Кузьма чорны І васіль быкаў: дзеячас




Дата канвертавання01.04.2016
Памер54.79 Kb.
Людміла Карпава (Мінск)

КУЗЬМА ЧОРНЫ І ВАСІЛЬ БЫКАЎ: ДЗЕЯЧАС
Калі вызначыць кардынальныя праблемы мастацкага даследавання існасці ХХ стагоддзя, то імі будуць – час і мараль, асоба і трагічныя “зломы гісторыі”. Менавіта трагізмам і гераізмам ваенных дзён згадваецца Вялікая Айчынная вайна, аддаленая ад нас ужо больш чым паловай стагоддзя. Яна працягвае жыць у геннай памяці беларусаў, напамінаючы і напамінаючы, якіх неймаверных духоўных высілкаў каштавала рэалізацыя права на жыццё, каштавала самаахвярная мужнасць у імя Вялікай Перамогі.

Дзякуючы ўнікальнаму мастацкаму зроку не аднаго пакалення творцаў, набліжаюцца, аднаўляюцца і набываюць адзнакі канкрэтных рэалій тыя далёкія падзеі ваеннага часу.

Не малую лепту ў гэту пачэсную справу ўнёс класік беларускай літаратуры – Кузьма Чорны. Яго антымілітарысцкія творы, напісаныя ў вайну і пра вайну, месцяць у сабе і праўдзівы паказ народнага супраціву фашысцкай навале, і трагізм ваенных будняў, і філасофскае асэнсаванне жорсткага дзеячасу, і моцную повязь прыватнага лёсу дзейных асоб з глыбіннымі праблемамі нацыянальнага жыцця, і тонкае пранікненне ў духоўны свет чалавека на вайне.

Арыентацыя на лепшыя здабыткі рускай і сусветнай класікі, пераасэнсаванне іх дазволілі К. Чорнаму заставацца абсалютна самабытным нацыянальным мастаком-наватарам і, у першую чаргу, у ваеннай раманістыцы – вышэйшым яго творчым дасягненні. Ды і нястомныя мастацкія пошукі празаіка, якія прывялі яго да стварэння ваенных раманаў, рабілі дабратворны ўплыў не толькі на яго літаратурных паплечнікаў, а і тых, хто ішоў на змену, бо былі плённыя.

Уплыў твораў і асобы Кузьмы Чорнага на айчынную прозу адчуваўся, зразумела, даўно. Але характэрна, што сіла гэтага ўплыву мацнела з гадамі, дазволіўшы нацыянальнаму эпічнаму слову пра вайну стаць пачутым не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Праўда, уплыў маштабнай чорнаўскай прозы прытармазіла акалічнасць, што яна ўбачыла свет не адразу, як была напісана, а пасля смерці аўтара: “Вялікі дзень” і “Скіп’ёўскі лес” у 1946-47 гадах, “Пошукі будучыні” ў 1950 годзе, а “Млечны шлях” толькі ў канцы 1954 года. Тым не менш, водгулле, якое пасля знайшлі чорнаўскія творы ў літаратурнай практыцы беларускіх празаікаў, цяжка пераацаніць. Яны атрымалі як бы сваё другое жыццё.

Надзвычай блізкай да чорнаўскай канцэпцыі катастрафізму быцця беларусаў у інфернальным дзеячасе вайны, яго клопату аб будучыні, яго імкнення ўскрываць сэнс сучаснай гісторыі з’яўляецца ацэнка апошняй вайны Васілём Быкавым як нечага такога, у чым “бачацца вельмі многія пачаткі, якія ўваходзяць у нашыя дні і выходзяць у будучае”.

Філасофска-эстэтычны змест і аўтарская канцэпцыя змадэляванага мастацкага дзеячасу ў творах К. Чорнага надаюць ім эмацыянальную і ідэйна-сэнсавую глыбіню, бо выяўляюць значнае і хвалюючае ў пэўных з’явах і падзеях. Даследаванне дзеячасу ў быкаўскіх творах таксама праводзіцца на аналітычна-псіхалагічным узроўні, што з’яўляецца асновай духоўна-эстэтычнага і філасофскага пазнання чалавечай душы.

Блізкая ў гэтых празаікаў і ўвага да самага пільнага на свеце пытання – жыцця і смерці, і імкненні, мацуючыя ў чытача патрыятызм, мужнасць, адначасова выхоўваць нянавісць да вайны; блізкія і драматычны напал, выбар сітуацый, у якія ставяць яны сваіх персанажаў, іх увага да лакальных падзей.

Калі, скажам, М. Лынькоў у рамане “Векапомныя дні” асобу і калектыў падае ва ўзаемадзеянні, пры якім калектыў, як правіла, стымулюе маральную энергію асобы, то К. Чорны, а за ім і В. Быкаў стараюцца выбраць абставіны, пры якіх чалавек або два-тры чалавекі, ізаляваныя ад калектыва, дзейнічаюць, кіруючыся толькі ўласным разуменнем маральнага абавязку, бо для пісьменнікаў галоўным заўсёды заставалася не толькі высвятленне таго, што ёсць Дабро і Зло, але і наколькі законы, па якіх жыве чалавек, адпавядаюць аксіялагічнай сістэме маральных каштоўнасцяў. “Традыцыйны для К. Чорнага прыём – праз лёс асобнага чалавека, маленькага мястэчка выявіць барацьбу ідэй, погляды на свет, бурлівыя, трагічныя катаклізмы ХХ ст.” [2, 161] характэрны і для мастацкага асэнсавання падзей В. Быкавым. І тут, трэба сказаць, Васіль Быкаў ідзе яшчэ далей – яго героі значна актыўнейшыя, як актыўнейшыя іх думкі, перажыванні, што яскрава і натуральна выліваюцца ў рашучыя ўчынкі. Бой, смяротная сутычка з ворагам заўсёды ў цэнтры быкаўскіх твораў, яны – кульмінацыі ў развіцці характараў, у іх героі раскрываюцца ўсе, і з гранічнай выразнасцю відаць, чаго яны дасягаюць, на што здатныя. В. Быкаў сцвярджае: лепшыя якасці чалавека раскрываюцца ў подзвігу.

Не прыхарошваючы рэчаіснасці, паказваючы, што адбірала з духоўных каштоўнасцяў у чалавека вайна, В. Быкаў часта малюе і тое, як высока ў пякельным агні ўзнімаецца чалавек, як вайна нараджае ў яго доблесць і высокую адказнасць за жыццё, як расце ў яго неадольная патрабавальнасць да сябе і другіх, як абвастраецца непрымірымасць да нізкага, подлага. Падпарадкуючыся “абсурду вайны як абсурду жыцця”, улюбёныя героі празаіка “дзейнічаюць, ахвяруюць сабой дзеля перамогі над гэтым абсурдам” [3, 202].

В. Быкаў напамінае таксама і пра тое, што знішчаючы ворага, варта помніць і пра гуманістычныя нормы. І, бясспрэчна, меў рацыю вядомы ўкраінскі літаратуразнаўца Л. Навічэнка, які, параўноўваючы першыя творы ўкраінскіх і беларускіх празаікаў пра вайну з творамі наступных дзесяцігоддзяў, сярод якіх былі, напрыклад, раманы А. Адамовіча і аповесці В. Быкава, адзначаў, што стала відаць, як моцна наблізіліся аўтары да супярэчнай складанасці падзей і людскіх лёсаў, да натуральнай шматколернасці жыцця і нават да дакладнага паказу многіх бакоў ваеннай рэчаіснасці, якія раней падаваліся ў павярховым “першым набліжэнні”. Праўда, Л. Навічэнка не разглядаў раманаў К. Чорнага, але тое пазітыўнае, што неслі з сабой творы В. Быкава, А. Адамовіча, ён вызначыў трапна.

У сваіх манаграфічных працах, дзе даследуецца творчы плён В. Быкава-празаіка і, зразумела, яго творы, прысвечаныя другой сусветнай вайне, В. Буран, І. Дзядкоў, А. Афанасьеў, А. Шагалаў і інш., аналізуючы, чаму і на чым робіць акцэнт пры вырашэнні ваеннай тэмы беларускі празаік, як правіла, звязваюць ўвагу аўтара да маральна-этычных праблем з агульнай барацьбой за пастаяннае духоўнае ўдасканаленне асобы чалавека. Адсюль больш паслядоўны і настойлівы зварот мастака да катэгорыі сумлення. Большасць герояў В. Быкава насамрэч знаходзяцца ў становішчы, што можна адзначыць як “сам-насам з сумленнем” або “перад судом уласнага сумлення”. В. Быкава сапраўды займаюць не маштабы бітваў, а маштабы чалавечага духу, акрэсленыя ў варунках дысгарманічнага дзеячасу.

Ведучы гаворку пра ўнікальнасць пісьменніцкіх здабыткаў В. Быкава, Дз. Бугаёў у кнізе “Спавядальнае слова” дае дакладнае вызначэнне феномену творцы : “Вельмі чуйны да грамадскай атмасферы, у якой мы жывём, да людскіх боляў і бедаў у нашу скрутлівую эпоху, Васіль Быкаў у сваёй творчасці, узрошчанай на беларускай глебе, але арыентаванай на агульначалавечыя маральна-этычныя каштоўнасці, адлюстроўваў трагічную праўду часу з вялікай мастацкай сілай” [1, 38]. І з гэтым, безумоўна, нельга не пагадзіцца.

Разам з тым тут хочацца напомніць, што ваенныя творы К. Чорнага шмат што падсказалі сучасным пісьменнікам, якія пішуць пра значэнне для чалавека і грамадства духоўных і маральных каштоўнасцяў, пра неабходнасць для чалавека пераканаўчых адказаў на адвечныя пытанні чалавечага быцця. Зразумела, не аднымі толькі мастакоўскімі здабыткамі К. Чорнага вызначаецца напрамак, у якім гістарычна развіваліся эстэтычныя ідэі І. Мележа, А. Адамовіча, В. Быкава, І. Чыгрынава, І. Пташнікава, В. Казько і інш. Аднак, калі б гэтых здабыткаў не было, то змест іх ідэй, сіла іх уздзеяння, магчыма былі б іншымі.

Адны вучыліся і вучацца ў Кузьмы Чорнага, як служыць радзіме і часу, другія бяруць за эталон мастацкі ўзровень ягоных твораў, трэція працягваюць пошукі, што ён вёў, чацвёртыя наследуюць яго паэтыку… Такім чынам, чорнаўская традыцыя з удзячнасцю ўспрымаецца і засвойваецца літаратурнымі творцамі на ўсіх узроўнях арганізацыі мастацкіх тэкстаў.

К. Чорны стаяў ля самых вытокаў станаўлення сучаснай беларускай мастацкай прозы. Сёння наша літаратуразнаўчая навука на поўных голас сказала пра маштабнасць і глыбіню асэнсавання пісьменнікам праблем агульначалавечага гучання і вострасацыяльных працэсаў мінулай бурлівай эпохі. Заснаваная на традыцыях, гісторыі народа, чорнаўская літаратурная спадчына стварае спрыяльную глебу для развіцця новых тэм, жанраў, стыляў на шляху філасофскай, псіхалагічнай, маральна-этычнай заглыбленнасці, мастацкай дасканаласці ў паказе асобы ва ўсіх яе натуральных чалавечых праявах.




Літаратура:

  1. Бугаёў, Дз. Спавядальнае слова: літ. крытыка, успаміны. / Дз. Бугаёў. – Мінск: Маст. літ., 2001. – 327 с.

  2. Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 2 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літ. імя Я. Купалы. – Мінск: Бел. навука, 2000. – 952 с.

  3. Локун, В. Васіль Быкаў у кантэксце славянскіх літаратур / В.І. Локун. – Мінск: Тэхнапрынт, 2005. – 321 с.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка