Круглы стол «Праблемы здаровага харчавання насельніцтва Рэспублікі Беларусь»




Дата канвертавання12.05.2016
Памер58.83 Kb.
Круглы стол

«Праблемы здаровага харчавання насельніцтва Рэспублікі Беларусь»

4 снежня 2014 г.

Мінск

Дом Урада

Палата прадстаўнікоў










ЗВАРОТ

удзельнікаў круглага стала на тэму
«Праблемы здаровага харчавання насельніцтва Рэспублікі Беларусь»

У рабоце круглага стала на тэму «Праблемы здаровага харчавання насельніцтва Рэспублікі Беларусь» прынялі ўдзел прадстаўнікі зацікаўленых міністэрств і ведамств, апарата дзяржаўнага кіравання, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Удзельнікі круглага стала адзначылі, што тэма, вынесеная на абмеркаванне, мае важнае значэнне для Рэспублікі Беларусь і з’яўляецца надзвычай актуальнай, паколькі закранае пытанні нацыянальнай бяспекі. На круглым стале абмяркоўваліся наступныя пытанні:

дзяржаўная палітыка ў галіне здаровага харчавання насельніцтва;

стан і праблемы нарматыўнага прававога рэгулявання і кантролю бяспекі і якасці харчовых прадуктаў ва ўмовах гандлёва-эканамічнай інтэграцыі дзяржаў –– членаў Мытнага і Еўразійскага саюзаў;

аптымізацыя харчавання розных груп насельніцтва як эфектыўны метад барацьбы з неінфекцыйнымі захворваннямі;

пытанні харчавання ва ўстановах адукацыі, уключаючы пытанні фарміравання культуры здаровага харчавання і гігіенічнай асветы па пытаннях харчавання і здароўя;

міжнародны вопыт прасоўвання культуры здаровага харчавання;

фарміраванне ўмоў для рэалізацыі ініцыятыў у сферы здаровага харчавання.

Харчаванне разглядаецца дзяржавай як важнейшы фактар ўмацавання здароўя людзей, павышэння якасці жыцця насельніцтва. У Рэспубліцы Беларусь прыняты шэраг дакументаў, якія рэгламентуюць нарматыўнае прававое рэгуляванне пытанняў вытворчасці, абароту, кантролю, бяспекі і якасці харчовай сыравіны і харчовай прадукцыі і ў цэлым створана заканадаўчая і нарматыўная база забеспячэння якасці і бяспекі харчовай прадукцыі, патрабаванні якой з’яўляюцца абавязковымі пры пастаноўцы на вытворчасць, рэалізацыі і імпарце харчовых прадуктаў.

Тым не менш застаецца нявырашаным шэраг пытанняў сістэмнага характару, якія стрымліваюць укараненне сучасных прынцыпаў здаровага харчавання ў шырокіх слаях насельніцтва.

Фактычнае харчаванне насельніцтва Рэспублікі Беларусь характарызуецца незбалансаванасцю па асноўных харчовых інгрэдыентах і дэфіцытам мікранутрыентаў (дэфіцыт паўнавартаснага бялку, лішак простых вугляводаў і насычаных тлушчаў, недахоп вітамінаў А, З, В2, Д, жалеза, кальцыя, магнію, цынку, селену і інш.).

На працягу апошніх 10 гадоў не мае тэндэнцыі да зніжэння ўзровень захворванняў, звязаных з нерацыянальным харчаваннем: атэрасклероз, сардэчна-сасудзістыя захворванні, атлусценне, цукровы дыябет, астэапароз, хваробы костак і суставаў, стрававальнай сістэмы, некаторыя анкалагічныя захворванні; адзначаецца рост колькасці дарослых і дзяцей з залішняй масай цела і атлусценнем.

Застаецца праблемным пытанне харчавання дзяцей і навучэнскай моладзі ва ўстановах адукацыі.

Недастаткова распрацаваны меры дзяржаўнага стымулявання вытворцаў харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў для дзяцей; рынак дзіцячага харчавання недастаткова абаронены ад нядобрасумленных вытворцаў.

Недасканаласць заканадаўства з’яўляецца стрымліваючым фактарам для развіцця экалагічнай сельскай гаспадаркі ў нашай краіне; маюць патрэбу ў далейшай распрацоўцы нарматыўныя дакументы, якія рэгламентуюць пытанні здаровага харчавання з улікам патрабаванняў міжнародных арганізацый па пытаннях бяспекі і якасці харчовых прадуктаў.

Навуковае суправаджэнне распрацовак у галіне здаровага харчавання не скаардынавана, мае недастатковае фінансаванне і па шэрагу пазіцый адстае ад патрабаванняў часу.

Выкладанню асноў здаровага харчавання ў зацікаўленых навучальных установах краіны і пры паслядыпломнай падрыхтоўцы спецыялістаў вышэйшага і сярэдняга звяна надаецца неапраўдана мала часу; на працягу некалькіх гадоў існуе кадравы дэфіцыт адпаведных спецыялістаў.

Мала ўвагі надаецца пытанням здаровага харчавання ў сродках масавай інфармацыі; недастаткова эфектыўная сацыяльная рэклама здаровага харчавання дзяцей на беларускіх тэлеканалах; адзначаецца нізкі ўзровень інфармаванасці насельніцтва па гэтай праблеме.

Для фарміравання ў грамадстве культуры здаровага харчавання і якаснага зруху ў вырашэнні вялікага круга праблем, звязаных з харчаваннем, удзельнікі круглага стала лічаць мэтазгодным:

Прасіць Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь актывізаваць работу па прыняцці Канцэпцыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне здаровага харчавання насельніцтва Рэспублікі Беларусь і Праграмы дзеянняў па яе рэалізацыі.

Прасіць Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:

1. Пры дапрацоўцы і абмеркаванні праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змянненяў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб якасці і бяспецы харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў для жыцця і здароўя чалавека» максімальна ўлічваць нацыянальныя інтарэсы ў галіне абароны ўнутранага спажывецкага рынку ад паступлення няякаснай і небяспечнай прадукцыі.

2. Правесці парламенцкія слуханні на тэму «Праблемы здаровага харчавання насельніцтва Рэспублікі Беларусь».

Звярнуцца ў Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь з просьбай арганізаваць масавую акцыю па праверцы імпартуемых харчовых прадуктаў, у тым ліку дзіцячага і спартыўнага харчавання.

Працягнуць развіццё фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў у галіне бяспекі харчовых прадуктаў і здаровага харчавання.

Ініцыяваць і развіваць рэгіянальныя праграмы па пытаннях здаровага харчавання, якія ўключаюць пытанні прыярытэтнасці груднога гадавання, прафілактыкі мікранутрыентнай недастатковасці, залішняй масы цела і атлусцення, розных парушэнняў харчавання.

Арганізаваць сістэмны маніторынг стану харчавання розных груп насельніцтва ў параўнанні з распаўсюджанасцю і ўзроўнем захворвання і смяротнасці ад аліментарна-залежных захворванняў.

Падтрымліваць ініцыятывы па правядзенні навучання розных груп насельніцтва па праблеме аптымальнага харчавання, асабліва сярод дзяцей і падлеткаў, цяжарных і кормячых жанчын, у тым ліку з шырокім прыцягненнем сродкаў масавай інфармацыі.

Звярнуцца ў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь з просьбай арганізаваць пастаянна дзеючыя асветніцкія праграмы для насельніцтва, асабліва на вядучых беларускіх тэлеканалах, па пытаннях здаровага харчавання з абавязковым удзелам не толькі вядомых спецыялістаў у гэтай галіне, але і «асоб ўплыву» –– дзяржаўных дзеячаў, настаўнікаў, артыстаў, бізнесменаў і іншых асоб, якія асабістым прыкладам прапагандуюць прынцыпы здаровага харчавання.

Прадпрыемствам харчовай прамысловасці ўкараняць тэхналогіі і стандарты новых прадуктаў з нізкім утрыманнем паваранай солі, цукру, трансжыроў, харчовых дабавак штучнага паходжання.

Міністэрству гандлю Рэспублікі Беларусь прыняць дакумент, які абавязвае імпарцёраў пастаўляць прадукцыю, якая адпавядае патрабаванням дзяржаўных стандартаў Рэспублікі Беларусь.

Дзяржаўнаму камітэту па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь узмацніць кантралюючыя функцыі ў сферы бяспекі і якасці харчовых прадуктаў, асабліва імпартуемых.

Надыходзячы 2015 год Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб’яўлены Годам моладзі. Усведамляючы адказнасць старэйшага пакалення перад дзецьмі і ўнукамі, перад будучыняй краіны, удзельнікі круглага стала заяўляюць пра важнасць інтэграванага падыходу да вырашэння праблемы здаровага харчавання ў Рэспубліцы Беларусь, аб кансалідацыі намаганняў Урада і ўсіх зацікаўленых міністэрств і ведамств, сродкаў масавай інфармацыі, грамадскіх аб’яднанняў. Гэта дапаможа фарміраванню ў грамадстве сістэмы каштоўнасцяў, якія матывуюць людзей да ўмення і жаданні беражліва ставіцца да свайго здароўя, якое ў найбольшай ступені залежыць ад харчавання.

Удзельнікі круглага стала заклікаюць палітыкаў, грамадскіх дзеячаў, прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, усіх грамадзян прыняць, прапагандаваць і праводзіць у жыццё рэкамендацыі, выпрацаваныя на падставе аналізу бягучай сітуацыі, яе абмеркавання і прапаноў, што прагучалі.



Гэты зварот накіраваць у Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Нацыянальную акадэмію навук Беларусі, усім зацікаўленым органам дзяржаўнага кіравання, а таксама размясціць у сродках масавай інфармацыі і на Web-сайце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка