Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання




Дата канвертавання15.03.2016
Памер149.05 Kb.




Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны

ад грамадскага аб’яднання

Цэнтр “Трэці сектар”

а/с 54, Гародня, 230009,

тэл./факс (0-152) 75-71-72,

e-mail: trecisektar@yahoo.com

сайт http://3sektar.by/


Выпуск 244 (537)

(30 лістапада 2012 г.)

Рэдактар выпуску: Кася Крот

Пры выкарыстанні матэрыялаў “Кронікі” спасылка на крыніцу абавязковая






Сёння ў выпуску:



«Прэс-фота Беларусі - 2012» ладзіць вернісаж у Гродне 2

Дабрачынная акцыя ў Музеі гісторыі рэлігій 3

Выстава творчасці людзей з абмежаваннямі 3

Беларускамоўныя псіхолагі аб’ядноўваюцца 4

Публічныя лекцыі Алеся Лагвінца ў Гродне 4

За адмову прымаць прысягу пагражаюць крымінальнай справай 5

Трэнінг “Даступныя новыя медыі” 6

Навучальныя візіты ў Польшчу для актыўных студэнтаў 6

Конкурс школьных праектаў па энергаэфектыўнасці 7

Як беларусу стварыць няўрадавую арганізацыю ў Польшчы? 8

Конкурс для грамадскіх ініцыятыў і арганізацый 8

Фестываль аматарскіх відэафільмаў “Погляд” 9






Падзеі:



уверх

«Прэс-фота Беларусі - 2012» ладзіць вернісаж у Гродне


Упершыню ў Гродне будуць дэманстравацца ўсе здымкі-пераможцы - а іх у гэтым годзе каля 280!

Адкрыццё вернісажу пройдзе 3 снежня, а 18-й гадзіне па адрасе: вул. Будзёнага, 48А (зала ва ўнутраным дворыку).

Адкрываць выставу будуць арганізатары конкурса, фатографы Юля Дарашкевіч і Вадзім Заміроўскі, а таксама пераможца «Прэс-фота Беларусі - 2012» Аляксандр Васюковіч.

 Юля Дарашкевіч:



- У Беларусі гэтая выстава экспанавалася толькі адзін раз: на ўзнагароджанні пераможцаў у галерэі “Ў” і пакуль больш няма магчымасцяў паказваць яе тут, бо ёсць на ёй палітычнаыя фатаздымкі, звязаныя з акцыямі пратэсту, ёсць тэракт.

Нас і ў мінулыя гады нікуды не пускалі, а тыя выставы, што былі, праходзілі без самых вострых фотаздымкаў.

Затое “Прэс-фота Беларусі - 2012” з поспехам экспанавалася ў Брно (Чэхія), Кракаве і Варшаве.

 Гарадзенцам пашанцавала не толькі ўбачыць усе здымкі-пераможцы фотаконкурса, але і стаць першымі гледачамі дасланых на конкурс «Прэс-фота Беларусі -- мультымедыя» ролікаў. Гэта міні-фільмы, знятыя пры дапамозе фотаздымкаў, відэа і гуку. 

Юля Дарашкевіч:

- Для Беларусі гэта вельмі новая з’ява, практычна ніхто пакуль гэтым не займаецца.

 8 снежня будзе падвядзенне вынікаў конкурса і ўзнагароджанне пераможцаў, а пакуль - пакажам некалькі ролікаў-намінантаў на свой густ.

Выставу “Прэс-фота Беларусі - 2012” у Гродне можна будзе наведаць да 10-га снежня.

Конкурс «Прэс-фота Беларусі» праводзіцца трэці год. Яго ўдзельнікамі з'яўляюцца айчынныя фатографы, якія супрацоўнічаюць са СМІ.

У 2012 годзе аргкамітэт атрымаў заяўкі ад 90 удзельнікаў, якія даслалі больш за 2500 здымкаў для ўдзелу ў конкурсе.

Журы конкурсу, у якое ўваходзяць вядомыя айчынныя і замежныя фатографы і фотарэдактары, вызначыла пераможцаў у наступных намінацыях: «Навіны», «Людзі ў навінах», «Спорт», «Паўсядзённае жыццё», «Партрэт», «Мастацтва і забавы», «Прырода», «Народныя традыцыі». Ацэньваліся як адзінкавыя здымкі, так і серыі фатаграфій.

 Больш інфармацыі пра конкурс можна знайсці на сайце http://pressphoto.by

 Паводле http://t-styl.info



уверх

Дабрачынная акцыя ў Музеі гісторыі рэлігій


Пачынаючы з верасня дзеці з абмежаваннямі, якімі апякуецца Грамадская дабрачынная арганізацыя “Гродзенскі дзіцячы хоспіс”, іх бацькі, валанцёры рабілі калядныя сувеніры.

2 снежня ў Гродзенскім музеі гісторыі рэлігій пройдзе выстава-продаж, сродкі ад якой пойдуць на патрэбы хворых дзяцей.

 Выстава-продаж і канцэрт прымеркаваныя да Міжнароднага дня людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

 Дырэктарка  ГДА “Гродзенскі дзіцячы хоспіс” Вольга Шульга:

 -  Сумесна з Гродзенскім музеем гісторыі рэлігій і музычнай школай №1 мы вырашылі зрабіць канцэрт, у якім выступяць і здаровя дзеці, і дзеці з абмежаванымі магчымасцямі, чакаем гасцей з Мінска (пры падтрымцы арганізацыі “Мае сэнс”).



Хочам, па-першае, прыцягнуць увагу грамадства да праблем людзей з абмежаваннямі, а па-другое, зладзіць выставу-продаж калядных сувеніраў.

У дзяцей, якімі апякуецца наша арганізацыя, ёсць  мара – з’ездзіць у аквапарк у Друскенікі. Большасць з іх ніколі ўвогуле не былі за мяжой.

Мы падлічылі, на паездку аднаго дзіцяці разам з мамай патрэбна 150 даляраў. Такіх дзетак 20, да таго ж іх павінны суправаджаць валанцёры, бо многія дзеткі на інвалідных вазках. На гэта і подуць усе атрыманыя ад продажу сродкі.

Спадзяемся, што да вясны мы нейкім чынам здолеем сабраць неабходную суму.

 На арганізацыю выезда дзяцей у аквапарк і пойдуць усе сродкі, атрыманыя за продаж калядных сувеніраў, зробленых самімі дзецьмі. Гэта снегавічкі, анёлы, вязаныя рэчы, вырабы з валянай воўны, гірлянды, паштоўкі...

Канцэрт і выстава-продаж адбудуцца ў Музеі гісторыі рэлігій у 15.00 2 снежня.

Уваход вольны.

Кожны сувенір, набыты вамі на выставе, набліжае спаўненне дзіцячай мары!

Паводле http://t-styl.info

уверх

Выстава творчасці людзей з абмежаваннямі


Да Міжнароднага дня інвалідаў прымеркаваная выстава ў Гродзенскай вытсавачнай зале творчых работ наведнікаў аддзяленняў дзённага прабывання цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання Гродзенскай вобласці.

Такіх цэнтраў у вобласці 20, а гэта ў агульнай колькасці 119 гурткоў, 30 клубаў па інтарэсах і 16 рэабілітацыйна-працоўных майстэрняў.

У іх людзі з абмежаваннямі вырабляюць сувеніры, засвойваюць сакрэты хатняй гаспадаркі, шыюць і нават вырабляюць мыла.

 Творчасцю на базе тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання Гродзенскай вобласці займаюцца 576 чалавек. Для іх гэта і спосаб раскрыць свае здольнасці, і дзейсны сродак сацыяльнай рэабілітацыі.

Абласная выстава “Душа, адкрытая свету” пазнаёміць гродзенцаў з работамі маладых людзей з абмежаваннямі: малюнкамі, вышыўкай, вырабамі з бісеру, з прыроднага матэрыялу, аплікацыямі, жывапісам.

Выстава адкрыецца ў 11 гадзін 4 снежня.

 Яе мэта – прыцягнуць увагу грамадства да праблем людзей з інваліднасцю, а людзей з асаблівасцямі ў развіцці заахвоціць да заняткаў мастацкай творчасцю.

 Пазнаёміцца з творчасцю людзей з абмежаваннямі ў гродзенскай выставачнай зале можна будзе да 16 снежня.



Паводле http://t-styl.info

уверх

Беларускамоўныя псіхолагі аб’ядноўваюцца


Ствараецца суполка беларускамоўных спецыялістаў  і студэнтаў у галіне псіхалогіі.

Асноўныя мэты – гэта развіццё псіхалогіі ў беларускамоўнай прасторы (акрамя даследча-практычнай дзейнасці ў планах і переклад кніг па псіхалогіі на беларускую мову), і прафесійнае развіццё.

У межах суполкі плануецца таксама дзейнасць дыскусійнага клуба, у якім будуць абмяркоўвацца актуальныя пытанні з вобласці псіхалогіі.

Праект мае на ўвазе Lifelong Learning, правядзенне міжнародных праектаў, даследчую і практычную дзейнасць найперш у трох накірунках:

- міжкультурныя адносіны, кросс-культурная і акультурацыйная псіхалогія;

- псіхалогія здароўя;

- псіхалогія развіцця (узроставая псіхалогія).

 Калі Вы зацікавіліся, калі ласка пішыце на адрас: vraketskaya@yahoo.com .



Паводле http://generation.by
уверх

Публічныя лекцыі Алеся Лагвінца ў Гродне


Палітолаг, намеснік старшыні Руху “За Свабоду” Алесь Лагвінец правядзе цыкл лекцый на тэму "Інтэграцыйныя працэсы ды інстытуцыі Еўрапейскага саюза".

Мэта курса – прадставіць дэталёвую карціну палітычных працэсаў і асноўных палітыкаў Еўрасаюза, паказаць асноўныя мадэлі і этапы эвалюцыі ЕС, развіць у слухачоў навыкі аналізу еўрапейскіх інтэграцыйных працэсаў. У рамках курсу будуць праведзены дэбаты і абмеркаванні актуальных пытанняў еўраінтэграцыі.

 Лагвінец:

 - Хачу прадставіць карціну еўрапейскай інтэграцыі, паказаць, якія магчымасці яна дае.



Беларусь, што знаходзіцца ў Еўропе, таксама закранутая працэсамі еўрапейскай інтэграцыі, і мы толькі выйграем, калі будзем ведаць, што адбываецца за нашымі заходнімі межамі. Гэта адзін са спосабаў пераадолення самаізаляцыі Беларусі.

Алесь Лагвінец ладзіць адкрытыя лекцыі на тэму Еўрапейскай інтэграцыі з 2006 года. Спачатку яны праходзілі ў Мінску, дзе іх праслухалі больш за 300 студэнтаў і маладых спецыялістаў. Сёлета далучыліся  Гомель, Магілёў  і  Гродна.

 Лагвінец:

- Спадзяюся, гэта дасць добры штуршок для развіцця. Некалькі маіх слухачоў ужо павучыліся ў Еўрапейскім каледжы, у іншых еўрапейскіх ВНУ у Швецыі, Германіі, Францыі, некаторыя - самі ўжо з’яўляюцца экспертамі, пачынаючымі, але вельмі шматабяцальнымі, ёсць тыя, што працуюць у грамадскіх арганізацыях, у СМІ.

 На курс лекцый у Гродне запрашаюцца студэнты, маладыя спецыялісты і ўсе, хто зацікаўлены паглыбленым вывучэннем еўрапейскай інтэграцыі. Паспяховыя слухачы атрымаюць сертыфікат Еўраклуба і рэкамендацыі стажыравання.

 Мова выкладання – беларуская (для вывучэння ўсіх матэрыялаў курса веданне ангельскай мовы пажаданае, але не абавязковае).

 Курс складаецца з трох частак і будзе выкладацца па суботах (1, 8 і 15 снежня) з 12 да 17 гадзін.

 Усім патэнцыйным удзельнікам прапануецца сабрацца 1 снежня а 12:00 ля вежы пажарнага дэпо (вул.Замкавая, 19) і потым разам пайсці на сядзібу, дзе будзе адбывацца курс.

 Дадатковая інфармацыя і папярэдняя рэгістрацыя на курс па тэлефоне +375296061034 альбо па эл. адрасе lahviniec@gmail.com .



Паводле http://t-styl.info
уверх

За адмову прымаць прысягу пагражаюць крымінальнай справай


15 снежня ў вайсковай частцы  N 51171 у Гродне пройдзе прысяга. Яе адмаўляецца прымаць навабранец –маладафронтавец Павел Сяргей.

Павел Сяргей ад пачатку патрабаваў замяніць вайсковую службу на альтэрнатыўную грамадзянскую.

У заяве на альтэрнатыўную службу ён пазначыў, што “паводле сваіх рэлігійных перакананняў не можа насіць вайсковую форму і служыць у войску, дзе пануе камуністычная сімволіка (серп і молат), пад якой у СССР пераследавалі хрысціян”.

Аднак у апошні прызыў яго ўсё ж забралі ў войска і накіравалі служыць у Гродна.

Цяпер узніклі праблемы з прысягай.

 Наста Палажанка, намесніца старшыні “Маладога Фронта” (арганізацыя зарэгістраваная ў Чэхіі):

 - Павал тлумачыць сваю адмову тым, што ўжо даваў прысягу “Маладому фронту” і Беларусі і даваць іншую не бачыць сэнсу і не мае жадання.  За гэта яму пагражалі завядзеннем крымінальнай справы, далі час на роздум, хаця  прысяга нібыта справа добраахвотная.

 Пакуль выпадкаў завядзення крымінальнай справы за адмову прымаць прысягу ў Беларусі не было. Калі такіх прызыўнікоў не атрымлівалася прымусіць да прысягі, іх  звычайна накіроўвалі ў чыгуначныя ці інжэнерныя войскі.



Паводле http://t-styl.info
уверх


А
бвесткі
:

уверх


Трэнінг “Даступныя новыя медыі”


NewGroupMedia запрашае грамадскіх актывістаў узяць удзел у трэнінгу па працы з відэакантэнтам у Новых Медыях. Мэта трэнінгу: даць тэарэтычныя і практычныя веды па стварэнні і распаўсюдзе медыя кантэнту, па працы з відэа-абсталяваннем, напісанні сцэнару, працэсе відэаздымкі, а таксама мантажы.

Удзельнікі мусяць быць не маладзейшыя за 18 год, быць грамадска актыўнымі, мець магчымасць і жаданне выкарыстоўваць і распаўсюджваць атрыманыя веды ў сваёй грамадскай дзейнасці.

Трэнінг пройдзе ў Мінску з 21 па 23 снежня. Арганізатары пакрываюць выдаткі на праезд, харчаванне і пражыванне.

Каб узяць удзел, неабходна запоўніць анкету, якая знаходзіцца па спасылцы: https://docs.google.com/file/d/0B9Y7THsZD_RHTXNfYkRKUG13Y1U/edit і даслаць яе на электронны адрас: newmediaschool2012@gmail.com

Апошні тэрмін падачы заявак - 10 снежня.

Арганізатары праінфармуюць адабраных удзельнікаў 12 снежня.



Паводле рассылкі belngo.info

уверх

Навучальныя візіты ў Польшчу для актыўных студэнтаў


Польска-Амерыканскі Фонд Свабоды, Фонд «Барусія», Калегіум Усходняй Еўропы ім. Яна Новака-Езяраньскага запрашаюць актыўных студэнтаў з Беларусі, Малдовы, Украіны і Расійскай Федэрацыі (Бранская, Калінінградская, Наўгародская, Ленінградская вобласці і горад Санкт-Пецярбург) паўдзельнічаць у Праграме Study Tours to Poland (STP).

У Праграме Study Tours to Poland могуць прыняць удзел паспяховыя студэнты ВНУ, якія актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці і адпавядаюць наступным фармальным патрабаванням:

• Узрост 18 – 21 год (1 ліпеня 1991 – 31 снежня 1994 г.).

• З’яўляюцца грамадзянамі Беларусі, Малдовы, Украіны і Расійскай Федэрацыі.

• Навучаюцца ў Беларусі, Малдове, Украіне і Расійскай Федэрацыі (у Бранскай, Калінінградскай, Наўгародскай, Ленінградскай абласцях і горадзе Санкт-Пецярбурзе).

• Маюць дзейны замежны пашпарт (тэрмін дзеяння не можа быць карацейшы чым да 30 верасня 2013 г.)

• Не прымалі раней удзелу ў Праграме Study Tours to Poland і ў Праграме Study Visit in Gdynia.

Для ўдзелу ў STP кандыдаты праходзяць адбор на конкурснай аснове.

Апошні тэрмін падачы заявак - да 10 снежня. 

Інфармацыю аб выніках конкурсу кожны з кандыдатаў атрымлівае індывідуальна да 10 студзеня 2013 г. 

Візіты адбываюцца ў красавіку і маі 2013 г., працягласць візіту – 12 дзён.

Арганізатар праграмы бярэ на сябе выдаткі на пражыванне і харчаванне на тэрыторыі Польшчы падчас візіту.

Удзельнікі атрымаюць запрашэнні, якія даюць права на бясплатныя візы ў Польшчу.

Арганізатары не вяртаюць дадатковых выдаткаў, звязаных з атрыманнем візы, напрыклад, з паездкай у консульства. Удзельнікі аплачваюць выдаткі на страхоўку, патрэбную для атрымання візы ў Польшчу і бяруць на сябе частку выдаткаў на дарогу, звязаных з паездкай у Польшчу.

Працэдура падачы заявы на ўдзел у Праграме БЯСПЛАТНАЯ!

Заява на ўдзел у Праграме запаўняецца анлайн



Падрабязней - тут 

Паводле http://www.studytours.pl
уверх

Конкурс школьных праектаў па энергаэфектыўнасці


Рэспубліканскі конкурс школьных праектаў па энергаэфектыўнасці «Энергія і асяроддзе пражывання» праводзіцца ў рамках міжнароднага адукацыйнага праекта SPARE (найбуйнейшага міжнароднага адукацыйнага праекта для школьнікаў па адукацыі ў пытаннях змянення клімату і энергетыкі) і сусветнай дэкады ААН «Адукацыя для ўстойлівага развіцця» пры падтрымцы Нарвежскага таварыства аховы прыроды і INFORSE Europe (Еўрапейская сетка развіцця ўстойлівай энергетыкі).

Конкурс 2012/2013 года праводзіцца пад дэвізам: «Захаваем клімат – пачнём з простых энергетычных рашэнняў».

Да ўдзелу запрашаюцца навучэнцы і педагогі ўстаноў агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай і дадатковай адукацыі, якія зацікаўлены і ўжо маюць дасягненні ў практычнай дзейнасці ў галіне змены клімату, укаранення энергазберажэння, выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі для мясцовых патрэбаў, у павышэнні энергаэфектыўнасці школьных будынкаў, у развіцці адукацыі школьнікаў і асветы насельніцтва па пытаннях эфектыўнага выкарыстання і зберажэння энергіі.

Конкурс праводзіцца з 15 кастрычніка 2012 года па 15 люты 2013 года ў два этапы:

- Першы этап (абласны, г. Мінск) – з 15 кастрычніка 2012 года па 1 студзеня 2013 г.;

- Другі этап (рэспубліканскі) – з 2 студзеня па 15 лютага 2013 года.

Падвядзенне вынікаў адбудзецца да 15 лютага 2013 года.

Работы, якія занялі першыя месцы ў кожнай намінацыі, будуць накіраваныя на міжнародны конкурс да 15 сакавіка 2013 года.

Намінацыі для вучняў:

1.Практычная праца.

2.Тэарэтычная праца (праект).

3. Інфармаванне грамадства / прапаганда энергаэфектыўнасці і энергазберажэння.

Намінацыі для педагогаў:

1. Урок / дыдактычныя матэрыялы «Простыя энергетычныя рашэнні супраць змены клімату».

Для ўдзелу ў конкурсе установам адукацыі неабходна зарэгістравацца на сайце spare-belarus.by і пасля актывацыі акаўнта запоўніць анкету SPARE школы Беларусі да адпраўлення дакументаў на абласны этап конкурсу. Конкурсныя працы, дасланыя незарэгістраванымі ўдзельнікамі, разглядацца не будуць.

Тэрмін падачы прац на рэспубліканскі этап конкурсу – 2 студзеня 2013 г. 

Падрабязней пра ўмовы конкурсу на spare-belarus.by

Паводле http://nastaunik.info
уверх

Як беларусу стварыць няўрадавую арганізацыю ў Польшчы?


Група “Замежжа” ажыццяўляе праект, у межах якога дапамагае беларускім няўрадавым арганізацыям зарэгістравацца ў Польшчы.

Супольна з парталам NGO.PL распрацаваны даведнік „Я СТВАРАЮ НЯЎРАДАВУЮ АРГАНІЗАЦЫЮ Ў ПОЛЬШЧЫ. ДАВЕДНІК ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ”, які крок за крокам апісвае працэдуру рэгістрацыі няўрадавай арганізацыі ў Польшчы.

Арганізацыям, якім спатрэбіцца ня толькі інфармацыя з даведніка, але і далейшая падтрымка, прапаноўваюцца прафесійныя юрыдычныя паслугі і падтрымка па рэгістрацыі да канца 2012 года.

Асобы і арганізацыі, зацікаўленыя ў супрацоўніцтве ці дапамозе па рэгістрацыі, могуць звязацца з Працоўнай групай праз эл. пошту: jan.strzelecki@zagranica.org.pl (Ян Стшэлецкі).


Даведнік можна знайсці па спасылцы: http://zagranica.org.pl/en/Aktualnosci/przewodnik-zakadam-organizacj-pozarzdow-w-polsce-dla-biaorusinow.html

Паводле рассылкі belngo.info
уверх

Конкурс для грамадскіх ініцыятыў і арганізацый


Грамадскае аб’яднанне “Цэнтр “Трэці сектар” распачынае чарговы конкурс “Будзь у Трэцім!”, мэтай якога з’яўляецца папулярызацыя дзейнасці грамадскіх арганізацый, ініцыятыў і асоб Гарадзеншчыны, якія робяць вялікі ўнёсак у вырашэнне важных мясцовых пытанняў.

Да ўдзелу запрашаюцца прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і ініцыятыў Гарадзеншчыны, а таксама актыўныя асобы, якія займаюцца дабрачыннай дзейнасцю.

Вы маеце добрую магчымасць зрабіць сваю грамадскую дзейнасць больш вядомай, далучыць да яе новых людзей.

Конкурс праводзіцца ў наступных намінацыях:



1. Захаванне культурнай і гістарычнай спадчыны

2. Экалогія і ахова навакольнага асяроддзя

3. Дабрачыннасць

4. Інтэрнэт-прарыў года

5. Лепшая кампанія па адстойванні і прасоўванні інтарэсаў грамадскасці

6. Валанцёр года

7. Лепшы творчы праект

Кожны ахвотны можа падаць заяўку на ўдзел у конкурсе, запоўніўшы анкету і даслаўшы яе на скрынку 3sektar@gmail.com з пазнакай “Будзь у трэцім”.

Апошні тэрмін – 30 снежня.

Анкета ўдзельнікаў конкурсу «Будзь у Трэцім!»

Упершыню конкурс “Будзь у Трэцім!” быў арганізаваны ў Гродне ў верасні 2011 года.

Яго мэтай была папулярызацыя лепшых інтэрнэт-рэсурсаў і інтэрнэт-кампаній, рэалізаваных грамадскімі ініцыятывамі Гарадзеншчыны.  Больш інфармацыі глядзіце на старонках конкурсу тут

Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне +375292836004 ці напісаўшы на скрынку 3sektar@gmail.com з пазнакай “конкурс “Будзь у Трэцім!”



Больш падрабязна http://3sektar.by

уверх



Не спазніся!

уверх

Фестываль аматарскіх відэафільмаў “Погляд”


БМГА «Івалід і асяроддзе» запрашае ахвотных да ўдзелу ў II Брэсцкім міжнародным фестывалі аматарскіх відэафільмаў «Погляд». Фестываль пройдзе ў Брэсце ў сакавіку-красавіку 2013 г.

Апошні тэрмін падачы заявк на ўдзел – да 20 лютага 2013г.



Падрабязная інфармацыя пра Фэст і форма заяўкі

Для кантактаў: Аргкамітэт, Брэст, вул. К. Маркса, 5, к. 11

Фестываль аматарскіх фільмаў «Погляд», каардынатар Алег Рачкоўскі, тэл.: +375 29 825-46-05; Ірына Трацюк, тэл.: +375 29 527-96-92.

Эл. почта: belshlyah@gmail.vom, www.daebrest.by



Паводле http://ngo.by

уверх




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка