Леапольда Лугонэс/ Leopoldo Lugones




Дата канвертавання23.03.2016
Памер28.53 Kb.




Леапольда Лугонэс/ Leopoldo Lugones (1874 – 1938) – У 1897 годзе выйшаў зборнік вершаў Лугонэса "Залатыя горы" (Las Montañas de oro), які прынёс яму нацыянальную вядомасць. Папулярнасць Лугонэса павялічылася ў 1909 годзе разам са з’яўленнем зборніка вершаў "Месяцовыя песні" (Lunario sentimental), які вельмі паўплываў на малодшае пакаленне аргентынскіх аўтараў. Важнай падзеяй у літаратурным жыцці стаў выхад зборніка лекцый пра эпічную паэму "Марцін Ф’ера" (Martín Fierro) пад назвай "Паядор" (El payador). Найлепшыя творы Лугонэса створаныя ў перыяд 1905–1910 гг. Гэта раман “Вайна гаўча” і паэтычны зборнік “Оды стагоддзю”: яны прысвечаныя сотай гадавіне незалежнасці Аргентыны.

Неадпрэчны”

(El Definitivo)
У садзе пры вар’ятні адзін з пацыентаў, што пры сваёй маркоце выглядаў нармальным, чым выклікаў у нас шкадаванне, расказаў нам сваю гісторыю.

– Я захварэў раптоўна, – сказаў ён, – неўзабаве пасля таго, як мяне наведаў Неадпрэчны.

– Неадпрэчны? – перапыталі мы.

– Вядома! – адрэагаваў ён з горыччу, як быццам папракаючы нас. – Тут яго ведаюць усе хворыя, але дактарам мы нічога пра яго не кажам – яны з нас толькі пасмяяліся б.

Вось як ён апісаў нам тое, што яго напаткала:

“Аднае зорнае ночы я вярнуўся дадому позна. Гучным крокам я прайшоў свае дзесяць кварталаў у начной свежасці з высока ўзнятаю галавой. Як звычайна, я ўлёгся, падкараціўшы кнот свечкі, з намерам спакойна пачытаць Гальдоса. Я жыў у двухпакаёўцы, са спальняй і кабінетам. Вядома, у кабінеце святла не было, і дзверы, што злучалі абодва пакоі, заўжды былі адчыненыя. Праз гэтыя дзверы і ўвайшоў Неадпрэчны.

Ён быў надзвычай спакойны і пазіраў у столь, засунуўшы рукі ў кішэні, як чалавек, што аглядае кватэру, якую збіраецца зняць. Шэры гарнітур, чорны капялюш. Чалавек як чалавек.

У наступны момант я ўсвядоміў, што гэта – Неадпрэчны, у чым у мяне не ўзнікла ані каліўца сумневу, хоць я пра яго дагэтуль не меў ніякага паняцця. І насамрэч, гэта быў ён, Неадпрэчны.

Я працягваў рабіць выгляд, што чытаю, праз што не змог разгледзець ягонага твару. Я не адчуваў ніякай боязі, але зразумеў, што калі б паспрабаваў пераканаць сябе ў абсурднасці ягонага з’яўлення і захаваць поўны спакой, то мяне пачало б страшэнна калаціць.

Мой госць зрабіў некалькі крокаў, быццам мяне не заўважаючы, падышоў да краю ложка і прысеў, як аўтарытэтны лекар, што збіраецца памацаць вам пульс, – хіба што спінаю да мяне. Гэтак ён сядзеў доўгі час. Здавалася, што ён, закінуўшы нагу за нагу і стуліўшыся, чысціць пазногці, увесь заглыблены ў гэты занятак.

Я ўзгадаў, як у раманах апісваецца ў такіх выпадках псіхалагічная сітуацыя: маўляў, я сплю ці не? Які абсурд. Чалавек заўжды добра ведае, што не спіць.

Я дарэмна напружваў слых, каб учуць у цішыні які-небудзь гук ці шоргат, прыкмету жыцця. Крык ці жэст, відавочна, маглі пазбавіць мяне ад Неадпрэчнага, таму што рухі й гукі адганяюць прымхі. Але толькі калі цалкам забыцца на сэнс словаў, можна падумаць, што я мог яго адпрэчыць. Натуральна, гэта было немагчыма. Хіба ж ён не быў Неадпрэчным? Не-ад-прэч-ным?..

Таму калі я вымавіў “Ратуйце!” – пасля таго як уцяміў, што губляю сябе, правальваюся, куляюся ў бездань з галавою, – то нічога не пачуў. Толькі ў люстэрку шафы злева ад мяне я ўбачыў свой крык – агромністы чорны крык у маім агромністым чорным роце...

Я звычайна гэтага не расказваю, таму што гэта, вядома, глупства, праява майго шаленства. Але ж гэта яшчэ й выкліканне. Выкліканне Неадпрэчнага”.

Ён раптам змоўк і кінуў баязлівы погляд, у якім марна спрабаваў захаваць абыякавасць, на вялізны сад, дзе на сонейку адпачывалі пасля абеду вар’яты.

Можа быць, гэта было супадзенне, прыхамаць – што я ведаю? – але менавіта ў той момант вар’яты пачалі адзін па адным разыходзіцца, удаючы няспешнасць. Яны не маглі чуць нашай прыватнай размовы. Нейкі надзвычай няясны цень, лепш сказаць – лёгкае зацьменне яркага сонечнага святла прабегла побач з намі. Мне падалося, што нават гарачыня на момант стала меншай.

Вар’ят асцярожна дакрануўся да маёй спіны, прамовіўшы:

– Неадпрэчны.



пераклад з гішпанскай – Макс Шчур
© Макс Шчур, пераклад, 2009


prajdzisvet.org




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка