Купальскі карагод




Дата канвертавання17.05.2016
Памер42.53 Kb.
Купальскі карагод
Задачы: развіваць у дзяцей цікавасць да нацыянальнай культуры, выхоўваць павагу да народных традыцый.


Падрыхтоўчая работа. Вучням даецца заданне: даведацца, як святкавалі Купалле раней; з дапамогай бацькоў знайсці і запісаць купальскія песні, абрады, сабраць жарты, падрыхтаваць гульні. Бацькам прапануецца падабраць месца для правядзення заняткаў (зялёная паляна ў парку, садзе, лясочку, луг і г. д.), дапамагчы дзецям у падрыхтоўцы купальскага карагода.


Прыкладныя этапы свята:
Першы этап. "Купалле".
Дзеці ў вяночках з зёлкамі ў руках спяваюць песню:

Купальская ночка кароткая,

Сонейка, сонейка, сонейка рана ўсходзіла.

Рана ўсходзіла, поле асвяціла,

Дзевак, хлопцаў будзіла,

Работу давала — у поле насылала,

Каб хлопчыкі агні палілі,

Поле свяцілі, жыта пільнавалі,

Каб ведзьмы заломаў не ламалі,

У кароў малака не адбіралі...



Усе ўладкоўваюцца на паляне, а настаўнік або хто-небудзь з дарослых расказвае:

Адным з найбольш яскравых, маляўнічых і паэтычных абрадаў у беларусаў было свята Купалле. Яно захавалася і да нашых дзён разам з цудоўнымі купальскімі песнямі. Наогул, у старажытнасці ва ўсходніх славян самымі важнымі былі святы вясенне-летняга цыкла. Купалле падводзіла рысу доўгім дням (сонца паварочвала на лета, а лета — на спякоту) і аб'ядноўвала ў сабе ўсе культы, абрады і звычаі, якія сустракаліся раней. Свята гэта вельмі папулярнае не толькі ў Беларусі, але і ва ўсёй Еўропе, яно аграрна-земляробчае. Пасля Купалля праз пяць дзён наступае Пятро, пачынаецца пакос, а затым і жніво.

Свята па старому стылю спраўлялі з 23 на 24 чэрвеня, па новаму — з 6 на 7 ліпеня
(з кнігі: Купальскі абрад / Беларускія народныя абрады. Складальнік і навуковы рэдактар Л. П. Касцюкавец. — Мн., 1994. - С. 69.)

Другі этап. "Звычаі і абрады".
Настаўнік просіць дзяцей расказаць пра звычаі і абрады, якіх прытрымліваюцца людзі на купалле. Напрыклад: уначы раскладваюць вогнішчы, весяляцца, пускаюць па вадзе вянкі, збіраюць лекавыя травы, вешаюць на дзвярах стойлаў для жывёл крапіву. Вучням дапамагаюць дарослыя, якія запрошаны на свята.
Настаўнік дадае, што яшчэ з раніцы 6 ліпеня напярэдадні свята Купалля дзяўчаты і жанчыны з песнямі накіроўваліся ў поле, на луг, каб назбіраць купальскіх зёлак. Збіралі васількі, руту, багаткі, браткі, папаратнік, салодку, купалінкі. I абавязкова ўвесь час спявалі. Згодна з народнымі павер'ямі, спевы ў час збору траў і кветак надавалі ім лекавую і цудадзейную моц. Пра гэты святочны абрад гаворыцца і ў купальскіх песнях.
(з кнігі: Коваль У. I., Новак В. С. Беларускія народныя святы і звычаі. — Гомель, 1993. — С. 67):

Ой, на Купалле, на Яна,

Дзевачкі зелле збіралі.

Яны збіралі, не зналі,

У старога дзеда пыталі:

— Што гэта, дзядулька, за зелле,

Чорны галоўкі насенне?

Арганізуецца выстава лекавых траў. Хлопчыкі і дзяўчынкі, якім гэта было даручана, расказваюць пра лекавыя ўласцівасці некаторых траў, дэманструюць трыпутнік, рамонак, сухацвет (бяссмертнік) і інш. Настаўнік дадае, што сабраныя напярэдадні свята зёлкі асвячаліся ў царкве, каб потым іх можна было выкарыстоўваць для лячэння хвароб людзей, жывёл, а таксама для чарадзейства. Паводле павер'я, хто захоўвае дома такія зёлкі, тых абыходзяць ведзьмы. Людзі верылі, што лопух, крапіва, палын і да т. п. ахоўваюць у гэтую ноч і людзей, і хаты, і хлявы — кароўнікі і г. д. ад ведзьмаў і іншых злых духаў. Не выпадкова лопух утыкалі ў стрэхі дамоў, з палыну рабілі паясы, каб не балела спіна. Акрамя таго, палын упляталі ў вянкі і насілі і з сабою ў якасці засцярогі ад русалак і ведзьмаў.



Трэці этап. "Папараць-кветка".
Дзеці разам з дарослымі разглядаюць папаратнік або выяву расліны. Настаўнік расказвае:

Папараць, як гаворыць навер'е, цвіце толькі ў ноч на Купалу. Цвіце адно імгненне. Кветачкі яе гараць, як іскрынкі. Знайсці і сарваць гэтыя кветкі вельмі цяжка, бо нячыстая сіла стварае розныя перашкоды... Лёгка знаходзіць і збіраць гэтыя папараць-кветкі можа толькі купальскі дзядок: ён ходзіць па лесе з кошыкам і напаўняе яго дзівоснымі кветкамі. Калі сустрэцца з дзядком і разаслаць перад ім белы абрус, то ён кіне на абрус адну кветку. Тады трэба хутчэй браць яе і, разрэзаўшы далонь правай рукі, класці пад скуру: адтуль нячысты кветку не дастане.


Людзі верылі ў тое, што папараць цвіце, і думалі, што кветка гэтай прыгожай расліны дапаможа ім авалодаць зямным багаццем. Але хіба такое можа атрымацца без працы? Безумоўна, не. Ды і ўвогуле: папараць на самай справе не цвіце.
Чацвёрты этап. "Вогнішча".
Трэба адзначыць, што спрадвеку купальскае свята было звязана не толькі з культам раслін. Вялікае значэнне надавалася агню, менавіта купальскі агонь з'яўляўся своеасаблівым ахоўна-магічным ачышчальным сродкам.
Распальваецца вогнішча, каля яго арганізуюцца карагоды, танцы. Гучаць песні. Напрыклад:

Танцуй, Мацей,


Не шкадуй лапцей.
А як ліпа зацвіце
Бацька новыя спляце.
Біце, біце у цымбалы
— Не зважайце, што я малы,
Дуйце, дуйце, у жалейкі,
Не шкадуйце, што маленькі.

Ля вогнішча праводзяцца гульні “Палачка-шукалачка”, “Баба-Яга” і іншыя. Купальскі карагод працягваецца. Дзяўчынкі пускаюць вянкі па вадзе, купаюцца. Пераклікаюцца, выкарыстоўваючы радкі з народных прымавак, напрыклад:



— Ты, Купалле, ты, зялёнае,
Дзе дасюль было?
— За ракою расло.
— А што рабіла?
— Красавалася...

Парады арганізатарам:
1. Не шкадуйце патраціць на правядзенне свята некалькі дзён летніх канікул. Гэта будзе добрай нагодай усім (дзецям, бацькам, настаўніку) сустрэцца, расказаць пра адпачынак, парадавацца адзін за аднаго.
2. Абавязкова запрасіце на свята бацькоў, бабуль, дзядуль, братоў і сясцёр дзяцей, дайце бацькам невялікія даручэнні па падрыхтоўцы купальскага карагода.
З. Асаблівую ўвагу дзяцей звярніце на традыцыі, чаі беларусаў, але галоўнае — арганізуйце свята так, каб усе добра адпачылі, усвядомілі, што яны — часцінкі той садружнасці людзей, якая стварылася ў класе. Інакш кажучы, правядзіце своеасаблівы дзень здароўя дзяцей і старэйшых на ўлонні прыроды.
4. Ні ў якім разе не прымушайце дзяцей запамінаць усе назвы, традыцыі, звычаі. Хай на свяце вучні будуць захоплены і зацікаўлены тым аповедам пра гісторыю беларускіх свят, які вы ім прапануеце.

М. П. ОСІПАВА, прафесар, З. М. ПАНАСЕВІЧ, старшы выкладчык.

Брэсцкі дзяржаўны універсітэт імя А. С. Пушкіна.
Пачатковая школа Ліпень 2002 г.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка