Л. А. Антанюк Б. А. Плотнікаў Беларуская мова: прафесійная лексіка




старонка8/30
Дата канвертавання15.03.2016
Памер2.88 Mb.
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   ...   30

Прыметнік


Часціна мовы, якая называе статычную прыкмету або ўласцівасць рэаліі, абазначанай назоўнікам, і мае залежныя ад яго граматычныя катэгорыі роду, ліку, склону. Пры гэтым з семантычнага пункту гледжання абазначаная прыметнікам прыкмета не мае аб’ёму, але пры спалучэнні з назоўнікам аўтаматычна набывае яго (гл.: ТЕНЬЕР 1988, 81), рэалізуе толькі з ім, бо ўтварае разам адзіны семантычны комплекс (гл.: БАЛЛИ 1955, 226). З улікам гэтых залежных ад назоўнікаў граматычных форм да прыметнікаў далучаюцца парадкавыя лічэбнікі, прыметнікавыя займеннікі, дзеепрыметнікі, якія першасна выступаюць у атрыбутыўнай функцыі, што сінтаксічна афармляецца дапасаваным азначэннем. Другаснай функцыяй прыметнікаў з’яўляецца іх выступленне ў ролі прэдыкатыва
(гл.: ШАКУН 1953), своеасаблівага сінтаксічнага цэнтра выказвання, калі яны служаць састаўной часткай выказвання (параўн.: высокае і прыгожае дрэва і Дрэва было высокім і прыгожым), часцей за ўсё ў творным склоне, прэдыкатыўныя канструкцыі з якімі пачалі актыўна ўжывацца яшчэ ў старабеларускай мове (гл.: БУЛАХАЎ 1971, 39). Па сваіх лексіка-граматычных асаблівасцях прыметнікі падзяляюцца на якасныя, што непасрэдна абазначаюць прыкмету рэаліі (параўн.: зялёная трава, цікавая думка . да т.п.), і адносныя, што выражаюць прыкмету рэаліі праз супастаўленне з іншай рэаліяй (параўн.: птушынае гняздо, нарачанскі край і да т.п.).

Якасныя прыметнікі выражаюць прыкметы, што праяўляюцца з рознай ступенню інтэнсіўнасці і граматычна афармляюцца з дапамогай паказчыкаў вышэйшай і найвышэйшай ступеняў параўнання, дапускаюць сваю лагічную інтэрпрэтацыю, матываванай адпаведнай якасцю прадметаў (гл.: ЕСПЕРСЕН 1958, 285). Сярод адносных прыметнікаў вылучаюцца прыналежныя, якія выражаюць індывідуальна свае адносіны да пэўнай асобы (параўн.: бацькава хата, вучнёўскі сшытак і інш.). Праз пераносныя значэнні адносныя прыметнікі ў пэўных кантэкстах здольны выступаць у ролі якасных (параўн.: жалезны характар, залатая душа і інш.), і наадварот, якасныя прыметнікі ў адпаведных кантэкстах набываюць роль адносных (параўн.: чорны хлеб, звонкі гук у сэнсе ‘зычны’ і інш.).

Вышэйшая ступень параўнання якасных прыметнікаў мае простую (сінтэтычную) форму выражэння, што ўтвараецца пры дапамозе суфіксаў –ейш (-эйш) тыпу смелы – смялейшы, ціхі – цішэйшы і да т.п., і складаную (аналітычную), што ўтвараецца праз далучэнне да адпаведных прыметнікаў слоў больш (болей), менш (меней), тыпу больш каштоўны, менш якасны і інш.


(гл.: БУЛАХАЎ 1964, 169–184). Простая форма найвышэйшай ступені ўтвараецца з дапамогай прыстаўкі най-, якая далучаецца да простай формы вышэйшай ступені (параўн.: дабрэйшы – найдабрэйшы і інш.), а складаная форма ўтвараецца аналітычным спосабам з дапамогай слоў самы, найбольш, найменш, якія далучаюцца да зыходнай формы якасных прыметнікаў (параўн.: самы добры, менш прыгожы і інш.).

Якасныя прыметнікі могуць выступаць у поўнай і кароткай форме (параўн.: вясёлы весел, смутны – смуцен і інш.), але кароткія формы ў сучаснай беларускай мове з’яўляюцца малаўжывальнымі (гл.: КАВАЛЁВА, СЦЯЦКО 1970, 95); яны не скланяюцца як раней і амаль паўсюдна выцеснены поўнымі формамі (гл.:ЯНКОЎСКІ 1983, 161–163). Кароткія прыметнікі пры сваім выкарыстанні выступаюць пераважна ў ролі прэдыкатываў, выражаюць не пастаянныя, а часовыя прыкметы, знаходзяць прымяненне ў некаторых паэтычных творах (параўн.: Люб і смуцен час прыгоды, Даль імгліста нерухома ў Я.Коласа і інш.), ва ўстойлівых выразах (параўн.: Славен бубен за гарамі, Кожны кулік на сваім балоце вялік і інш.), практычна не ўжываюцца як азначэнні ў іншых відах маўленчай дзейнасці. Для якасных прыметнікаў уласціва антанімія (параўн.: добры – дрэнны, разумны – дурны і інш.).



Займеннікавыя прыметнікі (параўн.: мой, твой, наш, гэты, які, усякі і інш.), гэтаксама як і субстантыўныя займеннікі (параўн.: я, мы, хто, нішто і інш.), выконваюць аднолькавую функцыянальную ролю, выступаюць у якасці замяшчальнікаў знамянальных слоў, аднак розняцца паміж сабой тым, што граматычныя катэгорыі першых (займеннікавых прыметнікаў) вызначаюцца тымі назоўнікамі, з якімі яны спалучаюцца; а ў другіх (субстантыўных займеннікаў) праяўляюцца самастойна. Сярод займеннікавых прыметнікаў вылучаюцца прыналежныя (параўн.: мой, наш, ваш і інш.), указальныя (параўн.: гэты, той, такі і інш.), азначальныя (параўн.: кожны, увесь, іншы і г.д.), пытальна-адносныя (параўн.: чый, які, каторы і інш.), няпэўныя (параўн.: абы-чый, які-небудзь, чый-небудзь і інш.), адмоўныя (параўн.: нічый, ніякі і інш.). Дадзеныя займеннікавыя прыметнікі спалучаюцца ў родзе, ліку, склоне з адпаведнымі назоўнікамі, але гэта не тычыцца займеннікаў тыпу які, што выкарыстоўваюцца ў якасці злучнікавых слоў (параўн.: кніга, якую я чытаў; кніга, над якой я задумаўся, і г.д.).

З дэрывацыйнага пункту гледжання ў беларускай мове выдзяляецца даволі вялікі разрад складаных прыметнікаў, якія ўзнікаюць часцей за ўсё праз злучэнне двух (радзей трох) знамя-нальных слоў тыпу высакародны, аксамітна-чорны, бел-чырвона-белы і інш.(гл.: ГНЕЎКА 1963).

Як і сярод назоўнікаў, сярод прыметнікаў ёсць група нязменных слоў, якія не скланяюцца, не змяняюцца па родах і ліках, маюць ва ўсіх выпадках свайго ўжывання нулявы канчатак. Звычайна нязменныя прыметнікіі з’яўляюцца запазычанымі словамі, выступаюць у сінтаксічнай функцыі азначэнняў, але ў адрозненне ад уласнабеларускіх і засвоеных запазычаных прыметнікаў займаюць у словазлучэнні постпазіцыйнае месца (параўн.: колер хакі, вага нета, гатунак люкс, мова хіндзі і інш.). Арганічна засвоеныя беларускай мовай запазычаныя словы падобнага тыпу могуць набываць поўную форму прыметнікаў і граматычна змяняцца як і яны (параўн.: тканіна колеру бардо і бардовая тканіна, бардовай тканіны, бардовы піджак, бардовыя піджакі і інш.).

Пераважная большасць прыметнікаў скланяецца па прыведзенаму вышэй ад’ектыўнаму тыпу субстантываваных прыметнікаў (гл. папярэдні параграф), але прыналежныя прыметнікі змяняюцца па змешанаму тыпу скланення. У назоўным і вінавальным склонах яны маюць кароткую форму: у назоўным склоне адзіночнага ліку мужчынскага роду – нулявы канчатак (параўн.: бацькаў, Алесяў і інш.), жаночага роду – канчатак (параўн.: сястрына хустка і інш.), ніякага роду не пад націскам (параўн.: птушкіна гняздо і інш.), а пад націскам (параўн.: даччыно кашнэ і інш.). У вінавальным склоне прыналежныя прыметнікі адзіночнага ліку мужчынскага і ніякага роду пры спалучэнні з неадушаўлёнымі назоўнікамі маюць кароткую форму, як і ў назоўным склоне (параўн.: бацькаў дом, бацькава поле і інш.), а прыналежныя прыметнікі жаночага роду маюць кароткую форму з канчаткам (параўн.: бацькаву хату, Аленчыну кнігу і інш.). Прыналежныя прыметнікі множнага ліку ўсіх родаў у назоўным і вінавальным склонах маюць кароткую форму з канчаткам (параўн.: бацькавы гоні, матчыны клопаты і інш.). Ва ўсіх астатніх склонах канчаткі прыналежных прыметнікаў супадаюць з канчаткамі прыметнікаў ад’ектыўнага тыпу скланення.


1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   ...   30


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка