Курапаты дарога сьмерцi




Дата канвертавання13.05.2016
Памер150.14 Kb.

КУРАПАТЫ - ДАРОГА СЬМЕРЦI


(артыкул напiсаны сумесна з Я Шмыгалёвым.)

Чалавек, што зрабiў злачынства i iснуе зь iм, -- злачынец. Ён здольны чынiць зло. Ён падлягае кары. Хто пакаяўся i праз пакуты сумленьня, сорам i боль вярнуўся ў пачатак, каб тварыць добро, той ачысьцiўся, стаў чалавекам. Вось дзе духоўная сутнасьць жыцьця i сьмерцi, вечнасьцi i бяссьмерця. Патрабаваньне ўсёй праўды аб злачынствах 1930-1950-х гадоў—гэта голас народнага сумленьня.

Ачышчэньне сумленьня неабходна грамадзтву, якое дапусьцiла i спарадзiла генацыд—найвялiкшае злачынства супроць чалавецтва. Вядома ж, не стануць раскайвацца нi нябожчыкi-забойцы, нi нават “цiхiя пенсiянеры”. Раскайвацца павiнны наступныя пакаленьнi, якiя не бачылi той бяды, раскайвацца за грахi продкаў. Маральныя пауты павiнны браць на сябе нашчадкi народа, аплакаць ахвяры, даць ацэнку злачынствам. Такая духоўная дыялектыка грамадства. Павiнен быць рахунак сумленьня, каб не вярнулася сьмерць. Народ, як i чалавек, мае сваю iндывiдуальнасьць. Толькi чалавек адзiнокi, а народ шматлiкi. Толькi чалавек абмежаваны ў часе сваiм векам, а народ вечны сваёй гiсторыяй.

З. Пазьняк: У маладосьцi ўсяго мяне да болю сардэчнага скаланулi апавяданьнi людзей, што вярнулiся са сталiнскiх турмаў i лагераў, амаль зь небыцьця. Я тады нiчога не запiсаў, не занатаваў i з жахам зразумеў сваю памылку ў духаце 70-х, калi ўбачыў, як спакваля ўсё вяртаецца, як фалькларызуецца, мiфалагiзуецца народная памяць аб тых часах i проста зьнiкае. Пачварныя вобразы з тых апавяданьняў стаяць у сьвядомасьцi...

Вось гоняць людзей па этапах. У дваццацiградусны мароз вязуць цягнiком. Спынiлiся на станцыi. “Усiм разьдзецца,-- загадвае канвой,-- пойдзем у лазьню”. Голых людзей на лютым марозе аблiваюць з брандспойтаў вадой. “З лёгкай парай, -- рагочуць канваiры,-- а цяпер спаць.” I зачынiлi дзьверы. Назаўтра з усяго цягнiка жывымi засталiся нямногiя. Абледзянелыя трупы грузiлi на вазы так, каб зьвiсалi галовы, а нехта з катаў разьбiвае iх калуном. Вiдаць, загадана для гарантыi. Мiнаюць гады, i не зьнiкае з уяўленьня забойца мерцьвякоў. Вось прывозяць на Калыму, заганяюць у дзiравы дашчаны барак, сьвiшча сiберны вецер. Праз ноч палавiна не ўстала. Тады астатнiя паставiлi акалелыя, зьмерзлыя трупы ўздоўж сьцен, каб затулiць шчылiны, каб сагрэцца. I выразна паўстаюць перада мной тыя атланты i карыятыды, тая архiтэктура эпохi, той вобраз—барак...

Расказваў Iван Трафiмавiч Смаль, член партыi з 1917 года, член Гомельскага рэўкома. У 1937-ым ён працаваў на Магiлёўскiм аўтарамонтным заводзе намесьнiкам дырэктара. Яго забралi па бязглуздым даносе аднаго камсамольца-стаханаўца—завод своечасова не дарамантаваў дзьве машыны. Уткнулi ў камэру, дзе стаяла шчыльна стуленая маса людзей, нельга нават варухнуцца. Людзi задыхалiся, вар’яцелi, памiралi стоячы, i трупы стаялi разам з жывымi. I калi ўжо нельга было ўцiснуць нават паўчалавека, новых вязьняў ахоўнiкi закiдвалi наверх, на галовы жывых.

А каб выбiць паказаньнi, была асобная камера, цёмная, з нiзкай, нiжэй паўтара метра столлю, напоўненая ледзяной вадой. На адзiным сухiм месцы ў цэнтры стаяла чорная труна. I толькi там чалавек мог знайсьцi ад халоднай вады паратунак. Шмат хто звар’яцеў у той труне.

Iван Трафiмавiч стрываў усе катаваньнi i не здаўся, не падпiсаў абвiнавачаньнi. Пасьля краху Яжова яго выпусьцiлi—хворага i сiвога. .. А ў пачатку 50-х гадоў ён зайшоў па справах са сваiм сынам у Мiнiстэрства сацыяльнага забесьпячэньня БССР. У вестыбюлi яны спаткалiся з упэўненай, шыкоўна апранутай жанчынай з горда ўзьнятай галавой i сiваватай прычоскай. “Здравствуйте, Иван Трофимович”,-- не сказала, прасьпявала яна грудным голасам i пайшла. Iван Трафiмавiч самлеў на руках у сына. “Бацька, хто гэта?”—“Гэта Байкова. Перад вайной яна была сьледчай у Магiлёўскiм НКУС”. Яна катавала Iвана Трафiмавiча. Перад Байковай дрыжэлi ўсе магiлёўскiя вязьнi. Садыстка, яна вяла допыты толькi мужчын, i асаблiва любiла катаваць былых рэвалюцыянераў. Вязьню загадвала распрануцца дагала i танцаваць пад мелодыю вальса. “На сопках Маньчжурыi”, патрабавала сьпяваць. Потым брала спецыяльна зроблены для гэтай мэты бiзун з драцянымi махрамi i сьцябала чалавека па органах i самых балючых месцах, даводзячы сябе да экстазу, а вязьня да немарасьцi ад болю.

Да 1937 года сын Iвана Трафiмавiча вучыўся ў адной школе разам з сынам Байковых (муж Байковай таксама працаваў у НКУС), бываў у iх дома, не ведаючы нi аб чым. Ветлiвая гаспадыня ў фартушку частавала цукеркамi i гарбатай...

Я. Шмыгалёў: У сярэдзiне 1950-х гадоў, будучы капiтанам Савецкай Армii, я служыў у Валагодскай вобласьцi. Там я пазнаёмiўся са старшым лейтэнантам Пятром Уварамым, якi ў 1940х прымаў удзел у высяленьнi татараў з Крыма. Ён расказаваў мне, што ўсе кварталы, дзе жылi крымскiя татары, былi ў адначасьсе абкружаны войскамi НКУС. На зборы далi тэрмiн каля гадзiны. Зьбiралiся пад дуламi аўтаматаў. Пры спробе ўцёкаў - сьмерць. Татараў загналi ў вагоны i павезьлi ў Сiбiр i Казахстан. У эшалонах iх кармiлi толькi салёнай камсой i селядцамi. Пры гэтым не давалi вады, i яны памiралi: спачатку хворыя i старыя, а затым iншыя. На кожнай станцыi выкiдвалi мёртвых. Людзi прасiлi аб лiтасьцi, але лiтасьцi не было. Каштоўныя рэчы i грошы канваiры адбiралi сабе. Пра здзекi над татарамi Увараў расказваў з задавальненьнем, са смакам, лiчыў свае паводзiны правiльнымi, а сталiнскi акт у адносiнах да татараў ухваляў.

З.Пазьняк: Павiнна быць кнiга народнай памяцi. Уражваюць вобразы, што паўстаюць з чалавечых апавяданьняў. “Памятаю, у 1938-ым зiмой iду па вулiцы каля будынка НКУС, - успамiнае мiнчанiн Сяргей Фёдаравiч Ладуцька. - Мароз, аж дух займае. А з адкрытых вокнаў падвалаў НКУС, як з-пад зямлi, пара валiць праз краты, нiбы з паравоза - гэтулькi там насадзiлi людзей”. Вобраз працiнае, як маланка. На верхнiх паверхах шморгаюцца строгiя чалавечкi ў кiцелях i галiфэ, рапартуюць, раскрываюць i закрываюць папкi, дзелавiта ходзяць з паперамi, а пад iмi ў бiтком набiтых падвалах дыхае парай, крывёй i потам прыдушаны народ. Куды ж ляцiць гэты паравоз? Дзе яго прыпынак?

Мы знайшлi гэты прыпынак. Не давала спакою думка: куды падзелi людзей, якiх расстралялi?! Дзе яны, iх жа не два, не тры чалавекi, а тысячы? У пачатку 1970-х гадоў на паўночнай ускраiне Мiнска, злева ад Лагойскай шашы, не даязджаючы да кальцавой дарогi, iснавала яшчэ вёска Зялёны Луг. Старажылы яе расказвалi нам, што за два кiламетры на поўнач ад вёскi, памiж кальцавой i заслаўскай дарогамi, у лесе з 1937 па 1941 год кожны дзень i кожную ноч расстрэльвалi людзей, якiх прывозiлi сюды на машынах. Там на ўзгорках стаяў стары бор, вакол лясы i глухмень. Кавалак бору гектараў з 10-15 быў абгароджаны высокiм, вышэй за тры метры шчыльным дашчаным плотам у накладку - дошка на дошку, абцягнутым зверху калючым дротам. За плотам была ахова i сабакi. Людзей вазiлi сюды па гравiйнай дарозе, што вяла ад Лагойскага тракту на Заслаўе. Шлях той называлi тады “дарогай сьмерцi”.

Апытаньне заялёналужцаў i жыхароў навакольных вёсак Цна-Ёдкава i Драздова - сьведак i вiдавочцаў тых страшных падзей - дапамагло ўстанавiць не толькi факты, але i ўзнавiць карцiну масавых забойстваў. Аднак у 70-х гадах абнародаваць, усiх расказаў пра iх не было магчымасьцi. У 1987-1988 гадах мы расшукалi некаторых жыхароў зьнесенай ужо да гэтага часу вёскi Зялёны Луг, зноў зрабiлi апытаньне старажылаў i сьведак падзей у навакольных вёсках, высьветлiлi акалiчнасьцi, дэталi занатавалi адказы...

Расстрэлы пачалiся тут у 1937 годзе. Спачатку тройчы ў дзень - на ранiцы, у 14 гадзiн i вечарам, калi сьцямнее, - у лес прывозiлi па некалькi машын людзей i расстрэльвалi. Трупы ськiдалi ў загадзя выкапаныя глыбокiя ямы, штабель на штабель. Настраляўшы даверху, ямы прысыпалi слоем пяску не больш за 20-25 сантыметраў. Часам зьверху саджалi сасонку.

У другой палавiне 1937 года месца абгарадзiлi. Сьмертнiкаў пачалi прывозiць па iншаму графiку: пасьля абеду, пад вечар i цэлую ноч. Вазiлi безупынна штодня. Апытаныя не памятаюць нават, цi былi перапынкi ў нядзелю. “Кожны дзень стралялi,- расказвае жыхарка Цны Кацярына Мiкалаеўна Багайчук (1919 года нараджэньня),- i машыны гулi. Бывала, як толькi вечар, мужчыны зьбяруцца, выйдуць на двор, паслухаюць, як страляюць, пагавораць гэтак цiха, пабядуюць i разыходзяцца.”

“Iншы раз адразу па некалькi машын заязджала ў загарадку, вазiлi без перастанку,-- расказвае Дар’я Iгнатаўна Тоўсьцiк з Цны (з 1911 г.)

•А дарога ў лесе выкатана, як асфальт. Як пачнуць страляць, дык чуваць былi енкi, плач, праклёны.”

“Уся вёска была ў страху. Пяць гадоў па начах не маглi спаць ад стрэлаў”, -- кажа старажыл Цны Бацян Раман Мiкалаевiч (з 1913 г.) Тое пацьвярджае Няхайчык Мiкалай Пятровiч (з 1929 г.) i iншыя цнянцы. “Старэйшыя хлопцы, якi сьмялейшы, дык нават лазiлi за плот, -- кажа Мiкалай Пятровiч,-- раблi дзiркi ў агароджы i шмат што бачылi.” Мы пытаемся, цi жыве яшчэ хто зь iх. “Ёсьць: Карповiч Мiкола”.

Мiкалай Васiльевiч Карповiч нарадзiўся ў 1919 годзе, самавiты, яшчэ досыць дужы чалавек. У 1939 годзе пайшоў у войска. Лёс пакiдаў яго па сьвеце i па франтах. У 1937-1938 гг. не раз бачыў, як забiвалi людзей у лесе. Магiлы, вiдаць, капалi ў першай палавiне дня, бо пад вечар (часта пасьля абеду), калi пачыналi пад’язджаць машыны, ямы былi ўжо выкапаныя. М. Карповiч распавядаў, што людзей забiвалi партыямi. Ставiлi ў рад, затыкалi кожнаму рот коркам i завязвалi анучай (каб не выплюнуў кляп). Забойцы былi ў форме НКУС. Яны стралялi зь вiнтовак збоку ў галву крайняга, каб прашыць куляй двух чалавек. “Як стрэлiць, -- кажа Мiкалай Васiльевiч,-- дык адразу двое ў яму i падаюць. Патронаў шкадавалi”. Настралялi адну партыю, крыху прысыпалi штабель, паправiлi, каб роўна было, i падводзiлi наступную партыю. Настраляўшы даверху, яму прысыпалi пяском i зараўноўвалi.

“Адзiн раз, -- апавядае М.Карповiч,-- спатыкае мяне вартаўнiк з Малiнаўкi (вёска за 4 кiламетры адсюль. - Аўт.), разнерваваны, узрушаны. Ужо набiлi, кажа, iдзi паглядзi, нават не засыпалi... Падышлi мы да плота, што ля дарогi. Аж блiзка ў лагчыне вялiкая шырокая яма, даверху трупамi напоўнена. Ляжаць, брат, у рад, як парасяты. Пытаньне: “Цi было, каб выратаваўся хто адтуль?”—“Куды там выратуешся, гэтакi плот,-- адказвае Мiкалай Васiльевiч.—Праўда, раз пад вечар, ужо шарэла, iшоў я праз лес з Зялёнага Лугу ў Цну з адным нашым. Вусьцiшна было. Як раз страляць перасталi. Аж бачым, сядзiць чалавек пад дрэвам у акрываўленай бялiзьне, ледзь жывы. Мы падышлi - што рабiць? Як раз машына завурчэла. Адскочылi мы, iдзём. Насустрач два энкавэдзiсты: “Кто такие?” - “Цнянскiя”. - “Никого не видели?” - “Не-а... сядзеў там нейкi”, - задрыжэў дзядзька. Потым мы азiрнулiся, а яны таго за ногi валакуць. Укiнулi ў машыну, як палена, i паехалi. I як ён тады адтуль вылез - я i цяпер не магу зразумець...”

I ўсё ж у 1939 годзе адзiн чалавек уцёк з-пад расстрэлу. “Праз плот—i не знайшлi”, -- сьведчыць Марыя Рыгораўна Пацяршук (з 1911г) з Цны. Адзiн чалавек... Можа, ён яшчэ дзе жывы? Можа, прачытае гэтыя радкi i адзавецца?

Марыя Рыгораўна пацьвердзiла, што перш чым людзей пастраляць, iм затыкалi рот коркам. Пра гэта кажуць таксама жыхар вёскi Драздова Скварчэўскi Васiль Якаўлевiч (з 1930г.) i iншыя. Аднак шмат хто чуў крыкi, плач, маленьнi аб лiтасьцi. Можа, не хапала коркаў? Але, пэўна, справа ў iншым. Чалавек, якi доўгi час рэгулярна забiвае людзей, паступова робiцца садыстам. У яго ўзьнiкае патрэба памучыць сваю ахвяру, перш чым яе забiць. Вось i мучылi дюдзей перад сьмерцю.

Вiдаць, не патроны эканомiлi забойцы, калi iмкнулiся прашыць адной куляй дваiх чалавек адразу. Гэта была свайго родзу бравада, спорт для катаў, дэманстрацыя прафесiяналiзму. М. Карповiч, пэўна, якраз i ўбачыў гэты нетыповы спосаб расстрэлу зь вiнтовак. Мы падрабязна апытвалi ўсiх, хто чуў, як гучалi стрэлы, i тых, хто бачыў, як забiвалi, цi дачуўся ад тых, хто бачыў,-- i прыйшлi да высновы, што стралялi ў асноўным з наганаў цi пiсталетаў (што пацьвердзiлася потым раскопкамi).

“А моцна гучалi стрэлы?”—пытаемся ў Вялянцiны Мiхайлаўны Шахавай (з 1929) з Цны. “Не, гэтак суха—“хлоп-хлоп-хлоп”, але ўвесь час. Пастраляюць, потым памаўчасць i зноў - “хлоп-хлоп-хлоп”. Валянцiна Мiхайлаўна таксама была ўнутры “душагубкi”. Падкапалiся з суседнiм хлапчуком пад плот i залезьлi, каб назьбiраць ягад (а было iм гадкоў па 10-12). Там яны ўбачылi ўскапаную зямлю i мноства засыпаных ям. Вылезьлi зь ягадамi, а насустрач вайсковец. “Стой! А ну, высыпай!”— загадаў хлопчыку. Забраў ягады i як гыркне: “Марш атседава!”

Расстрэлы адбывалiся да самага пачатку вайны. У час вайны жыхары з навакольных вёсак разабралi плот на гаспадарчыя патрэбы, а стары бор неўзабаве сьпiлавалi i расьцягнулi. Цяпер тут расьце пасьляваенны лес з 40-45-гадовымi дрэвамi.

“Немцы там не расстрэльвалi?”—пытаемся ў Валянцiны Мiхайлаўны.

“Не, немцаў там не было, не расстрэльвалi”. Гэтае пытаньне мы задавалi кожнаму апытанаму. Адказвалi ўсе аднолькава,-- немцы гэтай мясьцiнай не цiкавiлiся.

“Як выглядала тая мясьцiна, калi разабралi агароджу?”—пытаемся ў В.Шаханавай. “Усё ўскапанае: пясок i высокая трава. I надта шмат чырвоных грыбоў, гэткiх пунсовых, на тоненькiх ножках. Нiбы крывёй налiтых. От, казалi, кроў людзкая прарасла”. Пра чырвоныя грыбы на магiльных ямах успамiналi многiя людзi, лiчылi, што гэта яны ад пралiтай крывi з’явiлiся. Зноў фальклорны вобраз пакут, падумалi мы. Але потым высьветлiлi: праўду казалi людзi. Такiя грыбы называюцца часночнiкамi, растуць на глыбока ўскапаным пяску i пахнуць часнаком.

Цяжка размаўляць са старымi жанчынамi пра той час. “А мае дзеткi, колькi добрых людзей пастралялi!-- выгуквае Кацярына Мiкалаеўна Багайчук.—Хоць бы iм помнiк якi паставiць!” Плача... “Асаблiва жудасна было ноччу,-- кажа Надзея Яфiмаўна Хомiч (з 1922 г.) З Зялёнага Лугу. Да вайны яна жыла ў Бабруйску, але часта прыязджала ў Зялёны Луг да сястры, хата якой стаяла каля лесу.—Заўсёды стрэлы, брэх сабак, крыкi, галашэньне”. Таксама плача...

“Сабакi былi злыя, вiдаць, галодныя, - дадае Соня Андрэўна Козiч (з 1925г) З Зялёнага Лугу.—А стралялi амаль без перапынку, асаблiва ўначы.”

“Шмат было кругом распырскана крывi,-- расказвае Марыя Iванаўна Пацяршук (з 1925г) з Цны.—Стогны, стагналi нават закапаныя...”

Вера Фёдараўна Тоўсьцiк (з 1933) з Драздова памятае, калi было ёй гадкоў сем, са старэйшымi дзецьмi бегала глядзець на забойствы. Успамiны яе фрагментарныя, што захавала дзiцячая памяць,-- засыпаныя сьвежым жоўтым пяском ямы i кроў на траве. “I пясок над ямамi яшчэ варушыўся, нiбы дыхаў”.

Пытаньне: “Цi забралi каго з Драздова?”—“Не памятаю, малая была.

Але старэйшыя расказвалi, што па вёсках забiралi. Езьдзiла машына. Ноччу заходзiлi i казалi—зьбiрайся. Куды - не тлумачылi. От чалавек i зьбiраўся, клаў у торбачку хлеба, сала. А iх потым прывезьлi ўнь туды i пастралялi ў ямах. Няўжо нiхто iм i помнiка не паставiць? Колькi людзей набiта! Колькi народу зьвялi!”

Матруна Мiкалаеўна Мантасава (з 1914г) з Зялёнага Лугу расказвае, што ў 1937 годзе забралi двух мужчын Стрыгаў з Падбалоцця. “Хто яны былi?”—пытаемся.—“А простыя людзi, рабочыя”.—“За што ўзялi!”— Нiхто не ведае. Тады не казалi i не пыталiся. Ноччу па вёсках машына, буда такая хадзiла—“чорны воран” называўся. Людзей забiралi i адвозiлi. I да сёньняшняга дня нiхто ня ведае, дзе яны. Можа, там i ляжаць... Схапiлi яшчэ мужа Танi Матусевiч i настаўнiка, што побач жыў. Прозьвiшчы астатнiх не прыпамiнаю. Усе казалi, што па вёсках забiраюць. Колькi добрых людзей пазабiвалi! Цяпер хоць бы iм помнiк як паставiлi. Гэта ж такi глум быў над народам!”

В. Шаханава паведамiла, што памятае, як забралi трох чалавек з суседняй вёскi Якубавiчы. “За што?”—“От, кажуць, адзiн на аднаго па злосьцi нагаварылi—усе i загiнулi. I ў нас у Цне схапiлi настаўнiка Арсеня Паўлавiча Грушу. Добры быў чалавек.” Валянцiна Мiхайлаўна сказала, што чула ў той час апавяданьнi старэйшых, як чаплялiся з дамаганьнямi да аднаго цнянскага актывiста-брыгадзiра, каб “паставiў” неабходную колькасьць “ворагаў народа”.

Пра арышты ў акрузе пытаемся ў Марыi Рыгораўны Пацяршук. “З Хмарыншыны (гэтай вёскi ўжо не iснуе.—Аўт.) забралi трох чалавек:

Фiлiповiча Андрэя, Цярлюка Сьцяпана, а трэцяга забылася, нейкага новага”.—“Цi чулi пра запросы цi патрабаваньнi выдаць “ворагаў народа?”—“З 1937 года старшынёй сельсавета (мы тады былi Папернянскага сельсавета) быў Бацян Цiмафей Васiльевiч, дык у яго дапытвалiся—цi няма ў цябе якiх? А ён адказваў: не, у мяне няма”.

Пытаньне: “Яшчэ дзе-небудзь у акрузе расстрэльвалi людзей?”—“Так, расстрэльвалi. У Ждановiчах, ля Баравой, ля Драздова справа ад вузкакалейкi (цяпер вузкакалейкi няма.- Аўт.) i ў Мiнску за паркам Чалюскiнцаў, там, дзе завод Вавiлава.”

Пытаньне да М.Р. Пацяршук, Д.I. Тоўсьцiк i М.I. Пацяршук (дэпутат сельсавета, член КПСС): “Што цяпер трэба зрабiць з гэтай мясьцiнай? Горад жа ўжо пад бокам, дарога кальцавая закранула?”- “Паставiць помнiк”,- адказваюць усе.

Спаткалiся нам, аднак, людзi, што расказвалi пра ўсё амаль шэптам.

Прасiлi нiдзе не называць iхняе прозьвiшча. Некаторыя адмоўчвалiся. А, напрыклад, Мiкалай Васiльевiч Iгнашоў (з 1914г.) з Зялёнага Лугу, якi прайшоў праз усю вайну да Берлiна, сказаў нам толькi, што баяўся нават наблiжацца да таго плота, бо хто за яго заходзiў - назад не вяртаўся.

Аднак былi i сарвi-галовы, якiя пацяшалiся тым, што выкопвалi трупы (асаблiва спачатку, калi не было плота) i саджалi iх пад дрэва, каб “насалiць” энкавэдзiстам. “Адзiн раз нехта адкапаў i выцягнуў зь ямы дваiх, - расказвае В.Скварчэўскi.- Пасадзiў пад дрэва, даў у рукi газету,- хай чытаюць. Шум быў. Хацелi дазнацца, хто гэта збрабiў”. Такi быў тут побыт... Абставiны, якiя спараджалi ледзянячы жах i ледзянячае кашчунства.

Аналiз сталiнскай сiстэмы генацыду, новыя факты, што выяўлены цяпер, робяць зразумелым, чаму зьншчалася ў першую чаргу iнтэлiгенцыя, кiруючыя партыйныя i ваенныя кадры, працавiтыя сяляне. Але не заўсёды зразумела, чаму забiвалi цёмных, нават непiсьменных сялян i рабочых. Цяжка ўявiць сталiнскую логiку i тым, хто быў зь iмi, бо яна, па сутнасьцi, не чалавечая, яна зь нейкiм iншым знакам. Тлумачэньне можа часткова даць так званая “планавая эканомiка” рэпрэсiй. У 1930-х гадах Молатаў паведамiў Сталiну, што не хапае турам, а самае галоўнае, скардзiўся Молатаў, што арыштаваых “трэба кармiць”. У краiне як раз быў голад. Тады шырока пачалi прымяняць лагерную сiстэму забойства людзей на этапах у дарозе, марэньне марозам i голадам. У зьнiшчэньнi народаў быў прыменены планавы “прагрэсiўны” метад. На кожны горад, раён i г.д. выдавалася “разнарядка”. Рэпрэсii адбывалiся па графiку. Узьнiк “рух” за выкананьне i перавыкананьне плана рэпрэсiй (выяўленьня “ворагаў народа”). Колькасьць iндывiдуальна выяўленых “ворагаў” паведамлялася ў справаздачах, выступленьнях, газетах. Калi ж план не выконваўся, а быў канец планавага перыяду, бралi любога. Тады i гойсалi “чорныя вораны” па вёсках.

Мясьцiна ля заслаўскай дарогi звалася Брод. Тут непадалёк было некалi балота. А цi мела раней назву тое месца, што было потым абгароджана, той бор на ўзгорках, спыталiся мы ў жыхароў Драздова. Так, адказвалi яны, мясьцiна называлася Курапаты. “А чаму?” - “Бо вясной там скрозь расьлi белыя кветкi - “курапаты”. - “Курасьлепкi хiба?” - “Ага, курасьлепкi - курапаты (дыялектная назва белых пралесах. - Аўт.)”.

Невыказна цяжкае ўражаньне пакiдаюць Курапаты. З паўднёвага боку мясьцiну падрэзала кальцавая дарога, якую праклалi тут у 1957 годзе. Тады выграбалi чарапы i косьцi. Падымаемся па адхону, ступаем у лес, i адразу пачынаюцца магiлы - безьлiч праваленых зарослых ямiн. Людзi згнiлi - i зямля асела. Ямiны розныя 2х3; 3х3; 4х4; 6х8 метраў i большыя. Западзiны бываюць на 70-80 см. У цэнтры - вялiкi ўзгорак-града. На схiлах яго i ў лагчынах скрозь праваленыя ямы, ямы. Толькi па самай вяршынi грады больш-менш гладка - нiбы дарога была некалi. Можа, па ёй пад’язджалi машыны, каб пасьвяцiць фарамi ўначы. З паўднёвага боку мы знайшлi месца, дзе стаяў плот. Добра захаваўся роў, што быў перад iм, як i распавядалi нам вяскоўцы. Па ледзь прыкметных выемках пазнаём, дзе сталялi слупы - на адлегласьцi чатырох метраў адзiн ад аднаго.

Ямы розныя па памерах. Магчыма, былi неаднолькава заглыблены. Таму колькасьць забiтых падлiчыць па магiлах больш-менш дакладна не ўдаецца...

У 70-х гадах на Курапатах было яшчэ адносна цiха. Цяпер сюды наблiзiўся мiкрараён Зялёны Луг-6. Калi прыйдзеш на магiлы, ахоплiвае нейкая роспач. Цяпер тут зона адпачынку мiнчан. Гуляюць дзецi...

З. Пазьняк: 1 мая сёлета тут было весела i тлумна, як на праспекце.

Адпачываюць сем’ямi i кампанiямi. У магiлах паляць вогнiшчы, тут жа ядуць, п’юць, смажаць шашлыкi, iграюць на гiтарах, у карты, ламаюць голле, высякаюць дрэвы, хрыпяць транзiстары. Адзiн счэсвае бярэзiну, што вырасла з магiльнай западзiны, хоча дастаць соку... Дзiўлюся, чаму не цячэ зь яе кроў. Вядома, людзi нiчога не ведаюць; не ведаюць, што пад iмi ляжыць пакаленьне. Але зноў успыхвае ў сьвядомасьцi вобраз, як той паравоз, толькi з шашлычным дымам.

Я. Шмыгалёў: Калi памiраюць “цiхiя пенсiянеры”, што стварылi гэтае бяспамяцтва, iх кладуць у труну, на хаўтурах кажуць пра iх добрыя словы, грае аркестр. А для тых, што ляжаць тут, аркестрам быў брэх i наганныя стрэлы. А як пакутвалi дзецi, сем’i рэпрэсаваных! О не, трэба памятаць усё. I пасьля сьмерцi хай кожнаму аддасца яго.

Агляд некаторых магiл спарадзiў у нас трывожныя падазрэньнi.

Занадта глыбокiя западзiны, а па баках часам бугаркi, нiбы раскопваў хто некалi. Некаторыя ямы нядаўна раскапаны ў глыбiню больш чым на метр. Нiдзе нiводнай косткi. У адной магiле школьнiкi паглыбляюць зямлянку. Глыбiня звыш метра. Чысты рыхлы незляжалы паварушаны пясок. Трывога ўзмацнiлася, калi мы ўспомнiлi апавяданьне аднаго вяскоўца, якi захацеў застацца iнкогнiта,- аб тым, што адразу пасьля вайны тут доўга капалiся салдаты.

5 мая 1988 г. сiламi археалагiчнай групы Iнстытута гiсторыi АН БССР мы правялi раскопкi адной з магiл. Шурф 0,5х1 м у цэнтры западзiны быў выкапаны на глыбiнi 1,5 метра. Нiякiх вынiкаў. Чысты пясок.

Гэтае адкрыцьцё ўсю нашу групу ў складе пяцi чалавек уразiла не менш, чым сам факт масавых рэпрэсiй. Як жа мы недаацанiлi iх подласьць! Вось хто капаўся тут пасьля вайны! Замяталi сьляды. Значыць, ведалi яшчэ тады, што тварылi! Дзе ж ваша “чэсная” ўпэўненасьць у справядлiвасьцi сваiх спраў, у справядлiвасьцi загадаў? ! Аказваецца, вы баялiся яшчэ тады. Зрабiць такую егiпецкую работу!

Выкапаць столькi трупаў! Куды вы iх падзелi? Вывезьлi i закапалi? Спалiлi? Не дробная сошка дала загад на эксгумацыю. Берыя? Цанава? Маленкоў? Хто?

У той жа дзень выялiлася, што не ўдалося забойцам замесьцi сьляды.

Да нас падыйшлi хлапчукi, што 1-га мая капалi зямлянку ў магiльнай западзiне, i павялi на другi канец тэрыторыi. Яны раськiдалi яловыя лапкi, што прыкрывалi загарадку з жэрдак, i мы ўбачылi кучу прастрэленых чалавечых чарапоў, касьцей, скуранога i гумовага абутку. Заглыбiўшы сваю зямлянку амаль на два метры, хлопцы наткнулiся на завал чалавечых касьцей. Яны адкапалi нiжнi штабель магiлы.

Успомнiм, як энкавэдзiсты, настраляўшы адну партыю людзей, прысыпалi трупы i раўнялi дно. Пры эксгумацыi салдаты выбралi косьцi да глыбiнi двух метраў i вырашылi, пэўна, што яме канец. Цi проста “схалтурылi”, калi начальства побач не было. Сапраўдная глыбiня магiльнай ямы 2,8 м, памер прыблiзна 3х3 м. Хлопчыкi акуратна, як археолагi, выбралi палову штабеля (23 чалавекi). Сярод трупаў знайшлi фарфоравыя i эмалiраваныя кубкi, скураны кашалёк з савецкiмi капейкамi 1930-х гадоў (апошняя дата на манетах - 1936 г.), зубную шчотку ў футарале вырабу вiцебскай фабрыкi, шмат пустых страляных гiльзаў ад нагана дыяметрам 7,5 мм (Прамерана лiнiйкай. Дакладны калiбр нагана 7, 62 мм. - З.П.) i круглыя паламаныя акуляры ў тонкай металiчнай аправе. На ўсiх гумовых галёшах клеймы айчынных фабрык i дата выпуску - 1937 г. Знойдзены скураныя мужчынскiя боты, а таксама i жаночы абутак. Кулявыя адтулiны ў чарапах, як правiла, на патылiцы, дзе часта вiдаць побач па дзьве дзiркi. Ёсьць некалькi чарапоў з дзiркамi ў скронi, на лбе i зьверху галавы (дастрэльвалi ў ямiне). Усе ўваходныя адтулiны дыяметрам 7,5 мм.

Пра што гавораць гэтыя знаходкi? Магiла была “настраляна” ў 1937-1938 гг. Забiвалi з наганаў. Людзей, вiдаць, расстралялi без суда, без аб’яўленьня выроку сьмерцi. Вось тут яны i ляжаць са сваiмi клуначкамi, сабранымi, калi загадалi “зьбiрацца”, кубачкамi, зубнымi шчоткамi i нават медзякамi. На расстрэл, пэўна, не рыхтавалiся.

Хочам назваць прозьвiшчы хлопцаў, якiя дапамаглi нам у нялёгкiм дасьледваньнi. Гэта Iгар Бага (ён ужо скончыў школу i працуе мулярам) i вучнi 171-й школы Мiнска Вiктар Пятровiч i Аляксандра Макрушын.

Другая ямiна-магiла была закранута ў час пракладкi газавай траншэi па вяршынi ўзгорка-грады праз Курапаты. Магiла невялiкая, разьмешчана была ўбаку ад былога праезду. У час эксгумацыi яе, пэўна, “прапусьцiлi”, забылiся раскапаць. Рабочыя БМУ “Белспецмантаж” Дзяржкамгаза БССР i потым дзецi выявiлi тут косьцi i 15 прастрэленых чарапоў, 20 пар скуранога абутку i галёшаў. Сярод абутку - рэшткi жаночых туфляў. На галёшах клеймы айчынных фабрык i дата - 1939 г. На адным галёшы кляймо рыжскай фабрыкi i надпiсы па-латышску. Дата - 1939 г. Зразумела, што гэта магiла 1940 года, дзе сярод iншых быў расстраляны латыш (з Латвiяй, здаецца, тады галёшамi не гандлявалi).

Пра раскопкi быў складзены адпаведны акт i паведамлена ў Бараўлянскi сельсавет. Старшыня сельсавета Сяргей Iванавiч Чачанец паставiўся з разуменьнем да зьвестак пра магiлы расстраляных. Была нават створана камiсiя для высьвятленьня акалiчнасьцей i перазахаваньня чалавечых рэшткаў, а косьцi сабраны ў сьпецыяльна зробленую труну.

Цяпер перш за ўсё трэба зьмясьцiць адпаведныя надпiсы ля Курапат з iнфармацыяй пра гэтую мясьцiну, каб людзi ведалi, што яна не для пiкнiкоў i адпачынку. Не думаем, што экзгумацыя ўсiх магiл, мяркуючы па тым, што выяўлена, была праведзена ў 1940-х гадах акуратна, да канца. Напэўна, там ячшэ ляжаць на дне глыбачэзных ямiн тысячы забiтых.

Неабходна таксама зрабiць публiчнае перазахаваньне адкапаных рэшткаў i падумаць пра помнiк ахвярам сталiнскiх рэпрэсiй на гэтым месцы.

Асобая тэма - пра дараваньне i пакараньне, няхай чытач пра гэта падумае сам. Мы мяркуем, што няма дараваньня за генацыд. На тых, што рабiлi такое, не павiнен распаўсюджвацца тэрмiн даўнасьцi. Калi трапляеш у глыбокую i халодную трохметровую яму, усланую трупамi, бярэш у рукi сьлiзкую падэшву ад маленькага не больш 34 памер жаночага туфля, -- разумееш гэта адназначна.

...А яны яшчэ спрабуюць казаць пра нейкiя “прынцыпы”.

ЛiМ”, 1988, 3 чэрвеня



Файл падрыхтаваны Раманам Салаўянам.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка