Красавік 2011 г. Правапіс галосных




Дата канвертавання20.03.2016
Памер104.62 Kb.
С
Дадатак да тэматычнай школьнай газеты “СЛЕД”
ЛЕДаПЫТ


Красавік 2011 г.


autoshape 151


ПРАВАПІС ГАЛОСНЫХ


§ 5.Правапіс літар о,э,а ў складаных словах


1. У складаных словах можа быць адзін асноўны і адзін або некалькі пабочных націскаў. Калі ў другой частцы складанага слова націск на першым складзе, то ў першай частцы замест о пішацца а: дабрадзей, скараход, салявар, дабраякасны, галаваломка, вадасховішча, малатабоец, бамбасховішча, раўнапраўе.

Літара о захоўваецца ў складаных словах, першай часткай якіх з'яўляюцца слова-, што-, фота-, мота-: словазлучэнне, словазмяненне; штодзённы, штомесяц, штогод; фотаздымак, фотакопія, фотаплёнка, фотакамера, фотавыстаўка і г. д.; але: фатаграфія і вытворныя ад яго; мотагонкі, мотакрос, мотаспорт і г. д.; але: матавоз, матацыкл і вытворныя ад іх.

2. Калі ў другой частцы складанага слова націск не на першым складзе, то ў першай частцы захоўваецца о: асновапалажэнне, бавоўнапрадзільны, вогнетрывалы, водаразмеркавальнік, вагонарамонтны, востракамбінацыйны, высокаідэйны, галоўнакамандуючы, корманарыхтоўка, конегадоўля.

У першай частцы некаторых складаных слоў, асабліва навуковых тэрмінаў, можа выразна праяўляцца пабочны націск і тады, калі асноўны націск падае на першы склад другой часткі. У такім выпадку пад пабочным націскам у першай частцы захоўваецца напісанне о: агорафобія, азонастойкі, азотнакіслы, збожжасховішча, коксагазавы, манголазнаўства, мовазнаўства, мовазнаўчы, маторазборка, работадавец, словатворчасць, фондасховішча і інш.

Ва ўсіх іншых выпадках напісанне падобных слоў вызначаецца па слоўніку.


  1. Літара о пішацца ў першай частцы складаных слоў, калі другая частка пачынаецца з ў (у нескладовага): марозаўстойлівы, торфаўборачны, вогнеўстойлівы, збожжаўборка.

  2. Лічэбнікі ад 600 да 800 утвараюць асобны тып складаных слоў, у якіх першая частка скланяецца і пішацца як самастойнае слова.

Напрыклад:

Н. шэсцьсот семсот восемсот

Р. шасцісот сямісот васьмісот

Д. шасцістам сямістам васьмістам

В. шэсцьсот семсот восемсот

Т. шасцюстамі сямюстамі васьмюстамі

М. (аб) шасцістах сямістах васьмістах


  1. Гук [э] у першай частцы складаных слоў захоўваецца і абазначаецца літарай э: мэтанакіраваны, мэтазгодна, рэдказубы, шэравокі, арэхападобны, крэдытаздольнасць, тэлебачанне.

  2. У складаных словах, утвораных ад лічэбніка ў форме роднага склону і іншага слова, першая частка пішацца так, як яна пішацца ў родным склоне лічэбніка: трохдзённы, чатырохпавярховы, шасціствольны, шасцісоты, пяцідзёнка, дзесяцігодка, сямікласнік, васьмігадовы, васьмісоты, дзевяціградусны, саракагоддзе, саракапяцітонны, двухсотметровы.

  3. Калі складаныя словы маюць у сваім складзе больш за дзве часткі, то кожная з іх пішацца як асобна ўзятае слова: авіяматорабудаванне, аўтатрактарабудаванне, аэрафотапрыбор.


Каментарыі:

1. Правілы напісання літар о, э, аў складаных словах датычацца галоўным чынам першай часткі складаных слоў і адносяцца да найбольш цяжкіх у сучасным беларускім правапісе. Напісанне гэтых літар у складаных словах залежыць ад месца націску ў другой частцы складанага слова, а таксама ад характару яго першай часткі (спрадвечнае ці запазычанае слова).

У новых правілах напісанне літар о, э, а ў складаных словах у асноўным адпавядае "Правілам беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" 1959 г., удакладненні датычацца толькі напісання асобных слоў і груп слоў. Асноўным застаецца прынцып, што напісанне галосных о, э, а ў першай частцы складанага слова залежыць ад месца націску ў другой частцы і колькасці асноў у складаным слове. Таму правапіс галосных о, э, а ў пераважнай большасці агульнаўжывальных складаных слоў з пераважна славянскімі (спрадвечнымі) асновамі падпарадкоўваецца наступным правілам.

а) Калі націск у другой частцы складанага слова падае на першы склад, то ў першай частцы замест о пішацца а: добры - дабрадзей, соль - салявар, молат - малатабоец, роўны - раўнапраўе, горы - гарналыжнік, гарналыжніца і гарналыжны і інш.

б) Калі ж націск у другой частцы складанага слова не на першым складзе, то ў першай частцы паяўляецца дадатковы (пабочны) націск і захоўваецца напісанне о: агонь - вогнетрывалы, высокі - высокамастацкі, вагон - вагонабудаўнічы і інш.

(Працяг на стар. 2)

Калі другая частка складанага слова пачынаецца з ў нескладовага), то ў першай частцы таксама захоўваецца напісанне літары о: марозаўстойлівы, торфаўборачны, вогнеўстойлівы, збожжаўборка і інш. Мэтазгоднасць такога напісання абумоўлена тым, што ў словах устойлівы, уборка націск падае на другі склад і захоўваецца на гэтым жа складзе, калі яны становяцца другой часткай складанага слова. Пераход жа у ў ў абумоўлены толькі пазіцыйна. Гэтым жа абумоўлена і напісанне слоў вокамгненна, вокамгненны, вокамгненнасць, у якіх другой часткай з'яўляюцца словы імгненна, імгненны, імгненнасць з націскам не на першым складзе.

в) Калі складаныя словы маюць у сваім складзе больш за дзве часткі, то кожная з іх пішацца як асобна ўзятае слова: авіяматорабудаванне, аўтатрактарабудаванне, аэрафотапрыбор, водамаслазапраўшчык.

г) Напісанне літары э ў першай частцы складаных слоў захоўваецца нязменна як у самастойным слове: мэтанакіраваны, мэтазгодна, рэдказубы, шэравокі, арэхападобны, крэдытаздольнасць, тэлебачанне.



2. Разам з тым правапіс о, а ў першай частцы даволі вялікай колькасці складаных слоў не падпарадкоўваецца названым вышэй агульным прынцыпам правапісу складаных слоў. Фактычна выключэннямі з гэтага правіла з'яўляюцца многія складаныя словы з першай часткай іншамоўнага паходжання, у якіх напісанне о захоўваецца незалежна ад месца націску ў другой частцы.

Згодна з новымі правіламі захоўваецца нязменнае напісанне о у словах слова-, што-, фота-, мота-, калі яны з'яўляюцца першай часткай складаных слоў незалежна ад месца націску. Напісанне о захоуваецца таксама ў першай частцы незалежна ад месца націску ў другой у значнай колькасці складаных слоў, якія адносяцца ў асноўным да тэрміналагічнай лексікі. Захаванне ў новых правілах гэтай "старой" нормы абумоўлена імкненнем:

а) захаваць традыцыю нязменнага напісання некаторых вельмі пашыраных у сучаснай маўленчай практыцы беларускіх слоў (збожжа, мова, свабода і інш.). Асабліва гэта датычыцца выпадкаў, калі неабходна захаваць аднолькавае напісанне частак у складаных словах, якія падпарадкоўваюцца розным прынцыпам напісання: свабодалюбівы (націск у другой частцы не на першым складзе) і свабодалюбства (націск у другой частцы на першым складзе);

б) пазбегнуць непажаданай аманіміі і двухсэнсоўнасці складаных слоў (слова і слава, мангол і мангал): словатворчасць (ад слова, а не слава);

в) не дапусціць сэнсавай неадназначнасці тэрміналагічнай лексікі, што перашкаджае выкарыстанню беларускай мовы ў навуковай і афіцыйна-дзелавой сферах. Напрыклад: вокарухалъны (анатам.), гросмайстар, збожжаздатачны, збожжасклад, збожжасховішча, іголкафільтр, калонлічба, коксагазавы, коксахімія, манголазнавец, мовазнаўства, мовазнаўчы, моватвдрчасць, моватворчы, маторазборачны, прыродазнавец, прыродазнаўца, работадаўца, ружоватвары, свабодалюбны, свабодалюбства, свабоднападаючы, словатворчасць, словаформа, усходазнавец, усходазнаўства, фондаёмістасць, фондасховішча, электронвольт і г. д.

Фактычна ва ўсіх гэтых выпадках у адпаведнасці з вымаўленнем у першай частцы праяўляецца пабочны націск. Правапіс такіх слоў трэба правяраць па слоўніках.

У складаных словах, што пішуцца праз злучок, кожная частка захоўвае свой націск і пішацца як самастойнае слова: доберман-пінчар, чррна-белы, чорна-буры, чырвона-белы, чырвона-буры. Параўн. таксама: стоп-кран, стоп-кадр, стоп-сігнал, шоу-бізнес.

3. Некаторыя асаблівасці мае напісанне о, э, а у складаных словах, першай часткай якіх з'яўляюцца лічэбнікі.

Захоўваецца нязменнае напісанне першай часткі ў складаных лічэбніках шэсцьсот, семсот, восемсот. Гэта абумоўлена тым, што гэтыя лічэбнікі ўяўляюць сабой спецыфічную групу складаных слоў, у якіх пры скланенні змяняюцца абедзве часткі, а значыць захоуваецца самастойны націск і напісанне ўсіх склонавых форм як у асобных словах.

Незалежна ад месца націску ў другой частцы захоўваецца ў складаных словах нязменнае напісанне з літарай о першых частак, якія з'яўляюцца формамі роднага склону лічэбнікаў дзвесце, дзевяноста, сорак, тры, трыста, чатыры, чатырыста: двухсотгадовы, двухсоткглаграмовы, дзевяностагадовы, саракагадовы, саракатонны, трохаконны, трохаршынны, трохбаковы, трохгалосы, трохкіламетровы, трохлітровы, чатырохпрацэнтны, чатырохрублёвы, чатырохсотгадовы, чатырохтыднёвы, трохсотгадовы, а таксама двухсотгоддзе, дзевяностагоддзе, трохвосевы, трохмачтавы, трохмерны, трохмесячны, трохмоўны, трохпалубны, трохсотгоддзе, трохсоты, трохстволка, трохструнны, трохсценка, чатырохзначны, чатырохколерны, чатырохмесны, чатырохногі, чатырохслоўны, чатырохтомнік.

Такім жа чынам у новых правілах уніфікуецца напісанне складаных слоў, першай часткай якіх з'яўляецца лічэбнік сто: стагоддзе, стагодні, стаградусны, стасільны, статысячны, статыcячнік, стасвечкавы, ставежавы, статонны, а таксама стааблічны, ставярстовы, стагадовы, стагаловы, стагалосы, стаграмовы, стаметровы, стамільённы, стапрацэнтны, старублёвы. У гэтых словах галосная а з'яўляецца злучальнай галоснай і яе правапіс вызначаны адпаведным правілам, згодна з якім злучальная галосная о пішацца толькі пад націскам. Акрамя таго, частка ста- у гэтых словах з'яўляецца формай роднага склону лічэбніка сто, што цалкам суадносіцца з агульным правілам правапісу складаных слоў у першай частцы лічэбнікаў у форме роднага склону.

Заўвага:У дзеючых правілах напісанне слоў з лічэбнікам сто падаецца непаслядоўна: стагоддзе, стагодні, але стоградусны, стотысячны, стогаловы і г. д. (Слоўнік беларускай мовы. Мінск, 1987).



“СЛЕДаПЫТ”.

Дадатак да
тэматычнай школьнай газеты “СЛЕД”


Выдаецца ў ДУА
“Верхменская сярэдняя агульнаадукацыйная школа
імя В.А.Тумара” на беларускай
і рускай мовах

Наш адрас:

222228, Мінская вобласць,


Смалявіцкі раён,
аграгарадок Алесіна, вуліца Школьная, д. 14 - А.

Тэлефоны: (01776) 41 3 48, 41 3 20

E-mail: verhmen-school@tut.by




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка