Л. М. Гамеза змест школьнага курса беларускай мовы (V viii класы) Ў аспекце ўзбагачэння слоўнікавага запасу школьнікаў




Дата канвертавання21.05.2016
Памер62.44 Kb.
Л. М. Гамеза

ЗМЕСТ ШКОЛЬНАГА КУРСА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ
(V VIII КЛАСЫ) Ў АСПЕКЦЕ ЎЗБАГАЧЭННЯ
СЛОЎНІКАВАГА ЗАПАСУ ШКОЛЬНІКАЎ

Курс беларускай мовы ў школах Рэспублікі Беларусь арганічна спалучае традыцыйны, сістэмна-апісальны, і новы, функцыянальна-камунікатыўны, прынцыпы навучання мове, што выяўляецца ў адборы тэарэтычных звестак аб мове з улікам іх значнасці для фарміравання апорных камунікатыўных уменняў, якія замацоўваюцца і ўдасканальваюцца пры вывучэнні канкрэтных лінгвістычных тэм. Для таго, каб сфарміраваць у вучняў апорныя камунікатыўныя ўменні, стварыць сістэмнае ўяўленне аб той ці іншай моўнай з’яве, неабходна пастаянна раскрываць перад імі наступныя тэарэтычныя сувязі: а) суадносіны формы моўнай з’явы і яе значэння; б) суадносіны формы моўнай з’явы і яе ўжывання (функцыі).

Пры вывучэнні беларускай мовы функцыянальна камунікатыўны прынцып з’яўляецца метадалагічнай асновай засваення моўнай сістэмы і авалодання моўнымі сродкамі, спрыяе фарміраванню камунікатыўных уменняў, паколькі нацэльвае школьнікаў на ўключэнне істотных прымет моўных з’яў у арыентацыйную аснову ўласных маўленчых дзеянняў, стварэнне ўласных звязных выказванняў. Такім чынам, камунікатыўны прынцып вывучэння мовы ў школе прадвызначае засваенне як слова, так і граматычныя формы адразу ў дзейнасці, на аснове іх актуалізацыі ў маўленні.

Камунікатыўны прынцып вывучэння мовы прадугледжвае:

1) асэнсаванне функцый моўных адзінак, суадносін іх семантыкі і структуры, функцыянавання ў кантэксце, граматыка-лексічнага ўзаемадзеяння сінанімічных словаформаў; 2) вызначэнне ўмоў мэтанакіраванага ўжывання адзінак мовы ў адпаведнасці са стылем, тыпам, жанрам маўлення; 3) удасканаленне культуры маўлення, узбагачэнне актыўнага слоўніка; 4) фарміраванне камунікатыўных уменняў і навыкаў.

На разуменне функцыі ў сучаснай лінгвістыцы ёсць два пункты погляду: функцыя проціпастаўляецца семантыцы моўнай адзінкі або ахоплівае яе. Асемантычны характар функцыянальнасці разглядаецца ў працах Л. Блумфілда [1], які лічыў функцыянальным толькі граматычнае, супрацьпастаўляемае семантычнаму. Таму службовыя словы ён называў функцыянальнымі. Яны пазбаўлены ўласнага семантычнага зместу і выконваюць толькі ролю структурнага арганізатара.

У сінтаксічных даследаваннях часта функцыянальнае супрацьпастаўляецца семантычнаму. Такое разуменне функцыі рэалізуецца ў класічнай тэорыі членаў сказа [2].

Згодна з іншым пунктам гледжання, функцыянальнае не супрацьпастаўляецца семантычнаму, значэнне моўных адзінак трактуецца як іх функцыя. Такое разуменне функцыі адзначаецца ў працах Пражскай лінгвістычнай школы [3].

Узбагачэнне слоўнікавага запасу школьнікаў з’яўляецца, такім чынам, кампанентам камунікатыўнага падыходу да навучання беларускай мове.

Для паспяховай рэалізацыі камунікатыўнага падыходу ў працэсе вывучэння школьнага курса беларускай мовы неабходным з’яўляецца выяўленне ў ім (школьным курсе) семантычнага сегмента, наяўнасць якога абгрунтоўвае мэтазгоднасць і важнасць работы па ўзбагачэнні слоўнікавага запасу вучня, выяўляе патэнцыяльныя магчымасці работы над семантыкай слова.

Паколькі ўсе моўныя з’явы так ці інакш звязаны са словам, можна гаварыць аб слове як аб сувязным звяне мовы. Для гэтага патрэбна вывучаць слова на ўсіх ўзроўнях: фанетыка-арфаэпічным, словаўтваральным, марфалагічным, лексічным, сінтаксічным, арфаграфічным.

Функцыянаванне слова ў маўленні абумоўлівае неабходнасць работы над артыкуляцыйна-вымаўляльнай, фанетыка-стылістычнай харак-тарыстыкамі слова. У плане фарміравання фанетычна правільнага вымаўлення слова асноўная задача заключаецца ў засваенні арфаэпічных і інтанацыйных нормаў беларускай літаратурнай мовы. У плане фарміравання фанетычна правільнага звязнага вуснага маўлення задача зводзіцца да выпрацоўкі ўмення выразнага, унармаванага гукавога афармлення свайго выказвання.

Непасрэдна задача ўзбагачэння лексікону вучняў рашаецца пры вывучэнні лексікі. Менавіта лексікалогія вызначае слова як асноўную адзінку мовы, даследуе сувязь значэння слова з паняццем, класіфікуе розныя тыпы значэнняў, а таксама вырашае такія семасіялагічныя пытанні, як здольнасць слова выражаць той ці іншы сэнс, абазначаць з’явы пазамоўнай рэальнасці.

Лінгвістычная тэорыя на лексічным узроўні павінна стварыць магчымасці школьнікам для авалодання нормамі ўжывання лексічных адзінак, узбагачэння слоўніка, развіцця навыкаў дакладнага, выразнага маўлення.

Школьная праграма па беларускай мове вылучае веды, уменні, навыкі, якімі павінны валодаць школьнікі пасля вывучэння раздзела “Лексіка. Фразеалогія” ў V класе. Вучні V класа авалодваюць наступнымі тэарэтычнымі паняццямі: лексічнае значэнне слова, агульнаўжывальныя словы і словы абмежаванага ўжытку, літаратурная мова, адназначныя і мнагазначныя словы, прамое і пераноснае значэнне слова, сінонімы, антонімы і амонімы, фразеалагізмы.

Важнай крыніцай узбагачэння лексікону школьнікаў з’яўляецца словаўтварэнне. Пры вывучэнні раздзела “Словаўтварэнне і арфаграфія” семантычны сегмент маюць тэмы “Аднакаранёвыя словы і формы аднаго і таго слова”, “Лексічнае і граматычнае значэнні слова”, “Словы з эмацыянальна-ацэначнымі суфіксамі, іх вымаўленне і правапіс”, “Корань, прыстаўка, суфікс – значымыя часткі слова”, “Вытворная аснова”.

Словаўтваральныя і лексічныя з’явы перакрыжоўваюцца пры выбары зыходнага лексічнага значэння ў працэсе словатворчасці, пры стварэнні лексічнага значэння вытворнага слова, пры выбары марфем у працэсе ўтварэння новых слоў.

Марфалогія служыць лінгвістычнай базай узбагачэння слоўніка вучняў. Пры вывучэнні тэмы “Назоўнік” неабходна абапірацца на семантыку агульнага значэння назоўніка, назоўнікаў агульных і ўласных, канкрэтных і абстрактных, адушаўлёных і неадушаўлёных, асабовых, зборных, рэчыўных, роду і ліку назоўнікаў, назоўнікаў, якія ўжываюцца для абазначэння асоб па прафесіі, месцы жыхарства, нацыянальнасці, назоўнікаў агульнага роду, пры вывучэнні правапісу складаных назоўнікаў, не (ня), ні з назоўнікамі.

Калі вывучаецца дзеяслоў, школьнікі павінны ўсведамляць агульнае значэнне дзеяслова, зваротныя дзеясловы, сэнсава-стылістычнае выкарыстанне асобы дзеяслова, час, трыванне дзеясловаў, іх сэнсава-стылістычныя магчымасці, сэнсавыя магчымасці дзеясловаў абвеснага, умоўнага і загаднага ладаў.

У працэсе вывучэння прыметніка неабходна абапірацца на семантычны сегмент пры выяўленні агульнага значэння, сэнсава-граматычнай ролі ў маўленні якасных, адносных, прыналежных прыметнікаў; пры вызначэнні сэнсава-стылістычнай ролі ступеней параўнання якасных прыметнікаў, пры ўтварэнні і правапісе прыметнікаў з суфіксамі -еньк-, -эньк-, -аньк-, -ск-, пры напісанні мяккага знака перад суфіксам -ск-; правапісе складаных прыметнікаў, не (ня) з прыметнікамі.

У дачыненні да лічэбніка семантычны сегмент маюць тэмы: лічэбнік як часціна мовы (агульнае значэнне, сэнсава-граматычная роля ў маўленні), колькасныя і парадкавыя, зборныя і дробавыя лічэбнікі.

Школьнікі вывучаюць займеннік як часціну мовы (яго сэнсава-граматычную ролю ў маўленні), групы займеннікаў паводле значэнняў, вызначаюць сэнсава-граматычную ролю словазлучэнняў з займеннікамі.

У дачыненні да дзеепрыметніка праграмай вылучаюцца наступныя тэмы, спрыяльныя для правядзення слоўнікавай работы: дзеепрыметнік як асобая форма дзеяслова, разгортванне дзеепрыметнікаў у дзеепрыметныя звароты з мэтай удакладнення значэння слова; ужыванне дзеепрыметнікаў незалежнага і залежнага стану; не (ня) з дзеепрыметнікамі.

У дачыненні да дзеепрыслоўя семантычны сегмент маюць тэмы: дзеепрыслоўе як асобая форма дзеяслова; не з дзеепрыслоўямі; сэнсава-граматычная роля дзеепрыслоўяў і дзеепрыслоўных зваротаў у тэкстах; дзеепрыслоўі незакончанага і закончанага трывання.

Пры вывучэнні прыслоўя валоданне лексікай выяўляецца ў веданні агульнага значэння прыслоўя, сэнсава-граматычнай ролі прыслоўяў у тэкстах, груп прыслоўяў па значэнні; ступеней параўнання прыслоўяў, не (ня) з прыслоўямі.

Пры вывучэнні службовых часцін мовы валоданне лексікай выяўляецца ў тэмах:

– прыназоўнік як службовая часціна мовы, яе сэнсава-граматычная роля ў звязным выказванні; сінаніміка прыназоўнікаў;

– сэнсава-граматычная роля злучнікаў у сказах і тэкстах; злучальныя і падпарадкавальныя злучнікі, іх ужыванне;

– часціца як службовая часціна мовы. Асноўныя значэнні часціц (знаёмства); часціцы не, ні, іх адрозненне.

Арганічнасць правядзення слоўнікавай работы на марфалагічным узроўні выяўляецца ў лексіка-граматычных значэннях часцін мовы, лексіка-граматычных катэгорыях часцін мовы, пастаянных і непастаянных прыметах катэгорый часцін мовы. Супастаўленне марфалагічных значэнняў з лексічным значэннем асобнага слова забяспечвае разуменне залежнасці ўтварэння рада марфалагічных формаў ад лексічных значэнняў слоў.

Узбагачэнне слоўнікавага запасу пры вывучэнні марфалогіі прадвызначае наступныя напрамкі: 1) набыццё ведаў аб часцінах мовы, формах іх змен, спалучальнасці, тэкстаўтваральнай ролі; 2) аналіз сэнсавага боку часцін мовы, адценняў значэння, якія гэтыя моўныя з’явы ўносяць у канкрэтную маўленчую сітуацыю; 3) авалоданне комплексам ведаў, накіраваных на выкарыстанне слоў той ці іншай часціны мовы для стварэння і ўзнаўлення звязных выказванняў.
Літаратура
1. Блумфилд, Л. Язык: пер. с англ. / Л. Блумфилд; под ред. М. М. Глухман.   М.: Прогресс, 1968.   607 с.

2. Виноградов, В. В. Исследование по русской грамматике / В. В. Виноградов // Избранные труды / АН СССР, Отд. лит. яз. – М.: Наука, 1975.   559 с.



3. Вахек, И. Лингвистический словарь Пражской школы / И. Вахек; под ред. А.А.Реформатского.   М.: Прогресс, 1964.   350 с.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка