Конкурс стыпендыі Міхася Стральцова " яма ў небе" Выканаў студэнт першага курса праграмы "




Дата канвертавання11.05.2016
Памер63.37 Kb.

ЕЎРАПЕЙСКІ ГУМАНІТАРНЫ ЎНІВЕРСІТЭТ

Творчая праца на конкурс стыпендыі Міхася Стральцова

ЯМА Ў НЕБЕ”




Выканаў студэнт першага курса праграмы “Міжнароднае права” Аляксей Сяргеевіч Курэтаў





2011, Вільнюс


Яма ў небе

Не загаснуць зоркі ў небе,

Покі неба будзе.

Не загіне край забраны,

Покі жывы людзі.

Янка Купала,

Жывы й незагасны

1.

Вяртаюся дадому… Цягнік гультайна спыняецца… Бачу знаёмую й радуючую вока карціну: родны горад на роднай зямлі. Ганарліва стаяць вежы – вароты ў Менск (ці ў Мінск, я ўжо не ведаю, як тут яго клічуць людзі) – і вітаюць цябе, глядзяць вокамі-вокнамі, якіх незлічона шмат. Разумею: я на роднай зямлі!

Усе знаёмыя вулачкі ды завулачкі, паркі ды скверы, што кранаюць лепшыя куточкі памяці. Тут нічога не змянілася. Ды не змяніўся гэты кепскі настрой – усё тая ж шэрасць… Паўсюль шэрыя шашы, шэрыя дамы, шэрыя людскія вочы з шэрымі думкамі, якія чытаюцца па іх, ды шэры настрой, што чуваць у паветры. Я вяртаўся ў Шэрарусь… Дзіўная краіна, дзе можна радавацца дробязям, ганарыцца сапраўды выдатнымі рэчамі, жыць, а не існаваць, але ж усё роўна быць шэрым, як хмары, што цяпер, увосень, лятаюць над роднай зямлёй ды захіляюць яму… у небе… Яму ў небе!..

Рэмарка першая, якая патлумачыць штосьці, што вас збянтэжыць, але з’яўляецца сапраўдным… на жаль.

Глядзеў анёлак, седзячы на воблаку сівым, што плыло па блакіце, нібы карабель па моры, на краіну Беларусь, неверагодна прыгожую ды светлую, як і яе найменне, як і той галоўны скарб, што яна хавала доўгія гады – спадчыну, якую людзям пакінулі іх продкі мудрыя ды працавітыя, моцныя ды ўпартыя. Ды штосьці дрэннае здарылася з Беларуссю: людзі тут пачалі рабіцца дрэннымі… Яны не паважаюць адзін аднаго, абыякавыя да Радзімы ды скарбаў яе, пра роднае забываюцца, прадаюць яго задарма, тыя запаветы, што пакінуты ім былі, не выконваюць, бо імкнуцца невядома куды, невядома навошта, не шануюць свабоду, што дадзеная ім была пры нараджэнні, а мяняюць яе на спакой прывідны, які не раз парушаецца, не раз крыўдзіць іх саміх, але яны гэтага быццам бы не заўважаюць. Убачыў гэты жах анёлак – ды не вытрымала яго сэрцайка маленькае, але добрае й чыстае… Ды памёр ён на гэтым воблаку, а яно стала хмарай, што пачала ўбіраць людскія грахі й злачынствы, якіх усё болей ды болей рабілася… Ды цяжкай стала хмара, правалілася ў небасхіл ды з’явілася над Беларуссю яма, у якую трапляюць усе надзеі, мары, думкі светлыя, падаюць яны ў багну безнадзейнасці, дзе і згінаюць… Ды святло праз яму гэтую не праходзіць, малітвы да Бога не даходзяць, ды зрабіла яна ўсё пад сабою шэрым ды аднолькавым… Вось так пераўтварылася Беларусь у Шэрарусь…

Ды маўчалі людзі, ды падалі знічкі…

2.

Не, бадай нічога не змянілася. Усё так сама не чуваць роднай мовы, так сама не чуваць добрых словаў нідзе, няма энтузіязму ды радасці, якімі павінны зіхцець людзі: усе бягуць па сваіх быццам бы неадкладных справах…

Праспект гарэў агнямі, імі зіхцеў кожны куток, але не люблю я гэтыя агеньчыкі, бо несапраўдныя яны: зоркі яны замянілі, тыя, што ў небе заўсёды яскравым бляскам шлях

паказвалі да мар, да надзей, да лепшага. Але цяпер не бачу гэтага пакуль – агні перашкаджаюць. Замянілі людзі ліхтарамі зоркі… ды дарма… 1

Няма тут і той цішыні, якую я моцна люблю: усё грукае, падае, гучыць – грае на барабанах гучнасці горад. Але люблю я і мелодыі гэтай гучнасці, бо родныя яны, людскія, але ўсё роўна шэрыя. Не люблю я толькі адзін гук, а дакладней – голас… Голас, што гучыць паўсюль! Ён на незразумелай мове даносіць нейкую лухту да мяне ды людзей вакол. Люты голас, які грозна з вялікай гучнасцю гаворыць пра ворагаў, што пагражаюць нам з усіх бакоў; голас, які загадаў скасіць белыя ды чырвоныя кветкі ў парках ды пакінуць адну траву, зялёную ды бясчуйную; голас, які робіць людзей у гэтай краіне ворагамі адзін да аднаго, трымае ў жаху, бо кіруе арміяй ваўкоў, што бязлітасна грызуць і жанчын, і дзяцей. Голас сочыцца ў кожны кут, дзе бруднуе розумы людзей, а людзі шэрыя й не могуць супрацьстаяць ды ўбіраюць у сябе пустыя словы (здаецца, хутка лопнуць ад іх). Людзі шэрыя й маўчаць, людзі шэрыя ды нагінаюцца пад гэтым голасам, а хто не нагінаецца, таго ваўкі прымушаюць. Ды ніхто нікому дапамагчы не жадае, а калі б жадаў – не змог бы, бо яму б самому дапамогі не знайшлося… І вось так шэрыя людзі ў Шэрарусі робяцца рабамі па-ціхаму…

Ёсць тыя, хто прагне змяніць усё гэта, але няшмат іх, надта няшмат, ды не даюць ім зрабіць нічога добрага, грызуць ды за мур кідаюць паміраць. Шмат хто з’язджае, каб не бачыць больш гэтага жаху і не быць пагрызенымі, ды амаль ніхто не вяртаецца.

Вось яна – яма ў небе! Тая, што голас гэты пракляты робіць гучнейшым, з-за чаго ліха адно ў хатах і на вуліцах. Жывуць людзі кепска ды ўсё роўна ім, бо колераў не размяжоўваюць (усё шэрае) ды не чуюць нічога (голас у вушы ім крычыць)...

Рэмарка другая, якая, магчыма, непатрэбная, але аўтар яе размесціў.

Блакітныя возеры ды магутныя рэкі, бясконцыя лясы ды неабсяжны абшар палёў, грозныя вежы й замкі ды сціплыя вёскі й мястэчкі, гучныя вуліцы ды праспекты гарадоў ды іх ціхія скверы – усё гэта чароўная карціна Беларусі. У Шэрарусі ёсць тое ж самае, але людзі гэтага не шануюць, не бачаць усёй феерычнасці, таемнасці, прыгажосці роднага краю. Пакінуты скарб ад продкаў у выглядзе запаветаў Скарыны й Каліноўскага, вершаў шматлікіх паэтаў, якіх незлічона было (і ёсць цяпер), карцін Шагала, Савіцкага ды іншых мастакоў, прыпавесцей Быкава, песень народных і аўтарскіх – гэта спадчына, якая мусіць зрабіць беларусаў сапраўднымі, годнымі, моцнымі. Гісторыя, поўная таямнічых ды напружаных момантаў, крывавых войнаў ды стагоддзяў шчасця й росквіту – гэта наша мінулае, не спазнаць якога – значыць, не мець будучыні. Дык вось, у Шэрарусі не спазналі гісторыю людзе, забыліся пра спадчыну сваю ды згубілі-страцілі шлях да будучыні.

Хто мы? Што мы? Толькі ўладары мараў, што не мусяць быць рэалізаваны?

Ды шмат пытанняў было, ды мала адказаў адчулася…



3.

Нічога не змянілася… Паўсюль лунае адзін твар. Яго нават замест герба вешаюць у школьных класах. Ды як жа я бачу гэты твар? Як сімвал расейскі – арол з дзвюма галовамі, адна на захад глядзіць, іншая – на ўсход (ды не ведаюць, куды ім імкнуцца), а сваёй галавы ў арла няма, хоць карона для яе ёсць, прычым самая вялікая. Ды ў краіне бадай усе такія ж – арлы дзвюхгаловыя без трэцяй галавы на карону пустую, ды падрэзаны крылы ў гэтых арлоў, ды не прагне ніхто крылы мець, ды ніхто не прагне, каб у яго галава свая была – ім хапае галавы той, што лунае паўсюль, але ж не ведаюць людзе, што няма ў гэтай галаве думак, а толькі ймкненні, толькі меркаванні заблытаныя, толькі словы няродныя, пустыя ды толькі яму аднаму зразумелыя.

Шкада… Ды я не чакаў перамен, калі вяртаўся… зусім… Бо бессэнсоўна чакаць… трэба рабіць!

Моцна прагну: той голас, што з кожнага кута ліецца (той, які я не люблю больш за ўсё), перакрычаць, горла садраць, але перакрычаць, каб адчулі людзе, каб пачала ў іх свая галава расці ды крылы зноў па паветры маглі лунаць. Але аднаму бессэнсоўна крычаць – не пачуе аніхто. Трэба, каб узяліся за рукі мільёны і пачалі крычаць, каб адчулі астатнія, у рэшце рэшт, каб абыякавасць тая шэрая знікаць пачала ды людзі сталі яднацца ў салідарнасці дзеля свабоды, каб зноў кветкі пасадзілі ў парках белыя ды чырвоныя, ды будуць яны прыгажосцю зіхцець ды водар прыемны ад іх будзе ісці.

Вось яна, яма ў небе! Склалася над Беларуссю родненькай, адзінай ды непамерлай. Шэрай стала зямля родная, бо людзі ў ёй шэрыя: церпяць прымусы, чакаюць цудаў ды ймкнуцца хто ў які бок, забыўшыся пра жыццё сапраўднае шматкаляровае, ды й таму слухаюць голас гэты пракляты, што вынішчае ўсё, да чаго дакранецца, што ваўкам сваім загады дае нязгодных збіваць; мур будуюць людзі, дзе ж самі й загінуць, калі не працягнуць руку адзін аднаму й не закрычаць у адзіны голас “Жыве Беларусь!”. Тады й кожны сам мастаком будзе ды возьме фарбы, размалюе гэтае жыццё ў белы, чырвоны, жоўты, блакітны ды іншыя яскравыя колеры, ды Шэрарусь знікне й зноў з’явіцца Беларусь, найменне якой – сімвал свабоды, волі, братэрства! Ды рухне мур з праклятым тварам над ім…

Вось яна, яма ў небе! Гэта наш страх, нашая хлусня самім сабе, нашыя ўчынкі дрэнныя і аніякія ўвогуле, гэта наша маўчанне, гэта наша абыякавасць да каштоўнасцей, гэта наша адзінкавасць, якая адбіваецца ў нежаданні яднацца й адсутнасці павагі адзін да аднаго, да гісторыі, да мовы нашай роднай – вось гэтая брудная шэрая плынь, якая яму ў небе стварае! Зацягніся ты, яма ў небе!

Не зацягнулася!.. Слова моцнае, але аніякае, калі справай не замацаванае…

У небе зорак не бачна – перабівае іх святло ліхтароў. Біце ліхтары і глядзіце на зоркі, што танчаць па Млечным Шляху – гэта дарога нашая да мар і лепшай будучыні, але прайсці яе трэба праз яму ў небе! Яму ў небе! Ды толькі разам мы гэта зрабіць зможам, бо калі адзінкамі супрацьстаяць гэтаму будзьма, загінем у багне цёмнай усе.



Рэмарка трэцяя, апошняя, дзе распавядаецца пра тое, чаго йшчэ не было ды проста прымроена аўтарам.

Нічога не змянілася?



Ліхтары не працуюць… Крочаць шчыльна людзі з моцнай упэўненасцю, якую бачна ў вачах. Дзяўчынка наперадзе трымае ў руках тры кветкі (дзве белыя і адну чырвоную), на яе тварчыку ўсмешка яркая-яркая, каля яе людзі таксама шчыльна йдуць, трымаюць у руках сцягі, таксама з яркімі ўсмешкамі на тварах ды агеньчыкамі ў вачах… Яны разам спяваюць песні на роднай мове ды ў адзіны голас крычаць “Жыве Беларусь”. Ды не пужаюць іх ні ваўкі, ні голас люты, ні страшэнная яма ў небе, паўз якую яны пакрочылі па зорках насустрач марам, разбурыўшы разам мур, што іх стрымліваў.

Ды гарэлі агеньчыкі, ды крочылі людзі…


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка