Князь Канстанцінавіч Астрожскі як абаронца Праваслаўя




Дата канвертавання17.03.2016
Памер69.05 Kb.
Лидия Евгеньевна Кулажанко

Кандидат исторических наук

г. Минск, Беларусь

Князь Канстанцін Канстанцінавіч Астрожскі як абаронца Праваслаўя

За апошнія дзесяцігоддзі ў гістарычную і царкоўную свядомасць беларускага народа паступова вяртаюцца імёны выдатных асоб мінулага, у тым ліку – князёў Алелькавічаў і Астрожскіх, якіх можна назваць сімваламі нацыі, носьбітамі нацыянальнага духу. Дзякуючы свайму сацыяльнаму статусу і вялікаму аўтарытэту прадстаўнікі гэтых родаў адыгралі выключную ролю ў лёсах дзяржавы і Царквы.

Як вядома, права і абавязак апекі над Праваслаўнай Царквой перайшоў Канстанціну Канстанцінавічу Астрожскаму (1526-1608) ад яго бацькі Канстанціна Іванавіча, найвышэйшага гетмана Вялікага Княства Літоўскага, ктытара многіх храмаў і манастыроў, пахаванага пасля спачыну ва Успенскім саборы Кіева-Пячэрскай лаўры [1].

Нагадаем, што нарадзіўся князь Канстанцін (у святым Хрышчэнні Васілій) у Тураве і пасля смерці бацькі выхоўваўся маці – Аляксандрай Сямёнаўнай з роду Алелькавічаў, князёў Слуцкіх, вядомых адданасцю праваслаўнай веры. З узростам, нягледзечы на тое, што у той час многія маладыя прадстаўнікі магнацкіх родаў актыўна пераходзілі ў каталіцтва або пратэстантызм, князь заставаўся свядомым і глыбока перакананым праваслаўным вернікам, што наглядна праявілася ў яго прыватным жыцці і грамадскай дзейнасці.

Як заможны, уплывовы і аўтарытэтны арыстакрат, князь стаў найперш палітычным лідэрам, прадстаўляючы і абараняючы інтарэсы Вялікага княства, і асабліва Валыні, ў сейме Рэчы Паспалітай і перад каралём. Гэты бок дзейнасці князя дастаткова падрабязна апісана ў гістарычнай літаратуры [2].

Для нас больш істотна звярнуць увагу на тое, што пачынаючы з 1570-х гадоў адбываецца паступовае вылучэнне князя на ролю духоўнага лідэра “рускага народа” – праваслаўнага насельніцтва Рэчы Паспалітай. У гэтай якасці ён актыўна выступае ў 1580-1590-я гады, разважаючы над лёсамі Праваслаўнай Царквы ў Рэчы Паспалітай, уступаючы ў перамовы з католікамі, абараняючы юрыдычныя і маёмасныя правы праваслаўных, заяўляючы пратэсты, апелюючы да караля. Руплівая дзейнасць Астрожскага на ніве Праваслаўя была прызнана каралём і каталіцкім бокам. Называючы яго апекуном і абаронцам Царквы, правячая партыя адначасова не спыняла спроб заахвоціць князя да пераходу ў пануючую (каталіцкую) канфесію. Але прынцыповая пазіцыя Астрожскага і яго бескарыслівая апека над Царквой як раз і склалі аснову яго духоўнага лідэрства і непераўзыдзенага аўтарытэту ва ўсёй Рэчы Паспалітай. У тагачасных дзяржаўна-палітычных абставінах яго пазіцыя ў абароне Праваслаўя набывала асаблівую значнасць. Аналізуючы тагачаснае становішча, Астрожскі бачыў унутраныя цяжкасці Царквы, але на першае месца ён вылучаў знешнія фактары, найперш масіраваныя атакі звонку – “ворагаў, якія прагна пажыралі Яе”. Ужо ў Прадмове да Астрожскай Бібліі (1581) ён выразна заклікаў узброіць Царкву Словам Божым, вучэннем айцоў Царквы, каб “стаць супраць ярасці супастатаў” [10, с. 44-48]. Дзейнасць князя дала падставу Канстанцінопальскаму патрыярху Іераміi II называць князя “стражам святой Царквы” [5, с. 7], а ў час супрацьстаяння з уніятамі патрыярх Мялецій Пігас надаў Астрожскаму правы свайго афіцыйнага прадстаўніка з шырокімі паўнамоцтвамі.

Вядома, што афіцыйна вышэйшым ктытарам Праваслаўнай Царквы ў Рэчы Паспалітай лічыўся кароль, ён узгадняў і зацвярджаў кандыдатаў на Кіеўскую мітраполію, а таксама на іншыя епіскапскія кафедры. На практыцы выбар адбываўся таксама з удзелам іншых свецкіх асоб, найбольш аўтарытэтных і ўплывовых. Так, прызначэнне мітрапаліта Міхаіла Рагозы адбылося па рэкамендцыі князёў Канстанціна Астрожскага і Фёдара Скуміна-Тышкевіча[9, с. 26]. Канстанцін Астрожскі як ваявода Кіеўскі меў уплыў на выбранне епіскапаў уладзіміра-брэсцкага, луцка-астрожскага, а таксама на турава-пінскага. У 1592 годзе кароль Сігізмунд III выдаў асаблівы прывілей, паводле якога праваслаўныя іерархі не маглі быць выбраны на кафедры без узгаднення з князем Астрожскім [3, с. 99].

З удзелам князя Астрожскага адбываліся выбары настаяцеляў не толькі тых манастыроў, якія знаходзіліся на яго землях, але і архімандрытаў Кіева-Пячэрскай лаўры. Як вядома, выбары архімандрыта кіева-пячэрскага, згодна з прывілеем 1522 г., былі ўнутранай справай браціі. Але пасля таго, як кароль Сігізмунд III пачаў умешвацца ў справу выбараў, князь Астрожскі стаў прапаноўваць свайго контркандыдата з ліку манахаў кіева-пячэрскіх (так, напрыклад, было ў 1575 г. пры выбарах архімандрыта Сільвестра) [6, с. 15-18].

Князь Астрожскі рэзка пратэставаў супраць маёмасных злоўжыванняў свецкіх асоб адносна царкоўнай і манастырскай маёмасці [7, с. 157; 8, с. 41]. Дзякуючы яго старанням кароль Сігізмунд III прыняў пастанову, паводле якой маёмасцю кафедр, манастыроў і храмаў павінны распараджацца капітулы і прыходскія камітэты.

Наступным важнейшым клопатам князя было павышэнне асветніцкага ўзроўню Праваслаўнай Царквы пасомых і пастыраў. Для гэтага ён выступіў збіральнікам інтэлектуальнай і духоўнай эліты ў сваім родавым памесці. У 1580-я гады на свае сродкі ў Астрогу ён адкрывае школу, названую пазней Астрожскай акадэміяй, знаходзіць для яе кадры выкладчыкаў, у тым ліку вучоных грэкаў. А ў 1570-ягг. там жа ў Астрогу ён засноўвае друкарню, у якой выйшла каля 30 найменняў найбольш патрэбных у той час кніг [11].

Князь К.К. Астрожскі быў найбольш аўтарытэтным сярод абаронцаў Праваслаўнай Царквы ва ўмовах падрыхтоўкі і заключэння царкоўнай уніі з Рымам. Яго па праву лічылі самым рэўнасным абаронцам Праваслаўя ва ўсёй Рэчы Паспалітай. Мы ведаем, што погляды князя Астрожскага на унію прайшлі сваю эвалюцыю. Яго пачатковая падтрымка ідэі царкоўнага адзінства – гэта, найперш, вера ў спаўненне евангельскіх абетаванняў: "Адзін Гасподзь, адна вера, адно хрышчэнне, адзін Бог і Айцец усіх" (Эф. 4, 5), а па-другое, нягледзечы на вопыт палітыка і дыпламата, Астрожскі некаторы час ідэалістычна ацэньваў годнасць іерархаў, удзельнікаў тайнай падрыхтоўкі уніі.

На талерантную пазіцыю князя значна паўплывала падзея 1583 года, калі яго сын, Канстанцін-малодшы, разам з жонкай перайшоў у каталіцтва. Пасля гэтага разгневаны князь спыніў усялякія перамовы з прадстаўнікамі Рыма і перакрэсліў іх надзеі схіліць яго на свой бок [3].

У 1580—пачатку 1590-х гадоў паступова фармуюцца погляды князя адносна уніі. У лісце да ўладыкі Уладзімірскага Іпація Пацея (1593), выказваючы свае думкі наконт паляпшэння стану Праваслаўнай Царквы, ён вяртаецца да пытанняў царкоўнага адзінства і выразна выказвае сваю пазіцыю: захаванне царкоўнага абраду (ёсць падставы меркаваць, што князь меў на ўвазе і веравызнаўчы аспект), матэрыяльнага стану праваслаўных, не прыняцце ўніятаў да рыма-каталіцкага касцёлу, роўныя правы епіскапаў). Адначасова Астрожскі піша пра неабходнасць узгаднення праблемы царкоўнага адзінства з усходнімі Патрыярхамі, а таксама абмеркавання гэтых пытанняў на бліжэйшым саборы. У лісце князя праводзіцца думка, што унія толькі тады мела б сэнс, калі б яна прывяла да пераадолення негатыўных з’яў, паляпшэння стану Праваслаўнай Царквы пры ўмове захавання яе веравызнання і традыцый. Іпацій Пацей прызнаў пазіцыю князя Астрожскага нерэальнай і не палічыў патрэбным перадаць змест ліста Кіеўскаму мітрапаліту Рагозу [4, с. 109].

Князь Астрожскі вёў перамовы з усімі епіскапамі, спрабаваў выкарыстаць ваганні Кіеўскага мітрапаліта Рагозы і нават падараваў яму каля 25-ці вёсак у замен на адмову ад уніі [3, с. 137].

Летам 1595 года князь Астрожскі, канчаткова пераканаўшыся ў здрадніцтве епіскапаў, адкрыта выступіў супраць іх у сваім акружным пасланні. Тут ён ужо заклікае праваслаўных “добра ўзброіцца” і падрыхтавацца да працяглай барацьбы, каб з дапамогай Божай “сокрушить сатану под ноги наша” [12, с. 99-104]. Прынцыповая пазіцыя Астрожскага, выказаная ў пасланні, паставіла пад сумненне спробы разглядаць унію з Рымам як адзіна магчымы варыянт развіцця падзей. Князь Астрожскі быў першым, хто заклікаў праваслаўных да самаабароны і прапанаваў прынцыпы захавання Царквы ў тагачасных умовах: адстойванне сваіх правоў на рэлігійную свабоду ў Рэчы Паспалітай, саборнае вырашэнне важных царкоўных пытанняў і ўзгадненне іх з прадстаўнікамі Усходніх Цэркваў.

Астрожскаму ўдалося пераканаць выступіць супраць уніі Львоўскага ўладыку Гедэона Балабана; погляды князя паўплывалі на пазіцыю епіскапа Пшэмысльскага Міхаіла Капысценскага. Рашучы пратэст князя Астрожскага разам з праваслаўным насельніцтвам супраць зговару епіскапаў стаў прычынай знамянальнай падзеі: два епіскапы, Гедэон Балабан і Міхаіл Капысценскі, адмовіліся ад удзелу ў падпісанні уніі і засталіся са сваёй паствай. Гэтым была падкрэслена незаконнасць пазіцыі епіскапаў-уніятаў і магчымасць заставацца да канца адданымі бацькоўскай веры. Дзякуючы арганізацыйнаму таленту князя Астрожскага тадыж ў 1596 годзе ў Брэсце адбыўся праваслаўны Сабор, які прайшоў у строга кананічных формах. Яго рашэнні па непрыняцці і асуджэнні уніі мелі законную сілу, хоць тагачасныя абставіны аказаліся вышэй за закон.

Тым не менш, адназначную выснову пра паражэнне князя Астрожскага, на наш погляд, рабіць не правамерна. Дзейнасць яго мела выключнае значэнне для наступных пакаленняў праваслаўных, яго цвёрдая пазіцыя ў значнай ступені спрычынілася да факту аднаўлення праваслаўнай іерархіі (1620) і легальнага існавання Праваслаўнай Царквы ў Рэчы Паспалітай. Яго адданасць веры бацькоў, веравызнаўчая прынцыповасць - надзвычай важная з’ява дзеля фармавання царкоўнай свядомасці ў наш час.


  1. Ярушевич А. В. Ревнитель Православия, князь Константин Иванович Острожский (1461—1530) и православная литовская Русь в его время. — Смоленск : Типолитография инж.-мех. С. Гуревич, 1896. — 268 с.

  1. Митрополит Макарий (Булгаков). «Истории Русской Церкви». Тт. IX-XI.

Костомаров Н.Князь Константин Константинович Острожский. Русская история в жизнеописаниях ее главнейших деятелей. Том первый. С.- Петербург: изд.: «Вестник Знания», б.г., 319–336.

Грушевский М. История Украини-Руси. Т. 5-7. Киив-Львив, 1905-1909;

яго ж: Борьба за власть в РП после упадка династии Ягеллонов (1527-1573). Варшава, 1969.

Жуковіч П. Сеймовая борьба православнага западно-русскага дворянства с церковной унией до 1609 года. СПб., 1901. С. 131, прим. 287.



Флоря В., Восточная политика литовских магнатов в период первого бескоролевья //Возрождение и реформация в Польше. 20/1975.

  1. Kempa T. Konstanty Wasyl Ostrogski (ok. 1524/1525-1608), wojewoda kijowski i marszałek ziemi wołyńskiej. Toruń, 1997. – 288 s.

  2. Жукович П. Сеймовая борьба православного западно-русского дворянства с церковной унией. СПб., 1901.

  3. Зноско К. Князь Константин Острожский и его деятельность на пользу Православия. Варшава, 1933.

  4. Быков Н.П. Князья Острожские и Волынь. Петроград, 1917. – 60 с.

  5. Акты Западной России. Т. 3, № 52.

  6. Акты Западной России. Т. 4, № 30.

  7. Акты Западной России. Т. 4, № 19.

  8. Лабынцев Ю., Щавинская Л. «Напечатана …Иваном Федоровым… Москвитином», М., 2007.

  9. Исаевич Я.Д Острожская Библия как памятник межславянских культурных связей // Федоровские чтения, 1981, М., 1985.

  10. Акты Западной России. Т. 4, № 71.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка