Лекцыя Беларускія землі ў IX – першай палове ХIIІ стст. План лекцыі




Дата канвертавання15.03.2016
Памер183.06 Kb.
Лекцыя 2. Беларускія землі ў IX – першай палове ХIIІ стст.
План лекцыі:

1. Старажытнаруская дзяржава. Полацкае княства ў Х – ХІІ стст.

2. Полацкая зямля ў ХІІ – сярэдзіне ХІІІ стст. Феадальная раздробленасць.

3. Тураўскае княства ў Х - сярэдзіне ХІІІ ст.

4. Знешняя небяспека для беларускіх зямель ў першай палове ХІІІ ст. Барацьба з крыжацкай агрэсіяй і мангола-татарскай пагрозай.

5. Язычніцкія вераванні. Вынікі і значэнне ўвядзення хрысціянства на беларускіх землях.

6. Культура беларускіх зямель ІХ – сярэдзіны ХІІІ ст.

1. Старажытнаруская дзяржава. Полацкае княства ў Х – ХІІ стст.

Першым дзяржаўным утварэннем на тэрыторыі сучаснай Беларусі было Полацкае княства. Гэта першая беларуская дзяржава, якая мела сапраўдны суверэнітэт. На працягу стагоддзяў яна захоўвала ўсе важнейшыя атрыбуты дзяржаўнасці: заканадаўчую ўладу ў выглядзе веча, выканаўчую ўладу ў асобе князя, уласную княжацкую дынастыю Рагвалодавічаў-Усяславічаў, стабільную тэрыторыю, магутнае войска. Полацкая зямля праводзіла самастойную ўнутраную і знешнюю палітыку, вызначалася знешнепалітычнай і вайсковай актыўнасцю.

Першыя летапісныя звесткі аб Полацку прыпадаюць на 862 г. Пад гэтай датай у “Аповесці мінулых гадоў” (першы ўсходнеславянскі летапіс) запісана, што скандынаўскі князь Рурык, які прыняў уладу ў Ноўгарадзе, пачаў раздаваць “мужам сваім” гарады, у тым ліку Полацк, які меў стратэгічна важнае значэнне, бо знаходзіўся на г. зв. “Шляху з враг у грэкі”.

У 882 г. Наўгародскі князь Алег, які пасля смерці Рурыка ўзяў уладу ў сваі рукі як апякун малалетняга Ігара (сына Рурыка), захапіў Кіеў, забіўшы мясцовых князёў Аскольда і Дзіра. Алег перанёс сталіцу сваіх уладанняў у Кіеў, назваўшы яго “Маці гарадоў рускіх”.

Характар адносінаў Полацка з Кіевам у IX–XII стст. і ўвогуле пытанне аб сутнасці дзяржаўнага ўтварэння, якое ўвайшло ў гісторыю пад назвай “Кіеўская Русь” (гэты тэрмін з’явіўся толькі ў ХІХ ст. ) з’яўляецца спрэчным. У літаратуры намеціліся два асноўныя падыходы да гэтай праблемы.

Першы падыход, што існаваў у савецкай гістарыяграфіі, разглядаў Кіеўскую Русь (Старажытнарускую дзяржаву) як адзіную дзяржаўную структуру, пабудаваную на аснове сузаранітэту-васалітэту, часткай якой было Полацкае княства.

Прыхільнікі другога падыходу (М. Ермаловіч, Г. Штыхаў і інш.) бачаць у Кіеўскай Русі няўстойлівы кангламерат плямён і народаў, у якім непрацяглы час і ў нетрывалым саюзе давялося пабываць і Полацкаму княству. Перыяды яго саюзніцкіх адносін з кіеўскімі князямі (ці залежнасці ад іх) чаргаваліся з ваеннымі канфрантацыямі, ініцыятарамі якіх нярэдка выступалі полацкія князі.

Першым князем Полацка, імя якога згадваецца ў летапісах быў Рагвалод, хутчэй за ўсё – вараг. Каля 980 наўгародскі князь Уладзімір пасватаўся да яго дачкі Рагнеды. Але Полацк аддаў перавагу Кіеўскаму князю Яраполку і адхіліў сватанне ноўгарадскага князя. У адказ Уладзімір спаліў Полацк. Забіў бацьку, маці, двух братоў Рагнеды. Полацкую князёўну гвалтоўна ўзяў у жонкі, даўшы ёй славянскае імя Гарыслава.

Затым Уладзімір авалодаў Кіевам, забіў Яраполка і стаў Вялікім князем. Полацкае княства страціла незалежнасць, перайшло ў непасрэднае падпарадкаванне Кіева.

З пачуцця помсты Рагнеда-Гарыслава зрабіла няўдалы замах на жыццё мужа. Яе чакала смерць, але за маці заступіўся сын Ізяслаў. Расчулены паводзінамі сына, Уладзімір саслаў Рагнеду-Гарыславу і Ізяслава ў крэпасць Ізяслаўль (сёння Заслаўе пад Мінскам).

У 988 г. Уладзімір вызначыў ва ўдзел Ізяславу Полацкае княства. З імем старэйшага сына Вялікага князя кіеўскага Ізяслава Уладзіміравіча звязана станаўленне Полацкай княжай дынастыі і адраджэнне палітычнай самастойнасці Полацкага княства.

Ізяслаў Уладзіміравіч першы з усходнеславянскіх князёў характарызаваўся як кніжнік (вучоны, адукаваны чалавек). Яго пячатка з надпісам – самы ранні пісьмовы помнік беларускіх зямель. Пражыў Ізяслаў Уладзіміравіч каля 25 гадоў. Памёр ён у 1001 годзе. Толькі на год ён перажыў сваю маці Рагнеду-Гарыславу-Анастасію. Пад імем Анастасія напрыканцы жыцця яна пастрыглася ў манашкі.

У 1001–1003 полацкі трон займаў Усяслаў Ізяславіч. Летапісы не асвятляюць яго дзейнасць.

Затым у 1003–1044 полацкім князем быў Брачыслаў Ізяславіч. Звесткі пра яго сустракаюцца з 1021. Пасля смерці Уладзіміра (1015 г.) паміж яго сынамі разгараецца барацьба за вялікакняжацкую ўладу. Перамог наўгародскі князь Яраслаў Мудры, сын Уладзіміра і Рагнеды. У 1019 ён стаў Вялікім князем кіеўскім.

Брачыслаў Ізяславіч у 1021 разрабаваў Ноўгарад. Аднак Яраслаў Мудры разбіў палачан на рацэ Судаміры. Але каб пазбегнуць вайны (становішча Яраслава ў Кіеве было не вельмі трывалым) заключыў мір з Полацкам. Брачыславу адышлі гарады Віцебск і Усвяты, якія стаялі па волаку паміж Заходняй Дзвіной і Дняпром на шляху з варагаў у грэкі.

Найбольшага росквіту Полацкае княства дасягнула пры сыне Брачыслава Усяславе, якога празвалі Чарадзеем (1044–1101).

Спачатку новы полацкі кіраўнік развіваў мірныя стасункі з Кіевам. Пасля смерці Вялікага князя кіеўскага Яраслава Мудрага (1054) Русь дзеліцца паміж сямю яго сынамі. Паступова ўлада апынулася ў руках трох Яраславічаў начале з Ізяславам кіеўскім. Яны пачалі прыбіраць землі сваіх братоў і сваякоў. Мелі намер захапіць Полацкую зямлю.

1065 г. стаў паваротным у адносінах Усяслава Чарадзея і Яраславічаў. Полацкі князь на нейкі час захапіў Ноўгарад. Войскі Яраславічаў рушылі на Полацкае княства. 3 сакавіка 1067 г. на рацэ Няміга паміж двума войскамі адбылася жорсткая бітва (менавіта ў сувязі з гэтай падзеяй у летапісу ўпершыню згадваецца горад Менск). Хутчэй усяго сілы былі роўнымі. Ніхто не здолеў узяць верх. Тады Яраславічы пайшлі на падман. Яны пазвалі Чарадзея на мірныя перамовы. Цалавалі крыж, што не прычыняць зла. Аднак схапілі полацкага князя ў палон, адвезлі ў Кіеў і пасадзілі ў турму.

15 верасня 1068 г. у Кіеве гараджане паднялі паўстанне. Вызвалілі Чарадзея з турмы і абвясцілі Вялікім князем кіеўскім. Сем месяцаў ён княжыў у Кіеве. Але па незразумелых прычынах перад рашаючай бітвай з Ізяславам Яраславічам Усяслаў пакінуў Кіеў і вярнуўся ў Полацк.

У цэлым, Усяслаў забяспечыў паспяховае супрацьстаянне спробам кіеўскіх князёў падпарадкаваць сабе Полацкую зямлю.

Перад смерцю, Усяслаў падзяліў княства паміж сваімі сынамі, што стала пачаткам перыяду феадальнай раздробленасці.
2. Полацкая зямля ў ХІІ – сярэдзіне ХІІІ стст. Феадальная раздробленасць.

Пасля смерці Усяслава Чарадзея, які меў 6 сыноў, тэрыторыя Полацкай зямлі пачала драбіцца на ўдзелы. Да сярэдзіны XII ст. у яе межах з'явілася 8 удзельных княстваў — Полацкае, Віцебскае, Друцкае, Менскае, Ізяслаўскае, Лагойскае, а таксама Герцыке і Кукенойс на Ніжняй Дзвіне, якія знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад полацкага князя.

Натуральна, што княствы падзяляліся не толькі па абшарах, але і па магутнасці, ступені незалежнасці. На першае месца ў пачатку XII ст. пачало вылучацца Менскае княства - зямля, дзе кіраваў Глеб Усяславіч. Гэты князь уступіў ў зацятую барацьбу з кіеўскім князем Уладзімірам Манамахам.

У 1116 г. Манамах з сынамі пайшоў паходам на Менск і ўзяў яго ў аблогу. Убачыўшы перавагу праціўніка, Глеб здаўся. Яму ва ўладанне быў пакінуты толькі Менск. Але князь не пагадзіўся са стратай сваіх зямель. У 1117 г. разам з палачанамі ён напаў на смаленскія і навагародскія землі, чым выклікаў паход сына Манамаха Мсціслава на Менск. На гэты раз Глеб быў узяты ў палон і вывезены ў Кіеў, дзе ў 1119 г. памёр, хутчэй за ўсё ад атруты.

Уладзімір Манамах імкнуўся навязваць сваю волю полацкім князям. Але як толькі ў 1125 г. ён памёр, палачане адмовіліся падпарадкоўвацца яго сыну Мсціславу. Тым самым яны выклікалі вялікі паход кааліцыі паўднёварускіх князёў ў 1128 г. У выніку ў палон былі захоплены і высланы ў Візантыю 5 полацкіх князёў. Вярнуліся з іх толькі 2.

Смерць кіеўскага князя Мсціслава Ўладзіміравіча (Манамахавіча) у 1132 г. стала пачаткам поўнага развалу вялізнай Кіеўскай дзяржавы. Барацьба Полацка з Кіевам фактычна скончылася. Кіеўскім князям было не да Полацка. Яны былі занятыя міжусобнай барацьбой паміж сабой.



Сацыяльна-эканамічнае развіццё зямель у гэты перыяд характэрызуецца далейшым развіццём феадальных адносін1.

Да ХІІ ст. абшчыннікі-сяляне фактычна страцілі магчымасць карыстання даходамі з зямель, якія сталі ўласнасцю князя. Князь і дружына збіралі дань з сялян, якія працавалі на іх землях, праз “палюддзе” у пэўных вызначаных месцах – пагостах. Гэтыя землі разам з сялянамі князі маглі перадаваць у карыстанне прадстаўнікам вярхушкі грамадства, з якіх фарміраваўся слой феадалаў.

У выніку развіцця феадальных адносін склалася наступная сацыяльная структура. Асноўнымі сацыяльнымі слаямі становяцца феадалы і феадальна-залежныя сяляне. Большасць сялян складалі абшчыннікі, якія былі яшчэ асабіста свабоднымі, вялі сваю гаспадарку, але былі абавязаны ўносіць у карысць органаў кіравання пэўную даніну і выконваць шэраг павіннасцей. Гэтых асабіста свабодных сялян-абшчыннікаў, але залежных эканамічна, называлі смердамі. Былі таксама смерды, якія часткова страцілі сваю асабістую свабоду. Іх называлі закупамі. Яны мелі асабістую гаспадарку, але з-за беднасці ішлі ў эканамічную кабалу да феадала, бралі у яго пазыку (купу), за гэта павінны былі працаваць на гаспадара. Паколькі гэтая праца ў асноўным ішла на пагашэнне працэнтаў, то адпрацаваць поўнасцю купу было даволі цяжка і селянін мог пажыццёва застацца ў феадала. Існавалі таксама і халопы, гэта значыць, поўнасцю залежныя людзі, фактычна, рабы.

У гарадах таксама ішоў працэс маёмаснага расслаення. Асноўную масу гарадскога насельніцтва складалі рамеснікі, але пануючае палажэнне займалі купцы, заможныя гаражане, царкоўная вярхушка.

Развіццё феадальных адносін, рост гарадоў, узмацненне ролі гарадской вярхушкі, актывізацыя мас разам з аслабленнем княжацкай улады абумовілі складванне новага палітычнага ладу, пры якім рэальная сіла стала належаць сходу гараджан - вечу.

Веча існавала ў Полацку і, відаць, у Менску, Друцку, Віцебску. Яго роля ў палітычным жыцці зямлі з канца 20—30-х гадоў ХІІ ст. узмацняецца. Князям даводзілася лічыцца з воляй уплывовых баяр і купцоў, якія валодалі значнымі матэрыяльнымі сродкамі (землямі, лясамі, дамамі, гандлёвымі суднамі і г.д.), а таксама вялікімі грашовымі сумамі.

Паўнапраўнымі ўдзельнікамі веча прызнаваліся толькі свабодныя людзі. На сход жыхароў збіраў вечавы звон на гарадской плошчы. Князь, ураднік ці найбольш паважаны стары чалавек рабіў кароткае паведамленне аб сутнасці справы, з-за якой склікана веча. Затым ішло яе абмеркаванне. На прапановы прамоўцаў веча адказвала гоманам. Галасоў не лічылі (гэта і нельга было зрабіць), на слых вырашалі, што ўхваляюць удзельнікі.

Важнай прэрагатывай веча быў выбар князя. Але выбар гэты абмяжоўваўся вузкім колам асоб з мясцовай дынастыі Рагвалодавічаў - Усяславічаў, што падкрэслівала адданасць свайму княжацкаму роду.

Веча абмяжоўвала ўладу князя, але не знішчала яе. Полацкі князь ажыццяўляў суд і ўнутранае кіраванне, раздаваў воласці сваім васалам, мог заключыць мір. Узаемаадносіны веча і князя трэба разглядаць як першыя крокі на шляху размежавання і падзелу ўладаў - заканадаўчай (веча) і выканаўчай (князя).
3. Тураўскае княства ў Х - сярэдзіне ХІІІ ст.

Да паўднёвых меж Полацкай зямлі прымыкала Тураўскае княства. Яго тэрыторыя ў асноўным адпавядала рассяленню дрыгавічоў. Галоўным горадам быў Тураў, упершыню ўзгаданы пад 980. Назва горада звязваецца з імем князя Тура, ад якога насельніцтва празвалася тураўцамі.

Відаць, у тыя часы дрыгавіцкае княства, як і Полацкае, заставалася яшчэ самастойным. Яно ахоплівала вялізныя абшары, першапачаткова нават землі цэнтральнай Беларусі (раён Менска), якія пазней перайшлі да Полацка. У XI—XII ст. у склад Тураўскай зямлі ўваходзілі вядомыя па летапісах гарады Пінск, Берасце, Слуцк, Клецк, Чартарыйск і Дубровіца.

Падпарадкаванне Тураўскага княства Кіеву адбылося ў 980-х гг., пры Уладзіміры Святаславічы, які пааддаваў былыя племянныя цэнтры сваім сынам-намеснікам. У 988 г. у Тураве быў пасаджаны Святаполк. 3 таго часу Тураўшчына як воласць уваходзіла ў склад Кіеўскай зямлі.

На працягу каля 150 гадоў сваёй ранняй гісторыі яно займала важнае месца ў сістэме Кіеўскай Русі. Тураўскія князі як правіла пераходзілі на кіеўскі вялікакняжацкі трон. У той жа час мелі месца перыяды актыўнай барацьбы тураўскіх князёў за самастойнасць ад Кіева.

Ужо князь Святаполк, сеўшы ў Тураве, ажаніўся з дачкой польскага караля Баляслава Харобрага і ў змове з цесцем, на вайсковую дапамогу якога мог разлічваць, хацеў сам заняць кіеўскі прастол. Аднак пра гэты план стала вядома Ўладзіміру, і тураўскі князь трапіў у няволю ў Кіеў. Толькі па просьбе кіеўскіх баяр ды перад пагрозай вайны з Баляславам яго вызвалілі.

Застаючыся князем тураўскім, Святаполк пасля смерці Ўладзіміра Святаславіча ў 1015 г. заняў і кіеўскі вялікакняскі стол. Малодшыя яго браты Барыс і Глеб, што ўяўляліся супернікамі, былі забітыя падасланымі наймітамі, таму летапісцы празвалі Святаполка «Акаянным».

Супраць братазабойцы выступіў ноўгарадскі князь Яраслаў, які праз чатыры гады крывавай барацьбы, пасля бітваў пад Берасцем у 1018 і на Альце ў 1019 г. прагнаў Святаполка ды сам сеў на кіеўскім стале.

Пры Яраславе Мудрым Тураў падпарадкоўваўся непасрэдна Кіеву, а потым кіеўскі князь прыслаў сюды свайго сына Ізяслава, якому ў 1054 г. дастаўся і вялікакняскі пасад па бацьку.

І ў далейшым перыяды поўнага падпарадкавання Турва Кіеву змяняліся перыядамі барацьбы за самастойнасць.

Сярод тураўскіх князёў можна адзначыць Юрыя Яраславіча, які паходзіў з кіеўская дынастыі. Пасля таго, як ён у 1158 г. заняў тураўскі прастол, Кіеў запатрабаваў ад яго пакоры. І калі князь не паслухаўся —да Турава на расправу прыйшлі велізарныя войскі кааліцыі, у якой апрача кіеўскіх дружын былі смаленская, галіцкая і луцкая раці, а таксама палачане. Здавалася, што маленькаму Тураву ніяк не выстаяць перад гэтакай арміяй. Аднак тураўцы ператварылі свой горад у непрыступную цвярдыню. Дзесяць тыдняў доўжылася аблога, пад час якой абаронцы не толькі добра адбіваліся на гарадскіх сценах, але нават рабілі вылазкі. Кіеўскае войска мусіла зняць аблогу і сысці.

Тураў гэтым самым адстаяў уласную незалежнасць. Юры Яраславіч стаў першым князем мясцовай, тураўскай дынастыі. У 1160 г. тураўцы яшчэ раз вытрымалі аблогу. Вядома, што ў 1162 г. Кіеў падпісаў з тураўскім князем Юрыем Яраславічам пагадненне аб міры, і самастойнасць Турава атрымала такім чынам афіцыйнае і законнае прызнанне.

У другой палове XII ст. Тураўская зямля, як і Полацкая, таксама перажывала працэс драблення. Сыны Юрыя Яраславіча князі Святаполк, Іван і Глеб падзялілі яе на некалькі ўдзелаў, сярод якіх асаблівае значэнне пачаў набываць Пінск. Там нават вылучылася асобная дынастыя пінскіх князёў.

Для сацыяльна-эканамічнага развіцця зямель Тураўскага княства былі характэрныя, фактычна, тыя ж тэндэнцыі, што і для Полацкай зямлі.


4. Знешняя небяспека для беларускіх зямель ў першай палове ХІІІ ст. Барацьба з крыжацкай агрэсіяй і мангола-татарскай пагрозай.

У канцы XII ст. у вусці Заходняй Дзвіны высадзіліся нямецкія святары, купцы і рыцары. За ідэяй распаўсюджання хрысціянства скрываліся захопніцкія намеры. Заваёўнікам дапамагала каталіцкая царква. Сумеснымі намаганнямі быў створаны царкоўна-рыцарскі ордэн Мечаносцаў.

У 1201 г. рыцарамі была пабудавана крэпасць Рыга. Гэты горад стаў цэнтрам нямецкага гандлю і дзейнасці манахаў-католікаў у Прыбалтыцы, а таксама іх апорным пунктам для далейшай экспансіі на ўсход.

Палачане першымі з усходніх славян сутыкнуліся з крыжакамі. На шляху экспансіі крыжакоў стаялі гарады-крэпасці Кукенойс і Герцыке.

Спачатку рыцары наблізіліся да Кукенойса. Тут княжыў Вячка (Вячаслаў), які, відаць, паходзіў з дынастыі полацкіх князёў і падпарадковаўся полацкаму князю Уладзіміру. З невялікай дружынай ён мужна адбіваўся ад захопнікаў, але не атрымаў своечасовай дапамогі ад полацкага князя. У 1208 г. Вячка вымушаны быў спаліць Кукенойскі замак і з дружынай у 200 чалавек пакінуць сваё княства. Пазней Вячка ўзначальваў ваенныя сілы на тэрыторыі эстаў у горадзе Юр'еве (цяпер Тарту) і загінуў у жорсткім баі з крыжакамі ў 1224 г.

У 1209 г. рыцары абрабавалі і спалілі другі полацкі фарпосту нізоўях Заходняй Дзвіны – горад Герцыке.

У 1216 г. палачане рыхтаваліся да новага выступлення супраць рыцараў. Аднак у дзень адпраўлення з Полацка Уладзімір раптоўна памёр (відаць, быў атручаны падасланымі забойцамі) і паход не адбыўся.

У бітве са шведскімі рыцарамі на р. Няве (1240) на баку наўгародскага князя Аляксандра вызначыўся адвагай палачанін Якаў. У жорсткай рукапашнай схватцы ён, узброены толькі мячом, напаў на цэлы атрад крыжакоў.

Толькі перамога ў Грунвальдскай бітве (1410 г.) дазволіла спыніць германскую экспансію на ўсходнеславянскія землі.

У пачатку XIII ст. .у стэпах Цэнтральнай Азіі склалася моцная Мангольская дзяржава. Пасля яе ўтварэння пачалася паласа мангольскіх заваяванняў.

Унук Чынгісхана Бату (па-славянску - Батый) у 1236 г. пачаў заваёўніцкі паход на захад. Зімой 1237-1238 гг. мангола-татары захапілі і разрабавалі гарады Разань, Каломну, Маскву і Уладзімір на Клязьме.

У 1240 г. яны ўзялі Кіеў і разрабавалі яго. Затым мангола-татарскае войска накіравалася ў Галіцка-Валынскую зямлю, дзе былі ўзяты гарады Уладзімір-Валынскі і Галіч.

Насельніцтва Беларусі аказалася пад вялікай пагрозай мангола-татарскага заняволення. У 1240 г. быў разбураны і спалены Гомель.

Мангольскія военачальнікі практыкаваліся ў масавым знішчэнні здольных да супраціўлення груп насельніцтва. Пры аблозе горада літасць праяўлялася толькі ў выпадках безумоўнай здачы заваёўнікам. Калі ж горад пасмеў абараняцца, то пасля яго захопу жыхароў выганялі ў поле, каб зручна было рабаваць дамы і вывезці каштоўнасці. Затым усіх воінаў манголы забівалі, а рамеснікаў з сем'ямі, таксама як маладых жанчын і дзяўчат, забіралі ў рабства. Нешта падобнае, відаць, адбылося ў Берасці ў 1241 г.

Пра татараў захавалася шмат народных паданняў. Паводле аднаго з іх, войска на чале з Койданам рухалася на Менск. На шляху заваёўнікаў знаходзіўся горад Крутагор'е. Тут быццам адбылася бітва, у якой мангольскі военачальнік загінуў і з гэтай нагоды горад перайменавалі ў Койданава (цяпер Дзяржынск). Але больш дакладных звестак аб гэтай падзеі няма.

Большая частка тэрыторыі Беларусі не зведала мангола-татарскай навалы ў 1238-1241 гг. Гісторыкі тлумачаць гэта рознымі прычынамі. Адны звычайна гаварылі, што войска Батыя было моцна аслаблена барацьбой з паўночна-ўсходнімі рускімі княствамі. Другія сцвярджаюць, што захопнікі не хацелі ісці ў беларускія лясы і балоты пасля ўкраінскіх прастораў. Існуюць і іншыя меркаванні. Але адназначнага тлумачэння, чаму мангола-татары фактычна абмінулі асноўную тэрыторыю Беларусі, няма.

Такім чынам, асноўная тэрыторыя Беларусі не трапіла пад мангола-татарскі пагром 1237-1241 гг. і беларускія землі пазбеглі ярма Залатой Арды ў сярэдзіне XIII ст. Але пагроза такога заняволення не знікла.
5. Язычніцкія вераванні. Вынікі і значэнне ўвядзення хрысціянства на беларускіх землях.
У цеснай сувязі з дзяржаваўтваральнымі працэсамі на Беларусі ў IX - XIII стст. ішло развіццё культуры. Найбольш яскравым праяўленнем гэтага боку грамадскага жыцця стала прыняцце і распаўсюджванне хрысціянства.

Першыя славянскія супольнасці, якія рассяліліся на Беларусі - крывічы, дрыгавічы і радзімічы, - вызнавалі язычніцкую рэлігію. Яны пакланяліся праявам навакольнага асяроддзя - сонцу, месяцу, агню, вадзе і інш. У нашых продкаў яны атаясамліваліся з багамі: Сварогам, Сварожычам, Жыжалем, Макошай (Цёцяй), Перуном і інш.

Датай хрышчэння Русі лічыцца 988 г., калі кіеўскі князь Уладзімір Святаславіч, прыняў рашэнне аб увядзенні монатэізму. Гэта дазваляла яму абвясціць сваю ўладу свяшчэннай і аб'яднаць падданых агульным веравызнаннем. Летапісец вобразна апісаў, як валадар русаў выбіраў паміж ісламам, іудаізмам, лацінскім і грэцкім хрысціянствам і ўрэшце аддаў перавагу рэлігіі Канстанцінопаля, г. зн. праваслаўю. Такі выбар не ў апошнюю чаргу быў абумоўлены палітычнымі матывамі: толькі хрысціянства давала Русі магчымасці ўвайсці ў сістэму еўрапейскіх дзяржаў, атрымаць іх прызнанне і давер. Першымі былі ахрышчаныя княскі двор і дружына, а таксама жыхары Кіева.

Для хрысціянізацыі ўсёй Русі князь Уладзімір паслаў сваіх сыноў з адпаведнымі місіямі ў галоўныя гарады — Ноўгарад, Полацк, Тураў, Чарнігаў, Белгарад, Уладзімір-Валынскі і Растоў. У некаторых землях не абыходзілася без канфліктаў. Паводле летапісу у Ноўгарадзе ў 991 г. жыхары ўзбунтаваліся супраць прысланага епіскапа і іх утаймаваннем займалася ваенная экспедыцыя. Наконт такіх здарэнняў на тэрыторыі Беларусі крыніцы нічога не паведамляюць. Толькі ў Тураве паданні згадваюць прапаведніка Дыянісія, забітага мясцовымі прыхільнікамі паганскіх (язычніцкіх) культаў.

Цэнтрамі распаўсюджвання новай веры рабіліся заснаваныя епархіі, храмы і манастыры. Прынята лічыць, што першая ў Беларусі епархія была ўтворана ў Полацку праўдападобна ў 992 г., пры князі Ізяславе,

Але пачало пранікаць хрысціянства на Беларусь ране за 988 г., яшчэ ў IX ст. Ужо ў X ст. ісландская епіскапская "Сага аб хрышчэнні" распавядае аб місіянеры Торвальдзе па прозвішчы Вандроўнік, які, прайшоўшы паломніцкі шлях у Палесціну, вярнуўся да сябе на радзіму праз Полаччыну. У Полацку, паводле звестак, ён заснаваў манастыр у гонар Іаана Прадцечы, дзе памёр і быў пахаваны. Не выключана і тое, што да часу афіцыйнага прыняцця новай рэлігіі з верай былі знаёмы і Рагвалод, і Рагнеда. Інакш цяжка вытлумачыць пастрыжэнне Рагнеды ў манашкі пад імем Анастасіі і заснаванне ёю манастыра ў Заслаўі. Прыхільна ставіўся да хрысціянства сын Рагнеды - князь Ізяслаў. Летапісы згадваюць яго як першага князя-кніжніка, які "любіў і шанаваў манашы чын".


6. Культура беларускіх зямель ІХ – сярэдзіны ХІІІ ст.

Усходнія славяне стварылі шматгранную культуру, якая ўключае вусную народную творчасць, пісьменства, архітэктуру, выяўленчае мастацтва, музыку.

Старажытнейшым пластом усходнеславянскай культуры выступае вусная народная творчасць (фальклор). Да яе старадаўніх відаў належаць каляндарна-абрадавая і сямейна-абрадавая паэзія. Беларуская каляндарна-абрадавая паэзія прызнана найбагацейшай сярод славянскіх народаў. Яна дзеліцца на зімовыя (святкаванне Каляды), веснавыя (свята гукання вясны), летнія (свята Купалля), восеньскія (памінальны абрад Дзяды) цыклы. Сямейна-абрадавая паэзія прадстаўляе рытуалы вакол асноўных момантаў жыцця чалавека – нараджэння, вяселля, смерці.

Да нас дайшлі разнастайныя помнікі пісьменнасці ўсходніх славян. Стварэнне славянскай азбукі звязваюць з імёнамі братоў – манахаў Кірыла (свецкае імя Канстанцін, каля 827–869) і Мяфодзія (815–885). Родам браты з горада Салуні (сёння Салонікі, Грэцыя). Большасць вучоных лічаць іх балгарамі. У сярэдзіне ІХ ст. браты склалі славянскую азбуку – кірыліцу, назва якой паходзіць ад імя Кірыл. Яна налічвае 43 літары: 24 візантыйскага паходжання, 19 створана ўпершыню. 27 літар абазначалі і лічбы. Літарны склад кірыліцы адпавядаў гукавай сістэме старажытнаславянскай мовы.

Першым датаваным узорам пісьменнасці Ўсходняй Еўропы з’яўляецца пячатка полацкага князя Ізяслава Ўладзіміравіча. На ёй напісана імя князя кірыліцай, але ў грэчаскім гучанні – «Ізяславос».

Каштоўным помнікам усходнеславянскага пісьменства служаць берасцяныя граматы – напісаныя на бяросце прыватныя лісты людзей. Археолагі знайшлі берасцяныя граматы ў Мсціслаўлі Магілёўскай вобласці і Віцебску, а таксама ў расійскіх гарадах Ноўгарадзе і Смаленску, якія, згодна тэксту, належалі палачанам.

З развіццём пісьменнасці цесна звязана ўзнікненне рукапісных кніг. Першай рукапіснай кнігай Беларусі з’ўляецца «Тураўскае евангелле» ХІ ст. Напісана яно на пергаменце. Упрыгожана рознакаляровымі застаўкамі. Вокладкай служылі дзве дошкі, абцягнутыя скурай. Зачынялася кніга з дапамогай спражкі.

У ХІ ст. пачалі складвацца летапісы – гісторыка-літаратурныя творы з апісаннем падзей па гадам (летам) у храналагічнай паслядоўнасці. Першы ўсходнеславянскі летапіс «Аповесць мінулых часоў» напісаны манахам Кіева-Пячэрскага манастыра Нестарам каля 1113 г. Ён паставіў сабе маштабную задачу паказаць адкуль пайшла Руская зямля. Даў звесткі пра Рагвалода, Рагнеду, Ізяслава Уладзіміравіча, Усяслава Чарадзея, бітву на Нямізе. Ёсць звесткі пра існаванне Полацкага, Тураўскага, Навагрудскага летапісаў, якія не захаваліся да нашых дзён. Урыўкі з іх прысутнічаюць у іншых летапісных зводах. Расійскі гісторык Васіль Тацішчаў (1686–1750) карыстаўся Полацкім летапісам пры напісанні 5-томнай «Гісторыі Расійскай».

Кніжная культура дасягнула сваёй дасканаласці ў творчасці Ефрасінні Полацкай (каля 1101–1167). Яна займае пачэснае месца сярод першых асветнікаў Беларусі. У дзяцінстве насіла імя Прадслава. Яе дзедам быў полацкі князь Усяслаў Чарадзей, бацькам – яго малодшы сын Святаслаў-Георгій, маці – Софья, дачка Вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Манамаха. У 12 гадоў Прадслава адмовілась ад дынастычнага шлюбу. Пайшла ў манастыр пад імем Ефрасінні. Перакладала і перапісвала кніга. У канцы 20-х гадоў ХІІ ст. заснавала жаночы Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр. Каля 1150 па яе ініцыятыве будуецца царква Багародзіцы, пры якой адкрываецца мужчынскі манастыр. Заснаваныя манастыры сталі асяродкам асветы. Пры іх працавалі вучыльні, дзе выкладалі чытанне, пісьмо, нотную грамату, верагодна, грэчаскую мову. Дзейнічалі бібліятэкі, а таксама майстэрні іконапісныя, ювелірныя, па перапісванню кніг – скрыпторыі.

Напрыканцы жыцця Ефрасіння здзейсніла паломніцтва па святым месцам у Іерусалім, дзе і памерла. У 1187 Іерусалім захапілі арабы. Кіеўскіе манахі, пакідаючы горад, забралі мошчы Ефрасінні. Змясцілі іх ў Кіева-Пячэрскай лаўры. У 1910 цела асветніцы вярнулася ў Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр.

Сваёй асветніцкай і літаратурнай дзейнасцю праславіўся Кірыла Тураўскі (каля 1113–пасля 1190). Ён паходзіў з багатай сям’і Турава. Атрымаў выдатную адукацыю. Затым пастрыгся ў манахі. Павагу сучаснікаў прынёс яму подзвіг «стоўпніцтва», калі Кірыл замураваўся ў манастырскай вежы (стаўпе) і пэўны час жыў ізалявана ад людзей. Каля 1159 выбраны тураўскім веча на пасаду епіскапа. Захавалась дзесьці 70 твораў Кірылы Тураўскага розных жанраў: малітвы, павучанні, пропаведзі, прытчы, каноны. Сваім словам заваяваў такі высокі аўтарытэт, што яго называлі Златавустам.

З распаўсюджаннем хрысціянства архітэктура (дойлідства) узбагацілася камяніцамі па візантыйскаму ўзору. Спачатку для работы запрашалі грэчаскіх майстроў. Паступова сфарміраваліся мясцовыя архітэктурныя школы ў Полацку і Гродна. Візітоўкай полацкай школы дойлідаў стаў Сафійскі сабор у Полацку – першы мураваны (узведзены з камення і цэглы, замацаваных растворам) храм Беларусі. Пры яго будаўніцтве ўпершыню выкарысталі плінфу – абпаленую цэглу, шырыня і даўжыня якой значна пераўзыходзіла таўшчыню (каля 4 см.). У аснове Полацкага Сафійскага сабора быў крыжова-купальны храм грэкаў. Але яго вянчалі купала, якія ўваскрашалі стыль усходнеславянскага драўлянага дойлідства.


Літаратура:

  1. Гісторыя Беларусі : курс лекцый : у 2 ч. – Ч. 1. Са старажытных часоў да канца XVIII ст. / І.П. Крэнь, І.І. Коўкель, С.В. Марозава [і інш.]. – Мінск : РІВШ БДУ, 2000.

  2. Бригадин, П.И. История Беларуси в контексте европейской истории: курс лекций. - Минск, 2007.

  3. Гісторыя Беларусі: у 2 ч.: курс лекцый. / Пад рэд. Я. К. Новіка, Г. С. Марцуля. - Мінск, 2000; 2002.

  4. Юхо, Я. А. Псторыя дзяржавы і права Беларусі: у 2 ч. - Мінск, 2000;2003.

1 Феадалізм – сістэма грамадскіх адносін, у аснове якой знаходзіцца прынцып перадачы зямельных уладанняў (феода) вышэйшым уласнікам зямлі ў дзяржаве (князем, каралём) сваім васалам на пэўны час або назаўсёды за пэўныя заслугі; асноўнымі сацыяльнымі класамі феадальнага грамадства з’яўляюцца феадалы (буйныя уладальнікі зямлі) і залежныя ад іх сяляне.




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка