Летапісныя і фальклорныя творы як узаемадапаўняльныя крыніцы звестак пра ўсходнеславянска-польскія дачыненні




Дата канвертавання15.03.2016
Памер90.1 Kb.
Эла Дзюкава, Таццяна Кабржыцкая
Летапісныя і фальклорныя творы як узаемадапаўняльныя крыніцы звестак пра ўсходнеславянска-польскія дачыненні

Ранняга Сярэднявечча

Сёння ў Расіі і Украіне актывізуецца ўвага даследчыкаў, скіраваная на пытанні міжславянскіх сувязей у час Ранняга Сярэднявечча. Мэта нашага даследавання – высветліць узаемадачыненні паміж насельніцтвам польскіх і ўсходнеславянскіх зямель у час іх хрысціянізацыі праз скандынаўскі чыннік. Для пошукавай працы прыцягваюцца тэксты ўсходнеславянскіх летапісаў, скандынаўскіх саг, фальклорных былін, а таксама манаграфічныя даследаванні знакамітых славістаў А. Прыцака «Походження Русі», Л. Нідэрле «Славянские древности».

Скандынаўскі след, уплывы скандынаўскай рэлігіі і культу знайшлі адлюстраванне як ва ўсходніх славян, так і ў балтыйскіх славян, у тым ліку і народаў, што складуць пазней Польскае Каралеўства. На землях Польшчы актыўна рэалізоўваліся гандлёвыя зносіны з Даніяй і Скандынавіяй. Культурныя ўплывы здзяйсняліся праз купцоў, якія траплялі ў партовыя гарады польскага ўзбярэжжа Балтыі. Знакамітыя сувязныя паміж скандынавамі і славянамі – вялікі дняпроўскі Усходні шлях, а таксама заходні, Бурштынавы шлях, якія злучалі скандынаваў з поўднем. Сёння польская тэрыторыя Балтыі – вобласці Памераніі, Памор’я і Велікапольшчы   займаюць значную частку паўночна-заходніх зямель краіны і мяжуюць з Нямеччынай на захадзе. На Бурштынавым шляху знаходзіліся галоўныя гарады: Познань на беразе Варты, Торунь на беразе Віслы, Шчэцін на беразе Одры. Пасяленні ў выніку свайго месцазнаходжання заявілі ў старажытнасці пра сябе як гандлёвыя метраполіі. Яны злучалі балтыйскія паўночныя краіны з Міжземнамор’ем. З аднаго боку, геаграфічнае размяшчэнне спрыяла іх развіццю. З другога – за іх вялася жорсткая барацьба паміж суседзямі. Так, да прыкладу, горад Шчэцін пераходзіў з рук у рукі палякаў, прусаў, французаў, шведаў.

Адзін з трох астравоў у вусці Одры – знакаміты востраў Волін, які вызначаўся велізарным багаццем. У выніку ваенных дзеянняў ён быў спалены, а ў 1177 г. адышоў да немцаў. Археалагічныя даследаванні нямецкіх вучоных толькі ў 1934 г. канкрэтызавалі месца знаходжання горада Волін: рэшткі вялікага порту былі адшуканы на востраве, што знаходзіўся ў вусці ракі Дзіўна. Росшукі працягвалі польскія вучоныя. Праца У. Філіп’яка «Wolin – największe miasto Słowiańszczyzny Zachodniej» (1958) дазволіла атрымаць канчатковае ўяўленне пра Волін як значны горад-порт, гандлёвы цэнтр, які імкліва разрастаўся, пачынаючы з VІІІ ст. і да 60-х гг. ХІІ ст., калі быў зруйнаваны Даніяй. У дакументах горад Волін значыцца яшчэ як Julin, Jumneta, Ём, Ёмсборг, Лівільні. Як Волін і як Юмна ён фігуруе ва ўсходнеславянскіх тэкстах. Характэрна, што Волін славіўся велізарнай колькасцю скульптурных разнастайных бажкоў-дэманаў, якія былі вычасаны з дрэва, мелі ўжо металічныя аплікацыі. Пра актыўны гандаль сведчыць і скарб візантыйскіх манет ІХ ст., знойдзены ў суседняй памеранскай Вагрыі [гл. 5].

Як і кіеварускія князі, так і польскія мелі дынастычныя сувязі з скандынавамі. Генеалогія першага караля Польшчы Мешка выводзіцца паводле легенды, запісанай Ананімам Галам, з дынастыі Пястаў і гэтым атрымлівае славянскі корань. У заходнееўрапейскай традыцыі імя Мешка (Meśko) падаецца і як Месіка-Дагр. Яго першай жонкай была дачка знакамітага вікінга шведскага паходжання Скоглар-Тосці, які зрабіў выдатную кар’еру ў Даніі, заваяваў пэўную частку Англіі. Другі раз Мешка, з палітычных меркаванняў, ажаніўся з чэшскай прынцэсай Дабравай (Дубравай). Ад першай жонкі Мешка меў дачку Сігрыд, якая атрымала да імя прыдомак Ганарлівая.

У далейшым сувязі Польскай краіны з краінамі Скандынавіі яшчэ больш узмацніліся: Сігрыд мела некалькі мужоў, сярод іх былі швед і датчанін: кароль Упсалы Эйрык Пераможац (каля 957 – 995), другі муж – кароль Даніі Свейн Вілабароды (984 – 1014). Прыдомак да імя Месіка – Дагр вучоныя тлумачаць як лацінізаваную форму старанардычнага Dag-r. Гэта, урэшце, паказвае, што гістарычную асобу Мешка ўспрымалі як караля – rex Sclavie, які падначаліў сабе велізарныя тэрыторыі. Існуюць меркаванні, што сястра Мешка Інгігерд была замужам за другім тагачасным заходнеславянскім аўтарытэтным кіраўніком Бурыцлавам – правіцелям краіны Вагрыі, што знаходзілася на польскім узбярэжжы Балтыі. Абодва кланы мелі «шведскія сувязі».

А. Прыцак на падставе глыбокага аналізу тэкстаў старанардычных саг, запісаў скандынаўскіх бардаў-скальдаў, замежных гістарычных дакументаў, усходнеславянскіх летапісных матэрыялаў стварае «Экскурс пра храналогію Олава Тругвасана і Уладзіміра Вялікага: параўнальная храналогія сагі як гістарычнай крыніцы» [7, 887   910]. Олава Тругвасана ісландцы лічаць сваім хрысціянскім апосталам. Звесткі А. Прыцака маюць асабліва важкае значэнне для агульнай карціны польска-ўсходнеславянскіх дачыненняў сярэдзіны Х ст.

Першы момант, на якім варта спыніць увагу: Олаў Тругвасан, асірацеўшы, яшчэ дзіцем трапляе з Скандынавіі да князя Уладзіміра, калі той правіў у Ноўгарадзе Вялікім. Олаў на Русі знаходзіўся паміж 968 і 977 гг. Сагі падаюць Олава як брата Уладзіміравай жонкі Алогіі. А. Прыцак разрознівае легендарнае і гістарычнае ў сагах. У прыватнасці, Прыцак лічыць, што пад Алогіяй трэба разумець «гордую Рагнеду» (Рагнгільд). Такім чынам, Уладзімір характарызуецца як названы бацька Олава, будучага караля Нарвегіі.

З Русі Олаў вырушыў на Балтыю, выявіў сябе як герой, ажаніўся з дачкою Бурыцлава Старградскага, колішняга караля Вендланду. Краіна Вендланд ужо ў 968 г. мела сваё Вендскае епіскапства. Вендланд – тэрыторыя з некалькіх краёў, што знаходзіліся на польскім узбярэжжы Балтыкі, якімі кіравалі заходнеславянскія князі. Вядома каля пяці такіх краёў. Сярод іх значыліся Вагрыя, Любек, Волін. У канцы Х ст. адбываўся актыўны працэс хрысціянізацыі польскіх і венгерскіх зямель пад кіраўніцтвам Отана ІІІ. Лічыцца, што памочнікам яго быў Олаў Тругвасан.

Аўтар «Аповесці мінулых гадоў», складаючы біяграфію князя Уладзіміра, адзначае, што некалькі гадоў князь вымушаны быў «знаходзіцца за морам», паколькі старэйшы брат Уладзіміра Яраполк захапіў уладу ва ўсёй Русі [гл. 6, 62 316]. Як вылічыў А. Прыцак, тры гады «эміграцыі» Уладзіміра супалі з часам валодання Олавам Тругвасанам краінай Вендланд: 977 – 980 гг. Адсюль узнікае меркаванне, што Уладзіміравы тры гады знаходжання «за морам» – гэта час, праведзены наўгародскім князем у Олавым Вендландзе.

Для пацвярджэння верагоднасці выказанай гіпотэзы звернем увагу на наступныя акалічнасці. Яшчэ заходнееўрапейскі аўтар Адам Брэменскі, канонік з Брэмена, аўтар знакамітай «Гісторыі архіепіскапаў Гамбургскіх», змясціў дакладную інфармацыю пра балтыйскія землі, Mare Balticum 1070 – 1080 гг. Урывак з нямецкамоўнага выдання «Гісторыі…» («Gesta», Berlin, 1961) друкуе ў сваёй працы А. Прыцак [7, 882 883]. «Гісторыя…» Адама Брэменскага стваралася тады, калі зносіны паміж варагамі і грэкамі былі ў стадыі найбольшай інтэнсіўнасці. У яго кнізе як «сапраўды найбольшы з усіх еўрапейскіх гарадоў» пазначаны горад Волін. У канцы кнігі Адам Брэменскі дае канкрэтныя звесткі пра адрэзак «шляху з варагаў у грэкі», якія дапаўняюць сведчанні «Аповесці мінулых гадоў». Пазначаная частка знакамітага шляху злучала Ноўгарад і Волін, усходнеславянскія землі і Балтыйскае ўзбярэжжа. Як лічыць А. Прыцак, «як Ноўгарад, так і Кіеў атрымалі значнасць, таму што знаходзіліся ўздоўж шляху з Воліна да Канстанцінопаля» [7, 905].

Факт гэты сенсацыйны і для нашага чытача, бо ў свядомасці сучаснікаў замацавалася ўяўленне пра прамы кірунак «шляху з варагаў у грэкі». Рух варагаў нібыта адбываўся ў напрамку з скандынаўскай поўначы непасрэдна праз Дняпро і яго водны басейн, далей праз Чорнае мора на візантыйскі поўдзень. Як запісана ў Адама Брэменскага, існавалі трывалыя сувязі паміж Ноўгарадам і Волінам. Каб пераадолець адлегласць паміж імі, патрэбна было толькі чатырнаццаць дзён, бо актыўна выкарыстоўваліся караблі. У сувязі з гэтым А. Прыцак выказвае здзіўленне: «незразумела, чаму дагэтуль ніхто з вучоных, асабліва тых, хто спецыялізуецца на варажскім пытанні, не ўключыў паведамленні гэтай першакласнай крыніцы адносна праблем прыбалтыйскіх зямель да сваіх даследаванняў пра «шлях з варагаў у грэкі»» [7, 881].

Аднак вернемся да гістарычнай хронікі, звязанай з біяграфіямі Уладзіміра і Олава. Уладзімір Наўгародскі ўпаўне мог знаходзіцца ў Вендландзе. Ва ўсходнеславянскіх летапісах адпаведныя тры гады жыцця Уладзіміра – з 977 па 980 гг. – «апускаюцца», замоўчваюцца. Да «рэстаўрацыі» біяграфіі князя выдатна дапасоўваюцца народныя фальклорныя тэксты эпічнага складу, якія атрымалі назву быліны.

Як вядома, быліны як жанр сцвярджаліся з канца Х да сярэдзіны ХІІІ ст. Сюжэты іх ствараліся ў выніку фальклорнай рэакцыі на гістарычныя падзеі, у цэнтры якіх знаходзіліся Кіеў і Ноўгарад Вялікі. Цікавасць для нас уяўляюць былінныя тэксты з героямі Дунай і Дабрыня. Як бачна з быліны «Бой Дуная з Дабрынем», Дунай, які сваім паходжаннем звязаны з беларускімі землямі, доўгі час знаходзіўся на службе ў Ляхавіцкага караля [гл. 8, 200]. Сустрэўшыся з Дабрынем у баі, Дунай пазней пасябраваў з ім, забраў яго з сабою ў Кіеў. Аднак сталася так, што ў Кіеве Дабрыню пасадзілі ў поруб-яму. Ён вызваляецца, і ў далейшым быліны фіксуюць яго геройскія ўчынкі: «Тут Добрыне и славу поют». Праўда, каб трымаць пад кантролем гандлёвы шлях з Ноўгарада да Балтыі, Уладзімір вырашае захапіць Полацк, які з’яўляўся важкім цэнтрам балтыйскага гандлю. У выніку, пры дапамозе Дабрыні, была знішчана дынастыя Рагвалода, які правіў у Полацку [гл. 8].

У «Аповесці мінулых гадоў» пад 970 г. запісана, што наўгародцы прасілі сабе князя ў Кіева. І Святаслаў, сын княгіні Вольгі, накіраваў у Ноўгарад Уладзіміра: «І пайшоў Уладзімір у Ноўгарад з дзядзькам сваім Дабрыняю» (ці, можа, дзедам?). З летапісу вядома, што Уладзіміра нарадзіла Малуша   любіміца княгіні Вольгі, бабкі Уладзіміра. Малуша, жонка Святаслава, як піша аўтар «Аповесці мінулых гадоў», была сястрою Дабрыні. Бацькам іхнім быў Малк Любечанін. А. Прыцак, услед за А. Шахматавым, указвае на сувязі Дабрыні з заходнімі славянамі і прыходзіць да думкі, што Малк Любечанін сваім паходжаннем звязаны з заходнім балтыйскім горадам Любек (Ljubek, пазней, у нямецкай мове, – Lübek) [7, 907]. Любек, як ужо адзначалася, уваходзіў у склад Вендланда, якім валодаў названы сын Уладзіміра Олаў Тругвасан. Нагадаем, што да Вендланда належаў і Волін. Сёння Волін знаходзіцца ў складзе Польшчы, гэта адзін з трох востраваў у вусці Водры. Значная частка тэрыторыі – заказнік Волінскага нацыянальнага парка з унікальнай фаўнай. З Шчэцінскага заліва паромы накіроўваюцца ў Швецыю і Данію. Геапалітычная, эканамічная характарыстыка польскіх прыбалтыйскіх зямель дазваляе меркаваць, што Дабрыня, як і каманда князя Уладзіміра, сапраўды маглі прыйсці з Вендланда ва ўсходнеславянскі Ноўгарад. Прыгадаем, што, як сцвярджаецца, род Дабрыні паходзіць з Любека! Дарога была добра вядомая і ёю актыўна карысталіся гандлёвыя экспедыцыі.

Што датычыць былін, то фалькларысты вылучаюць у іх два асноўныя сюжэтныя пласты. У адным з іх адлюстраваны міфалагічныя элементы. Другі захаваў звесткі пра людзей, якія рэальна існавалі. Да апошніх належаць і Дабрыня, і Ілля Мурамец, і Дзюк Сцяпанавіч. Ва ўкраінскай літаратурнай традыцыі Мурамец разглядаецца як чарнігаўскі герой Муравец, яго магіла яшчэ ў ХVІІ ст. захоўвалася ў Кіева-Пячэрскай лаўры [гл. 4, 82]. Гістарычныя былінныя героі не пазбаўлены індывідуальнасці, аднак іх вобразы пазначаны і прыёмамі тыпізацыі. Так, Уладзімір падаецца пераважна як «благодушный и лично совершенно бессильный правитель» [3, 107]. Дабрыня, пры разглядзе яго біяграфічных прыкмет, выступае як абагульнены вобраз. У той жа час, ён – «олицетворение вежливости и изящного благородства» [3, 107].

Сувязі ўсходніх і заходніх славян цікава адлюстраваны ў цыкле паўночнаславянскіх былін пра Дзюка Сцяпанавіча. Героі былін ідуць

Из Волын-земли из богатыя,

Из той Карелии из упрямыя,

Из тоя Индии богатыя…


У выданні «Славянский фольклор» (1965) разглядаецца пытанне пра геграфічныя рэаліі гэтых былін. У даследаванні У. Вілінбахава і М. Энгаватага «Где была Индия русских былин?» метафарычная Індыя раскрываецца як канкрэтная Vendland=Вендландыя. Назвы Волын // Волынце, якія фігуруюць у былінных тэкстах, упаўне суадносяцца з гістарычнымі старажытнапольскімі мясцінамі, адпавядаюць тым высокім характарыстыкам, якія былі дапасаваны да рэальна існаваўшых старажытных гандлёвых і культурных цэнтраў – Воліна, Любека, Старграда, Вендланда [гл. 2, 98 108].

Такім чынам, усходнеславянскія фальклорныя тэксты пацвярджаюць меркаванні А. Прыцака пра існаванне інтэнсіўнага ўзаемадзеяння паміж усходнімі і заходнімі славянамі па лініі Ноўгарад – Вендланд. Актывізуючым чыннікам у гэтым працэсе з’яўляліся скандынавы. Як нам падаецца, не выключана, што гіпатэтычнае знаходжанне князя Уладзіміра ў 977 – 980 гг. у прыбалтыйскіх землях мела пэўнае ўздзеянне на яго рэлігійную свядомасць. На паўночным усходзе паўвострава Руген, што таксама належаў да Вендланду, знаходзіўся порт, а таксама і горад Аркона з знакамітым храмам язычніцкага бога Светавіта, яго скульптурнай выявай. Слава пра Светавіта была вельмі гучнай у Сярэднявеччы, зрэшты, выявы бога не страцілі сваёй вядомасці і сёння, што засведчана і сучаснымі беларускімі фалькларыстамі [гл. 1, 430-431]. Кіеўскі летапіс паведамляе, што ў 980 г. (як бачым, дата адпавядае часу звароту Уладзіміра «з-за мора») князь Уладзімір загадаў паставіць каля свайго княжага палацу пантэон язычніцкіх багоў. Магчыма, гэтая акцыя адбылася пад уплывам убачанага Уладзімірам у Вендландзе. Не выключана і адваротнае: сустрэча ў паўночнапольскіх прыбалтыйскіх землях з хрысціянізаваным светам, кантакты з Олавам Тругвасанам урэшце прыскорылі прыняцце князем рашэння пра пераход Русі ад язычніцтва да хрысціянства.



Літаратура


  1. Валодзіна Т., Санько С., Цыхун Г. Светавіт // Міфалогія беларусаў: Энцыкл. слоў. / навук. рэд. Т. Валодзіна, С. Санько – Мінск, 2011.

  2. Вилинбахов В. Б., Энговатов Н. Б. Где была Индия русских былин ? // Славянский фольклор – М., 1965..

  3. Зуева Т. В. Былины // Литературная энциклопедия терминов и понятий.   М., 2001.

  4. Літературознавчий словник-довідник / під ред. Р. Гром’яка і інш. – Київ, 1997.

  5. Нидерле Любор. Славянские древности.   М., 2010.

  6. Повесть временных лет. Библиотека литературы Древней Руси: в 20-и т. / под ред. Д.С. Лихачева [и др.]. – Т.1: ХІ– ХІІ века. – СПб., 1997.

  7. Прицак Омелян. Походження Русі: Стародавні скандинавські саги і Стара Скандинавія – Київ, 2003.

  8. Салавей Л. Быліна // Беларускі фальклор: Энцыклапедыя: У 2-х т. Т.1 / рэдкал. Г. П. Пашкоў і інш. – Мінск, 2005.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка