Лекцыя Культура Беларусі ў канцы XVIII – першай палове XIX стст.: архітэктура, мастацтва




Дата канвертавання30.04.2016
Памер33.76 Kb.
Лекцыя 2. Культура Беларусі ў канцы XVIII – першай палове XIX стст.: архітэктура, мастацтва.

  1. Архітэктура і городабудаўніцтва.

  2. Выяўленчае мастацтва.


1. З эпохай Асветніцтва звязана ўсталяванне стылю класіцызму ў архітэктуры. Архітэктары паступова адмаўляліся ад празмернай складанасці і заблытанасці архітэктурных форм, характэрных для стыляў барока і ракако. У архітэктурных кампазіцыях пачалі выкарыстоўвацца выразныя геаметрычныя формы. Набывалі распаўсюджанне антычная ордэрная сістэма і простыя дэкаратыўныя ўпрыгожванні. Класічны ордэрны порцік станавіўся характэрнай часткай палацаў, сядзіб і некаторых культавых пабудоў.
Станаўленне класіцызму найперш было звязана з інтэнсіўным развіццём горадабудаўніцтва. У беларускіх гарадах пачалі з’яўляцца новыя тыпы жылых і грамадскіх будынкаў (канцылярый, бальніц, гімназій), якія вылучаліся на фоне сярэдневяковай забудовы сваімі правільнымі абрысамі. Упершыню горадабудаўніцтва стала разглядацца як адзіная прасторавая сістэма, спланаваная на рацыянальных пачатках. Горадабудаўніцтва станавілася дзяржаўнай справай. У першай палове ХІХ ст. былі распрацаваны планы забудовы звыш 40 беларускіх гарадоў.
Найбольш значная з культавых пабудоў эпохі класіцызму ў Беларусі – Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі, створаны ў 1809–1819 гг. Ён сведчанне таго, што ідэі класіцызму атрымалі перавагу над тымі традыцыямі будаўніцтва праваслаўных храмаў, якія дагэтуль існавалі на працягу стагоддзяў. Выкарыстанне тыповых прыёмаў класіцызму пры будаўніцтве сабора ў Гомелі дазволіла стварыць велічную прынцыпова новую архітэктурную пабудову. Яскравае адлюстраванне класіцызм знайшоў у палацава-сядзібнай архітэктуры. Дыяпазон палацава-сядзібнага будаўніцтва быў вельмі шырокі – ад невялікіх сядзіб дробнай шляхты да манументальных пабудоў буйных магнатаў. Сярод выдатных помнікаў беларускага класіцызму вылучаюцца палац-рэзідэнцыя графа М.Румянцава (з 30-х гадоў XIX ст. перайшоў да фельдмаршала І.Паскевіча) у Гомелі, палацавы комплекс у Снове Нясвіжскага раёна, Крычаўскі і Жыліцкі палацы, палацы генерал-губернатара ў Віцебску і віцэ-губернатара ў Гродне.
Класіцызм панаваў у архітэктуры Беларусі да сярэдзіны ХІХ ст. Альтэрнатывай класіцызму выступаў рамантызм, які праявіўся пераважна ў пейзажна-паркавым мастацтве. Рамантычныя пейзажныя паркі ствараліся па прынцыпе свабоднай кампазіцыі, аздабляліся штучнымі гротамі, каскадамі, руінамі (Гомельскі, Лагойскі, Жыліцкі паркі).

2. У выяўленчым мастацтве Беларусі канца XVIII – першай паловы ХІХ ст. наглядалася ўзаемадзеянне дзвюх плыняў – класіцызму і рамантызму. Класіцызм быў афіцыйным стылем, якога прытрымлівалася Пецярбургская акадэмія мастацтваў. Аднак у выяўленчае мастацтва пранікаюць і элементы рамантызму. Перапляценне рысаў класіцызму і рамантызму наглядаецца ў творчасці беларускага мастака Іосіфа Аляшкевіча. Мастак жыў у Пецярбургу, аднак часта прыязджаў у Беларусь. Тут ён стварыў шэраг партрэтаў. Некаторыя з іх выкананы ў стылі класіцызму (партрэт А. Чартарыйскага). Асобныя творы Аляшкевіча адлюстравалі рамантычныя павевы.
Валенцій Ваньковіч увайшоў у гісторыю беларускага жывапісу як прадстаўнік рамантызму.
Таленавіты мастак, этнограф і кампазітар Н.Орда абышоў і аб’ездзіў амаль усю Беларусь, Польшчу і Літву, зрабіў каля 500 акварэляў і малюнкаў з натуры, захаваўшы такім чынам для нашчадкаў аблічча цудоўных помнікаў архітэктуры, замкаў, палацаў, вуліц гарадоў, гістарычных мясцін. Яго акварэлі і малюнкі пераводзіліся ў літаграфіі, выдаваліся альбомамі, графічнымі серыямі.
Мастак Ян Дамель пакінуў значны след амаль ва ўсіх жанрах выяўленчага мастацтва. Найбольш вядомы ён як майстар гістарычнага жанра. Ян Дамель добра ведаў айчынную і антычную гісторыю, валодаў некалькімі замежнымі мовамі. У сваіх палотнах ён імкнуўся адлюстраваць найбольш яркія, кульмінацыйныя моманты гістарычнага развіцця краю. Мастак стварыў такія карціны, як “Смерць князя Панятоўскага”, “Смерць Глінскага ў няволі”, “Вызваленне Т. Касцюшкі з цямніцы”, “Адступленне французаў праз Вільню ў 1812 г.” і інш. Акрамя гістарычных палотнаў, Дамель напісаў шэраг партрэтаў і пейзажаў.
Вікенцій Дмахоўскі вядомы як стваральнік рамантычных пейзажаў. Мастак у асноўным маляваў месцы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю А.Міцкевіча, сябрам якога ён быў (“Возера Свіцязь”, “Дом Міцкевіча ў Навагрудку”, “Заход сонца” і інш.).
Аўтарам класічных твораў беларускага жывапісу з’яўляецца Іван Хруцкі. У 1839 г. за нацюрморт “Кветкі і садавіна” ён атрымаў званне акадэміка Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. Хруцкі напісаў шмат нацюрмортаў, пейзажаў і партрэтаў.
Прадстаўнікамі бытавога жанру ў выяўленчым мастацтве былі выхаванцы Віленскай школы жывапісу К.Кукевіч, К.Русецкі, Ю.Карчэўскі, Ц.Бычкоўскі і інш. Выразнай манерай пісьма вылучаюцца творы К.Русецкага: “Жняя”, “Вербная нядзеля”, пейзажы ваколіц Навагрудка, Ашмяншчыны, Белавежскай пушчы.
У першай палове XIX ст. у мастацтве Беларусі вырасла папулярнасць графікі. Гэта было выклікана развіццём паліграфічнай вытворчасці, выданнем масавымі тыражамі друкаваных твораў. Звярталіся да мастацкага прыёму графікі ілюстратары, картографы. Найбольш вядомымі графікамі былі М.Падалінскі, Ю.Главацкі, Ю.Азямблоўскі, Б.Клямбоўскі.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка