Л. А. Антанюк Б. А. Плотнікаў Беларуская мова: прафесійная лексіка




старонка13/30
Дата канвертавання15.03.2016
Памер2.88 Mb.
1   ...   9   10   11   12   13   14   15   16   ...   30

Службовыя часціны мовы


Дадзеныя словы характарызуюцца тым, што не маюць намінатыўнага значэння, выкарыстоўваюцца ў мове для сувязі знамянальных слоў, з’яўляюцца граматычна нязменнымі, нешматлікімі, але шырока ўжывальнымі. Да службовых часцін мовы адносяцца прыназоўнікі і злучнікі. Прыназоўнікі выкарыстоўваюцца для падпарадкавальнай сувязі галоўнай і залежнай лексемы ў словазлучэннях, выражаюць разнастайныя сінтаксічныя адносіны, у якіх адлюстроўваюцца пэўныя знешнія сувязі паміж адпаведнымі рэаліямі: прасторавыя (параўн.: выехаць з горада, пайсці ў лес і інш.), часовыя (параўн.: з дня ў дзень, перад навальніцай і інш.), аб’ектныя (параўн.: стукаць у дзверы, марыць пра волю і інш.), меры і ступені (параўн.: турбот па горла, шчасце без меры і інш.), прыналежнасці (параўн.: гузік ад кашулі, кніга з бібліятэкі і інш.), мэты (параўн.: хадзіць па грыбы, падрыхтаваць да экзаменаў і інш.), прычыны (параўн.: зачырванець ад хвалявання, скакаць ад радасці і інш.), атрыбутыўнасці (параўн.: торт з крэмам, галава без розуму і інш.), спосабу дзеяння (параўн.: адказваць без падрыхтоўкі, працаваць з натхненнем і інш.), кампаратыўныя (параўн.: мацнейшы за мяне, вышэйшы супраць бацькі і інш.). Назва дадзенага лінгвістычнага тэрміна з’яўляецца матываванай, бо ў беларускай мове словы гэтай непаўназначнай часціны мовы ўжываюцца ў спалучэннях слоў іншых граматычных разрадаў (уключна назоўнікі) іменна з назоўнікам (субстантывам), які граматычна падпарадкоўваецца ім. Прычым кіраваць субстантывам можа кожнае знамянальнае слова пры дапамозе прыназоўніка: дзеяслоў (параўн.: дзякаваць за падарунак і інш.), назоўнік (параўн.: паход па мясцінах і інш.), прыметнік (параўн.: лепшы за нас і інш.), прыслоўе (параўн.: высока над намі і інш.), лічэбнік (параўн.: двое з адной школы і інш.), займеннік (параўн.: я з сябрам і інш.).

Адцягненае значэнне прыназоўнікаў служыць асновай полісеміі многіх з іх (параўн.: выйсці на работу, спадзявацца на поспех, ехаць на аўтобусе, быць на месцы і інш., дзе прыназоўнік на выражае розныя семантыка-граматычныя адносіны паміж паўназначнымі словамі). Высокая частотнасць прыназоўнікаў


(у лік першых дзесяці самых ужывальных слоў беларускай мастацкай прозы, паэзіі, а таксама фальклору ўваходзіць чатыры прыназоўнікі у, на, за, а; гл.: МАЖЭЙКА, СУПРУН 1976; МАЖЭЙКА, СУПРУН 1982; МАЖЭЙКА, СУПРУН 1992), што служыць прычынай іх многазначнасці. Так у спецыяльным слоўніку прыназоўнікаў для у зафіксавана 57 значэнняў, на
47 значэнняў, з 38 значэнняў (гл.: ШУБА 1993).

Па свайму паходжанню прыназоўнікі падзяляюцца на невытворныя (параўн.: за, без, на, пры, для і інш.) і вытворныя, да якіх адносяцца прыназоўнікі, што генетычны звязаны з іншымі часцінамі мовы, у прыватнасці, з прыслоўямі (параўн.: абапал дарогі, вакол дрэва і інш.), назоўнікамі (параўн.: у час адпачынку, па прычыне гэтага і інш.), дзеясловамі (параўн.: нягледзячы на цяжкасці, дзякуючы табе і інш.). Па вонкавай структуры прыназоўнікі падзяляюцца на простыя (параўн.: для, пры, над і інш.), складаныя (параўн.: па-над, з-за і інш.), састаўныя (параўн.: на чале з, у залежнасці ад і інш.). Прыназоўнікі могуць ужывацца з адным склонам, кіраваць ім : родны склон – ад, без, да, дзеля, для, ля, каля, з-за, з-пад, з-над, заміж, паміма, акрамя, апрача, без, замест, звыш, наконт, накшталт, паводле, падчас, сярод, на працягу, за кошт, на аснове, за выключэннем і інш.; давальны склон – адпаведна, дзякуючы, згодна, к, насустрач, насуперак, паралельна, услед і інш.; вінавальны склон – нягледзячы на, пра, праз, цераз, у адказ на; творны склон – згодна з, на чале з, па-за, поруч з, разам з, следам за, у сувязі з і інш.

З двума склонамі ўжываюцца прыназоўнікі над, пад, перад (вінавальны і творны), аб, на, пры (вінавальны і месны), паміж (родны і творны), паўз, скрозь (родны і вінавальны), упоперак (родны і давальны). З формамі трох склонаў выкарыстоўваюцца прыназоўнікі з, за, між (родны, вінавальны, творны), па (давальны, вінавальны, месны), у (родны, вінавальны, месны). Многія прыназоўнікі ўступаюць у сінанімічныя адносіны паміж сабой (параўн.: на полі – у полі, пасля вайны – па вайне, пра яе – аб ёй і інш.), могуць ужывацца ў розных варыянтах (параўн.: к – ка, над – нада, з – са, у – ва і інш.; гл.: ШУБА 1971. 21 –46).

Злучнік – непаўназначнае службовае слова, якое звязвае лексемы ў сказе, а сказы ў тэксце, выражае паміж імі граматычныя і семантычныя адносіны, выконвае сінтаксічную, арганізацыйную ролю. З улікам менавіта сінтаксічных функцый злучнікі падзяляюцца на злучальныя, што служаць для аб’яднання сінтаксічна раўнапраўных адзінак мовы (слоў, словазлучэнняў, сказаў), падпарадкавальныя, якія выкарыстоўваюцца для сувязі сінтаксічна нераўнапраўных кампанентаў (частак складаназалежнага сказа). Сярод злучальных выдзяляюцца спалучальныя і, дызначэнні і ), як …так, ні …ні, супастаўляльныя, а, аднак, але, ды (у значэнні але), затое, не толькі … але, размеркавальныя або, ці, або … або, ці … ці і інш. Сярод падпарадкавальных адрозніваюць тлумачальныя (што, як, чым), прычынныя (бо, таму што і інш.), часавыя ( калі, як, пакуль і інш.), умоўныя (каб, калі б, раз і інш,), мэтавыя (для, каб, абы і інш.), выніковыя (дык, то і інш.), уступальныя (хоць, няхай і інш.), параўнальныя (як, чым, нібы і інш.). Злучнікі могуць быць полісемантычнымі, выражаць, напрыклад, і раўнапраўныя адносіны паміж часткамі выказвання, і супастаўляльныя (параўн.: я ды ён ; не я, ды ён і інш.), часовыя і ўмоўныя (параўн.: наведаю, калі буду мець час; калі не дамовімся, будзе кепска і інш.).

З генетычнага пункту гледжання злучнікі падзяляюцца на невытворныя (параўн.: а, і, але, ды і інш.) і вытворныя, што паходзяць ад слоў іншых часцін мовы : займеннікаў (параўн.: што, таму што і інш.), прыслоўяў (параўн.: калі, пакуль, як і інш.), дзеясловаў (параўн.: няхай, хаця і інш.), часціц (параўн.: ці, быццам і інш.). Па сваёй знешняй структуры злучнікі дзеляцца на простыя (параўн.: і, што, каб і інш.) і састаўныя, якія складаюцца з некалькіх слоў (параўн.: таму што, для таго каб і інш.). Па спосабу ўжывання сярод злучнікаў выдзяляюцца адзіночныя (параўн.: а, бо, чым і інш.), парныя ( параўн.: не толькі … але і, калі … то і інш.), паўторныя (параўн.: то … то, ці … ці і інш.). Амонімамі злучнікаў што, калі, чым, як і інш. у складаназалежных сказах выступаюць злучальныя словы, якія выконваюць роль членаў сказа і адносяцца да пэўных знамянальных часцін мовы. Злучнікі могуць быць стылістычна нейтральнымі, ужывацца ва ўсіх сацыяльных функцыях маўлення (параўн.: але, і, калі і інш.), размоўнымі, выкарыстоўвацца пераважна ў вусным маўленні (параўн.: дык, дарма што і інш.), кніжнымі, ужывацца, як правіла, у афіцыйным стылі, пісьмовым тэксце (параўн.: у сувязі з тым што, нягледзячы на тое што і інш.).

Да непаўназначных часцін мовы адносяцца і звязкі, якія маюць дзеяслоўнае паходжанне, выражаюць граматычныя катэгорыі часу, ладу састаўнога выказніка, чым і адрозніваюцца ад іншых службовых слоў. У процілегласць звязкам, што служаць першай часткай састаўнога выказніка, іншыя словы, якія выступаюць у ролі другой часткі састаўнога выказніка, належаць да неспрагальных слоў, суадносяцца з дзейнікам праз звязку, нясуць часта пры гэтым асноўную сэнсавую нагрузку дадзенага члена сказа. Лексічнае значэнне звязак можа захоўвацца па-рознаму, у залежнасці ад чаго яны падзяляюцца на знамянальныя (напрыклад, дзеясловы руху або стану, параўн.: Ён вярнуўся задаволены і інш.), поўзнамянальныя (дзеясловы тыпу стаць, рабіцца, з’яўляцца і інш., параўн.: Ён з’яўляецца чэмпіёнам краіны і інш.), незнамянальныя – формы дзеяслова быць, тыпу Ён быў узрушаны і інш.

1   ...   9   10   11   12   13   14   15   16   ...   30


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка