Конкурс сачыненняў " Мова… Родная мова ў марах, у песнях, у снах…"




Дата канвертавання11.06.2016
Памер36.19 Kb.
Аддзел адукацыі, спорту і турызму Нясвіжскага райвыканкама

Дзяржаўная ўстанова адукацыі

“Пагарэльцаўская сярэдняя школа”

Раённы конкурс сачыненняў

Мова… Родная мова ў марах, у песнях, у снах…”

Аўтар: Папок Таццяна Аляксандраўна,

навучэнка 11 класа

Кіраўнік: Дылеўская Вольга Вікенцьеўна,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры першай катэгорыі


Нясвіж


2015

Мова… Родная мова ў марах, у песнях, у снах...”


Незвычайнае хараство і зладжанасць

чуецца нам у гучанні роднага слова. 

А. Крывіцкі
Кожны народ мае свае звычаі, культуру і традыцыі, якія складаюць аснову нацыі. Яны робяць яе адметнай, непадобнай да іншых. І ніводная нацыя ў свеце не можа існаваць без галоўнага – без мовы.

Мова – гэта не проста сродак для перадачы пачуццяў і думак, абмену інфармацыяй, яна своеасаблівае люстэрка жыцця людзей, іх грамадскага развіцця і культуры.

Мова – наша спадчына, якую мы атрымліваем ад бацькоў і павінны перадаць наступным пакаленням. Яна крочыць з намі побач усё жыццё: спярша мы чуем яе з матуліных вуснаў, калі яна спявае нам песні, потым чытаем на ёй кнігі, вывучаем яе ў школе. І ў выніку не заўважаем, як паступова яна становіцца часткай нашага жыцця.

Роднай мовай нашчадкаў Еўфрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага, Францыска Скарыны і Сымона Буднага, Кастуся Каліноўскага і Францішка Багушэвіча з’яўляецца беларуская мова. І хто хоць раз чуў яе, ужо ніколі не забудзе. Не забудзе яе мяккасці і мілагучнасці, плаўнасці і напеўнасці, сціплай прыгажосці і самабытнасці. Яе хараство падкрэслівалі вялікія майстры слова, яе непаўторнасць, нібы магія, прыцягвае і хвалюе.

Знакамітыя беларускія паэты выказвалі шчырую любоў да роднай мовы, замілаванне яе хараством. І кожны з іх знайшоў свае словы: для Максіма Танка мова “ўсімі вясёлкамі ззяе, / Смалістымі пахне лясамі, / Жывымі звініць галасамі”, для Уладзіміра Дубоўкі – “самацветаў яскравая нізка”, для Пімена Панчанкі – “ластавак шчабятанне, / Звон світальны палескіх крыніц”, для Алеся Бачылы – “маленства вясна”. Прыгажосць матчынай мовы зачароўвае.

Але ў вершах паэтаў гучаць і трывожныя ноткі. Што ж іх непакоіць? А трывогу выклікае тое, што не ўсё так радасна і бязвоблачна ў жыцці. Нашай мове, як і раней, пагражае небяспека: забыццё. На жаль, толькі частка беларускага насельніцтва размаўляе на роднай мове. Чамусьці некаторыя беларусы грэбуюць ёю, па-ранейшаму лічаць “мужыцкай” і таму “нямоднай”. Непаважлівае стаўленне да роднай мовы вядзе да нацыянальнай трагедыі. Забудзем мову – забудзем сваю культуру, сваю гісторыю, забудзем і саміх сябе...

Не для гэтага нашы продкі праслаўлялі беларускі народ, не для гэтага пралівалі сваю кроў. У іх марах было толькі адно: каб мы, іх нашчадкі, маглі жыць у свабоднай краіне і гэтак жа свабодна маглі размаўляць на роднай мове. І сёння няма ніякіх абмежаванняў гаварыць па-беларуску, таму што беларуская мова мае статус дзяржаўнай. Але чаму так трывожна гучаць словы Ніла Гілевіча ў вершы “Адкажы”:

Брат мой! Братка мой! Братачка родны!
Адкажы – сам сабе адкажы:
Чым зрабіўся табе непрыгодны
Скарб бясцэнны тваёй жа душы?


Шчырага беларуса, Ніла Гілевіча, як і мяне, непакояць пытанні аб тым, што мы пакінем нашым нашчадкам, на якой мове будуць размаўляць беларусы праз дваццаць, трыццаць, сто гадоў, ці будуць беларусы на карце свету.

Вацлаў Ластоўскі казаў: “Хто не шануе родную мову, той не шануе сябе самога, ні свой род, ні сваіх дзядоў-бацькоў, якія той жа мовай гаварылі”. І я згодна з гэтымі словамі. Праз свае непаважлівыя адносіны да самага святога – мовы – мы здраджваем нашым продкам. І калі мы не адумаемся, у хуткім часе нас чакае сумнае будучае: беларусы могуць зусім знікнуць як нацыя. І зноў мы будзем народам без імя – тутэйшымі.



Беларуская мова – наша багацце. І на нас, моладзі, зараз ляжыць абавязак – берагчы гэты скарб, цудоўную, магутную мову, пранесці яе праз стагоддзі, захаваць такой, якую атрымалі ад Янкі Купалы і Якуба Коласа, і перадаць нашчадкам…

Толькі на беларускай мове можна зразумець асаблівасці характару беларускага чалавека. Толькі на беларускай мове можна перадаць пачуцці беларуса. Толькі калі мы ведаем беларускую мову і размаўляем на ёй, мы – сапраўдныя беларусы ...



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка