Лёс драматурга




старонка1/3
Дата канвертавання15.03.2016
Памер0.59 Mb.
  1   2   3

ЛЁС ДРАМАТУРГА


(Літаратурны партрэт Андрэя Макаёнка)

Дзмітрый Бугаёў
Разважаючы пра адметныя з'явы беларускай літаратуры, вядомы рускі драматург А. Салынскі яшчэ ў 1972 годзе зазначаў:

«У драматургіі, мне думаецца, услед за Кандратам Крапівой эстафету народнасці... арганічна нясе Андрэй Макаёнак... Менавіта ў творчасці Макаёнка з найболынай яркасцю праглядваюць рысы нацыянальнай самабытнасці ў сучасным яе выяўленні».

Сказана слушна, бо Макаёнак і сапраўды працягваў крапівінскія традыцыі сатырычнай драматургіі, прычым рабіў гэта з вялікім поспехам, які прыпадае на 50-80-я гады. Цэлыя тры дзесяцігоддзі камедыі Макаёнка ўзрушвалі душы гледачоў не толькі ў Беларусі, але і на абшарах усяго былога Савецкага Саюза - ад Камчаткі і Сахаліна да Прыбалтыкі і Закарпацця, а таксама ў некаторых іншых краінах свету. А па такім паказчыку, як колькасць тэатраў, што ставілі ягоныя п'есы, Макаёнак у нас абсалютны чэмпіён, бо, напрыклад, яго камедыя «Выбачайце, калі ласка!» у гэтых адносінах абагнала і славутую купалаўскую «Паўлінку», і неўміручы крапівінскі твор «Хто смяецца апошнім». Толькі за межамі Беларусі «Выбачайце, калі ласка!» к пачатку 70-х гадоў паставілі 125 тэатраў (звесткі А. Сабалеўскага). А трагікамедыю Макаёнка «Трыбунал» «уключалі ў свой рэпертуар звыш 160 тэатраў, не лічачы самадзейных калектываў»,— зазначае С. Лаўшук, які мае на ўвазе і беларускія пастаноўкі гэтага твора. I. Шамякін сцвярджае, што Макаёнак сярод беларускіх драматургаў увогуле «першы выйшаў на сцэну еўрапейскіх краін».

Па характару свайго вельмі арыгінальнага таленту Макаёнак — камедыёграф. Ён сам гэта добра ўсведамляў і неаднаразова падкрэсліваў, што ўмее пісаць толькі камедыі. Натуральна, што творы з ярка выяўленым камедыйным і вострасатырычным пачаткам яму ўдаваліся найбольш. Але смех Макаёнка, ягоная сатыра ніколі не зводзіліся знарок да пацяшальніцтва ці павярхоўнага зубаскальства, хаця драматургу такі закід час ад часу і рабіўся. Яны не мелі на ўвазе і голае адмаўленне, а натхняліся грамадскімі ідэаламі, скіроўваліся ў канчатковым выніку на мэты стваральныя. «Сатырык, камедыёграф — самая патрыятычная прафесія. Усё, што перашкаджае нам жыць, дыхаць, працаваць,— атакуе сатыра»,— з палемічным запалам сцвярджаў драматург, бо быў перакананы: «Нішто так ачышчальна не дзейнічае, як смех, гумар, калі яны накіраваны на карысць грамадства, усталёўваюць чалавечую годнасць».

Ён і сам вызначаўся чалавечай высакароднасцю і схільнасцю да гумару не толькі ў сваіх творах, але і ў практычным побыце, яўна адрозніваючыся ў гэтых адносінах ад многіх прызнаных сатырыкаў, якія ў звычайным жыцці смяюцца вельмі рэдка, як быццам баючыся дачасна растраціць запас смеху, неабходны для творчасці. Макаёнак не баяўся. Ён здзіўляў маштабнасцю сваёй асобы, шчодрасцю чалавечай натуры, што выяўлялася і ў размашыстасці яго дабрыні, і ў схільнасці не толькі да літаратурнай творчасці, але і да жывапісу або да разьбы па дрэву, і ў захапленні акцёрствам, нават своеасаблівым скамароствам, якое штурхала яго да шырока вядомых у пісьменніцкім асяроддзі жартаў і розыгрышаў.

У Макаёнка, сведчыць I. Шамякін у дакументальнай «Аповесці пра сябра», «была незвычайная прага да жыцця, ён як бы спяшаўся жыць, і ў маладзейшыя гады яго хапала на каханне, на застолле, на жарты, дасціпныя розыгрышы, на падарожжы, рыбалку, прэферанс — на ўсё, дзе можна было павесяліцца, пасмяяцца і пагутарыць сур'ёзна, хоць не было такой сур'ёзнай размовы, якую ён не аздобіў бы, не ўпрыгожыў камічным расказам ці камічнай рэплікай».

Ягоная праца ў галіне сатырычнай камедыяграфіі прыпадае на тыя часы ў нашай гісторыі, калі гучна абвяшчалася, што нам патрэбны Гогалі і Шчадрыны, а на самой справе сапраўдная сатыра была пад вялікім падазрэннем і прабівалася да чытача і гледача з неймавернымі цяжкасцямі, насуперак шматлікім забаронам і жорсткім рэгламентацыям. Таму сатырыкі, якія не жадалі ператварацца ў простых пацяшальнікаў ці своеасаблівых алілуйшчыкаў, мусілі звяртацца да так званай эзопавай мовы (тэарэтыкі вызначаюць яе як мову намёкаў і недагаворак), пры якой вельмі многае заганяецца ў падтэкст, але робіцца гэта такім чынам, каб той падтэкст быў зразумелым для праніклівага чытача і гледача.

Ад неабходнасці выкарыстоўваць і эзопаву мову Макаёнак, вядома, моцна пакутаваў. Пра гэта сведчаць ягоныя дзённікавыя запісы, апублікаваныя толькі пасмяротна, ужо ў часы гарбачоўскай галоснасці. Вось адзін з іх: «Трэба б вырваць Эзопу язык! Абцугамі вырваць! Каб не засталася нам у спадчыну гэтая эзопаўская мова!!! Мова паўпраўды, мова паўілжы, мова трусасці, мова маскіроўкі».

Але сам ён быў віртуозным майстрам іранічных перыфразаў, загнаных у падтэкст з'едлівых намёкаў і шматзначных недагаворак. Гэта, побач з іншымі прыёмамі, здаўна вядомымі ў камедыяграфіі, але кожны раз выкарыстанымі па-свойму, дазволіла стварыць цэлы шэраг яркіх і маштабных камедыйных і ўласна сатырычных характараў, на якіх трымаюцца яго разлічаныя на доўгае жыццё творы, што сталі з'явай у драматургіі 50—80-х гадоў і захоўваюць (у той ці іншай меры) сваё значэнне для сённяшніх і, можна спадзявацца, будучых пакаленняў.

Заслугі Макаёнка перад нашай культурай шырока прызнаны. Яны адзначаны званнем народнага пісьменніка Беларусі, якое было прысвоена драматургу ў 1977 годзе.


* * *

Нарадзіўся Андрэй Ягоравіч Макаёнак 12 лістапада 1920 года ў вёсцы Борхаў Рагачоўскага раёна. Скончыў сярэднюю школу ў Журавічах, там жа працаваў масавіком у Доме культуры. Восенню 1939 года быў прызваны ў армію. Удзельнічаў у Айчыннай вайне. У складзе феадасійска-керчанскага дэсанта, лёс якога аказаўся трагічным, атрымаў цяжкое раненне. Пагражала ампутацыя абедзвюх ног, бо ўрачы палявога шпіталя западозрылі гангрэну. Але Макаёнак ад ампутацыі катэгарычна адмовіўся. Паспрыяў доктар Бугаенка, які, парушыўшы ўрачэбную этыку, паведаміў хлопцу, што гангрэны, на яго думку, пакуль няма. Медыкаў, якім было загадана рабіць аперацыю насуперак жаданню пацыента, Макаёнак напалохаў трафейным пісталетам. А тут падаспела шчаслівая выпадковасць. «Лётчыкі забралі з нямецкага тылу параненага камандзіра партызанскага атрада, паляцелі назад, і ў іх як быццам бензін канчаўся. Яны і селі для запраўкі. А начальства шпітальнае вырашыла мяне з імі адправіць»,— згадваў драматург ужо на схіле сваіх дзён.

Так ён выбраўся з Крыма і трапіў, як тады казалі, на Вялікую зямлю — у Краснадар, а потым у Баку, Нахічавань і Тбілісі, ажно на пяць месяцаў шпітальнага жыцця са шматлікімі аперацыямі, якія рабіліся без наркозу, бо Макаёнак баяўся, каб ногі яму усё ж не адрэзалі. Іх урэшце ўратавалі. Вось што значыць праявіць у крытычную хвіліну байцоўскія якасці, якія шмат разоў выручалі Макаёнка і ў пісьменніцкім жыцці, у барацьбе за свае творы, калі на іх замахваліся чыноўныя перастрахоўшчыкі і зацятыя абаронцы крывадушнай сістэмы дзяржаўнага таталітарызму. Нездарма ж драматург казаў, што праца для тэатра «патрабуе конскага здароўя і буйвалавых нерваў».

Ды да гэтай працы было яшчэ далекавата. А тады, у 1942 годзе, прызнанаму непрыгодным для вайсковай службы і таму звольненаму з армейскіх шэрагаў хлопцу давялося думаць, як жыць далей. Адзін год Макаёнак быў ваенруком у Акаурцкай школе ў Грузіі. Педагагічнай падрыхтоўкі ён не меў, калі не лічыць некалькіх месяцаў вучобы ў Рагачоўскім педтэхнікуме пасля сямігодкі яшчэ да вайны. А тут трэба было вучыць ваеннай справе грузінскіх і азербайджанскіх дзяцей (азербайджанцы ў сяле пераважалі), якія дрэнна ведалі рускую мову. Прыйшлося самому настаўніку асвойваць нялёгкія для славян мовы, каб знайсці належны кантакт са сваімі выхаванцамі. I Макаёнак як быццам справіўся з гэтай задачай. Як піша I. Шамякін у згаданай ужо дакументальнай аповесці, заваяваў добры аўтарытэт не толькі ў вучняў, але і ў дарослых мясцовых жыхароў. I яны «праз год праводзілі яго дадому, на вызваленую Гомельшчыну, як роднага сына».

На канчаткова спустошанай фашысцкім нашэсцем радзіме спачатку зноў была праца ў школе, вельмі непрацяглая, а потым у райкоме камсамола ў Журавічах, а яшчэ — вучоба на курсах прапагандыстаў, з якіх хлопца накіравалі ў Гродна. Там ён стаў другім сакратаром гаркома камсамола.

Горад Макаёнку спадабаўся. Ен быў менш разбураны, чым іншыя гарады Беларусі. I жыццё там было больш уладкаванае. «Вядома, у Гродна значна лепш, чым у іншых гарадах. На базары дзешавей, чым дзе-небудзь... Ды яшчэ не трэба забываць, што горад пагранічны, а ў пагранпаласе заўсёды ўмовы былі значна лепшыя»,— падкрэсліваў Макаёнак у адным з тагачасных лістоў.

Праўда, у вясковых раёнах Гродзеншчыны зрэдку пастрэльвалі ўдзельнікі антысавецкага падполля, на барацьбу з якім прыцягваўся і камсамольскі актыў, у тым ліку гаркомаўскія сакратары. Але Макаёнка гэта не палохала.

I ўсё ж ён даволі хутка пакінуў Гродна і зноў падаўся бліжэй да родных мясцін — трэба было дапамагаць маці карміць ладную сям'ю: трох малодшых сыноў, адзін з якіх быў яшчэ зусім малы (нарадзіўся ў 1941 годзе), і ўнука, які застаўся без бацькоў праз два тыдні пасля нараджэння.

На гэты раз Макаёнак знайшоў працу ў Магілёве, дзе стаў загадчыкам парткабінета чыгуначнага вузла. Як сцвярджае I. Шамякін, «адзінае з-за ліцернага пайка. Кожную нядзелю вазіў гэты паёк — цукар, тлушчы — дадому дзецям. А сам еў адзін раз у дзень — у абкомаўскай сталоўцы».

У 1946—1947 гадах Макаёнак працаваў памочнікам сакратара Журавіцкага райкома партыі. У друкаванай літаратуры сцвярджаецца, што гэтая праца была для Макаёнка вельмі карыснай, бо давала магчымасць знаёміцца з самымі складанымі праблемамі жыцця. Але сам ён быў далёка не ў захапленні ад таго, што даводзілася рыхтаваць «шпаргалкі для чужых дакладаў».

Нейкі час пабыў Макаёнак і на пасадзе народнага суддзі, хоць зноў жа не меў ні юрыдычнай адукацыі, ні схільнасці да гэтай прафесіі. Асабліва бянтэжыла яго, што дзеля выканання жорсткіх прадпісанняў улады трэба было «дубасіць дубінкай у сваім гняздзе», за самыя дробныя правіннасці няўмольна караць шматпакутных землякоў.

А да ўсяго хлопцу хацелася атрымаць сур'ёзную адукацыю. I ён выбраў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ, бо там была добрая стыпендыя — «разы ў чатыры большая, чым у любым інстытуце». Палову яе Макаёнак аддаваў «маці, каб падтрымліваць братоў і пляменніка» (Шамякін).

Скончыўшы гэтую навучальную ўстанову, Андрэй Ягоравіч на партыйную работу не пайшоў, а стаў журналістам і на працягу 1949—1953 гадоў працаваў у сатырычным часопісе «Вожык», загадваў там аддзелам прозы. «Гэта была вялікая школа, дзе адточвалася пяро. Я вывучыў геаграфію рэспублікі, яе «глыбінкі» ў шматлікіх камандзіроўках»,— падкрэсліваў ён, ужо стаўшы вядомым драматургам.

Пачалася ягоная літаратурная праца з дзённікаў, якія Макаёнак, насуперак афіцыйнай забароне, вёў у гады вайны, з розных замалёвак, псіхалагічных абразкоў і эцюдаў, дыялагізаваных сцэнак і нататак, якія пры жыцці пісьменніка не друкаваліся, а таксама з прызначаных для «Вожыка» гумарэсак і фельетонаў, якім папярэднічалі аднаактовыя п'есы і іншыя драматычныя творы. Яны, за рэдкім выключэннем, не вельмі вылучаліся ў агульным патоку тагачаснай лакіровачна-афіцыёзнай літаратуры. Але ўсё ж некаторыя з іх прэміраваліся на рэспубліканскіх конкурсах. Прэмію атрымала самая першая Макаёнкава адкаактоўка «Добра, калі добра канчаецца», напісаная ў 1945 годзе. Потым яна трапіла і ў друк. А 13 ліпеня 1946 года яе апублікавала газета «Чырвоная змена».

Гэта было першае друкаванае выступленне пісьменніка. У 1951 годзе выйшла першая кніга драматурга, якую склалі таксама аднаактоўкі «Перад сустрэчай» і «Жыццё патрабуе».

На прафесійную сцэну Макаёнак упершыню прабіўся з паўнаметражнай п'есай «На досвітку», якая датуецца 1951 годам. Як сведчыць украінскі драматург М. Зарудны, гэтую п'есу хвалілі М. Пагодзін і Л. Ляонаў. У 1952 годзе яе паставіў на сцэне славутага тэатра імя Я. Купалы рэжысёр К. Саннікаў, вядомы сваёй увагай да нацыянальнай драматургіі і маладых талентаў. П'еса прысвячалася паказу таго, як кепска жывецца французскім працоўным і як настойліва яны змагаюцца за мір, пратэстуючы супраць амерыканскага засілля ў краіне.

Сярод герояў твора — уладальнік станкабудаўнічага завода Дзюрвіль, які думае нажыцца на выкананні ваеннага заказу, пранырлівы амерыканец Джонсан, які сімвалізуе згубны ўплыў заакіянскіх бізнесменаў на буржуазную Францыю, дачка Дзюрвіля Жанна, якая з гучнымі словамі праклёну адмаўляецца ад багатага бацькі і далучаецца да абаронцаў міру, здрадлівы сацыяліст Шэвалье, пададзены так, як у нашай літаратуры некалі маляваліся бесхрыбетна-згодлівыя ў сваім прыслужніцтве эксплуататарам меншавікі, добрыя, прынцыповыя і ва ўсім беззаганныя камуністы, самаахвярныя рабочыя і мужныя прадстаўнікі беспрацоўных, пакалечаны ў час бруднай в'етнамскай вайны інвалід, які таксама становіцца актыўным барацьбітом за мір, і іншыя персанажы. Яны адрозніваюцца партыйнай прыналежнасцю і палітычнымі поглядамі, але амаль не маюць псіхалагічнай змястоўнасці, той мастацкай выразнасці, калі за сцэнічнымі персанажамі паўстае рэальнае жыццё з яго стракатай непаўторнасцю. Шматфарбная канкрэтыка жыцця падменена ў п'есе «На досвітку» звыклымі для нашай тагачаснай прапаганды штампамі на міжнародную тэму.

I гэта было непазбежным, бо Макаёнак тады яшчэ не ведаў ні рэальнай Францыі, ні сапраўднай Амерыкі. 3 цягам часу ён аб'ездзіць мноства краін свету, пабудзе ў Балгарыі і Югаславіі, у Венгрыі і Румыніі, Фінляндыі і Італіі, Манголіі і В'етнаме, Алжыры і Гане, на Кубе і ў ЗША, а за год да смерці — і ў той жа Францыі. А ў 1951 годзе, калі пісалася п'еса «На досвітку», нічога гэтага яшчэ не было. I натуральна, што жыццё французаў маладому драматургу прыйшлося «сачыняць» па матэрыялах газетчыкаў, якія таксама жывой рэальнасцю сваіх чытачоў не балавалі. Вось чаму сёння мала хвалюе дасведчаных людзей даволі моцна закручаны, дынамічны ў сваім разгортванні сюжэт п'есы, а рэдкія ўсплёскі гумару, якія ёсць у творы, не гучаць пасапраўднаму. Яны ўвогуле маюць не французскае, а наша, беларускае, паходжанне і таму слаба працуюць на выяўленне характараў французаў, іх, як цяпер кажуць, ментальнасці.

Зрэшты, Макаёнак і сам добра бачыў хібы сваёй п'есы і ацэньваў яе даволі скептычна. Яна атрымалася «сухаватай, дыдактычнай», з мноствам агрэхаў, зазначаў драматург і яшчэ дадаваў: «3 майго боку гэта, чэсна кажучы, было нахабства». Так ён ацаніў тое, што ўзяўся пісаць пра Францыю, добра не ведаючы яе.

Затое пісьменнік застаўся назаўсёды ўдзячны К. Саннікаву і калектыву тэатра. «Я сустрэўся,— прыгадваў ён ужо ў 1978 годзе,— з вельмі таленавітым рэжысёрам і добрым чалавекам К. Саннікавым, творчае супрацоўніцтва з якім дало мне надта многа. Ён умеў працаваць з аўтарамі, мог беспамылкова вызначыць і схільнасці, і здольнасці іх. Асабіста мне, тады яшчэ зялёнаму пачаткоўцу, К. Саннікаў адкрыў многія прафесійныя сакрэты сцэны».

Настойліва спасцігаў Макаёнак і сакрэты пісьменніцкага майстэрства. Яшчэ ў час вучобы ў Мінску ён, па ягоных словах, «перачытаў усю камедыйна-сатырычную літаратуру ад Арыстафана да Крапівы», у другой фармуліроўцы — «ад Еўрыпіда да Пагодзіна». Шэкспір, Сервантэс, Гогаль, Катлярэўскі, Астроўскі, Салтыкоў-Шчадрын і зноў жа К. Крапіва — такія імёны называў драматург вьлучаючы тых славутых мастакоў, у якіх ён вучыўся, «як трэба пісаць».

Асабліва шмат даваў яму менавіта К. Крапіва, у якога Макаёнка, таксама па ягоным прызнанні, вабілі вобразнасць роднай мовы, уменне «бачыць праблему з усіх бакоў», ствараць маштабныя сатырычныя характары, узрошчаныя на нацыянальнай глебе.


* * *

Вельмі актыўная праца ў гэтым кірунку і новы зварот да беларускай рэчаіснасці, да вясковага жыцця, якое драматург тады ведаў найлепш, хутка далі бліскучы вынік, нарадзіўшы, бадай, самы папулярны ў нас ягоны твор — сатырычную камедыю «Выбачайце, калі ласка!».

Поспех гэтага твора, завершанага ў 1953 годзе, быў незвычайным. Праўда, прыйшоў ён не адразу. Больш таго, у маскоўскай прэсе рыхтаваўся разгром п’есы як ідэйна заганнай. Але памёр Сталін, у грамадстве адчуліся першыя павевы свежага ветру перамен. I падрыхтаваны ўжо разносны артыкул не пабачыў свету, а Макаёнкава камедыя пачала сваё трыумфальнае шэсце па тэатрах краіны. Шырока вядомы цяпер той факг, што папулярны ў свой час драматург М. Пагодзін, які тады быў галоўным рэдактарам часопіса «Театр», азнаёміўшыся з п'есай, «убачыў падтэкст, закладзены ў ёй» (Макаёнак), і загадаў зняць з ужо звярстанага нумара нейкі іншы твор ды паставіць на яго месца «Выбачайце, калі ласка!» (у рускім перакладзе п'еса мела назву «Камні ў печані»).

Асабліва вялікім быў поспех камедыі на купалаўскай сцэне. Галоўныя ролі ў гэтым спектаклі, на які людзі ішлі, як на свята, выконвалі такія славутыя нашы акцёры, як Г. Глебаў, Б. Платонаў, У. Дзядзюшка, Л. Ржэцкая. I іх заўсёды з удзячнасцю згадваў драматург, калі гаварыў пра сцэнічны лёс сваіх твораў. У эпізадычнай ролі выступала Г. Макарава, вялікі акцёрскі талент якой па-сапраўднаму ацаніў менавіта Макаёнак. Ён потым дамагаўся для яе ўжо галоўных роляў (а часам і пісаў іх з разлікам на гэтую актрысу) у сваіх п'есах «Лявоніха на арбіце», «Трыбунал», «Таблетку пад язык», «Кашмар».

Сёння ўспрымаецца як легенда і тое, з якой актыўнасцю рэагавалі гледачы на падзеі, што адбываліся ў спектаклі. «У адным з сельскіх клубаў,— сведчыў тэатральны крытык і блізкі сябра драматурга Г. Колас на старонках «Литературной газеты»,— як толькі закончыўся спектакль (ігралі артысты Беларускага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы), калгаснікі вырашылі правесці не то сход, не то дыскусію па пастаноўцы. Спрачаліся, шумелі і —знялі свайго старшыню за тое, што ён быў падобны на старшыню Гарошку з Макаёнкавай п'есы. Вызваленую пасаду прапанавалі... выканаўцы ролі перадавой калгасніцы Ганны Чыхнюк» (яе іграла Ржэцкая).

Вызначальнай вартасцю сапраўднай літаратуры заўсёды была яе глыбінная праўдзівасць, якая можа дасягацца самымі рознымі прыёмамі і стылёва-выяўленчымі сродкамі. Макаёнак гэта добра разумеў. Яшчэ ў 1946 годзе ў адным са сваіх лістоў ён напісаў: «Я, брат, абедзве рукі падымаю за праўдзівасць у літаратуры. Праўдзівасцю ніхто не павінен грэбаваць, калі ён хоча, каб яго паважалі як сумленнага грамадзяніна ў літаратуры».

Але ў таталітарных грамадствах, дзе літаратура і мастацтва вымушаны абслугоўваць сістэму дзяржаўнага панавання над чалавекам, якраз праўдзівасць звычайна і прыносіцца ў ахвяру. Макаёнак, як і іншыя савецкія пісьменнікі, якія не належалі да іншадумцаў і тады актыўна друкаваліся, таксама адчуваў моцны ціск у гэтых адносінах. I не заўсёды яму ўдавалася пераадолець афіцыёзныя ўстаноўкі, скіраваныя на заціск праўды. Аднак у камедыі «Выбачайце, калі ласка!» ён здолеў выйсці на такую праблематыку, праз якую галоўныя беды нашага жыцця высвечваліся вельмі наглядна і пераканальна.

Вядома, калі браць адно знешні падзейны план твора, дык пісьменнік выкрываў толькі прыпіскі ў такой справе, як збожжанарыхтоўкі. Але па тых часах гэта была вельмі небяспечная, здавалася, недатыкальная тэма. «Прызнаюся, нават мне стала страшна — за Андрэя! На што замахнуўся!» — згадваў I. Шамякін ужо ў 80-я гады. А ў Макаёнкавай камедыі быў яшчэ і падтэкст. I ён аказаўся настолькі глыбокім, што яго належным чынам можна ацаніць толькі цяпер.

Зразумела, Макаёнак ніколі не ставіў пад сумненне сам калгасны лад, хаця многія яго заганы бачыў выразна. Так, у лісце да пісьменніка А. Кулакоўскага, напісаным у 1946 годзе, ён паведамляў, што ў Журавіцкім раёне з 71 калгаса толькі ў 13 хоць нешта выдалі на працадзень, а ў пачатку 60-х гадоў занатаваў у дзённіку наступны шматзначны дыялог, апублікаваны толькі пасмяротна: «— Як у вас справы ў калгасе? / — Як на Ту-1047 — ???/ — Адзін вядзе, а ўсіх ванітуе».

Не адмаўляў ён цалкам, катэгарычна і савецкіх парадкаў, хаця добра бачыў, якую шкоду краіне прыносіла грубае самавольства яе кіраўнікоў у палітыцы і эканоміцы, іх нежаданне лічыцца з аб'ектыўнымі законамі грамадскага развіцця. Пра гэта таксама ёсць дзённікавыя запісы, якія датуюцца 1956 годам, але ў друк трапілі зноў жа толькі пасля смерці пісьменніка.

Ды ні ў камедыі «Выбачайце, калі ласка!», ні ў іншых сваіх творах пісьменнік не замахваўся на партыйна-дзяржаўную сістэму, якая панавала ў Савецкім Саюзе і ўрэшце прывяла яго да поўнага краху. I справа была не толькі ў цэнзурных абмежаваннях, але і ў тым, што Макаёнак з дзяцінства выхоўваўся ў прававернай савецкай сям'і. Яго бацька, па словах Г. Коласа з вельмі цікавай, насычанай багатым фактычным матэрыялам кнігі даследчыка «Аўтографы Андрэя Макаёнка» (Мн., 1991), быў «адданы рыцар калектывізацыі, партыец з ног да галавы». Калі пачалося раскулачванне, ён упершыню напіўся, так пратэстуючы «супраць высылкі некаторых сем'яў» (Шамякін). Пратэст быў маўклівы і за занавешанымі вокнамі. Аднак пра яго ўсё роўна стала вядома. I чалавека выключылі з партыі і пасадзілі». Вярнуўшыся са зняволення, ён працаваў ужо радавым калгаснікам (раней узначальваў калгас і потым сельсавет), а ў вайну за сувязь з партызанамі быў расстраляны гітлераўцамі.

Сам Андрэй Макаёнак на вайне быў ротным палітруком і ўжо ў 1977 годзе напісаў: «Належу да партыі камуністаў. Па пераконанні». Дык ці трэба здзіўляцца, што гэткі чалавек на самую сістэму не замахваўся і замахвацца не мог? Ён шчыра лічыў, што выкрывае толькі некаторыя яе заганы, ад якіх яна можа пазбавіцца, не знішчаючы самую сябе. Але фактычна пад агонь сатырыка трапілі карэнныя недахопы нашага грамадскага ладу, тыя, без якіх ён не мог існаваць.

Найбольшая небяспека для нармальнага грамадства, слушна меркаваў Макаёнак,— «разыходжанне паміж словам і справай». I яшчэ ягоная ж думка: «Самае страшнае ў чалавеку — падхалімаж. Прынцып «што загадаеце?» — агідны, таму беспрынцыповы. Адсюль і ашуканства, і прыстасавальніцтва, і ў рэшце рэшт падман. Адсюль і тварцы мноства папер, дутых малочных рэк. Іх неабходна судзіць усенародным трыбуналам».

Такі суд над нашым тагачасным грамадствам і творыць Макаёнак сваёй камедыяй «Выбачайце, калі ласка!». Змагаючыся на першы погляд толькі супраць недарэчнасцей у калгасных хлебапастаўках, драматург, сам таго выразна не ўсведамляючы, на самой справе ўдарыў па галоўных падвалінах нашай таталітарнай сістэмы, бо высмеяў тое, на чым яна трымалася,— паказуху і падман, якімі было пранізана афіцыйнае жыццё ад верху да нізу.

Такім чынам, маштабныя сатырычныя вобразы, намаляваныя ў камедыі, сказалі значна больш, чым гэта ўяўлялася самому аўтару. Такая сіла мастацкага абагульнення, мастацкай праўды, здабытай з глыбінь жыцця неардынарным пісьменніцкім талентам.

Асабліва маштабным і па-мастацку выразным атрымаўся ў камедыі сатырычны вобраз Каліберава, які ў рэальным жыцці меў шматлікіх прататыпаў. Два з іх, добра вядомыя Макаёнку хутчэй за ўсё па працы ў Журавіцкім райкоме партыі, сталі апорай для пісьменніка пры стварэнні гэтага персанажа. Аднаго з тых знаёмцаў, прыгадваў драматург, «звалі Сцяпанам Васільевічам, а другі меў прозвішча Калібераў. Я прыклаў да прозвішча аднаго імя і імя па бацьку другога і... Абодва прататыпы былі падобныя ў здатнасці да краснабайства, дэмагогіі, у імкненні прарвацца да славы, у кар'ерызме. Праўда, і адрозненні нейкія мелі. Адзін быў просталінейны і напорысты, удачлівы да пары да часу, а другі — ціха і ніцавата, па-машэнніцку лез у папяровыя перадавікі і ўсё прыглядаўся, прымерваўся — на каго зваліць віну ў выпадку выкрыцця яго махінацый».

У тыпізаваным вобразе макаёнкаўскага Каліберава напорыстасць і хітраванне, запазычаныя ў розных прататыпаў, выдатна спалучыліся, сталі арганічнымі рысамі персанажа.

Напорыстасць Каліберава падмацоўваецца яго становішчам, бо Сцяпан Васільевіч на час дзеяння ў творы аднаасобна камандуе цэлым раёнам. Праўда, тут драматург пайшоў на пэўную ўмоўнасць, бо, згодна п'есы, Калібераў узначальвае райвыканком, а, як вядома, паўната фактычнай улады тады была ў першага сакратара райкома партыі. Макаёнак не рызыкнуў непасрэдна зачапіць партнаменклатуру, няхай і на раённым узроўні, і таму паслаў партыйнага бога (у п'есе гэта пазасцэнічны персанаж Макар Сямёнавіч) на лячэнне, пакінуўшы гаспадаром у раёне менавіта Каліберава. Нездарма ж той так любіць казыраць: мой раён, «у маім раёне я за ўсё адказваю».

Словам, перад намі не дробная пешка ў камандна-адміністрацыйнай сістэме, а, як падкрэслівае і прозвішча, персона значнага калібру. Намінальна персона, па рэальнай уладзе, сканцэнтраванай у ягоных руках. На самой жа справе Калібераў — пусты і нікчэмны балбатун, а яшчэ прыстасаванец, гатовы дзеля кар'еры на ўсё. Ён не мае ні сур'ёзнай агульнай адукацыі, ні спецыяльнасці, ні арганізатарскіх талентаў. А таму ўся яго бурная дзейнасць па кіраўніцтву раёнам зводзіцца да пасяджэнцкай мітусні і голага адміністрацыйнага націску.

Вось як сам Калібераў расказвае заезджай карэспандэнтцы пра сваю працу з людзьмі, якая нібыта і забяспечыла поспех, вядома, уяўны: «Спачатку склікалі сесію райсавета, потым сход райпартактыву, а райком камсамола — раённы сход камсамольскага актыву. Пасля райвыканком сумесна з райкомам партыі правялі нараду старшынь сельсаветаў, потым — нараду старшынь калгасаў, брыгадзіраў і рахункаводаў. Затым — семінар сакратароў партарганізацый, семінар агітатараў. Па лініі аддзела прапаганды і рэдакцыі райгазеты правялі нараду селькораў і рэдактараў насценгазет. Па лініі аддзела культустаноў — нараду загадчыкаў клубаў і сельскіх хат-чытальняў... А потым у кожны калгас паслалі ўпаўнаважанага райкома і райвыканкома... Ага, ледзь не забыў. Яшчэ правялі злёт механізатараў».

Карціна проста жахлівая, хоць Калібераў пра гэта і не здагадваецца. Але яна не вельмі шаржыраваная, бо метады партыйнай і адміністрацыйнай накачкі сапраўды шырока практыкаваліся ў таталітарнай дзяржаве. Ды і сення яны не адышлі ў нябыт – па іх яўна сумуюць нешы кіраўнікі самых розных рангаў. І не толькі сумуюць, але робяць шмат захадаў, каб адрадзіць многае з ранейшай практыкі.

Пасяджэнцкая мітусня дапаўняецца ў Каліберава бясконцымі пагрозамі і грубым запалохваннем падначаленных. “ Не зробіш – дух вон, жылы на тэлефон”, “ Я цябе ў парашок сатру!”, “Такі сабантуй арганізую, што моташна стане”, “Гайкі трэба тужэй закручваць сваім работнічкам” – вось звыклая для Сцяпана Васільевіча лексіка, якая таксама дае яскравае ўяўленне пра стыль ягонага абыходжання з людзьмі.

Дарэчы, у гэтых адносінах ен падобны на Гарлахвацкага з камедыі «Хто смяецца апошнім» К. Крапівы. Прычым падабенства тут не звязана з перайманнем. Яно мае пераважна тыпалагічны характар, абумоўлена тым, што абодва сатырыкі стваралі вобраз невука, няздатнага прафесійна, кампетэнтна-дзелавіта займацца канкрэтнай справай. Стваралі кожны па-свойму, ідучы ад жывой рэчаіснасці савйго часу, якую і Крапіва і Макаёнак ведалі выдатна.

А. Семяновіч у сваей кнізе «Гісторыя беларускай савецкай драматургіі: 1917-1955 гады» ( Мн., 1990) сцвярджае, што «герой А. Макаёнка не толькі просталінейны і нахабны, як герой К. Крапівы, хаця абодва яны невукі і кар'ерысты, выпадкова трапіўшыя на адказныя пасады. Калібераў у параўнанні з Гарлахвацкім значна хітрэйшы і спрытнейшы, адмыслова ўмее карыстацца камуфляжам, таму яго двудушніцкую сутнасць, сапраўдны воблік чыноўніка-бюракрата нялегка распазнаць». Думаецца, што гэта вельмі недакладныя сцвярджэнні. А ў дадатак да ўсяго яны часткова паўтараюць раней выказаннае меркаванне Я. Усікава, які ў кнізе «Андрэй Макаёнак» (Мн., 1984) спачатку адзначыў, што ў Гарлахвацкага і Каліберава «сродкі адны: запалохванне, шантажыраванне, ашуканства», а потым працягваў: «Праўда, Калібераў хітрэйшы, асцярожнейшы, танчэйшы ў параўнанні з Гарлахвацкім. Гарлахвацкі – больш просталінейны, нахабны». Гэтую апошнюю думку побач са сваімі ўласнымі разважаннямі і паўтарае Семяновіч. Але дарэмна. Бо і хітрасці, і спрыту, як і ваяўнічай дэмагогіі, нахрапістасці, агрэсіўнай наступальнасці хапае ў абодвух персанажаў. Пераважна на гэтым яны і трымаюцца, гэтым неяк кампенсуюць сваё невуцтва і некампетэнтнасць. Розніца ж тут у канкрэтных формах праяўлення гэтых рысаў. Яны, тыя формы, залежаць ад часу (Усікаў згадвае пра гэта), вызначаюцца ім і таму ў Гарлахвацкага і Каліберава розныя, як, вядома, не тоеснае і псіхалагічнае напаўненне характараў, індывідуальнае аблічча персанажаў, якое фармуецца адметнасцю спалучэння тыпалагічна блізкіх якасцей.

Але абодва «героі», застаючыся адметнымі як індывідуумы, па сваей сацыяльнай сутнасці вельмі блізкія, бо гэта дзве разнавіднасці аднаго з галоўных, карэнных тыпаў, народжаных савецкім жыццем, тым часам, калі пад размовы аб нябачнай культурнай рэвалюцыі менавіта напорыстыя невукі, маральна непераборлівыя, але ўчэпістыя і зубастыя, ішлі да кар'ерных вышынь не спыняючыся ні перад чым. Так што пра выпадковасць у тым, што такія тыпы траплялі наверх, гаварыць не выпадае. Час, афіцыйная палітыка новай улады з яе арыентацыяй, фігуральна кажучы, на «кухарчыных дзяцей» – розных выскачак і люмпенізаваных прайдзісветаў, бальшавіцкая авантурыстычнасць у сацыяльным пражэкцерстве давалі перспектыву, надзейна расчышчалі дарогу такім тыпам. І бяда была не ў тым, што іх, гэткіх нахрапістых малойчыкаў з «правільнай» фразеалогіяй і паказной адданасцю, цяжка было распазнаць, а ў тым, што, дарваўшыся да ўлады, малой ці вялікай, яны жалезнай хваткай трымаліся за яе, душачы ўсе сумленнае і разумнае. Паўтару, што стваральных практычных спраў і гарлахвацкія, і каліберавы рабіць не ўмеюць, затое майстэрствам дэмагогіі валодаюць выдатна. Відаць, гэтае майстэрства да пары да часу ратавала Каліберава.

Праўда, ен усе ж праваліўся ў Мінску, дзе займаў высокую пасаду, і цяпер перакінуты ў раен, але не траціць надзеі зноў вярнуцца ў які-небудзь зацішны сталічны кабінет. Вось і хітруе Калібераў, як можа, любой цаной імкнецца паправіць сваю кіраўніцкую рэпутацыю, не грэбуючы і звычайным махлярствам. Ды яшчэ і выдае сябе за вельмі прынцыповага чалавека, які заклапочаны справай.

Бліскуча паказана ў камедыі прытворства Каліберава, тое, што ен, напрыклад, адразу здагадваецца пра сэнс махінацыі з пустымі квітанцыямі замест здадзенага збожжа, якую прапанаваў падначалены яму хітрун Моцкін, дае фактычную згоду на гэтую махінацыю, але робіць выгляд, што не бачыць падману, каб у выпадку правалу застацца чысценькім і, больш таго, нажыць пэўны капітал на выкрыцці сваіх жа хаўруснікаў.

Пераканальна адлюстраваў Макаёнак і тое, што на круцельства з ліпавымі квітанцыямі герояў камедыі падштурхоўвала абсурднасць тагачасных дзяржаўных патрабаванняў, згодна з якімі самай галоўнай задачай (першай запаведдзю) лічылася не сама ўборка ўраджаю, а як мага хутчэйшае, лепш за ўсе датэрміновае, выкананне абавязковых паставак, нават калі гэта рабілася з яўнай шкодай для самых неадкладных работ у полі.

Пры нармальнай эканоміцы гэткі абсурд увогуле не патрэбны. У нас жа ён некалі быў непарушным законам. I трэба было, як падкрэсліваў I. Шамякін, «быць рызыкоўна смелым», каб замахнуцца на яго. Макаёнкаўскія героі, тыя, што і сапраўды думаюць пра справу, замахваюцца, спрабуючы пярэчыць самому Калібераву. На ягоныя словы: «Наша галоўная задача — у першую чаргу разлічыцца з дзяржавай» адна з калгасніц слушна заяўляе: «Я так разумею, таварыш Калібераў. Галоўная задача — у першую чаргу добры ўраджай вырасціць, а потым сабраць яго так, каб ніводнае зярнятка не прапала. Тады і з дзяржавай разлічымся. Мы свой доўг помнім. I калгаснікам трэба за сваю працу атрымаць і на лета каб было што пасеяць. А не так, як ён [калгасны старшыня робіць]. Авёс яшчэ не паспеў, грэчка толькі цвіце, а яны стараюцца жытам ды пшаніцай здаць дзяржаве і за грэчку і за авёс. А сеяць што будзем? Назад будзем вазіць з дзяржаўных складоў? Туды-сюды зярно возім, людзей тузаем, коней ганяем. Гэта па-гаспадарску?! У людзей жа работа з рук валіцца, калі бачаць такое кіраўніцтва».

Гэта адзін з ключавых маналогаў п'есы, у якім выразна адлюстравалася і аўтарская вельмі чалавечная пазіцыя. Належыць ён Ганне, якая называе сябе радавой калгасніцай, хоць на самой справе яна не зусім радавая — у вайну партызаніла, цяпер «актывістка, член партыі, дэпутат сельскага Савета».

Руская даследчыца I. Вішнеўская, якую часта з пахвалою цытуюць нашы аўтары, у прысвечанай творчасці Макаёнка кнізе «Камедыя на арбіце» (М., 1979) увогуле пісала пра Ганну з маскоўскай размашыстасцю і незвычайнай для крытычнага тэксту ўзнёсласцю. Маўляў, жанчына разумее «сваю ролю, сваё жыццё як абарону калгаснай уласнасці», а таму «на ўсё горла адстойвае калгаснае багацце. Дзе не дапаможа слова, крый бог, і за валасы схопіць нядбалае начальства, сілай адбярэ ў кожнага, што яму не належыць, у кулачную бойку пусціцца, калі не зразумеюць па-добраму, калі дабром не адыдуць ад дзяржаўных засекаў. Як ледзь заварылася злая справа — тут як тут Ганна са сваім нюхам, ужо вызнала, ужо выведала, ужо раскрычала. I набату не трэба, калі ёсць Ганна, глотка яе што твой вечавы звон, «багатырша», ды і толькі, з тых, што ездзілі па палях і дарогах з Ільёй Мурамцам і Мікулам Селянінавічам, ахоўваючы родныя прасторы ад Ідалішча паганага ды ад Салаўя-Разбойніка. Мужныя сяброўкі Алёшы Паповіча і Ільі Мурамца нібы ўвасобіліся ў Ганне, і праўда ж, яна можа закінуць «за воблака» і бязвольнага свайго старшыню Гарошку, і вяртлявага нарыхтоўшчыка Мошкіна» (такое прозвішча атрымаў у рускім перакладзе Моцкін).

Не буду казаць, што тут мімаходзь, як само сабой зразумелае і нармальнае, уроўніваюцца калгаснае і дзяржаўнае. Гэта была звыклая практыка савецкіх часоў, накіраваная супраць сялянства, бо тады калгасным дабром (там, дзе яно было!) самаўпраўна распараджалася дзяржава, не зважаючы, па сутнасці, на самога селяніна. I таму даследчыца яўна не заўважае гэтай ненармальнасці з пункту гледжання прававых нормаў цывілізаванага грамадства, праз коску піша: калгаснае багацце, дзяржаўныя засекі... Галоўнае ж, што ў такой інтэрпрэтацыі (Ганна — «багатырша» і г.д.) Ганне надаецца місія ўсёмагутнага вырашальніка лёсу, яўна не ўласцівая бяспраўным калгасным працаўнікам.

Драматург, вядома, не адказвае за адвольныя крытычныя вытлумачэнні. Аднак і ён менавіта Ганне, хоць сам надзяліў яе нейкім несур'ёзным прозвішчам Чыхнюк, у якім можна адчуць прыхаваную аўтарскую ўсмешку, адводзіць асноўную ролю ў выкрыцці махінацыі з квітанцыямі, а значыць, і Каліберава. Але, як у свой час зазначыў яшчэ К. Крапіва, для Ганны з-за «яе грамадскага становішча такая задача з'яўляецца непасільнай». Гэтая думка ў літаратуры пра Макаёнка таксама аспрэчвалася, але зноў жа дарэмна. Ужо тое, што Ганна збірае калгасны сход насуперак усё яшчэ гаспадару раёна Калібераву і цягне туды яго самога, выглядае неверагодным. У тыя часы, што адлюстраваны ў камедыі, і пра заробкі калгаснікаў мала хто думаў (той жа Калібераў добра ведае і сам кажа, што за пусты працадзень з яго не спытаюць), і з былымі партызанамі, нават з партызанскімі кіраўнікамі, калі яны «гнулі» не туды, зусім не лічыліся.

Праўда, у апошні момант, пад заслону ўжо, на дапамогу Ганне, як Бог з машыны ў старажытнагрэчаскіх трагедыях, паяўляецца са сваёй лячэбнай адлучкі сакратар райкома (мы яго не бачым, а толькі чуем паведамленне, што ён прыехаў), ды не адзін, а з абкомаўскім сакратаром. А гэта ўжо грозная сіла, бо яны, у адрозненне ад вяскоўцаў, мелі ўладу, маглі і «стружку зняць» з Каліберава, і перакінуць яго, як гэта яно найчасцей рабілася з наменклатурнымі «пагарэльцамі», у які іншы раён ці калгас. Ды такі ход з высокім партыйным начальствам, якое ў фінале твора наводзіць ці павінна навесці, як у Макаёнка, поўны парадак, быў зусім неарыгінальным і, вядома, вымушаным.

А вось у выкрыцці каліберавых, іх псіхалогіі, іх карыслівага паказушніцтва і крывадушнасці п'еса Макаёнка ўражвае і сёння. Адна з многіх праяў гэтай крывадушнасці — выдуманая хвароба Сцяпана Васільевіча (камні ў печані), закліканая паказаць, што ён гарыць на працы, усяго сябе адцае справе, людзям. Як за апошні ратунак і хапаецца за яе Калібераў, імітуючы ў канцы п'есы асабліва моцны прыступ невыноснага болю, сапраўды магчымы пры такой хваробе. Ды тут з яго ўжо адкрыта здзекуецца і хаўруснік па махінацыі Моцкін.

У цытаванай ужо кнізе А. Семяновіч называў яго «верным служкам Каліберава». Але якраз вернасці ад Моцкіна чакаць не выпадае. «Ен увесь да паслуг начальства і клянецца рабіць так, як скажа начальства. Але падхалімнічае ён да таго часу, пакуль яму выгадна, а калі адчувае небяспеку, то гатовы валіць усю бяду са свае галавы на чужую, нават на таго, каго нядаўна хваліў і перад кім прыніжаўся»,— слушна зазначае М. Шаўлоўская ў кнізе «Беларуская драматургія» (Мн., 1981).

Дык вось і цяпер, зразумеўшы, што губляць ужо нечага, ён з'едліва, са здзекам заўважае пра Каліберава: «У яго ж камень у пячонках! Булыжнік!.. Кіньце дурня строіць!»

Пагардліва вымаўлены «булыжнік» спрацоўвае выдатна, бо вельмі выразна гаворыць аб калібераўскім прытворстве. А потым бліскучы сатырычны эфект, выкліканы гэтым «булыжнікам», яшчэ дапаўняецца не менш з'едлівай рэплікай Ганны: «За пазухай у яго камень, а не ў пячонках».

Увогуле, сатырычны вобраз Моцкіна напісаны не менш дасканала, чым вобраз Каліберава. Але як дзялок, махінатар, выкрутлівы спрытнюга Моцкін, бадай, і пераўзыходзіць свайго непасрэднага начальніка, хоць пасаду займае намнога ніжэйшую — ён усяго толькі раённы ўпаўнаважаны па нарыхтоўках. Ды, як і Калібераў, ён не збіраецца заседжвацца на гэтай пасадзе — ужо нагледзеў базу ў Бабруйску. Вось і стараецца паказаць сябе, каб прыехаць на новае месца з трыумфам, з рэпутацыяй перадавіка і выдатнага арганізатара. Ён і сапраўды вельмі вынаходлівы. У паказушніцтве і жульніцкіх справах!

Трапныя сатырычныя штрыхі ёсць і ў абмалёўцы жонкі Каліберава Антаніны Цімафееўны і дырэктара спіртзавода Печкурова. Ва ўсіх іх, як некалі казалі, рыльца ў пушку. Печкуроў, напрыклад, будуе ўласны дом і хоць кажа, што робіць усё законна, на ўсе матэрыялы мае дакументы, аднак на самой справе гэта няпраўда — тое будаўніцтва ідзе за дзяржаўны кошт. Так сцвярджае ў сяброўскім коле Моцкін. I яму тут можна верыць, бо што-што, а махінатарскія штучкі ён ведае дасканала. Сёння гэты дамок успрымаецца вельмі шматзначна, як яшчэ даволі сціплы папярэднік тых шматлікіх катэджаў, што не ў літаратурных творах, а ў рэальным жыцці пераважна з ласкі былых наменклатуршчыкаў, як грыбы пасля дажджу, павырасталі вакол вялікіх і малых гарадоў.

Антаніна Цімафееўна, пераканальна паказаная як недалё-кая, але ўладарная мяшчанка, таксама небязгрэшная. У Печкурова яна «за так» бярэ спірт, у старшыні калгаса Гарошкі — агуркі. Ды, мусіць, не адмаўляецца і ад такой спецыфічнай формы хабару, як імянінныя паднашэнні начальству. Нездарма ж яна падкрэслівае: «Імяніны жонкі начальніка — не абы-што». I падначаленым, на яе думку, пра іх ні ў якім разе нельга забываць.

Усё гэта азначае, што і начальства ладнага калібру, як Сцяпан Васільевіч, і больш дробныя наменклатурна-кіраўнічыя сошкі яшчэ тады выкарыстоўвалі выгоды свайго становішча, патроху разбэшчваліся і ўжо не былі ў масе сваёй такімі крыштальна чыстымі ды непадкупнымі, як іх малявала афіцыйная прапаганда і ўяўляюць тыя, хто ўпадае сёння ў настальгічны плач па старых часах і парадках.

Ды і той жа Гарошка, які мусіць дагаджаць і Калібераву, і яго жонцы, іншым раённым начальнікам, сёе-тое мае ад сваёй пасады, акрамя афіцыйнай аплаты. За дармовы печкуроўскі спірт ён аддзячвае калгаснымі агуркамі. I даволі шчодра, бо ніяк не здзіўляецца ад чарговай заяўкі адразу на паўсотню кілаграмаў, зробленай дырэктарам спіртзавода.

Яшчэ больш выразна ў гэтым плане гучыць Гарошкаў маналог, звернуты да калгаснай пячаткі: «3 табой мне і пачот і павага былі. Ты мяне і карміла, ты мяне і паіла: з табой я ніводнага вяселля, ніводных хрэсьбін не прапусціў. А вось — прыйдзецца, відаць, расстацца. Ты, як няверная жонка,— сёння ў аднаго, заўтра ў другога».

Але Гарошка, у адрозненне ад такіх бессаромных дэмагогаў і дзялкоў, як Калібераў або Моцкін, ды іншых сатырычных персанажаў з відавочнымі хапальніцка-урвіцельскімі замашкамі, яшчэ цалкам сумлення не страціў. У ім яшчэ жыве гаспадарская жылка селяніна, які не можа абыякава ставіцца да здзеку з хлебаробскай працы. Яму, напрыклад, па-сялянску шкода гатунковы насенны ячмень пускаць на спіртзавод. А як ласкава ён гаворыць: «Для бульбачкі дожджык трэба...»

Ды гэтаму чалавеку з прыроднай схільнасцю да гаспадарлівасці не даюць разумна гаспадарыць каліберавы, моцкіны і іншыя паганяльшчыкі, якія дзеля ўласнай кар'еры гатовы на ўсё. Гэта і ўносіць у вобраз Гарошкі сапраўдны драматызм, які не проста спалучаецца, а ўступае ў складанае ўзаемадзеянне з гумарыстычным, а зрэдку і ўласна сатырычным пачаткам у абмалёўцы персанажа, робячы яго адным з самых цікавых і яркіх у творы.

Гэткая двухпланавасць у паказе Гарошкі тлумачыцца дваістасцю становішча, у якім персанаж знаходзіцца. 3 аднаго боку на яго ціснуць калгаснікі, патрабуючы хоць самай мінімальнай аплаты працадня, а з другога — навальваюцца ўсе паганяльшчыкі, якім праўдамі і няпраўдамі трэба як мага больш узяць з Гарошкі для выканання агульнараённага плана паставак, не спыняючыся і перад знарочыстым завышэннем той долі, што выпадае на не самы бедны, паводле п'есы, ягоны калгас.

Вядома, сіла ціску тут вельмі розная. Гэтую розніцу добра адлюстроўвае не згадваны ў Макаёнка колішні анекдот, у якім магчымасці начальства і падначаленых, крытыкі зверху і крытыкі знізу параўноўваліся такім чынам. Прадстаўнік вярхоў стаіць на даху высачэзнага будынка і пагражае цаглінай прадстаўніку нізоў. Той таксама мае ў руках цагліну. Але яму трэба ўмудрыцца кінуць яе вельмі высока, каб атрымаць нейкі шанс на пападанне. Ды і то ўдар наўрад ці будзе моцным. А зверху цагліна з гарантыяй зваліцца ўніз і пры добрым разліку заб'е напавал таго, хто тут стаіць. Калгаснікам таксама нялёгка ўздзейнічаць на свайго старшыню, затое заўсёды знойдзецца зручная нагода расправіцца з ім (калі будзе незгаворлівы) у паўнаўладнага гаспадара раёна. Гарошка добра ведае гэта. А да таго ж у яго яшчэ і цвёрдасці не стае, каб кінуць выклік начальству хоць бы там, дзе яно яўна парушае ў бок суровасці і так драконаўскі закон. Словам, Гарошка залішне пакладзісты, баіцца гучных калібераўскіх пасажаў і грозных фармуліровак накшталт дэмагагічнага абвінавачання ў падтрымцы кулацкіх тэндэнцый, якое па тых часах не было пустой пагрозай, а магло каштаваць не толькі пасады, але і стаць падставай для пасадкі. За краты, вядома.

Вось і круціцца чалавек, як можа, спрабуючы, каб выйграць час, хавацца ад разгневанага начальства і на гарышчы ўласнай хаты. У п'есе гэты сюжэтны ход абыграны з добрым камедыйным майстэрствам. Але сама сітуацыя не выдумана драматургам. Яна народжана калгаснай практыкай тых гадоў. Толькі рэальным удзельнікам такіх сітуацый, як і самому Гарошку, было не да смеху.

Таму і ў вобразе Гарошкі так важны быў для аўтара драматычны пачатак, які падкрэсліваецца бліскучай моўнай знаходкай — прыгаворкай персанажа: «Хоць круць-верць, хоць верць-круць». Гэтая прыгаворка надзвычай трапна выяўляе яго становішча ў пэўным сэнсе зацюканага старшыні, які як ні круціцца, дык усё роўна не можа ўсім дагадзіць, а найчасцей наогул мусіць рабіць насуперак свайму гаспадарскаму пачуццю і чалавечаму разуменню.

А ў дадатак да ўсяго драматург вынаходліва вар'іруе гэтую прыгаворку. Нават у самога Гарошкі яна ў залежнасці ад сітуацыі напаўняецца рознымі адценнямі — ад не пазбаўленага жартоўнасці да насычанага адчаем і пратэстам, як у адной з фінальных сцэн з Каліберавым, і роспачна-балючага, як у эпізодзе з пракурорам Курбатавым, які прыйшоў да перапалоханага старшыні прасіць згоды на шлюб з ягонай дачкой, а Гарошку, таксама ўцягнутаму ў махінацыю з квітанцыямі, здаецца, што той хіліць да афармлення крымінальнай справы.

Новыя сэнсавыя павароты славутая Гарошкава прыгаворка набывае ў вуснах іншых персанажаў, у таго ж Печкурова, які, відавочна, ужо даўно прывык да махлярства і таму, як бы смеючыся з палахлівага бедака, суцяшае яго: «А ты, Гарошка, не круць-верць, а круць-круць», гэта значыць прывучайся да рызыкоўных аперацый і дачасна не дрыжы.

Любімымі слоўцамі Гарошкі камедыя і завяршаецца, прычым вельмі эфектна. Цяпер яны гучаць ужо з вуснаў Ганны Чыхнюк і адрасуюцца Калібераву і Моцкіну: «Хоць круць-верць, хоць верць-круць, адкажуць!» Маецца на ўвазе, што арганізатары махлярства і паказухі павінны трымаць адказ за свае дзеянні і цяпер ужо не выкруцяцца.

У літаратурным творы пакараць іх было няцяжна. Ды без такога фіналу п'еса і не магла паявіцца ні на сцэне, ні ў друку. У жыцці ж каліберавы, моцкіны і іншыя «гаспадары» такога кшталту з цягам часу набывалі ўсё большую сілу і ўрэшце прывялі да поўнага краху краіну, якая не адно дзесяцігоддзе трымала ў жаху свет.

Прадбачыць такое ўжо ў пачатку 50-х гадоў ніхто, у тым ліку Макаёнак, вядома, не мог. Але трывога з прычыны таго, што ў нас працвіталі «ханжаства, словаблудства, выхвалянне, падлізванне» на самых розных узроўнях, «самадурства адміністрацыйнае, самавольства ў эканоміцы, у палітыцы» і што пазбавіцца ад усяго гэтага будзе неймаверна цяжка,— такая трывога ў Макаёнка была яшчэ з 50-х гадоў (цытаваныя словы драматурга запісаны ім у дзённіку ў 1956 годзе).

Выразна адлюстравалася гэтая трывога і ў камедыі «Выбачайце, калі ласка!». Нездарма ж Макаёнак так з'едліва смяяўся з Каліберава і Моцкіна, а ягоная Ганна Чыхнюк на заўвагу, што іхні старшыня «вельмі добры чалавек. I характар такі лагодны, пакладзісты», прамаўляла па-свойму афарыстычную фразу: «Жонцы трэба лагодны характар, а калгасу — ні к чаму. Калгасу гаспадар патрэбен, ды добры гаспадар...» У падтэксце сёння прачытваецца і большае: гаспадар патрэбен быў і ўсёй краіне. Ды яго не знайшлося тады, не знаходзіцца і цяпер.

Увогуле, слова ў Макаёнкавай камедыі вельмі ёмістае і трапнае. Пісьменнік, як ужо адзначалася даследчыкамі, дасканала валодаў умельствам індывідуалізаваць мову персанажаў. I ў гэтым адна з галоўных вартасцей твора, аснова яго поспеху, бо ў драматургіі менавіта слова персанажа бярэ на сябе найболыпы цяжар у стварэнні сцэнічнага характару.

Асабліва яркай адметнасцю вызначаецца мова Моцкіна. Яна іскрыцца, пераліваецца, зіхаціць самымі рознымі фарбамі, заўсёды арганічнымі для гэтага дзялка, віртуоза ў махлярскім спрыце.

Для сцэнічнага твора вельмі важна і тое, як словы адных персанажаў узаемадзейнічаюць з выказваннямі іншых герояў. У Моцкіна і тут поўны ажур. Вось ён пачынае намякаць Калібераву на магчымасць той аферы з квітанцыямі, але гаворыць з пэўнай асцярогай, бо яшчэ трохі пабойваецца, ці не ўзбунтуецца ягоны начальнік, які на кожным кроку гаворыць пра сваю сумленнасць. Калібераў не вытрымлівае: «Фу ты, чорт вазьмі!.. Ну і чалавек ты! Соль, соль давай». Моцкін адразу знаходзіць выдатны па трапнасці і зноў жа блізкі да афарыстычнага адказ: «Скажыце чэсна — а вы мне не насоліце гэтай соллю?»

У мовазнаўстве такое дасціпнае абыгрыванне амонімаў (у нашым выпадку соль у звыклым значэнні, якое тут, праўда, набывае пераносны сэнс, і соль як сутнасць нечага) называецца гульнёй слоў. Яна і сама па сабе ўпрыгожвае мову, а ў камедыі Макаёнка мае яшчэ і празрысты падтэкст. Моцкін мае на ўвазе, ці не пападзе яму за прапанаваную махінацыю ад самога Каліберава. Ды пытанне ў аголенай, прамой форме не пастаўлена, а выказана з бліскучай вынаходлівасцю.

Не менш дасціпны Моцкін і ў спакушэнні на ўсё тую ж махінацыю Гарошкі, які, вядома ж, праяўляе нерашучасць і проста баязлівасць, але гаворыць пра гэта з уласцівай і яму моўнай яркасцю: «Дачуецца Калібераў — будзе нам і дудка, будзе і свісток, не?» Дарэчы, гэтае «не» дужа характэрнае для Гарошкі, яно спадарожнічае яму пастаянна і ягоную нерашучасць перадае вельмі наглядна.

А што Моцкін? Ён насядае на субяседніка яшчэ з большым напорам. І гэта знаходзіць бліскучае выяўленне ў моўным патоку: «Навошта табе свісток?.. Хопіць з цябе і дудкі. Не хочаш? Як хочаш! А паслязаўтра на пасяджэнні ад Каліберава не толькі дудка, труба табе будзе».

Зноў выдатнае выкарыстанне магчымасцей слова, цяпер прыёму, які называецца градацыяй. Дудка, свісток і нарэшце труба, якая тут таксама мае пераносны сэнс і азначае, што Калібераў проста спляжыць беднага Гарошку, калі той не паддасца на паказуху,— усё гэта найлепшым чынам адлюстроўвае той псіхалагічны націск, перад якім Гарошка не можа ўстаяць. Ды адлюстроўвае як бы і нязмушана, дасціпна, па-свойму весела і разам з тым са здзекам і зусім не пустой пагрозлівасцю, якая б'е па збянтэжанай галаве зацюканага старшыні яшчэ мацней з-за таго, што цалкам пазбаўлена нудна-цягучай павучальнасці. А ўжо на гледача ў тэатры такая дасціпнасць уздзейнічае ледзь не магічна.

Вельмі эфектны Моцкін і ў сваёй рэакцыі на калібераўскую пагрозу зрабіць з яго блін: «Які з мяне блін? За што? Калі б я што-небудзь якое, дык я ж ніколі, нічога, ніякага. А калі што якое, дык што тут такое? Квітанцыі я не выдаваў, распіскі не даваў, на старшынь не націскаў і па радыё таксама не выступаў». Гэта сапраўды амаль што так: галоўны арганізатар злачынных прыпісак, хоць ён таго ж Гарошку палохаў і сам, фармальна аказваецца чыстым, бо ўсё, што набыло публічнасць і дакументальна засведчана, рабілі іншыя падначаленыя і сам Калібераў, які сваёй зусім ужо недарэчнай пахвальбой па радыё наблізіў правал. Дык цяпер ён стогне: «Загнаў у нерат — ані назад, ані ўперад...» Моцкін жа імгненна падхоплівае: «Цяпер толькі ўперад, толькі ўперад! Назад позна!» Такім чынам ён прапаноўвае раскручваць махінацыю далей, разлічваючы ўсё ж неяк давесці яе да пераможнага канца.

А выяўленчая змястоўнасць і кідкая трапнасць моцкінскіх тырад (якасць, прыкметная і ў мове іншых персанажаў) наглядна паказваюць, наколькі свабодна валодаў драматург беларускім слоўным багаццем, як натуральна ён выкарыстоўваў нашы прыказкі, прымаўкі, тыя ж прыгаворкі і іншыя згусткі народнай мудрасці. I яны не механічна ўключаліся ў мову дзейных асоб (на гэта вялікае майстэрства не патрэбна), а станавіліся выяўленнем самой сутнасці сцэнічнага характару, бо так надзейна, трывала і зноў жа нязмушана ўвязваліся з камедыйнымі сітуацыямі, што як бы нанава і самі сабой, вось цяпер, на вачах у гледача, нараджаліся ў гэтых сітуацыях, а не браліся з невычэрпных скарбаў моватворчага народнага вопыту.

«Самае складанае ў творчасці камедыёграфа — гэта пераплавіць гнеў, абурэнне ў калектыўны смех»,— лічыў Макаёнак. Сам ён спраўляўся з гэтай задачай бліскуча. У «Выбачайце, калі ласка!» камедыйнасць, дасціпны гумар, зрэдку бяскрыўдна-паблажлівы, спачувальны, а найчасцей з'едлівы, гнеўна выкрывальны, як таго і вымагае сатыра, пранізвае, здаецца, кожную клетачку твора. Бо мастак умеў здабыць камічны эфект калі не з ўсяго, што трапляла ў поле ягонага зроку, дык з вельмі многага. Яму ўдавалася па-новаму павярнуць стары анекдот, які (у трансфармаваным выглядзе) яўна прагдядвае ў гаворцы Моцкіна пра ягоныя адносіны да сваёй пасады. Яна падабаецца яму, як уласная жонка, зазначае Моцкін, а потым расшыфроўвае: «Трошкі люблю, трошкі цярплю, трошкі хачу другую». Так перайначваўся пад пяром Макаёнка даўні даволі асцярожны анекдот пра стаўленне старога інтэлігента да савецкай улады.

Дасціпна абыгрываюцца ў п'есе імёны выдатных пісьменнікаў, а заадно трапляе на мушку сатырыка і колішняя савецка-партыйная звычка называць гэтымі імёнамі самыя розныя ўстановы, прадпрыемствы, калгасы і нават калоніі для малалетніх злачынцаў. У адпаведнасці з бытавой размоўнай практыкай персанажы твора не кажуць: калгас імя Льва Талстога або імя Максіма Горкага, а ўжываюць прасцейшыя варыянты: «Леў Талстой», «Максім Горкі» і г.д. У вусных варыянтах двукоссе, вядома, адсутнічае. 3 гэтага нараджаецца камізм, бо атрымліваецца, што не адпаведны калгас, а сам Леў Талстой займаўся падманам — замест паставак малака здаў масла, купленае ў магазіне (некалі практыкавалася і такое), а ў перадавікі па хлебанарыхтоўках выйшаў дзякуючы ліпавым квітанцыям.

На гэтае смяхоцце накладваецца яшчэ і пазнейшая рэпліка Моцкіна, што ад «Льва Талстога» ўсяго можна дабіцца. «Толькі перад гэтым трэба страху нагнаць». Выходзіць (усё з-за той жа спецыфічнасці вуснай мовы ў сцэнічных персанажаў), што нейкія Моцкін з Каліберавым збіраюцца запалохаць, па-першае, нябожчыка, для зямнога націску ўжо недасягальнага, а па-другое, пагражаць наважыліся таму, хто і пры жыцці вызначаўся выключнай маральнай стойкасцю і бескампраміснасцю і не баяўся не толысі якіх-небудзь чыноўнікаў, але і самога цара, нават царквы, якой рашуча пярэчыў, калі лічыў, што яна адыходзіць ад сапраўдных боскіх запаветаў.

Падобным чынам выклікаецца гумар і пры згадцы імя другога класіка. Там Калібераў бярэ тэлефонную трубку і кажа: «Дайце мне «Максіма Горкага». Зразумела, ён мае на ўвазе зноў жа калгас з такой назвай. Але гаядач успрымае калібераўскія словы ў іранічным ключы, як недарэчнае патрабаванне, каб перад раённым начальнікам паўстаў сам пісьменнік, нібы той гогалеўскі Ляпкін-Цяпкін, якога патрабуе да сябе гараднічы. Усмешка ўзнікае, вядома, імгненная, яна прамільгне, як хуткая бліскаўка. Але для смехавой атмасферы твора, для зарадкі гледачоў на гумар істотна і гэта.

Прыклад дасціпнага абыгрывання імён саміх персанажаў дае абмен рэплікамі паміж Кузьмой Печкуровым і Ягорам Гарошкам. Апошні, як звычайна, вагаецца, вельмі неахвотна ідзе на махінацыю з квітанцыямі, дык Печкуроў яго папракае: «Э-э, дык Ягор Сяргеевіч можа нас аб'ягорыць». Гарошка ж, выклікаючы наш смех, з ходу пярэчыць: «Што вы, Кузьма Прохаравіч? Каб вы мяне не падкузьмілі».

Высокі камедыйны патэнцыял маюць у творы некаторыя рэмаркі, напрыклад, неаднаразовыя напамінкі пра пагрозлівыя раскаты грому, якія раздаюцца ў самых напружаных сцэнах і гучаць з усё болынай шматзначнасцю па меры набліжэння да фіналу, да канчатковага выкрыцця махінатараў.

Вельмі шматзначныя ў шэрагу выпадкаў і жэсты персанажаў. Яны часам настолькі выразныя, сітуацыйна трапныя, што становяцца вартымі цэлых маналогаў. Вось характэрныя ў гэтым сэнсе разважанні Антаніны Цімафееўны, якая вучыць свайго мужа Каліберава, як трэба кіраваць: «Працуюць хай другія. А ты і тут (сцяла кулак) сябе пакажы і там (палец уверх) пакажы сябе! Тады і вынікі будуць!» Толькі дзве маніпуляцыі з пальцамі адной рукі. Але за гэтымі двума жэстамі — цэлая філасофія, глыбінная сутнасць чыноўніцкай псіхалогіі, чыноўніцкага стаўлення да вярхоў і нізоў. I ўжо сэнсавая кантрастнасць гэтых жэстаў, іх красамоўная выраз-насць выклікаюць усмешку.

Шмат даюць для камедыйнай насычанасці твора сцэны з падвойным сэнсам і прыхаванымі намёкамі, якімі поўніцца п'еса. Асабліва змястоўныя яны ў эпізодах з карэспандэнткай газеты, дзе Моцкін і Калібераў пад выглядам сціпласці пераадрасоўваюць адзін аднаму заслугі ў арганізацыі ліпавай хлебаздачы, яшчэ не прызнаючыся ў падмане, але ўсё ж страхуючыся на выпадак яго выкрыцця.

Або вось Моцкін, даведаўшыся пра ўяўную хваробу Каліберава, нібыта спачувальна прапаноўвае: «Вы ведаеце, у мяне ў Мінску ёсць добра знаёмы доктар. Дваюрадны брат маёй жонкі, дацэнт, гінеколаг. Яго ўсе прафесары і дацэнты ведаюць. Магу ўстроіць». Сказана як быццам на поўным сур'ёзе, але разам з тым і з прыхаваным здзекам, бо Калібераў аб'явіў, што ў яго камні ў печані, а яму прапануюць гінеколага! Значыць, Моцкін ужо тады здагадваўся пра выдуманасць калібераўскай хваробы. Па-сапраўднаму ён не баіцца з выгляду вельмі грознага чына, калі дазваляе сабе такі, няхай трошкі і прыхаваны, здзек з яшчэ не выкрытага начальніка. А яшчэ ў прапанове Моцкіна ёсць намёк на разнастайнасць яго сувязей, а таксама на блат у асяроддзі медыкаў, які цяпер ужо нікога не здзіўляе.

Так што за «хохмамі» Макаёнка, звычайна вельмі трапнымі, хоць часам па-народнаму грубаватымі, бачыцца, прачытваецца не толькі вельмі добрае адчуванне прыроды камічнага, але і дасканалае веданне жыцця і яго складаных праблем. Гэта і абумовіла глыбокую змястоўнасць п'есы, у якой маштабныя сатырычныя характары з яркай моўнай і псіхалагічнай адметнасцю выяўляюцца праз імклівае разгортванне грамадска значнага, драматычна напружанага канфлікту, а падзейная дынамічнасць і агульная займальнасць сюжэтнага дзеяння спалучаюцца з вынаходлівай трапнасцю гумарыстычнай і сатырычнай дэталізацыі, дасціпнасцю і падтэкставай глыбінёй дыялога і шматлікіх камедыйных сітуацый, камізм якіх абапіраецца на традыцыі народнага гумару, сілкуецца ім.

  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка