Крыжовы шлях паводле разважанняў кс. Яна Твардоўскага




Дата канвертавання01.05.2016
Памер69.28 Kb.
Файл выкарыстоўваць толькі у патрэбах парафій. Публікацыя ў іншых месцах без дазволу аўтараў забараняецца!

Крыжовы шлях

паводле разважанняў кс. Яна Твардоўскага

Прыпынак 1( Малітва ў Аліўным садзе )

Што дае нам малітва?

Калі хтосьці кагосьці кахае, то не пытае, што дае яму каханне. У такім пытанні ёсць нешта недарэчнае. Кахаю яго, такім чынам даю яму сябе. Любоў заўсёды дае тое, што найлепшае. Мы не павінны нават задумвацца, што з таго маем. Малюся, бо люблю Бога. Малюся, бо ведаю, што Ён мяне чакае. Даю Яму сваю любоў, даю Яму сваю стомленасць і сорам з уласнай слабасці. А Ён ужо ведае, што з гэтым зрабіць, ведае, як усё гэта ператварыць у вялікае святло для цэлага свету.

Не раз сам Езус можа маліцца ў нас. Гэта адбываецца тады, калі мы молімся Яго малітвай. Тады мы молімся, як Божае дзіця, з даверам дзіцяці, калі молімся аб тым, чаго хоча Пан Бог. І гэта ёсць той ідэал малітвы. Часам пытаем: як трэба маліцца? Так – як Пан Езус: як дзіця, якое давярае Пану Богу і просіць аб тым, што неабходна, але з даверам, што Пан Бог менавіта гэтага ад нас чакае.

Прыпынак 2 (Здрада Юды)
Як пазнаць Пана Езуса?

Можам прачытаць пра яго многа кніг, напісаць доктарскую дысертацыю і зусім Яго не ведаць.

Можам пазнаць Яго толькі тады, калі станем з Ім сябрамі і Ён будзе нам такім блізкім, што пачнём будаваць жыццё на яго вернасці ў адносінах да нас.

Не пішы яму лістоў, бо няма такой пошты, якая б занесла іх да неба. Не звані – бо да неба няма тэлефонаў.

Замест пісьма падумай пра Яго, замест тэлефоннага званка скажы: Пане, гэта я. Хачу пагаварыць з табой, пачуць твой голас.

І пачуеш Яго голас або ў сумленні, або ў Евангеллі, або з вуснаў таго, хто неспадзявана прыйдзе да цябе.


Прыпынак 3 (Асуджэнне Сінедрыёна)

Дзе шукаем Бога, калі прамаўляем: “Ойча наш, каторы ёсць у небе?”

Можа, шукаем яго па-над галовамі, далёка і высока, па-над гарамі і лясамі, у нябесных аблоках?

Можа, шукаем Яго ў замагільным жыцці?

Паспрабуем сказаць: “Ойча наш, каторы ёсць у нас, у нашым жыцці, святым будзь імя тваё.”

І падумаем: “Паколькі Ты ёсць ува мне, то як я да Цябе адношуся? Можа, б’ю цябе? Можа, выганяю Цябе? Можа, Цябе стаўлю ў куце? Што раблю з табой, Божа, які ёсць у маім жыцці? ”

Калі Бог ёсць у нашым жыцці? Ці толькі тады, калі мы растаём на малітве, калі ў нас растуць крылы, калі мы гатовы цалкам згарэць у ахвяры?

Бог заўсёды ў нас, нават тады, калі нам здаецца, што мы ў пекле. Можам адкрыць Яго ў крыку нашага сумлення, у смутку па чыстым каханні, у журбе па вернасці, якой не захавалі. Найлепш знаходзім Бога тады, калі зможам сказаць: “Святым будзь імя Тваё”, а не “святым будзь імя маё”.



Прыпынак 4 (Адрачэнне Пятра)

Чалавек пастаянна сумняваецца і губляецца. Што такое сумненне? Думкі толькі пра сябе.

Езус, калі ішоў па моры, паклікаў Пятра: “Прыйдзі да Мяне,” – і Пётр ішоў. Яго крокі былі ўпэўненыя, нягледзячы на тое, што ішоў па вадзе. Гэту ўпэўненасць давала бачанне мэты, якой быў Пан. Але ў нейкі пэўны момант Пётр усвядоміў сабе рэалізм сітуацыі – буру, хвалі, аддаленне ад берага – і ўпаў у ваду. У пытанні Езуса: “Чаму засумняваўся?”– можна адчуць іншае: “Чаму думаеш толькі пра сябе? Чаму перастаў глядзець на мяне?”

Калі страцім свядомасць, што Бог ёсць – разгубімся, спалохае нас наша адзінота. Як і тых хваль – яе не трэба баяцца, бо з’яўляецца стваральнай , бо праводзіць да Бога. “Я не адзін, калі плачу ў патаемным месцы”.



Прыпынак 5 (Пытанне Пілата)

Прыходзіць хвіліна смерці, і пасля яе ўжо няма падзелу на “веруючых” і “няверуючых”, бо ўсе ведаюць пра Бога. Ужо няма веры – ёсць толькі веды, што Бог ёсць. Толькі б гэтыя веды былі крыніцай шчасця, а не крыніцай безнадзейнага суму для тых, хто адвярнуўся ад Бога.




Прыпынак 6 (Бічаванне Езуса)

“Напярэдадні сваёй мукі ўзяў Езус хлеб у свае святыя і годныя рукі, ламаў яго і раздаваў...”

Напэўна, кожны з нас хоча быць у далонях Езуса, у тых далонях, добрых, годныхі святых, якія лашчылі галовы дзяцей, суцішалі буру, дакраналіся да сляпога, каб ён пачаў бачыць.

Кожны хацеў бы быць святым у зацішшы Яго рук, у тым доміку вечнасці, але як цяжка дазволіць Езусу пераламаць сябе.

Абняць крыж – гэта ўжо многа, але яшчэ замала.

Несці крыж – гэта многа, але яшчэ не ўсё.

Даць прыбіць сябе да крыжа – гэта значыць удзельнічаць у Святой Імшы на самой справе.

Хто з нас зможа адправіць з Панам Езусам такую Святую Імшу?


Прыпынак 7 (Крыж)

Навошта нам пастаянна перакрэсліваць самога сябе, навошта ўкрыжоўваць сябе?

Не для таго, каб перастаць існаваць, але каб знайсці самога сябе, таго некага сапраўднага з Божых планаў, з першага дня тварэння, сапраўднага сябе, які павінен жыць толькі для Бога і іншых людзей. Хто страціць сваю душу – знойдзе яе. Калі хочам ахвяраваць сябе Богу, мусім аддаць усё, што маем і чым з’яўляемся.

Гэта апошняе – найцяжэйшае.

Лягчэй ахвяраваць Богу свой дом, чым свае амбіцыі, добрае меркаванне пра сябе і, нават, выдуманую самім сабой святасць. Найцяжэй быць паслухмяным Богу да канца. Часам, прыняць ад Бога ўсё – нават цярпенне – гэта больш, чым ахвяраваць.

Прыпынак 8 (Дапамога Сымона)

“Няхай твая левая рука не ведае, што чыніць правая”, - запісаў Святы Мацвей.

Якаой беднай на выгляд здаецца наша людская левая рука. Пастаянна тактоўная. Трохі няспрытная. Як кажуць, ні ў пяць, ні ў дзесяць. Дапамагае правай, але паціху. Значная ў музыцы, пры даенні каровы, пры ўвядзенні ніткі ў іголку, але, калі хтосьці з’яўляецца нам патрэбным, гаворым пра яго, што гэта наша правая рука, а не левая.

Старэйшую жанчыну цалуем у правую руку. Правую руку падаём, калі вітаемся. Правая рука – пабожная, бо робіць знак крыжа і акунаецца ў крапільніцы. Але, можа, аднак левая рука больш евангелічная, хоць ніводзін з евангелістаў не пісаў ёй Евангелле.

Можа, Бог бачыць найперш левую руку, бо ўтоеная. Рука-папялушка, панна, якая заўсёды служыць.

Напэўна, да неба анёлы праводзяць за левую руку.



Прыпынак 9 (Сустрэча з жанчынамі)

Усё наша жыццё сплецена са спатканняў: з самім сабой, з людзьмі, якія нас любяць і не любяць, з тымі, каго мы пакрыўдзілі і хто пакрыўдзіў нас, з тымі, для каго спатканне з намі – апошняе спатканне.

Ва ўсім гэтым, пад усёй тканінай штодзённага жыцця, змяшчаецца ўкрытае Божае жыццё. Ці ўмеем глядзець на штодзённасць не толькі звонку, але і знутры? Ці ўсведамляем, што Бог кажа нам некага адведаць, вядзе да спатканняў і хоча, каб мы перадалі другому чалавеку штосьці ад Яго? А можа, часта толькі выслухалі, што іншы чалавек хоча выказаць?

Часам, слуханне – штосьці важнейшае, чым найглыбейшае ў нашым разуменні парада.


Прыпынак 10 (Укрыжаванне Езуса)
У старых брэвіяжах адразу пасля псаломаў змешчана малітва святога Клімента:

Прагну таго, чаго Ты хочаш,

прагну ў такі спосаб, у які Ты таго хочаш,

прагну так доўга, як доўга Ты таго хочаш.

Гэту малітву рэкамендуецца прамаўляць у найцяжэйшыя хвіліны свайго жыцця. Малітва поўнага адзінства з Езусам.
Прыпынак 11 ( Разбойнік Варава )

На чым будуем наша жыццё: на пяску ці на скале?

Будуем на пяску тады, калі нашы надзеі абапіраюцца на наша здароўе, на наша жыццё. І здароўе, і жыццё такое нетрывалае.

Будуем на пяску тады, калі нашы надзеі ставім у залежнасць ад людской думкі. А погляды людзей сёння такія, заўтра – іншыя і рассыпаюцца, як пясок.

Тады будуем на пяску, калі разлічваем на нашу дасканаласць.

Нам здаецца, што ўжо мы найлепшыя, верныя Богу і людзям, але як часта кампраметуемся.

Калі будуем на скале?

Тады, калі ўсведамляем, што Бог даў нам жыццё і здароўе і можа ў любую хвіліну забраць, калі абапіраемся на тое, што пра нас думае Бог, а не на тое, што думаюць пра нас іншыя людзі.

Святы Ян Віаней атрымаў некалі два лісты. У першым лісце на яго наводзілі паклёп, у другім – былі словы, поўныя захаплення. Ён сказаў: “ Ні першы ліст не зрабіў мяне горшым, ні другі не зрабіў мяне лепшым. Я такі, якім ёсць у вачах Бога.”

Будуем на скале тады, калі абапіраемся не на сваю вернасць і дасканаласць, а на Божую міласэрнасць.


Прыпынак 12 ( Ахвяра Маці )
Пан Езус быў самым вялікім скарбам Маці Божай, быў яе адзіным дзіцём. Паколькі не меў зямнога айца, мог быць падобным толькі да Яе, да Маці. Яго вочы былі падобнымі толькі да Яе вачэй, усмешка – да Яе ўсмешкі, голас – да Яе голасу.

У дзень Ахвяравання Панскага Маці Божая прыйшла да святыні і свой самы вялікі скарб, сваё адзінае Дзіця, толькі да Яе падобнае, з колерам сваіх вачэй, з чароўнасцю сваёй усмешкі і голасу, ахвяравала Пану Богу.

Мы любім ахвяраваць сябе Пану Богу, але так, каб Ён над намі раскрыў парасон: і то не чорны, а ружовы,размаляваны ў квяткі, каб нам нічога не капнула на галаву.

Чакаем парасона, а не мяча, які калечыць.

У ахвяраванні Пану Богу крыецца вялікая таямніца. Святы Ігнацый Антыёхскі сказаў: “Чалавек, ахвяраваны Пану Богу – гэта мука, якая пастаянна мелецца на хлеб для пана Бога.”

Ахвяры трэба вучыцца.


Прыпынак 13 ( Смерць на крыжы )
Некаторыя думаюць, што кожнае цярпенне – гэта няшчасце. Але гэта няпраўда.

Калі цярпенне з’яўляецца няшчасцем? Тады, калі не верым у Бога, калі думаем толькі пра само няшчасце і становімся невыноснымі.

Калі хтосьці церпіць толькі для таго, каб цярпець, – ён становіцца пакутнікам. Яго цярпенне – пустое.

Цярпенне можа быць Божым дарам, крыжам, ускладзеным на плечы самім Панам Богам.

Калі прымаем яго як дар – давяраем Богу, што правядзе нас патрэбнай дарогай. Стараемся, акрамя нашага цярпення, бачыць цярпенні іншых і дапамагаць ім.

Такое цярпенне цалуем на крыжы. Перад такім цярпеннем кленчым падчас Крыжовай Дарогі.

Крыж дае радасць спаткання з Богам.
Прыпынак 14 ( Вяртанне да Айца )

Як выглядае звычайная людская магіла?

Гэта так нямнога: невялікі прастакутнік зямлі.

Восенню – лісце.

Зімою – снег.

Вясною – зялёная трава.

Лампадка, калі хтосьці памятае.

Сметнік, калі забываюць…

Але ёсць дух, якім трэба жыць. Езус вучыць праводзіць гэты дух праз смерць да змёртвыхпаўстання.

Чаго плачаш, каго шукаеш? – спытаў Езус Магдалену, якая стаяла ля Яго гроба. – Не затрымлівай Мяне, бо іду да Айца, а ідзі і расказвай, што паўстаў з мёртвых.”



Не раз стаім пры труне і плачам. Хочам затрымаць памерлага, а ён пайшоў да Айца. Пагэтаму павінны адразу ісці ў свет і расказваць, што Бог паклікаў яго да Сябе.

Якая радасць – вярнуцца да Нябеснага Айца!


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка