Л. М. Мінакова спецыяльная І агульнаўжывальная лексіка беларускай мовы: узаемадзеянне І ўзаемаўплыў




Дата канвертавання29.03.2016
Памер120.47 Kb.
Л.М. Мінакова
СПЕЦЫЯЛЬНАЯ І АГУЛЬНАЎЖЫВАЛЬНАЯ ЛЕКСІКА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ: УЗАЕМАДЗЕЯННЕ І ЎЗАЕМАЎПЛЫЎ
Як вядома, узаемадзеянне агульнаўжывальнай і спецыяльнай лексікі адбываецца пераважна ў выглядзе двух няспынных рознанакіраваных працэсаў: а) працэсу тэрміналагізацыі, калі звычайнае слова набывае другаснае тэрміналагічнае значэнне; б) працэсу дэтэрміналагізацыі – запазычвання слова з тэрміналагічнай сістэмы і поўнага засваення яго агульналітаратурнай мовай.

У лінгвістычнай літаратуры прынята лічыць, што асноўнымі, найбольш распаўсюджанымі відамі пераасэнсавання найменняў пры тэрміналагізацыі з’яўляюцца метафарызацыя і метанімізацыя, а таксама звужэнне значэння агульнаўжывальнага слова [1].

Вывучэнне рознабаковых поглядаў на метафару дазволіла ўявіць гэту з’яву ў якасці асобага тыпу вытворна-намінатыўнага значэння, што мае двухпланавы характар, заснаваны на псіхалагічных асацыяцыях па падабенстве прымет, у выніку чаго два прадметы, абсалютна розныя па сваім паходжанні і прызначэнні, збліжаюцца на аснове якой-небудзь характэрнай рысы, часцей за ўсё знешняй у адносінах да іх.

Прааналізаваны фактычны матэрыял дазваляе выдзеліць разнастайныя тыпы метафарычных пераносаў пры ўтварэнні тэхнічных тэрмінаў. Тыпы метафарызацыі вызначаюцца на аснове супастаўлення пераноснага (агульнаўжывальнага) і вытворнага (спецыяльнага) значэнняў аналізуемых моўных адзінак. Большасць тэрмінаадзінак узнікае на аснове метафары ў выніку асацыяцыі:



1) па вонкавай форме: круглай: абаранак ‘рулявое кола ў аўтамабілі’< ‘булачны выраб з заварнога цеста, закручанага кольцам’ (ТСБМ, І, 34); круглай з востраканцовымі выступамі: зорачка ‘дэталь машын з востраканцовымі выступамі, раўнамерна размешчанымі па акружнасці’ < ‘маленькая зорка’ (ТСБМ, ІІ. 510); шарападобнай: шарык ‘дэталь падшыпніка, якая знаходзіцца паміж знешняй і ўнутранай абоймамі’ < ‘невялікі шар’ (ТСБМ, V(2), 354); прадаўгаватай: рукаў ‘труба ці кішка для адводу вадкасцей, газаў’ < ‘частка адзення, якая пакрывае руку ці частку рукі’ (ТСБМ, IV, 725); дугападобнай: вушка ‘прыстасаванне ў дэталях, механізмах машын дугападобнай формы з адтулінай для больш зручнага карыстання (пад’ёму, вешання, пераноскі)’ < ‘маленькае вуха’ (ТСБМ, І, 516); лінейнай: палатно ‘штучна выраўненая паласа зямлі для дарогі з водаадводнымі прыстасаваннямі’ < ‘гладкая льняная тканіна асобага перапляцення (звычайна белага), а таксама баваўняная, шаўковая ці сінтэтычная тканіна падобнага перапляцення’ (ТСБМ, ІІІ, 628); цыліндрычнай: барабан ‘у машынах і механізмах – рухомая дэталь, якая мае форму цыліндра’ < ‘ударны музычны інструмент у выглядзе цыліндра або рамы, на якія з аднаго ці двух бакоў нацягнута скура’ (ТСБМ, І, 339); зубчатай: чарвяк ‘зубчатае кола ў выглядзе трубы’ < ‘беспазваночны жывёльны механізм з доўгім мяккім целам без канечнасцей і ярка выражанай галавы’ (ТСБМ, V (2), 296); чатырохграннай: калодка ‘металічны або драўляны брусок у тармазным прыстасаванні, які прыціскаецца да вобада кола або тармазнога шківа для тармажэння’ < ‘невялікая калода’ (ТСБМ, ІІ, 590); трохвугольнай: касынка ‘металічны ліст трохвугольнай формы для павелічэння трываласці ў дэталях або зборачных адзінках’ < ‘хусцінка, якую носяць на галаве або шыі’ (ТСБМ, ІІ, 661); крыжападобнай: крыжавіна ‘дэталь машыны ў форме крыжа’ < ‘дзве планкі, два брусы, замацаваныя ў форме крыжа’ (ТСБМ, ІІ, 739); востраканцовай: шып ‘выступ на колах, гусеніцах аўтамашын, які садзейнічае счэпліванню з глебай, служыць для лепшага ўпору пры руху’; ‘канцавая вострая частка вала, якой ён абапіраецца на падшыпнік’ < ‘востраканцовы цвёрды выступ, нарасць на целе ў некаторых жывёл’ (ТСБМ, V (2), 429); плоскай: лапатка ‘рабочая, плоскай формы частка вінтоў механізма’ < ‘невялікая лапата’ (ТСБМ, ІІІ, 20); закругленай з выступам: клык ‘выступ на буферы легкавога аўтамабіля< ‘зуб вялікіх памераў, які выступае з рота’ (ТСБМ, , 532); кольцападобнай: пятля ‘кольцападобная частка цяглава-счэпнага прыстасавання для шарнірнага злучэння цягача і прычэпа’ < ‘частка вяроўкі, шнура, ніткі і пад., складзеная кальцом і завязаная так, што канцы яе можна зацягнуць (ТСБМ, V, 540);

2) па знешнім выглядзе: санкі ‘рухомая дэталь некаторых машын і апаратаў, якая па знешнім выглядзе нагадвае невялікія санкі’ <невялікая зімовая павозка на палазах’ (ТСБМ, , 20);

3) па размяшчэнні: паплавок ‘дэталь машын, якая знаходзіцца на паверхні вады і ўтрымлівае леску з кручком у час лову на патрэбнай глыбіні(ТСБМ, , 480); укладыш ‘устаўная частка, дэталь у машыне ’ < ‘дабавачны ліст, уложаны ў кнігу, газету, сшытак’ (ТСБМ, V, 658);

4) па вонкавай форме і размяшчэнні: крыло ‘покрыўка над колам аўтамабіля для засцярогі ад пырскаў вады і гразі’ < ‘орган у птушак, насякомых і некаторых млекакормячых, які служыць для лятання’ (ТСБМ, , 741);

5) па прызначэнні прадмета або функцыі, якую ён выконвае: кажух ‘пакрыццё, футляр з жалеза, цэглы, дрэва для ізаляцыі або засцярогі механізмаў ці іх частак ’< ‘доўгая верхняя вопратка з вырабленых аўчын’ (ТСБМ, , 573);

6) па функцыі і размяшчэнні: пятка ‘апорная частка борта пакрышкі шыны, якая заціскаецца ціскам паветра ў вобадзе кола транспартнага сродка’ < ‘задняя частка ступні’ (ТСБМ, IV, 539); фартух ‘пругкі шчыток, размешчаны за колам, які ахоўвае яго ад пырскаў з-пад колаў’ < ‘жаночая адзежа пэўнага крою, якую надзяваюць спераду на сукенку, спадніцу, каб не забрудзіць іх’ (ТСБМ, V (2), 116);

7) па функцыі або прызначэнні і вонкавай форме: гняздо ‘адтуліна, паглыбленне ў дэталях машын, у якія што-н. змяшчаецца, устаўляецца’ < ‘жыллё для птушак у форме паглыблення, адтуліны на перыяд выседжвання птушанят’ (ТСБМ, ІІ. 66);

8) па дзеянні, якое выконвае прадмет: паўзун, паўзунок ‘дэталь механізма, якая слізгае ўзад і ўперад па якой-небудзь паверхні ў прамалінейным напрамку’ < ‘той, хто поўзае, рухаецца паўзком’ (ТСБМ, ІV, 116).

У адрозненне ад метафары, метаніміі ўласцівы рэалістычнасць, рэгулярнасць, здольнасць да ахопу сумежных сувязей паміж прадметамі і з’явамі. Пры метанімічным пераносе другасныя значэнні ў тэхнічнай тэрміналогіі вынікаюць з асацыятыўных сувязей, што ўзнікаюць пры намінацыі адной моўнай адзінкай:



а) дзеяння і месца, дзе адбываецца дзеянне: аб’езд ‘месца з часовай дарогай, па якім можна аб’ехаць’ (ТСБМ, І, 45) < ‘дзеянне паводле дзеяслова аб’язджацьаб’ехаць’ (ТСБМ, І, 45); пераход ‘участак праезджай часткі, абазначаны інфармацыйна-ўказальнымі знакамі і прызначаны для руху пешаходаў праз дарогу’ < ‘дзеянне паводле дзеяслова пераходзіць -- перайсці’;

б) дзеяння і прадметаў або іх частак, якія ажыццяўляюць гэта дзеянне: абвязка ‘прыстасаванне для змацавання частак якіх-н. канструкцый, пабудоў і пад.’ (ТСБМ, І, 41) < ‘дзеянне паводле дзяслова абвязваць -- абвязаць’ (ТСБМ, І, 41);

в) дзеяння і яго выніку: абліцоўка ‘дэталі з ліставога матэрыялу, якія складаюць сумесна з каркасам нясучую сістэму кузава аўтобуса’ < ‘дзеянне паводле значэння дзеяслова абліцоўваць -- абліцаваць’ (ТСБМ, , 57);

г) высокай ступені ўласцівасці і тэхнічнага параметра транспартнага сродка: вынослівасць ‘здольнасць матэрыялаў і канструкцый супраціўляцца ўздзеянню цыклічных нагрузак’< ‘уласцівасць вынослівага; стойкасць, загартаванасць’ (ТСБМ, , 558);

д) прадмета і дзеяння, якое ўтварае гэты прадмет: гудок ‘працяжны, аднастайны гук, сігнал, пададзены з дапамогай механічнага прыстасавання’ (ТСБМ, ІІ, 92) < ‘механічнае прыстасаванне для падачы сігналаў шляхам гудзення’ (ТСБМ, ІІ, 92);

е) асобы, што выконвае дзеянне, і прыстасавання, пры дапамозе якога гэтае дзеянне выконваецца: пашыральнік ‘прыстасаванне для пашырэння, расшырэння чаго-н. у машынах, механізмах’ (ТСБМ, IV, 149) < ‘той, хто пашырае што-н.’ (ТСБМ, IV, 149).

З назіранняў бачна, што асноўную частку найменняў з метанімічнымі зрухамі складаюць абстрактныя намінацыі, пераважна назвы дзеянняў, прымет. Прадуктыўнасць абстрактных назоўнікаў абумоўлена значнай колькасцю аддзеяслоўных і адпрыметнікавых утварэнняў. Метанімізацыя можа суправаджацца чаргаваннем катэгарыяльных прымет: назіраецца змена прыметы ‘абстрактнасць’ на ‘канкрэтнасць’. Але ў часткі метанімічных мадэлей прымета ‘абстрактнасць’ захоўваецца.

Як вядома, да метаніміі традыцыйна адносіцца і сінекдаха, хаця паміж імі існуюць і пэўныя адрозненні. Сінекдаха – замена назвы цэлага назвай асобнай яго часткі або наадварот. Пры сінекдахальным пераносе вытворнае значэнне новых сем не набывае. Аднак функцыі сем пры гэтым мяняюцца. “Катэгарыяльна-лексічная сема першаснага значэння становіцца звычайнай, дыферэнцыяльнай, адна з сем намінатыўнага значэння набывае статус катэгарыяльна-лексічнай семы. Функцыя актуальных сем у вытворным значэнні залежыць ад тыпу сінекдахі: “частка  цэлае” або “цэлае  частка”. У першым выпадку семы першаснага значэння адыходзяць на задні план, выступаючы ў якасці імпліцытных сем, у другім – семы першаснага значэння захоўваюцца ў структуры вытворнага” [2, с. 9]. Уласна метанімічны перанос заснаваны на ўдзеле двух розных сумежных дэнататаў, і назва аднаго з іх пераносіцца на другі. Сінекдаха выкарыстоўвае адзін дэнатат, і для яго абазначэння бярэцца назва адной або некалькіх функцыянальна важных для данай рэаліі частак. Напрыклад: агрэгат ‘зборачная адзінка машыны, якая валодае ўзаемазамяняльнасцю, магчымасцю зборкі асобна або здольнасцю выконваць асобныя пэўныя функцыі’ < ‘канструктыўнае спалучэнне ў адно цэлае некалькіх машын, апаратаў для эфектыўнай сумеснай работы’ (ТСБМ, І, 107).

Спецыфічным для тэрмінаўтварэння з’яўляецца такі від семантычнай дэрывацыі, як звужэнне значэння, пад якім мы разумеем спецыялізацыю агульнаўжывальных слоў для абазначэння тэхнічных паняццяў. У спецыяльнай сферы даныя найменні асэнсоўваюцца ўжо на вышэйшай ступені пазнання ў межах паняццяў тэрмінасістэмы. Для прыкладу возьмем найменне дарога, якое ў літаратурнай мове мае некалькі значэннняў, першасным з якіх выступае ‘прыстасаваная для язды і хадзьбы паласа зямлі, якая злучае асобныя пункты мясцовасці’ (ТСБМ, ІІ, 170). Можна выказаць думку, што данае значэнне выступае як агульнае, не зусім канкрэтнае, прыблізнае, якое вынікае з назіранняў за знешнімі прыметамі і ўласцівасцямі. Параўнаем яго са спецыяльным значэннем: дарога ‘у правілах дарожнага руху – любая прызначаная для руху вуліца, праспект, завулак і г.д. па ўсёй шырыні (уключаючы тратуары, раздзяляльныя палосы і г.д.)’. Даная лексема ў тэхнічнай тэрміналогіі ўтварае шматлікія тэрміны-словазлучэнні, выступае ў якасці ядзернага кампанента двухчленных і трохчленных намінацый: аўтамабільная дарога ‘дарога, збудаваная або прыстасаваная для руху аўтамабіляў’; унутраная дарога ‘дарога ўнутры прадпрыемства, якая служыць для злучэння яго з агульнай сеткай дарог’; галоўная дарога ‘у ПДР – дарога з пакрыццём у адносінах да грунтавой дарогі, а таксама дарога, абазначаная знакамі “Галоўная дарога”, “Аўтамагістраль” і г.д.’ і інш.

Звужэнне значэння ў тэрміналогіі адрозніваецца ад метафарызацыі і метанімізацыі наяўнасцю дыферэнцыяльных прыкмет супастаўляльных паняццяў – агульнаўжывальнага і спецыяльнага. Пры метафарычным пераносе два паняцці маюць розныя дыферэнцыяльныя прыметы, за выключэннем адной або некалькіх падобных. Тое ж самае адбываецца і пры метнімічным пераносе, толькі тут пры розных дыферэнцыяльных прыметах адна або некалькі з’яўляюцца блізкімі, сумежнымі. Пры звужэнні значэння ўсе асноўныя дыферэнцыяльныя прыметы двух паняццяў аднолькавыя, але ў спецыяльнага паняцця ў тэрмінасістэме існуюць яшчэ і іншыя, асноўныя, прыметы, рэлевантныя для данага паняцця.

У пераважнай большасці выпадкаў звужэнне значэння суправаджаецца ўтварэннем словазлучэнняў, г.зн. “пры камбінацыі звужэння значэння (яго можна лічыць разнавіднасцю лексіка-семантычнага ўтварэння) і лексіка-сінтаксічнага спосабу. Азначэнне (дапасаванае – прыметнік, дзеепрыметнік і г.д. або недапасаванае – ускосныя склоны назоўніка і інш.) абмяжоўвае значэнне родавага тэрміна. У некаторых выпадках гэтыя азначэнні бываюць камбінаванымі, а тэрмін-словазлучэнне – складаным” [3, с. 44]. Напрыклад, пры спецыялізацыі намінатыўнай адзінкі рад ўтвараюцца тэрміны-словазлучэнні розных мадэлей, у якіх агульнаўжывальная лексема выступае ў якасці ядзернага кампанента: у літаратурнай мове – рад ‘сукупнасць прадметаў або асоб, размешчаных адзін каля аднаго, адзін за адным у адну лінію’ (ТСБМ, IV, 552), у тэрміналогіі – рад дапаўняльны ‘рад перадатачных лікаў каробкі перадач, атрыманых перамножваннем перадатачных лікаў асноўнай і дадатковай каробкі перадач’; рад асноўны ‘рад перадатачнага ліку, атрыманага ў асноўнай каробцы перадач’; рад параметрычны ‘рад параметраў, пабудаваны на аснове раду пераважных лікаў’ і нш.

На сучасным этапе актыўна пашыраюцца межы выкарыстання тэрміналагічных адзінак, адбываецца іх паэтапнае пераасэнсаванне і ўключэнне ў агульнаўжывальную лексіку. У межах працэсу дэтэрміналагізацыі, на думку Э.В.Кузняцовай, вылучаюцца тры этапы. “Першым этапам з’яўляецца агульнае пашырэнне ўжывання тэрмінаў як у звычайных карэспандэнцыях, так і ў спецыяльных матэрыялах папулярызатарскай накіраванасці. Другі этап засваення тэрміна звязаны ўжо з яго пераасэнсаваннем. Тэрмін ужываецца ў незвычайным кантэксце з незвычайным, пераасэнсаваным значэннем. Трэці этап – гэта поўная дэтэрміналагізацыя слова, калі тэрмін страчвае і сваё спецыяльнае значэнне, і сваю экспрэсіўнасць, становіцца адным з вытворных значэнняў, якія маюць пераважна нейтральны характар” [4, с. 176-177].

Адным са шляхоў дэтэрміналагізацыі слова з’яўляецца шлях ад метафарычнага выкарыстання да ўстойлівага пераноснага значэння. Напрыклад, словы баласт (у тэхніцы – ‘груз, які забяспечвае ўстойлівасць і асадку карабля, а таксама груз для рэгулявання вышыні палёту аэрастата’; ‘верхні слой чыгуначнага палатна са шчэбню, гравію, шлаку, які надае ўстойлівасць рэйкавай каляі’); буфер (у тэхніцы – ‘прыстасаванне ў паравозе, вагоне, аўтамабілі, лафеце і інш. для паслаблення сілы ўдару, штуршка пры сутыкненні’).

Другі шлях дэтэрміналагізацыі слоў не звязаны з метафарычнасцю. Гэта – генералізацыя, абагульненне спецыяльнага значэння ў працэсе выкарыстання. Напрыклад, тэхнічныя тэрміны параметр ‘велічыня, якая характарызуе якую-н. істотную ўласцівасць прадмета або з’явы’; стандарт ‘нарматыўна-тэхнічны дакумент, якім вызначаюцца адзінкі велічынь, тэрміны і іх азначэнні, патрабаванні да прадукцыі, вытворчых працэсаў і г.д.’ набываюць адпаведна генералізаванае значэнне ‘некаторая велічыня, пэўны паказчык’; ‘узор, шаблон, трафарэт’.

Трэці шлях тэрміналагізацыі слоў звязаны са зменамі сферы выкарыстання спецыяльнай адзінкі без семантычных зрухаў у яе змесце. Гэты працэс найбольш характэрны для слоў, “прымацаваных” да навуковага стылю, так званай “агульнанавуковай лексікі” (напрыклад, абсталяванне ‘сукупнасць разнастайных прылад, прыстасаванняў, прыбораў, механізмаў і г.д., неабходных для чаго-н.’; акумуляцыя ‘збіранне, накапленне, канцэнтраванне’).

Ужыванне тэрміналагічнай лексікі ў фразеалагічных зваротах нярэдка з’яўляецца першым этапам яе дэтэрміналагізацыі. Некаторыя спецыяльныя адзінкі набываюць пераноснае значэнне толькі ў складзе пэўных фразем: даць газ(у) – паскорыць рух, павялічыць паступленне гаручага; даць задні ход – адмовіцца ад сваіх думак, намераў, імкненняў; збавіць газ – зменшыўшы паступленне гаручага, сцішыць ход машыны.

Засваенне і асіміляцыя тэрмінаў агульналітаратурнай мовай у многім тлумачыцца ўнутрымоўнымі прычынамі. Гэтыя працэсы звычайна адбываюцца тады, калі тэрмін ліквідуе дэфіцыт у намінацыі тых ці іншых рэалій, запаўняе пустое месца ў пэўным лексіка-семантычным полі. У гэтым сэнсе дэтэрміналагізацыя прыпадабняецца працэсу запазычвання назваў з іншых моў.

У выніку дэтэрміналагізацыі значна пашыраецца семантычны аб’ём намінацыі, павялічваецца колькасць лексічных значэнняў слова, змяняецца яго стылістычная афарбоўка. Даны лексіка-семантычны працэс спрыяе развіццю слоўна-фразеалагічных сувязей з агульнаўжывальнай лексікай, актыўна ўзбагачае лексічныя рэсурсы беларускай літаратурнай мовы.

Аналіз разгледжаных найменняў дазваляе гаварыць аб значнай прадуктыўнасці ўтварэння спецыяльных адзінак пры тэрміналагізацыі агульнаўжывальнай лексікі. Другасныя намінацыі ўзнікаюць на базе агульнаўжывальнай лексікі ўласнага паходжання, запазычанняў з класічных і заходнееўрапейскіх моў. Перанос назваў адбываецца на аснове падабенства, сумежнасці ў выніку пэўных прасторавых і часавых сувязей паміж асобамі, прадметамі, дзеяннямі і працэсамі, а таксама спецыялізацыі агульнаўжывальных лексем для абазначэння тэхнічных паняццяў. Актыўнае развіццё працэсу дэтэрміналагізацыі тлумачыцца перш за ўсё тым, што спецыяльная лексіка колькасна пераважае над агульнаўжывальнай, таму і магчымасці яе пераасэнсавання больш шырокія і разнастайныя.


Умоўныя скарачэнні:

ТСБМ – Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: У 6 кн./ Пад. аг. рэд. К.К. Атраховіча (К.Крапівы). – Мн., Беларуская савецкая энцыклапедыя, 1977-1984.. Т. 1 -5.

Літаратура:

1. Кутарева Л.В. Взаимодействие научно-технической терминологии и общенародной лексики // Формирование и функционирование специальной лексики в русском языке. Сборник научных статей. – Днепропетровск: Изд-во ДГУ, 1978. – С. З7-42; Развитие лексики современного русского языка. – М.: Наука, 1965; Шмелев Д.Н. Очерки по семасиологии русского языка. – М.: Просвещение, 1964. – 244 с.; Шмелев Д.Н. Современный руский язык. Лексика: Учебное пособие для студентов педагогических институтов по специальности “Руский язык и литература”. – М.: Просвещение, 1977. – 335 с.

2. Бирих А.К. Метонимия в современном русском языке (семантический и грамматический аспект). Автореферат дис. … кандидата филологических наук: 10.02.01 / Ленинградский государственный университет. -- Л., 1987. – 18 с.

3. Прохорова В.Н. Полисемия и лексико-семантический способ словообразования в современном русском языке. Лекции по спецкурсу. – М.: Изд-во Московского университета, 1980. – 87 с.



4. Кузнецова Э.В. Лексикология русского языка: Учебное пособие для филологических факультетов университетов. – М.: Высшая школа, 1989. – 216 с.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка