Конкурс настаўніцкіх эсэ "Гадуем беларусаў" Эсэ Мы любім цябе, Белая Русь! Аўтар: Гірнік




Дата канвертавання22.06.2016
Памер64.52 Kb.
Аддзел адукацыі Жлобінскага райвыканкама
Дзяржаўная ўстанова адукацыі

Сярэдняя агульнаадукацыйная школа № 13 г. Жлобіна”


Конкурс настаўніцкіх эсэ

“Гадуем беларусаў”

Эсэ

Мы любім цябе,

Белая Русь!


Аўтар: Гірнік



Таццяна Васільеўна

настаўнік беларускай мовы і літаратуры

першай катэгорыі

2009/2010 навучальны год



Бярымося! Наш сягонняшні, наш заўтрашні напрамак – да здабытага намі народнага беларускага шляху …

Максім Багдановіч
Дзяцінства... Яно на ўсё жыццё застаецца ў памяці чалавека. Я і сёння помню, як выконвала танец Чырвонай Шапачкі, як пайшла ў першы клас, як атрымала першую двойку, як апрананала белае плацце на выпускны баль.

Асабліва засталося ў маёй памяці тое, як мы ставіліся да сваёй Радзімы. Кожны, хто жыў у Савецкім Саюзе, згадзіцца, што мы ўсе былі глыбока патрыятычнымі людзьмі. Любоў да Радзімы прывівалася з самага нараджэння. Кожны савецкі чалавек ведаў, хто такі Ленін і што ён зрабіў для народа. Мы ўставалі, калі чулі Гімн. Будучы піянерамі, дапамагалі пенсіянерам і ветэранам вайны. Ведалі імёны не толькі герояў другой сусветнай, але і герояў працы. Мы верылі ў непераможнасць нашай Радзімы. Верылі ўсёй душой, усім сэрцам. Мы з гонарам “насілі” імя Савецкі Чалавек. Нас гэтаму вучылі. Настаўнікі, бацькі, сродкі масавай інфармацыі.

Я вырасла. Даведалася шмат новага пра гісторыю сваёй Радзімы, але гэта не змяніла мае пачуцці. Працуючы настаўнікам, я з задавальненнем расказваю дзецям, як мы жылі раней. Расказваю і задумваюся: а я змагу даць вучням тое, што сама калісьці атрымала ў школе – гонар за сваю Радзіму, любоў да ўсяго беларускага? Ці змагу я выхаваць сапраўдных беларусаў?

Асабліва глыбока над гэтым пытаннем я задумалася некалькі гадоў назад, калі адпачывала ў Ялце...

2007 год. Красавік. Я зноў у Ялце. Вялікдзень. Уявіце маё здзіўленне, калі я чую прыемны мужчынскі голас, які распавядае мне на пявучай роднай мове пра магілу Максіма Багдановіча на Ялцінскіх могілках. Мне стала і радасна, і крыўдна(за сябе, зразумела): вось ён, сапраўдны беларус. Чалавек расказвае аб тым, што кожны раз, калі трапляе ў гэты цудоўны горад, наведвае Максіма Багдановіча. І гэта не наноснае – словы ідуць ад сэрца. Вось чым мы павінны ганарыцца: нягледзячы ні на што, ёсць людзі, якія ўсім нутром сваім вераць у сілу нашай мовы – вялікага скарбу беларускага народа...

Быў пахмурны дзень. Могілкі сустрэлі нас нейкай незвычайнай цішынёй. Мы доўга ішлі, па дарозе сталым позіркам нас суправаджалі дзяды-крыжы. І вось ён, Максім. У яго руках кніга – сімвал вечнасці. Нешта перавярнулася ў маім сэрцы: так лёгка, цёпла і прыемна мне ніколі не было. На нейкі момант я вярнулася ў мінулае, у час, калі перада мною стаяў выбар, якім жыццёвым шляхам ісці далей. Сёння я з упэўненасцю магу сказаць, што не памылілася. Усёй душой я хварэю за сваю дзяржаву, за свой народ. Не можа такога быць, каб людзі не разумелі значнасці захавання роднай мовы, сваёй нацыі. Цяпер я добра ведаю, як жыць далей.

Вось ужо 19 гадоў я працую з дзецьмі. Работа ў школе – гэта няспынны пошук, імкненне да самаўдасканалення, цяга да нязведанага.

Кожны дзень я бягу ў школу міма панурых дамоў, сумных вуліц і непрыкметных людзей. Бягу і лаўлю сябе на думцы, што з нецярпеннем чакаю сустрэчы са сваімі вучнямі. Заходзіш у клас і бачыш каля трыццаці палаючых вачэй, якія не проста чакаюць ад цябе новых цікавых адкрыццяў, а радуюць. Адны радуюць сваёй фенаменальнай памяццю, другія сардэчнай дабрынёй, а трэція неардынарнасцю думкі, творчай натурай.

Як жа прывіць любоў да беларускай мовы, да роднай культуры гэтым юным камп’ютэрным геніям? Сучасныя тэхналогіі настолькі захапілі маладое пакаленне, што некаторыя з іх забыліся, калі ў апошні раз трымалі ў руках класічную літаратуру, тым больш на беларускай мове.

Выхад знайшоўся сам сабой. Я вырашыла зацікавіць сваіх вучняў даследчай дзейнасцю і прапанавала стаць членамі школьнага навуковага таварыства. Даследчая работа для моладзі, асабліва таленавітай, – гэта рух наперад. А каб гэты рух быў найбольш эфектыўным, я як кіраўнік вучнёўскіх праектаў імкнуся зацікавіць юных навукоўцаў незвычайнай тэматыкай даследаванняў.

Асноўная задача, якую я стаўлю перад сабой, працуючы з дзецьмі ў навуковым таварыстве, – раскрыць прыгажосць і багацце культурнай, літаратурнай і моўнай спадчыны нашай краіны, таму найчасцей выбіраю краязнаўчы накірунак у рабоце. Даследуючы антрапонімы нашага раёна, помнікі героям Вялікай Айчыннай вайны, якія знаходзяцца на тэрыторыі роднага горада, музеі школ нашага горада, вучні вывучаюць гісторыю свайго краю і ў далейшым панясуць здабытыя веды ў жыццё.

Яшчэ не раз я сама ўспомню праекты дзяцей – крылы творчасці маіх вучняў, якія акунаюць нас у шчодрасць беларускіх традыцый, у чароўнасць свету мастацтва, у незгасальнасць мужнасці беларускай зямлі.

Я добра памятаю, з якім захапленнем Клімовіч Ксенія, Джывага Марыя і Мінюк Аліна працавалі над праектам “Традыцыйнае адзенне – погляд у будучыню”. Тры гады яны прымяралі на сябе вышываныя кашулі, саматканыя спадніцы, рознакаляровыя гарсэты. Затое цяпер школьнікі з цікавасцю вывучаюць віртуальную экскурсію ў мінулае “Бабульчын куфар”, якую зрабілі дзяўчаты яшчэ ў 2006 годзе.

Асабліва актуальнай сёння з’яўляецца завочная экскурсія Гашчук Хрысціны і Станкевіч Алены, у якой расказваецца пра помнікі, усталяваныя ў Жлобіне ў гонар загінуўшых у час вайны. Кожны раз, калі чытаю радкі з работы вучаніц, на вачах з’яўляюцца слёзы, бо гэта не проста апісанне помнікаў, а крык душы пакалення, якое не бачыла вайны, але цікавіцца падзеямі таго часу.

Аб ваенных дзеяннях на тэрыторыі Жлобіншчыны нам цяпер нагадваюць шматлікія помнікі з бронзы і камяню. Іх каля 80. Недалёка ад цэнтральнай плошчы, калі перайсці на той бок чыгункі, па вуліцы Кутузава ты ўбачыш братэрскі могільнік, у якім пахавана 558 савецкіх воінаў і партызан, што загінулі пры вызваленні горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На могільніку ўсталявана пабедраная выява воіна з кветкамі ў руках. Ён, як жывы, стаіць побач са сваімі таварышамі і трымае кветкі – сімвал жыцця. Тут жа знаходзіцца скульптура – маці з сынам на руках. Угледзься ў твар жанчыны. Хай на ім ты не ўбачыш кожнай рысачкі, але адчуеш увесь боль, які ахапіў яе. Жанчына-маці стаіць на каленях. Яна нахілілася над салдатам, які накрыты плашчом. Ён нежывы. Аб гэтым сведчыць адкінутая назад галава, а маці ад гора зжалася ўся. Колькі беларускіх жанчын не дачакалася сваіх сыноў з вайны, колькі гора яны перажылі!..” (Гашчук Хрысціна, Станкевіч Алена, 2008г.)

Усе гэтыя дзяўчаты ўжо студэнткі . Яны з радасцю зноў і зноў ляцяць у школу на сваіх крылах. Іх крылы шырока распраўлены, яны ўпэўнены ў сваёй будучыні.

А са мной сёння маленькія беларусы. Мы з імі пазнаём свет нашай краіны таксама праз творчасць. Так, іх крылы яшчэ не раскрыліся і не могуць зрабіць шырокі размах. Але прыйдзе час і яны заявяць пра сябе ў поўны голас. Яны паляцяць над усёй нашай краінай і будуць планіраваць, як тыя буслы. Я гляджу ў цікаўныя вочы сваіх юных навучэнцаў і з гонарам заяўляю: “Вось яны, сапраўдныя беларусы – наша будучыня!” Бо тое, з якой ахвотай яны бяруцца за творчыя спробы, не можа не распаліць у іх сэрцах любоў да сваёй краіны, да роднай Бацькаўшчыны.

Сённяшнія мае вучні – удзячныя слухачы. На іх суд аддаецца кожная цікавая работа аднакласнікаў. У глыбокай цішыні і задуменнасці яны слухалі апавяданні Андрэя Гірніка “Жменька ўспамінаў пра вайну”, якія ён запісаў са слоў прадзеда Багданава Івана Кузьміча. Вось адзін з іх.



Першыя дні вайны

Голас Левітана і сёння гучыць у маёй галаве. За яго Гітлер даваў высокую цану. Адзін голас забіваў...

Мы былі дзецьмі і па-сапраўднаму тады ацаніць страшэнную вестку яшчэ не маглі. Немцы прыйшлі ў нашу вёску як пераможцы. Было лета. Яны параспраналіся, у калодзежа мыюцца. Курэй смажаць, параць. Ніякага супраціўлення яны не сустракалі. У кожнага салдата быў аўтамат, бінокль. А ў нас што? Адна вінтоўка на ўсіх?..Немцы лічылі рускіх за свінней. У іх быў план: аставіць у жывых некалькі працэнтаў для работы, астатніх вынішчыць.

Але мы перамаглі. Нягледзячы на тое, што ў нас не было зброі, нашы бралі сілай. “Немцы баяліся рускага штыка”. Акрамя гэтага, немцы баяліся рускай зімы. Моцныя маразы падкасілі іх. А яшчэ быў загад Сталіна: “Толькі наперад!” І ўсе ішлі... Наперад за перамогай. (Гірнік Андрэй, з успамінаў прадзеда. 2009г.)

Вынікам фальклорнай экспедыцыі па родным краі стала публікацыя нататкі “Цікавыя ўражанні”, якую напісалі ўдзельнікі незвычайнага паходу Бандарэнка Настасся, Гірнік Андрэй, Кірыленка Таццяна, Давыдзенка Дарына, Грыгаровіч Таццяна і Шаўчук Уладзіслаў.

“План маршруту быў распрацаваны загадзя, таму раніцай, сабраўшыся ў назначаным месцы, мы накіраваліся да сваёй мэты. А яна была незвычайная: пазнаёміцца з жыхарамі вёскі Лугавая Вірня і даведацца пра традыцыі мясцовага насельніцтва. Наш паход мы вырашылі правесці ў форме фальклорнай экспедыцыі...



Пазнаёміўшыся з жыхарамі вёскі, мы зразумелі, што старажылаў засталося вельмі мала. Сярод іх – Алена Кірылаўна Раманцова. Ах, як яна спявае!

Збіраць фальклор аказалася справай нялёгкай: старых людзей мала, а сучасная моладзь амаль нічога не ведае. Таму мы вырашылі ў наступным годзе працягнуць місію фалькларыстаў і наведаць іншыя куточкі Жлобіншчыны...” (Вучні 6 “Б” класа САШ № 13)

Зноў і зноў азіраючыся назад, я з задавальненнем успамінаю сваіх былых вучняў, з захапленнем гляджу на сёняшніх і з радасцю чакаю новых. Бо той запал творчасці, які дораць мне дзеці, акрыляе, нясе ўвысь. Азіраючыся назад, я з упэўненасцю магу сказаць, што выбрала правідьны накірунак, што мае вучні з гонарам заяўляюць, калі спяваюць на ўроку ў час фізкультхвілінкі:



Мы любім Радзіму Беларусь –

Гэта цудоўны, чароўны край!

Гасцінная, шчырая Белая Русь!

Мы любім цябе, тут сапраўдны рай!

Мы ўсе БЕ-ЛА-РУ-СЫ!

Мы ўсе БЕ-ЛА-РУ-СЫ!


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка