Л. В. Алейнік (Мінск) моўныя аспекты мастацкага адлюстравання сацыялізацыі асобы ў трылогіі івана навуменкі "дзяцінства. Падлетак. Юнацтва"




Дата канвертавання23.03.2016
Памер93.24 Kb.
Л. В. Алейнік (Мінск)
МОЎНЫЯ АСПЕКТЫ МАСТАЦКАГА АДЛЮСТРАВАННЯ САЦЫЯЛІЗАЦЫІ АСОБЫ Ў ТРЫЛОГІІ ІВАНА НАВУМЕНКІ "ДЗЯЦІНСТВА. ПАДЛЕТАК. ЮНАЦТВА"
Працэс станаўлення асобы – засваення індывідам сацыяльных каштоўнасцей і грамадскіх норм, прынцыпаў міжасабовых стасункаў і правілаў паводзін у соцыуме, фармавання свядомасці і характару – заўжды быў у цэнтры ўвагі сусветнай літаратуры. Мэтазгодна прыгадаць, што праблема выхавання з’яўлялася адной з ключавых яшчэ ў антычнай літаратуры, ёй прысвяцілі свае творы старажытнагрэчаскія мысліцелі Сакрат, Платон і Арыстоцель, старажытнарымскія філосафы Цыцэрон і Квінтыліян. Безумоўна, у межах гэтага артыкула не выпадае зрабіць агляд усёй сусветнай літаратуры, прысвечанай дадзенай тэме. Але нават калі згадаць выбітныя мастацкія ўзоры адно толькі двух апошніх стагоддзяў, то відавочна, што працэс станаўлення асобы атрымаў адмысловыя інтэрпрэтацыі ў творчасці класікаў амерыканскай літаратуры Марка Твена ("Прыгоды Тома Сойера", 1876 і "Прыгоды Гекельберы Фіна", 1884) і Джэрома Сэлінджэра ("Над прорваю ў жыце", 1951), у творчасці выбітных заходнееўрапейскіх мастакоў слова Густава Флабера ("Выхаванне пачуццяў", 1869) і Стэндаля ("Чырвонае і чорнае", 1830), Іагана Гётэ ("Гады вандровак Вільгельма Мейстэра", 1821) і Томаса Мана ("Будэнброкі", 1901), Чарльза Дыкенса ("Прыгоды Олівера Твіста", 1838), Шарлоты Брантэ ("Гарадок", 1853) і Самерсета Маэма ("Цяжар жарсцей чалавечых", 1915). Сярод згаданых твораў, як бачна, і прыгодніцкія раманы, і сямейныя сагі, і раманы выхавання, але магістральнай ідэяй ва ўсіх з’яўляецца менавіта працэс станаўлення асобы.

Асобнай увагі заслугоўвае руская класічная літаратура, у якой працэс станаўлення асобы зрабіўся асноватворнай ідэяй у цэлым шэрагу аўтабіяграфічных твораў. Да іх ліку належыць славутая трылогія Льва Талстога "Дзяцінства" (1852), "Падлеткавасць" (1854), "Юнацтва" (1857), мемуарна-аўтабіяграфічная аповесць Сяргея Аксакава "Дзіцячыя гады Багрова-ўнука" (1858), аўтабіяграфічная тэтралогія Мікалая Гарына-Міхайлоўскага "Дзяцінства Цёмы" (1892), "Гімназісты" (1893), "Студэнты" (1895), "Інжынеры" (няскончаная), аўтабіяграфічная трылогія Івана Вальнова "Аповесць аб днях майго жыцця. Сялянская хроніка", якая складаецца з частак "Дзяцінства", "Падлеткавасць", "Юнацтва" (1912–1914), аўтабіяграфічная трылогія Максіма Горкага "Дзяцінства" (1913–1914), "У людзях" (1916), "Мае ўніверсітэты" (1923), аповесць Аляксея Талстога "Дзяцінства Мікіты" (1922), іншыя. Фактычна ва ўсіх названых творах канцэптуальна адлюстраваны шматлікія ўзаемадачыненні асобы з грамадствам і са светам, якія няўхільна ўплываюць на фармаванне светапогляду чалавека, на працэсы яго сацыялізацыі, інкультурацыі і самаідэнтыфікацыі.

У беларускай літаратуры гэтаксама нямала мастацкіх узораў, дзе таленавіта і шматгранна адлюстраваны свет дзяцінства і юнацтва, жыццё падлеткаў і моладзі ў пэўны гістарычны час, дзе аналізуюцца абставіны і сацыяльныя з’явы, што адыгралі вызначальную ролю ў станаўленні характараў герояў. Сярод іх – паэма "Новая зямля" і аповесць "На прасторах жыцця" Якуба Коласа, раман "Пошукі будучыні" Кузьмы Чорнага, "Палеская хроніка" Івана Мележа, "Каласы пад сярпом тваім" Уладзіміра Караткевіча і іншыя. Але трылогіі Івана Навуменкі "Дзяцінства. Падлетак. Юнацтва", думаецца, належыць асаблівае месца ў гісторыі нацыянальнай літаратуры. Бо такога заглыбленага і шматпланавага адлюстравання працэсаў самапазнання і самавызначэння асобы, эвалюцыі мыслення і фармавання характару, канцэптуальнага выяўлення ўсяго шляху сталення (ад моманту, калі герой пачынае "памятаць сябе" і да таго імгнення, калі ён аб’ектыўна ўсведамляе сябе дарослым) яшчэ не было ў айчынным прыгожым пісьменстве. Пры гэтым, галоўны герой намаляваны ў рэальных абставінах народнага быцця, яго жыццё натуральным чынам звязана з гістарычнымі і сацыяльнымі падзеямі часу, а лёс – адначасова індывідуальны, непаўторны і тыповы для цэлага пакалення.

Сама назва трылогіі І. Навуменкі падкрэслівае, што ў працы над раманам аўтар свядома арыентаваўся на мастацкія ўзоры рускіх класікаў. Але па сваёй аснове (не толькі па сюжэтных перыпетыях, апавядальнай манеры, творчых прыёмах і мастацкіх акцэнтах, але, галоўнае, па сваёй гістарычна-ментальнай сутнасці) гэты твор самабытны і арыгінальны. Трылогія "Дзяцінства. Падлетак. Юнацтва" – гэта, несумненна, асабістая і прыватная гісторыя, але ўрэшце яна вырастае ў аб’ёмную і шматфарбную карціну нацыянальнага свету, адлюстроўвае тыповы лёс цэлага пакалення.

Не выклікае сумневу, што "…кожная моўная з’ява можа лічыцца адэкватна апісанай і растлумачанай толькі ў тым выпадку, калі яна разгледжана на скрыжаванні кагніцыі і камунікацыі" [1, с. 11]. Мысленне і маўленне галоўнага героя трылогіі І. Навуменкі адыгрываюць вызначальную ролю ў адлюстраванні яго сацыялізацыі, дакладна дэманструюць змены ў псіхалогіі, светапоглядзе і самаасэнсаванні асобы.

У першых дзвюх частках пісьменнік абраў даволі адмысловую манеру аповеду: гаворка пра героя вядзецца ў трэцяй асобе, але пераважна ў цяперашнім часе. Аўтар расказвае пра жыццё хлопчыка, фіксуе падзеі і факты, аднак стыль маўлення апавядальніка выключна дакладна адпавядае логіцы мыслення і псіхалогіі дзіцяці, пазней – падлетка. У першай частцы рамана І. Навуменкі герой выступае пад імем Вася, па меры сталення яго імя набывае "саліднасць" і ў падлеткавыя гады ён ужо Васіль. І толькі ў трэцяй частцы ўзмужнелы і самастойны герой пачынае гаворку з чытачом ад першай асобы.

Адлік свядомага жыцця героя І. Навуменкі пачынаецца з сямі гадоў. Ужо ў гэтым узросце вясковы хлопчык дастаткова самастойны, на яго ўскладзены пэўныя абавязкі – гаспадарчыя справы, клопат пра малодшага брата: "Бяда Васю з Петрыкам! <...> Петрыку толькі чатыры, але валачэцца за старэйшымі хлопцамі, як роўны. Петрык даўно засланяе Васю свет. Гады два Вася калыхаў яго, няньчыў і, можна сказаць, выхаваў на сваю галаву. Цяпер малодшы брат ні на крок не адстае ад Васі" [2, с. 17]; "Маці нараджае яшчэ аднаго брата, якому нават імя яшчэ не прыдумалі, і Вася перабіраецца ў дзедаву хату. Бо маці яшчэ нядужая, ляжыць у ложку і не можа гатаваць ежу. Вася памагае маці: коле дровы, носіць ваду. Потым ідзе да дзеда" [2, с. 21]. Перажыванні хлопчыка адлюстраваны з адценнямі наіўнасці, дзіцячай крыўдлівасці, лёгкай прыкрасці. Гэта якраз тыя інтэнцыі, што "ствараюць аснову і глыбінны псіхалагічны змест мовы, якія непасрэдна звязаны з мэтамі дзейнасці і "бачаннем свету" суб’ектам, яго жаданнямі, патрэбамі, устаноўкамі" [3, с. 28].

І. Навуменка не дае ўласных ацэнак учынкам свайго героя. Ён быццам бы адстаронена вядзе гаворку пра будзённае жыццё Васі, якое складаецца з традыцыйных сялянскіх спраў, але для маленькага хлопчыка – гэта яркія і запамінальныя ўражанні: дзед смаліць кабана, бацькі бяруць сына з сабой на жніво, на сенажаць, Вася самастойна пасвіць каня... У юнага героя ўжо дастаткова вялікі працоўны досвед, ён нароўні з дарослымі пачуваецца адказным за сямейны дабрабыт, за гаспадарчыя і хатнія справы. Інакш кажучы, у дзіцяці ўжо ёсць пэўная сацыяльная роля – дастаткова значная і адказная ў яго ўласных вачах.

Асабліва радасныя эмоцыі ў хлопчыка ад святаў. Дзяды, Саракі, Каляды, Вялікдзень, Пакровы, вясновы і асенні Мікола, іншыя... Святы – гэта адмысловыя абрады, смачныя вячэры, госці ў хаце, цікавыя размовы дарослых. Народная культура, нацыянальныя традыцыі засвойваюцца хлопчыкам нязмушана, яны – натуральная частка яго жыцця. Гаворка тут ідзе па сутнасці пра духоўную сацыялізацыю асобы, пра інкультурацыю, пра тыя ўмовы, якія ў канчатковым выніку вызначаюць каштоўнасныя прыярытэты чалавека, фармуюць яго самасвядомасць.

Увесь жыццёвы досвед Васі Войціка назапашваецца натуральна, з уласных назіранняў, з практыкі. Праз маўленне і мысленне героя пісьменнік дакладна адлюстроўвае асаблівасці дзіцячай псіхалогіі. Некаторым рэчам і сітуацыям Вася яшчэ не можа даць адназначнай ацэнкі, ён яшчэ не мае дастатковага жыццёвага вопыту, каб класіфікаваць належным чынам пэўныя эпізоды міжасабовых узаемаадносін. Дзіця ўспрымае рэчаіснасць некрытычна, але інтуітыўна пачынае адчуваць, што ў жыцці ўсё значна складаней, чым гэта ўяўляецца на першы погляд. Так, напрыклад, Вася пачынае заўважаць і разумець зманлівасць бачнага, адрозніваць шчырасць і няшчырасць: "Дзіўна паводзіць сябе Адам. Адзін на адзін з Васем ён найлепшы сябар, але пры другіх хлопцах як бы ад Васі аддаляецца. Калі хлопцы падкалваюць ці абражаюць Васю, смяецца разам з усімі" [2, с. 46]. З дробных назіранняў спакваля назапашваюцца веды, з якіх пазней робяцца высновы, выпрацоўваюцца крытэрыі ацэнак тых ці іншых чалавечых учынкаў.

Фактычна ў кожнага дзіцяці ёсць свая сфера зацікаўленасцяў. Для Васі Войціка гэта птушкі: "У Васі безліч планаў наконт птушак. Колькі нясуць яек, якога колеру яйкі ў вераб’ёў, чакунцоў, сініцы, як іх птушаняты падрастаюць у гняздзечку – Вася добра ведае. Ён прагне даведацца пра іншых, большых па памеры птушак: дзікіх галубоў, сіваваронак, удодаў, кнігавак, качак. Але як гэта зрабіць?" [2, с. 122]. Вася цікуе за птушкамі ля хаты і на пашы, у лесе і ў полі... Дапытлівасць і цікаўнасць, думаецца, – увогуле характэрныя рысы ўсіх дзяцей. Але дзіця, узгадаванае сярод маляўнічых прыродных ландшафтаў, асабліва глыбока пранікае ў сутнасць аб’ектыўных законаў жыцця, яго агульнай гармоніі, асабліва чуйна і дакладна ўсведамляе і засвойвае ўнутраную прыроду самога чалавека – нормы і забароны, якія рэгулююць існаванне.

Герой І. Навуменкі, безумоўна, разумее далёка не ўсё, што адбываецца ў сучасным яму грамадскім, сацыяльным і палітычным жыцці. Але не заўважаць відавочнага ён, натуральна, не можа. Калектывізацыя, раскулачванне, дзейнасць мясцовых органаў улады... Усё гэта Вася ўспрымае непасрэдна, адпаведна ўласнай логіцы: "Так, калгас у мястэчку створан, але што ён сабой уяўляе, Вася не ведае. <...> Зямлі цяпер ні ў дзеда, ні ў бацькі няма. Дзед у калгас не паступіў, бацька на чыгунцы, але іх зямля ўсё адно абагулена і адышла пад калгас. Васю крыўдна, што ён болей ніколі не паедзе на Выбедзь, дзе стаіць драўляны маяк, або ў Рогаўку ці на Дуброву, дзе яны сеялі ячмень, авёс, лён, садзілі бульбу" [2, с. 69]. Нават пра голад – балючае для дзіцяці выпрабаванне – гаворка ідзе ў адпаведнай для юнага героя танальнасці: невясёлай, але стрыманай. Васю, безумоўна, палохаюць "апухлыя", "зарослыя шчэццю" ўкраінцы, якія "бясконцым ланцугом вандруюць па вуліцы", ён шкадуе маці, якая вымушана абмяняць на пуд грэчкі свой адзіны ўбор – "дзявочае" паліто і "чаравікі з высокімі халяўкамі". Аднак ні драматызму, ні, тым больш, трагізму ў развагах хлопчыка няма, – дзіцяці ўласцівы аптымістычны погляд на свет.

Клапоцяць героя І. Навуменкі і многія іншыя з’явы, якім хлопчык не можа знайсці вытлумачэння: "Наплываюць новыя падзеі, і яны таксама не надта вясёлыя. Захапляецца Вася беларускімі кнігамі, глытае, калі дастае, адну за другой, але ўсё адно ні "Дрыгвы" Якуба Коласа яшчэ не прачытаў, ні "Сокі цаліны" Цішкі Гартнага. Цяпер апошнюю кнігу, відаць, ніколі не прачытае. Бо настаўніца Латаніна, жонка Гудовіча, якая выкладае ў пятым класе беларускую мову і літаратуру, загадала заклеіць у падручніку партрэты Цішкі Гартнага, Платона Галавача, Міхася Чарота. Яны, аказваецца, ворагі народа. Настаўніца нічога не тлумачыць, а вучні не распытваюць. <...> Наогул дзіўныя справы творацца на свеце. Не паспеў выйсці падручнік па гісторыі СССР для 3–4 класаў (яго і ў пятым класе вывучаюць), як у ім таксама трэба заклейваць партрэты ворагаў народа. Хто б мог падумаць, што сярод іх апынуцца нават славутыя маршалы – Тухачэўскі, Блюхер" [2, с. 274–275]. Вася і яго сябры не могуць не заўважаць арышты і звальненні лепшых школьных настаўнікаў, не могуць не бачыць якімі праблемамі жыве навакольны свет. Хлопчык спакваля пачынае разумець, што ў грамадстве існуюць вялікія супярэчнасці.

Перыяд дзяцінства Васі Войціка ахоплівае крыху болей за шэсць год. І. Навуменка разглядае жыццё свайго героя ў шматстайных аспектах – пачуцці, уражанні, назіранні, гульні, праца, захапленні, вучоба, сяброўскія стасункі, сямейнае жыццё, хатнія абавязкі і іншае. Пісьменнік стварае паўнавартасную карціну жыцця юнага чалавека, шматгранна выяўляе працэс першаснай сацыялізацыі асобы.

Перыяд падлеткавасці Васіля доўжыцца прыкладна пяць гадоў. У гэты час ён працуе ў рамонтнай брыгадзе на чыгунцы, пазней – у леспрамгасаўскай бібліятэцы. Адной з важнейшы жыццёвых мэтаў героя з’яўляецца адукацыя. Прага да навукі падштурхнула падлетка да паступлення ў завочную школу. У пачатку аповесці "Падлетак" прыкладна трынаццаць гадоў. У гэтым узросце ён зусім самастойны і нават у пэўнай ступені незалежны: "Маючы заробак, Васіль выпісвае на другую палавіну года "Звязду". Ён адчувае сябе амаль дарослым [курсіў мой. – Л. А.]" [2, с. 282]. І. Навуменка падкрэслівае: "Васіль нават трохі смуткуе, што паступова робіцца дарослым. Далей і далей адыходзіць пара бесклапотнага дзяцінства, розных прыгод, захапленняў" [2, с. 283]. Развагі і думкі героя істотна змяняюцца, падлетак пачынае пільна сачыць за падзеямі ў краіне і свеце. Безумоўна, і ў трынаццаць год яшчэ шмат якія рэчы яму цяжка ацаніць аб’ектыўна, але відавочна, што інфармацыя ўспрымаецца падлеткам значна больш крытычна, чым раней. Так, напрыклад, звесткі пра вызваленне Заходняй Беларусі выклікаюць у яго вельмі супярэчлівыя развагі: "Васіль – шчыры беларус і не можа не радавацца пераменам. Толькі ў тым, што адбылося, ёсць нешта не зусім зразумелае. У газетах, кнігах, якія Васіль чытаў, пісалася пра жабрацкае, халоднае і галоднае жыццё беларусаў пад польскай уладай. Аднак удзельнікі паходу ў Заходнюю Беларусь, якія да канца восені вярнуліся ў мястэчка, расказваюць зусім адваротнае. Магазіны ў гарадах поўныя тавараў, і якраз тых тавараў, па якія ў мястэчку доўгія чэргі або якіх зусім не купіш…" [2, с. 321]. Афіцыйная інфармацыя пачынае выклікаць у Васіля ўсё большы скепсіс, недавер.

Юнацтва героя І. Навуменкі прыпадае на Вялікую Айчынную вайну. Васіль Войцік трапляе на фронт, удзельнічае ў баях, у вызваленні Усходняй Прусіі. На яго вачах гінуць сябры, сам ён быў некалькі разоў паранены, перамогу сустрэў у Верхняй Сілезіі. У фінале аповесці "Юнацтва" герою І. Навуменкі крыху больш за дваццаць год, ён аб’ектыўна дарослы. Яго развагі сам-насам – гэта развагі сталай асобы, загартаванага жыццём чалавека, які даўно развітаўся з наіўнымі ілюзіямі: "Вось і скончылася твая вайна, Васіль Войцік, доўгая, шматпакутная, і ты застаўся жывы. Ты не дазваляў сабе радавацца загадзя, будаваць планы мірнага жыцця. Правільна рабіў" [2, с. 599]. Відавочна, што погляд героя на свет моцна змяніўся, у яго філасофскіх развагах больш няма ранейшай летуценнасці і рамантычнасці.

Менавіта дакладнае моўнае афармленне мыслення героя і яго агульнай псіхалогіі дазволіла пісьменніку паўнамаштабна адлюстраваць працэс сацыялізацыі асобы, яе ўваходжання ў складаную сістэму грамадскіх камунікацый.
Літаратура
1. Кубрякова, Е.С. В начале ХХІ в.: (Размышления о судьбе когнитивной лингвистики на рубеже веков) // Когнитивная семантика. – Ч. 1. – Тамбов, 2004.

2. Навуменка, І. Я. Дзяцінства; Падлетак; Юнацтва / І. Навуменка. – Мінск: Маст. літ., 2008.



3. Павлова, Н.Д. и др. Интент-анализ вербальной коммуникации // Проблемы психологии дискурса / отв. ред. Н. Д. Павлова, И. А. Зачесова. – М., 2005. – С. 28–42. (Труды Института психологии РАН).


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка