Колькі талентаў звялося, Колькі іх і дзе ляжыць




Дата канвертавання19.03.2016
Памер83.72 Kb.
Колькі талентаў звялося,

Колькі іх і дзе ляжыць

Невядомых, непрызнаных,

Неаплаканых нікім,

Толькі ў полі адспяваных

Ветру посвістам пустым!



Якуб Колас

Шматпакутная Беларусь… Скрыжаванні дарог з усходу на захад… Скрыжаванні войнаў і рэвалюцый, дабра і зла, нацыянальна-вызваленчага руху і жорсткага яго падаўлення.

Углядваешся ў гісторыю беларускай літаратуры 20 – 30-х гг., і болем сцікаецца сэрца. Сотні загубленых лёсаў! Выдатныя пісьменнікі і паэты раптам становяцца “ворагамі народа”, “буржуазнымі нацыяналістамі”, “нацдэмамі”, “контррэвалюцыянерамі” і падвяргаюцца арыштам, здзекам, катаванням. Фальсіфікуецца “справа” антысавецкай нацдэмаўскай арганізацыі “Саюз вызвалення Беларусі”, за прыналежнасць да якой было асуджана каля 200 выдатных дзеячаў нацыянальна-вызваленчага руху. Расстраляных у Курапатах, асуджаных і вывезеных на Калыму цяжка пералічыць. “Колькі ж вас загінула, скажыце? Дзе вас пахавалі і калі?” – усклікне былы вязень сталінскага ГУЛАГа Сяргей Грахоўскі. Пад гэтымі радкамі маглі падпісацца сотні такіх жа. Гордая і непакорная Ларыса Геніюш, якая прайшла ўсе кругі пекла ГУЛАГа, успамінае:

Крывёй напоўнілі поймы рэк,

Бурліць адчаем слёз людскіх разводдзе.

Гляджу на свет. Я – лагернік, я – зэк,

Засуджаны на мукаў чвэрць стагоддзя.
Мяне драты, сабакі сцерагуць.

Дзікіх надзораў зграя нада мною,

І лоб штодня мой на прыцэл бяруць

Навучаныя забіваць канвоі.

Рубрыка “Колькі талентаў звялося…” прысвячаецца пісьменнікам, ахвярам сталінскага тэрору. Тут мы будзем расказваць пра лёсы слаўных сыноў беларускай зямлі, якім не давялося поўнасцю раскрыць свой талент, якія былі знішчаны падчас сталінскага генацыду. Першы, пра каго мы раскажам, - выдатны пісьменнік-сатырык Андрэй Мрый.

Вядомы пад псеўданімам А. Мрый

Андрэй Мрый з жонкай і сынам (канец 1920-х гг.)


Неардынарная, выбітная творчая асоба Андрэя Мрыя шмат у чым застаецца загадкай для беларускага літаратуразнаўства. Публіцыст, празаік, сатырык, ён пакінуў разнастайную літаратурную спадчыну, якая набыла вызначэнне “вернутая”, бо вярнулася з незаслужанага забыцця, з літаратурных спецховаў.

Біяграфія Андрэя Антонавіча Шашалевіча (літаратурны псеўданім – Андрэй Мрый) знешнімі падзеямі асабліва не вызначалася. Нарадзіўся ён у сям’і валаснога пісара ў 1893 г. у вёсцы Палуж Краснапольскага раёна. Бацька будучага пісьменніка Антон Дзяменцьевіч памёр у 1902 г., пакінуўшы сіротамі пяцёра непаўналетніх дзяцей. Маці Ефрасіння Фамінічна многа намаганняў прыклала да таго, каб даць дзецям адукацыю. Дзеці пазней апраўдалі яе надзеі: два сыны Андрэй і Васіль сталі пісьменнікамі, дачка Настасся аказалася таленавітай мастачкай.

Андрэй з дзяцінства палюбіў музыку, навучыўся іграць на віяланчэлі і разам з братам не раз даваў канцэрты для аднавяскоўцаў. А пасля было духоўнае вучылішча, у якое не вельмі хацеў паступаць, а за ім – семінарыя і, нягледзячы на непрыязнасць да гэтых навучальных устаноў, бліскучая вучоба ў іх. Пра гэта яго дачка Аксана Андрэеўна Рухіна ў лісце да Яўгена Лецкі пісала: “Вучыўся ён бліскуча, заўсёды быў першым вучнем. Мама ўспамінала, што ён вылучаўся акуратнасцю”. [4, с. 208]

Далейшы лёс А. Мрыя высвятляецца з пратаколаў допытаў у НКУС ад 15 чэрвеня 1940 г.: С 1904 по 1914 гг. я учился в Могилёвской духовной семинарии. После окончания был направлен в Киевскую академии, откуда в 1916 г. был мобилизован в Киевскую школу прапорщиков. В школе прапорщиков я пробыл четыре месяца. Затем был направлен на германский фронт. Служил в чине прапорщика. В 1918 году с царской армии был демобилизован и в том же году с августа месяца добровольно вступил в Красную Армию, был заведующим Чериковского военкомата, а затем перешёл в первый Могилёвский резервный полк и в начале 1919 года был направлен под Ново-Хопёрск. Затем заболел тифом…”. [2, с. 97]

Пасля хваробы Андрэя Мрыя накіравалі на Заходні фронт, адкуль праз год ён дэмабілізаваўся і вярнуўся ў родныя мясціны (1921). З 1921 па 1926 гг. працуе настаўнікам французскай мовы і гісторыі ў Краснапольскай школе другой ступені.

У гэтай самай школе настаўнічалі брат Андрэя Васіль Шашалевіч, сёстры Аксіння і Настасся. “Уся сям’я Шашалевічаў была вельмі таленавітая, - згадвае Сяргей Грахоўскі. - …Шашалевічы стварылі першы ў раёне драматычны тэатр, у школе арганізавалі літаратурны і драматычны гурткі, выдавалі рукапісны часопіс “Пралеска”. Сатырычны раздзел у ім вёў Андрэй Шашалевіч… Яны ставілі спектаклі па п’есах Астроўскага, Горкага, Чэхава для школьнай самадзейнасці, пісалі аднаактоўкі”. [1, с. 146] Васіль Шашалевіч, вядомы беларускі драматург, падзеліць трагічны лёс брата – будзе асуджаны ў 1936 г. і загіне ў сталінскім ГУЛАГу на два гады раней за А. Мрыя.

Працу ў школе А. Мрый сумяшчаў з актыўнай краязнаўчай работай, цікавіўся народнай лексікай і сабраны матэрыял перасылаў у Слоўнікавую камісію ў Мінск. У гэты ж час А. Мрый пачаў і літаратурную працу з напісання замалёвак, абразкоў, невялічкіх апавяданняў і нарысаў, якія, пачынаючы з 1924 г. друкуюцца ў газеце “Савецкая Беларусь”, часопісе “Наш край” і літаратурным дадатку “Чырвоны сейбіт”.

З 1926 г. А. Мрый пераязджае на пастаянную працу ў Мінск. У 1926 – 1930 гг. ён інструктар Цэнтральнага бюро краязнаўства, потым стыльрэдактар у газеце “Звязда”.

У 1926 г. па ініцыятыве пісьменнікаў З. Бядулі, К. Крапівы, К. Чорнага, У. Дубоўкі, Я. Пушчы і крытыка А. Бабарэкі была створана пісьменніцкая арганізацыя “Узвышша”, да якой далучыліся М. Лужанін, П. Глебка, У. Жылка, В. Шашалевіч і А. Мрый. Члены гэтай арганізацыі выдавалі часопіс “Узвышша” (1927 – 1929 гг.), дзе А. Мрый надрукаваў некаторыя свае апавяданні і раман “Запіскі Самсона Самасуя”. Публікацыя дзвюх частак твора выклікала вострую крытычную рэакцыю, асабліва з боку некаторых членаў літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, у выніку спынілася выданне рамана. А. Мрыя абвінавацілі ў паклёпе на савецкую рэчаіснасць і прадстаўнікоў улады.

Пачаўся самы змрочны і чорны перыяд жыцця пісьменніка. Гэты перыяд апісаны ў недасланым дакуменце – лісце “Другу працоўных Іосіфу Вісарыяёнавічу Сталіну”, дзе засведчаны пакуты душы, розуму найсумленнешага чалавека, якому цяжка паверыць у тое, што ён – вораг народа, шкоднік, злачынец. З паўночнага лагера ліст да Сталіна пісьменнік пераслаў сястры, але яна не здолела перад самай вайной адаслаць яго высокаму адрасату. Усё сышлося ў гэтым дакуменце. У ім адкрываецца эпоха, поўная недаверу да чалавека, чорная, трывожная, няшчырая.

Пісьменнік праз увесь ліст абараняў думку пра невінаватась перад краінай працоўных, іх правадыром, пра чысціню сваіх намераў. Ён вінаваціў у сваіх пакутах суайчыннікаў, што паўсталі на жыццёвай дарозе і спаганілі, зацемрылі яго шлях: “Я быў ашаломлены агульным ахайваннем майго рамана і не стаў змагацца за яго працяг у друку. Я спадзяваўся, што больш спакойныя людзі аб’ектыўна, справядліва ацэняць раман. Мне было вядома, што масавы чытач у галоўным герою рамана цудоўна разабраўся і бачыў у ім прайдзісвета, што сваімі адміністрацыйнымі дзеяннямі дыскрэдытые Савецкую ўладу і дэмаралізуе новае жыццё… Я прызадумаўся. Няўжо сапраўды высмейванне адміністратараў, падобных Самасую, дасягае адваротных вынікаў і зусім не трэба савецкаму чытачу? Я губляю арыентацыю ў сваёй працы. Раман здаецца мне непатрэбным крокам у жыцці, цяжкаю памылкаю… Я зусім разгубіўся. Як мне выявіць сваё савецкае аблічча? Што я магу сказаць у сваё апраўданне””. [3, с. 53]

За кожным сказам, за кожным словам – боль спакутаванай душы, перажыванні чалавека, ад якога патрабуюць толькі аднаго – прызнання сваёй прыналежнасці да неіснуючай контррэвалюцыйнай арганізацыі. З “Ліста” паўстаюць постаці пісьменніка Анатоля Вольнага, былога старшыні Цэнтральнага бюро краязнаўства БССР Казака, у якім людзі пазнавалі Самсона Самасуя, інструктара гэтага ЦБ Жураўскага, Пузянкова, які працаваў да вайны ў кааператыўнай арганізацыі Краснапольскага раёна, - яны называлі Шашаоевіча шпіёнам, контррэвалюцыянерам. Так наладжаная Сталіным рэпрэсіўная машына ламала чалавечыя лёсы, знішчала магчымасці падсуднага адстаяць свае правы. Удзел адразу ў трох контррэвалюцыйных арганізацыях быў прыпісаны невінаватаму чалавеку! І пасля такога дзікунскага абвінавачвання ён яшчэ знайшоў у сабе сілы для іроніі, для спакутаванай, нязлоснай усмешкі: “Выходзіць, як у бацы: наш пострел всюду поспел! А дакладней: совсем без драки попал в большие забияки! І я, заўсёды сціплы, забіты, прыціснуты жыццём і хваробамі чалавек, раптам аказаўся такім буйным зверам!.. Я гатовы быў праз слёзы крычаць аб сваёй невінаватасці, клясціся вялікім ценем Леніна, Вашым вялікім імем тым, што, можа, у маіх роспачных словах адчуюць праўду”. [3, с. 53]

“Ліст” да “друга працоўных усяго свету” сведчыць не толькі пра глыбокае адчуванне А. Мрыем трагедыйнасці сітуацыі, у якой ён апынуўся, але і пра яго высокую чалавечую годнасць, годнасць аўтара, які змог зразумець, хто ёсць хто, намаляваць праўдзівую карціну беззаконня ў краіне, дзе правяць баль самсоны самасуі.

У ноч з 21 на 22 лютага 1934 г. у Мінску па адрасе: Стаўпецкі завулак, дом 6, кв. 1 стыльрэдактар газеты “Звязда” А. Мрый быў арыштаваны (па справе краснапольскіх настаўнікаў). Падчас арышту прысутнічалі жонка, Зыкава Соф’я Андрэеўна, і дзеці – Юры, пяці гадоў, і Артур, трох гадоў.



ПОСТАНОВЛЕНИЕ

о предъявлении обвинения

и избрании меры пресечения

Шашалевич Андрей Антонович достаточно изобличается в том, что является активным членом существующей в БССР контрреволюционной фашистской организации, ставящей своей целью свержение Советской власти вооружённым путём и установление фашистской диктатуры. Проводил подрывную работу в области народного образования, руководил низовыми звеньями контрреволюционной организации на периферии, давал задание членам организации вести шпионскую работу… Привлечь Шашалевича А. А. в качестве обвиняемого по статьям 64, 68, 72, 76. Содержание под стражей при комендатуре первой категории. [2, с. 99]

26 сакавіка 1934 г. А. Мрый быў асуджаны “тройкай” да зняволення “в исправтрудлагерь сроком на пять лет” і этапаваны ў Карагандзінскі канцлагер. Але пасля падачы пісьменнікам апеляцыі на імя Генпракурора СССР 21 лістапада 1934 г. тэрмін пазбаўлення волі пісьменніку быў зменены: тры гады высылкі ў Волагду, потым у Вельск… У 1937 г. справа была перагледжаная, пісьменніку далі пашпарт. Пасля – год працы бухгалтарам у Валагодскай вобласці ў леспрамгасе. У 1939 г. працаваў бухгалтарам, настаўнікам у Кольскай сярэдняй школе Мурманскай вобласці.

На пачатку чэрвеня 1940 г. А. Мрыя зноў арыштавалі.



ПОСТАНОВЛЕНИЕ

г. Мурманск, 2 июня 1940 г.

Шашалевич Андрей Антонович, 1893 г. р., уроженец БССР, работал в Кольской СШ бухгалтером и преподавателем, проживал поселок Кола, проспект Советский, д. 31, кв. 1.

Шашалевич А. А. – в прошлом офицер царской армии. В 1934 г. судим Тройкой НКВД БССР за распространение контрреволюционной литературы, осужден к высылке на Север. В 1933 г. в Краснопольском районе БССР была вскрыта и ликвидирована контрреволюционная националистическая учительская организация. По показаниям членов этой организации Шашалевич проходит как польский разведчик и член вышеуказанной организации, но сам Шашалевич избежал ареста, скрывшись из Краснопольского района. Шашалевич П. А. подозревается в шпионской деятельности против СССР. [2, с. 100]

13 чэрвеня 1940 г. А. Мрый быў асуджаны да 5 гадоў пазбаўлення волі.

1 сакавіка 1943 г. медыцынскай камісіяй пісьменнік быў прызнаны інвалідам і адпушчаны дамоў, але на Радзіму не вярнуўся…

Паводле звестак яго дачкі А. Рухінай, афіцыйнае паведамленне засведчыла смерць яе бацькі ад паралічу сэрца (у кастрычніку 1943 г.0. Паводле іншых звестак, пісьменніка забілі злачынцы-рэцэдывісты, адпушчаныя Берыем на волю, на адной з чыгуначных станцый, калі пасля вызвалення з лагера ён вяртаўся дадому.

Рэабілітавалі А. Мрыя 6 студзеня 1961 г. Але рэабілітацыя была зроблена толькі на паперы. Пасля смерці “правадыра народаў”, калі ўжо пачалі выходзіць кнігі расстраляных або закатаваных у канцлагерах Максіма Гарэцкага, Уладзіміра Дубоўкі, Міхася Чарота, Алеся Дудара і некаторых іншых рэпрэсаваных, імя А. Мрыя заставалася ў нябыце. І толькі праз трыццаць гадоў пасля рэабілітацыі выйшла яго першая кніга.

Біяграфія А. Мрыя тыповая для даваеннага часу. Гэта біяграфія ахвяры таталітарнай дзяржавы, якая дбала пра пашырэнне камуністычных ідэалаў на ўвесь свет, змагалася за чысціню пралетарскай ідэалогіі, але не лічылася з індывідуальнымі поглядамі і інтарэсамі людзей.





Матэрыял падрыхтаваны Вольгай Івановай.
Спіс літаратуры

1. Грахоўскі С. Два лёсы – дзве трагедыі // Маладосць. 1988. №1.

2. Маракоў Л. Вядомы пад псеўданімам А. Мрый // Роднае слова. 2001. №9.

3. Мішчанчук М. Андрэй Мрый // Роднае слова. 2003. №9.



4. Мрый А. Творы. – Мн., 1993.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка