Летапіс вялікіх князёў літоўскіх беларускі пераклад




Дата канвертавання15.03.2016
Памер244.39 Kb.
ЛЕТАПІС ВЯЛІКІХ КНЯЗЁЎ ЛІТОЎСКІХ

Беларускі пераклад

У вялікага князя літоўскага Гедыміна сем сыноў было: старэйшы Мантывід, затым Нарымонт, затым Альгерд, бацька караля [Ягайлы], затым Яўнут, потым Кейстут, бацька вялікага князя Вітаўта, затым Карыят, сёмы Любарт. Мантывіду бацька даў Карачаў2 і Слонім, Нарымонту — Пінск, бацьку караля, — Крэва, да таго ж князь віцебскі сыноў не меў і прыняў [Альгерда] да дачкі ў Віцебск у зяці, Яўнута [Гедымін] пасадзіў у Вільні на вялікае княжанне, Кейстуту даў Трокі, Карыяту — Ноўгарадок3, а Любарта прыняў уладзімерскі князь да дачкі ва Уладзімір і ў Луцк і на ўсю зямлю Валынскую.

Альгерд, бацька караля [Ягайлы], і Кейстут, бацька вялікага князя Вітаўта, жылі ў вялікай дружбе і любові і не спадабалася ім, што вялікі князь Яўнут так узвысіўся, і змовіліся паміж сабою браты, князь вялікі Альгерд і князь вялікі Кейстут, як бы яго адтуль [з Вільні] выгнаць, а каму-небудзь з іх сесці [на яго месца]. Змовіўшыся паміж сабою, [яны] выбралі пэўны час, калі б да Вільні прыгнаць і заняць горад пад братам, вялікім князем Яўнутам.

Вялікі князь Альгерд з Віцебска не паспеў у дамоўлены час у Вільню, а вялікі князь Кейстут прыімчаў да горада Вільні і ўварваўся ў горад. Вялікі ж князь Яўнут выскачыў [з горада] і ўцёк у горы і даліны і там адмарозіў ногі. Яго схапілі і прывезлі да яго брата, вялікага князя Кейстута. Ён жа, чакаючы брата свайго старэйшага, вялікага князя Альгерда, пасадзіў яго [Яўнута] пад варту, а насустрач брату свайму, вялікаму князю Альгерду, паслаў ганца [з весткаю], што ўжо ў Вільні сеў і брата свайго, вялікага князя Яўнута, паланіў. І сустрэў яго ганец у Крэве, і князь вялікі Альгерд хутчэй паспяшаўся і хутка прыехаў [у Вільню] да брата свайго, вялікага князя Кейстута.

I сказаў князь вялікі Кейстут брату свайму, вялікаму князю Альгерду: "Табе належыць князем вялікім быць у Вільні, бо ты старэйшы брат, а я з табою заадно жыву". I пасадзіў яго [Кейстут] на вялікае княжанне ў Вільні, а Яўнуту [яны] далі Заслаўль. I ўчынілі ўмову паміж сабою вялікі князь Кейстут і вялікі князь Альгерд, што ўсе іх браты павінны слухацца вялікага князя Альгерда, што здабудуць, горад ці воласць, усё дзяліць напалам. I прысягнулі яны адзін аднаму быць да канца жыцця ў любові і дружбе і ніколі не задумваць нічога благога. I захавалі яны клятву да канца жыцця свайго.

Сыноў жа было ў вялікага князя Альгерда дванаццаць4, а ў вялікага князя Кейстута — шэсць. I паміж усіх сыноў найбольш любіў вялікі князь Альгерд князя вялікага Ягайлу, а князь вялікі Кейстут [найбольш] палюбіў князя вялікага Вітаўта. I яшчэ пры сваім жыцці вырашылі яны (Альгерд і Кейстут), што быць ім (Ягайлу і Вітаўту) на іх месцах — на вялікіх княжаннях. Яны, вялікі князь Ягайла і князь вялікі Вітаўт, таксама вельмі дружалюбна жылі пры сваіх бацьках...

Потым вялікі князь Альгерд памёр, і князь вялікі Кейстут не забыў просьбы брата свайго, вялікага князя Альгерда, з якім да самае смерці ў еднасці жыў, пачаў трымаць князем вялікім у Вільні яго сына, князя Ягайлу, і пачаў таксама прыязджаць на даўнія рады [у Вільню], як і да брата свайго старэйшага прыязджаў.

Быў у вялікага князя Альгерда нейкі парабак-нявольнік, халоп Вайдыла. Спачатку быў ён пекарам, а пасля [князь Альгерд] прызначыў яго пасцель сабе слаць і ваду падаваць сабе піць. Пасля [Вайдыла] так палюбіўся яму, што даў яму [князь Альгерд горад] Ліду трымаць і ўзвысіў яго. Потым жа, пасля смерці вялікага князя Альгерда два ці больш гадоў мінула, князь вялікі Ягайла яшчэ больш узвысіў Вайдылу і аддаў за яго сястру сваю родную — княгіню Марыю, што пасля была [замужам] за князем Давыдам5.

I быў той Вайдыла ў вялікай моцы ў вялікага князя Ягайлы, і пачаў ён з немцамі соймы чыніць і граматы ўкладаць супраць вялікага князя Кейстута. Быў нехта астродскі комптур6, звалі яго Гунстынам. Ён быў кумам князю вялікаму Кейстуту, хрысціў княгіню Янушаву, дачку яго. Той [Гунстын] расказаў князю вялікаму Кейстуту: "Ты таго не ведаеш, што князь вялікі Ягайла часта пасылае да нас Вайдылу і ўжо змовіўся з намі, каб цябе пазбавіць тваіх уладанняў, а яму б з маці яны дасталіся".

Князь вялікі Кейстут, ведаючы, што князь вялікі Вітаўт добра жыве з князем вялікім Ягайлам, пачаў скардзіцца сыну свайму, вялікаму князю Вітаўту: "Ты з ім добра жывеш, а ён ужо змовіўся на нас з немцамі". Князь жа вялікі Вітаўт [так] гаварыў бацьку свайму: "Не вер гэтаму, гэта няпраўда, бо ён жа са мною добра жыве і, напэўна, паведаміў бы мне [пра гэта]".

Потым адбылася знамянальная падзея: князь вялікі Ягайла аддаў Полацк брату свайму, князю Скіргайлу, а яны (палачане) не прынялі яго. I князь вялікі Ягайла паслаў усё сваё войска літоўскае і рускае з братам сваім князем Скіргайлам на Полацк, і магістар лівонскі прыйшоў з войскам да Полацка, і аблажылі яны горад. I князь вялікі Кейстут зноў пачаў скардзіцца сыну свайму, вялікаму князю Вітаўту, моцна крыўдуючы на князя Ягайлу: "За Вайдылу сястру сваю, а маю братавую аддаў; ад немцаў мне паведамілі, што яны змовіліся супраць нас; а па-трэцяе: з кім мы ваюем? 3 немцамі. А яны з імі Полацк здабываюць. Усё гэта паказвае, што яны з немцамі заадно супраць нас". I сказаў князь вялікі Вітаўт бацьку свайму, вялікаму князю Кейстуту: "Яшчэ і гэтаму не зусім веру". Сказаўшы гэта, паехаў вялікі князь Вітаўт у Дарагічын.

Князь жа вялікі Кейстут сабраў усе свае сілы, і ўварваўся ў Вільню, і паланіў вялікага князя Ягайлу з яго маці і братамі, і граматы тыя знайшоў, якія з немцамі [яны] ўклалі, а да сына свайго, вялікага князя Вітаўта, ганца паслаў у Дарагічын [паведаміць] пра тое, што ўчынілася. I ганец той знайшоў вялікага князя Вітаўта ў Гародні. I князь вялікі Вітаўт за адзін дзень з Гародні прыімчаў да бацькі свайго, вялікага князя Кейстута [у Вільню]. Ён жа сказаў сыну свайму, вялікаму князю Вітаўту: "Ты мне не верыў, а вось тыя граматы, [якія сведчаць], што яны змовіліся [з немцамі] супраць нас, але Бог нас збярог. Я ж князю вялікаму Ягайлу нічога [дрэннага] не ўчыніў, не рушыў ні скарбаў яго, ні стадаў, а самі палоненыя ходзяць толькі з невялікаю вартаю. Вотчыну ж яго, Віцебск і Крэва і ўсе землі, што бацька яго трымаў, — усё гэта аддаю яму і на нішто іхняе не пасягаю. А ўчыніў усё гэта, аберагаючы галаву сваю, уведаўшы, што супраць мяне змова рыхтуецца". Князь вялікі Ягайла вельмі ўзрадаваўся прыезду вялікага князя Вітаўта. I прысягнуў князь вялікі Ягайла вялікаму князю Вітаўту і дзядзьку свайму, вялікаму князю Кейстуту, што ніколі супраць яго выступаць не будзе, а заўсёды і ва ўсім будзе ў яго (Кейстута) волі. I князь вялікі Кейстут адпусціў яго (Ягайлу) з маці і з братамі і з усім яго скарбам. I князь вялікі Ягайла паехаў у Крэва, а князь вялікі Вітаўт суправаджаў яго да Крэва, і паехаў Ягайла з Крэва ў Віцебск7.

А як сеў князь вялікі Кейстут у Вільні, паслаў двух чалавек да Полацка: аднаго чалавека ў войска, а другога ў горад. Палачане ўзрадаваліся і клікнулі на збор раці, і воі [Ягайлы] адступілі ад князя Свіргайлы і пайшлі ў Вільню да вялікага князя Кейстута. Князь жа Скіргайла пайшоў да немцаў у Лівонію з малою дружынаю.

Потым князь вялікі Кейстут пайшоў да Ноўгарадка Северскага на князя Карыбута, а сына свайго, вялікага князя Вітаўта, пакінуў у Вільні. Ідучы да Ноўгарадка Северскага, [князь вялікі Кейстут] загадаў павесіць Вайдылу, а князю вялікаму Ягайлу ісці з Віцебска разам з ім. Аднак вялікі князь Ягайла хутка забыўся на сваю прысягу [вялікаму князю Кейстуту], не пайшоў туды і падгаварыў мяшчан віленскіх і дворню Гануля8 захапіць Вільню. Князь вялікі Вітаўт у той час у Троках быў, а князь вялікі Ягайла з усёю сваёю дружынаю з Віцебска прыімчаў да Вільні. I князь вялікі Вітаўт паслаў да Ноўгарадка Северскага бацьку свайму вестку пра гэта. Пра гэтыя падзеі ўведалі і немцы прускія, і маршал прускі вельмі спешна пайшоў з вялікім войскам на дапамогу князю Ягайлу.

I калі ўведаў пра гэта князь вялікі Вітаўт, што прускія немцы да Вільні і Трокаў ідуць, а князь вялікі Ягайла з Вільні да Трокаў ідзе з войскам злучыцца з немцамі, паехаў ён з Трокаў у Гародню са сваёю маці. I калі падступіў да Трокаў князь вялікі Ягайла, здаліся Трокі яму. I прыйшоў князь вялікі Кейстут у Гародню да сына свайго. Тут і жонку сваю знойдзе і пашле яе ў Бярэсце, спадзеючыся на Януша, князя Мазавецкага, зяця свайго. Сам жа [князь вялікі Кейстут] пайшоў у Жамойць, а сына свайго, вялікага князя Вітаўта, пакінуў у Гародні. Князь жа Януш забыўся на дабрыню і прыязнь цесця свайго і цешчы і шваграў сваіх, пайшоў раццю да Драгічына і, узяўшы, завалодаў ім, Сураж і Камянец паваяваў і асадзіў у Бярэсці цешчу сваю. Не здабыўшы Бярэсця, пайшоў адтуль, завалодаўшы тымі гарадамі, Дарагічынам і Мельнікам9. Князь вялікі Кейстут, сабраўшы ўсіх сваіх жамойтаў і ўсе войскі, пайшоў да ракі Віліі, а князь вялікі Вітаўт, сабраўшы ўсё сваё войска са сваёй бацькаўшчыны, пайшоў з Гародні насустрач свайму бацьку. I злучыліся яны ля Віліі за дзве мілі вышэй Коўна. Там войскі пераправіліся, пайшлі да Трокаў і, прыйшоўшы, асадзілі горад. I пачуў вялікі князь Кейстут, што вялікі князь Ягайла з Вільні ідзе з войскам, а з ім нямецкае і лівонскае войска. Раней немцы абоім ворагі былі: і князю вялікаму Кейстуту, і князю вялікаму Ягайлу. Першы раз лівонскае войска прыходзіла на дапамогу князю Скіргайлу да Полацка, а потым з маршалкам прускае войска да Трокаў прыходзіла, а [цяпер] ужо ў трэці раз лівонскае войска з ім жа прыйшло. Усё гэта паказвае, што [немцы] з ім (Ягайлам) заадно супраць вялікага князя Кейстута.

I выступіў на бітву вялікі князь Кейстут са сваім сынам, вялікім князем Вітаўтам, супраць вялікага князя Ягайлы. I за тры ці чатыры стрэлы да зыходжання войскаў [на бітву] прыгналі князі і баяры ад вялікага князя Ягайлы ў войска вялікага князя Кейстута і пачалі пытацца вялікага князя Вітаўта, каб пагаварыць з ім. Пачалі яны гаварыць вялікаму князю Вітаўту: "Князь вялікі Ягайла паслаў нас да цябе, каб ты памірыў нас са сваім бацькам, каб мы валодалі сваім, а вы сваім, а бітвы паміж намі не было і кровапраліцця не ўчынілася. Прыехаў бы ты да свайго брата, да вялікага князя Ягайлы, а мы табе прысягаем, што табе бяспечна [будзе] зноў у сваё войска вярнуцца, каб між вамі ўсё добра скончылася". Князь вялікі Вітаўт так ім адказаў: "Прысягу ад вас прымаю, але каб і князь Скіргайла ў маё войска прыехаў і таксама прысягнуў, і я [тады] выеду". Паслалі яны да князя Скіргайлы, і князь Скіргайла таксама прысягнуў вялікаму князю Вітаўту, як і яны.

Князь вялікі Вітаўт паехаў да вялікага князя Ягайлы і яго войска, а войскі [праціўнікаў] стаяць, нічога не пачынаючы паміж сабою. I князь вялікі Ягайла пачаў прасіць вялікага князя Вітаўта, каб той памірыў іх і кровапраліцця не было б. I князь вялікі Вітаўт прысягу ўзяў у яго, у вялікага князя Ягайлы, дзеля бацькі свайго, каб бацьку яго, вялікаму князю Кейстуту, прыехаўшы, зноў бяспечна было раз'ехацца. А яшчэ сказаў князь вялікі Вітаўт вялікаму князю Ягайлу: "Яшчэ, браце, пашлі князя Скіргайлу, каб ён і я прысягу далі бацьку свайму, каб яму бяспечна паехаць і зноў ад'ехаць [назад] у сваё войска, а князь бы Скіргайла і ад цябе прысягнуў бы [яму]". I князь вялікі Вітаўт з князем Скіргайлам прыйшлі ў войска да бацькі свайго, да князя вялікага Кейстута, і даў [Вітаўт] прысягу бацьку свайму ад вялікага князя Ягайлы, князь жа Скіргайла даў прысягу [вялікаму князю Кейстуту] ад вялікага князя Ягайлы і ад сябе.

I князь вялікі Вітаўт з бацькам сваім, вялікім князем Кейстутам, пайшлі абодва ў войска да Ягайлы, спадзеючыся на тыя прысягі. Князь жа вялікі Ягайла пераступіў тыя прысягі. [Ён] сказаў: "Паедзем у Вільню і там канчаткова дамовімся". Войскі ж, нічога не пачынаючы, засталіся. I як толькі ў Вільню прыехалі, князя вялікага Кейстута, дзядзьку свайго, [Ягайла паланіў] і, закаваўшы, паслаў у Крэва, і там пасадзілі яго ў вежу, а князя вялікага Вітаўта пакінулі яшчэ ў Вільні. I там у Крэве ў пятую ноч князя вялікага Кейстута задушылі каморнікі Ягайлавы: Прокша, што ваду падаваў яму, а былі і іншыя — брат Мосцеў, [Гедка, краўлянін], і Кучук, і Лісіца Жыбянцяй. Такі канец стаўся князю вялікаму Кейстуту10.

Пасля смерці князя вялікага Кейстута паслаў князь вялікі Ягайла князя вялікага Вітаўта ў Крэва разам з жонкаю і загадаў яго моцна ахоўваць у пакоі [у замку]. Помсцячы за Вайдылу, [Ягайла загадаў] двух калесаваць: аднаго, Відзімонта, дзядзьку маці вялікага князя Вітаўта, [а другога — Бутрыма], роднага брата яго маці, што трымаў Ульяну, якая пасля была [замужам] за Манівідам, і шмат іншых баяр пакараў смерцю, помсцячы за Вайдылу.

Князь вялікі Вітаўт сядзеў у Крэве пад моцнаю вартаю ў пакоі, а дзве жанчыны прыходзілі ў пакой класці спаць яго і княгіню і, паклаўшы, выходзілі, а побач знаходзілася стража. I вось вялікая княгіня пачула ад людзей: калі князь вялікі Вітаўт [яшчэ] будзе сядзець [у вязніцы], то з ім тое самае ўчыняць, што і з яго бацькам. I параіла яму так [зрабіць]: як прыйдуць жанчыны, то яму пераадзецца ў адзенне адной з іх і выйсці з другой, а той жанчыне, у адзенні якой ён выйдзе, застацца з ёю (княгіняю), так яго навучыла. I ён, адзеўшы ўбранне адной жанчыны, выйшаў з другою, спусціўся з замка і ўцёк да немцаў у Прусію.

Калі быў [вялікі князь Вітаўт] у немцаў [у Прусіі], у Мар'інградзе ў магістра, прыехала да яго шмат князёў і баяраў літоўскіх, і пачаў ён з дапамогаю нямецкаю ваяваць Літоўскую зямлю. Князь жа вялікі Ягайла са сваёю маці, вялікаю княгіняю Ульянаю, [знаходзіўся тады] ў Віцебску, а брат яго князь Скіргайла ў Літве ў Троках. І немагчыма стала змагацца вялікаму князю Ягайлу і Скіргайлу супраць князя вялікага Вітаўта, які часта ваяваў Літоўскую зямлю, бо ў яго сабралася вялікая сіла. Тады князь вялікі Ягайла выклікаў яго з Прусіі і даў яму Луцк з усёю зямлёю Валынскаю, а ў Літоўскай зямлі — яго бацькаўшчыну.

Памёр кароль Казімер Кракаўскі, і не было ў яго сыноў, толькі адна дачка Ядвіга12. I пачалі ляхі з Кракава слаць да вялікага князя Ягайлы [прапановы], каб ён прыняў хрышчэнне старога Рыма, і ўзяў бы ў іх каралеўну Ядвігу сабе за жонку, і стаў бы ў іх каралём у Кракаве і ва ўсёй Ляшскай зямлі. Ён жа, вялікі князь Ягайла, параіўшыся са сваёю маці, княгіняю Ульянаю, і з усімі князямі і баярамі Літоўскай зямлі, паехаў у Ляшскую зямлю, у Кракаў. Там ён хрысціўся і браты яго, і князі, і баяры літоўскія, і ўзяў Ягайла каралеўну Ядвігу сабе за жонку, і быў каранаваны таго каралеўства каронаю. I ад таго часу пачалі хрысціць Літву ў лацінскую веру, і прыслаў архібіскуп біскупа ў Вільню для Літоўскай зямлі, і тады пачалі касцёлы ставіць па ўсёй зямлі Літоўскай.

Той жа зімы, калі кароль быў у Кракаве з усімі князямі і баярамі літоўскімі, князь Андрэй Полацкі13 прыйшоў з немцамі лівонскімі і з усімі латгаламі на Літоўскую зямлю і шмат паваяваў, папаліў гарадоў і сёлаў, замкам жа ў Літоўскай зямлі нічога не ўчыніў і затым вярнуўся назад. Той жа зімы князь Святаслаў Смаленскі14 ўчыніў змову з князем Андрэем Полацкім. Ён [пайшоў] у Літву, а князь Святаслаў — да Оршы, і шмат бяды [яны] нарабілі людзям. Так бязлітасна, не па-хрысціянску мучылі хрысціян, што мы не чулі, каб нават у час нападаў няверных так мучылі, так катавалі хрысціян: збіралі іх, закрывалі ў хатах і падпальвалі, вялікія харомы вочапамі прыпаднімалі, палонных пад сцены галовамі клалі і заціскалі, жанчын і дзяцей на вастраколле натыкалі, іншыя ж здзекі над хрысціянамі брыдка і апісваць. Ні Антыёх Сірыйскі15, ні Юліян-злачынец16 так не мучылі хрысціян. Замку ж Оршы нічога не ўчынілі і затым вярнуліся назад.

