«Лайкі» пісьменніку не дапамогуць — Ці ёсць у вас адпачынак ад тэкстаў?




Дата канвертавання01.05.2016
Памер25.65 Kb.
«Лайкі» пісьменніку не дапамогуць
Ці ёсць у вас адпачынак ад тэкстаў?

— Каб разгрузіць галаву, я часам чытаю штосьці вельмі несур’ёзнае. Напрыклад, фэнтэзі. Толькі якаснае, бо зусім пустое — не пойдзе. Чытаю, напрыклад, штосьці кшталту твораў Толкіена. Аднойчы ў сваім «Прадмесці» запыталася: «Што вы чытаеце, акрамя класікі?» Некалькі чалавек адказалі: «Не, толькі высокую літаратуру!» Мне неяк ці не паверылася, ці падалося, што гэта не вельмі слушна. Трэба адпускаць сябе, хоць бы для таго, каб уяўляць, які дыяпазон існуе ў мастацтве. Іншая рэч, што гэта павінен быць пэўны ўзровень, літаратура, якая нешта дасць.

Каб дасягнуць поспеху ў літаратуры, які павінен быць працэнт таленту і які — працы над ім?

— Талент павінен быць, гэта адназначна, іначай будзе заўважна. У паэзіі талент дакладна на першым месцы. Здольнасць да яе прыходзіць аднекуль. У прозе — 50 працэнтаў працы, а можа і больш. Прычым, цяжкой працы. Я, пачынаючы з 14 гадоў, кожны дзень увечары садзілася за пісьмовы стол і дзесьці да гадзіны ночы пісала. Хтосьці на дыскатэцы, а я з дыскатэкі прыходзіла і ўсё роўна пісала, як апантаная. Без такой апантанасці нічога не будзе. Таму што пачынаюць многія аднолькава — даецца нейкі канал, па якім усё і паступае, але яго расчышчаць трэба, а то зарасце (смяецца). Таму без працы таксама нельга. Узяў і напісаў лёгка — гэта ілюзія.

Што вы параіце чытачам, якія сур’ёзна думаюць займацца пісьменніцкай працай?

— Больш чытаць і пісаць. Быць уважлівымі да свету, услухоўвацца ў сябе і ўглядацца ў людзей. Наш матэрыял — гэта ўвесь свет, усё, што адбываецца з намі, вакол нас, і трэба ўмець гэты матэрыял прыняць, усвядоміць. Выпрацоўваць самастойнае мысленне, пазбаўляцца ад стэрэатыпаў. Нядаўна зачытвала ў школе маладога літаратара адзін цікавы пост, чым добры паэт адрозніваецца ад кепскага. Вось паэт піша, у яго сядзіць дзяўчына, п’е каву, брутальны мужчына на кухні напявае песні «Любэ», за акном пяюць птушкі, свеціць сонца, і раптам з’яўляецца мокры п’яны янот. Таму што паэт не мог падабраць рыфму да «не тот». Кепскі паэт спрабуе яго ці скотчам прыкруціць да тэксту, ці неяк апраўдаць, але то вушы тырчаць, то драпаецца па паркеце. Добры паэт, калі бачыць янота, здзіўляецца, хмыкае, выкідвае праз акно гэтую парачку і пачынае пісаць пра мокрага п’янага янота. Вось тут пачынаецца мастацтва — там, дзе нешта ламаецца, адкрываецца штосьці новае.

Чыста практычнае пытанне: у маладога аўтара ёсць твор, а што з ім далей рабіць?

— Прасцей за ўсё вывесіць у інтэрнэце і лавіць «лайкі». Але ў гэтым ёсць небяспека, бо ведаю шмат дарослых дзядзечак і цётачак, якія ўсё вывешваюць у інтэрнэце, лічаць адно аднаго і сябе зоркамі, і на гэтым усё. Перамагчы на сайце «Непрызнаны геній», набраўшы больш за ўсіх балаў, — гэта не сур’ёзна. Калі хочацца творчага росту, трэба ісці да прафесіяналаў: у рэдакцыю часопісаў «Бярозка» і «Маладосць». Не трэба баяцца, пісьменнікі — такія ж людзі, як і усе. Да таго ж, мы, як вампіры, нам трэба ўсіх заразіць пісьменніцтвам, каб мы былі не адны ў гэтым свеце. Таму пісьменнікі і паэты з радасцю вам дапамогуць, асабліва калі вы пішаце на беларускай мове. Ёсць літаратурныя гурткі, хоць і не ўсім такая форма падыходзіць. Але самы галоўны настаўнік — гэта кнігі. У літаратуры ёсць вялікі бонус: нашымі настаўнікамі могуць быць любыя аўтары.

Часам, калі задумваеш твор, з’яўляецца адчуванне, што ўсё магчымае ўжо напісана і твая праца бессэнсоўная. Што з гэтым рабіць?

— Гэта называецца «гіпноз гігантаў». Трэба заўсёды памятаць, што ты не напішаш такога, што напісалі Талстой, Караткевіч, Бальзак, таму што іх клоны нікому не патрэбныя. Але тое, што напішаш ты, таксама не напіша ніхто, будзе гэта горш ці лепш, галоўнае, каб гэта было тваё — тое, чым ты хочаш падзяліцца, твой боль, частка цябе. І яшчэ не баяцца. Літаратура — як рынг. Калі ўжо выйшаў, то біся. Тут ніхто не пашкадуе, толькі напачатку могуць зрабіць паслабленне. Баішся — не займайся.


Гутарыла Кацярына Захарэвіч


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка