“Крыніца натхнення” (2004г.) і “Імгненні радасці і болю”




Дата канвертавання10.05.2016
Памер430.58 Kb.














Віктар Пятровіч Пятроў амаль тры дзесяцігоддзі працаваў адказным сакратаром лёзненскай раённай газеты “Сцяг перамогі”. Адначасова ўзначальваў літаб’яднанне “Світанак”, створанае па яго ініцыятыве пры райгазеце. Член саюза журналістаў Беларусі з 1974 года. Цяпер ветэран-журналіст знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але не парывае сувязі з роднай газетай.

Усё сваё жыццё Віктар Пятровіч сябруе з паэзіяй. Выпусціў два зборнікі вершаў – “Крыніца натхнення” (2004г.) і “Імгненні радасці і болю” (2008г.). Галоўнай тэмай абодвух зборнікаў з’яўляецца любоў да блізкіх, дарагіх людзей, да родных мясцін, да прыроды – вечнай прыгажосці і гармоніі свету.



“Старонкі нашага жыцця” – так называецца трэці зборнік, у якім аўтар працягвае размову на раней узнятыя тэмы. У апошнім раздзеле змешчаны гумарыстычныя творы, напісаныя ім пераважна ў апошні час.







МОЙ ЛЁЗНЕНСКІ

ЦУДОЎНЫ КРАЙ
Як зорачка на небасхіле

Святлом нягаснучым заззяй,

Часцінка Беларусі мілай –

Мой лёзненскі цудоўны край.


Тваёй красой зачараваны,

Ты – і пачатак, і працяг,

Ад Кавалёў да Высачанаў

Старонкі нашага жыцця.


Тут што ні крок –легенда, казка,

Сівой даўніны пераказ.

Гучаць тут словы: “Калі ласка”,

“Добро пожаловать” – ў адказ.


З пакон вякоў сям’ёй адзінай

Жывём у свету на віду.

Мы зберажом свае святыні,

Падзелім радасць і бяду.


Героям кланяемся нізка,

Хто ўратаваў цябе для нас.

Стаяць маўкліва абеліскі,

Як напамін пра грозны час.


Дык набірайся моцы-сілы

І яркай кветкай расцвітай,

Часцінка Беларусі мілай –

Мой лёзненскі цудоўны край.




ПОДЗВІГ НЕ ЗАБЫТЫ
На прасторах Беларусі мілай

Скрозь і ўсюды брацкія магілы.


Тут, пад Лёзнам, Віцебскам і Мінскам

Не злічыць паўстаўшых абеліскаў.


А пад імі ў цішыні зацятай

Спачываюць вечным сном салдаты.


Грозная віхура іх скасіла,

Родная зямелька прытуліла.


І вартуюць пільна сон герояў

Дрэўцы, што пасталі побач строем.


Ад далёкіх сёл і да сталіцы

Людзі сюды ходзяць пакланіцца


Тым, хто даў нам мір цаной такой,-

Вечная ім памяць і спакой.


На святой зямлі, крывёй палітай,

Бессмяротны подзвіг не забыты!



РЭЧКА МАЁЙ ЛЮБОВІ
Ёсць такая рэчка ў нашым краі-

У мае наведваецца сны.

Люд яе мясцовы называе

Меншаю дачушкаю Дзвіны.


Не шукала ціхага прытулку,

Адно помню: ў самы цяжкі час

Гэта непрыкметная рачулка

І паіла, і карміла нас.


З той пары сплыло вады нямала,

І мае гадочкі паплылі…

Рэчка, што нам выжыць памагала,

Стала самай роднай на зямлі.


Давяраю ёй свае сакрэты,

Аб сустрэчы мару кожны дзень.

Цёплымі пачуццямі сагрэты

Я кажу: такой няма нідзе.


Даражу сяброўкай сінявокай,

Падзялю з ёй радасць і бяду.

Адусюль – хоць зблізку, хоць здалёку,

Да знаёмых берагоў прыду.


Дзе б ні плыць – па Волзе ці па Нілу,

Ля якіх ні пахадзіў бы рэк,

Ды яе, што змалку паланіла,

Разлюбіць не здолею павек.



МОЙ РАЙ

ЗЯМНЫ
Ізноў у родныя мясціны,

Ў мае вясеннія гады

Завуць знаёмыя сцяжыны,-

І я гатоў ляцець туды.


Прыліпла вёсачка да гаю,

А побач з ёй – палі, палі…

Наведаць той куток жадаю,

Па ім душа даўно баліць.


Чакаюць там мяне вяскоўцы,

Я абніму сваіх сяброў.

А наскія пачую слоўцы –

У жылах узбунтуе кроў.


О, дзіўны бор!

Мая рачулка!

Як сумаваў без вас, як чах!

Іду, а сэрца б’ецца гулка

І слёзы радасці ў вачах.
Пачуцці хваляй наплываюць,

І думка спеліцца ў мяне:

Нідзе няма зямнога раю

Як на радзімай старане…



САДЫ ЮНАЦТВА
Мне прысніўся той куток адзіны,

Што завецца малаю радзімай,

Дзе сцяжынка кожная знаёма,

Дзе я свой, а не чужы – я дома.


Бачу дарагіх сяброў-вяскоўцаў

Працавітых і з дасціпным слоўцам,

Шчырых, ды з хітрынкаю, гасцінных,

Крыўды не прычыняць без прычыны.

Калі ж роднай мовы ўчуў гамонку,

Сэрца загучала песняй звонкай.

Завітаў пасля на баравіну –

Колькі з ёю звязана ўспамінаў!

Рады і цяперашняй сустрэчы.

Пабываў я і ў садах зарэчных,

Дзе мы рвалі яблыкі з каханай…
Абарваўся сон мой нечакана.

А мне ж так хацелася застацца

У садах вясёлага юнацтва!

ГАРМОНЬ
Яшчэ й цяпер спяшу бывае

(Імпэт юнацкі не ачах)

Сюды, дзе некалі за гаем

Гармонь рыдала па начах.


На ўсю ваколіцу да бору

Гучала музыка ў цішы,

Ды з пералівам, з пераборам,-

Якая ўцеха для душы!


То ўсхліп, то радасць нечакана,

То зноў плыве шчымлівы спеў…

І слухаў я зачараваны,

Нат варухнуцца не пасмеў…


Пара юнацтва адляцела,-

Пайшла гармонь адпачываць.

Заціхнуў гай асірацелы,

Дзівосных гукаў не чуваць.


Стаю самотны каля ліпы,

Сплываюць хмаркі за лясок…

Эх, мне б гармоні той усхліпы

Пачуць яшчэ хаця б разок!



НАКАЗ
“Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш мову сваю, а потым

зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы

нашай беларускай, каб не ўмёрлі!”.

Францішак Багушэвіч
Адданы, верны сын

Сваёй зямлі

Нашчадкам перадаў

Наказ талковы:

Каб мы не ўмёрлі,

Жыць далей змаглі,

Павінны не пакінуць

Роднай мовы.


Яна для нас святая

Нібы храм.

І Богам дадзена

З часоў далёкіх.

Каб не згубіцца, выжыць –

Трэба нам

Заўсёды помніць

Той наказ высокі.


Калі ж ад мовы продкаў

Адцурацца,

Тады навошта

Беларусам звацца?



ТВАРЫЦЕ ДОБРАЕ З ЛЮБОЎЮ
Пра любоў гаворак шмат адвеку,

Спрэчкі не сціхаюць ні на дзень:

А навошта гэта чалавеку?

Радасць ці хвароба для людзей?


Можна доўга разважаць пра тое,

Можна зразумець без лішніх слоў:

Створана з любоўю ўсё жывое

І само жыццё для нас – любоў.


“З Божае любові сонца свеціць”,-

Так казаў адзін мудрэц стары.

Вось і нам нішто на гэтым свеце

Без пачуццяў светлых не стварыць.


Дык з любоўю – без выгод-карысці –

Добрае тварыце на зямлі!

Каб нашчадкі ўдзячныя калісьці

Цёплым словам памянуць маглі.


БЯДУ АСІЛІЦЬ

МОЦНЫ ДУХАМ
Калі аднойчы чорнай хмарай

Бяда наваліцца на вас,

Не паддавайцеся ударам,

Каб у душы агонь не згас.


Галоўнае – не панікуйце

І не губляйце галавы.

Паверце ў сілы,

Дух мацуйце,

Бо выстаяць павінны вы.

Навала вечнаю не будзе –

Даволі хмараю кружыць!

Вам добрыя памогуць людзі

Той час нядобры перажыць.
І з кожным крокам,

З кожным рухам

Стойкасць праявіцца спаўна.

“Бяду асіліць моцны духам”, -

Нас вучыць ісціна адна.

ПЕРАКОСЫ
Што дзень новы нясе? –

Людзі часта гадаюць.

Шчасця хочуць усе,

Ды не ўсе яго маюць.


І са мною было

Шчасце блізенька, поруч,

Але хутка сплыло,

Мне пакінуўшы горыч.


Вось глытаю цяпер

Гэту прыкрасць запоем,

Як паранены звер

Не знаходжу спакою.


Дум бязрадасных рой:

Адкуль тыя напасці?

За якою ракой

Прытаілася шчасце?


Хоць пакуль на плаву,

Штось не радуе вока,-

Колькі часу плыву,

А да мэты далёка.

І няўжо да труны

Маёй мары не збыцца?..

Шчасце п’яніць адных,

А другім яно сніцца.


Дык скажыце, чаму

У жыцці перакосы:

Ці так трэба каму,

Ці прадказана лёсам?


РАЗДВАЕННЕ
Ёсць, на слова мне паверце,

Закавыка ў нас адна –

Паміж розумам і сэрцам

Спрэчкі цягнуцца здаўна.


Заваруха ледзь якая,

Пачынаецца раздрай.

Сэрца рвецца: “Паспяшаем!”

Розум проціў:”Пачакай!”


Дзе ж на згоду быць надзеі,

Калі чуеш дзень пры дні:

“Не марудзь, бо не паспеем!”

“Супакойся, не гані!”


Спрэкі, вечныя разборкі…

Карацей – ва ўсім разлад.

Пра спакой няма й гаворкі,

Што ні скажаш - неўпапад.


Гэтак мы здароўе губім.

Што прыдумаць? Што рабіць?

Сэрца тахкае, як бубен,

Розум сцішана сапіць.


Вось такое раздваенне,

Вось чаму нутро гарыць.

Як знайсці заспакаенне –

Розум з сэрцам памірыць?



ТАКІХ ШКАДА
У свеце, кажуць, ёсць нямала

Вялікіх цудаў і малых.

Мне ж аніяк не выпадала

Пабачыць хоць часцінку з іх.


Ды шкадаваць аб гэтым досыць,

Па сэрцу рэзаць без нажа.

Хапае вакол нас дзівосаў –

Іх трэба толькі заўважаць.


У казку завітай лясную

І падзівіся ў той цішы:

Як гнёзды птушачкі майструюць,

Як гмахі ўзводзяць мурашы.


А як цвітуць вясной прыгожа

Сады і кветкі – чым не цуд!

Вітаю шчыра тых, хто зможа

Сустрэцца з дзіўным там і тут.


Імкненне гэта падзяляю.

А ёсць жа людзі (вось бяда!),

Якіх нішто больш не здзіўляе –

І мне асоб такіх шкада.



СТРАТЫ
Жыў – не тужыў,

Сяброў я меў багата,

Было дзяліць з кім

Радасць і бяду.

Дажыўся вось –

Цяпер за стратай страта,

А сам журботны

К старасці брыду.


Час не спыніць…

Фінал наш немінучы –

Няўмольны лёс

У вечны сон вядзе.

О, як жа цяжка,

Горка і балюча,

Калі губляем

Дарагіх людзей!


І ўсё ж не варта

Наракаць на долю,

Лепш з чыстым сэрцам

Госпада маліць,

Каб смерць нам дапамог,

Як не адолець,

Хаця б на тэрмін пэўны

Аддаліць.




ДУМЫ, МАЕ ДУМЫ…
Выплыў з-за аблокаў

Маладзік заспаны,

Зноў нырнуў пад коўдру

Сніць салодкі сон.

А вось мне не спіцца –

Думкі нечакана

Наляцелі роем,

Забралі ў палон.


Думы, мае думы,

Акажыце ласку:

Збаўце ад кашмараў,

Ад нягод-пакут.

Занясіце лепей

Мяне ў цуда-казку –

Да маіх вытокаў,

У радзінны кут.


На зямельцы гэтай

Векавалі продкі,

Каля іх магілаў

Пасяджу ў цішы.

Чалавеку трэба

Хоць на міг кароткі

Пакланіцца родным,

Зняць цяжар з душы.




ПЕСНЯ МАЦІ
Звечарэла. Шызыя туманы

Па лагчынах цэдзяць сырадой.

Цішыню парушыў нечакана

Спеў над засынаючай ракой.


Берагам якраз я міма крочыў

І нібыта ўкопаны застыў:

Незнаёмы галасок дзявочы

Мне знаёмы нагадаў матыў.


Гэтак мама некалі спявала

Песню-плач пра горкі ўдовін лёс.

Слухалі сялом усім бывала

І ніхто стрымаць не здолеў слёз.


Хлапчуком і я тады таксама

Перажыў жаночую тугу…

Вечным сном спачыла мая мама,

Ды ніяк прывыкнуць не магу.


Ні прывыкнуць, ні пазбыцца болю,

А яшчэ паверыць не хачу,

Што ў жыцці сваім ужо ніколі

Родны голас не змагу пачуць.


Песню гэту слухаў бы і слухаў,

Уявіўшы – мама ажыла…

Дзякуй табе, юная пявуха,

Хоць на міг надзею падала.



ЖЫВЕШ ТЫ Ў ПЕСНЯХ
Памяці І.М.Глушаковай
Усё пакінула і ліра

Раптоўна змоўкла, а сама

Заўчасна адляцела ў вырай,

Адкуль назад шляхоў няма.


Мы страту цяжкую панеслі,

Той боль нічым не заглушыць…

Суцішаць хіба твае песні –

Яны жывуць і будуць жыць.


Душа ў іх вольная гасцюе.

Мне ж падаецца кожны раз

Калі напеў знаёмы ўчую,

Што й ты нябачна сярод нас.


Дык з песняй звонкай, як крыніца

Жаданай госцяй прылятай

Да нашай рэчанькі Чарніцы,

У лёзненскі цудоўны край.



АДЗІНОКАЯ
Дажывае бабуля свой век,

Як сама, у старэнькай хаціне.

Сёння рэдка які чалавек

След на ганку прагнілым пакіне.


Ды і хто завітае сюды?

Ні радні, ні суседзяў не мае,

Перабраліся ўсе на клады –

Вымірае сяло, вымірае…


Лёс з фартунай, відаць, не ў ладах:

Рана страціла мужа, а дзеці

Разляцеліся па гарадах,

Шчасця-долю шукаюць у свеце.


Маюць сем’і, кватэры, аўто

І багацця прыдбалі нямала.

А пра маці не ўспомніць ніхто,

Бытта іх не яна гадавала.


Хоць балюча і крыўдна старой,

Усё роўна ёй хочацца верыць,

Можа ранкам ці позняй парой

Госць жаданы пастукае ў дзверы.


І ў размовах-маленнях з Небам

Ціхіх слёз наглыталася ўволю.

Сэрца ж крыкам зайшлося немым

Ад тугі, ад нясцерпнага болю.


Дзеці, дзеці! Пачуйце крык той,

Бо хачу, каб усё-такі зналі:

Гэта вы з ачарсцвелай душой

Роднай мацеры сэрца парвалі.

Дык забудзьце пра справы на час

І праведайце маці старую.

Не прачнецца ж сумленне у вас,-

Знайце:


Бог цяжкі грэх не даруе.

ЯК КАТОК ЗАЙМЕЎ ГАСПАДАРА

Не прыпомню ўжо, з якой нагоды

Я да вёскі крочыў нацянькі.

Золь, імгла – звычайная пагода,

Восені апошнія дзянькі.
Вецер злы то наляціць-накоціць,

То прыціхне крыху і – маўчок.

Пад кустом дрыжыць азяблы коцік,

Рыжанькі пушысты камячок.


Як тут апынуўся – невядома,

Холаду і голаду на здзек:

Ці зайшоў далёка сам ад дому,

Ці занёс нядобры чалавек.


Жаласліва мяўкае нябога,

Галасок асіплы ледзь чуваць.

Я прысеў, на рукі ўзяў малога,-

Трэба ж бедачыну ратаваць.


Лапкі адагрэў і падзяліўся

Ежай – недарма ў кішэні нёс.

Як жа ён хватаў! Еў і давіўся.

Стала мне шкада яго да слёз…


І ўсплыло – такому не забыцца –

Вязень я канцлагера ў пяць год.

Мог і сам, як кацяня, давіцца,

Толькі б нешта пападала ў рот.


І маліў тады галодны неба,

Каб якой хоць трошачкі яды,

Рады быў любой скарынцы хлеба

І глытку агіднай баланды.


Фарбаў тут ніколькі не згушчаю,

Бачыць Бог, засведчыць можа Ён:

Хто хлябнуў канцлагернага “раю”,-

Не забудзе да апошніх дзён…


А каток тым часам на далоні

Ўладкаваўся – адпачыць пара,

Песеньку мурлыча, што сягоння

Вернага займеў гаспадара.



САБАЧЫ ЛЁС
Са знаёмым некалі сабакам

Стрэліся – і ледзь таго пазнаў:

Каля скрынь для смецця небарака.

Ўсё шукаў аб’едкі дапазна.


А раней укормлены і гладкі

(Нездарма ж у багацея рос)

У двары наводзіў сам парадкі,

Службу вартавога спраўна нёс.


Знаў адно: не прапускай нікога

І – пільнуй дабро гаспадара.

Праз гады знясілеў, дык старога

Выгналі без жалю са двара.


Вось цяпер і шнырыць па задворках,

Каб дзе костку голую ўгрысці.

Праклінае лёс сабачы горкі,

Напаткаў чаму такі ў жыцці?


“Нешта не спяшаешся да хаты,

Хаця час – кажу – настаў для сну”.

Паглядзеў ён неяк вінавата,

Ціхенька руку маю лізнуў.

А ў вачах глыбокіх, як азерцы,

Было столькі болю і тугі…

Чую – зашчымела маё сэрца,

Быццам яго ціснуць абцугі.


З думкай аб душэўным суцяшэнні

Кожнага прасіць-маліць гатоў:

Людзі! Мы ўсе божыя стварэнні –

Меншых вы не крыўдзіце братоў!



ЖЫЦЦЁ – ЁСЦЬ БАРАЦЬБА
У нас, ледзь якая няўдача,

Адразу пачнецца ныццё.

Мы слёзна, гаротныя, плачам

І скардзімся ўсё на жыццё.


Клянём на чым свет сваю долю,

Забыўшы нябёсаў прысуд,-

Жыццё не бывае без болю,

Без гора, трывог і пакут.


І варта зазначыць усё-ткі,

Што тут не паможа кляцьба.

Казалі ж далёкія продкі:

“Жыццё – гэта ёсць барацьба”.


Таму, каб з няўдачай не знацца,

Запомні і ўсім перадай:

Не ныць мы павінны –

змагацца!

І стане квітнеючым край.




ПАРА АБНОЎ І ЛЕТУЦЕННЯЎ
Вясна…

Паўсюль пануе ажыўленне:

Вунь ручайкі

Імкнуцца да ракі,

Глядзяць на свет

Пралескі са здзіўленнем,

Вітаюць песняй

Сонейка шпакі.


Рунь зелянее.

Пасвятлелі далі.

Змывае дожджык

Зімнія сляды.

Да родных гнёздаў

Птахі завіталі,-

Яны заўжды

Вяртаюцца сюды.


Шыкоўны ўбор

Рыхтуецца для сада,

Палі ў чаканні

Працавітых рук.

А паглядзі,

Як абнаўленню рады

Унучачка мая

І твой унук.


Шчаслівыя,

Пабраўшыся за рукі,

Бягуць яны

І напяваюць штосьць…

А можа гэта мы,

А не унукі,

Ляцім з табой

У нашу маладосць?!

Як хочацца

Паверыць у такое!

Вось-вось і сам,

Здаецца запяю…

Ах, мары, мары!

Веснавыя мроі!

Душу вы

Растрывожылі маю…


ХАЧУ ВІТАЦЬ ВЯСНУ
Якім цудоўным

Выдаўся дзень весні!

У наваколлі

Гімн гучыць вясне.

Пачаць яго

І я хацеў бы з песні,

Ды нешта не пяецца

Сёння мне.


Калісь вясна

Глядзела ў мае вочы,

Яе сустрэць

Я песнямі быў рад.

Цяпер жа

Валідолавыя ночы

Хіба настрояць

На лірычны лад?


Вясной

Усё жывое ажывае,

Спяшаецца

Пазбавіцца ад сну.

А для мяне яна

Ужо не тая,-

Здароўе, нібы снег,

Паціху тае…

І ўсё-такі –

Хачу вітаць вясну!


НА РЭЧЦЫ

Між хмызнякоў рачулка ўецца,

Бруіць паволі ўдалячынь.

Сюды душа мая імкнецца,

Каб на прыродзе адпачыць.
На нейкі час хаця б забыцца

Пра шум і тлум, пра справы ўсе.

Сябе малым адчуць, як быццам

Нясуся босы па расе.


Ах, басаногае дзяцінства!

Растала – як і не было.

Даўно лістотай залацістай

Твае слядочкі замяло.


А рэчка вабіць і чаруе,

І я гатовы дзень пры дні

Ісці шукаць затоку тую,

Дзе касякамі акуні.


Наладжу хутка свае снасці,

Прынады рыбкам дам спярша,

І можа мне тады пашчасціць

Для юшкі вывудзіць ярша.


Што рад яршу – не тое слова,

Тут радасць плешча цераз край.

Няхай сябры з майго улову

Са смеху валяцца. Няхай!


Дзіўлюся з гора-дамаседаў,

Ім нізашто не зразумець:

Не дзеля рыбы сюды еду –

Зарад бадзёрасці займець.


Для рэчкі стаць не проста госцем,

А назаўжды здружыцца з ёй,

Каб любавацца прыгажосцю

І цешыць сэрца цішынёй.


Не раз, напэўна, з захапленнем

Наяве ўспомню я і ў сне

Пра незабыўныя імгненні,

Што падарыла рэчка мне.


У ЛЕСЕ
Бывае ў галаву дурное лезе,

А сэрца напаўняецца тугой.

Хачу тады адзін пабыць у лесе,

Бо гэта самы шчыры сябра мой.


Іду няспешна да сасонак гонкіх-

Вунь колькі прыгажунь тут нарасло!

Яны сваёй цікаваю гамонкай

Пра многае паведаюць без слоў.


Бярозкі беластволыя наўкола

Ва ўборанні пышным ладзяць карагод.

Лясное птаства песняю вясёлай

На ўсе лады вітае мой прыход.


А дзяцел-доктар – той яшчэ адранку

Паспеў палёгку сухастою даць.

Свае рэцэпты выстукаў марзянкай,

Каб іх ніхто не здолеў разгадаць.


Там, крыху воддаль, за крутым пагоркам,

Пад велічнай, разгалаю сасной,

Падзеліцца гасцінная вавёрка

Грыбамі і арэхамі са мной.


-Па ягады! – паляны клічуць хорам.

І не шкадую, што зайшоў сюды.

Я зноўку стаў упэўненым, бадзёрым –

Не засталося й следу ад нуды.


Расчулены прыходжу да высновы:

Мне іншае наўрад ці памагло б.

О дзіўны лес! Ты лекар адмысловы

Ад усялякіх немачаў-хвароб.


ПАЧАТАК ДНЯ
Яшчэ ледзь расплюшчыў вочы ранак,

А ўжо зіхацяць на травах росы:

Сонейка світальнае старанна

Мые ў іх свае праменні-косы.


І травінка кожная з ахвотай

Да святла імкне з абдымкаў ценю.

Гай зарэчны ўспыхнуў пазалотай –

Блізіцца пара змяніць адзенне.


Лес настоен водарам сасновым,

Гоман, птушак спеў разносіць рэха…

І прыходзіш раптам да высновы –

За здароўем трэба сюды ехаць.


Будзе дзень па ўсім відаць пагожы,

На палях паўсюль кіпіць работа.

А буслы рыхтуюць на пакошы

Моладзь для далёкіх пералётаў.



ШЭДЭЎРЫ ВОСЕНІ
Шэдэўры дорыць нам мастачка-восень:

Размалявала долы ўсе як ёсць.

І фарбы падабраць ёй удалося,

Куды ні глянь – такая прыгажосць!


Любуюся тварэннем адмысловым,

Ды часам нейкі смутак набяжыць,

Што гэта прыгажосць – яна часова…

Хаця аб тым няма чаго тужыць.


Адвеку на зямлі так павялося –

Штогод змяняе новы цыкл стары.

І будзе шчодрая мастачка-восень

Свае шэдэўры зноў і зноў дарыць.



НА РАДАСЦЬ ЛЮДЗЯМ

З палёгкай уздыхнуў асенні сад:

Цяпер яго гнясці цяжар не будзе,

Не страшны ні вятры, ні лістапад –

Плады, як дар, аддаў ахвотна людзям.
Бывае штось падобнае і ў нас:

Аднойчы сэрца затрапеча пліскай,

Калі рабіў з душой – не напаказ,

А працы тваёй плён на радасць блізкім.


Так на зямлі вядзецца з веку ў век,

(Успомніць варта запаведзь старую).

Невыпадкова сад і чалавек

Свае здабыткі іншым ахвяруюць.



НАДЗЕЮ НЕ ЗГУБІ
Ну што ж ты так разрумзалася, восень,

З-за шэрых дзён без красак і цяпла.

Вунь колькі слёз тваіх паналілося,

Аж рэчка з берагоў ледзь не ўцякла.


Як і раней, у залатым убранні

Магла б дарыць нам радасць, ды - не лёс…

Адсюль, напэўна, і расчараванне,

І смутак, і прычына позніх слёз.


Твой боль знаёмы мне, бо сам без меры

Наіўны быў нібыта дзіцяня,

Чаму вучылі, шчыра ў тое верыў,

А сёння розным догмам – грош цана.


І хоць пакуль не ўсё ў жыцці збылося,

Я веру ў сілу праўды і любві.

Ты яшчэ будзеш прыгажуняй, восень,

Надзею ў гэта толькі не згубі.



ЗІМА БАГАТА НА СЮРПРЫЗЫ
У прыродзе, як і у людзей,

Нешта адбываецца не тое:

Зімні месяц – снегу анідзе,

Толькі лужы свецяцца вадою.


Не марозіць, хоць заплач, мароз!

Ад бясснежжа нудзіцца зямля ўся.

Белы пух не падае з нябёс,-

Няўжо крызіс і туды дабраўся?


* * *

Пакуль верш да друку рыхтавалі,

З высяў на пытанне адказ далі:

“Крызісу няма, былі прыкметы –

Пацяпленнем выклікана гэта.

Захады прыняты і, канешне,

Студзень выправіць пралікі снежня”.
Навіна прыемная, мы рады:

Прычакалі ўсё-ткі снегападу!

І мароз стаў забываць капрызы…

Што ж, зіма багата на сюрпрызы.


ЗАВЕЯ
Ветрык лёгкі ўдзень гуляў паціху

І нішто не прадвяшчала ліха.


А ноч расхінула свае шаты, -

Вецер аб’явіўся зухаваты.


То прыціхне, то ізноў шалее,

Пабудзіў-расшавяліў завею.


Ну а тая разам з ветрадзьмуем

Ладзіць пагулянку – ды якую!


Для сняжынак песеньку заводзіць,

Закружыла іх у карагодзе.


А пасля ўжо з неймавернай сілай

Снег шпурляла і мяла-круціла.


Лётала, стагнала, грукацела,

Бытта свет перавярнуць хацела.

Разышлася – ні суняць, ні здужаць.

Следам, тут як тут, мароз са сцюжай.


На дасвецці здалася, сцішэла –

Спачывае ўсё пад коўдрай белай.


ПРЫГОДЫ
Заснежанаю сцежкай праз палі

Я прыцемкам спяшаўся на сустрэчу.

Гірлянды зорак раптам запаліў

У цёмна-сінім небе зімні вечар.


Ён здагадаўся, мудры чарадзей,-

Цяпер на ўліку кожная хвіліна,

Бо лёс маіх жаданняў і надзей

Сустрэча гэта вырашыць павінна.


А тут яшчэ гарэза-маладзік

Гуляць са мной у хованкі сабраўся:

Свяціў – і ўміг за аблачынкай знік,

Зноў выбліснуў – і за другой схаваўся.


Ну чым не пацяшалася б дзіця!

Ды мне зусім не да забаў і жартаў,

Адно карціць: хучэй дайсці… хаця

На непаседу крыўдзіцца не варта.


Як ні было, а ў час дабрацца змог,

Няхай з прыгодамі, але не з горам.

Таму і ўдзячны ўсім, хто мне памог,-

І вечару,

і месяцу,

і зорам.
ДЗІВА-СОН


На лясной паляне

Елачка малая

Ў казачным убранні

Спіць-адпачывае.


Ёй мароз-дзядуля

Баіць свае байкі,

Вакол скокі-гулі

Распачалі зайкі.


Звечара да ранку

Завея люляла,

Ціха калыханку

Над малой спявала.


Дзіва-сон прарочы

Сніцца юнай кралі.

А яна не хоча,

Каб сон разгадалі.


Ды таі – не ўтоіш,

Як няма сакрэту –

Сніць адно і тое ж

Пра вясну і лета.



НАПРАДВЕСНІ
Яшчэ мароз злуецца,

Кусаецца, пячэцца

І зімка не здаецца,

Ды адступаць прыйдзецца,

Бо на вясну бярэцца.
Няхай пакуль шалее

Свавольніца-завея,

А неба ўжо сінее

І сонца промні сее –

Зямельку нашу грэе.
Заўсёды так бывае:

Як толькі снег падтае,

Прырода ажывае,

Вясну-красу гукае,

Прыход яе вітае.
Мінуў зімовы час –

Вясна ідзе да нас!









АХ, ЛЮБОЎ, ЛЮБОЎ…
У мяне ўсё так, як у людзей:

Хваляванні, радасці, пакуты…

Ад любві і я п’янеў штодзень,

Ды не ведаў, што прымаў атруту.


Выпіў чашу поўную да дна,

Ад пачуццяў ледзь не захлынуўся.

Мроіўся мне рай зямны, аднак

У віры бяздонным апынуўся.


Гэтак закруціла, што ў чаўне

Утрымацца не хапіла б сілы…

Ах, любоў, любоў, чаму мяне

Нейкім зеллем моцным напаіла?!


Колькі песень пра цябе пачуў!

Колькі слоў чуллівых, слоў узнёслых!

Выплысці з той бездані хачу,

То няўжо не падасі мне вёслы?


Адвядзі бяду, не пакідай,

Хай надзея цепліцца малая,

Бо хаця з табой у нас не рай-

Без любві жыцця ўжо не ўяўляю.


Дык хвалюй ізноў і сэрца рань!

Я прыму пакуты, як збавенне,

Толькі акрылі душу і стань

Элексірам творчага гарэння!



АДЗІНАЯ МАЯ
Як цябе хто іншы называе,

Хай сабе зусім не знаю я.

Для мяне ты- кветка палявая,

Ты адна- адзіная мая.


Як цябе няма – туга з’ядае,

А прыходзіш – ажываю зноў.

Для мяне ты самая святая,

Ты мая надзея і любоў.


***
Хаця стаптаў я

Не адну сцяжынку,

Пратупаў шмат

Запыленых дарог,

Але сваю

Другую палавінку

Нідзе сустрэць,

Ні адшукаць не змог.


Прыйшло, здаецца,

Неба на падмогу –

Спусцілася ты зоркай

На зямлю.

За падарунак лёсу

Дзякуй Богу,

Яго цяпер я

Аб адным малю,


Каб стала явай

Гэта цуда-казка,

Бо разам быць

Наканавана нам.


Прыйдзі ка мне!

І ўсе пяшчоты-ласкі

Табе адной

Да кропелькі аддам.


БЫЛА СУСТРЭЧА ВЫПАДКОВАЙ
Плыў па-над садам месячык-падкова,

Там салаўі склікалі салаўіх.

Была сустрэча наша выпадковай,

А стала вызначальнай для дваіх.


Адкрасавала столькі дзіўных вёсен,

Ужо абрысы восені відаць.

Нам у жыцці нямала давялося

І радасці, і гора паспытаць.


Ды час не здольны, цвёрда гэта знаю,

Састарыць нас ні сэрцам, ні душой.

Ты для мяне і сёння маладая,

Як пры сустрэчы выпадковай той.



АСЕННІЯ ДАРЫ
Здзіўляе восень шчодрымі дарамі:

Шле да вяселля маладым пасаг.

Не абмінула нас з табой таксама –

Бліснулі серабрынкі ў валасах.


Ды па вачах тваіх заўважыць можна,

Дарунак гэты радасць не прынёс.

Сумуеш ты па нашых юных вёснах

І вінаваціш ва ўсім гэтым лёс.


Любоў мая, навошта так нудзіцца

І ўпотай ціха слёзы праліваць?

Мінулае не можа паўтарыцца,

А восень здольна хараства надаць.


Таму прашу – не плач без дай прычыны,

Бо колькі ты на лёс ні наракай,

Не павярнуць назад клін жураўліны,

Ён адлятае ў незнаёмы край.


ПАБУДЗЬ СА МНОЙ
Не проста вынесці разлуку,

Пра тое ведаеш сама.

З табой цярпеў і боль, і муку,

А без цябе – жыцця няма.


Забуду крыўды, зло адрыну,

Усё, як дым, сплыве ў бязмеж.

Пабудзь са мной, мая жанчына,

Душу збалелую суцеш.


Мы разам здужаем напасці,

Што да разладу давялі,

Агнём неўтаймаванай страсці

Дашчэнту горыч спапялім.


І ўміг адорыць нас з табою

Надзеяй палкая любоў.

Дык хай жа пачуццё святое

Хвалюе сэрцы нашы зноў!


ДЗЕ ТЫ?
Адключыла ноч святло,

Цемень вока коле.

Ані гуку – спіць сяло.

Дрэмле наваколле.


Ды сярод цішы начной

Покліч нечаканы:

“Дзе ты, дзе, адзіны мой?

Дзе ты, мой жаданы?”


Ці то спеў, ці плач-адчай –

Радасць, а ці ліха…

Адазваўся рэхам гай

І ўсё раптам сціхла.

А ўва мне яшчэ крык той

Баліць несціхана:

“Дзе ты, дзе, адзіны мой?

Дзе ты, мой жаданы?”


***

Мне не забыць цудоўны ранак,

Калі са мною ты была,

І тую ноч, што нечакана

Нас так паспешна развяла.
Ці ноч, ці самі вінаваты?...

Я ж неба аб адным малю,

Каб з майго сэрца не пайшла ты,

Пакуль жыву, пакуль люблю.



СПАЛЕНЫЯ МРОІ
Падарыла мне зорка аднойчы

Свой чароўны пагляд незямны.

І жаданаю госцяй з той ночы

Увайшла ў мае мары і сны.


Я чакаю цяпер з хваляваннем –

Раптам з’явіцца фея сама.

Сніцца-мроіцца наша спатканне,

Ды яе ўсё няма і няма.


Знікла зорачка ў небе высокім…

І чамусьці здалося на міг –

Над зямлёй паплылі не аблокі,

А дым спаленых мрояў маіх.



ПЕСНЯ НАШАЙ

МАЛАДОСЦІ
Надвячоркам ветрык з-за азерца

Песню паўзабытую прынёс.

Закранула струны майго сэрца

І душу расчуліла да слёз.


Слухаю, а сэрца замірае –

Гэту ж песню пелі мы не раз…

Куды знікла ўдаласць маладая?

Дзе падзеўся той шчаслівы час?



ЖЫВУ ТАБОЙ
Дасюль гарчыць расстанне наша,

Не заціхае ў сэрцы боль.

Ушчэнт разбіта шчасця чаша,

А я, дзівак, жыву табой.


Прыгожых слоў я не шукаю,

Кажу, як ёсць, табе адной:

Я ўсё яшчэ цябе кахаю,

Я ўсё яшчэ жыву табой.












ПРА АДПАЧЫНАК
Адпачыць зімой ці летам

Нехта рвецца на край свету,

Гоніць з дому ў далеч мара –

Пажыць з шыкам на Канарах,

А яшчэ пабачыць дзіва

На загадкавых Мальдывах.

Іншым сталі часта сніцца

Гэтай – Кіпр, а тому – Ніца.

Ім даўно карціць таксама

Прагуляцца на Багамы,

На Ямайку, на Гаваі –

Астравоў розных хапае:

Ёсць Карабы, ёсць Бермуды…

Адпачнеш няблага ўсюды.

Толькі, вам кажу сур’ёзна,

Лепш за ўсё – у нас пад Лёзнам.

Дабрамыслі і Валкоссе

Запрашаюць шчыра ў госці.

Тут цудоўныя мясціны:

Рэчка, побач азярыны,

Бор, сунічныя паляны

І наўкруг – куды ні глянеш –

Хараство!

Жывая казка!

Прыязджайце, калі ласка!


ПА ГРЫБЫ
У вас упаў настрой і лезе

Дурноцце ў галаву – аж жах.

Не чулі, пэўна, вы, што ў лесе

Грыбы растуць, як на дражджах.


Пасля дажджоў працяглых, спорных,

Куды ні кінеш позірк свой,

Сям’ёю дружнай пруць са спораў,

Ну хоць ты іх касі касой!


Грузды, абабкі, сыраежкі,

Апенек процьма – згубіш лік.

А вунь, крыху далей ад сцежкі,

Залез пад елку баравік.


Ён – цар грыбны, яму цікава

Згуляць у хованкі падчас.

Прыемная гэта забава

Захопіць і пацешыць вас.


Шукаць грыбы – занятак слаўны,

Тут трэба навык мець і нюх.

Хандру, бязволле лечыць спраўна

І ў целе зноў здаровы дух.


Эмоцый каб набыць харошых,

Каб праявіўся інтарэс,

Забудзьце ўсё! У рукі кошык –

Ану гайда хутчэй у лес!



ПРЫРОДЖАНЫ РЫБАК
(Маналог заўзятага рыбалова-аматара)
Пра мяне вам скажуць так:

“Ён – прыроджаны рыбак”.


Я і сам хлусіць не буду,

Каму што, а мне дай вуду.


Хто на поле, хто на дачу,

Ну а я - сяджу, рыбачу.


Жонка лае, дзеці плачуць,

Як не чуў – сяджу, рыбачу.


К цёшчы трапіў пад раздачу,

Ледзь уцёк – сяджу, рыбачу.


І знаёмыя ўпрыдачу,

Не здаюсь – сяджу, рыбачу.


Кажуць: “Хворы, не іначай”,

А мне што – сяджу, рыбачу.


Непагадзь, холад сабачы,

Хоць дрыжу – сяджу, рыбачу.


Ужо й паплаўка не бачу,

Ды цярплю – сяджу, рыбачу.


Нехта ўсклікне: “Вось дзівак!”

Я ж – прыроджаны рыбак.




КАЗКА ПРА КАРАСЯ
Навіну паведаў Стась:

- Жыве ў сажалцы карась.


Я хутчэй да Петруся:

- Пойдзем зловім карася.


З вудамі – на вадаём

Пазмагацца з карасём.


Аддалі прынаду ўсю –

Да спадобы карасю.


Там, дзе мель – трава ды гразь,

Заглынуў кручок карась.


Цягнем тога карася,

Ён жа нібы парася!


Да кастра улоў нясём,

Пахваліцца карасём.


Дзівяцца, бы на красу,

Пяюць славу карасю.


Слухаў песенькі карась…

Юшка надта ж удалась!


А як з’елі карася,

Тут і казка наша ўся.



У МАГАЗІН, ЯК У МУЗЕЙ
Неяк раз дзядок адзін

Завітаў у магазін.

Вось вітрыны аглядае,

Бачыць – смакаты хапае:

Ёсць салодкая, мучная,

Ёсць малочная, мясная.

Горы розных пірагоў,

І сыроў, і тварагоў,

Там – каўбасы,

Тут – вяндлінка…

Пацяклі ў дзядулі слінкі.

Калі ж глянуў на цану –

Ледзь не ўскочыў на сцяну!

Аж на лоб палезлі вочы!

Дзед нічога ўжо не хоча –

Ад касмічнае цаны

У яго спаўзлі штаны.

Падцягнуў стары штаніны,

Уцягнуў жывот да спіны

І даў ходу з магазіна…


А пазней усім казаў:

- У музеі пабываў!



ХАДЗЯЧЫ АНЕКДОТ
Жыве ў сяле дзівак пад сотню год

З мянушкаю Хадзячы Анекдот.

Празвалі так старога з-за пацех

І жартаў, іх у дзеда цэлы мех.

Што б ні рабіў, ні паявіўся дзе,

Абавязкова насмяшыць людзей.


- Ці мыешся калі? – цікавіць нас.

- У рэчцы летам, - чуем у адказ.

- А ўзімку як? – дапытваемся мы.

- Ой, не смяшыце, колькі той зімы!..


У маладосці, кажуць, хлопец-зух

Меў поспех у мясцовых маладух

І не адно дзіця пусціў на свет...

- На гэта здатны быў, - жартуе дзед.


Рагочам, ажно слёзы на вачах.

- А бульбу чаму содзіш па начах?

- Каб каларадскі жук не мог знайсці,

Дзе мая бульбачка пачне расці!


Суседка хныча:

- Твой сабака ў хлеў

Залез ка мне і куранят паеў.

- От дзякуй, - кажа, - за такую весць,

Ён у мяне сягоння дулю з’есць!
Спіртнога насмактаўся дзед, бы клоп,

Зваліўся п’яны з лаўкі і - захроп.

Прачнуўся ноччу, мацае сцяну,

Ды гвалт узняў:

- Навошта ж у труну

Мяне закалацілі, людцы, вы?!

Я не мярцвяк, я ж, бачыце, жывы!..
Смяецца, пацяшаецца народ:

- І сапраўды – Хадзячы Анекдот!



ПАЗАЙЗДРОСЦІЛА
Дзве даўнія прыяцелькі-бабулькі,

Дзве кумачкі Ганулька і Гапулька

Цалюткі дзень на лавачцы ля дома

Перамываюць костачкі знаёмым.


- Зайзрошчу я суседу, - кажа Ганна,-

Удачлівы, хаця не без заганы:

На дармаўшчынку ласы, надта хцівы,

Гатоў пайсці на ўсё дзеля нажывы.

Дзе б ні рабіў, на ўме адны турботы,

Каб мець бясплатна розныя даброты.

Раней займаў адказныя пасады,

Ды пагарэў. Загадчыкам стаў склада.

Тайком цяпер цягаў што мог дахаты,

Пакуль самога не ўпяклі за краты…


- Няма чаму зайзросціць тут, кума,

Даўно чакала злодзея турма.


- Аднак, глядзі ты, без заслуг і звання

І там ён на дзяржаўным утрыманні.


КАРЫСЦЬ АД ТРАЎ
На ўсю акругу слава

Пра лекара ідзе.

Збірае, кажуць, травы,

Каб хворасць зняць з людзей.


Даведацца цікава:

Ці памагаюць травы?


- Ад іх падмогу маю, -

Прызнаўся лекар той, -

Во зяцю дом канчаю,

Катэдж аздобіў свой,

А сыну купіў дачу

І “БМВ” ў прыдачу.

Я чуў, што травы лечаць,

А факты ўпарта сведчаць:

Карысць ад траў бывае,

Ды вунь яшчэ якая!


ЯК У ЛЕСЕ, У БАРЫ…
Неяк летнім ранкам

У лес пайшлі з Янкам.

А ў тым лесе, у бары

Вельмі злыя камары.

Выйшлі на палянку,

Чую, крычыць Янка:

- Ой, ратуй, Гануся,

Камароў баюся!


Я сама са страху

Ажно калачуся.

Неўзаметку, пакрысе

Да яго тулюся.


Мяне хлопец абхапіў,

Напужаўся, бачна,

Моцна ціснуў да сябе,

Цалаваўся смачна.

Заўтра, пасля ночы,

Зноў у лес пакрочым.

Пагуляем па бары,

Нас не страшаць камары.

У зялёным гушчары,

Што нам тыя камары!



НЕ ПАЙДУ Я ДА ЦЯБЕ
Нудны дождж акно дзяўбе,

Цэлы дзень цярусіць.

Не пайду я да цябе,

Ніхто не прымусіць.


Дарога не блізкая,

А з неба ўсё льецца.

Бліскавіца бліскае,

Гром грыміць, злуецца.


Ох, баюся, быць бядзе –

Пярун надта грозны.

Няхай іншы хто ідзе,

Я ж не страціў розум.


Лепей тэлек уключу,

Завалюся ў крэсла.

Мух на столі палічу,

Каб іх ліха трэсла!


Самаго нешта трасе,

(Не было турботы).

Дождж сціхае пакрысе,

Адыйшлі грымоты.


Хоць даваў сабе зарок,

Не сядзіцца ў крэсле,

Ногі самі незнарок

Да цябе панеслі.



СУЦЕШЫЎ
Жаніх з нявестаю сваёй

Сустрэўся і пытае:

- Скажы мне, Муся, што з табой,

Ты сёння штось не тая?


- Ох, думкі цяжкія гнятуць,

У галаву заселі:

Бацькі не хочуць нават чуць

Пра нашае вяселле.


Як гэта ліха перажыць?

Павер, не сплю начамі.

Мой любы, выйсце падкажы,

Суцеш, бо я ў адчаі…


- Не панікуй, не кліч бяду,

Жыві спакойна, Муся.

А выйсце, так і быць, знайду –

Я…на другой жанюся.


АДКУЛЬ БЯРУЦЦА ГУЗАКІ?
- Чаму на твары гузакі?

Зноў бойка між суседзяў? –

Дапытваюцца дружбакі:

- Ну не маўчы ты, Федзя!


- Інтрыгаваць не стану вас,

Мне й без таго пагана.

А пацярпеў на гэты раз

Я з-за сваёй каханай.


- Няўжо нахабнік прыстае

І чыняць зло падонкі?..

- Ды не. Я ратаваў яе

Не ад зладзюг – ад жонкі.


Вось вам адгадка, мужыкі,

Адкуль бяруцца гузакі.



ХТО Ж ІХ НАПЛОДЗІЦЬ?
Аднойчы каля крамы

Фама спаткаў Абрама.

Няўзнак, слова за слова, -

І пацякла размова.


Сябры раней у ВНУ

Грызлі навукі разам

І закахаліся ў адну

Студэнтачку адразу.


Пачуццяў палкіх той самой

Хацелася таксама:

То Сару бачылі з Фамой,

То ліпла да Абрама…


Сплыло з тых дзён зашмат вады

З жыццёвых каляінаў.

І вось сустрэча праз гады –

Нагода для ўспамінаў.


Фама здзіўляе зноў і зноў:

І дом, і дачу мае,

Гадуюць з жонкай двух сыноў,

Дачушка падрастае.


- Цяпер паведай ты, Абрам,

Вы ж – неблагая пара,

А дзетак мець не хочаш сам,

Ці не жадае Сара?


Абрам аповед свой вядзе:

- І хто ж іх тут наплодзіць?

Мы не бываем анідзе,

Ніхто й да нас не ходзіць…


Так скеміць і не змог Фама,

Чаму дзяцей у іх няма?



ПАЭТ І ФЕЯ

(Трагікамедыя з эпілогам)
Паэт любіў наведаць мора,

Паслухаць, як яно пяе.

І тут, на радасць ці на гора,

Ён нечакана стрэў ЯЕ.


У жылах кроў ажно ўскіпела,

Сам ад здзіўлення слупам стаў.

Яна ж не йшла, а несла цела:

Ах, што за формы! Дзіўны стан!


Такой прывабнаю была ўся,

Сабой зацьміла фея свет.

Наш лірык сходу закахаўся,

Уліп, бы муха ў мёд, паэт.


Стралой Амура паражоны

Згубіў спакой, забыў пра сон.

Цяпер пралёг маршрут ягоны –

Куды яна, туды і ён.


І бавіў часу з ёй нямала.

Пасля пад бляск начных свяціл

Складаў санеты, мадрыгалы

І нават оду прысвяціў.


На ўсходзе ледзь заружавее,

Ён, дачакаўшыся зары,

Ляцеў, каб прачытаць той феі,

Што для яе за ноч стварыў.


Чытаў з натхненнем і запалам –

Радкі прачулыя былі.

Прытворна дамачка ўздыхала,

А думкі іншыя гнялі.


Жадала ласкі і да зморы

Уцех з бядовым мужыком.

Пісака ж гэты дзень каторы

Адно малоціць языком.

На большае, відаць, не гожы,

Хоць ні калека, ні стары,

Прылашчыць толкам нат не зможа,

Дзе ўжо любошчы тут дарыць…


Расчараваная ў жаданні

Яна амаль не чула слоў.

Паэт, аслеплены каханнем,

Не заўважаў. І ўсё малоў…


Праз пэўны час, па звычцы, ранкам

Зноў завітаў і не пусты –

Нёс вершаў нізку для каханкі,

Ды… феі след даўно прастыў.


Дзядок знаёмы зухаваты

Навіну гэткую прынёс:

- Дак, кажуць, нейкі франт багаты

З сабой кудысь красуню звёз.


Наабяцаў багацця горы,

У дарагі убор адзець.

Паддалася на угаворы,

У рай той згодна паляцець.


Далёка ты ў яе не першы

І не апошні, так і знай.

Такую не прывабіш вершам,

Ёй нешта іншае падай.


Ну што твае санеты, оды?

Ад іх карысці – ні на грош.

Ёй гарнітур падай звышмодны

І лімузін, ядрона вош!


Эпілог
Ля мора бачылі паэта,

Ён моўчкі слухаў песні хваль.

А яго оды і санеты

Плылі ў няведамую даль…

Аддзел бібліятэчнага маркетынгу

ГУК “Лёзненская ЦБС”



211220 г.п. Лёзна, д.98
E-mail: libliozno@rambler.ru

Web-сайт lioznolib.ucoz.ru



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка