Конкурсу складання шахматных задач «якаву камянецкаму 100»




Дата канвертавання30.06.2016
Памер27.73 Kb.
ПАЛАЖЭННЕ МЕМАРЫЯЛЬНАГА КОНКУРСУ СКЛАДАННЯ ШАХМАТНЫХ ЗАДАЧ «ЯКАВУ КАМЯНЕЦКАМУ – 100»
Кароткія звесткі пра юбіляра
Якаў Яфімавіч Камянецкі (15.04.1915, Мінск – 09.01.1991, тамсама) – адзін з найбольш вядомых шахматных кампазітараў і арганізатараў даваеннай БССР. Першыя публікацыі яго задач датуюцца 1929 г. Да 1970-х гадоў узначальваў секцыю кампазіцыі пры федэрацыі шахмат БССР, шмат зрабіў для паспяховых выступленняў беларускай каманды на ўсесаюзных спаборніцтвах. Браў удзел у некалькіх чэмпіянатах БССР па вочнай гульні, выйграваў чэмпіянат Мінска. Апрача таго, Я. Камянецкі вылучыўся як ігрок па перапісцы і шахматны журналіст (актыўна супрацоўнічаў з газетамі «Звязда», «Физкультурник Белоруссии» і інш.). Удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне, быў узнагароджаны ордэнам.
Мэты конкурсу
- дадатковае раскрыццё патэнцыялу шахматна-кампазітарскай супольнасці краіны;

- выяўленне новых здольных праблемістаў у Беларусі;



- папулярызацыя ведаў пра творчую спадчыну Я. Камянецкага і шахматную гісторыю ХХ ст.
Умовы конкурсу
1. Да спаборніцтва запрашаюцца ўсе аматары шахматнай кампазіцыі – жыхары Беларусі. Аматарамі ў гэтым выпадку лічацца асобы, якія пасля 01.01.2010 не атрымлівалі прызоў за шахматныя задачы ў міжнародных конкурсах. Жыхарамі Беларусі лічацца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, незалежна ад месца іх знаходжання, і асобы з відам на жыхарства ў РБ. Астатнія катэгорыі складальнікаў маюць права выступіць па-за конкурсам.

2. На конкурс прымаюцца раней не публікаваныя творы з заданнем «мат за два хады». Кожны ўдзельнік прадстаўляе максімум тры задачы. У кожнай задачы павінна быць не больш за 16 фігур.

3. Задачы дасылаюцца на дыяграмах з аўтарскім рашэннем праз звычайную пошту на адрас суддзі (гл. ніжэй) або праз электронную пошту на адрас сакратара (гл. ніжэй). У пісьме неабходна пазначыць імя, імя па бацьку і прозвішча аўтара; дату нараджэння; поўны адрас і, калі ёсць, шахматны разрад/званне аўтара, а таксама кантактны тэлефон/e-mail.

4. Апошняя дата адпраўкі задач – 01.10.2014. Вынікі конкурсу будуць падведзены да 01.11.2014 і ў першай палове лістапада 2014 г. апублікаваны на сайце brestchess.ucoz.ru. Пасля публікацыі зацікаўленым асобам даецца 30 дзён, каб аспрэчыць рашэнне суддзі. Спрэчныя моманты разбіраюцца цягам 15 дзён, і праз 45 дзён пасля публікацыі (у выпадку адсутнасці прэтэнзій – праз 30 дзён) вынікі ўступаюць у сілу.
Узнагароджанне ўдзельнікаў
1. Пасля ўступлення ў сілу вынікаў конкурсу (снежань 2014 г.) пераможцам неадкладна выдаюцца прызы. І прыз складзе 50$, II прыз – 40$, IIІ прыз – 30$. Спецыяльныя прызы: за лепшую задачу прадстаўніцы жаночага полу – 20$; за лепшую задачу ўдзельніка, якому на момант абвяшчэння конкурсу не споўнілася 16 гадоў, – 20$; за лепшую скахаграфічную задачу або задачу-жарт – 10$. Грошы высылаюцца паштовым пераводам у беларускіх рублях, паводле курсу Нацбанка РБ на дзень уступлення вынікаў у сілу. Прызы могуць суміравацца. Прадугледжаны таксама адзнакі – ганаровыя і пахвальныя водгукі (дыпломы).

2. Усе ўдзельнікі, якія прышлюць карэктныя задачы, у тым ліку і тыя, хто выступіць па-за конкурсам, атрымаюць сувенір: брашуру з выбранымі творамі Я. Камянецкага і вынікамі гэтага мемарыяльнага конкурсу. Выхад брашуры адбудзецца ў І кв. 2015 г.
Суддзя – майстар спорту СССР па шахматнай кампазіцыі, нацыянальны арбітр

Мікалай Іванавіч Бельчыкаў (адрас: г. Барысаў-8, а/c 187, 222518, Мінская вобласць).

Сакратар – Вольф Рубінчык (rubinczyk@yahoo.com).
Cпонсары конкурсу – Аляксандр Булаўка (Беларусь), Марк Рубінчык (Ізраіль)

Інфармацыйны партнёр – сайт «Брэсцкія шахматы» (brestchess.ucoz.ru).
Зацверджана 27.05.2014.





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка