Конкурс " Спяшайцеся з паэтам сустрэцца"




Дата канвертавання07.05.2016
Памер50.14 Kb.










Літаратурны вечар-конкурс

Спяшайцеся з паэтам сустрэцца”

(па творчасці Якуба Коласа)

Падрыхтавала і правяла бібліятэкар

Стаповіч Г.І.

Мэта: паглыбіць веды вучняў пра жыццёвы і творчы шлях Я.Коласа; раскрыць шматграннасць таленту пісьменніка, яго глыбокую любоў да роднага краю, прыроды, павагу да чалавека працы; фармаваць асобу грамадзяніна, уздзейнічаць на думкі і пачуцці вучняў з мэтай выхавання патрыятызму, высакароднасці, любові да роднага слова; развіваць творчыя здольнасці вучняў, навыкі эстэтычна асэнсаванага чытання.

Абсталяванне. Партрэт пісьменніка, эпіграф, прэзентацыя “Якуб Колас”, выстава “Малюнкі родныя і з’явы”, выказванні пра пісьменніка.

Эпіграф.

Шчыльней у гурт, духоўная радня,

Да Коласа бліжэй, мы – беларусы!

Мікола Мятліцкі



Пісьменнікі пра Якуба Коласа

Самым дарагім для нас імем у беларускай літаратуры побач з імем незабыўнага Янкі купалы з’яўляецца імя Якуба Коласа.

Кандрат Крапіва

Творчасць Якуба Коласа – гэта своеасаблівы летапіс жыцця народа, летапіс хвалюючы і праўдзівы.

Міхась Лынькоў

Якуб Колас – у сваёй геніяльнай прастаце, беларускасці – адзіны. непаўторны.

Алег Лойка

Праграма конкурсу:


  1. Размінка: пытанні біяграфіі пісьменніка.

  2. Конкурс прэзентацый “Аповед пра Якуба Коласа”

  3. Конкурс “Пазнай верш па радках”.

  4. Конкурс-вернісаж.

  5. Конкурс-аўкцыён.

Вядучы.

Мох – як пуховая пасцель.

Адсюль да Коласа – так блізка…

Схіліўся нізка журавель,

Нібы паэтава калыска…

Куточак памяці жывой,

Нібы святыню, помніць буду.

Ці не занйду я пад страхой

Старую Костусеву вуду?..

А можа, там ляжыць яшчэ,

Ля пуні. бацькава папруга?

А Нёман-бацька ўдаль цячэ,

Дзе сінеч неба, водар луга.

Чытаю “Новую зямлю”:

“Дарэктар”, Костусь і “Пачаткі”…

Здаецца,ў хату крок ступлю –

Запахнуць здорам там аладкі.

Запахне дроў салодкі дым,

І “маляніца” скокне з печы…

Нібы я з Коласам самім

Прыйшоў на першую сустрэчу.

Мікола Шахавец . Акінчыцы



Конкурс-размінка

Пытанні па біяграфіі запісаны на “каласках”. Адказваюць па чарзе ўсе члены каманд, перадаючы ў рукі “важкі колас”. За правільны адказ – 2 бал.



  1. Назавіце год і месца нараджэння паэта.

  2. Сапраўднае імя Я.Коласа.

  3. Якімі псеўданімамі падпісваў творы народны паэт Беларусі?

  4. Дзе вучыўся будучы паэт?

  5. Якую прафесію набыў Я.Колас?

  6. Калі Я.Колас пачаў спрабаваць свае літаратурныя сілы? Назавіце яго першы твор.

  7. Назавіце першы надрукаваны Коласавы твор. Дзе і калі ён быў апублікаваны?

  8. За што быў асуджаны Канстанцін Міцкевіч і дзе адбываў пакаранне?

  9. Назавіце зборнікі паэта дакастрычніцкага перыяду.

  10. Калі і з якой нагоды атрымаў Я.Колас званне народнага паэта Беларусі?

Адказы

  1. 1882г., в. Акінчыцы Стаўбцоўскага р-на.

  2. Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч.

  3. Якуб Колас, Тарас Гушча, Пятрусь Дзягель, Дзядзька Карусь, Дубовы Ліст, Карусь Лапаць, Лесавік, Свій чалавек і інш.

  4. Дома, народнае вучылішча ў Мікалаеўшчыне, Нясвіжская настаўніцкая семінарыя.

  5. Настаўніка.

  6. Калі вучыўся ў Несвіжскай настаўніцкай семінарыі. Празаічны твор “Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле”.

  7. Першы апублікаваны твор – верш “Наш родны край” (газета “Наша доля”, 1 верасня 1906 г.)

  8. За ўдзел у нелегальным з’ездзе настаўнікаў. пакаранне адбываў у Мінскім астрозе.

  9. “Песні-жальбы” (1910), “Апавяданні” (1912), “Родныя з’явы” (1914)

  10. У 1926 г. у сувязі з 20-годдзем літаратурнай дзейнасці.

Конкурс прэзентацый “Аповед пра Якуба Коласа”

Каманды прадстаўляюць прэзентацыі. Максімальная ацэнка – 5 балаў.



Конкурс “Пазнай верш па радках”.

Максімальная ацэнка – 3 балы.



  1. Выйдзем разам да работы.

Дружна станем, як сцяна,

І прачнецца ад дрымоты

З намі наша старана! (“Беларусам”)


  1. У сэрца людское закіньце з дажджамі

Думкі іх верных сыноў (“Хмаркі”)

  1. Вобразы мілыя, вобразы смутныя,

Родныя вёскі і люд,

Песні цягучыя, песні пакутныя!

Бачу і чую вас тут (“Родныя вобразы”)


  1. Ніхто з дамашніх не згадае,

Чым рэчка Костуся займае,

Якая іх звязала сіла,

І чым яна так хлопцу міла. (“На рэчцы”)


  1. На ўсходзе неба грае

Пераліўным блескам.

Сыпле золата над гаем

І над пералескам. (“Усход сонца”)


  1. Выйшаў рольнік з хаты ў поле

Ды па межах ходзіць,

Каб пабачыць сваім вокам,

Як Бог жыта родзіць. (“Рольнік”)

Конкурс-вернісаж

Вядучая.

Малюнкі родныя і з’явы,

Як вы мне любы, як цікавы!

Аснова гэтага конкурсу – загадзя падрыхтаваныя ілюстрацыі да паэмы “Новая зямля”. Кожная каманда выстаўляе па 2 малюнкі і абараняе іх чытаннем урыўкаў з паэмы. Ацэньваецца якасць малюнкаў, іх адпаведнасць тэксту, выразнасць чытання. Максімальны бал – 3



Конкурс-аўкцыён

Вядучы.

Якую любоў да зямлі-маці трэба мець яе сыну, якім талентам валодаць, каб стварыць такі непаўторны помнік мастацтва!

Каманды падбіралі радкі з твораў Я.Коласа дома. Пасля чытаюць па чарзе адна адной на памяць па 4 страфы. Каманда-суперніца называе паэтычныя тропы.

Слова бібліятэкара.

Імкліва бягуць гады…Але колькі б часу ні прайшло, заўсёды будзе жыць у памяці людзей Якуб Колас – выдатны пісьменнік, без якога немагчыма ўявіць беларускую літаратуру.

“Колас – гэта хлеб, гэта само жыццё”. Якуб Колас прыйшоў да нас, каб сказаць:”Гэта мы – беларускі народ! Вось у чым наша веліч і несмяротнасць”. Ён – нацыянальны геній, без якога мы, вялікі свет былі б нашмат бяднейшыя. А таму расступіцеся, пасуньцеся трохі. мілыя суседзі, мы зоймем сваё месца пад гэтым небам. Сваё месца ў бясконцай гісторыі чалавецтва. Мы маем на гэта права. У творчасці Я.Коласа бліскуча сцверджана, паказана і даказана: хто мы, што мы і за што нас, беларусаў, можна паважаць.

Я не хачу пачуць бязмоўя дня,

Якія б ні ўзвіліся землятрусы.

Шчыльней у гурт, духоўная радня.



Да Коласа бліжэй, мы – беларусы!


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка