ЛЕЎ сапега зорка першай велічыні на небасхіле палітычнай гісторыі Беларусі




Дата канвертавання19.03.2016
Памер73.47 Kb.
ЛЕЎ САПЕГА - зорка першай велічыні на небасхіле палітычнай гісторыі Беларусі.

У дзяцінстве ён любіў слухаць аповеды пра жыццё і справы сваіх продкаў. Загараліся вочы захапленнем і гонарам, калі чуў пра славу Сапегаў. І марыў ён рыцарскай мужнасцю быць годным продкаў сваіх слаўных. А дом Сапегаў у Літве быў зацным:



«Там Бог благославляет, там слава значная,
в тым доме зоставанет на веки трвалая»[1].

Свой пачатак Сапегі выводзілі не абы ад каго, ад самога «роданачальніка князёў Літоўскіх» - Віценя. На пахавальным помніку Івана Сапегі радавод дому падаецца так: «Івану Сымонавічу Сапегу... сыну Сунігайлы Пунігайлавіча Сафіі, троцкага кашталяна, які пры святым хрышчэнні прыняў імя Сымона... унука Пунігайлы Нарымунтавіча, сучасніка Альгерда і таксама кашталяна троцкага, названага па-грэчаску Сафіяй за сваю мудрасць, адкуль выводзяць сваю прозву Сапега ўсе нашчадкі Нарымунтавіча, роднага брата Белзскага і Падольскага князёў, праўнука Нарымунта Гедзімінавіча, пінскага епарха, сына Гедзіміна Віценавіча, унука Віценя - роданачальніка князей Літоўскіх»[2]. Рэальнасць Сунігайлы засведчана яго подпісам пад актам Гарадзельскай вуніі. Вядома, што атрымаў ён герб «Ліс», які стаў родавым гербам Сапегаў. Сапегі займалі ў дзяржаве высокія пасады. Па сямейнай традыцыі служылі пры двары пісарамі. Падымаліся і да ваяводстваў. Гэтак, Іван Багдановіч, дзед Льва Сапегі, стаў віцебскім ваяводам, а пасля і ваяводам падляшскім. А ягоны сын Іван ажаніўся з княгіняй Багданай з слаўнага роду князёў Друцкіх-Сакалінскіх. У гэтай сям'і і нарадзіўся 4 красавіка 1557 года ў маёнтку Астроўна Віцебскага ваяводства хлопчык, якога хрысцілі па праваслаўнаму абраду і назвалі Леонам. Жыццёвым дэвізам для Льва Сапегі стала перакананне: «Не толькі я, але і жыццё маё належыць Айчыне»[6].

Шасцігадовага хлопчыка бацькі завезлі ў Нясвіж, дзе ягоным апекуном і мецэнатам стаў князь Мікалай Радзівіл Чорны. Хаця школа і была пратэстанцкай, але праваслаўных Сапегаў гэта не бянтэжыла. Выкладалі там дасведчаныя настаўнікі. Сама атмасфера нясвіжскага двара, дзе сабраліся светлыя галовы з усёй Эўропы, дзе на філасофскіх і багаслоўскіх дыспутах пазнавалі ісціну і сэнс быцця, дзе друкаваліся кнігі (якраз тады ў тамтэйшай друкарні Сымон Будны выдаў свае беларускія кнігі) - насычала ўражлівую душу і цікаўны розум хлопчыка новымі пачуццямі і новымі думкамі. Веды ў нясвіжскай школцы атрымаў ён добрыя, вывучаў і мовы, і філасофію, і багаслоўе, і літаратуру. Можна толькі дзівіцца ягоным здольнасцям. Па заканчэнню ведаў польскую, нямецкую, лацінскую і грэчаскія мовы, а меў ён трынаццаць гадоў. У тым, што Леў не толькі вывучыў працы Платона і Арыстоцеля, але і сам думаў мудра, была заслугай гэтых «ерэтычных школ». У лісце да Крыштофа Радзівіла піша: «А я, небарака, яшчэ не ведаю, дзе сесці, і ўжо ўдумаў да кляштара ўступіць, бо нікога за мяне няма на свеце. Да гэтага часу не ўмеў падліслівіць, а вучыцца ўжо позна...»[9]. Хто, як не бацька, дапаможа свайму сыну? Аднак, хто ж калі не бацька дапаможа свайму сыну і менавіта ён паслаў Лёву да Сцяпана Батуры, нібыта бараніць сямейныя інтарэсы па нейкіх дробных маёмасных справах. Малады Сапега ўразіў уладара лацінай, веданнем законаў і разважлівым не па гадах розумам. Такія людзі дзяржаве патрэбныя. Але вось навука, якую ён атрымаў у дзяржаўнай канцылярыі, зрабіла з яго палітыка. У майстэрні палітычных спраў Літвы быў Сапега пакуль што падмайстар. А вучыў яго канцлер Княства Астафі Валовіч, які зацята бараніў самастойнасць Літвы. Ён і ягоныя аднадумцы ні на крок не саступалі Кароне правоў і волі Княства. Тут зброяй не дапаможаш, тут трэба ўмець палітыку рабіць. Прызнаецца Сапега ў лісце да Крыштофа Радзівіла: «Добра вядома, як нам гэтую вялебную вунію датрымоўваюць: з радасцю зрабілі б з нас Валынь. Агулам - дрэнная справа з імі, бо яны ахвотна хацелі б мець нас сваімі галдоўнікамі»[11]. Валовіч займеў не толькі шчырага аднадумцу, але і дзейснага і практычнага спраўцу сваёй незалежніцкай палітыкі. І першай сур'ёзнай справай Сапегі разам з Валовічам і падканцлерам Крыштофам Радзівілам стала праца над стварэннем вышэйшага апеляцыйнага суда - Трыбунала Вялікага Княства.

Леў Сапега ўзначаліў пасольства ў Маскву і падпісаў мірную дамову, паводле якой Масква мусіла вярнуць Полаччыну і Інфлянты. Вось як сваю місію бачыў сам Сапега: . «Хацеў таго кароль, сам паведаў, каб я зірнуў у вочы дэспату і нагадаў яму пераможныя каралеўскія звіцязтвы. Былі часы, калі паслы манархаў, стаўшы перад яго абліччам, трупянелі; абавязак мой, павагу да пераможцы абудзіць, можа, тады суцішыцца ягоная дзікасць і жорсткасць»[12]. Гэта была вялікая дыпламатычная ўдача, і, вярнуўшыся на радзіму, кіраўнік пасольства быў прызначаны падканцлерам, а потым і вялікім канцлерам - другім чалавекам у дзяржаве пасля вялікага князя. Захоўваючы гэтую пасаду на працягу трыццаці з лішнім гадоў Леў Сапега, па сутнасці, вызначаў нутраную і замежную палітыку Княства.

Вялікі князь Жыгімонт Ваза даручыў яму кіраўніцтва падрыхтоўкаю Трэцяга Статута Вялікага Княства Літоўскага. . У розныя часы камісію ўзначальвалі канцлеры Мікалай Радзівіл Руды і Астафі Валовіч. Артыкулы Статута абмяркоўваліся на павятовых сойміках і агульнадзяржаўных з'ездах. Такім чынам, Статут стаў плёнам заканадаўчай думкі «шляхецкага народа» Літвы.

Аднак толькі пасля таго як за справу ўзяўся Сапега, праца нарэшце завяршылася. Ён зрабіў агульную рэдакцыю Статута, падрыхтаваў да друку. А тое, што справа гэта нялёгкая, можна судзіць паводле прызнання самога Льва ў 1592 годзе, калі адбываўся перагляд кодэкса:

«Паправу Статута неяк робім, шмат перашкод; даволі ўпартых, а то і неразважлівых. Усе аднадушныя ў тым, каб браць за прыклад лепшае. Іншы раз самі не ведаюць, чаго хочуць. Калі пытаю, як хочаш, каб гэта было, дык адказвае: «Сам не ведаю, як перадаць тое, што думаю». Злы дух цябе пабраў бы, калі я абавязаны разумець тваю фантазію, калі ты сам не можаш яе выказаць! Ужо так мне ўсё надакучыла за невялікі час, што сам не ведаю, ці вытрымаю»[47]. Услед за антычнымі філосафамі Арыстоцелем і Цыцэронам ён паўтарае думку пра тое, што грамадства не ведае прыстойнага жыцця без заканадаўства, якое павіны ўсе паважаць і, канечне, сам манарх, іначай ён стане для сваіх падданых тыранам. Кожны чалавек павінен вызначаць тыя прававыя нормы, якія пачціва ўзвышалі б яго і засцерагалі ад ганебных учынкаў: «А тая того есть причина, же право ест, яко его другий зацный мудрец выславил, оным правдивым розсудком а мудрым умыслу чоловечого баченьем, которым пан Бог натуру чоловечую обдарыти рачыл, абы водлуг того пристойного а мудрого баченья жывот чоловечий так справовал, яко бы се за тым, што ест почтывого, завжды удавал, а што непочстивого, абы се того выстергал»[49]. А для дзяржавы зарукай росквіту і велічы ёсць прававы лад. «И тот то ест цель и конец всих прав на свете, тым все панства и королевства стоять и в целости своей захованы бывають, где лихие помсту, а добрые заплату относять»[50]. Так, Леў Сапега і астатнія сябры Статутавай камісіі з'яўляліся прадстаўнікамі інтарэсаў «шляхецкага народа» і перш за ўсё яны абаранялі сваё саслоўнае права. Таму Статут замацоўваў прывілеі і вольнасці пануючага класа, замацоўваў прававую няроўнасць, не дапускаў просты люд да кіравання дзяржавай. Іначай у той час і не магло быць.

У 1588 годзе Статут пабачыў свет, яго выдалі ў віленскай друкарні Кузьмы і Лукаша Мамонічаў.

Філасофія палітыкі Сапегі прама супрацьлеглая шаноўнаму на той час Макіявелі. Калі італьянскі філосаф апраўдвае любыя сродкі для дасягнення і ўтрымання ўлады, калі ідэалам абвяшчаецца беззаконне мацнейшага над падначаленым, дык Сапега лічыць, што і ў палітычным жыцці трэба кіравацца хрысціянскімі, праваслаўнымі запаветамі. Толькі ў гэтым выпадку праўленне манарха прынясе шчасце ягонаму народу. Закон, пабудаваны паводле хрысціянскіх запаветаў, - улада ад Бога. «А тая того ест причина, же право ест, яко его другий зацный мудрец выславил, оным правдивым розсудком, а мудрым умыслу чоловечого баченьем, которым пан Бог натуру чоловечую обдарыти рачыл, абы водлуг того пристойного а мудрого баченья жывот чоловечий так справовал, яко бы се за тым, што ест почстивого, завжды удавал, а што непочстивого, абы се того выстерегал»[61].

Захаванню самастойнасці Княства служыла і стварэнне пры беспасярэднім удзеле Сапегі Галоўнага трыбунала Літоўскага - найвышэйшага апеляцыйнага суда, пастановы якога мелі сілу пастановаў сойма.

Пры канцы жыцця Леў Сапега колькі гадоў быў вялікім гетманам. І тут ён паказаў сябе не толькі таленавітым ваяводам, але і чалавекам, што інтарэсы Айчыны ставіць вышэй за ўсё іншае. Калі на Вялікае Княства напалі шведы, вялікі гетман і ягоны сын Ян аддалі на падтрымку арміі, на барацьбу з ворагам усё сваё багацце. «Спакой Айчыны да скону дзён буду сцерагчы», - вось мэта Сапегі[81].

Вялікія заслугі ён мае і як мецэнат, што дапамагаў мастакам і пісьменнікам. Паэт ХVІ стагоддзя Андрэй Рымша ў сваёй одзе на герб Льва Сапегі пісаў:


При которих з оружъем конный воин стоить,
Знаком того иж ся з них не один не боить.
Служить своим спадарем ку каждой потребе,
Не литуючи скарбов, ни самого себе.

Рупнасцю Сапегі былі ўпарадкаваны і перапісаны некалькі сотняў тамоў Літоўскай Метрыкі - архіва нашай дзяржавы, які з'яўляецца бясцэннай гістарычнай крыніцай.

Ён атрымаў шмат, ён і аддаваў шмат. Лёс выбраў яго, ён выбраў гэты лёс. Чалавек, які «павінен дбаць пра грамадскае дабро і пра справы дзяржаўныя»[90]. Лёс даў яму ўладу, улада даверыла яму лёс Айчыны - святы дар і давер. Дар свой ахвяраваў ён народу - Айчына стала яго лёсам.



Ён ішоў наперадзе свайго часу і хацеў весці за сабой грамадства. А грамадства азіралася назад у прызвычаны і знаёмы ўчарашні дзень. Грамадства не разумела яго, яно шукала пажытак у сённяшнім дні. Задаволеным малым было дастаткова, каб не шукаць вялікага. І дзень змяняўся днём і прыносіў усё той малы пажытак. Але жыла мара пра вялікае, жыла ў душы Льва Сапегі. А марыў Леў Сапега пра саюз славянскіх народаў. Як ніхто іншы, канцлер разумеў неабходнасць гэтага аб'яднання. У свеце складваліся моцныя кааліцыі. Леў Сапега хацеў стварыць славянскі саюз Польшчы, Літвы і Масковіі, што дазволіла б нарэшце ўсталяваць паміж імі доўгачаканы мір і абараніцца агульнымі сіламі ад поступу мусульманскай Порты і заваёўніцкіх захадаў Швецыі. Вялікая ідэя, вартая таго, каб прысвяціць сябе яе ажыццяўленню. Ясна, што ад гэтага саюза выйгралі б усе славяне, бо ў перспектыве паўставала задача вызвалення славянскіх народаў з-пад турэцкага ярма. Паехаўшы (1600) з такой прапановай у Масковію разам з іншымі пасламі, Сапега атрымаў адмоўны адказ. Чаго і баяўся Сапега, тое і адбылося. «Нічога грунтоўнага з намі станавіць не хацелі, толькі дамагаліся князю свайму царскага тытула і вяртання сабе зямлі Інфляцкай»[101].

У сямейным жыцці Льва Сапегу не аднойчы напаткала бяда. Першая жонка Дарота Фірліёўна (пашлюбаваўся з ёй у 1586 годзе) памерла пры народзінах сына Андрэя ў 1591 годзе. Сын пражыў чатыры тыдні. У раннім веку памерла і дачка Катаржына, якую хрысціла каралева Ганна. Палову года пражыў і сын Крыштоф, народжаны ў 1588 годзе. І толькі Ян Станіслаў, народжаны ў 1589 годзе, шчасліва дажыў да сталага веку. Другой жонкай Льва Сапегі стала Гальшка Радзівілаўна, з якой ён абвянчаўся ў 1599 годзе. Але і яна рана пакінула Льва, памерла ў 1611 годзе. Ад гэтага шлюбу нарадзілася ў 1603 годзе дачка Ганка, жонка князя Альбрэхта Радзівіла, яна памерла ў 1627 годзе. Сапега не мог нават праводзіць дачку ў апошні шлях, бо ў гэты час выправіўся ў паход супраць шведаў. Сын Мікалай у 1606 годзе памёр пасля нараджэння. У росквіце маладосці памёр і другі сын Крыштоф, народжаны ў Ружанах у 1607 годзе. Трэці сын Казімір Лявон стаў падканцлерам. Сапега мужна пераносіў смерць сваіх дзяцей, змірэнча прымаў лёс: «Бог даў, Бог і забраў; як гэта Пан упадабаў, так і сталася; няхай будзе блаславенна панскае імя». (Kognowiski K. Op. cit. 139.)

P.S. Памёр Леў Сапега 7 ліпеня 1633 года ў Вільні і пахаваны ў пабудаваным ім віленскім касцёле св. Міхайлы. Ён прадчуваў смерць і мудра па-філасофску сустрэў яе. Падняўся з-за сямейнага стала і прамовіў сыну Казіміру: «Час ужо надыходзіць! Садзіся на месца маё, месца гаспадарскае»[147]. І пайшоў ён у пакой падрыхтаваць душу да сустрэчы з мілым Богам і сваімі продкамі. Жыццё ён пражыў, як і яны, ва ўсякіх для свае Айчыны працах, і атрымаў ад людзей славу бессмяротную.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка