Курс: гісторыя беларусі ў кантэксце сусветнай цывілізацыі




старонка1/4
Дата канвертавання17.03.2016
Памер0.73 Mb.
  1   2   3   4

КУРС: ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ Ў КАНТЭКСЦЕ СУСВЕТНАЙ ЦЫВІЛІЗАЦЫІ


ТЭМА 1: ГАСПАДАРКА, ДУХОЎНАЕ І НАЦЫЯНАЛЬНА – КУЛЬТУРНАЕ РАЗВІЦЦЁ БЕЛАРУСКІХ ЗЯМЕЛЬ У ПЕРЫЯД ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА (ДРУГАЯ ПАЛОВА XIII – СЯРЭДЗІНА XYI СТ.)


План

1.Эвалюцыя феадальных адносін ў сельскай гаспадарцы.

2.Гарады. Рамёства. Гандаль.

3.Рэфармацыя.

4.Фарміраванне беларускай народнасці.

5.Культурнае жыццё.


1. Эвалюцыя феадальных адносін ў сельскай гаспадарцы.
У другой палове XІII – сярэдзіне XYI ст. на тэрыторыі Беларусі працягваецца фарміраванне і ўдасканаленне феадальных адносін. Сістэма кіраўніцтва сельскагаспадарчай вытворчасцю была давольна складанай. Яна адлюстроўвала пераход ад падаткавай сістэмы ў выглядзе натуральнай даніны і палюдзя для пракорму князя і яго дружыны ў раннефеадальнай дзяржаве да рэнты (падаткаабкладання за карыстанне зямлёй), якая пастаянна павялічвалася і была неабходная для ўтрымання княскага двара, феадалаў, царквы з іх усё ўзрастаючымі патрэбамі.

Вярхоўным уласнікам зямель Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ) лічыўся вялікі князь як кіраўнік дзяржавы. Землі падзяляліся на дзяржаўныя і прыватнаўласніцкія. У сваю чаргу дзяржаўныя былі двух катэгорый: воласці і гаспадарскія двары. У валасцях ворыўныя землі былі ў прыватным карыстанні сялян, а астатнія выкарыстоўваліся калектыўна, належылі абшчыне. Воласць звычайна складалі некалькі сёл, яна была адміністрацыйнай адзінкай. У адрозненні ад валасцей гаспадарскія двары (домен) належалі непасрэдна князю і забяспечвалі яго двор.

У канцы XIY ст., у ходзе правядзення рэформы, дзяржаўныя землі значна павялічыліся за кошт ліквідацыі буйных удзельных княстваў і ўвядзення намесніцтваў. Аднак у XY–XYI стст. вялікія князі раздалі шмат валасных зямель феадалам за службу, а таксама царкве. Калі ў канцы XIY ст. на дзяржаўных землях жыла большая частка насельніцтва, то ў першай чвэрці XYI ст. – толькі 1/3.

Асноўнымі відамі вялікакняскіх падараванняў былі: часовае – на тэрмін жыцця аднаго ці некалькіх пакаленняў; “на вечнасць” з правам ці без права продажу. У канцы XY ст. скарачаецца ўдзельная вага часовых падараванняў і павялічваецца колькасць падараванняў “на вечна”.

Дробныя землеўладальнікі з XY ст. сталі звацца шляхтай, а буйнейшыя спадчынныя ўладальнікі маёнткаў – панамі.

Буйныя феадалы ў 1528 г. складалі 19% ад агульнай колькасці землеўладальнікаў, і валодалі 46,4% зямельных угоддзяў.

Правы і прывілеі феадалаў паступова заканадаўча афармляліся. У канцы XYІ ст. паны і шляхта былі пароўнены ў правах, а ўсё феадальне саслоўе стала называцца шляхтай. Асноўным яе абавязкам была ваенная ці дзяржаўная служба.

Асновай эканамічнага жыцця з’яўлялася сельскагаспадарчая праца, ею займалася абсалютная большасць насельніцтва. Паступова ўдасканальвалася агратэхніка. Двуполле змянялася трохполлем, якое стала пераважаць у XІY ст. У той жа час працягвалі існаваць і больш прымітыўныя сістэмы земляробства, як падсека і пералог.

Асноўнай сельскааспадарчай культурай з’яўлялася жыта, якім засявалі да паловы і больш ворыва. Яго ураджай быў сам-3-4. Шырока былі распаўсюджаны таксама авёс, ячмень, проса, сеялі грэчку, лён, канаплю. На прысядзібных агародах сяляне вырошчвалі агародніну.

Узрастала значэнне свойскай жывёлы. У якасці цяглавай сілы на захадзе Беларусі выкарыстоўвалі валоў, на ўсходзе – коней.

Значнае месца ў гаспадарчым жыцці па-ранейшаму займалі паляванне, рыбалоўства, бортніцтва.

Сялянскі двор меў назву “дым”, што азначала звычайна сем’ю, радзей – некалькі сем’яў і іх уласнасць. Дым быў і адзінкай падаткаабкладання.

Значную ролю ў сялянскім жыцці адыгравала абшчына (грамада). Яна арганізоўвала сялянскае землекарыстанне і выплату феадальнай рэнты, абараняла сялян ад сваволу феадалаў.

Паступова феадалы прысвойвалі права распараджэння абшчыннымі землямі, а потым і ўсімі землямі сялян. За карыстанне зямельнымі надзеламі сялян абавязвалі выконваць шматлікія павіннасці. Найстаражытнейшай формай феадальнай рэнты была “даніна” (натуральны аброк). Паступовае развіццё таварна-грашовых адносін, уцягванне ў іх дзяржаўных і феадальных маёнткаў прывяло да ўвядзенне ў XІY ст. грашовага аброку – чынша (асады). Па меры развіцця феадальных адносін у XY–XYІ стст. адной з асноўных форм феадальнай рэнты становіцца паншчына (адпрацовачная рэнта). Паншчына – ў гаспадарцы феадала – павялічылася да 1 дня ў тыдзень з дыма ў першай палове XYІ ст. Яна стала асноўнай формай феадальнай павіннасці ў заходняй і цэнтральнай частках Беларусі з другой паловы XYІ ст. Цяглыя сяляне, галоўнай павіннасцю якіх з’яўлялася паншчына, павінны былі таксама плаціць натуральны аброк, невялікі чынш, несці фурманковую (давалі стацыі – падводы) і ахоўную (маёмасці гаспадара) павіннасці, прымаць удзел у талоках, гвалтах – сумесных работах па збору ўраджаю, будаўніцтве дарог, замкаў і інш.

Збяднелыя сяляне, ці былая “челядзь нявольная” станавіліся агароднікамі. Гаспадар саджаў іх на невялікі кавалак зямлі. Агароднікі павінны былі выконваць паншчыну.

Прывілеяванай часткай залежнага сельскага насельніцтва з’яўляліся сяляне-слугі. Да іх адносіліся воіны, конюхі, лоўчыя, рамеснікі, млынары.

Збяднелых, дэкласіраваных элементаў называлі кутнікамі, халупнікамі, каморнікамі, бабылямі. Гэтыя людзі жылі працай па найму.

Па ступені феадальнай залежнасці сяляне падзяляліся на пахожых, непахожых людзей і чэлядзь нявольную. Спачатку большасць сялян былі пахожымі – гэта значыць маглі пераходзіць ад аднаго феадала да другога, але толькі ў восень, пасля заканчэння палявых работ і выканання павіннасцей. У XYІ ст. практычна ўсе пахожыя людзі былі замацаваны за зямлёй, сталі непахожымі (прыгоннымі). Челядзь нявольная знаходзілася ў поўнай уласнасці феадалаў, працавала ў іх маёнтках, але часцей не мела зямельных надзелаў і абслугоўвала дваровую гаспадарку.



Станаўленне фальваркава-паншчыннай гаспадаркі. Аграрная рэформа 1557 г.

Рост гарадоў, развіццё рамяства, гандлю, таварна-грашовых адносін выклікалі з канца XY ст. рэзкі ўздым попыту на зерне і іншыя сельскагаспадарчыя прадукты ў Еўропе, у тым ліку і ў ВКЛ.

У XY ст. набываюць значэнне двары з панскай ворнай зямлёй, якія называліся фальваркамі. Фальварак быў комплексам гаспадарчых і жылых пабудоў, вакол якіх размяшчаліся ворныя землі, агароды, сенажаці і лясы. Фальваркі арыентаваліся на рынак. Вытворчасць у іх была заснавана не на працы челядзі нявольнай, а на працы сяляніна-паншчынніка.

У сярэдзіне XYІ ст., вялікі князь літоўскі Жыгімонт ІІ Аўгуст ажыццяўляе аграрную рэформу, якая атрымала назву “валочная памера”. Гэта назва паходзіць ад аднаго з асноўных дакументаў аграрнай рэформы – “Уставы на валокі” 1557 г. Да сярэдзіны XYІ ст. архаічная сістэма землекарыстання сялянства Беларусі і абкладання яго павіннасцямі толькі вельмі прыблізна ўлічвала гаспадарчыя рэсурсы адзінак абкладання, стала для феадалаў істотнай перашкодай на шляху іх імкнення павялічыць свае даходы. Гэта і абумовіла яе рэарганізацыю шляхам вымярэння зямлі на валокі (30 моргаў, або 21,36 га), вызначэння якасці глебы і ўвядзення валокі ў якасці асноўнай адзінкі абкладання.

Уся зямля ў маёнтку дзялілася на панскія і сялянскія валокі ў суадносінах 1:7. Гэта значыць, апрацоўку адной фальваркавай валокі рабілі 7 сялянскіх валок. Сялянскі надзел прызначаўся ў трох палях, што забяспечвала прымусовы трохпольны севазварот, які спрыяў росту ўраджайнасці.

Валочныя памеры ў залежнасці ад таго, якія павіннасці патрабаваў выконваць феадал за іх выкарыстанне, падзяляліся на цяглыя і асадныя (чыншавыя). Акрамя асноўных, сяляне абавязаны былі выконваць і шэраг дадатковых павіннасцей.

Сяляне страчвалі правы на зямельныя участкі, якія традыцыйна лічыліся ў іх спадчыннам валоданні.

Павелічэнне даходаў скарбу ў выніку правядзення рэформы заахвоціла прыватных уласнікаў, у першую чаргу буйных. У маёнтках сярэдняй і дробнай шляхты рэформа праводзілася больш павольна. Землеўпарадкаванне (памера) каштавала вельмі дорага.

Па мере росту насельніцтва адбывалася здрабненне сялянскіх надзелаў. Гэта было звязана таксама з індывідуалізацыяй сялянскай сям’і і яе павіннасцяў. У канцы XYІ ст. на захадзе Беларусі сярэдні зямельны надзел складаў 0,71 валокі, тут пераважала паншчыннае вядзенне гаспадаркі, на ўсходзе Беларусі сярэдні надзел быў 0,82 валокі і перавага аддавалася чыншу.

Распаўсюджванне фальварачна-паншчыннай гаспадаркі суправаджалася аслабленнем ролі і нават разбурэннем сялянскай абшчыны, таму што яна стрымлівала імкненне феадалаў павялічыць памеры рэнты, адасобіць сялянскае землекарыстанне, каб лягчэй было забяспечыць свае інтарэсы. Гэты прцэс меў пэўныя вынікі на захадзе і ў цэнтры Беларусі, дзе імкліва ствараліся фальваркі. Аднак на ўсходзе абшчына ў той ці іншай форме захоўвалася.

Тэмпы правядзення рэформы былі розныя ў тых ці іншых регіёнах Беларусі. У цэнтры і на захадзе памешчыцкія гаспадаркі былі цесна звязаны з рынкам. Рэформа тут была завершана да канца XYІ ст. На поўначы Беларусі, дзе ішла Лівонская вайна, феадалы не маглі ажыццяўляць пераўтварэнні так актыўна, як на захадзе. Фальваркавая сістэма не стала тут пераважнай. Насельніцтва ў асноўным пераводзілася з даніны на чынш. Рэформа на ўсходзе зацягнулася больш чым на 100 гадоў.

Такім чынам, у выніку ўдасканальвання арганізацыі феадальнай вытворчасці, узмацнення эксплуатацыі сялянства рэформа прывяла да значнага павелічэння даходаў феадалаў. Яна спрыяла распаўсюджванню перадавой агракультуры.

Асноўныя прынцыпы землекарыстання і абкладання сялянства, якія былі ўведзены аграрнай рэформай, вызначылі істотныя рысы аграрнага ладу Беларусі на працягу далейшых 200 гадоў. яго развіцця.

Запрыгоньванне сялянства.

Па меры пашырэння сувязей феадалаў з рынкам, а разам з гэтым умацавання іх эканамічнага і палітычнага панавання, ліквідацыя права сялян на пераходы і пераўтварэнне іх у прыгонных становіцца ўсё больш актуальнай задачай унутранай палітыкі пануючага класа. Адным з першых дакументаў, якія сведчылі аб пачатку запрыгоньвання сялян у ВКЛ, быў прывілей 1447 г. Ён, у прыватнасці, пацвердзіў даўняе права феадалаў на вотчынны суд, што ставіла сялян у значную залежнасць ад іх рашэнняў і інтарэсаў. Адзін з яго артыкулаў забараняў прымаць сялян-уцекачоў.



Першы статут ВКЛ 1529 г. – усеагульны звод законаў – адмаўляў сялянам у праве ўласнасці на землю. Яны страчвалі права ёю распараджацца без згоды феадала.

Уставай на волакі” 1557 г. сяляне фактычна замацоўваліся за земельнымі надзеламі.



Другі статут 1566 г. ўводзіў 10-гадовы тэрмін адшуквання беглых ці крадзеных сялян і адміністрацыйныя пакаранні супраць тых, хто іх хаваў. Забаранялася хаваць сялян у гарадах.

Трэці статут ВКЛ 1588 г. павялічваў тэрмін пошуку беглых сялян да 20 гадоў. Ён пазбавіў сялян права пераходу і залічыў у стан непахожых людзей тых, якія пражылі на зямлі феадала 10 гадоў.

У цэлым у канцы XYІ – першай палове XYІІ ст. у ВКЛ фактычна і юрыдычна аформілася прыгоннае права. Завяршыўся працэс фарміравання асноўных рыс феадальнай сістэмы: выключнае права на валоданне зямлёй, асобыя саслоўныя прывілеі і абавязкі шляхты; пазбаўленне сялян правоў на землю і замацаванне іх за зямлёй, пазаэканамічнае прымушэнне сялян да працы.


2.Гарады. Рамёства. Гандаль
У другой палове XІІІ–XYІ ст. на Беларусі ішоў інтэнсіўны працэс урбанізацыі грамадства. Калі да 1500 г. крыніцы змяшчаюць звесткі аб 83 гарадах ВКЛ, то да 1600 г. – 530. Беларускі горад у той час ўяўляў невялікае паселішча, якое налічвала ад 1,5 да 3 тысяч жыхароў. Горад з насельніцтвам 10 і болей тысяч складаў рэдкае выключэнне. Прыгонніцкая прыкаванасць селянініа да феадальнага маёнтка была асноўнай перашкодай на шляху росту гарадскога насельніцтва. Сярод усіх беларускіх гарадоў таго часу сваім вядучым значэннім у жыцці грамадства вызначаўся Полацк. У сярэдзіне XYІ ст. ён налічваў да 50 тысяч жыхароў.

Але асноўная частка беларускіх гарадскіх паселішчаў заставалася ў паўаграрным становішчы. Прычынай таго былі абмежаваныя магчымасці таварна-грашовых адносін.

У XY ст. многія населеныя пункты набываюць рысы рамесных і гандлёвых цэнтраў – узнікаюць т.з. мястэчкі. Выдзяляюцца дзве групы гарадоў дзяржаўныя (вялікакняжацкія) і прыватнаўласніцкія. Пыватнаўласніцкай магла быць і частка горада, якая падпарадкоўвалася не гарадскім уладам, а асобным свецкім ці духоўным феадалам – “юрыдыка”.

Імкнучыся пазбавіцца ад феадальнай залежнасці, жыхары гарадоў змагаліся за магдэбургскае права – права на самакіраванне, якое атрымала назву ад нямецкага горада Магдэбурга – першага ў XІІІ ст., які набыў яго.

На тэрыторыі Беларусі магдэбургскае права першым атрымаў Брэст у 1390 г., потым Гродна – у 1391 г. Да другой паловы XYІ ст. магдэбургскае права набылі амаль што ўсе больш ці менш значныя гарады Беларусі. Вялікія князі літоўскія былі зацікаўлены ў наданні гарадам магдэбургскага права, таму што гарады станавіліся іх саюзнікамі ў барацьбе з сваявольствам буйных феадалаў. Пастаянныя войны ВКЛ вызвалі неабходнасць у пераўтварэнні гарадоў у фарпосты абароны дзяржавы. Атрымліваючы магдэбургскае права, гараджане ў выпадку вайны абаранялі не толькі сваю дзяржаву, але і “гарадскую незалежнасць”.

Па магдэбургскаму праву замест шматлікіх павіннасцяў гараджане плацілі адзіны вялікі падатак. Яны вызваляліся ад суда і ўлады вялікакняскіх чыноўнікаў або феадалаў. Аднак самакіраванне было абмежавана прызначэннем вялікім князем літоўскім з шляхты або з заможных мяшчан войта – галавы самакіравання.

Выбарным органам самакіравання быў магістрат, які складаўся з рады і лавы. Рада ажыццяўляла функцыі гарадской улады і суда па маёмасных і гамадзянскіх справах, лава судзіла гараджан па крымінальных справах.

Гарады з’яўляліся цэнтрамі развіцця рамеснай вытворчасці і гандлю. На Беларусі былі шырока распаўсюджаны розныя віды рамёстваў. Найбольш значнай была апрацоўка металаў. Сыравінай для металаапрацоўкі была перш за ўсё балотная руда, якую здабывалі на ўсей тэрыторыі Беларусі і выплаўлялі з яе жалеза. Шырока былі распаўсюджаны ювелірная, дрэваапрацоўчая, ганчарная, ткацкая справы, апрацоўка скур і інш. У XYІ ст. дакументы нагадваюць больш 100 рамесных прафесій і спецыяльнасцяў, што сведчыла аб дыферэнцыяцыі рамяства і росце таварнай вытворчасці.

Для абароны сваіх інтарэсаў рамеснікі, па прыкладу Заходняй Еўропы, з XYІ ст. аб’ядноўваюцца ў цэхі – аб’яднанні рамеснікаў адной ці некалькіх сумежных спецыяльнасцяў, аднаго веравызнання. Цэхі абаранялі іх ад канкурэнцыі з боку прышлых сельскіх, або іншагародніх рамеснікаў. Цэхі складаліся прыкладна з 60-70 чалавек. Гэта былі майстры, чаляднікі (падмайстры), вучні (хлопцы). Паўнапраўнымі членамі цэхаў былі толькі майстры. З іх на год выбіраўся кіраўнік цэха – стараста, ці цэхмістр. У час ваенных дзеянняў цэхі станавіліся баявымі атрадамі. Яны мелі свае сцягі.

Развіццё рамёстваў суправаджалася пашырэннем гандлю. Гарадскія купцы скуплялі ў навакольных вёсках прадукцыю земляробства, промыслаў і прадавалі яе на гарадскіх рынках. З часам яны наладжвалі пастаянны гандаль у крамах. Ва ўсіх гарадах і мястэчках 1-2 раза ў тыдзень праходзілі таргі, а ў буйных гарадах яшчэ і ярмаркі (1-3 разы ў год), на якія прыбывалі не толькі мясцовыя, але і замежныя купцы.

Купцы, як і рамеснікі, у XY-XYІ стст. пачалі ствараць свае аб’яднанні – брацтвы ці гільдыі – па тыпу цэхаў. Купецкія супольнасці таксама імкнуліся да манаполіі ў межах свайго горада і яго перыферыі.

У XYІ ст. ўстанаўліваюцца рэгулярныя гандлёвыя сувязі гарадоў не толькі з вёскамі і мястэчкамі, але і паміж сабой. Гандлёвая дзейнасць садзейнічала будаўніцтву дарог-гасцінцаў, якія звязвалі гарады Беларусі.

Разам з тым, нягледзячы на зараджэнне вытворчай спецыялізацыі раёнаў, на тэрыторыі Беларусі ў разглядаемы перыяд яшчэ поўнасцю не склаўся ўнутраны рынак. Развіццё гандлёвых сувязей стрымлівала феадальная адасобленасць, нестабільнасць унутры- і знешнепалітычнай абстаноўкі.

Тым не менш атрымаў развіццё гандаль, у тым ліку і пасрэдніцкі. Асноўнымі экспартнымі прадуктамі былі збожжа, сала, воск, лес, скуры, футры, смала, лён, пянька, а таксама арыгінальныя рамесныя вырабы. Увозілі ў Беларусь металы і вырабы з іх, сукно з Еўропы, прыправы з Усходу. Імпартаваліся таксама соль, віна, прадметы раскошы.

Такім чынам, развіццё рамяства і гандлю, рост гарадоў сведчылі аб фарміраванні ў нетрах феадальнага грамадства пачаткаў новых формаў грамадскіх адносін – таварна-грашовых, паступовым зараджэнні элементаў рынку.
3.Рэфармацыя.
Рэфармацыя (ад лац. пераўтварэнне), шырокі сацыяльна-палітычны і ідэалагічны рух у Еўропе, накіраваны супраць рымска-каталіцкай царквы і яе ролі ў палітычнай сістэме грамадства. Рэфармацыя адлюстроўвала зараджэнне капіталістычных адносін в краінах Заходняй Еўропы. Рэфарматарскі (пратэстанцкі) рух дазваляў кансалідаваць грамадства для правядзення радыкальных буржуазных пераўтварэнняў. Мацнеючыя нацыянальныя дзяржавы таксама адчувалі патрэбу ва ўласнай ідэалагічнай базе і жадалі мець падкантрольныя сябе царкоўныя інстытуты.

Ідэйнымі крыніцамі рэфармацыі былі гуманізм эпохі Адраджэння і сярэдневяковыя ерасі. Гуманісты выступалі з крытыкай сярэдневяковага светапогляду і абгрунтавалі прынцыпы буржуазнага індывідуалізму. Галоўнае месца ў ідэалогіі займала вучэнне пра тое, што для выратавання душы верніка не патрабуецца пасрэдніцтва царквы, таму адмаўлялася неабходнасць яе існавання з усёй іерархіяй на чале з папам рымскім. Адзінай крыніцай веры было абвешчана Свяшчэннае пісанне – Біблія; адмаўлялася Свяшчэннае паданне (патрыстыка, прынятыя на царкоўных саборах заканадаўчыя акты, папскія пасланні, дэкрэты і інш.). Ідэолагі рэфармацыі патрабавалі адмены царкоўнай дзесяціны і пышнага каталіцкага культу, секулярызацыі (адчужэння) царкоўнай маёмасці (найперш зямельнай) на карысць дзяржавы і прыватных асоб, стварэння самастойных дэмакратычных і самакіравальных танных нацыянальных цэркваў. У ліку вядучых тэарэтыкаў рэфармацыі былі германскія тэолагі: М.Лютэр і Т.Мюнцер, швейцарскія: У.Цвінглі і Ж.Кальван. У пачатку ХYI ст. у Еўропе ствараюцца пратэстанцкія цэрквы, якія адасобіліся ад каталіцтва. У большасці краін Германіі і Скандынавіі атрымала распаўсюджанне лютэранства (адметна абраннем абшчынамі сабе пастараў), у Швейцарыі і Нідэрландах – кальвінізм (адметны сваім сурова-аскетычным духам), у Англіі – англіканская царква (кампрамісны напрамак з уласнай царкоўнай іерархіяй).

Рэфармацыя на Беларусі з’яўлялася састаўной часткай еўрапейскага рэфармацыйнага руху, але мела значныя своеасаблівасці. Агульнае развіццё феадальнага спосабу вытворчасці, эвалюцыя рамяства і гандлю, рост колькасці гарадоў і мястэчак, актывізацыя гандлёва-прадпрымальніцкай і грамадска-палітычнай дзейнасці мяшчан, абвастрэнне супярэчнасцей унутры пануючага класа, пагаршэнне сацыяльнага становішча мас былі фактарамі, якія спрыялі ўзнікненню рэфармацыйнага руху ў Вялікам княстве Літоўскім (ВКЛ) у сярэдзіне ХYI ст.

Разнастайнасць сацыяльных сіл, якія падтрымалі рэфармацыйны рух ці былі ўцягнуты ў яго, абумовіла неаднолькавую ідэалагічную накіраванасць асноўных рэфармацыйных плыняў на Беларусі і Літве (кальвінізму, лютэранства, антытрынітарызму), адрозненне іх грамадска-палітычных мэт.

Асноўнай формай царкоўна-рэлігійнай рэфармацыі, якая зацверділася на Беларусі, быў кальвінізм. Яго галоўнай сацыяльнай апорай была феадальная знаць, частка дробнай і сярэдняй шляхты. Іх прыхільнасць да рэфармацыі абумовілі адмоўныя адносіны многіх магнатаў ВКЛ да уніі з Польшчай, імкненне феадальнай знаці захаваць свае сацыяльна-эканамічныя і палітычныя правы шляхам дэцэнтралізацыі як дзяржаўнай, так і царкоўна-рэлігійнай структуры (у дадзеным выпадку каталіцкай і праваславнай цэрквы), захапіць багацце і зямельныя ўладанні царквы.

У рэфармацыйным руху ўвасобіліся таксама апазіцыйныя настроі некаторых слаёў мяшчанства, што выступалі супраць уціску свецкіх і царкоўных феадалаў, прывілеяванага становішча традыцыйных цэркваў, якое ушчамляла сацыяльна-эканамічныя правы гараджан.

Пераважная колькасць сялян, як і гарадского насельніцтва, захоўвалда сваю прыхільнасць праваслаўнай рэлігійнай традыцыі, нягледзячы на націск феадалаў-пратэстантаў.

З сярэдзіны ХYI ст. на Беларусі арганізоўваюцца рэфармацыйныя абшчыны (зборы) у Нясвіжы, Брэсце, Клецку, Беліцы, Заслаўі, Менску, Віцебску, Полацку і інш. Рэфармацыйны рух набыў стройную кальвінісцкую арганізацыю. У ХYI – першай палове ХYIІ ст. на тэрыторыі Беларусі было створана каля 85 кальвінісцкіх і 7 арыянскіх збораў. У 1557 г. у Вільні быў утвораны Сінод пратэстанцкіх абшчын ВКЛ. Пры зборах існавалі рэфармаваныя цэрквы, адкрывалі школы, шпіталі, друкарні. Большасць рэфармацыйных абшчын знаходзілася ў залежнасці ад феадалаў пратэктараў, якія іх матэрыяльна падтрымлівалі. У 1560-я гг. адбыўся раскол кальвінісцкага лагера. З яго вылучыўся радыкальна-рэфармацыйны кірунак – антытрынітарыі (прыхільнікі арыянства), якія крытыкавалі асновы феадалізму, падтрымлівалі патрабаванні нізоў. Пераемнікамі антытрынітарыяў былі сацыяне.

Рэфармацыйны рух адыграў пэўную ролю ў развіцці талерантнасці ў ВКЛ. У 1564 г. уся шляхта і магнаты ВКЛ былі ўраўнаваны ў правах незалежна ад веравызнання, а ў 1573 г. сейм Рэчы Паспалітай зацвердзіў “Акт Варшаўскай канфедэрацыі”, дзе быў агучаны прынцып талерантнасці пры выбары рэлігіі.

Рэфармацыя ў ВКЛ насіла ў асноўным шляхецка-магнацкі характар. Феадалы-пратэстанты ў час палітычнага ўздыму Рэфармацыі на Беларусі і Літве займалі вышэйшыя дзяржаўныя пасады.

Рэфармацыя спрыяла актывізацыі духоўнага жыцця, распаўсюджванню новых, гуманістычных тэндэнцый, развіццю рэнесансавай культуры. З ёй звязана фарміраванне беларускай народнасці і станаўленне нацыянальнай самасвядомасці, пашырэнне кнігадрукавання, развіццё літаратуры, мастацтва, асветніцкай дзейнасці. Публіцыстыка рэфарматараў узбагаціла ідэйны змест беларускай літаратуры, яе тэматыку, жанры і стылі. Рэфармацыя падарвала аўтарытэт афіцыйнай тэалогіі, садзейнічала развіццю свецкіх ведаў, пашырэнню міжнародных сувязей і кантактаў.
3.Фарміраванне беларускай народнасці.

Народнасць – гістарычна склаўшаяся моўная, тэрытарыяльная, эканамічная і культурная супольнасць людзей, уласціва рабаўладальніцкаму і феадальнаму ладу. Да асноўных прыкмет народнасці таксама адносяцца: этнічная самасвядомасць, саманазва, пэўны псіхічны склад характэру. Беларуская народнасць утваралася паступова на аснове старажытнарускай народнасці. Якія фактары паўплывалі на гэты працэс?

Узнікненне беларускай народнасці і яе развіццё былі перш за ўсё звязаны з тэрытарыяльным адзінствам рассялення. Прыродныя ўмовы Беларусі былі ў цэлым досыць спрыяльныя для жыцця і дзейнасці насельніцтва. Умеранакантынентальны клімат, дастатковая колькасць ападкаў, перавага дзярнова-падзолістых глеб – усё гэта дазваляла развівацца сельскай гаспадаркі.

Ядро этнічнай тэрыторыі беларускай народнасці ў асноўных рысах адпявядала арэалам рассялення яе старажытным продкаў – крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў.

На фарміраванне этнічнай тэрыторыі беларускай народнасці ўплывалі і каланізацыйныя працэсы, што ў пэўнай ступені развіваліся стыхійна, а з часам усё больш актыўна выкарыстоўваліся дзяржаўнай адміністрацыяй, феадаламі. Працэс засялення з удзелам беларускага, украінскага, польскага, літоўскага насельніцтва адбываўся ў розных регіёнах Занёмання і Падляшша. Акрамя ўсходнеславянскага ў склад беларускага этнасу былі ўліты асобныя групы польскага, балцкага і цюрскага (татарскага) насельніцтва. Яны жылі побач са славянамі і з’явіліся дадатковым кампанентам утварэння беларускай народнасці. Але іх наяўнасць увогуле не парушала цэласнасці этнічнай тэрыторыі беларусаў.

Паліэтнічны характар ВКЛ, адрозненні ў тэрытарыяльна-адміністрацыйным, прававым становішчы зямель Беларусі, неаднолькавы ўзровень асваення розных регіёнаў і іншыя фактары абумовілі адначасовае развіццё рознатыпных этнааб’яднальных працэсаў. З аднаго боку, арэалам іх праяўлення былі сельскія абшчыны, сельскія і гарадскія пасяленні, воласці, паветы, землі. Гэта знайшло адлюстраванне ў распаўсюджванні адпаведных этнанімічных формаў (“палачане”, “магілёўцы”, “гараденцы”). З другога боку, кансалідацыя насельніцтва на больш шырокай аснове праходзіла ў асобных больш важных геаграфічных і тэрытарыяльных регіёнах (Заходняя Беларусь, Усходняя Беларусь, Палессе, Падляшша), а таксама ахоплівала ўвесь ўсходнеславянскі этнас княства, аб’яднаны агульнасцю паходжання і гістарычных традыцый.

Грамадска-палітычныя ўмовы. У параўнанні з этапам феадальнай дробнасці ВКЛ прадстаўляла новы ўзровень палітычнай, дзяржаўнай і сацыяльна-эканамічнай арганізацыі зямель. Неабходнасць барацьбы з агрэсіяй крыжакоў і мангола-татараў садзейнічала ўмацаванню сувязей паміж рознымі тэрытарыяльнымі часткамі Беларусі. У межах ВКЛ была ліквідавана сістэма мясцовых княжэнняў, уведзены адзіныя дзяржаўнае кіраванне і заканадаўства, што сведчыла аб складванні сістэмы палітыка-прававой цэнтралізацыі ў краіне.

Аднак палітычнае аб’яднанне поўнасцю не знішчыла лакальнай аўтаномнасці асобных зямель. Некаторыя з іх у ВКЛ мелі розны статус, доўгі час захоўвалі ў значнай ступені сваю самастойнасць. Увогуле, ў грамадска-палітычным жыцці ВКЛ наглядаліся як аб’яднальныя, так і сепаратысцкія тэндэнцыі, што ўскладняла працэс фарміравання беларускай народнасці.



Эканамічныя фактары. Эканамічнай асновай этнаўтваральных працэсаў з’явіліся далейшае развіццё сельскай гаспадаркі, удасканаленне рамяства, пашырэнне гандлю. Узрасла роля буйных гарадоў Беларусі як цэнтраў рэгіянальнага і транзітнага гандлю, сродкаў умацавання тэрытарыяльна-эканамічных сувязей беларускіх зямель. Імклівы рост колькасці мястэчек у XYІ ст. быў вынікам далейшага развіцця таварна-грашовых адносін, уцягвання ў іх новых тэрыторый.

Паступова ў ВКЛ усталёўваліся адзіныя грашовая сістэма і гандлёва-вымяральныя стандарты.

Разам з тым, ва ўмовах феадальнага спосабу вытворчасці з яго натуральнай сістэмай гаспадарання аб’яднальныя працэсы абмяжоўваліся рэгіянальнымі, а не агульнадзяржаўнымі сувязямі, стварэннем лакальных рынкаў вакол гарадоў і мястэчак. Нягледзячы на пэўную уніфікацыю асобных вагавых адзінак на тэрыторыі Беларусі, наглядалася ўстойлівасць лакальнай метралогіі. Гэта адлюстроўвала слабасць эканамічнай інтэграцыі.

Аднак таварна-грошавыя адносіны ўсё ў большай ступені ўздзейнічалі на працэс складання народнасці.



Сацыяльныя фактары. Далейшае развіццё феадальных адносін, паступовае ўсталяванне прыгоннага права садзейнічалі кансалідацыі шматлікіх катэгорый насельніцтва Беларусі ў сацыяльныя групы з агульнымі правамі і абавязкамі для кожнай з іх. Да сярэдзіны XYІ ст. усе асноўныя класы і саслоўі беларускай народнасці дасягнулі ўзроўню сталага феадальнага грамадства. Розныя катэгорыі свецкіх феадалаў кансалідаваліся ў шляхецкае саслоўе, што было замацавана ў статутах ВКЛ, агульназемскіх прывілеях, сеймавых пастановах. Другім прывілеяваным саслоўем з’яўлялася духавенства. Фарміраваліся таксама саслоўі прыгонных сялян і мяшчан – жыхароў гарадоў і мястэчак. Гэты працэс садзейнічаў усталяванню больш шырокіх сувязей у межах кожнага саслоўя і паміж імі.

Культура. У працэсе развіцця беларускіх зямель больш разнастайнымі сталі культурныя сувязі паміж імі. Многімі агульнымі рысамі адзначаны вусная народная творчасць і літаратурныя творы, народныя песні і танцы, абрады, мастацтва, рамяство і г.д. Супольнасць беларускай культуры асабліва выразна выявілася ў станаўленні і развіцці беларускай народнай і літараратурнай мовы. Спецыфічныя рысы беларускай мовы пачалі ўзнікаць не пазней XІІІ ст. – у выніку ўзаемадзеяння і сінтэзу старажытнарускіх традыцый і мясцовых асаблівасцей. Характэрныя рысы беларускай мовы (дзеканне, цэканне, цвёрдае “р” і інш.) паступова пранікаюць у помнікі пісьменнасці XІY-XYІ стст. Галоўны напрамак у развіцці беларускай літаратурнай мовы ў XY-XYІ стст. вызначаўся зацвярджэннем ёй граматычных і лексічных форм народнай беларускай гаворкі. Беларуская літаратурная мова канчаткова склалася як самастойная моўная сістэма ў другой палове XYІ ст.

У адзначаны перыяд супольнасць культуры ўсходнеславянскіх народаў выяўлялася таксама ў пэўным рэлігійным, а часам у царкоўным адзінстве. У эпоху сярэднявечча рэлігія звычайна была адной з этнічных прыкмет, важным, падчас вызначальным кампанентам этнічнай самасвядомасці. Большасць усходнеславянскага насельніцтва ў XІІІ-XYІ вв. прытрымлівалася праваслаўя. Пасля Крэўскай уніі частка шляхты перайшла ў каталіцтва, аднак яна не перавышала некалькіх працэнтаў.

Адным са значных кампанентаў народнасці з’яўляецца самасвядомасць. У ВКЛ жыхары беларускіх зямель адрознівалі сябе ад іншых народаў (немцаў, палякаў, літоўцаў). Значна пазней беларусы пачалі адрозніваць сябе ад рускіх. Гістарычная супольнасць усходнеславянскага народа, адзіная рэлігія і мова продкаў тармазілі працэс дыферэнцыяцыі рускага і беларускага народаў. Значны час насельніцтва Беларусі, як вогуле праваслаўнае ўсходнеславянскае, называлі сябе рускімі і сваю мову рускай. Гэта абумовіла тую акалічнасць, што самасвядомасць і саманазва беларусаў фарміраваліся пазней за іншыя этнічныя прыкметы.

Такім чынам, у другой палове XІІІ – сярэдзіне XYІ ст. адбываўся працэс фарміравання новай этнічнай супольнасці – беларускай народнасці, яскрава вызначыліся асноўныя яе прыкметы.


4. Культурнае жыццё.
Культура Беларусі другой паловы XІІІ – сярэдзіны XYІ ст. развівалася на аснове засвойвання багатых традыцый старажытнарускай культуры, пад уздеяннем новых сацыяльна-эканамічных і палітычных умов жыцця ў ВКЛ, што паслужыла галоўнай прычынай узнікнення яе многіх адметных рыс.

Высокі агульны ўзровень развіцця ўсходнеславянскіх зямель, якія ахоплівалі большую частку тэрыторыі ВКЛ, садзейнічаў таму, што культура Беларусі адыгрывала вядучую ролю ў духоўнам жыцці краіны.

Беларуская культура мела ў асноўных рысах сярэдневяковы характар, развівалася на феадальна-прыгоннай аснове. Панавала ідэалогія класа феадалаў пры духоўнай дыктатуры царквы. Культурныя здабыткі з’яўляліся прывілеяй вышэйшых саслоўяў.

Выгаднае геаграфічнае становішча Беларусі абумовіла яе ролю культурнага пасрэдніка паміж праваслаўным Усходам і каталіцкім Захадам.

Канец XY-XYІ ст. характарызуецца значнымі зрухамі амаль ва ўсіх галінах духоўнага жыцця Беларусі. На гэты перыяд прыпадае росквіт рэнесансавай культуры (культуры Адраджэння) ў ВКЛ, рэзкі рост і ўзбагачэнне еўрапейскіх культурных, гандлёвых і палітычных сувязей, распаўсюджванне рэфармацыйных ідэй і рухаў, пэўная секулярызацыя духоўнага жыцця, пранікненне свецкіх гуманістычных і асветніцкіх паветаў ў культуру, пашырэнне дзяржаўнай і нацыянальна-патрыятычнай свядомасці ў розных колах грамадства. Адраджэнне – умоўная назва, звязаная з памкненнем адрадзіць антычную спадчыну. Але гэта было не простай рэстаўрацыяй, а спосабам фарміравання новай культуры, буржуазнай паводле сваёй сутнасці.

Літаратура і кнігадрукаванне. У другой палове XІІІ – сярэдзіне XYІ ст. паралельна з развіццём старабеларускай літаратурнай мовы ішоў працэс стварэння беларускай арыгінальнай літаратуры. Па-ранейшаму шырока распаўсюджвалася царкоўна-рэлігійная літаратура з яе асноўнымі жанрамі – кнігі Бібліі, жыціі святых, апокрыфы (творы на тэму Свяшчэннага пісання, жыціі). Разам з тым, у XY-XYІ стст. узрасла ўдзельная вага свецкай літаратуры і пераходных яе жанраў: гістарычнай, рэлігійна-белетрыстычнай, маральна-павучальнай. Распаўсюджанне атрымалі перакладныя творы.

Аднак найбольш дынамічна з усіх жанраў беларускай літаратуры развіваліся летапісы – гістарычна-літаратурныя творы з апісаннем падзей па гадам. У XY ст. з’яўляюцца беларуска-літоўскія летапісы.

Летапісец вялікіх князёў літоўскіх” быў напісаны невядомым аўтарам каля 1430 г. у Смаленску ў форме суцэльнага апавядання без выкарыстання дат, чым і адрозніваўся ад традыцыйных старарускіх летапісаў. У творе выкладываецца гісторыя ВКЛ з 1341 г. да канца XІY ст. Галоўная ідэя “Летапісца…” – абгрунтаванне цэтралізатарскай палітыкі вялікіх князёў літоўскіх, падтрымка іх памкненняў да ліквідацыі феадальнай раздробленасці.

Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г. – першы беларуска-літоўскі летапісны звод. Сваю назву ён атрымаў таму, што 1446 г. датуецца ў ім апошні запіс. Храналагічна звод ахоплівае перыяд ад ІX да сярэдзіны XY ст. У беларуска-літоўскім летапісу 1446 г. змешчаны творы, запазычаныя з старарускіх летапісаў і мясцовага паходжання: Смаленская хроніка, “Пахвала Вітаўту”, “Летапісец вялікіх князёў літоўскіх”. “Пахвала Вітаўту” – усхваляванае апавяданне пра вялікага князя. У творе выказваецца гістарычная канцэпцыя ўсяго Беларуска-літоўскага летапісу 1446 г. – погляд на ВКЛ як на літоўска-славянскую дзяржаву, якая прызнаецца адным з цэнтраў палітычнага аб’яднання ўсходнеславянскіх зямель. Выказваецца ідэя гістарычнай еднасці ўсіх усходніх славян.

З пачатку XYІ ст. аўтары летапісаў амаль цалкам сканцэнтравалі сваю ўвагу на гісторыі ВКЛ. Створаная у першай палове XYІ ст. “Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага” выкладае гсторыю ВКЛ ад легендарнага князя Палемона да Гедыміна. Хроніка была напісана з мэтай абудзіць пачуццё нацыянальнага гонару ў літоўцаў, сцвердзіць перавагу літоўскіх феадалаў над феадаламі ўсходнеславянскага паходжання.

Другі найбольш поўны агульнадзяржаўны летапісны звод таго часу – “Хроніка Быхаўца”. Сваю назву яна атрымала ад пана А.Быхаўца з-пад Ваўкавыска, якому належаў у XІХ ст. адзіны вядомы яе рукапісны экзэмпляр. Хроніка апісвае падзеі палітычнай гісторыі ВКЛ ад легендарных часоў да пачатку XYІ ст. Цэнтральная тэма твора – ваенна-патрыятычная. “Хроніка Быхаўца” – этапны твор у гісторыі беларуска-літоўскага летапісання. Ён аб’яднаў у сябе традыцыйную летапісную форму перасказу са звязным распавядом пра мінулае, што адлюстравала тэндэнцыю да белетрызацыі гістарычнага апавядання.

Рэвалюцыйную ролю ў развіцці рэнесансавых тэндэнцый, ва ўздыме беларускай культуры адыграла кнігадрукаванне, заснаванае вялікім беларускім асветнікам, гуманістам і рэфарматарам Ф.Скарінам (каля 1490 – каля 1551). У Празе, а потым у Вільна ў 1517-1520-я гг. Скарына пераклаў на старабеларускую мову, адрэгадаваў, пракаменціраваў і выдаў 23 кнігі Старога запавету, “Малую падарожную кніжку” і “Апостал”. Пракаменціраваўшы кнігі Бібліі, ён зрабіў іх больш прывабнымі, даступнымі для ўсіх слаёў беларускага насельніцтва. Выданні Скарыны ставілі беларускую мову на ўзровень класічных старажытных моў. Яны садзейнічалі нарміраванню і распаўсюджванню беларускай мовы.

Рацыяналістычныя і гуманістычна-асветніцкія традыцыі Скарыны развіваў Сымон Будны (каля 1530-1593), адзін з заснавальнікаў Нясвіжскай друкарні, аўтар першых друкаваных на беларускай мове вучэбна-канфесійных і палемічных твораў – “Катэхізіса”, “Аб апраўданні грэшнага чалавека перад Богам” і інш.

Традыцыі рэнесансава-гуманістычнага асветніцтва развіваў выдатны дзеяч славянскай культуры, прадстаўнік новалацінскай літаратуры М.Гусоўскі (1470-я – каля 1533 г.). У сваім знакамітым творы “Песня пра постаць, дзікасць зубра і паляванне на яго”, напісаным у Рыме, паэт апавядае веліч і хараство роднай прыроды, паўсюдзённую працу простых людзей, іх традыцыі. Аўтар выкарыстоўвае беларускі народны фальклор.

Вядомы іншыя лацінамоўныя творы Гусоўскага, паэмы: “Новая і славутая перамога над туркамі”, “Жыццё і подзвігі св. Гіяцынта”.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва.

На працэс станаўлення і развіцця беларускай архітэктуры і выяўленчага мастацтва значна паўплывалі старажытнарускія традыцыі, а таксама лепшыя дасягненні заходняеўрапейскіх краін. Шырокае распаўсюджанне на Беларусі набыла готыка – стыль, запазычаны ў Заходняй Еўропе. Найбольш тыповыя гатычныя пабудовы вылучаліся вялікай вышынёй, стромкім сілуэтам і вертыкальнымі лініямі, вузкімі стрэльчатымі парталамі і вокнамі з каляровымі вітражамі, высокімі вежамі. У гатычных саборах выкарыстоўваліся лёгкія каркасы, багаты дэкор, скульптура, калоны.

Сваеасаблівыя рысы беларускай готыкі заключаліся ў надзвычай доўгім часе яе панавання (другая палова XІІІ – XYІ ст.), функцыянальным спалучэннем культавага і абарончага дойлідства, традыцыйным выкарыстаннем цяглянай муроўкі з абтынкаванымі і пабеленымі плоскімі нішамі, масіўнасці канструкцый і манументальнасці пабудоў.

Готыка на Беларусі была прадстаўлена шматлікімі абарончымі збудаваннямі – замкамі. З першай паловы XІY ст. разам з драўлянымі пачалі будавацца мураваныя замкі розных тыпаў. Адны з іх будаваліся на ўзвышшах, на месцы старых драўляна-мураваных замкаў (Гродзенскі, Навагародскі). Другія ж размяшчаліся ў нізіннай балоцістай мясцовасці на штучным насыпе. Гэта быў новы тып замкаў, т.з. кастэль, запазычаны з Захаду. Ён меў выгляд замкнёнага чатырохвугольнага збудавання з магутнымі сцянамі і адной ці двумя вежамі ў процілеглых вуглах (Крэўскі, Лідскі).

Значнае месца ў архітэктуры прцягвала займаць культавае дойлідства. У сувязі з пашырэннем каталіцызму пасля Крэўскай уніі на тэрыторыі Беларусі пачалося будаўніцтва касцёлаў. Гатыцкія касцёлы ў канцы XІY – XYІ вв. былі ўзведзены ў Наваградку, Клецку, в.Ішкальдзь (Баранавіцкі р-н), в.Уселюб (Навагрудскі р-н), Іўі, в.Гнезна (Ваўкавыскі р-н).

З культавых пабудоў арыгінальнага тыпу канца XY – першай паловы XYІ ст. можна назваць цэрквы абарончага характару. Яны мелі кампактны аб’ём, абарончыя вежы з байніцамі, высокі дах – такім чынам маглі працістаяць невялікім атрадам ворагу. На Беларусі захаваліся два абарончыя храмы: Сынкавіцкая ў Зэльвенскім р-не і Мураванкаўская (Маламажэйкаўская) у Шчучынскім р-не.

Аднак у асноўным праваслаўныя царквы паўтаралы традыцыйны старажытнаруска-візантыйскі тып храма.

У сярэдзіне XYІ ст. з пашырэннем рэфармацыйнага руху пачалося будаўніцтва пратэстанцкіх, а потым і каталіцкіх храмаў, якія мелі рысы архітэктуры рэнесансу. Фасады збудаванняў атынкоўваліся і атрымлівалі стрыманы ордэрны дэкор. Унутраную прастору храма перакрывалі цыліндрычныя скляпенні з распалубкамі. Скляпенні часта ўпрыгожвалі ляпным дэкорам у выглядзе плоскіх кесонаў геаметрычнага малюнка. (Кальвінскія зборы у гг.Заслаўе, Койданаве, Смаргоні, в.Асташыне (Навагрудскі р-н).

З ліку архітэктурных помнікаў свецкага тыпу найбольш тыповымі для таго часу з’яўляліся розныя адміністрацыйныя будынкі, у якіх размяшчаліся органы гарадскога кіравання (ратушы і інш.).

У выяўленчым мастацтве Беларусі вылучаўся манументальны жывапіс. Храмы і палацы ўпрыгожваліся фрэскамі. Працягваў актыўна развівацца іканапіс. З пачатку XYІ ст. пад уплывам рэнесансных павеваў у іканапісных творах персанажы ўсё часцей надзяляюцца індывідуальнымі рысамі, у сюжэце з’яўляюцца элементы бытавога, этнаграфічнага характару.

З распаўсюджаннем ідэй Адраджэння звязана і развіццё свецкага жывапісу, пераважна партрэтнага па жанры. Ствараліся партрэты князёў, магнатаў, шляхты, грамадскіх дзеячаў. Развіваўся і такі від жывапісу, як кніжная мініяцюра – малюнак на старонках рукапісаў невялікага памеру.

З пашырэннем рукапісных і з’яўленнем друкаваных кніг звязана развіццё кніжнай графікі, што добра відаць найперш па творах, якія належаць Ф.Скаріне. Гравюры яго кніг выкананы на ўзроўне найлепшых узораў таго часу.

Прыкметных поспехаў дасягнула музычнае мастацтва. Працягвала развіццё царкоўная музыка. У літургічнай практыцы каталіцкага кастёлу шырока выкарыстоўваліся духавыя музычныя інструменты – арганы, флейты, трубы. У XYІ ст. паявіліся першыя свецкія хоры, капэлы. Першай на Беларусі ў Гародні была створана ў 1543 г. “Літоўская капела”. Асноўны склад яе спевакоў і інструменталістаў паходзіў з мясцовага насельніцтва. У 50-я гг. XYІ ст. друкарні Беларусі выдаюць першыя друкаваныя нотныя зборнікі песень.

Такім чынам, другая палова XІІІ – сярэдзіна XYІ ст. – яркі і самабытны перыяд у развіцці беларускай культуры, сінтэзу рэнесансава-гуманістычных традыцый і сярэдневяковых павеваў у духоўным жыцці, узросту нацыянальна-патрыятычнай і палітычнай свядомасці, інтэнсіўнага пашырэння культурных сувязей паміж беларускім і іншымі народамі.


ЛIТАРАТУРА
Архiтэктура Беларусi. Энцыклапедычны даведнiк / Рэдкал. А.А.Войнаў i iнш. – Мн.: "Беларуская энцыклапедыя" iмя П.Броўкi, 1993.

Белоруссия в эпоху феодализма. Сборник документов и материалов: В 3 т. – Мн.: Навука i тэхнiка, 1959-1961. Т.1.

Бродель Ф. Материальная цивилизация, экономика и капитализм. XV-XVIII вв.: В 3 т. – М.: Прогресс, 1988-1992.

Всемирная история: В 24 т. / А.Н.Бадак, И.Е.Войнич, Н.М.Волчек и др. – Мн.: Литература, 1998. Т.8-11.

Гiсторыя Беларусi: У 2 ч. / Пад рэд. Я.К.Новiка i Г.С.Марцуля. – Мн.: Унiверсiтэцкае, 1998. Ч.1. С.122-161.

Гiсторыя Беларусi: У 2 ч. Ч.1. Са старажытных часоў да канца XVIII ст.: Курс лекцый. / I.П.Крэнь, I.I.Коўкель, С.В.Марозава. – Мн.: РIВШ БДУ, 2000.

Гiсторыя Беларусi (у кантэксце сусветных цывілізацый) / В.І.Галубовіч, З.В.Шыбека, Д.М.Чаркасаў і інш. – Мн.: Экаперспектыва, 2005.

Гiсторыя Беларускай ССР. У 5 т. / Пад рэд. У.Iгнаценка. – Мн.: Навука i тэхнiка, 1972-1975.Т.1.С.143-160.

Гiсторыя сялянства Беларусi: У 3 т. / Пад рэд. Я.Анiшчанка. – Мн.: Беларуская наука, 1977. Т.1. С.46-102.

Дыкаратыуна-прыкладное мастацтва Беларусi XII-XVIII стагоддзяў /Аўт. тэксту i склад. Н.Ф.Высоцкая – Мн.: Беларусь, 1984.

Лойка П.А. Прыватнаўласнiцкiя сяляне Беларусi. – Мн.: Навука i тэхнiка, 1991.

Краўцэвiч А.К. Гарады i замкi Беларускага Панямоння XIV-XVII стст. – Мн.: Навука i тэхнiка, 1991.

Кушнярэвiч А.М. Культавае дойлiдтсва Беларусi XIII-XVI стст.: Гiст. i архiт. археал.даслед. – Мн.: Навука i тэхнiка, 1993.

Лыч Л., Навiцкi Ў. Гiсторыя культуры Беларусi. – Мн.: ВП "Экаперспектыва", 1997. С.19-63.

Мыслiцелi i асветнiкi Беларусi: Энцыклапедычны даведнiк / Б.I.Сачанка i iнш. – Мн.: "Беларуская энцыклапедыя", iмя П.Броўкi, 1995.

Нарысы гiсторыi Беларусi: У 2 ч. / Пад рэд. М.П.Касцюк. – Мн.: Беларусь, 1994-1995. Ч.1.

Парашкоў С.А. Гісторыя культуры Беларусі. – Мн.: Беларуская навука, 2004. С.52-129.

Похилевич Д.Л. Крестьяне Белоруссии и Литвы в XVI-XVIII вв. – Львов: Изд-во Львовского университета, 1957. С.3-89.

Ткачоў М.А. Абарончыя збудаваннi заходнiх зямель Беларусi XIII-XVII стст. – Мн.: Навука i тэхнiка,1978.

Хрестоматия по истории Белоруссии с древнейших времен до 1917 г. – Мн.: Изд-во БГУ, 1977.

Шчакацiхiн М. Нарысы з гiсторыi беларускага мастацтва. – Мн.: Навука i тэхнiка, 1993.

Эканамiчная гiсторыя Беларусi. – Мн.: ВП "Экаперспектыва", 1999. С.83-111.

Энцыклапедыя гiсторыi Беларусi: У 6 т. / Пад рэд. М.В.Бiч i iнш. - Мн.: "Беларуская энцыклапедыя" iмя П.Броўкi, 1993-1999.

Этнаграфiя Беларусi. Энцыклапедыя / Рэдкал I.П.Шамякiн i iнш. – Мн.: "Беларуская савецкая энцыклапедыя" iмя П.Броўкi, 1989.

ПЫТАННI ДЛЯ САМАКАНТРОЛЮ
1.Вызначце, якія працэсы сведчылі аб развіцці феадалізму на беларускіх землях.

2.Назавіце асноўныя катэгорыі сялян і этапы іх запрыгоньвання.

3.Ахарактарызуйце змест і вынікі аграрнай рэформы “Уставы на валокі”.

4.Што вы ведаеце пра гаспадарку беларускіх гарадоў у складзе ВКЛ?

5.Асвятліце працэс развіцця магдэбургскага права ў Беларусі.

6.Прааналізуйце сутнасць Рэфармацыі.

7.Вылучце асноўныя фактары, якія ўплывалі на фарміраванне беларускай народнасці.

8.Якім чынам праявілася ўздзеянне Рэнесансу на айчынную архітэктуру і мастацтва.


ТЭМА 2: ПАГЛЫБЛЕННЕ ПАЛІТЫЧНАГА КРЫЗІСУ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ У ДРУГОЙ ПАЛОВЕ ХYII–ХYIII СТ. ПАДЗЕЛЫ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ.


План:

1. Рэч Паспалітая ў еўрапейскай геапалітыцы ў другой палове ХYII ст.

2. Паўночная вайна 1700–1721 гг.

3. Унутрыпалітычнае становішча Рэчы Паспалітай у другой палове ХYII–ХYIII ст. Першы і другі падзелы Рэчы Паспалітай.

4. Паўстанне пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі. Трэці падзел Рэчы Паспалітай.
1. Рэч Паспалітая ў еўрапейскай геапалітыцы ў другой палове ХYII ст.
Уся другая палова ХYII ст. для Рэчы Паспалітай была запоўнена амаль няспыннымі войнамі, праходзіўшымі большай часткай на яе тэрыторыі. Буйнейшай знешнепалітычнай падзеяй ХYII ст. з’явілася вайна паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй 1654–1667 гг., у якую потым ўступілі і іншыя краіны. З аднаго боку вайна была працягам папярэдніх выступленняў народных мас Украіны і Беларусі супраць феадальнага і нацыянальна-рэлігійнага прыгнёту ў Рэчы Паспалітай. З 1648 г. на Украіне разгарнулася шырокамаштабнае паўстанне казакоў на чале з Б.Хмельніцкім, ахапіўшая і некаторыя раёны Беларусі. Разумеючы, што самім атрымаць перамогу над арміяй Рэчы Паспалітай немагчыма, казацкае кіраўніцтва звярнулася за дапамогай да расійскага цара Аляксея Міхайлавіча. 8 студзеня 1654 г. адбылася Переяслаўльская рада, на якой казацкія атаманы прынялі рашэнне аб’яднацца з Расіяй.

Урад Расіі вырашыў выкарастаць зручны момант, падаваючы сябе абаронцаю праваслаўных веруючых, атрымаць перавагу ва Ўсходней Еўропе. Расія імкнулася адваяваць згубленыя на пачатку ХYII ст. землі, уключыць у свой склад Украіну і Беларусь, вырашыць “балтыйскае пытанне”.

У маі 1654 г. пачалося наступленне стотысячнай рускай арміі на Беларусі. На дапамогу ім з поўдня ў Беларусь рушылі 20 тыс. украінскіх казакоў на чале з гетманам І.Залатарэнка Тэрыторыя Беларусі стала галоўным тэатрам ваенных дзеянняў. Маскоўскі ўрад імкнуўся выкарастаць у вайне канфесійную праблему і схіліць на свой бок праваслаўнае насельніцтвава. З гэтай мэтай у край пасылаліся царскія граматы, якія даводзілі, што цар Аляксей Міхайлавіч пачынае вайну ў імя абароны праваслаўных, і заклікалі іх выступаць разам з царскім войскам супраць “ляхаў”.

Наступленне маскоўскай арміі праходзіла паспяхова. Выступіўшы насустрач ёй, вялікі гетман ВКЛ Януш Радзівіл меў толькі 10–12 тыс., таму хутка панёс паражэнне. Летам – восенню 1654 г. пад кантролем царскіх войск знаходзіліся землі Беларусі да Дняпра на ўсходзе і да Дзвіны на поўначы. Поспех рускай арміі і казакоў ва многам быў абумоўлены падтрымкай мясцовага насельніцтва. Жыхары многіх гарадоў без супраціўлення адчынялі вароты рускім войскам. Праваслаўнае насельніцтва прымала рускае подданства цэлымі валасцямі. У гэтым народныя масы бачалі больш вялікія магчымасці ў барацьбе супраць сваіх прыгнятальнікаў. Прычынай пераходу шляхты на бок Расіі былі гарантыі цара захаваць яе былыя прывілеі і мёнткі, набыць новыя ўладанні, а таксама спадзяванні на тое, што рускі ўрад здолее абараніць ад сялянскіх хваляванняў.

Аднак неўзабаве настрой да рускай арміі змяніўся. Незадавальненне вызывалі шматлікія паборы, рабаўніцтва, масавыя вывазы насельніцтва ў глыб Расіі. Здаралася, што сяляне, якія прысягнулі на вернасць цару, пайшлі на здраду і стваралі ўзброеныя атрады для самаабароны. Іх называлі “шышы”.

Восенню 1654 г. войска ВКЛ пачало рыхтавацься да конртнаступлення. Большая частка рускай арміі пасля авалодання Ўсходняй Беларусью пайшла да вясны на зімовыя кватэры, пакінуўшы толькі ў буйных гарадах нешматлікія гарнізоны. Гэта дало магчымасць войску на чале з Я.Радзівілам і В.Гансеўскім практычна бесперашкодна ў кастрычніку 1654 – студзене 1655 г. заняць многія гарады. Аднак адваяваць Падняпроўе і Падзвінне армія ВКЛ не здоліла, і панесла значны ўрон. На шляху сваім войска ВКЛ, як раней рускае, пакідала выпаленыя і разрабаваныя гарады і вёскі. Падвергліся ў першую чаргу знішчэню тыя населеныя пункты, якія перад гэтым перайшлі на бок Расіі.

У маі 1655 г. пачалося новае наступленне рускіх войск і казакоў. Да канца года пад Расіяй аказалася амаль уся тэрыторыя Беларусі разам з Вільна.

Цяжкае паражэнне Рэчы Паспалітай выкарыстоўвае Швецыя і ў чэрвені 1655 г. уступае супраць яе ў вайну. Шведскія войскі накіроўваюцца ў паўночную Літву і Польшчу. У канцы верасня 1655 г. шведы захапілі значную частку Літвы і Польшчы з Варшавай. Рэч Паспалітая апынулася на грані катастрофы. Частка магнатаў стала васаламі Швецыі.

Аднак пагроза манапольнага панавання Швецыі на ўсім узбярэжжы Балтыйскага мора занепакоіла кіраўніцтва Расіі. Рэч Паспалітая прадстаўлялася цяпер менш небяспечная, чым Швецыя. У 1655 г. Расія і Рэч Паспалітая падпісалі перамір’е. Расія уступае ў вайну са Швецыяй (1656–1658). Гэта выратавала Рэч Паспалітаю. Коштам вялікіх ахвяр яна адбіла агрэсію Швецыі. Шведскія гарнізоны ў Польшчы і Літве былі ліквідаваны. Разам з тым, Рэч Паспалітая вымушана была ў 1657 г. прызнаць незалежнасць герцагства Прусія, якая да гэтага з’яўлялася васалам Рэчы Паспалітай.

У тым жа годзе памёр Б.Хмельніцкі, а на змену яму прыйшлі гетманы, якія імкнуліся парушыць дагавор з Расіяй і шляхам кампрамісу дабіцца аўтаноміі Украіны пад кіраваннем Рэчы Паспалітай. У выніку гэтага становішча рускіх войск на Украіне і Беларусі значна пагоршылася. У 1660 г. паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай было заключана Аліўскае мірнае пагадненне, згодна з якім большая частка Лівоніі (Інфлянтаў) адыходзіла да Швецыі. Праз год мір са Швецыяй падпісала і Масква, так што агульная небяспека, што калісці збліжала Польшчу с Расіяй, перастала існаваць. Аліўскі мір дазволіў Рэчы Паспалітай сканцэнтраваць вайсковыя злучэнні і пачаць наступленне супраць рускай арміі. Войскам Рэчы Паспалітай былі атрыманы перамогі: ў 1660 г. каля Палонкі, што пад Баранавічамі, і ў 1661 г. пад Кушлікамі, што на Дзвіне. У выніку ў 1660–1661 гг. быў устаноўлены кантроль Рэчы Паспалітай над тэрыторыяй Беларусі і Правабярэжнай Украіны. Аднак развіць дасягнутыя поспехі ўрад Рэчы Паспалітай не здоліў з-за недахопу сіл і ўнутранага разладу ў дзяржаве. Вайна прыняла пазіцыйны характар. Доўгія перамовы паміж ваюючымі бакамі завяршыліся падпісаннем у 1667 г. Андрусаўскага перамір’я. Паводле гэтага акта, Беларусь заставалася ў складзе Рэчы Паспалітай. Да Расіі адышлі Смаленскае ваеводства, Левабярэжная Украіна і на два гады Кіеў.


  1   2   3   4


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка