Конкурсу «Настаўнік года-2009»




Дата канвертавання01.05.2016
Памер125.98 Kb.
Клуб «Крыштальны журавель»

Няправільных думак не бывае: Эфектыўны ўрок літаратуры
Галіна Анатольеўна СУХАВА,

настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 5 Віцебска,

выдатнік адукацыі, лаўрэат конкурсу «Настаўнік года-2009».
Галіна Анатольеўна — педагог у трэцім пакаленні. Яе педагагічнае крэда: «Калі выбераце людзей такімі, якія яны ёсць, з усімі характэрнымі ім недахопамі, вы ніколі не зробіце іх лепшымі. Калі вы звяртае цеся да людзей як да ідэальных, вы паднімеце іх на тую вышыню, на якой хацелі б іх бачыць».

Настаўніца лічыць, што вельмі важна ствараць для вучняў сітуацыі свабоднага выбару ў прыняцці рашэнняў і адказнасці за іх выкананне, а паважлівыя і гуманныя адносіны да дзяцей садзейнічаюць выхаванню творчай мэтанакіраванай асобы.

У рамках клуба «Крыштальны журавель» Галіна Анатольеўна актыўна праводзіць майстар-класы і адкрытыя ўрокі. Сваім вопытам настаўніца таксама дзеліцца з калегамі на курсах і семінарах, якія праводзіць Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі.

Апошнім часам Г.А.Сухаву больш цікавяць пытанні выкладання літаратуры. Гэтай жа тэме і прысвечаны сённяшні матэрыял.
Сёння, калі інфармацыйны паток захоплівае кожнага ўдзельніка адукацыйнага працэсу, неабходна думаць пра эфектыўныя шляхі арганізацыі ўрока. Праблему эфектыўнага вывучэння літаратуры можна сфармуляваць наступным чынам: як за абмежаваны час, адведзены на вывучэнне мастацкіх твораў, навучыць большаму? Ці як навучыць таму ж за меншы час?

Адным з самых моцных стымулаў да перагляду падыходаў і ўласных пазіцый да эфектыўнага навучання літаратуры з’яўляюцца кантроль і ацэнка вынікаў навучання. Для настаўніка ацэнка ведаў і ўменняў вучняў з’яўляецца найбольш складанай задачай.

Праблемы аб’ектыўнай дыягностыкі ведаў і ўменняў вучняў на ўроках літаратуры, а таксама распрацоўкі адпаведнага інструментарыю з’яўляюцца актуальнымі і не поўнасцю вырашанымі ў наш час. Нярэдка ўстае пытанне аб б’ектыўным выстаўленні адзнак (асабліва пры вусным адказе), шырыні ахопу правяраемых ведаў і ўменняў, эканамічнасці метадаў ацэнкі і эфектыўнасці.
Наш вопыт практычнай дзейнасці не прэтэндуе на прынцыпова новы шлях у працэсе засваення літаратурных ведаў і ўменняў і іх аб’ектыўнай дыягностыкі, а з’яўляецца адным са спосабаў вырашэння праблемы эфектыўнага навучання літаратуры.

Спадзяёмся на дыялог.
Калі чалавек хоча пра нешта даведацца, ён задае пытанні, а не адказвае. Таму кожны настаўнік, які стараецца павысіць эфектыўнасць урока літаратуры праз граматную арганізацыю кантрольна-ацэначнай дзейнасці, не раз задаваў пытанні:
Якія заданні прапаноўваць?

У якой форме праводзіць дыягностыку?

Колькі вучняў з класа апытваць?

Колькі варыянтаў даваць?

Як правяраць выкананыя работы?

Хто павінен правяраць?

Ці ставіць адзнакі?
Безумоўна, адназначных адказаў на пастаўленыя пытанні няма. Наш вопыт пераконвае, што найбольш эфектыўна для навучання літаратуры прымяняць заданні ў тэставай форме. Эфектыўнае заданне дазваляе вучням за адзінку вучэбнага часу дабіцца большага эфекту ў параўнанні з іншымі педагагічнымі заданнямі, хутчэй засвоіць новыя элементы ведаў. Тэставыя заданні на ўроку літаратуры сталі выконваць не толькі кантрольную, але і развіццёвую, і вучэбную функцыю. Зрабіць добрае тэставае заданне да ўрока літаратуры даволі складана. У логіцы невыпадкова гавораць пра культуру пытання, а ў педагагічных вымярэннях — пра культуру фармулявання заданняў у тэставай форме. Аднак значна спрашчае працэдуру складання тэставага задання па літаратуры дыягнастычна сфармуляваная мэта ўрока літаратуры. Для прыкладу прапаноўваю разгледзець урок літаратуры ў пятым класе «Вершы як вазы» (Параўнальны аналіз вершаў Рыгора Барадуліна «Бацьку» і Васіля Зуёнка «Прыйдзі аднойчы...»).
Мэта ўрока
Мяркуецца, што да заканчэння ўрока вучні будуць

ведаць: галоўную думку, форму маналога-звароту вершаў Р.Барадуліна «Бацьку» і Васіля Зуёнка «Прыйдзі аднойчы...»; сродкі перадачы пачуццяў паэта (своеасаблівы рытм, шматлікія вобразы-параўнанні, рэфрэну вершы В.Зуёнка, недаказ, сказы з простай мовайу вершы Р.Барадуліна);

умець супастаўляць вершы, блізкія па жанры і тэматыцы (гл. заданні выніковага кантролю);

садзейнічаць фарміраванню навыкаў аналітычнага і выразнага чытання, развіццю творчага мыслення;

сродкамі матэрыялу ўрока аказаць уплыў на фарміраванне ўнутранага свету вучняў, садзейнічаць выхаванню культуры індывідуальнай і калектыўнай вучэбнай дзейнасці, спрыяць засваенню паняцця «ўважлівае стаўленне да бацькоў».

Канкрэтна прапісаныя крытэрыі засваення ведаў і ўменняў у вучэбнай мэце ўрока дазваляюць скласці дыягнастычнае заданне. Яно можа выглядаць так:


Выніковы кантроль урока «Вершы як вазы»
Вершы Рыгора Барадуліна «Бацьку» і Васіля Зуёнка «Прыйдзі аднойчы...»

Падобныя 1)............................................................

.......................................................................................

2)..............................................................................

.......................................................................................
Для дасягнення пастаўленай мэты плануецца выкарыстаць прыём «Чытанне з ілюстрацыяй», прыём нагляднасці «Вершы як вазы».
Вершы адрозніваюцца сродкамі перадачы пачуццяў паэта (7—8 балаў).

Рыгор Барадулін Васіль Зуёнак

1.......................................... 1...................................

.......................................... ..................................

2.......................................... 2...................................

.......................................... ..................................

3.......................................... 3...................................

.......................................... ..................................


Для дасягнення пастаўленай мэты плануецца выкарыстаць прыём «Даміно»,

арганізаваць работу малых груп.


Можаце выразным чытаннем перадаць галоўную думку вершаў (9—10 балаў).
Разбалоўка тэставага задання абмяркоўваецца з вучнямі ў самым пачатку ўрока, яна можа быць заменена ацэнкай — «вельмі добра», «дастаткова», «неабходна карэкціраваць работу на ўроку». Трэба адзначыць, што менавіта адзнака моцна стымулюе актыўную пазнавальную дзейнасць вучняў на ўроку. Спланаваны выніковы кантроль дазваляе настаўніку эфектыўна падабраць метады і прыёмы работы з тэкстам мастацкага твора, загадзя прадумаць, адпрацоўка якіх уменняў будзе найбольш плённай для паспяховага выканання заданняў выніковага кантролю ўрока. Нам здаецца, прыведзеная разбалоўка даволі ўмоўная, хаця і не супярэчыць нормам ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці па вучэбным прадмеце «Беларуская літаратура».

Абапіраючыся на дыягнастычна пастаўленыя мэты ўрока, выбіраем разнастайныя формы пашыраных адказаў, пісьмовых і вусных, каб сабраць інфармацыю пра тое, наколькі вучні дасягнулі вучэбных мэт. Такія тэставыя заданні не прадугледжваюць эталонаў-адказаў, іх значнасць у тым, каб не прыводзіць вучняў да адзінага правільнага вываду, меркавання, а вучыць аргументаваць пазіцыю, будаваць развагі. Галоўнае, каб крытэрыі для ацэнкі былі зразумелымі.

Вось яшчэ адзін прыклад выніковага тэставага задання ўрока «Народная легенда «Нарач» як аснова літаратурнай легенды М.Танка, як дзейсны спосаб раскрыцця таленту паэта».
Мэта:
Мяркуецца, што да заканчэння ўрока вучні будуць

ведаць: мастацкую арыгінальнасць літаратурнай легенды (моўную выразнасць, апісанні прыроды); прыёмы раскрыцця мастацкай арыгінальнасці літаратурнай легенды М.Танка; ідэю твора, змогуць даць правільны адказ на выніковае тэставае заданне ўрока;

умець выбіраць тэкставую інфармацыю для характарыстыкі галоўнага героя, ствараць вобразныя асацыяцыі, выказваць свае адносіны да ўчынкаў герояў.

Задачы асобаснага развіцця: садзейнічаць далейшаму развіццю ўмення ўспрымаць літаратурны твор на эмацыянальна-вобразным узроўні, прымаць пазіцыю і аргументаваць яе пры правядзенні дыскусіі, садзейнічаць фарміраванню навыкаў аналітычнага чытання, развіццю творчага мыслення.


Выніковае тэставае заданне
Як бы вы назвалі легенду Максіма Танка пра возера Нарач:

— плагіят. Чаму? (6 балаў);

— літаратурнай апрацоўкай. Чаму? (7 балаў);

— арыгінальным мастацкім творам. Чаму? (8 балаў);

— актыўна працаваць, смела выказваць свае думкі (няправільных думак не бывае), прадстаўляць работу групы (9 —10 балаў).
Рацыянальна ў выніковае заданне ўрока ўключыць не толькі пытанні, якія вымяраюць ступень разумення зместу мастацкага твора, але і ўключаюць працэдуры ацэнкі дзейнаснага падыходу пры вырашэнні праблемнага кола ўрока.

Даволі цікавай формай тэставага задання як для выніковага кантролю, так і для адпрацоўкі ўменняў аналізу тэксту мастацкага твора можа выступаць анкета.


Урок беларускай літаратуры ў пятым классе «Які ж ён, навічок?» (Знаёмства з героямі апавядання Генрыха Далідовіча «Страта» — Стасем і Міцем.)
Мэты ўрока
Мяркуецца, што да заканчэння ўрока вучні будуць

ведаць: стандартны мінімум фактычных звестак дзвюх першых частак апавядання, матэрыял для аналізу вобраза Міці (дэталёвае апісанне знешнасці, паводзін на ўроках і дома, размовы бацькоў Стася і вяскоўцаў пра Міцеву хваробу);

умець выяўляць сваё стаўленне да Мішы Бокуця, заўважаць адносіны да Мішы іншых герояў апавядання, запаўняць анкету ад імя героя апавядання (гл. заданні выніковага кантролю);

садзейнічаць фарміраванню навыкаў аналітычнага чытання, развіццю творчага мыслення;

сродкамі матэрыялу ўрока аказаць уплыў на фарміраванне ўнутранага свету вучняў, садзейнічаць выхаванню культуры індывідуальнай і калектыўнай вучэбнай дзейнасці, спрыяць засваенню паняцця «тактоўнае стаўленне».
Выніковы кантроль урока «Які ж ён, навічок?»
Анкета

1. Імя ………………………………………………………

2. Узрост ………………………………………………………

3. Мой знешні выгляд ………………………………………………………

4. На ўроках я ………………………………………………………

5. Я люблю пасля ўрокаў ………………………………………………………

6. Бацькі аднакласнікаў гавораць пра мяне ……………………………………………

7—8. Аднакласнікі думаюць, што я ……………………………………………………

бо я ……………………………………………………… Але гэта не так.

9—10. На самай справе я ………………………………………………………

бо ………………………………………………………
Ва ўступным слове настаўнік праводзіць наступны інструктаж:

— Каб пазнаёміцца бліжэй, людзі прыдумалі анкеты. Звярніце ўвагу на анкету, якую я вам прапаноўваю.

— На якія пытанні лёгка адказваць?

— На якія складана? Чаму?

— Сёння на ўроку мы пазнаёмімся з героямі апавядання Генрыха Далідовіча Стасем і Міцем. Калі гэтае знаёмства будзе глыбокім, а не павярхоўным, то нам удасца запоўніць анкету ад імя Міці — новага вучня, што паспрыяе важнаму ўменню разбірацца ў характарах людзей, бачыць сапраўдныя прычыны незвычайных паводзін.

— Заўважце, што нумары пытанняў анкеты супадаюць з баламі, якія вы можаце атрымаць за ўрок.


А вось прыклад выкарыстання анкеты героя з мэтай высвятлення мастацкіх асаблівасцей твора.
Апавяданне Змітрака Бядулі «Бондар»
Імя. Даніла

1. Узрост ………………………………………………………

2. Колер вачэй ………………………………………………………

3. Нацыянальнасць ………………………………………………………

………………………………………………………

4. Дзе, кім працуе ………………………………………………………

………………………………………………………

5. Захапленні ………………………………………………………

6. Самая драматычная сітуацыя ў жыцці ………………………………………………

………………………………………………………


Арганізую навучальны дыялог:

— На якое пытанне было прасцей адказаць? Чаму?



Усё апавяданне прысвечана апісанню псіхалагічнага стану майстра, яго марам, спадзяванням, захапленню творчым працэсам.

— Як бы вы назвалі такую мастацкую асаблівасць твора, у якім так многа ўвагі адводзіцца раскрыццю ўнутранага свету таленавітага чалавека, яго псіхалогіі? (Псіхалагічнасць).

— На якія з пытанняў цяжка было даць адказ ці не змаглі, прыйшлося дадумаць? Чаму? Я ўпэўнена, што цяпер вы ведаеце прычыну гэтага. Што больш цікавіла пісьменніка ў вобразе галоўнага героя? Тамму апавяданне надзвычай сціслае ў сюжэтным, падзейным плане.

— Знайдзіце, калі ласка, у адказах анкеты асноўны аргумент таго, што апавяданне можна назваць драматычным. Такім чынам, запоўненыя вамі анкеты не толькі дапамаглі ўзнавіць асноўныя падзеі апавядання, але і адзначыць пэўныя мастацкія асаблівасці твора.

Якія з іх вы б адзначылі? (Псіхалагічнае, драматычнае, сціслае).
Тэставае заданне «Пісьмо з белымі плямамі» — даволі эканамічны прыём для засваення зместу мастацкага твора, яго інтэрпрэтацыі. Задача вучняў — узнавіць прапушчаныя словы. Кожны запоўнены пропуск — 1 бал. Такія тэставыя заданні, падабраныя да кожнага этапу аналізу мастацкага твора, могуць мець накапляльную сістэму ацэньвання, спрыяць станоўчаму выніку работы на ўроку. Напрыклад, «Пісьмо з белымі плямамі» з урока літаратуры ў шостым класе па тэме «Якуб Колас — байкапісец».
Я конь — герой байкі Якуба Коласа. Належу да самых …………………………………… і ……………………………………… свойскіх жывёл. За гэта мяне чалавек вельмі …………………………………… Я добра разумею сваё значэнне ў жыцці чалавека, таму з задавальненнем дэманструю перад усімі сваю ……………………………… Я адчуваю паўнату жыцця, …………………………………… існаванню на гэтым свеце. Сваім ……………………………………, сваім …………………………………… абуджаю наваколле, каб яно напаўнялася жыццём, энергіяй. (7 балаў)
Я Рудзька — герой байкі Якуба Коласа. Хаваюся за вуглом, ціхенька ……………………………… Я ніяк не магу змірыцца са сваёй ……………………………………… ў параўнанні з канём. А вось стрыножанага каня я магу ……………………………………… З усіх сіл я стараюся ……………………………………… і ……………………………………… Не спрабуйце мяне……………………………………, бо нарэшце наступіў мой …………………………………… час — быць навідавоку ва ўсіх. (7 балаў)
Для таго каб уменне напрацоўвалася шляхам практыкаванняў і трэніровак адвольна, а зна чыць, хутка і эфектыўна, неабходна змяніць уста ноўку і адносіны вучня да літаратурных ведаў і ўменняў. Уменне ёсць сродак навучання, а на ўроках мы ператвараем уменні ў мэту. Так, тэма ўрока літаратуры ў пятым класе — «Параўнальны аналіз вершаў Рыгора Барадуліна «Бацьку» і Васіля Зуёнка «Прый дзі аднойчы...». Вучню такая тэма незразумелая, яна не кранае, а адпрацоўка ўменняў аналізу мастацкага твора ператвараецца ў нудную, руцінную працэдуру. Літаратурныя веды і ўменні вучням патрэбны не наогул, а для чагосьці. Калі мэта ўрока зразумелая і блізкая вучню і заключаецца ў тым, каб напоўніць паэтычную форму глыбокім зместам, які дапамагаюць выявіць лексічныя і сінтаксічныя фігуры, а для гэтага неабходна спачатку паспраба ваць наклеіць на вазы аднолькавай формы розныя геаметрычныя фігуры, то разуменне паэтычнай творчасці будзе фарміравацца з такой хуткасцю, якую немагчыма атрымаць, калі на дошцы будзе груваст кая тэма, адпаведная вучэбнай мэце настаўніка. Таму тэма такога ўрока можа гучаць так: «Вершы як вазы».
Урок «Праблема чалавечага шчасця ў апавяданні Я.Брыля «Галя» можа мець такую назву: «Ці мог Янка Брыль сказаць: «Галя — гэта я «?». На такім уроку ў вучняў ёсць магчымасць праверыць даволі пашыранае меркаванне ў грамадстве, што істоту мужчыны куды лепш, чым ён сам сябе, ведае жанчына, а таямніцы жаночага характару шырэй дадзена бачыць, разумець мужчынам.

Разуменне духоўнага свету і перажыванняў, ілюзій, спадзяванняў жанчыны геніяльна ўдалося раскрыць Флабэру, што і нарадзіла «Мадам Бавары — гэта я». Такога тонкага пранікнення ў душу жанчыны еўрапейская літаратура не ведала. Ці мог Янка Брыль сказаць: «Галя — гэта я»?

Для ацэньвання такога кшталту выніковых заданняў неабходна загадзя, разам з вучнямі распраца ваць крытэрыі ацэнкі. Яны могуць выглядаць прыблізна так:

— дакладнае і поўнае разуменне пытання, разнастайная аргументацыя прыкладамі з тэксту, заснаваная на аналізе мастацкіх прыёмаў, вывадамі;

— адзін аргумент і прыклад, які падмацаваны вывадам;

мінімальнае разуменне пытання, адсутнасць аргументаў.


Шлях да гарадской цывілізацыі, або «Сена на асфальце» Міхася Стральцова»
Вучэбная мэта
Плануецца, што вучні будуць

ведаць: стандартны мінімум фактычных звестак пра падзеі апавядання, асаблівасці творчай манеры М.Стральцова, ідэю твора і сродкі яе выяў лення (кампазіцыя, лірызм апавядання, пейзаж);

умець: знаходзіць кампаненты, якія садзейнічаюць раскрыццю вобраза аўтара-апавядальніка, перадачы перакананняў герояў, ствараць вобразныя асацыяцыі, выражаць свае адносіны да ўчынкаў герояў.
Выніковае заданне да ўрока:

1. На вашу думку, каго можна лічыць гараджанінам?

2. Якім чалавекам вам уяўляецца лірычны герой апавядання?

3. Чаму ў апавяданні аўтар так многа ўвагі ўдзяляе апісанням прыроды, гарадскім пейзажам, перапісцы герояў?

4. У чым, на вашу думку, адметнасць кампазіцыі апавядання?

5. Паспрабуйце расчытаць вобраз «сена на асфальце» М.Стральцова з пазіцыі французскага імпрэсіяніста Клода Манэ.


У аснову такіх выніковых заданняў намі пакладзены наступныя крытэрыі разумення тэксту мастацкага твора:

уменне правільна даваць азначэнне паняцця;

уменне вызначаць прычынна-выніковыя сувязі;

уменне праводзіць параўнанне, літаратурныя аналогіі;

уменне аргументаваць сваю пазіцыю з улікам кампазіцыйнай будовы твора, жанрава-стылёвай спецыфікай;

уменне выяўляць ідэйны сэнс твора, прэзентаваць веды.


У залежнасці ад ступені літаратурнай падрыхтоўкі вучняў класа можна прапанаваць і такое заданне да ўрока «Шлях да гарадской цывілізацыі, або «Сена на асфальце» Міхася Стральцова»:

— Дзеці, уважліва паглядзіце на ілюстрацыі. (Настаўнік дэманструе рэпрадукцыі карцін Манэ і фатаграфіі ракі Сены ў Парыжы).

— Фактычна вы ўбачылі блізкія ідэі.

— Калі вы зможаце напрыканцы ўрока сказаць сабе, што агульнага паміж ілюстрацыямі і ідэяй апавядання, то вы можаце ганарыцца сабой: для вас урок марна не прайшоў.


Законы рытму, прапорцыі і гармоніі для любога віду мастацтва адзіныя. На нашу думку, дыягнастычна пастаўленая мэта ўрока літаратуры, граматна арга нізаваная кантрольна-ацэначная дзейнасць даволі ўдала гарманізуюць сучасны ўрок літаратуры — робяць яго і эфектным, і эфектыўным адначасова. Жадаем гармоніі ў думках і справах настаўнікам, якія задумваюцца над павышэннем літаратурнай адукацыі вучняў!
Галіна СУХАВА. Няправільных думак не бывае: Эфектыўны ўрок літаратуры // Настаўніцкая газета, 1 лістапада 2011 г.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка