Кватэра для студэнта: як яе знайсці?




Дата канвертавання11.06.2016
Памер43.43 Kb.


Звязда

01.08.2012 № 146

Кватэра для студэнта: як яе знайсці?



Прыёмная кампанія беларускіх ВНУ ў самым разгары, але паспяховае паступленне — гэта толькі першы крок у новае жыццё. Згадзіцеся, лагічным будзе наступнае сцвярджэнне: для новага жыцця неабходна месца, дзе будзеш жыць. У многіх універсітэтаў ёсць свае інтэрнаты, а ў некаторых — няма. Ды часта бывае, што і там, дзе, здаецца, ёсць інтэрнат, месцаў хапае далёка не ўсім і не адразу. Таму аб вырашэнні жыллёвай праблемы трэба паклапаціцца загадзя.

"Аблом" на провадзе

Вядома, у некаторых будучых студэнтаў ёсць родзічы ў тым горадзе, куды яны паступілі. І таму месца, дзе жыць, хаця б на першы час у іх будзе. А што рабіць тым, у каго няма сваякоў у тым жа Мінску? І інтэрнат не свеціць? Зразумела, шукаць кватэру.

Ёсць даволі шмат спецыялізаваных газет і сайтаў, дзе рэгулярна друкаюцца аб'явы аб здачы кватэр або пакояў. І на першы погляд пошук кватэры — задача вельмі лёгкая. Падкрэсліў упадабаныя аб'явы, дзе задавальняюць і цана, і раён, і калі ласка — тэлефануй.

А вось тут і чакае "аблом". Напрыклад, шэраг розных аб'яў і адпаведна розных кватэр маюць адзін і той жа кантактны нумар тэлефона. "Ну, нічога сабе ў чалавека нерухомасці назбіралася! Сапраўдная "кватэрная" манаполія", — так я падумала, калі шукала кватэру пасля свайго залічэння на першы курс. Але пасля тэлефоннага званка ўсё стала на свае месцы. Гэта агенцтвы нерухомасці, якія "добразычліва" прапануюць вам сваю дапамогу. За пэўную плату, зразумела ж. Але пакінем гэтых "добрых людзей" на пасля і паспрабуем шчасця зноў.

А тут ужо наступае чарга ўдачы. Часам ва ўсім раздзеле аб'яў не знаходзіцца нічога, што сапраўды падыходзіла б. Дзесьці ўжо ўсё здалі — гарачая пара ўсё ж такі, а недзе — такія ўмовы, што лепш не спрабаваць там жыць. А яшчэ часта прапаноўваюць падсяліцца трэцім альбо чацвёртым у пакой — прапанова не вельмі цікавая.

Аднойчы мы з мамай паехалі глядзець пакой, які здаваўся па даволі нізкай цане (за 75 долараў, без камунальных плацяжоў і без суседкі ў пакоі), але што ўбачылі! Заваленае дошкамі жытло, санвузел у жахлівым стане і яшчэ — балбатлівы дзядок, у якога нельга было дапытацца, ці будзе ён сам жыць у кватэры.

Таму раю пайсці іншым шляхам. Можна размясціць у той жа газеце сваю аб'яву. Гэта дастаткова проста і ці не ў дзесяць разоў танней, чым звяртацца ў агенцтва. Так я і зрабіла летась. І прапановы не прымусілі сябе чакаць. Пасля адной маленькай аб'явы на працягу тыдня мне патэлефанавала каля дванаццаці чалавек. Варыянты былі ад падсялення ў аднапакаёвую кватэру да дзяўчыны (70 долараў + камунальныя) да асобнага пакоя (ад 70 да 100 долараў). Такі спосаб, бадай, самы зручны. Пакой можна знайсці без праблем нават перад самым пачаткам навучальнага года, аднак не заўсёды ён будзе абсалютна адпавядаць вашым патрабаванням.

Увогуле ж у Мінску рэальна зняць асобны пакой за 100 долараў, больш эканомны варыянт — падсяленне, тады можна жыць з кім-небудзь у пакоі і за 60-70 долараў. Звычайна прыходзіцца яшчэ плаціць камунальныя плацяжы (напалам з гаспадыняй або, калі кватэру здымаеце з іншай дзяўчынай/хлопцам, то напалам з імі). Лепш за ўсё пачынаць шукаць жыллё адразу ж пасля залічэння, калі студэнты ўжо паз'язджалі з кватэр, а новыя яшчэ не засяліліся.



Дапамога ўніверсітэта

Часта ўніверсітэты таксама могуць дапамагчы калі не з інтэрнатам, то хаця б з пошукам жылля. У метро можна сустрэць аб'явы пра тое, што пэўны ўніверсітэт шукае кватэры для сваіх студэнтаў. Пасля атрыманыя адрасы заносяцца ў спецыяльную базу звестак, якая даступна студэнтам гэтай навучальнай установы. Такі варыянт таксама дапамагае з пошукамі кватэры, таму што гаспадары адразу ведаюць, што ў іх будуць жыць студэнты, а значыць, непаразуменняў (маўляў, "пакой здаецца, але не для студэнтаў") не будзе.



Агенцтва нерухомасці: што за звер такі?

Агенцтвы дзеляцца на дзе катэгорыі: першая катэгорыя — вы плаціце, а потым вам даюць шэраг нумароў тэлефонаў; другая — агент рэгулярна дае вам некаторую колькасць тэлефонных нумароў, вы разам ходзіце глядзець жыллё, і калі нарэшце выбераце сабе кватэру, тады і заплаціце.

Першы варыянт — больш танны, але менш надзейны. Вы прыязджаеце ў агенцтва і заключаеце з ім дагавор. Затым плаціце пэўную суму грошай (залежыць ад узроўню агенцтва, напрыклад, адно даволі буйное агенцтва нерухомасці Мінска патрабуе за такую паслугу 5 базавых велічынь, а гэта 500 тысяч рублёў) і ўзамен атрымліваеце спіс кватэр. Але не факт, што па гэтых адрасах вас чакаюць.

Адна знаёмая з'язджала з інтэрната ў сакавіку. Вырашыла зняць кватэру з дапамогай агенцтва. Грошы заплаціла, узамен далі спіс кватэр, якія здаваліся. Але частка з іх ужо былі занятыя, па некаторых нумарах тэлефонаў нельга было дазваніцца, іншае не падышло з-за дрэнных умоў. Урэшце, яна пераехала ў кватэру, якую выпадкова знайшла праз інтэрнэт.

Другі варыянт — вы плаціце грошы толькі па факце засялення. Аднак... удвая больш, чым у першым варыянце. Многія агенцтвы "па факце" патрабуюць палову ад месячнага кошту знойдзенага жылля. Калі вы з дапамогай такога агенцтва знайшлі двухпакаёўку за 210 долараў, то заплаціце агенту 105 "зялёных". Дорага, хоць і надзейна.

Кватэра ў рэгіёне

Так ужо склалася, што пытанне студэнцкага жылля ў рэгіёнах стаіць не так востра. Многія навучальныя ўстановы маюць дастаткова месцаў у інтэрнатах, каб рассяліць усіх ахвотных, але ж часам сам студэнт не хоча жыць з кім-небудзь у адным пакоі. І зноў кватэрнае пытанне набывае сваю актуальнасць.

Як правіла, у Брэсце, дзе ёсць некалькі вышэйшых навучальных устаноў і шэраг сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных, зняць пакой на аднаго чалавека можна дзесьці за 50 долараў. Аднапакаёвая кватэра абыдзецца прыкладна ў 100-120 долараў.

А вось у Пінску, сталіцы Палесся, дзе функцыянуе Палескі дзяржаўны ўніверсітэт, за 50 долараў можна зняць нават аднапакаёвую кватэру. Ды і сам універсітэт прапануе шыкоўныя ўмовы жыцця ў новым інтэрнаце. Выбіраць студэнту.



Пошук кватэры — пытанне, з якім кожны студэнт хаця б раз сутыкаўся або сутыкнецца. І тут важна ведаць усе магчымыя варыянты, каб не застацца на пачатку вучэбнага года без даху над галавой. Так ці інакш, пошук кватэры вучыць упартасці і настойлівасці. Калі вам патрэбна месца, дзе жыць, рана ці позна вы яго знойдзеце. Важна, каб пошук гэтага месца не адняў шмат нервовых клетак, якія яшчэ спатрэбяцца для спасціжэння вучэбнай праграмы.

Надзея Юшкевіч



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка