В. А.” і “А. В”...

І яшчэ. У № 11 за лістапад 1938 г. “Злучэньня” у “паштовай скрынцы” было зьмешчана такое паведамленьне: “А. В. А.: Не забывайце што прыракалі, пішэце”. Крыптанім можна расшыфраваць, як “Адамовіч Вячаслаў Антонавіч”...

Сёньня мы зьмяшчаем адну з публікацый з часапіса “Злучэньне”, у якой В. Адамовіч піша пра камуністычную пагрозу, якую заходнія краіны ў той час не даацэньвалі. Пройдзе менш дзесяцігодзьдзя й бальшавікі апануюць усю Ўсходнюю Эўропу...
Павуцінная сець камуністычнай прэсы

У месяцы красавіку с. г. Рэдакцыя пер’ёдычнага пісёмца “Lettres de Rome” наладзіла выстаўку камуністычнай прэсы як у С.С.С.Р., так і па-за яго рубяжамі.

Разлажэньне матэрыялу было вельмі ўдатнае. Можна было ў кароткім нарысе бачыць галоўнае гняздо Камінтэрну ў С.С.С.Р. і яго спрытныя сеці, удала разсноўваныя ў Мэксыку, Гішпаніі, Францыі, Англіі і другіх гаспадарствах.

Выстаўку адведала шмат людзей — больш 10.000 асоб, пачынаючы ад каралёў, кардыналаў, япіскапаў, князёў, ксяндзоў, а кончачы на вельмі паважных і чэсных адзінках з грамадзянства. А трэба ведаць, што адведаць выстаўку маглі толькі адзінкі паіменна запрошаныя.

Мэтай выстаўкі было — кароткае вывучэньне істоты бязбожніцтва, адбітае ў камуністычнай прэсе.

У разлажэньні матэрыялу выдзяляліся тры часткі, як быццам тры лёгічна па сабе наступаючыя думкі: арганізацыя, тактыка і мэта ўдару камуністычнага бязбожніцтва.

Гэта нам паказала нязбіта пляны і імкненьні Камінтэрну. Перагляд гэтага матэрыялу даваў глыбокую ацэнку праціўніка і адначасна навадзіў на неабходныя выснавы процідзейнічаньня.

Затрымаемся пакрысе над кожнай часьцінай паасобна.

1. А р г а н і з а ц ы я.

Галоўная рыса арганізацыі партыйнай сеці Камінтэрну гэта — сцэнтралізаваньне прэсавай і адміністрацыйнай дырэктывы ў Маскве. Сталіца чырвонага раю гарыць, а яе крывавыя праменьні верна адбіваюцца ў прэсе 76 камуністычных партыяў, раскіданых па ўсім сьвеце.

Цэнтралізацыя прэсавай дырэктывы Камінтэрну і народнага фронту прадстаўляецца вось так:

Асобныя “ячэйкі” ўсіх камуністычных партыяў лучацца праз сэкратарыяты лёкальныя і раённыя з маскоўскай цэнтраляй, якая ўсім кіруе.

А трэба прызнаць, што ім добра вядзецца. Павуцінная сетка Камінтэрну ёсьць ужо сяньня, можна сьмела сказаць, ня сымболем, а зьдзейсьненьнем і рачаістасьцяй. На сваю карысьць пачынаюць, паводле накіраваньняў VII Кангрэсу Камінтэрну, накладаць на сябе маску нашых заходлівых апякуноў, што маюць над намі разцягваць свае крыльлі, баронячы ад ўсялякай крыўды, каб пасьля аблупіць нас з усяго, што маем, зароўна нашую душу як і цела. А ўсё гэта робіцца праз адпаведныя і добра абдуманыя разпрацоўкі маскоўскай цэнтралі.

2. Т а к т ы к а.

Характэрнай ізноў рысай камуністычнай палітыкі ёсьць датасаваньне. Ніхто можа так лоўка не датасоўваецца да настрояў, вымаганьняў хвіліны і абставін, як камуністычныя партыі.

Выстаўка была сьветлым гэтага доказам. Хапала толькі перагледзіць прэсу розных часьцей сьвету і асобных гаспадарстваў.

І так нп. у Мэксыку, Гішпаніі, Бразыліі, а часткава і Францыі выразна выступае заўзятасьць, клясавая ненавісьць, форма цынічная з вострай сатырай і парнаграфіяй. Такі спосаб змаганьня вядзе камунізм з лацінскай цывілізацыяй.

Зусім другі характар мае прэса ў Злучаных Дзяржавах, у Англіі і Голандыі. тут больш зварачваецца ўвагі на вонкавы выгляд, які бывае нават люксусовы і на зьмест. Зьмест у сваей галоўнай і агульнай форме ўдзержваецца ў тоне вясёлым. На першых бачынах відаць вечна вясёлыя твары павадыроў Камінтэрну і разсьмяяныя грамады савецкіх дзяцей.

Тактыка гэта ўмее выкарыстоўваць актуальныя настроі данага грамадзянства ці паасобных клясаў, а нават стануць у абароне этыкі і маралі, каб толькі ў канцы дапяць сваей мэты. У сябе ў С. С. С. Р. выдаюць 9000 розных часапісаў, якія з угляду на порнаграфію стаяць на вышэйшым узроўні ад не аднаго часапісу, выдаванага ў нашым краі.

Характэрным ёсьць падход камуністычных партыяў у польскім грамадзянстве. Тут усё-чыста газэты, кніжкі, брашуры і розныя лістоўкі разьлічаны на безгалоўе нездаволеных, на амбіцыі геройства і трыдыцыі змаганьня.

І тут сваю мэту ў вялікай меры асягнулі, доказам чаго могуць паслужыць многалічныя камуністычныя працэсы, а нават і большыя побрыкі — як Любонь і яму падобныя. А гэта ўсё асягаюць камуністыя галоўным чынам праз сваю сарганізаваную прэсу.

3. М э т а ў д а р у.

Вялізарныя масы людзей, злучаныя ў адно арганізацыйнай сеткай і спрытна паддзержваныя і падгатоўленыя кіруе Камінтэрн на арэну клясовай барацьбы, ўсясьветнай рэвалюцыі, якая, паводле навукі Маркса, ёсьць галоўным этапам развою чалавецтва.

Што галоўнай мэтай камуністычнай партыі ёсьць ўсясьветная рэвалюцыя, аб гэтым мы ўсе добра ведаем, але, на жаль, не даацэньваем добра яе напрамку і галоўнага ўдару.

А маючы перад сабой ворага і так важнага, якім ёсьць камуністычнае бязбожніцтва, каторы рыхтуецца да сьмяротнага наступу, перш-наперш трэба пазнаць, куды мае быць настаўлены яго галоўны ўдар.

Гэта нам паказала вельмі ясна выстаўка “Lettres de Rome”.

Галоўны наступ Камінтэрну ёсьць наведзены перадусім на аснаўны фундамэнт усіх найшчытнейшых прынцыпаў нашай цывілізацыі, а гэтым фундамантам ёсьць: рэлігія і каталіцкая Царква.

Аксыёма Сталіна, што партыя ня можа быць бязуважнай адносна да рэлігіі, праводзіцца ў жыцьцё ў поўным сэнсе і з цэлай пасьлядоўнасьцю.

Аб гэтым можа сьведчыць Гішпанія, Мексыка, не ўспамінаючы ўжо С. С. С. Р.

У другіх грамадзянствах, дзе йшчэ камуністычная партыя не мае поўных правоў, імкнуцца кат. царкву сапхнуць на апошняе месца, адарваць ад жыцьця ў шырокім значэньні; выкінуць са школы рэлігію, хочачы вырваць з нашых душаў усё, што сьвятое і боскае. А ўсім гэтым кіруе плянова чырвоная Масква.

Камінтэрн ведае, што ў яго бязбожніцкім паходзе ставіць непераможную перашкоду кат. Царква. Дзеля таго проціў яе перадусім направіў усе свае сілы. У заўзятасьці з кожнай хвілінай узрастае, толькі зьмяняе манеры барацьбы, залежна ад абставінаў. Апошная тактыка Яраслаўскага: маскіроўка, аж некалі да прытвараньня сябе пабожным, стаецца больш небязьпечнай, чымся літасьці вартая шаляніца камсамольцаў.

А што, каб так спытацца, робім мы? Гэтае пытаньне сілай зьместу кожнаму наведніку накідала выстаўка.

Побач з мучанікамі можна было пабачыць крыж і серп з малатком. Каторы з іх пераможа? Бяз сумліву, што крыж, але да гэтага мы мусім дапамагчы. Праўда, што нашай сілай, якая перамагае, ёсьць цьвёрдая вера і ахвяра. Крывёй мучанікаў значыцца трыумфальны сьцяг кат. Царквы, але гэта ня трэба разумець аднабакова.

Мучаніцтва не павінна быць сымболем пасыўнасьці, а дзейнай ідэалёгіяй, бо толькі такое перамагае.

Маемо найбольш небязьпечнага ворага, які выдаў нам бой на сьмерць і жыцьцё. Мусімо з нім бароцца, калі ня хочам марна згінуць. А каб гэта было для нас лягчэй, мусімо яго добра пазнаць, а пазнаўшы, ува ўсіх галінах жыцьця з ім бароцца.

І таму кожная з кат. рэліг. арганізацыяў павінна для гэтага бою рыхтавацца, у чым кат. прэса павінна заняць першае месца. Або цяпер, або ніколі! Прышоў час выбіраць: выбіраць між сьмерцяй і жыцьцём, між Хрыстом і д’яблам у чырвонай камуністычнай вопратцы.


В. Адамовіч

Злучэньне, № 12, сьнежань 1938 г., б. 11-14.

Публікацыя Сяргея ЯРША
Славутыя беларускія вайскоўцы

У Менску таварыствам “Рокаш” была выдадзена сэрыя календарыкаў, прысьвечаных славутым беларускім вайскоўцам.

На календарыках зьмешчаны партрэты генэрал-паручніка Станіслава Булак-Балаховіча, генэрал-маёра Кастуся Езавітава, падпалкоўніка Франца Кушаля, маёраў Івана Гелды і Аляксандра Ружанцова, паручніка Алеся Гаруна (Прушынскага) і старшага падафіцэра Сымона Рак-Міхайлоўскага. Трэба заўважыць, што падпалкоўнік Кушаль у пасьляваенны час атрымаў ад прэзыдэнта БНР рангу генэрала, чаго, магчыма, ня ведалі аўтары сэрыі. Ня была пададзеная й дакладная дата нараджэньня маёра Івана Гелды, таму выпраўляем гэты недахоп. Гелда, камандзір выведна-дывэрсійнага батальёну “Дальвіц”, нарадзіўся ў 1897 годзе.

Па некаторых зьвестках, аўтарам сэрыі календарыкаў давялося выслухаць у свой адрас крытычныя заўвагі пра непадабенства намаляваных партрэтаў вайскоўцаў да арыгіналаў. Мы ж застаемся на баку выдаўцоў, разумеючы, якія цяжкасьці яны пераадолелі на шляху да зьдзяйсьненьня гэтага так патрэбнага сёньня праекту.

Застаецца спадзявацца, што падобная прапаганда беларускай вайсковай гісторыі будзе працягвацца і ў далейшым. Галоўнае, каб былі фундатары й не апускалі рукі гісторыкі-энтузіясты.

Іван РАДЗЕВІЧ


Навіны

Памяць пра змагароў жыве

Лес каля Драгічыну, які завецца Казённым, яшчэ ў часе паўстаньня Кастуся Каліноўскага быў прытулкам партызанам, якія змагаліся супраць царскіх карнікаў. Пасьля Першай сусьветнай вайны тут праходзілі шляхі арміі генэрала Булак-Булаховіча. Але некалькі хутароў, што месьціліся ў гэтым лесе, спазналі найбольш выпрабаваньняў менавіта пад час Другой сусьветнай вайны.

Хутар Сёманаўскі немцы спалілі разам з жыхарамі на пачатку вайны. Яны падазравалі тутэйшых у дапамозе Палескай паўстанцкай арміі, байцы якой змагаліся тут як з фашыстамі, так і з чырвонымі захопнікамі.

Літаральна праз 2 кілямэтры – яшчэ адзін хутар – Завылёўскі, жыхароў якога ўжо ў 45-м разам з малымі дзецьмі спалілі войскі НКВД. За тое, што ў іх быў прымач і яны, быццам бы, перадавалі інфармацыю антыбальшавіцкім атрадам, якія дзейнічалі тут аж да 1956 году.

Пра тое, што тут калісьці былі хутары, цяпер сьведчаць хіба некалькі садовых дрэваў, якія ў лесе выглядаюць неяк недарэчна, а таксама невялікія ямкі на месцы колішніх спаленых хатаў.

Сёньня сябры драгічынскай філіі БНФ разам са школьнікамі патрыятычнай арганізацыі імя Элаізы Ажэшкі ўшанавалі лясныя магілы сваіх землякоў, што загінулі ў часе, а таксама пасьля Другой сусьветнай вайны праз партызанскае змаганьне з фашыстамі і камуністамі. Гаворыць актывіст Фронту Кастусь Мысьлівец:

— Рэч у тым, што мы паважаем як барацьбу нашага народу з фашызмам, гэтаксама і барацьбу супраць калгаснага ладу – за самастойную гаспадарку і самастойную дзяржаву. Нашыя продкі разумелі, што фашызм і бальшавізм – гэта адно й тое ж. Таму сёньня мы ўшаноўваем усіх змагароў, бо кожны зь іх меў свае перакананьні і ўсе яны мелі права на жыцьцё, якое забраць можа толькі Бог, а не немцы ці НКВД.

У часе паходу сябра Фронту Васіль Пракопчык расказваў хлопцам пра мінулыя баі ды крывавыя расправы. Яны пакінулі кветкі на месцах, дзе гэтыя баі адбываліся.

Пра пасьляваенныя баі партызанаў з войскамі НКВД, якія пакінулі Казённы лес толькі напрыканцы 50-х гадоў, нагадваюць шматлікія акопы, якія захаваліся і дагэтуль. Ёсьць у лесе і сьляды ямаў, у якія партызаны ў часе цяжкіх баёў закопваліся, каб падмануць чэкістаў.

На адным з такіх месцаў маладыя сябры арганізацыі імя Элаізы Ажэшкі з павязанымі на шыю бел-чырвона-белымі шалікамі агучылі сваю своеасаблівую клятву “На вернасьць Беларусі”.
Новая арганізацыя

Напрыканцы мінулага году прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі заснавалі Аргкамітэт у cправе стварэньня "Згуртаваньня ўдзельнікаў адраджэнскіх, незалежніцкіх, вызвольных рухаў".

Каардынатарам Аргкамітэту абраны вядомы гісторык Міхась Чарняўскі.

У звароце сябры Аргкамітэту заклікаюць вэтэранаў нацыянальнага руху Беларусі на Радзіме і ў замежжы аб'яднацца, каб: "разам пераадолець катастрафічную разьяднанасьць, пэсымізм і разгубленасьць". Аўтары звароту спадзяюцца, што вэтэраны-адраджэнцы адгукнуцца на заклік аб'яднацца пад спрадвечнымі cымбалямі, дзеля абароны свабоды асобы й незалежнасьці краіны.

Сябры Аргкамітэту спадзяюцца аб'яднаць у новай арганізацыі былых настаўнікаў, удзельнікаў падпольных незалежніцкіх арганізацыяў і нават паваеннага беларускага збройнага супраціву, прычым і зь Беларусі, і зь іншых краінаў. Згуртаваньне беларускіх вэтэранаў будзе займацца навуковай дзейнасьцю (збор інфармацыі пра ўдзельнікаў нацыянальнага руху, выданьне даведнікаў ды інш.), сацыяльнай дапамогай вэтэранам, а таксама даглядаць магілы адраджэнцаў. Сябры Згуртаваньня будуць актыўна ўдзельнічаць і ў грамадзкім жыцьці краіны.

Паводле Радыё СВАБОДА


Сьветлы ўспамін пра шэфа-правадніка СБМ

Нядаўна на Ўкраіне ў продажы зьявілася кніга ўспамінаў украінскага дзеяча Тамаша Беластоцкага (1905 — 1995; Тиміш Білостоцький. Спогади. Б. м., 2000. Накладом Братства кол. Вояків 1-оі УД УНА), у якой ёсьць шмат зьвестак пра беларускі нацыянальны рух часоў Другой сусьветнай вайны. У прыватнасьці, аўтар неаднойчы згадвае пра Саюз Беларускай Моладзі й ейнага кіраўніка Міхася Ганько, зь якім ён быў асабіста знаёмы. У гэтым нумары газэты зьмяшчаем тую частку ўспамінаў Т. Беластоцкага ў перакладзе на беларускую мову, якая будзе цікавая нашым чытачам.

Рэдакцыя
З Вены, было гэта каля 15.10.44... /выехаў/ да Троппаў... Даведаўся я, што ў Троппаў ужо знаходзіцца даўжэйшы час беларускі праваднік і яго супрацоўнікі, выбраўся тэрмінова, каб пазнаёміцца зь ім да т. зв. “дэвізенбаракен”, дзе былі зьмешчаны бюро дінстштэльле.

Шэф-Праваднік Саюзу Беларускай Моладзі п. Міхал Ганько вельмі гасьцінна прыняў нас, быў я разам з п. Кузьмовічэваю. Пазнаёміліся мы зь яго супрацоўнікамі і дамовіліся мы сустрэцца на канферэнцыі ў Бэрліне, куды нас выклікалі...

Саюз Беларускай моладзі СБМ

Тады я зарыентаваўся, што на Беларусі існавала арганізацыя моладзі СБМ (Саюз Беларускай Моладзі) па фармальнаму дазволу нямецкай улады (да гэтага спрычыніўся асабліва обэрбаннфюрэр Шульц, што там працаваў), якая мела агульны асьветна-спартовы характар і правяла за час аднагадовага свайго існаваньня вялікую працу ў напрамку нацыянальна-ўсьведамляючай дзейнасьці сярод беларускай моладзі. Выдавала яна шэраг брашурак, 2 часопісы для дзяцей і моладзі, праводзіла розныя адмысловыя курсы, дзіцячыя садкі, вышкольвала інструктараў, кіраўнічак для вядзеньня гурткоў моладзі. Пасьля эвакуацыі гэтая арганізацыя моладзі амаль у поўным складзе пераехала ў Нямеччыну, пры гэтым большая частка хлопцаў і дзяўчат пайшлі на працу і адмысловы вышкал у нямецкую індустрыю. У гэты спосаб паўстала адмысловая група нібыта фаховага вышкалу моладзі т. зв. “Вайсрутенішес Югендверк” і гэты была асноўная частка арганізацыі СБМ.

Праваднік беларускай моладзі Ганько абапіраўся ў сваёй дзейнасьці перадусім на тую адмысловую групу моладзі, яна працавала па фабрыках у агульных сваіх гуртках асобна ад іншых, мела сваіх гуртковых кіраўнікоў, кіраўнічак, нават сваіх форабайтэраў. Гэта дало магчымасьць беларускай моладзі адпаведна аформіцца ў адносінах працы, захавала іх ад усялякага роду выкарыстаньня...

Беларуская арганізацыя моладзі

Ганько быў малодшы за мяне, быў поўны энтузіязму для справы беларускага народу, належаў да найбліжэйшых супрацоўнікаў прэз. праф. Астроўскага і быў сябрам Беларускай Нацыянальнай Рады (на самой справе — Беларускай Цэнтральнай Рады — “ГК”), у складзе якой выконваў абавязкі Правадніка СБМ. У акружэньні сваіх супрацоўнікаў, якіх меў там 3-ох хлопцаў, ён цешыўся вялікім аўтарытэтам. Была таксама там правадніца беларускіх дзяўчат п. д-р Абрамава, што мела таксама мабыць 3 ці 4 пастаянных супрацоўніц, аднак рэальным кіраўніком быў Шэф-Праваднік, што пісаў рэфераты, артыкулы ў часопісы, выпрацоўваў ідэялёгічныя накірункі і арганізацыйныя правілы. Ніколі не шкадаваў мне тлумачэньня ці парады. Юнацкая група хлопцаў у СБМ была невялікая, усяго каля 3.000 юнакоў і, здаецца, да 1.000 юначак... Ганько тады сказаў мне выразна, што ў юнацкіх справах ёсьць столькі кампэтыцыйных спрэчак і калізій паміж вайсковымі, цывільнымі ўстановамі і гбфром Нікелем, што фактычна выхаваўча-нацыянальная праца там проста немагчымая. Таму ён усю надзею кладзе перадусім на арганізацыю цывільнай, работніцкай беларускай моладзі, дзе мае поўную свабоду працы і тут укладае ён сваю душу. Юнакоў ён увесь час адведваў і калі трэба было рабіў захады ў іх справах...

Чытаў я тады розныя правільнікі СБМ, артыкулы і далей расказваў п. Ганьку пра нашыя ўкраінскія дасягненьні яшчэ да вайны ў арганізацыях моладзі. Разумелі мы адзін аднаго вельмі добра, я яго беларускую, ён маю ўкраінскую мову, адносіліся сапраўды па братняму і таму застаўся ў мяне сапраўды сьветлы ўспамін пра Шэфа-Правадніка СБМ, мабыць пра яго часта буду яшчэ згадваць...

Не магу прамаўчаць, што ў той час я найбольш зьблізіўся з беларускім сябрам, шэфам-правадніком Ганько. Яднала нас тады супольная доля, што вымагала найбольшай чуласьці. Гаварылі мы і разважалі шмат, плануючы нашу работу, для якой мелі такія вялікія магчымасьці.

У Бэрлін я прыехаў на 2 дні перад лацінскімі вялікоднымі сьвятамі і спыніўся на Ванзэе. Зрабілі мне там неспадзяванку беларускія сябры, што былі рыма-каталікамі й запрасілі на сваю ваяцкую пісанку дня 1 красавіка. Сам беларускі Шэф-праваднік Саюзу Беларускай Моладзі быў праваслаўнага веравызнаньня, а я грэка-каталік і нашыя сьвяты былі толькі праз 5 тыдняў, але пастанавілі мы адбыць тую вялікодную пісанку разам, нібыта адчуваючы, што ўжо хутка давядзецца нам разлучыцца. І сапраўды, пасьля таго п. Ганько выехаў з Бэрліна да Прэзыдэнта праф. Астроўскага і ўжо больш не вярнуўся. Даў мне перад тым перачытаць гісторыю арганізацыі беларускай моладзі, што была адным актам абвінавачваньня для немцаў. Гэта было характэрна, што народы, якім немцы далі пэўнае самакіраваньне, як беларусы, што мелі сваю Цэнтральную Раду, ці напр. латышы, што мелі таксама свой самастойны ўрад, абодва гэтыя народы мелі дазволеныя немцамі арганізацыю моладзі, усёж такі іх доля была такая ж, як і наша, хоць мы ня мелі ніякага самастойнага адміністрацыйна-палітычнага воргану, а ўжо зусім ня мелі дазволу на якуюсь арганізацыю моладзі. Вось як мы, так і яны, хаця здавалася яны павінны быць у лепшым становішчы, сустрэліся з боку немцаў з тымі ўсімі перашкодамі ў працы, былі трактаваны як нешта менш вартае, прызначанае толькі на выкарыстаньне, а то й на зьнішчэньне.

Тамаш Беластоцкі

Пераклад Андрэя КРАЎЦОВА

Фотаздымак. Прэзыдэнт БЦР Р. Астроўскі ўручае сьцяг кіраўніку СБМ Міхалу Ганько. Менск, чэрвень 1944 г.
Пётра Рашэтнік адзначыў сваё 75-годзьдзе

Нядаўна беларускі камбатант з Баранавіч Пётра Рашэтнік адзначаў сваё 75-годзьдзе.

Пётра Рашэтнік — удзельнік беларускага маладзёжнага патрыятычнага руху часоў нямецкай акупацыі. У 1945 годзе быў прызваны ў Чырвоную Армію, служыў у Аўстрыі. Там праз некалькі гадоў ён быў арыштаваны й дэпартаваны ў СССР. Рашэтнік, як беларускі патрыёт, быў асуджаны акупантамі на доўгія гады канцлягераў. У зьняволеньні ён пазнаёміўся з паэткай Ларысай Геніюш, зь якой падтрымліваў сувязь і на волі. Добра ведаў Пётра Рашэтнік і Янку Гінько, сябра ЦК Беларускай Незалежніцкай Партыі.

Праз гады, праз няўдачы й перамогі, Пётра Рашэтнік застаўся стойкім беларускім патрыётам. Павіншаваць яго прыйшлі сваякі, ветэраны беларускага вызвольнага руху і маладыя сябры.

С. Ё.

Фотаздымак


ЗМАГАР ЗА ВЫЗВАЛЕНЬНЕ БАЦЬКАЎШЧЫНЫ

23 красавіка споўнілася дзесяць гадоў з дня сьмерці кіраўніка Беларускага Вызвольнага Фронту генэрала Дзімітры Касмовіча (1909 — 1991).

Ён нарадзіўся ў старажытным беларускім горадзе Нясьвіжы. У дзяцінстве спазнаў голад і нястачу, але заўсёды цягнуўся да навукі. Ня было грошай на адукацыю — зарабляў сам, працаваў нават у вугальных капальнях у Бэльгіі...

Убачыўшы, як польскія акупанты прыгнятаюць беларускі народ, Касмовіч далучаецца да беларускага руху, каб бараніць свой народ. У 1930-ыя гады ён быў вядомым дзеячом беларускага студэнцкага руху ў Эўропе.

Ня меў Дзімітры Касмовіч ілюзій наконт “беларускага дому” у БССР. Да беларускіх студэнтаў даходзілі весткі зь Менску пра зьнішчэньне бальшавікамі нацыянальнай эліты. Таму, калі ў верасьні 1939-га ў Нясьвіж прыйшлі саветы, Касмовіч са сваім стрыечным братам Міхалам Вітушкам ужо ведалі, што рабіць. Ім удалося ўладкавацца ў савецкай адміністрацыі на ўплывовыя становішчы, каб дапамагаць свайму народу. Ды хутка імі зацікавілася НКВД. Толькі пачатак нямецка-савецкай вайны выратаваў іх ад “кіпцюроў ГПУ”.

Падчас нямецкай акупацыі Дзімітры Касмовіч ствараў беларускія вайсковыя аддзелы на Смаленшчыне й Браншчыне, актыўна ўдзельнічаў у падпольнай барацьбе антыфашыстоўскай і антыбальшавіцкай Беларускай Незалежніцкай Партыі.

У пасьляваенны час ён быў адным з найактыўнейшых беларускіх палітычных дзеячоў на эміграцыі. Кіраваў Замежным сэктарам БНП (псэўда “Каршун”), Беларускім Вызвольным Фронтам, супрацоўнічаў з сусьветнымі антыкамуністычнымі арганізацыямі. Дзейнасьць не спыняў аж да сваёй сьмерці.

Ад прэзыдэнта БЦР Н. Мядзейкі Дзімітры Касмовіч атрымаў рангу генэрала. Гэтым падкрэсьліваліся ягоныя заслугі ў справе барацьбы за вызваленьне Беларусі.

Б. П.

Фотаздымак


Нэкралёг

МАСЕЙ СЯДНЁЎ

(1913 - 2001)

5 лютага ў ЗША памёр вядомы беларускі пісьменьнік і грамадзкі дзеяч, сябра Замежнага сэктару Беларускай Незалежніцкай Партыі. Паходзіў з Магілёўшчыны. Быў вязьнем бальшавіцкіх канцлягераў.

Сьветлая памяць!

Фотаздымак


Творы беларускіх камбатантаў

“Насустрач духу. Анталогія беларускай хрысціянскай паэзіі” — так называецца кніга, якая пабачыла сёлета сьвет у дзяржаўным выдавецтве “Ураджай”.

Сярод аўтараў вершаў, зьмешчаных у кнізе, ёсьць і творы нядаўна памершых эмігрантаў Янкі Золака і Масея Сядеёва, а таксама нашых аўтараў Уладзімера Сіўко, былога афіцэра Беларускай Краёвай Абароны, і Барыса Данілюка.

Творчасьць Ул. Сіўко прадстаўлена падборкай ягоных вершаў-малітваў “Молімся па-беларуску”:

“Магутны Божа — валадару,

Што сьвет трымаеш пад апекай.

Прымі маленькую ахвяру

Твайго тварэньня — чалавека...

Прашу Цябе: хай абмінае

Мяне трывожнае і злое.

Няхай мой розум прасьвятляе

Слова Эвангельля сьвятое...”

Зьмяшчаем ніжэй верш Барыса Данілюка, выдаўца газэты “Царкоўны пасланец” (ЗША):

Пачуй, о ласкавая Маці,

Маю ты шчырую просьбу

Ды дапамажы ў маім няшчасьці,

Збаўной дарогай накіруй.

Блуднымі сьцежкамі ступаю

Здалёк ад Божага шляху,

Крамя Цябе ўжо не маю

Надзеі, выйсці каб з граху.

Ты ўсіх гаротных Апякунка,

Упрашальніца за нас адна,

Дык не адмоў і мне ў ратунку —

Руку паможную падай.

Упрасі мне ласку ў Твайго Сына

Адрозьніць блага ад дабра,

Жыцьця майго каб каляіна

У дагодны Богу бок пайшла.

Каб быць слугою Божай Волі

Як доўга жыць мне застае

І дабра ўчыніць яшчэ даволі

У адплату за грахі мае.

Было каб лёгкім разьвітаньне,

Калі канец жыцьця прыйдзе,

І маёй душы каб зьмілаваньне

На Канцавым здабыць Судзе.

О, уваж, Прабачлівая Маці,

З трывожным сэрцам я прашу:

Не дай у блудзе мне прапасьці,

Ад згубы выратуй душу!
900 гадоў няма Усяслава Чарадзея

У красавіку споўнілася 900 гадоў са дня сьмерці славутага полацкага князя Ўсяслава Чарадзея. Летапісы захавалі дакладную дату: “Памёр Усяслаў, князь полацкі, месяца красавіка на чатырнаццаты дзень, а дзевятай гадзіне дня, у сераду”.

Усяслаў Чарадзей, валадар Полацкага княства — старажытнай беларускай дзяржавы, застаецца ў нашай гісторыі адным з найбуйнейшых дзяржаўных дзеячоў, побач з Вітаўтам Вялікім і Львом Сапегам. Ягонае жыцьцё — гэта бязконцае змаганьне за незалежнасьць Бацькаўшчыны супраць шматлікіх ворагаў. Ягоная слава будзе вечнай!

Угодкі сьмерці Ўсяслава Чарадзея прайшлі незаўважанымі ў Беларусі. Толькі беларускія нацыяналісты згадалі пра нашага славутага продка-ваяра, меч якога чакае свайго часу...

Андрэй КРАЎЦОЎ

Мініяцюра з Радзівілаўскага летапісу. Усяслаў з сынамі пераязджае Дняпро на перамовы з кіеўскім князем.


На запытаньні чытачоў

Камбатант — гэта ветэран

Адказваем на запытаньні нашых чытачоў, якія цікавіліся словам “камбатант”. Як мы й паведамлялі ў першым нумары нашай газэты, камбатант — гэта ветэран-франтавік, удзельнік вайны (вызвольнага змаганьня), сябра па зброі. Гэтае слова выкарыстоўваецца і ў беларускай мове, і ў польскай ды ўкраінскай мовах.

Сёньня ў сьвядомасьці грамадзтва слова “ветэран” пераважна асацыіруецца з ветэранамі савецкага войска і дзяржбясьпекі. Таму мы й вырашылі скарыстаць слова “камбатант”, як называем ветэранаў Беларускага вызвольнага руху. Калісьці беларускія вайскоўцы на эміграцыі выдавалі газэту “Камбатанцкі голас”, пасьля некалькі дзесяцігодзьдзяў у Канадзе выходзіў бюлетэнь камбатантаў “Зважай”. Цяпер жа падобнае выданьне выдаецца на Бацькаўшчыне.



Рэдакцыя


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка