Крысціна Аўдзеева Кошык “сыраежак”




Дата канвертавання30.04.2016
Памер20.62 Kb.
Крысціна Аўдзеева

Кошык “сыраежак”

Аднойчы летняй раніцай я прачнулася, калі сонца яшчэ толькі пачынала ўзыходзіць. Я падумала, што яшчэ рана, спяшацца няма куды і можна паспаць. Аднак пачула ў другім пакоі крокі. Дай, думаю, пагляджу, хто там ходзіць. Выйшла і бачу, што тата збіраецца ў грыбы. Сон мой як рукой зняло.



  • Тата, я хачу з табой!

  • А ты ж не ведаеш, якія трэба збіраць грыбы.

  • Я ўсё ведаю, нядаўна кнігу чытала, дзе вельмі цікава апісваліся розныя грыбы. Я ўсё запомніла, так што назбіраю поўны кошык.

  • Так, паглядзім. Давай хуценька збірайся.

Вось мы ўжо на вуліцы. У паветры адчуваецца яшчэ ранішняя прахалода, аднак сонца пачынае прыграваць усё мацней і ярчэй. На душы ў мяне радасна, бо я ўпершыню іду ў грыбы. Усе думкі толькі пра грыбы. У руках у мяне маленькі кошык, які зусім нядаўна для мяне зрабіў дзед. Я ўжо бачу ў сваіх марах поўны кошык сыраежак, лісічак, баравікоў, падасінавікаў…

  • Вось мы і на месцы, - раптоўна перапыніў мае мары бацька. – Ты пахадзі па маладым сасонніку, а я пайду ў дзяляначку, там павінны быць баравічкі і падасінавікі.

Я агледзелася і бачу, што мы ўжо знаходзімся ў маладым сасонніку. Сонца ўжо даволі высока. Гляджу, а ў таты ў кошыку ўжо некалькі грыбкоў.

  • Тата, мы ж яшчэ не пачыналі збіраць грыбы, а ў цябе ўжо кошык не пусты.

  • Дык я ж дарогай ішоў і глядзеў пільна па баках, пад дрэвамі. Вось і знайшоў ужо некалькі сыраежак.

  • А я думала, што грыбы збіраюць толькі калі прыходзяць на пэўнае месца.

  • Не, грыбы пачынаюць збіраць, як толькі ўваходзяць у лес, - адказаў бацька і пайшоў па сцежцы ў бок дзяляначкі.

Я ж агледзелася вакол і недалёка ад сябе ўбачыла некалькі вялікіх грыбоў з яркімі чырвонымі шапачкамі. “Гэта ж сыраежкі! Якія ж яны прыгожыя, як на малюнку ў кнізе. А колькі ж іх многа!” – узрадавана падумала я і пабегла да гэтых грыбоў. Хуценька нарэзала амаль цэлы кошык і села на пянёк. “Навошта тата пайшоў некуды, калі тут грыбоў столькі?”

Праз некаторы час прыйшоў бацька з цэлым кошыкам грыбоў.



  • Чаго ты столькі доўга хадзіў, мне ўжо надакучыла цябе чакаць, паглядзі, я за пятнаццаць хвілін назбірала цэлы кошык.

  • Дык гэта ж мухаморы, дачушка, - рассмяяўся тата ў адказ на маю заўвагу.

  • Як мухаморы? Гэта сыраежкі. Паглядзі, у іх жа шляпка чырвоная, як на малюнку ў кніжцы.

  • А кропачкі белыя на шляпцы ты заўважыла?

  • Ой, а пра гэта я зусім забылася! Што ж цяпер рабіць?

  • Прыйдзецца твой кошык “сыраежак” выкінуць і назбіраць кошык сапраўдных грыбоў. Як жа ты прыйдзеш дадому з пустым кошыкам?

Бацька высыпаў пад елачку мухаморы, і мы разам пачалі збіраць грыбы. Я не адставала ад таты, ён мне паказваў грыбы, тлумачыў, якія з іх прыдатныя для яды, а якія ядавітыя, паказваў характэрныя прыкметы кожнага грыба. Так праз некаторы час мы назбіралі цэлы кошык сапраўдных грыбоў, сярод якіх былі і сыраежкі, і лісічкі, і баравікі, і падасінавікі, і падбярозавікі. З радасным настроем я вярнулася дамой і расказала маці пра свой кошык “сыраежак”. Маці разам з бацькам яшчэ доўга ўспаміналі пра гэтае здарэнне. Нават цяпер, калі мы сям’ёй ідзем у грыбы, заўсёды ўспамінаем мой першы кошык “сыраежак”.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка