Краязнаўства як сродак паспяховай самарэалізацыі навучэнца, станаўлення грамадзяніна, патрыёта, сем’яніна




Дата канвертавання12.05.2016
Памер41.03 Kb.
Краязнаўства як сродак паспяховай самарэалізацыі навучэнца, станаўлення грамадзяніна, патрыёта, сем’яніна.

Леўкавец М.М.

Педагог дадатковай адукацыі

ДУА “Міханавіцкая сярэдняя школа”

Мінскага раёна

Пераемнасць традыцый у нашай ўстанове адукацыі, у тым ліку, і педагагічных, асаблівае стаўленне да захавання гісторыі, да выхавання навучэнцаў на асновах нацыянальнай культуры- усе гэта, безумоўна, садзейнічае поспеху краязнаўцаў школы на рэспубліканскіх этапах конкурсаў за апошнія гады.

Не толькі навучэнцы аб’яднанняў па інтарэсах выступаюць рухаючай сілай краязнаўчай дзейнасці. Значна шырэй прадстаўлены рады тых, хто далучаецца да вывучэння, захавання і папулярызацыі гістарычнай, культурнай спадчыны краю.

Калі вучні пачатковай школы пераважна знаёмяцца з вынікамі спраў краязнаўцаў, засвойваюць асновы музейнай культуры, то для навучэнцаў пятых – сёмых класаў ствараюцца сітуацыі, дзе яны займаюць пазіцыю не старонняга назіральніка, а зацікаўленых даследчыкаў. Лічу гэты ўзрост найбольш прыдатны і спрыяльны для пасеваў Дабра, Патрыятызму і Творчасці.

Дзеці гэтага ўзросту непасрэдна прапускаюць праз свае душы ўбачанае і пачутае, кожны з іх хоча выказацца: часцей за ўсё, яны імкнуцца адшукаць герояў падобных сітуацый сярод сваіх родных. Важна не прапусціць гэты момант, нагадаць пра тое, што пакуль яшчэ жывыя прабабулі і прадзядулі, і што ўсе навучэнцы з’яўляюцца ўладальнікамі гуказапісваючых сродкаў, то трэба спяшацца запісаць успаміны... Такое далучэнне дзяцей да дыялогу са старэйшымі пакаленнямі дазваляе ім лепш зразумець не толькі светапогляд бабуль і дзядуль, а, у першую чаргу, усвядоміць свае асабістыя памкненні.

З гэтай жа мэтай штогод праводзім рэканструкцыю абрада Дзяды. Часам, вывучаючы гісторыю розных краін, вучні амаль нічога не ведаюць пра гісторыю сваёй сям’і. Каб спыніць у сучасным грамадстве парушэнне працэсу пераемнасці народных традыцый і духоўнасці ў цэлым, менавіта сродкамі краязнаўства маем магчымасць сфарміраваць у навучэнцаў адказнасць за жыццёвае самавызначэнне як прадстаўнікоў свайго роду, сям’і, народу, “каб, у сваю чаргу, ім было што расказаць унукам”.

Адарваць ад камп’ютара, ад іншых даброт цывілізацыі навучэнцаў старэйшых класаў і выклікаць на даверлівую гутарку куды складаней. Спосаб падачы матэрыяла ці пастаноўка праблемных пытанняў маюць вызначальныю ролю пры гэтым. Напрыклад, “Ці лёгка нашым прабабулям было выглядаць прыгажунямі?”, “За якога хлопца замуж дзяўчаты ісці не хацелі?”,- з абмеркаваннем такіх пытанняў разглядаецца сямейнае жыццё продкаў з псіхалагічнымі, маральнымі, бытавымі асаблівасцямі.

Яшчэ адна важная тэма. Разважанні пра гераізм і самахвярнасць пакалення Вялікай Айчыннай, расказ пра цяжкасці быта салдата той вайны, абмеркаванне сучасных фільмаў, асабліва дакументальных, дазваляюць выклікаць у дзіцячай аўдыторыі, незалежна ад узросту, яшчэ большае жаданне паслухаць, убачыць, пачытаць. Неабходнасць фарміраваць інфармацыйную культуру навучэнцаў паўстае сама сабой, асабліва калі закранаць неадназначныя трактоўкі тых ці іншых падзей.

Любы накірунак краязнаўчай дзейнасці дазваляе развіваць эмацыйна- пачуццёвую сферу навучэнцаў, іх здольнасці, а тым больш фарміраваць сацыяльны вопыт: выхоўваць якасці, якія складаюць аснову камунікатыўнай, грамадзянскай, сацыяльна актыўнай асобы. Пазнанне гістарычных, прыродных і культурных здабыткаў рэгіёна праводзім, найперш, у экспедыцыйнай форме. Паколькі найбольш актуальным лічым пошук сведак розных падзей, знаёмства з цікавымі людзьмі краю.

У час экскурсій закладваюцца асновы культуры змястоўнага, карыснага адпачынку, дзе можна не толькі паразважаць над лёсам пэўных аб’ектаў, але і навучыць дзяцей заўважаць прыгожае, адметнае ў звычайным жыцці.

Удзел у конкурсах падштурхоўвае тым самым да аналізу зробленага, да пошуку новых форм работы, да вызначэння найбольш эфектыўных сродкаў выхаваўчага ўздзеяння на падрастаючае пакаленне.

На старонках конкурсных работ, акрамя задачы: пераканаць аўдыторыю (і, канечне, журы) ў сістэмным падыходзе праведзеных даследванняў, дакладнасці тэарэтычных выкладак, сумяшчэнні доказнасці з вобразнай выразнасцю, найперш, дэманструецца шырокае ўключэнне вялікай колькасці навучэнцаў у краязнаўчую дзейнасць. Размяшчаюцца шматлікія фотаздымкі самых розных мерапрыемстваў, якія праводзіліся ў падрыхтоўчы перыяд ці пасля ўжо з мэтай папулярызацыі вынікаў даследвання.

Наяўнасць музея дае магчымасць праз канкрэтныя матэрыялы і факты ўплываць на фарміраванне светапогляду навучэнцаў, уменні бачыць гісторыка-культурны кантэкст музейнага прадмета.

У раздзеле “Галерэя талентаў” экспануюцца матэрыялы пра выпускнікоў школы (таленавітых музыкантаў, літаратараў, мастакоў, спартсменаў), тут жа прадстаўлены прадметы дзіцячай творчасці сенняшняга дня. Выключнае значэнне мае прызнанне творцы такіх “рукатворных” музейных прадметаў тых, хто вучыцца побач, а так па-майстэрску валодае словам, фарбамі, голасам і г.д. Нашы навучэнцы дэманструюць высокі ўзровень валодання сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі. Вучань 9 класа Меркулаў Антон стварыў віртуальную экскурсію, прычым тэкст да яе прадстаўлены на трох мовах, што дазваляе такі прадукт дзейнасці краязнаўцаў шырока выкарыстоўваць у адукацыйным працэсе.

Прыемна адчуваць прызнанне вынікаў пошукава-даследчай работы юных краязнаўцаў ў грамадскім жыцці рэгіёна. Менавіта на аснове створанага Летапісу населенага пункта ў лістападзе мінулага года адбылося ўрачыстае святкаванне 140-годдзя Міханавіч. Міханавіцкую школу ў жніўні 2013 года наведалі члены ХХ Міжнароднай экспедыцыі “Дарога да святыняў”, якія выказалі словы ўдзячнасці за захаванне памяці, за папулярызацыю таленавітых землякоў, за неабыякавасць да выхавання на аснове народных традыцый.

Паспяховая выніковасць удзелу ў конкурсах садзейнічае прызнанню аўтарытэту іх удзельнікаў, аўтараў работ сярод вучнёўскага калектыва, ды і сярод педагагічнага таксама. Назіраецца пераемнасць у перадачы навыкаў і ўменняў краязнаўчай работы непасрэдна ад больш вопытных навучэнцаў да тых, хто толькі далучыўся. Гэта не толькі выяўленне, падтрымка паспяховай самарэалізацыі дзяцей, на спрыяльнай глебе краязнаўства навучэнцы атрымліваюць магчымасць не толькі развіваць свае здольнасці, у першую чаргу, праходзіць сацыяльная адаптацыя маладога пакалення да жыцця ў сучасным грамадстве.





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка