ЛЕАНІД ГАЛУБОВІЧ
Паэзія
Ты — боль, паэзія. Ты — быль.
Твае суровыя законы
Не для забаў, не для гульбы —
А пошук ісціны да скону.
Ты — рай, паэзія. Ты — рой
Адвечных дум, дзе мы згараем.
I толькі геніі парой
Жылі часова гэтым раем.
Ты — жаль, паэзія. Ты — жар.
Я па тваім хаджу вуголлі.
Чыя не прагнула душа
Твайго зняволення і волі?
Ты — сум, паэзія. Ты — суд.
I мрояў нашых і здзяйсненняў.
Хай душы шчырыя нясуць
Высокі лад тваіх памкненняў!..
Ты — боль, паэзія. Ты — бой.
Ты — праўда непрыступнай вежы.
Я — праведнік і грэшнік твой1.
Пусці мяне ў тваё бязмежжа!..
1 Праведнік і грэшнік твой — той, хто кіруецца высокімі думкамі паэзіі і часам ідзе насуперак ім, хоць і не па ўласным жаданні. |