Той жа зімы пад весну ў вялікі пост пачаў думаць [князь] Святаслаў са смаленскімі баярамі, быццам лютае звяр'ё, бы не хрысціяне, [як бы зноў учыніць] кровапраліцце хрысціянам. I пайшоў да горада Мсціслаўля, і аблажыў яго, і пачаў здабываць замак, парокамі біць [сцены], а ў зямлю Мсціслаўскую вояў паслаў. I шмат крыві хрысціянскай пралілося [тады]. Нават Богу было агідна глядзець, як так званыя хрысціяне сваіх братоў-хрысціян не па-чалавечы, не па-хрысціянску катуюць.

Князь жа вялікі Скіргайла і князь вялікі Вітаўт, прыехаўшы з Польшчы ад брата свайго, караля [Ягайлы], уведалі, што князь Святаслаў Смаленскі раней пад Віцебскам быў, потым к Оршы прыходзіў, а цяпер каля Мсціслаўля стаіць і замак парокамі б'е. I вельмі засмуціўся князь вялікі Скіргайла, і пайшоў са сваімі братамі, з вялікім князем Вітаўтам, і з Канстанцінам, і з Карыбутам, і з Сямёнам Лугвенам. I ўспомнілі [яны] слова Божае: "Якою мераю чалавек мерае, так і яму адмераецца, а што пасее, тое і пажне". "Мы ж, — казалі яны, — не ўчынілі яму нічога злога, а ён, будучы з намі ў міры, парушыў прысягу і дагавор, нашу зямлю ваюе і кроў хрысціянскую пралівае. Мы ж ідзём на яго, спадзеючыся на Бога і на сілу крыжа". I прыйшлі [яны] да горада Мсціслаўля. Князь жа Святаслаў, які стаяў каля горада і біў Мсціслаўскі замак парокамі, учуў у пятніцу перад Вялікаднем, што ідзе на яго князь вялікі Скіргайла з братамі, падрыхтаваў сваё войска і пайшоў супраць іх. I як сышліся палкі, Бог учыніў паводле слоў прарока Давыда, які сказаў: "Спадзе хвароба на яго галаву, і наверх яго няпраўда сыдзе". I яшчэ: "Выкапаў яму і сам упадзе ў яе".

Дапамог Бог вялікаму князю Скіргайлу і князю вялікаму Вітаўту, а князь Святаслаў кінуўся наўцёкі са сваімі князямі, і з баярамі смаленскімі, і з усім сваім войскам. Божаю сілаю тут немалое дзіва ўчынілася: было пабіта шмат вояў, князёў і баяраў [смаленскіх], і самога вялікага князя Святаслава забілі. Сына ж яго, князя Юрыя, вялікі князь Скіргайла знайшоў сярод трупаў моцна параненага, ледзь жывога, узяў яго і пачаў лячыць рознымі лекамі, і галаву яму абстрыг, бо шмат было ран, і ўжо страціў надзею, што ён выжыве. Князь жа вялікі Скіргайла залячыў яму раны і прывёз да яго маці, вялікай княгіні Святаслававай, і пасадзіў яго на вялікім княжанні ў Смаленску, бо за князем Юрыем была замужам дачка старэйшай сястры Скіргайлавай. Адышоў ад горада Смаленска вялікі князь Скіргайла, і пайшоў у сваю зямлю Літоўскую, і стаў жыць у Троках, а у Вільню кароль [Ягайла] прыслаў старасту свайго ляшскага.

Князь жа вялікі Вітаўт валодаў тады Луцкам і ўсёю зямлёю Валынскаю, а ў Літоўскай зямлі — сваёю бацькаўшчынаю. I было яму вельмі цяжка, што вялікім княжаннем валодае чужы, чаго раней не бывала ў Літоўскай зямлі. Тады ён учыніў раду з усімі князямі і баярамі Літоўскай зямлі, і калі Скіргайла ад'ехаў быў у Полацк, князь вялікі Вітаўт прыйшоў да Вільні, каб ёю завалодаць. Княгіня ж вялікая Ганна была тады ў Гародні. Вільняне не паддаліся тады яму, бо далі прысягу каралю [Ягайлу] і [князю] Скіргайлу, і не ўзяў ён Вільні. I пайшоў [князь вялікі Вітаўт] са сваёю княгіняю, сваімі князямі і баярамі да магістра [у Прусію] і адтуль пачаў ваяваць Літоўскую зямлю з нямецкаю дапамогаю. І "ўжо заваяваў быў [палову] Літоўскай зямлі па раку Вілію, і Полацк паддаўся яму. I ўбачыў кароль [Ягайла] і князь вялікі Скіргайла, што ўжо не могуць яны ўтрымаць Літоўскую зямлю перад [націскам] вялікага князя Вітаўта.

Князь жа вялікі Вітаўт разам з нямецкімі сіламі пайшоў к Вільні. I сустрэў яго князь Скіргайла з брагам сваім Вігантам і з літоўскім войскам на рацэ Віліі каля гарадка Вейкшышкі. I дапамог Бог вялікаму князю Вітаўту, і пераможаны былі літоўскія воі, і кінуліся наўцёкі. I шмат іх пабілі, а іншых князёў і баяраў у палон пабралі: князя Сямёна Яўнутавіча, князя Глеба Святаславіча Смаленскага, князя Васіля Канстанцінавіча, князя Івана Цету, Льва Плаксіча і шмат іншых князёў паланілі. I пайшоў князь вялікі Вітаўт к гораду Вільні з усім сваім войскам, і аблажыў горад Вільню, і пачаў здабываць Крывы горад, біць па ім з пушак, і ўзяў [Вітаўт] Крывы горад. Тады ж немцы забілі князя Карыгайлу Альгердавіча, бо ляшская застава ў Верхнім горадзе не пусціла ў горад князя Карыгайлу. Князь жа вялікі Вітаўт, узяўшы Крывы горад і [Літоўскую] зямлю паваяваўшы. вярнуўся ў Прусію.

Таго ж лета да вялікага князя Вітаўта ў Прусію17 ў Мар'інград прыйшлі паслы з горада Масквы ад вялікага князя Васіля Дзімітравіча і прасілі ў князя вялікага Вітаўта аддаць дачку замуж за вялікага князя Васіля Дзімітравіча. Князь жа вялікі Вітаўт аддаў дачку сваю, князёўну Соф'ю, і адпусціў яе з Мар'інаграда, а з ёю паслаў князя Івана Альгімонтавіча [Гальшанскага]. 3 горада Гданьска яны паплылі на караблі па моры і прыехалі да горада Пскова. Псковічы ж выказалі ім вялікі гонар і з пашанаю праводзілі іх да Вялікага Ноўгарада. Ноўгарадцы таксама іх ушанавалі і праводзілі з пашанаю да горада Масквы да вялікага князя Васіля Дзімітравіча. Князь жа вялікі Васіль выслаў насустрач ім з пашанаю братоў сваіх, князя Уладзімера Андрэевіча і князя Андрэя Дзімітравіча і шмат іншых князёў і баяраў, і сустрэлі вялікую князёўну Соф'ю з вялікаю пашанаю. Тады быў праасвяшчэнны мітрапаліт Кіпрыян18 з архіепіскапамі і епіскапамі, з архімандрытамі, ігуменамі і з усім святарствам, і сустрэлі яго пачэсна з крыжамі перад горадам Масквою. I ўчынілі шлюб пачэсны і павянчалі вялікага князя Васіля Дзімітравіча з вялікаю князёўнаю Соф'яю, і было вяселле знакамітае, пашаны годнае, і павесяліліся ўволю. Мы ж да папярэдняга вернемся.

Князь вялікі Вітаўт жыў у магістра ў Мар'інградзе, і прыслаў да яго кароль [Ягайла] пасла з братам сваім Скіргайлам, так кажучы: "Не губляй больш, браце, зямлі Літоўскай, нашай і сваёй бацькаўшчыны, пайдзі, браце, з намі на мір, будзь з намі ў вялікай брацкай любові і вазьмі сабе вялікае княжанне ў Вільні, пасад дзядзькі свайго, вялікага князя Альгерда, і бацькі свайго, вялікага князя Кейстута". Князь вялікі Вітаўт, параіўшыся са сваімі князямі, з князем Юрыем Нарымонтавічам Бельскім і з князем Іванам Альгімонтавічам [Гальшанскім], пайшоў у Літву і сеў у Вільні на вялікім княжанні на пасадзе дзядзькі свайго, вялікага князя Альгерда, і бацькі свайго, вялікага князя Кейстута, і рада была яму ўся зямля Літоўская і Руская.

Князь Карыбут Альгердавіч19 пачаў дакараць [вялікага князя Вітаўта], выяўляць сваё непаслушэнства, пачаў збіраць супраць яго сваё войска і выступіў супраць яго. Князь жа вялікі Вітаўт паслаў сваё войска [пад кіраўніцтвам] Васіля Барэйкавіча і Гінвіла супраць яго (Карыбута). I сышліся войскі каля Дакудава, і былі разбіты воі князя Карыбута, і кінуліся наўцёкі, і шмат іх было пабіта. Сам жа князь Карыбут уцёк у Ноўгарадок. Там жа былі яго княгіня і дзеці. Князь жа вялікі Вітаўт сабраў сваё войска, і сам пайшоў да Ноўгарадка, і аблажыў горад, і ўзяў Ноўгарадок, а князя Карыбута, і княгіню, і дзяцей паланіў.

Потым памерла княгіня [Ульяна], жонка Альгерда, і кароль [Ягайла] аддаў горад Віцебск свайму сакальнічаму Фёдару Вясне. Князь жа Свідрыгайла быў тады яшчэ малады. I стаў Фёдар Вясна валодаць горадам Віцебскам і ўсёю Віцебскаю зямлёю паводле парады і загаду караля Ягайлы. Князь жа Свідрыгайла не мог таго вынесці, што Фёдар Вясна горадам валодае, а яму не падначальваецца. I забіў ён Фёдара, і ўзяў горад Віцебск. I вельмі шкадаваў кароль Ягайла, што такое здарылася, і пісаў грамату брату свайму, вялікаму князю Вітаўту, каб ён помсту ўчыніў за тую крыўду.

Князь жа вялікі Вітаўт, узяўшы з сабою князя Скіргайлу20 і сабраўшы вялікае войска, пайшоў да горада Віцебска на князя Свідрыгайлу і прыйшоў [спачатку] да горада Друцка. Друцкія князі сустрэлі яго і аддаліся яму на службу, і пайшоў [вялікі князь Вітаўт] да Оршы. Аршанцы ж зачыніліся ў замку і абараняліся два дні, а затым здалі замак. I адтуль пайшоў ён да Віцебска на князя Свідрыгайлу. Князь жа Свідрыгайла зачыніўся ў замку. I стаў вялікі князь Вітаўт здабываць замак. Тут і вялікі князь смаленскі Юрый Святаславіч прыйшоў на дапамогу з усімі смаленскімі сіламі і аддаўся вялікаму князю Вітаўту на службу. I пачалі яны моцна здабываць Віцебскі замак і пушкі паставілі. Віцябляне не вытрымалі і пачалі паддавацца вялікаму князю Вітаўту. Князь жа Свідрыгайла выйшаў з замка і здаўся на волю вялікага князя Вітаўта. Князь жа вялікі Вітаўт узяў горад Віцебск і пайшоў затым у Вільню.

Той жа зімы на весну вялікі князь Вітаўт пайшоў у зямлю Падольскую, а князь Уладзімер Альгердавіч, які тады быў у Кіеве, не хацеў пакланіцца і пакарыцца вялікаму князю Вітаўту. Той жа вясны князь вялікі Вітаўт пайшоў і ўзяў гарады Жытомір і Оўруч, і прыехаў да яго князь Уладзімер. Таго ж лета на восень князь вялікі Вітаўт вывеў яго з Кіева і даў яму Капыль, а ў Кіеве пасадзіў князя Скіргайлу. Сам жа князь вялікі Вітаўт пайшоў на Падольскую зямлю, а князю Скіргайлу загадаў ісці з Кіева да Чаркасаў і Звянігарада. Князь жа Скіргайла з Божаю дапамогаю і воляю вялікага князя Вітаўта ўзяў Чаркасы і Звянігарад і вярнуўся затым у Кіеў.

Калі ён княжыў у Кіеве, быў нехта Фама Ісуфаў, манах, які служыў намеснікам мітрапаліта пры святой Сафіі на мітрапалітавым двары. Захацеў [аднойчы] князь Скіргайла паехаць за Дняпро на паляванне. Той жа Фама паклікаў тады яго на пір на мітрапалітаў двор. I калі князь Скіргайла быў у яго на піры, я ж таго [добра] не ведаю, бо быў тады малады, але некаторыя гавораць, быццам бы той Фама даў князю Скіргайлу атруту выпіць. I пасля таго піру паехаў князь Скіргайла за Дняпро ў Мілаславічы і там захварэў у чацвер напярэдадні Хрышчэння, у суботу прыехаў у горад Кіеў хворы, хварэў 7 дзён і памёр у сераду. I панеслі яго на галовах святары са свечкамі, пеючы песні жалобныя, з горада Кіева да царквы святой Багародзіцы Пячорскай, і пакладзены быў цудоўны і добры князь Скіргайла, названы ў час святога хрышчэння Іванам, каля труны святога Феадосія Пячорскага21. Князь жа вялікі Вітаўт, пачуўшы, што князь Скіргайла памёр, паслаў у Кіеў князя Івана Альгімонтавіча і даў яму Кіеў ва ўладанне. Мы ж да папярэдняга вернемся.

Калі вярнуўся князь вялікі Вітаўт з Прусіі на вялікае княжанне, ён адпусціў свайго палоннага князя Глеба Святаславіча ў Смаленск на вялікае княжанне, а князю Юрыю Святаславічу даў горад Раслаўль. Князь Глеб, знаходзячыся ў Смаленску, пачаў выказваць непаслушэнства вялікаму князю Вітаўту. Князь жа вялікі Вітаўт слаў [да яго] пасланцоў [з патрабаваннем] выправіцца. Ён жа (князь Глеб) не захацеў выпраўляцца. Тады князь вялікі Вітаўт з усімі сваімі сіламі пайшоў да горада Смаленска на князя Глеба Святаславіча, і калі прыйшоў да Смаленска — здаўся яму [князь] Глеб з горадам Смаленскам. Князь жа вялікі Вітаўт аддаў горад Смаленск ва ўладанне князю Яманту і Васілю Барэйкавічу, а князю Глебу даў горад Паланы22. Сам жа князь вялікі Вітаўт вярнуўся ў Літоўскую зямлю. У тую ж зіму паслаў [вялікі князь Вітаўт] князя Сямёна Лугвена з вялікім войскам і смаленскімі сіламі на князя Алега Разанскага, і вельмі шмат паланілі ў Разанскай зямлі, і з перамогаю вярнуліся назад. Тады зіма была вельмі сцюдзёная.

Той жа зімы на весну прыехаў князь вялікі Васіль Дзімітравіч маскоўскі да свайго цесця, вялікага князя Вітаўта23, у Смаленск у вялікі пост. I ўшанаваў [маскоўскі князь] князя вялікага Вітаўта шматлікімі падарункамі: залатымі ланцугамі і паясамі, сабалямі і дарагімі тканінамі, залатым посудам і адборнымі коньмі. Князь жа вялікі Вітаўт зяця свайго, вялікага князя [маскоўскага], ушанаваў і абдарыў усялякімі падарункамі: адзеннем, расшытым каштоўнымі камянямі і жэмчугам, аксамітам, іншымі дарагімі тканінамі, коньмі з залатымі сёдламі, рознымі дзівоснымі рэчамі, і з вялікаю пашанаю адпусціў [яго] ў горад Маскву. Сам жа [вялікі князь Вітаўт] паехаў у Літву.

Калі князь вялікі Альгерд быў гаспадаром у Літоўскай зямлі, пайшоў ён у поле з літоўскім войскам і пабіў татараў на Сіняй Вадзе24, трох братоў, ханаў Хачыбея, Кутлубугу і Дзімітрыя. Гэтыя тры браты, татарскія ханы, былі отчычамі і дзедзічамі Падольскай зямлі. Ад іх імя кіравалі атаманы, і баскакі, прыязджаючы ад гэтых атаманаў, збіралі з Падольскай зямлі даніну. Брат жа вялікага князя Альгерда князь Карыят трымаў тады Ноўгарадок Літоўскі. І былі ў яго чатыры сыны25: князь Юрый, князь Аляксандр, князь Канстанцін і князь Фёдар. I тыя князі Карыятавічы, тры браты, князь Юрый, князь Аляксандр і князь Канстанцін, з Альгердавага дазволу ды з дапамогаю Літоўскай зямлі пайшлі ў Падольскую зямлю. У той час у Падольскай зямлі не было ніводнага горада, ні з дрэва будаванага, ні з каменю мураванага. I тады тыя князі Карыятавічы, прыйшоўшы ў Падольскую зямлю, увайшлі ў прыязнь з атаманамі і пачалі бараніць Падольскую зямлю ад татараў і баскакам перасталі даваць даніну. Спачатку [Карыятавічы] знайшлі сабе высокае ўмацаванае месца на рацэ Смотрыч і пабудавалі [там] горад Смотрыч. У іншым жа месцы, у гары, жылі манахі, і яны ў тым месцы пабудавалі горад Бакоту. Аднойчы ім давялося загнаць шмат аленяў на той востраў, дзе зараз знаходзіцца места Камянецкае, і, павысекшы лес, [яны там] горад Камянец пабудавалі. I з таго часу [Карыятавічы] ўсе падольскія гарады заснавалі і ўсёй Падольскаю зямлёю завалодалі26.

Потым польскі кароль Казімер Лакеткавіч даведаўся, што тры браты Карыятавічы [аселі] на Падольскай зямлі і людзі яны мужныя, і прыслаў ён князю Канстанціну граматы з пячаткамі, дзе настойліва прасіў яго, каб да яго (Казімера) прыехаў. Задумаў [Казімер], параіўшыся са сваімі панамі, вось што: у яго не было сына, толькі адна дачка, і вырашыў ён за яго (Канстанціна) дачку аддаць, а пасля сваёй смерці каралём пакінуць. I князь Канстанцін з гэтымі ахоўнымі граматамі да польскага караля ездзіў, і там, паглядзеўшы і падумаўшы, не хацеў тую веру прыняць, і зноў па тых жа граматах вярнуўся ў Падольскую зямлю ў свае ўладанні і там, на Падоллі, памёр.

Князя ж Юрыя валахі ўзялі да сябе ваяводам і там яго атруцілі, а князя Аляксандра забілі татары, а тут [у Літве] брат чацвёрты, князь Фёдар Карыятавіч, валодаў Новагарадком. I калі пачуў князь Фёдар Карыятавіч, што братоў яго ў Падольскай зямлі няма ўжо ў жывых, пайшоў ён на Падолле і там асеў.

У той час князь вялікі Вітаўт стаў гаспадаром у Літоўскай зямлі. Падольская ж зямля не хацела быць пад уладаю вялікага князя Вітаўта і Літвы, як гэта раней было. I князь вялікі [Вітаўт] пайшоў з усімі літоўскімі сіламі на Падолле. Пачуўшы тое, князь Фёдар Карыятавіч уцёк з Падольскай зямлі да венграў. а ў гарадах пасадзіў валахаў. Венгерскі кароль [князю] Фёдару даў прытулак. Князь жа вялікі Вітаўт пайшоў да Брацлава, заняўшы Брацлаў, пайшоў да Сакольца і яго заняў, ноччу прыйшоў да Камянца і здабыў яго, а затым заняў і Смотрыч, і Скалу, і Чырвоны Гарадок — і ўсе гарады ўзяў. Ваяводу ж князя Фёдара Нестака, што ў тых гарадах быў, схапіў, а па ўсіх гарадах князь вялікі Вітаўт сваіх старастаў пасадзіў. А здабыў [ён усё гэта] літоўскімі сіламі, і ніхто ніадкуль яму не дапамагаў.

Тады [польскі] кароль [Ягайла] пачаў прасіць князя вялікага Вітаўта: "Мілы браце, даў табе Бог — здабыў ты Падольскую зямлю, дык зрабі мне ласку — дай мне [палову] Падолля". Князь вялікі Вітаўт даў каралю палову Падольскай зямлі за дванаццаць тысяч пенязяў, даў Камянец, Смотрыч, Скалу, Чырвоны Гарадок і Бакоту, а ва ўсіх іншых падольскіх землях і гарадах князь вялікі Вітаўт пасадзіў сваіх старастаў: у Брацлаве, у Сакольцы і ў Беніцы (Вінніцы. — В. Ч.). Кароль жа тыя гарады за дваццаць тысяч пану Спытку27 аддаў.

Калі князь вялікі [Вітаўт] біўся з татарамі [на Ворскле]28, пан Спытка прыходзіў на дапамогу вялікаму князю Вітаўту, і тады пана Спытку забілі татары. Пані ж Спыткавая аўдавела і засталася з малымі дзецьмі. I пачаў кароль слаць [лісты] вялікаму князю Вітаўту, так гаворачы: "Тую палову Падольскай зямлі, што ты даў нам за дваццаць тысяч пенязяў, мы аддалі былі за дваццаць тысяч пану Спытку. [Цяпер жа], калі пані Спыткавая аўдавела з малымі дзецьмі, а землі тыя няма каму бараніць ад татараў, вярні дваццаць тысяч пенязяў, а гарады зноў вазьмі сабе". I князь вялікі [Вітаўт] паслаў каралю сорак тысяч [пенязяў] з панам Нямірам і Дзімітрыем Васільевічам, баярынам луцкім, а гарады свае зноў узяў сабе і старасту свайго пасадзіў, двараніна Граноўскага. Пасля Граноўскага [вялікі князь Вітаўт] даў [Падолле] пану Пятру Мантыгірдавічу, а пасля яго — пану Дзідзіголду. Потым, калі [вялікі князь Вітаўт] пану Дзідзіголду даў Смаленск, Падолле [ён] даў пану Доўгірду. Пан жа Доўгірд быў старастам ва ўсіх тых гарадах на Падоллі аж да смерці вялікага князя Вітаўта. А як толькі князя вялікага Вітаўта не стала ў жывых, прыехалі ляхі і пана Доўгірда з горада Камянца паклікалі да сябе на раду і, да рады не дапусціўшы, схапілі і абрабавалі. Потым яны захапілі Камянец [і іншыя гарады] і ўсім тым завалодалі, што [цяпер] у Падольскай зямлі трымаюць29.

1. У вялікага князя літоўскага Гедыміна сем сыноў было... — вялікі князь Гедымін нарадзіўся каля 1275 г., загінуў у 1341 г. у бітве з крыжакамі. Яго паходжанне дакладна невядома. Велікакняскі пасад заняў у 1316 г. пасля смерці свайго брата Віценя. Паводле гістарычнага падання, Гедымін заснаваў Вільню, якую каля 1323 г. зрабіў сталіцаю Беларуска-Літоўскай дзяржавы. Пры ім у склад Вялікага Княства ўвайшла асноўная частка беларускіх земляў разам з Падляшшам. Апрача сямі сыноў, меў яшчэ пяць дачок. Адна з іх, Марыя, была замужам за Дзімітрыем, князем цверскім, другая, Ганна, у 1325 г. стала жонкаю польскага караля Казіміра Вялікага, а трэцяя, Аўгуста, у 1333 г. выйшла замуж за маскоўскага князя Сімяона Гордага. Жонка Гедыміна, княгіня Еўна (Ева), палачанка паходжаннем, памерла каля 1345 г.

2. Мантывіду бацька даў Карачаў...— як сведчаць іншыя крыніцы, Мантывіду (Монвіду, Манівіду) Гедымін даў у валоданне не Карачаў, што за Бранскам, а Кернаў (Кернава), што каля Вільні.

3. Ноўгарадок, Новагарадок — Наваградак, у XIII ст. быў сталіцаю Вялікага Княства Літоўскага.

4. Сыноў жа было ў вялікага князя Альгерда 12, а ў вялікага князя Кейстута — шэсць. — У князя Альгерда было 12 сыноў і восем дачок. Ад першай жонкі, Марыі віцебскай (памерла ў 1346 г.): Андрэй, Дзімітры, Канстанцін, Уладзімір, Фёдар і тры дачкі; ад другой, Улляны цверскай (памерла ў 1392 г.): Ягайла Уладзіслаў, Скіргайла Іван, Карыбут Дзімітры, Лінгвен (Лугвеній, Лугвен) Сямён, Карыгайла Казімір, Вігунт Аляксандар, Свідрыгайла Баляслаў і пяць дачок. Сыны Альгерда ад першай жонкі нарадзіліся на Беларусі, таму адразу былі хрышчаны па праваслаўным абрадзе і атрымалі славянскія імёны. Сыны ж ад Улляны нарадзіліся тады, калі Альгерд ужо быў вялікім князем у Вільні, у язычніцкай Літве, таму спачатку атрымалі літоўскія імёны. Пазней жа, пры хрышчэнні па каталіцкім або праваслаўным абрадзе, яны набылі другія, хрысціянскія імёны.

Кейстут жа, які быў фактычна другою асобаю ў Беларуска-Літоўскай дзяржаве пасля вялікага князя Альгерда, паводле летапісу, меў шэсць сыноў: Пацірг (Патрыкей), Войдат, Бутаў, Вітаўт Аляксандар, Таўцівіл і Жыгімонт. Як мяркуюць некаторыя даследчыкі, у Кейстута быў яшчэ і сёмы сын — Вайшвіл. Было ў яго таксама чатыры дачкі: Марыя, Данута, якая выйшла замуж за Януша, князя мазавецкага, Ганна і Рынгала. Вядома таксама імя адной з дзвюх жонак Кейстута — Бірута.

5. Давыд — радавод гэтага князя дакладна невядомы.

6. Астродскі комптур — упраўляючы горада Астрода ў Прусіі, цяпер г. Аструда ў Ольштынскім ваяводстве, што ў Польшчы.

7. ... паехаў Ягайла з Крэва ў Віцебск. — выступленне Кейстута супраць Ягайлы і захоп ім Вільні адбыўся ў 1381 г.

8. Ганупь (Ганс) — немец з Рыгі, пры дапамозе якога Ягайла вярнуў сабе Вільню, служыў велікакняскім намеснікам у гэтым горадзе і быў, відаць, камендантам Віленскага замка.

9. Сураж, Камянец, Драгічын і Мельнік — беларускія гарады на Падляшшы, уваходзілі з часоў Гедыміна ў склад Беларуска-Літоўскай дзяржавы.

10. ...капец стаўся князю вялікаму Кейстуту. — Кейстут загінуў па волі Ягайлы ў 1382 г.

Паводле "Хронікі Быхаўца", імя другога забойцы — брат Мосцер. Брат — тут у сэнсе член ордэна, крыжак. Іншыя крыніцы называюць яшчэ пятага ўдзельніка забойства Кейстута — Гедку-краўляніна, г. зн. жыхара Крэва.

11. Мар'інград, інакш Марыенбург (цяпер горад Мальборк у Польшчы) — былая сталіца Тэўтонскага ордэна. На падтрымку яго вялікіх магістраў Конрада Цолнера (1382—1390) і Конрада Валенрода (1391—1393) абапіраўся тады князь Вітаўт у барацьбе з Ягайлам за велікакняскі пасад у Вільні.

12. Ядвіга (1372—1399) — дачка не польскага караля Казіміра Вялікага, які памёр у 1370 г., а Людвіка, караля венгерскага і польскага (1370—1382). Паколькі ні ў яе бацькі, ні ў яго папярэдніка на польскім троне не было спадкаемцаў па мужчынскай лініі, яе ў 1384 г. каранавалі як польскую каралеву, а праз два гады выдалі замуж без яе асабістага жадання за Ягайлу, які ў выніку Крэўскай уніі 1385 г. стаў на пачатку 1386 г. каралём Польшчы. Памерла бяздзетнай.

13. Андрэй Полацкі (1325—1399) — старэйшы сын Альгерда і Марыі, княгіні віцебскай. Ваяваў з крыжакамі, татарамі і Ягайлам. У 1377 г. уцёк у Пскоў і заключыў саюз з маскоўскім князем Дзімітрыем Іванавічам, з атрадам пскоўскіх і полацкіх воінаў удзельнічаў у Кулікоўскай бітве (1380 г.). Вярнуўшыся ў Полацк, зноў выступіў супраць Ягайлы ў саюзе са Святаславам Смаленскім. У 1386 г. у бітве пад Мсціславам быў разбіты і палонены. Сядзеў у адным з польскіх замкаў, адкуль у 1393 г. уцёк і перайшоў на бок Вітаўта. Загінуў у 1399 г. у бітве з татарамі на р. Ворскле.

14. Святаслаў Смаленскі (1359—1386) — вялікі князь, нашчадак мясцовай дынастыі Расціславічаў. Змагаючыся за захаванне палітычнай незалежнасці Смаленскага княства, вымушаны быў лавіраваць паміж больш моцнымі суседзямі, Беларуска-Літоўскай і Маскоўскай дзяржавамі. У 1370 г. удзельнічаў у паходзе Альгерда на Маскву. Загінуў у 1386 г. у бітве пад Мсціславам.

15. Антыёх Сірыйскі — гл. каментарый да "Аповесці пра князёў Міндоўга, Войшалка і Тройдзеня".

16. Юльян — рымскі імператар (361—363), выступаў супраць хрысціянства, праследаваў хрысціян, імкнуўся адрадзіць язычніцтва, за што быў празваны Адступнікам.

17. Тага ж лета да вялікага князя Вітаўта ў Прусію... — Соф'я Вітаўтава выдадзена замуж за маскоўскага князя Васіля Дзімітравіча ў 1390 г.

18. Кіпрыян — мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі (1390—1406), балгарын родам. Да пераезду ў Маскву ў 1390 г. на працягу пятнаццаці гадоў (з 1375 г.) быў мітрапалітам у Вялікім Княстве Літоўска-Беларускім, жыў у Кіеве, Вільні і Наваградку, дзе былі мітрапалітавы двары. Праводзіў кампрамісную, міратворчую палітыку, імкнуўся суцішыць канфрантацыю супернікаў, вялікіх князёў маскоўскіх і літоўска-беларускіх.

19. Карыбут Дзімітры — сын Альгерда ад другой жонкі, Улляны, князь Ноўгарада-Северскага. Яго часам блытаюць з іншым Дзімітрыем, Альгердавым сынам ад першай жонкі Марыі. Большасць даследчыкаў схіляецца да высновы, што Ноўгарадак, у якім Вітаўт паланіў Карыбута, гэта Ноўгарад-Северскі, а не беларускі Наваградак.

20. Скіргайла Іван (1354—1397) — родны брат Ягайлы, падтрымліваў апошняга ў барацьбе з Вітаўтам. У 1388—1392 гг. быў намеснікам Ягайлы ў Вялікім Княстве Літоўска-Беларускім. У 1395 г. Вітаўт перавёў яго ў Кіеў, дзе ў студзені 1397 г. ён памёр пры загадкавых абставінах. Хрышчаны па праваслаўным абрадзе, застаўся яму верны да самай смерці, відаць, таму заслужыў ад беларускага летапісца такія прачулыя словы: "цудоўны і добры".

21. Феадосій Пячорскі — ігумен, старажытнарускі царкоўна-палітычны дзеяч і пісьменнік XI ст., адзін з заснавальнікаў Кіева-Пячорскага манастыра. Памёр у 1074 г.

22. Поданы — відаць, гэта горад на Украіне, які сёння называецца Палоннае.

23. ...прыехаў князь вялікі Васіль Дзімітравіч... да вялікага князя Вітаўта... — сустрэча Вітаўта з маскоўскім князем Васілём Дзімітравічам у Смаленску адбылася ў 1396 г.

24. ...пабіў татараў на Сіняй Вадзе... — бітва літоўска-беларускіх войскаў пад кіраўніцтвам вялікага князя Альгерда з татарамі на р. Сіняя Вада (цяпер р. Сінюха, левы прыток Паўднёвага Буга), у выніку чаго Украіна была вызвалена ад татара-мангольскага прыгнёту, адбылася ў 1363 г.

25 .  былі ў яго чатыры сыны... — перадапошні сын Гедыміна Карыят, у хрышчэнні Міхаіл, князь наваградскі, нарадзіўся дзесьці ў пачатку XIV ст., памёр каля 1366 г. Ён меў, як сведчаць іншыя крыніцы, не чатырох, а значна больш сыноў. У прыватнасці, Карыятавічам быў і Дзімітрый Баброк-Валынскі, які перайшоў на службу да маскоўскага князя, стаў ваяводам і адыграў выдатную ролю ў Кулікоўскай бітве. Гэта пра яго і Андрэя Полацкага аўтар "Задоншчыны", наследуючы "Слову пра паход Ігаравы", узнёсла пісаў: "Яны — воіны харобрыя і слаўныя палкаводцы, пад гукі труб спавіваныя, пад шаломамі ўзгадаваныя, з канца кап'я ўскормленыя, з вострага мяча ўспоеныя ў Літоўскай зямлі".

26. … ўсёй Падольскаю зямлёю завалодалі. — Літоўска-беларускія князі Карыятавічы прыбылі ў Падольскую зямлю ў сярэдзіне XIV ст. Падолле — украінская зямля, размешчаная паміж верхнім цячэннем Паўднёвага Буга і Днястром.

27. Пан Спытка — Спытка з Мельштына ў 80-я гады XIV ст. займаў пасаду ваяводы, а з 1390 г. старасты кракаўскага. Быў актыўным прыхільнікам шлюбу польскай каралевы Ядвігі з Ягайлам. Заходняй часткаю Падольскай зямлі ён валодаў у 1396—1399 гг.

28. біўся з татарамі на Ворскле — бітва з татарамі на р. Ворскле адбылася ў 1399 г. і скончылася паражэннем літоўска-беларускіх войскаў.



29. у Падольскай зямлі трымаюць — Заходняе Падолле, што было ў 1396 г. аддадзена Ягайлу, у пачатку XV ст. Вітаўт вярнуў сабе. Аднак пасля яго смерці ў канцы 1430 г. палякі захапілі гэту памежную зямлю, што ўзмацніла ваенна-палітычнае напружанне паміж дзвюма дзяржавамі. Як сведчыць "Хроніка Быхаўца", Свідрыгайла, які пасля Вітаўта заняў віленскі велікакняскі пасад, з-за Падолля нават адзін час паланіў быў караля Ягайлу, які прыехаў у Літву на паляванне. Граматамі ад 1432 і 1434 гг. князь Жыгімонт Кейстутавіч аддаў заходняе Падолле Польшчы, а ў 1435 г. юрыдычна замацаваў за ёю ўсю Падольскую зямлю, што выклікала моцную незадаволенасць патрыётаў Вялікага Княства. Напэўна, дзесьці ў гэты час у асяроддзі патрыятычна настроенай літоўска-беларускай шляхты і ўзнікла "Аповесць пра Падольскую зямлю", якая з'яўляецца арганічным працягам "Летапісу вялікіх князёў літоўскіх". Барацьба Беларуска-Літоўскай дзяржавы з Польшчаю за Падолле практычна вялася да самай Люблінскай уніі.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка